Tag Archives: Беларусь несоветская

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (35)

Жыццё ўсё больш і больш дзівоснае… «Всё чудесатее и чудесатее», як сказала б кэралаўская Аліса (ёсць верагоднасць, што яе прыгоды ў Залюстроўі выйдуць асобнай белмоўнай кнігай у 2017 г.) або «всё тот же анекдот», паводле глускага газетчыка Навума Сандамірскага. Так ці іначай, каб тут існаваць, патрэбна жалезабетоннае пачуццё гумару.

Міністр адукацыі Жураўкоў, які хаваўся ад Ганны Канапацкай, а заадно ад нашых заўваг, 15.12.2016 зволены (ну, для яго сям’і гэта не так смешна, тым болей усё адбылося па-хамску, без папярэджання). На яго месца прызначылі чыноўніка 1964 г. нар., і таксама з юбілейным медалём, толькі не «70 год Перамогі ў вайне», а «60 год». От цікава, а ў чэргах іх пускаюць уперад, як франтавікоў?.. Нейкі час у міністэрстве, калі меркаваць паводле афіцыйнага сайта, увогуле панавала двоеўладдзе. Рускамоўная версія прадстаўляла аднаго таварыша, белмоўная – другога (cкрын ад 16.12.2016, 17:59).

Ну Гайдай жа самы настаяшчы: «Так што, выходзіць, у вас два міністры?» – «Выходзіць, два… І цябе вылечаць, і цябе вылечаць, і мяне вылечаць».

Дзіўна, што кудысьці падзяваліся аўтары сайта «Навінкі сёння», іх пляцоўка не абнаўляецца з канца верасня. Праўда, кіслотная атмасфера не спрыяе развіццю «сатырычна-парапалітычных» блогаў – у нас і праставатыя жарты па завядзёнцы не дужа цэняцца. Во натрапіў на рэцэнзію Міколы Хведаровіча, які ў 1958 г. адгукнуўся на дэбютны зборнік Уладзіміра Караткевіча:

«Верш “Вадарод”, цікавы па зместу і па-майстэрску выкананы, не задавальняе завяршэннем развагі. Вядома, што атамная энергія вынайдзена нашай навукай (! – В. Р.) не для знішчэння, а для росквіту чалавечага шчасця, але гэтая вынаходка выкарыстоўваецца капіталістамі супраць прагрэсу і дэмакратыі, для імперыялістычных захопніцкіх мэт. Аб гэтым паэт мог сказаць проста і выразна, а ён піша (цытуем радкі па зборніку «Матчына душа»):

Бы сарваўся вар’ят утрапёны і злосны

Прах старых гарадоў дасягае нябёс,

З дзіркай ў чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,

Плывуць горкія рэкі жаночых слёз.

Недарэчныя ў гэтым месцы і такія радкі:

У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,

(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах).

Такія жарты ў такім сур’ёзным месцы проста не да месца, бо гэты жарт сам па сабе знімае ўсю вастрыню выказанай думкі».

* * *

Пасля Чарнобыля і Фукусімы ведаем мы пра «росквіт чалавечага шчасця», і выходзіць, што Караткевіч востра прадчуваў бяду, а больш вопытны Хведаровіч – на жаль… Ды справа нават не ў гэтым, а ў шчырай перакананасці беларускага літаратара (не найгоршага, які да таго ж сам у 1932 г. досыць плённа жартаваў у зборніку «Ха»), што цноту з гарэзіяй вымешваць няможна…

У дадатак старэйшы калега, нядаўна выпушчаны з лагера, адлупцаваў «маладога» за жартаўлівы верш «Як размаўляюць звяры і птушкі»: «Чытаеш і дзіву даешся. Няўжо ў наш час гэта такая важная і вострая тэма, як размова жаб, вуркатанне галубоў і пеўня?»

Што б сказаў бедны Хведаровіч, пагартаўшы новы зборнік Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло», куды ўключаны, напрыклад, такія радкі пра дзённік Максіма Багдановіча:

Нацешымся дзівоснаю кабетаю,

Якой зачараваны быў Максім,

з Гагарыным узмыем над планетаю

і з Каліноўскім сумна павісім.

Напэўна, не паверыў бы анатацыі: «Іронія, гратэск, «чорны» гумар, давядзенне да абсурду, гульня словаў і сэнсаў здольныя не толькі выклікаць усмешку (у мяне дык і рогат – В. Р.), але нярэдка і задумацца над рознымі праявамі нашай зменліва-зманлівай рэчаіснасці (такі задумваўся – В. Р.)». Пайшоў бы шукаць печку-буржуйку…

Да чаго хілю – ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца… Той жа Хведаровіч побач з іншым былым вязнем, Уладзімірам Дубоўкам, увосень 1958 г. у хоры з кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў БССР Броўкам, Глебкам ды інш. ганіў Пастарнака, хоць мог бы, напэўна, і прамаўчаць.

