Tag Archives: Нафтали Берлин

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (32)

Набліжаецца да фіналу высакосны 2016-ы, і вось падкраўся ўжо чарговы народна-палітычны юбілей – чвэрць стагоддзя без СССР, затое з СНД. З гэтай нагоды 08.12.2016 мае быць арганізавана канферэнцыя, дзе мадэратарам – 30-гадовы ўраджэнец Віцебска Яўген Прэйгерман… Асабіста не знаёмы, але радуе, што трапляюцца яшчэ ў Беларусі яўрэі, якія не замыкаюцца на побыце ды чыста абшчынных справах, якіх цікавіць шырэйшы кантэкст.

Я ж дазволю сабе нагадаць чытачам, што 2017-ы – таксама юбілейны… Не ў тым сэнсе, што трэба з помпай адзначаць 100-годдзе Лютаўскай рэвалюцыі або Кастрычніцкага перавароту. Апошняя дата цікавіць мяне хіба таму, што ў савецкі час піянеры-камсамольцы мелі звычку закладваць у розных паселішчах капсулы з пасланнямі нашчадкам, і прасілі ўскрыць 7 лістапада 2017 г. (Слуп з адпаведным надпісам сам бачыў, напрыклад, у Вяліжы Смаленскай вобласці ў 1999-м, на цэнтральнай плошчы гарадка.) Дык вось кур’ёзна, што яны там панапісвалі для пакалення, якое «будзе жыць пры камунізме». Некаторыя ў 1960-х шчыра верылі Хрушчову…

Папраўдзе ж, куды больш цікавяць юбілеi выбітных яўрэяў, асабліва тутэйшых. Так, у 2017 г. споўніцца 250 год з дня народзінаў Менашэ Іліера (1767, Смаргонь – 1831, Ілья), 200 год было б Нафталі Берліну (1817, Мір – 1893, Варшава). Не збіраюся прысуседжвацца да заслуг настаўнікаў мінулага, іначай выйдзе, як у Ільфа і Пятрова ў «12 крэслах»:

Рэпарцёр Пярсіцкі дзейна рыхтаваўся да двухсотгадовага юбілею вялікага матэматыка Ісака Ньютана.

— Ньютана я бяру на сябе. Дайце толькі месца, — заявіў ён.

— Так вы, Пярсіцкі, глядзіце, — перасцерагаў сакратар, — абслужыце Ньютана па-чалавечы

— Як? Вы дагэтуль яшчэ не знялі Ньютана?! — накінуўся Пярсіцкі на фатографа. Фатограф дзеля мадзеля пачаў адбрэхвацца.

— Паспрабуйце вы яго злавіць, — ганарліва сказаў ён.

— Добры фатограф злавіў бы! — закрычаў Пярсіцкі.

Дык што ж, трэба здымаць ці не трэба?

— Вядома, трэба! Паспяшайце! Там, напэўна, сядзяць ужо з усіх рэдакцый!.. Ён зараз у «Дзяржшвеймашыне». Не забудзьцеся – Ньютан, Ісак, імя па бацьку не помню. Здыміце к юбілею. І калі ласка — не за работай. Усе ў вас сядзяць за сталом і чытаюць паперкі. На хаду здымайце. Або ў кругу сям’і.

Дарэчы, шкада, што гумарны дыялог з фатографам выпаў з канчатковай версіі рамана, ён такі актуальны! У памяці многіх-многіх беларускіх школьнікаў – а, бадай, і дарослых – жыве «та дэвушка Сцюшка» (калі хто не прасёк фішку, меўся на ўвазе Тадэвуш Касцюшка – ураджэнец Беларусі, герой паўстання 1794 г.). Ды што XVIII стагоддзе… Пяць год таму выпадкова зазірнуў у канспект аднаго студэнта БДУ. З лекцый па гісторыі ён даведаўся пра «Рузвельда», пра тое, што японцы ўварваліся ў «Монжурио», а Гітлер стаў «призедентом (фюрером)». А яшчэ хлопец запісаў: «В 1926 г. сторонники Гитлера напились в пивной и пошли штурмовать баварское правительство».

Стаміўся ўжо валтузіцца з прымаўкай «Рыба гніе з галавы», аднак нічога лепшага пра беладукацыю на розум не прыходзіць. Ясны перац, «адказныя» не выправілі памылкі на сайце міністэрства, пра якія мы пісалі 10 з лішнім дзён таму… На Украіне быў «проффесор», а ў нас, значыць, «Приглашенныйпрофессор»: што пнём аб саву, што савой аб пень. Украінскі хаця б не абвешваў сябе медалямі кшталту «70 лет победы в Великой Отечественной Войне 1941-1945 гг.»: мабыць, разумеў, што народжаным пасля вайны недарэчна трэсці такімі ўзнагародамі. Калі міністр Жураўкоў атрымаў яе замест бацькі або дзеда, то чаму на сайце гэта не пазначана?..

