Tag Archives: John Werner

Яшчэ пра габрэяў Гарадзеі (1)

Ад belisrael 

Новыя звесткi, якiя даслала Наталля Апацкая. Працяг апублiкаванага 12 снежня 2018 г.

Нам пішуць (пра яўрэяў Гарадзеі)

Калі габрэі перабраліся ў сучасны цэнтр Гарадзеі, не вядома.  Аднак, 11 красавіка 1823 года выйшаў найвышэйшы ўказ, каб у беларускіх губернях, габрэі спынілі вінныя промыслы і змест аренд і пошт,  і да 1825 года перасяліліся ў гарады і мястэчкі.  Згодна з “Временные правіла” 1882 г. Гарадзея была адчынена для вольнага пасялення габрэяў з 1903 года. З цягам часу цэнтральная частка  Гарадзеі пачала буйна развівацца дзякуючы скрыжаванню пралягаючых  дарог: Навагрудак – Мір – Гарадзея – Нясвіж – Клецк і Стоўбцы – Гарадзея – Сноў – Баранавічы. Гэта асаблівасць давала вялікі прывілей Гарадзеі для абшырнай гандлярскай дзейнасці, менавіта таму, габрэі пакінулі ўрочышча Урвант і занялі тую частку Гарадзеі, якая бліжэй знаходзілася да скрыжавання галоўных дарог.
Прыкладна з 1923 года, габрэі  пачалі займацца гандлем альбо прапаноўвалі розныя паслугі ў мястэчку. Як вядома, гандаль быў асноўным людскім заробкам таго часу.  Габрэі будавалі сабе хаты ў якіх мясцілі свае маленькія крамы.  Адным з асноўных заняткаў габрэйскага насельніцтва як Нясвіжа, так і Гарадзеі  з’яўлялася гародніцтва. У пошуках магчымасцяў для збыту і пашырэнню вытворчасці, габрэі Гарадзеі трымалі вялізныя надзелы зямлі. Апрацоўваць гэтыя тэрыторыі ў адзінотку было вельмі складана, таму заможныя габрэі маглі сабе дазволіць наймаць простых мясцовых жыхароў.
З будаўніцтвам чыгуначных шляхоў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая пралегла праз Гарадзею, мястэчка атрымала моцны шторшок да свайго развіцця, бо мястэчка стала звязана з буйнымі прамысловымі цэнтрамі. Таму насельніцтва Гарадзеі хутка пачало расці.  У канцы XIX – пачатку ХХ стст., эканоміку мястэчка  кантралявалі амаль адны габрэі. У іх руках была і прамысловасць, і гандаль.  Асноўныя галіны гандлю Гародзейскіх габрэяў былі: ўтрыманне крамаў, продаж моцных напояў, вырошчавнне лёну, стварэнне ўласных прадпрыемстваў па вытворчасці марозіва і цукерак,  будаўніцтва мылаварняў і др.

Будынак кандытарскага цэха па вуліцы Шашэйная 2. Здымак Н.Апацкай. 2019г.

