А. Дубінін у віцебскім музеі (ч.2)

Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні

(Віцебск, вул. Марка Шагала, 5а)

Піша мастак Андрэй Дубінін. Пачатак агляду – тут

Назаву ўсе няпэўныя з майго пункту гледжання рашэнні.

Мы ведаем, што Казімір Малевіч менаваў “Чорны квадрат” “живым царственным младенцем”, што ў самім назове групы падкрэслена навізна падзеі – “Утвердители нового искусства”. Ці не было б дасціпней пакласці альманах з выявамі “жывога царственнага немаўляці” ў супрэматычную калыску накшталт той, што спраектаваў у Баўхаўзе Петэр Келер (Peter Keler)? Ды яшчэ захінуўшы пялюшкамі; хай бы глядач апрадмеціў метафару і пагартаў-патрымаў на руках тое міфічнае немаўля… Сённяшняя вітрына больш падыходзіць да захавання ўрны з прахам.

Памылка плафона ў тым, што цяпер гэта плафон існуючай архітэктурнай прасторы, утылітарнае прыкладное аздабленне пакоя з элементамі мадэрну. Супрэматызм жа існуе ў сваёй, аўтаномнай прасторы, і як мінімум патрэбна было зрабіць плашчызну падвеснага сафіта, які нахілены па двух восях, каб ён абсалютна не супадаў, не суадносіўся з існуючай геаметрыяй. Гэта была б аўтаномная самадастатковая прастора для чырвонага квадрата, што існуе незалежна ад бачнай геаметрыі. Гэта былі б зрокавыя ўвасабленні ідэй новай эстэтыкі.

Можна было б падумаць пра падлогу ў выглядзе сектара сферы – такі сферычны сегмент, атрыманы шляхам перасячэння падлогі пакоя з уяўнай планітай-сферай. Тады наведвальніку проста фізічна прыйдзецца пабыць “інша-планіцянінам”, караскаючыся па крывізне кулі супрэматычнай планіты.

Вернемся да калыскі з “чорным квадратам” – або “ЧК”, як празвалі яго дасціпныя мастацтвазнаўцы. Гэтае скарачэнне нагадвае жудасную “Чрезвычайную Комиссию”, што вяла “чырвоны тэрор у адказ на белы тэрор”. Такое стылістычнае супадзенне практыкі органаў “ЧК” з рыторыкай супрэматыстаў не выпадковае – гэта абсалютна гамагенныя з’явы. І я прапанаваў бы зрабіць такі “літаратурна-мастацкі” мантаж – у люльку з выявай карціны “Чорны квадрат” К. Малевіча пакласці чорную скуранку супрацоўніка “ЧК”, замкнуўшы вольны палёт супрэматызму, праявіўшы яго канчатковыя памкненні. Якраз з чорных квадратаў, па лекалах, распрацаваных авангардыстамі, і былі пашыты “Чёрные кожанки” (нават тое, што яны былі ад пачатку пашытыя для авіятараў Першай сусветнай, толькі яднае ўсё вышэйсказанае).

У гэтым плане і супрэматысты, і лефаўцы, і канструктывісты выявіліся сапраўднымі носьбітамі бальшавіцкага стылю. Сацыялізм у СССР і быў рэалізацыяй мары авангарда: жыццёўладкаванне, арганізаванае па законах новай эстэтыкі, гэта значыць татальная арганізацыя матэрыялу, і далёка не ў апошнюю чаргу – “чалавечага матэрыялу”, людзей (якія ўпорліва не хацелі “татальна арганізоўвацца”), татальнае панаванне стылю. Звернем увагу на гідкі неалагізм эпохі – “чалавечы матэрыял”, яскравае расчалавечванне чалавека, дэгуманізацыя паняцця.

У мастацтве няма неарганізаванага матэрыялу, заяўляў Віктар Шклоўскі. Але гэткі падыход акурат уласцівы любому таталітарызму. На прыкладзе канструктывіста, заснавальніка эстэтыкі “ЛЕФа” Аляксандра Родчанкі мы можам назіраць перамешванне эстэтыкі і жыццёвай практыкі творцы. “Беспрадметнасць у жывапісе вас дзівіць цяпер таму, што жывапіс апярэдзіў жыццё, ён не адарваны ад жыцця, як думаюць. Ён толькі прадбачыць будучыню. Усе вы будзеце так існаваць, як існуюць цяпер гэтыя беспрадметныя формы, тон, вага і кампазіцыя”. У мастака Родчанкі гэта называлася “Вопыты для будучыні”. Гэтай бліжэйшай будучыняй стала эпоха сталінізму, у якой чалавек сапраўды ператварыўся ў беспрадметную форму, дзе грамадства набыло адзіную вагу і тон, адзіны змест, і дзе “галоўны мастак” [Сталін] выкарыстаў у сваёй творчасці не пэндзлі і фарбы, не кінакамеру і фотастужку, але чалавека і грамадства для сваіх канструкцый будучыні. Як у Маякоўскага: “Улицы – наши кисти, площади – наши палитры”… Адпаведна людзі – усяго толькі рысачкі, штрыхі, супрэматычныя першаэлементы.