Але вярнуся да Іліера з Берліным: гэтыя рабіны, хоць не навучаліся ў беларускіх універах, здаровага глузду мелі даволі… Дзіва што Іліер стаўся ахвярай цэнзуры ў 1820-х гг.: «Калі ўладальнік друкарні, дзе друкавалася гэтая кніга («Алфэй Менашэ»), пазнаёміўся па першым аркушы з яе кірункам, ён кінуў у агонь надрукаванае разам з рукапісам, і Менашэ давялося аднаўляць знішчаны рукапіс»). Іліер, ідэаліст – ва ўзвышаным разуменні слова – разглядаў усё чалавецтва як «непадзельны арганізм»; кожны індывід мусіў усведамляць, што «яго нармальнае развіццё і дабрабыт цалкам залежаць ад дабрабыту ўсяго грамадства». Выходзіць, Ленін з яго зацяганай цытатай («няможна жыць у грамадстве і быць вольным ад грамадства») быў толькі эпігонам…

Нафталі ж Цві Егуда наш Берлін, мала таго, што ўзначальваў Валожынскую ешыву ў лепшыя яе часіны (з 1854 г. і да пачатку 1890-х; колькасць вучняў узрасла ў некалькі разоў), яшчэ і заклаў асновы капілефта. Так, ён пісаў у каментарыі да «Шээлот» Ахі з Шабхі: «Хто б ні пажадаў перадрукаваць гэтую кнігу («Га-амэк шэалах» – В. Р.) у гэтай або іншай краіне, атрымлівае мой дазвол без грашовага ўзнагароджання і прывітанне маё, таму што распаўсюд наказаў добраславенай памяці настаўніка нашага з’яўляецца шчырым маім жаданнем. Я толькі прашу выдаўца, які выпусціць гэтую кнігу пры маім жыцці або жыцці майго сына Хаіма, паведаміць камусьці з нас пра гэта, каб мы маглі зрабіць дапаўненні, праўкі…»

Яшчэ ў 2017 г. будуць юбілеі такіх знакавых для культуры дзеячаў, як скульптар Абрам Бразер (1892-1942), паэт Самуіл Галкін (1897-1960)… Спадзяюся, што шматлікім яўрэйскім суполкам захочацца-такі неяк на высокім ідэйна-мастацкім узроўні адзначыць гэтыя даты. Не ўсё ж выстаўляць на публіку розных гангстэраў у якасці «ўзорных» прадстаўнікоў нашага народа, як тое было сёлета на «Дні яўрэйскай культуры».

lansky

На правым стэндзе – партрэцік ураджэнца Гродна Меіра Ланскага (1-ы справа ў 3-м радзе).

Пра культ крымінальнікаў у масавай культуры і яго небяспеку для грамадства многа пісаў яшчэ Аляксандр Салжаніцын, лепей я ўсё адно не напішу. Агульнавядома, чаму (не) вучыць гісторыя…

А тым часам спалены труп Фідэля Кастра нарэшце перасталі цягаць па яго роднаму краю – сёння пахавалі. Многія кіраўнікі дзяржаў знайшлі, што сказаць на развітанне, сёй-той нават запісаў Фідэля ў «мысляры, замены якому няма». О так, каб дзесяцігоддзямі трымаць у аброці народ (няхай і на востраве, які цяжэй пакінуць), мазгамі варушыць неабходна… З іншага боку, рэвалюцыянер і чыноўнік – бясспрэчна адораны – не здолеў як след рэалізаваць сябе ні ў навуцы, ні ў філасофіі. Звыш мільёна суайчыннікаў уцяклі ад яго, тысячы людзей былі пакараны смерцю па палітычных матывах, сотні тысяч сядзелі ў турмах і лагерах (пры «жахлівым» дыктатары 1950-х гг. Батысце – каля 500 чалавек).

Крыху зачапіла мяне ацэнка, якую даў Фідэлю Якаў Кедмі: «выдатная фігура, ператварыў Кубу ў даволі развітую краіну» (агаварыўся, праўда, наконт «метадаў, уласцівых дыктатарскаму рэжыму»). Але не здзівіла. Даўно быў у курсе, што Кедмі – спараджэнне той плыні ізраільскага істэблішменту, дзе лічылі, што мэта апраўдвае сродкі, і ў 1970-80-х плённа супрацоўнічалі з Румыніяй Чаўшэску, адыёзным рэжымам Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі… Адбілася на ладзе думак «дзядзі Яшы», напэўна, і служба ў «Натыве», а калі капнуць глыбей, то і захапленне «моцнымі асобамі», такое характэрнае для вялікай часткі дыяспарных – і не толькі – яўрэяў. Я. Кедмі (Казакоў) пакінуў СССР у 1969 г., аднак, падобна, тут акурат той выпадак, калі лягчэй было выдаліць сябе з галута, чым галут з сябе.