Што датычыцца штучных фабрык, якія знаходзіліся ў Гарадзеі, то амаль усе яны належалі габрэям, і размяшчаліся на перасячэнні вуліц Вакзальная, Стаўбцоўская і Шашэйная. У гэтых месцах знаходзілася прадпрыемства па вытворчасці цукерак, асобнае прадпрыемства марозіва, мылаварны завод, непадалёк працаваў анучнік, стаяла аптэка «Авінавіцкага», пажарная частка, а яшчэ далей за ўзгорак па вуліцы Шашэйнай к габрэйскім могілкам (на супраць ільнозавода), была размешчана бойня буйнай рагатай жывёлы.  Мясцовая жыхарка Алла Аляксандраўна Яцук  узгадвае, як яе маці працавала  на фабрыцы цукерак, а бацька — на фабрыцы па вытворчасці марозіва. Маці шмат ёй распавядала, як уладальнік фабрыкі дазваляў ім смакаваць столькі цукерак,  колькі захочацца, але з сабою браць не дазваляў, тое ж адбывалася і на фабрыцы па вытворчасці марозіва.  Як ужо было згадана, у канцы XIX – пачатку ХХ стст., эканоміку мястэчка кантралявалі амаль адны габрэі.  Так, Гарадзея вядома як мясцовасць па массавым вырошчванні лёну, тут можна ўзгадаць 1861 г. Пасля адмены прыгоннага права, калі значна выраслі валавыя зборы льновалакна і вялікая частка яго стала экспартавацца ў Заходнюю Беларусь, даходы па продажу лёну значна павысіліся, таму і частка насельніцтва якая займалася яго вырошчваннем, у тым ліку і габрэі, сталі  заможнымі.
Само па сабе, вырошчванне лёну было працай складанай, аднак, улічваючы той факт што Гародзейская чыгуначная станцыя была месцам канцэнтрацыі лёну прызначанага для экспарту ў Заходнюю Еўропу,  то гэтыя абставіны спрыялі развіццю прамысловасці па яго вырошчванні. Пасля  сартавання лёну на станцыі Гарадзея, ён накіроўваўся ў памежныя гарады і порты. Дадзеныя аб чыгуначных перавозках ў пачатку 20 ст. сведчаць аб тым, што Гарадзея была месцам з развітай таварнай льнопрамысловасцю, арыентаванай на экспарт. Мясцовыя жыхары Гарадзеі даволі часта прыпамінаюць тыя часы, калі іх бацькі, ды і яны самі ў маленстве, хадзілі працаваць да габрэяў. Так адбылося і з Верай Філіпаўнай Кудзін (Гунько), яна і яе сям’я працавалі ў габрэяў, трапалі лён.
Да нашага часу захавалася невялічкая пабудова/склад з надпісам “WILENKA”, яна знаходзіцца па выліцы Вакзальная д.2. У ёй загатоўваўся лён для польскага войска, які адпраўлялі ў Вільню.

Былы склад "WILENKA" па загатоўцы лёну ў г.п.Гарадзея, вул. Вакзальная 2. 2010 г.
Былы склад “WILENKA” па загатоўцы лёну ў г.п.Гарадзея, вул. Вакзальная 2. 2010 г.

Шмат якім дасдедчыкам кінулася ў вочы ляпніна самаго надпісу на старым будынку. Але гутарку па гэтай тэме мы будзем весці пазней.

Надпіс на будынку па вуліцы Вакзальная 2, г.п. Гарадзея. Здымак Н. Апацкай
Надпіс на будынку па вуліцы Вакзальная 2, г.п. Гарадзея. Здымак Н. Апацкай

Гэта пабудова з’явілася дзякуючы мясцоваму габрэю Гарадзеі.  У 1897 годзе, Наваградскі мяшчанін, Элья Беньямінавіч Зайчык, пражываючы пры ст. Гарадзея, намагаўся адчыніціць пры станцыі мылаварны завод. Згодна яго плану, мылаварня мела выгляд сарая даўжынёй 7 сажань (15 мэтраў), шырынёй 4 сажані (8,64 мэтра), у адной частцы якога узвышалася каранная цагляная труба, і да гэтай трубы была прыбудавана печ з катлом для мылаварні.

Былы цагляны склад “Зайчыка” па вул. Вакзальная д.2 у г.п. Гарадзея. Здымак Н. Апацкай. 2019 г.

Пасля ўз’яднання СССР з Заходняй Беларуссю (кастрычнік-лістапад 1939 года) ў Гарадзее адбылася нацыяналізацыя.  16 лістапада 1940 года, Пастановай Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта, уласнасць сям’і Зайчыка, была перададзена Нясвіжскай Канторы ЗагатЛЁН.
“Выпіска.
ПОСТАНОВИЛИ:
Передать Несвижской конторе ЗаготЛЁН кирпичный склад бывшего владельца Зайчикова в м-ке Городея, для использования под склад”.

Такім чынам, склад з надпісам WILENKA, першапачаткова належаў сям’і Зайчыка. Гэтаму будынку значна пашанцавала, ў 2018 годзе, у яго з’явіліся новыя гаспадары, якія змаглі яго адрамантаваць  і адчыніць у ім краму. А вось былой аптэцы «Авінавіцкага» непашчасціла, яна была зусім знесена.
Мабыць шмат жыхароў Гарадзеі яшчэ памятае невялічкі цагляны будынак на перасячэнні вуліц Вакзальная і Шашэйная. Гэты будынак, ні што іншае, як былая аптэка «Авінавіцкага».

