А. Дубінін. Падарожжа ў музей

Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні

(Віцебск, вул. Марка Шагала, 5а)

Круты адхон вуліцы, што пачынаецца ад вуліцы Леніна, імкліва вядзе ўніз, леваруч пралятае прыгожы, зграбны будынак – былы дом банкіра Вішняка, і амаль адразу вуліца ўпіраецца ў папярэчную вуліцу Калініна, за ёй – як перасячэш невялічкі парк, трапляеш на стромкі бераг Дзвіны.

Звернемся да будынка музея гісторыі вучэльні. Сёлета яму было 106 год. Пабудаваны быў у модным на пачатак ХХ стагоддзя стылі мадэрн банкірам Ізраілем Вішняком, у ім было паравае ацяпленне, ванны пакой, ватэрклазет і лазня.

Кароткая перадгісторыя стварэння мастацкай вучэльні, якая таксама тлумачыць назоў вуліцы: “Хаця Шагал не быў чалавекам, так бы мовіць, “практычным”, але, калі справа заходзіла аб вучэльні, ён выяўляў немалы арганізацыйны талент: у параўнальна кароткі тэрмін дабіўся ад уладаў Віцебска перадачы добрага будынку… Менавіта Шагалу належыць заслуга прыцягнення ў вучэльню для выкладання… выдатных мастакоў, скульптараў, гісторыкаў мастацтва” (Майсей Лерман, архітэктар, былы навучэнец Віцебскай мастацкай школы).

14 верасня 1918 г. М. Шагал быў прызначаны ўпаўнаважаным па справах мастацтва Віцебскай губерні: “Тав. Шагал(у) прадастаўляецца права арганізацыі мастацкіх школ, музеяў, выстаў, лекцый і дакладаў па мастацтву і ўсіх іншых мастацкіх спраў у межах г. Віцебска і ўсёй Віцебскай губерні”.

І, нарэшце, словы самога Шагала (з ліста да П. Эцінгера ад 2 красавіка 1920 г.): “Ідэя стварэння Маст. Вучэл. прыйшла мне ў голаў пасля прыезду з-за мяжы, у час працы над “Віцебскай серыяй” эцюдаў. У Віцебску… мастацкія таленты дзесьці драмалі. Адарваўшыся ад палітры, я памчаўся ў Піцер, Маскву, і Вучэльня ўзведзена напрыканцы 1918 г. У яе сценах каля 500 юнакоў і дзяўчат розных класаў, розных талентаў і ўжо… розных “кірункаў””.

Зойдзем у музей: на панараме былога Віцебску кружочкам пазначаны будынак банкіра Вішняка, перададзены народнай мастацкай вучэльні:

У вестыбюлі, пад скляпеннямі другога паверха, сённяшнія нашчадкі адраджаюць дух ужо не столькі супрэматыстаў, колькі банкіра Вішняка – “манетызуюць” мастацкую творчасць футурыстаў, забыўшыся на тое, што “грошы – зброя Антанты”.

У першым зале музея – экспазіцыя тагачаснай фактуры, стылізаваная пад афішную тумбу, побач – калектыўны здымак мастакоў школы Юдаля Пэна з самім майстрам:

У тым жа зале насупраць – найноўшыя тач-скрыны, дзе дотыкам можна вывесці падрабязную візуалізацыю таго, што зацікавіла:

Такі непасрэдны дотык да музея (які ў прынцыпе з’яўляецца зонай “don’t touch”) у першым жа зале, зразумела, ухвальнае рашэнне. Ты дакранаешся да гісторыі, да вытокаў мастацкай вучэльні і супрэматызму… Адзінае, што муляе, – гэтае дакрананне не “сфармулявана”, не аформлена ідэалагічна. Зараз пройдзем далей, дзе і паспрабуем раскрыць гэты тэзіс.

Наступны зал – з дзвюх частак. Гэта паўзагончык, які адкрываецца ў храм-скарбніцу супрэматызму.

Як бачым, плафон распісаны па матывах карціны Казіміра Малевіча “Чырвоны квадрат”, а пад ім, у форме алтара, футарал, аздоблены адпаведна другой, самай знакамітай карціны Малевіча “Чорны квадрат”. У ім захоўваецца факсімільны экзэмпляр альманаха “УНОВИС”. У чэрвені 1920 года заснаваная Малевічам група Унавіс выпусціла пяць машынапісных асобнікаў аднайменнага альманаха, якія ўтрымлівалі артыкулы, маніфест, дэкларацыі і малюнкі УНАВІСаўцаў. Як тут не хапае тактыльнасцi – прагартаць, хай сабе факсімільны, экзэмпляр альманаха (каб зразумець, напрыклад, да чаго тут чырвоны квадрат на плафоне і чорны – у “алтары”):

А пры чым тут Шагал, запытаеце вы. Сапраўды, пераход у другі зал у гэтым выпадку – транзіт у іншы стан вучэльні. Тут адбыўся нейкі пералом, чалавечы канфлікт, які быў вынікам канфлікту ідэалагічнага. Заўважым, альманах выдадзены ў чэрвені 1920 г., а ў пачатку таго ж месяца М. Шагал пакідае мастацкую школу ў Віцебску і ад’язджае ў Маскву. Мастацтвазнаўца Абрам Эфрос піша: ”Малевіч… абвінавачваў Шагала ў памяркоўнасці, у тым, што ён яшчэ ўсё важдаецца з выявай нейкіх рэчаў і фігур, тады як праўдзівае рэвалюцыйнае мастацтва беспрадметна”. Мастак Іван Гаўрыс сведчыць: “М. Шагал пад націскам самага левага мастацтва не здолеў пераканаўча абгрунтаваць ідэалогію свайго індывідуальна-наватарскага кірунку. Яго аўдыторыя была разагітавана. У вучнях адчувалася незадаволенасць сваёй работай. Убачыўшы гэтакі паварот спраў, М. Шагал, як чалавек самалюбны, пакінуў сваю майстэрню і з’ехаў у Маскву”.

Гэты пералом мы прасачылі на індывідуальным лёсе адной з навучэнак народнай мастацкай вучэльні, Яўгеніі Магарыл.

Што тычыцца зала, дык тут якраз бракуе “візуалізацыі” гэтага ідэалагічнага канфлікту. Як дарэчы была б такая інсталяцыя пры ўваходзе ў гэты супрэматычны храм – зламаныя палітра і пэндзлі на падлозе, праз якія наведвальнік мусіць пераступіць – такі кошт “утверждения нового искусства”.

Андрэй Дубінін, г. Мінск

03.09.2019

(працяг будзе)

Апублiкавана 04.09.2019  22:07 

Leave a Reply