Значна менш кампліментарна, чым кубінскага харызматыка, Я. К. ацэньваў «свайго» прэм’ер-міністра 18 год таму. Цытую паводле кнігі Аляксандра Бовіна «Записки ненастоящего посла» (2001): «Павярхоўны, недасведчаны, схільны да паказухі, несумленны – такія эпітэты выкарыстоўваліся. “Я абавязаны папярэдзіць грамадскасць, – сказаў былы кіраўнік Бюро па сувязях, – што Біньямін Нетаньягу – небяспечны прэм’ер-міністр для Ізраіля. Небяспечны лад яго думак, небяспечны шлях прыняцця ім рашэнняў, і гэта можа прывесці да трагедыі”». Між тым «небяспечны» з 31.03.2009 зноў працуе галавой ураду, і нічога. У мінулым месяцы ён пабіў рэкорд Давіда Бен-Гурыёна па бесперапынным кіраванні (1955–1963 – 7 гадоў і 229 дзён). Карацей, спецслужбовец выявіўся банальным клікушам… Застаецца такім і на пенсіі.

Не адзін Кедмі трапіў пальцам у неба, ацэньваючы патэнцыял Нетаньягу; Давід Маркіш, напрыклад, таксама. Мяркую, «дыхтоўнаму літаратару» (характарыстыка Бовіна) няёмка зараз перачытваць свае радкі 1999 г.: «Бібі надакучыў і “сваім”, і “чужым”… Час Бібі Нетаньягу падыходзіць да канца. Прэм’ера, хутчэй за ўсё, чакае палітычнае небыццё – яго таварышы па партыі прад’явяць яму рахунак, і рахунак гэты будзе скрышальным».

Днямі спахапіўся, што за 20 гадоў мы недалёка прасунуліся: сышлі са сцэны Ельцын, Клінтан, Шырак, Асад-старэйшы, Арафат і нават «вечны» Фідэль, а ў Беларусі па-ранейшаму – Лукашэнка, у Ізраілі – Нетаньягу… Абое рабое? Аднак, калі параўнаць шэраг крытэрыяў за 1997 і 2015 г., то стане ясна, дзе перавага:

 

Колькасць жыхароў, мільёнаў ВУП на жыхара (па парытэту пакупн. здольнасці, $) Працягласць жыцця, гадоў Месца ў свеце паводле «індэксу шчасця»
Гады 1997 2015 1997 2015 1997 2015 2015
Беларусь 10,14 9,51 6087 16621 68,5 72,3 59-е
Ізраіль 5,84 8,35 23906 31671 78 82,5 11-е

Пасля лістапада 1996 г. кіраўнікі РБ, ужо не звязаныя «перашкодамі» з боку парламента і Канстытуцыйнага суда, адчайна кінуліся даганяць «развітыя краіны»… У некаторых сферах поспехі дасягаліся, але якім коштам? Канстытуцыю фармальна не скасавалі, а дэ-факта яе тапталі на кожным кроку – і выхоўвалі маладых цынікаў, штогод адзначаючы «Дзень Канстытуцыі» (15 сакавіка). «Па дарозе» страчаны кожны дваццаты жыхар, знешні доўг істотна вырас і ў абсалютным, і ў адносным вымярэнні (у 1997 г. ён складаў 15% ад ВУП, у сярэдзіне 2010-х стабільна перавышае 50%). Між тым яшчэ ў 2001 г. Лукашэнка дужа ганарыўся сваёй «незалежнасцю» ад крэдытораў. Напрыклад, у прамове на «Другім усебеларускім народным сходзе»: «Мы не нахапаліся замежных пазык, не ўлезлі ў даўгі, аддаваць якія прыйшлося б дзецям і ўнукам».

Што самае крыўднае, беларусы дагэтуль не маюць тых даходаў і працягласці жыцця, якія ізраільцы мелі 20 год таму…

Біньяміна Нетаньягу не ідэалізую, стаўлюся да яго як да жывога чалавека. «Бібіка» ў канцы 1990-х, калі жыў у Іерусаліме, ахоўваў сам Паша Касцюкевіч; упэўнены, поўнае г… ён бы ахоўваць не стаў. Вядома, Бібі – кручаны палітык, якому «палец у рот не кладзі». У першы свой тэрмін ён асабліва любіў хітраваць, маніпуляваць хаўруснікамі (адна «справа Бар-Он – Хеўрон» чаго вартая) ды цягнуць ката за хвост. Але, што ні кажыце, павагу ў мяне выклікае тое, што пасля паражэння ад Эгуда Барака ў маі 1999 г. Б. Н. адрадзіўся ў палітыцы, бы тая птушка Фенікс… І не збаяўся ўзяць былога праціўніка-«крыўдзіцеля» ва ўрад міністрам абароны (Барак служыў ім да 2013 г.), дый свайго «заклятага сябра» Лібермана Бібі выкарыстоўвае напоўніцу.

Напэўна, і Лукашэнку было б памысна зараз пацярпець паражэнне (дапусцім, на рэферэндуме, як было напісана тут), бо яго «перамогі» ўсё часцей стаюцца Піравымі. У прынцыпе, кожны чалавек можа за 22 гады адарвацца ад рэальнасці. Эх, баюся, мала чаго навучылася наша «эліта», назіраючы за лёсамі двух небезвядомых Леанідаў, Брэжнева (1905-1982) і Левіна (1936-2014), якія пад канец сваіх кадэнцый ледзь не ў маразм упалі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

04.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 5.12.2016  9:06