Аптэка Ісаака Саламонавіча Авінавіцкага ў г.п.Гарадзея, 2008 г
Аптэка Ісаака Саламонавіча Авінавіцкага ў г.п.Гарадзея, 2008 г

Сям’я аптэкара Авінавіцкага пераехала жыць у Гарадзею з Нясвіжа. Упершыню было ўпамянута аб аптэцы Ісаака Саламонавіча Авінавіцкага ў мястэчку Гарадзея, як аб аптэцы  дапамогі, ў 1901 годзе . У 1913 годзе ў аптэцы з’явіўся упраўляючы справамі аптэкі, гэта месца займала Голда Нахманаўна Клячкіна. У 2010 годзе стары будынак аптэкі быў цалкам знесены, а на яго месцы была размешчана базарная плошча.

У 1919-1922 гадах беларускія габрэі сталі ахвярамі пагромаў з усіх бакоў: і польскіх войскаў, і банд Булак-Булаховича, і частак, што знаходзіліся пад ідэйным кіраўніцтвам Барыса Савінкава, і проста банд рабаўнікоў («зялёных»), і частак Чырвонай Арміі. На тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд было ўчынена 225 пагромаў.
Пад час габрэйскіх пагромаў, 9-15 жніўня 1920 года,  дзейнасць аптэкара Авінавіцкага ўзгадваецца ў “Кніга пагромаў. Пагромы на Украіне, у Беларусі і еўрапейскай частцы Расіі ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918-1922 гг.”

Варта адзначыць, што пры Польшчы ў Гарадзеі існавала свая пажарная дружына. У 20-х гадах дружына насіла назву “Замірскае пажарнае таварыства”, месцам яго знаходжання быў сучасны  кандытарскі склад па вуліцы Шашэйная. Служылі і ўзначальвалі пажарнае таварыства, яго старшыня —  Ісаак Саламонавіч Авінавіцкі, намеснік – Самуіл Вольфавіч Ледерман.

Не раз згадваецца як Ісаак Авінавіцкі і яго падначалены Самуіл Вольфавіч Ледерман хавалі габрэяў ад здзекаў у амбары «Авінавіцкага»  і ў будынку старога сарая пажарнай часткі,  раілі ім сыходзіць і хавацца ў палі і лясы ад польскіх жаўнераў. Будучы самімі габрэямі, яны мужна заступаліся за простых людзей. “Толькі дзякуючы самаадданасці і сапраўнай наважнасці мясцовага пажарнага грамадства, «Гарадзея» абавязана выратаваннем таго, што было выратавана”. А ратаваць было што, бо польскія жаўнеры намагаліся спаліць гародзейскі вакзал, не кажучы ўжо пра астатнія мясцовыя пабудовы.
Пры самой аптэцы «Авінавіцкага» стаяла хата аптэкара, відавочна гэта і ёсць захаваны да нашага часу жылы дом па вуліцы Вакзальная д.1.

Вул. Вакзальная д.1. г.п. Гарадзея. Здымак Н.Апацкай, 2019 год.

Зусім побач,  з хатаю аптэкара стаяў амбар «Авінавіцкага», у якім пры пагромах польскіх жаўнераў хаваліся габрэі Гарадзеі.

Кандытарскі склад па вуліцы Шашэйная, г.п.Гарадзея. Здымак Ю.Левітана, 2018 г.
Кандытарскі склад па вуліцы Шашэйная, г.п.Гарадзея. Здымак Ю.Левітана, 2018 г.

Ісаак Саламонавіч Авінавіцкі, быў не толькі старшынёй Гарадзейскага вольнапажарнага таварыства, але і старшынёй Гарадзейскай габрэйскай грамады. З-за сваіх высокіх пасад і шматлікай дзейнасці ў Гарадзеі, ў 1939 годзе сям’я Авінавіцкіх была саслана ў Сібір. Нам атрымалася напасці на след Авінавіцкіх пражываючых у Велікабрытаніі. Унучка Ісаака Авінавіцкага —  Тусія Вернер зараз жыве ў г.Брайтане, Англія. Яе бацька быў генералам войска … Яна была перавезена рускімі напачатку 40-х гадоў да Сібіры, апраўдана, прыехала ў Вялікабрытанію, стала мясцовым суддзёй. Яна распавядала ў школах дзецям яе жудасныя часы ў Сібіры.

На здымку (зправа на лева): Джон Вернер - муж Тусіі Авінавіцкай, Тусія Вернер (Авінавіцкая), нявестка і сын сям'і Вернер. Здымак Джэймса Вернера, 2019 г.
На здымку (зправа на лева): Джон Вернер – муж Тусіі Авінавіцкай, Тусія Вернер (Авінавіцкая), нявестка і сын сям’і Вернер. Здымак Джэймса Вернера, 2019 г.