Вось што піша Родчанка ў прафесійным часопісе “Савецкае фота” пра “перабудову мастака” – на прыкладзе “перавыхавання” забойцаў і “ворагаў народа” на будоўлі Беламорканала: “Мяне ўзрушыла тая чуласць і мудрасць, з якой ажыццяўлялася перавыхаванне людзей. Там умелі знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага. У нас [фатографаў] гэтых чулых адносін да творчага работніка яшчэ не было тады…

На фота Родчанкі “чалавечы матэрыял”, арганізаваны па законах супрэматызму.

***

Зараз нас чакае наступны зал – арганізаваны ў выглядзе пляца пры дапамозе плаката “Клином красным бей белых” Эля Лісіцкага. Ён выкананы ў тэхніцы мазаікі на падлозе. На сцяне – роставы фотаздымак 1922 года ўдзельнікаў групы УНАВІС.

На фота – УНАВІС у чэрвені 1922 г., Віцебск (справа прысуседзіўся аўтар артыкула).

Падымаемся на другі паверх, трапляем у першы пакой. Тут жыў і працаваў у час знаходжання ў Віцебску Марк Шагал. Трэба адзначыць – паўсюль вас апякаюць ветлівыя наглядчыцы, добра інфармаваныя аб усіх дэталях экспазіцыі і абставінах тагачаснага жыцця. Яны вам распавядуць, што аздабленне пакоя адноўлена паводле рэшткаў захаваных шпалераў і паркета. Таксама гледача ўразіць “чароўнае” люстэрка-экран, на якім паступова праяўляюцца радкі верша, напісанага Шагалам, яго карціны і партрэт.

Гэта вельмі кранальна, пакуль не пачынаеш прыгадваць, як ён пісаў пра сябе: “Бачыш дрэва і думаеш: а наша дрэва іншае, неба іншае, усё не тое, і з гадамі ўсё больш і больш адчуваеш, што сам ты “дрэва”, якому патрэбная свая зямля, свой дождж, сваё паветра…” (1936 г.). “Глеба, якая наталяла карані майго мастацтва, – гэта горад Віцебск, але маладому жывапісцу патрэбен быў Парыж, як дрэву патрэбна вада, каб яно не засохла” (1950 г.). “Як дрэва з Радзімы, вырванае з карэннем, я быццам вісеў у паветры. Але ўсё ж такі жыў і рос” (1973 г.). Як адзначыў Валянцін Акудовіч у выдатным эсэ “Марк Шагал”: “у Шагале гэтае “дрэва” зусім не нейкае там дрэва-абстракцыя, а жывое дрэва з рэальнага ландшафту, як у сантыментах кожнага беларуса на чужыне”.

Дрэва-Шагал, два дрэвы – Бэла і Марк, сплеценыя галінкамі і пераплеценыя каранямі, лунаючыя ў паветры, пад столяй, нахіленыя (у бок акна) – як на той знакамітай карціне “Закаханыя над Віцебскам”. Гэта з Шагала і пра Шагала…

“Прысвячэнне Шагалу”, эскіз, 2019 г. А. Дубінін

Наступны пакой займаў разам з сям’ёй калега-антаганіст Шагала, Казімір Малевіч.

“Супрэматычная” столя пакоя, і ўжо звыкла “па-дарагому” – тач-скрын на рабочым стале (стол не Малевічаў; наогул, аўтэнтычных рэчаў няма). Зразумелае памкненне – адсутнасць хоць якіх твораў ці рэчаў, што належалі творцам УНАВІСа, вымагае шукаць нейкай замены праз паказ дарагіх тэхналагічных фокусаў.

На мой погляд, вельмі проста надаць чалавечай цеплыні “квадратнаму” вобразу стваральніка супрэматызму. Вось гэты флакон адэкалону “Паўночны” распрацаваў Казімір Малевіч у 1908 г., і, мяркую, зусім не цяжка знайсці такі флакон ды паставіць яго на стале побач з “чароўнай” тач-скрынкай (адэкалон выпускаўся з 1911 г. да пачатку 1990-х гадоў):

Злева флакон, выпушчаны ў 1930 г. Справа флакон 1990 г.