З самой Тусіяй нам не давялося паразмаўляць, аднак тыя цікавыя звесткі якія распавёў нам яе сваяк Джэймс Вернер (James Werner), даюць нам поўнае ўяўленне аб жыццёвым шлясе гэтай габрэйскай сям’і.

У кнізе пагромаў таксама ўзгадваюцца наступныя прозвішчы жыхароў Гарадзеі, якія былі падвергнуты нападу полькімі жаўнерамі: #Гаузе#Верман#Вассер (гандляр соллю), Веньямін Мовша #Млодок (вул. Шашэйная, № 120), Лейзер Мордухов #Надельсона (вул. Нясвіжская, №77), Міхаіл Мееровіч #Сейловіцкі, Лейб Іоселев #Берман (вул. Шашэйная ул.,№ 24), Ісаак #Менакер#Дамоновіцкі#Мальцер#Любеци, Фейт #Дёмін#Цурков (вул.Нясвіжская), #Зайчик (вул. Паштовая) (верагодна гэта і быў дом які стаяў побач са станцыяй). Пажарныя дружыннікі: #Іцковіч#Гершэновіч#Слуцкі.
Варта адзначыць што, ў карыстанні Гародзейскай пажарнай дружыны, пад час польскіх пагромаў 1920 г., былі тры пажарныя машыны. На момант 1930 года старшынёй пажарнай аховы быў Барыс Іванавіч #Авиновицкий (1893 г.н.). Ён быў арыштаваны саветамі ў 1940 годзе за тое, што служыў у польскай паліцыі. Атрымаў 8 год ППЛ.

Кандытарскі склад па вуліцы Шашэйная, г.п.Гарадзея. Здымак Ю.Левітана, 2018 г.
Кандытарскі склад па вуліцы Шашэйная, г.п.Гарадзея. Здымак Ю.Левітана, 2018 г.

Акрамя мясцовых жыхароў мястэчка якія наладжвалі свае гандлёвыя промыслы і прадпрымальніцкую дзейнасць, былі і тыя, чыя агентура мела сваё месца ў Гарадзеі. Мястэчка Гарадзея, як было ўзгадана вышэй, з’яўлялася  месцам перасячэнне галоўных жалезнай і паштовай дарог. Пры гэтых абставінах, Гарадзея атрымала асабістае гандлёвае значэнне,  бо праз яе  ў той час, быў накіраваны хлебны транспарт з абодзвюх хлебаўраджайных уездаў Мінскай губерні: Наваградскага і Слуцкага. З развіццём таваразвароту ў Гарадзеі пачала з’яўляцца Польская агентура. У 1927 годзе, у Гарадзеі ужо працавалі: «Каса Стэфчыка», «Браты Нобель», «Дэмбо & Каган», «Копельман».
Францішак Стэфчык быў заснавальнікам першых сельскіх ашчадна-крэдытных звязаў на польскіх землях. Ён стварыў іх па ўзоры нямецкіх ашчадна-крэдытных звязаў Фрыдрыха Вільгельма Райфайзена. У народзе такія ўстановы атрымалі назву «касы Стэфчыка».

Францішак Стэфчык
Францішак Стэфчык

Яшчэ больш цікавыя звесткі дайшлі да нас аб фірме “Дэмбо і Каган”, заснавальнікі якой А. Дембо  і “габрэйскі нафтавы кароль” Хаім Каган, былі піянерамі нафтавай прамысловасці ў Баку. Свая агентура фірмы “Дэмбо і Каган”  з’вілася ў Гарадзеі  яшчэ ў 1892 годзе. Купец Абрам Граеў, быў паверанным гандлёвага дома “Дэмбо і Каганъ”. Па законе 1859 года габрэі – купцы першай гільдыі атрымлівалі дазвол жыць і працаваць увесь час па-за мяжой аселасці ці Царства Польскага.  У 1892 годзе, пры намаганні Абрама Граева, пры ст. “Гарадзея” на Маскоўска-Брэсцкім чыгуначным шляху, быў пабудаваны  керасінавы склад  сярэдніх памераў, які змяшчаў  ў сабе болей чым 1200 пудоў керасіна. Потым, на момант 1920 г., гэты  ж склад выкарыстоўваўся як склад братоў Нобель, якія таксама пажадалі каб іх агентура мела свай склад у Гарадзеі.  Гэты склад належаў усё таму ж купцу Абраму Граеву. Як вядома, цыстэрны з палівам падвозілі па чыгуначнаму шляху.

Адзін з сучасных складоў у г.п.Гарадзея. Здымак Н.Апацкай, 2019 г.

Макет цыстэрны “Браты Нобель”.

Цікавыя звесткі жыцця габрэйскага насельніцтва Гарадзеі ўсе больш знаходзяць свой прытулак на старонках невялічкіх сайтаў. Так, давялося знайсці чалавека, продкі якога па 1907 год пражывалі ў нашай мясцовасці.  З яго аповяду, яго прадзед быў службоўцам у гандлёвай фірме Копельмана на станцыі Замір’е.
З артыкула ў вікіпедыі: Капельман – “…пецярбургскі купец першай гільдыі Ілля Навумавіч (Элю Нахімавіч) Копельман (1826, Васілішкі, Лідскі павет, Гарадзенская губерня — 1914, Варшава), літаратар і асветнік, аўтар кніг «Das Licht des Evangeliums» (1895) пра дачыненні хрысціянства да юдаізму і «אנן תושיה» з крытычным аналізам асобных галахічных і агадычных матэрыялаў; кіраваў гандлёвай фірмай «Э. Н. Копельман з сынамі», які займаўся гандлем ячменем і алеем; жыў з сям’ёй на Ізмайлаўскім праспекце, хата № 22”.  У Гарадзеі размяшчаўся склад па скупцы ячменю фірмы «Капельмана».

Калі звярнуцца да Польскай адраснай гандлёвай кнігі 1927 года, можна заўважыць, што амаль усе прадпрымальнікі былі габрэі. Пакуль жыццё габрэяў кіпела ў цэнтры Гародзея, па за яго межамі габрэі знаходзілі сябе ў якасці кіраўнікоў. Так было ў маёнтку Брахоцкіх. Габрэй Г.Б. Гавзе ўзяў на сябе адказнасць займацца гандлем сычужных сыроў сясцёр Брахоцкіх. Фірма па вытворчасці сычужных сыроў была адчынена яшчэ ў 1887 годзе ў Вялікім Двары (гістарычная частка Гарадзеі). Да нашага часу захаваўся дакумент 1915 г., які пераконвае нас аб поспехах прадпрымальніцкай дзейнасці Эміліі і Марыі.


Бланк для телеграммы Г.Б.Гавзы. 1915 г.

Пасля смерці  Адама Брахоцкага, гаспадаркай кіравалі яго дзве дачкі, якія славіліся тым, што кіравалі вытворчасцю сычужнага сыру. Гаспадарка ў руках сясцёр квітнела і далей. Галяндэр у пабудаванай сыраварні рабіў сыры галяндэрскія і вучыў гэтаму мясцовых хлопцаў. “Сыраварныя заводы літоўскіх, галладнскіх, швейцарскіх сыроў і рознага роду масла Г.Б. Гавзы, ліст Варшаўскаму аддзяленню Азоўска-Донскага камерцыйнага банка, Мінская губерня, 1 студзеня 1915 года. Адрас для тэлеграм Гарадзея, Гавзе.”  Сыраварня ў Вялікім Двары працавала да 1939 г.  Галяндэрскія сыры скупляў таксама і  гандляр Рэсэль зь Міру. Прадаваліся тыя сыры ў Вільні, Варшаве. Былі яны дужа дарагія і таму на месцы пакупнікоў не знаходзілі.(с)

Яшчэ адным адметным прадпрымальніцтвам ў мястэчку Гарадзея займсаўся габрэй Моўша Эйгес. У 1910 годзе, адна з нашчадкаў роду Марцінкевічаў, а менавіта дваранка Уладзіслава Іванаўна Жэліхоўская, была вымушана прадаць маёнтак “Гародзей-Зарэчча”, сваіх дзядзькоў Аляксандра і Казіміра Марцінкевіча, праз абавязкі. Маёнтак набыў ніхто іншы як, князь Міхаіл Мікалаявіч Святаполк-Мірскі. Аднак, да продажу усёй маёмасці, Жэліхоўская паспела прадаць лес на сруб прамыслоўцу Моўшы Абрамовічу Эйгесу.

Працяг будзе

Апублiкавана 16.11.2019 12:42