Упакоўка адэкалону “Паўночны” (“Северный”) была выканана з белага матавага шкла. Флакон выглядаў як глыба айсберга, корак-верхавіну якога вянчала фігурка белага мядзведзя – ручка. Вышыня флакона – 19,5 сантыметраў. Адэкалон “Паўночны” быў вельмі папулярны, і выгляд флакона ў 1910–1990-х гг. практычна не мяняўся: у дарэвалюцыйны перыяд грані айсберга на флаконе былі ўвагнутыя, а затым іх зрабілі выпуклымі. Мы толькі можам пасміхацца, прыгадваючы, з якім выразам твару Казімір Севярынавіч Малевіч праектаваў флакон адэкалону “Северный”, вухам мастака адчуваючы сугучнасць свайму прозвішчу па бацьку.

Наступны пакой – з дзвюх няроўных частак. Першая – невялічкі клас для лекцый і заняткаў, які дзейнічае.

Другая частка – пакой-майстэрня Эля Лісіцкага, з яго фотаздымкам у рост і рэпрадукцыямі работ на сценах.

У наступным пакоі мясцілася скульптурная майстэрня Давіда Якерсона. Цяпер на сцяне – калектыўны здымак навучэнцаў майстэрні з Д. Якерсонам:

Студзень 1920 г. Стаіць Д. Якерсон, у першым радзе злева направа: Ф. Рабкіна, І. Байцін, Л. Юдзін, у другім радзе А. Кабішчар, Х. Зэльдзін, Хабас.

Рэканструкцыі твораў скульптурнай майстэрні, і самае жывое месца майстэрні – шэрая магнітная дошка з магнітнымі канструктыўнымі элементамі, забаўка для дзяцей – тут яны могуць таксама далучыцца да канструявання сваіх ідэй. Наглядчыца ветліва прадэманстравала нам на сваім смартфоне прыклады фігур, створаных дзецьмі. Фігуры былі вельмі ўдалыя, і я дагэтуль шкадую, што не папрасіў падзяліцца.

Апошні зал – хутчэй майстэрня-офіс, дзе працуюць з дарослымі (на стале і ў вітрынах можна ўбачыць іх творы):

Па сходах з каванай агароджай яшчэ “банкірскіх” часоў мы вяртаемся да пачатку экспазіцыі.

Ёсць магчымасць наведаць зменную экспазіцыю сучасных мастакоў у выставачным зале:

***

Вярнуўшыся да ўваходу з сувенірнымі вітрынамі, хацеў бы пераасэнсаваць і падсумаваць свае ўражанні.

Тое, што пакуль пануе ў нас у дачыненні да авангарда ўвогуле, я б акрэсліў як інфантыльна-камерцыйны рамантызм. Тэмай усяго сусветнага авангарда было мастацтва як мадэль сацыяльнай арганізацыі, эстэтычнае абгрунтаванне таталітарызму, які, аднак, яшчэ не быў усвядомлены як таталітарызм. Савецкія дваццатыя гады – культурна-міфалагічная эмблема. Гэта быў абсалютна ўтапічны праект па стварэнні такой мадэлі быцця, якая была б цалкам рацыяналізаванай, тэхнічна выверанай, прадказальнай. Прасцей кажучы, спроба стварыць з чалавека і грамадства машыну. Гэтым і займаліся з аднаго боку – мастакі-авангардысты, з другога – раннія бальшавікі. Барыс Парамонаў: “І мы ні ў якім разе не павінны забываць, што… касмічныя, анталагічныя ўтопіі сапраўды валодалі свядомасцю тагачасных людзей, у тым ліку найталенавіцейшых з іх, накшталт Шклоўскага з Маякоўскім, што рэвалюцыя сапраўды праецыравала падобны настрой думак”. На мой погляд, гэтая тэма павінна артыкулявацца музеем на сённяшнім узроўні разумення, сур’ёзна і па-даросламу. За авангардныя ілюзіі і досвед заплачана крывавая цана таталітарызмаў ХХ стагоддзя. Аднак сённяшняя беларуская кампліментарна-сямейная крытыка і мастацтвазнаўства не напрацавалі адпаведнага паняццёвага ды ідэалагічнага інструментарыя.

Калі ўжо і прадаваць “супрэматычныя” сувеніры, дык падкрэсліваючы небяспечнасць або ідэалагічную амбівалентнасць некаторых праяў авангарда ХХ стагоддзя… Напрыклад, чорны квадрат і іншыя супрэматычныя творы можна клеіць на пачкі з запалкамі. Запалкі дзецям – не забаўка: “Не жартуйце з агнём і супрэматызмам”.

Андрэй Дубінін, 08.09.2019

Мінск–Віцебск

Апублiкавана 10.09.2019  00:22

Leave a Reply