«Літаратура і мастацтва», 01.11.1958

Нядаўна Ганна Севярынец, шанавальніца і даследчыца творчасці аўтара «маёй шыпшыны», патлумачыла паводзіны свайго ўлюбёнага паэта: «Дубоўку… прымусілі выступіць на адным з такіх сходаў. Ён толькі нядаўна быў рэабілітаваны, таму не мог адмовіцца… Што зрабіў Дубоўка? Ён расказаў кітайскую легенду: «Адзін мастак сказаў: я зраблю цуд. Ён працаваў некалькі гадоў і стварыў маленькую малпачку. Вось тое самае зрабіў Пастарнак». Ці асудзіў ён Пастарнака? Вялікае пытанне… Калі слухаць выступ Дубоўкі, ведаючы Кітай так, як ведаў яго паэт, пачуем: Пастарнак сказаў, што зробіць цуд, і – зрабіў яго. Ясная рэч, ніхто з прысутных гэтага не зразумеў – і дзякуй богу».

На мой сціплы одум, сказаць так, што ніхто нічога не зразумеў, – усё роўна што не сказаць. У «сухой рэшце» засталося наступнае: надломленага пісьменніка нацкавалі на калегу і зафіксавалі гэта для публікі на старонках газет (пазней той жа трук удаўся з Васілём Быкавым, калі яго подпіс у 1973 г. фігураваў пад калектыўным лістом з асуджэннем Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава). Тут бачыцца найперш урок для моладзі ад партбосаў: калі нават такія «маманты», як Дубоўка і Быкаў, гнуцца, то загонім і вас у казіны рог – нават не спрабуйце «высоўвацца»…

У Беларусі тактыка выявілася паспяховай у тым сэнсе, што толькі адзінкі ў 1960-70-х наважваліся вольна выказвацца і дзейнічаць. Сярод іх быў ураджэнец Бабруйска Міхась Кукабака, якому нядаўна споўнілася 80. З іх каля 17 правёў у турмах, лагерах, вар’ятнях, так што яму ёсць што ўспомніць. Чалавек з няпростым характарам, як гэта вынікае з перапіскі на «Мы здесь» (не блытаць з «Мы яшчэ тут!») у 2005 г. Добра, што нарэшце выйшла і прэзентавана прысвечаная яму кніга. Цяпер Кукабака жыве ў Маскве і папярэджвае беларусаў пра небяспеку ад ворага, пуцінскай Расіі.

Cярод экс-сядзельцаў сучаснай Беларусі ёсць тыя, хто змагаецца, а ёсць тыя, хто піша кнігі пра сваё былое змаганне. Да апошніх, відаць, трэба аднесці і Андрэя Саннікава, згаданага ў 33-й серыі. Шэсць гадоў таму ён абяцаў «змяніць лысую гуму». Потым да вясны 2012 г. знаходзіўся за кратамі, адкуль у 2011 г. гукнуў, што ў снежні 2010 г. пры «чэсным» падліку галасоў мусіў выйсці ў другі тур з Лукашэнкам і па-ранейшаму лічыць сябе кандыдатам у прэзідэнты. Цяпер – недзе на Захадзе.

Я б, можа, не цікавіўся так паваротамі яго лёсу, каб не кніга Саннікава «Белорусская американка». Нейк сумна, калі чалавека, асноўным дасягненнем у палітыцы якога ёсць «Хартыя-97» (надоечы яна зноў папіярыла «Легендарнага генерала Булак-Балаховіча», акуратна адцэнзураваўшы арыгінал з «Гістарычнай праўды», дзе ёсць слова «погромщик», і заблакаваўшы мой камент пра ўдзел балахоўцаў у антыяўрэйскіх акцыях), прэзентуюць так: «Хочацца верыць, што калі-небудзь мой народ выбера іменна такога прэзідэнта. Выбера будучыню».

Пачытаў у бібліятэцы пісьмо 1949 г., падпісанае бацькам палітыка Алегам Саннікавым, і знік яшчэ адзін козыр Андрэя Алегавіча, 1954 г. нар. («патомны інтэлігент»). Газета «Сталинская молодежь», 23.03.1949:

Яшчэ былі заявы пра адну з найлепшых беларускіх п’ес («Тутэйшыя» Янкі Купалы) тыпу «камедыя гэта супярэчлівая і ідэйна невыразная», спасылкі на такіх аўтарытэтаў у галіне тэатразнаўства, як Сталін і Маа Цзэдун (ужо ў кнізе 1961 г.). На даволі хісткім падмурку быў пабудаваны дабрабыт сям’і С. у савецкую эпоху. Ясная рэч, нашчадкі не абавязаны крочыць сцяжынамі продкаў, і дэ-юрэ прэтэнзій быць не можа, але мне блізкая думка Дзмітрыя Быкава аб тым, што «мы адказваем за грахі бацькоў», прынамсі ў маральным плане. Падобна, «творчую спадчыну» бацькі былы лукашэнкаўскі чыноўнік не адрэфлексаваў, без чаго цяжка было спадзявацца на прагрэс у палітыцы. Можа, зараз?..

Дапраўды, што замінае папрасіць прабачэння ў нашчадкаў сусветна вядомага фалькларыста Льва Барага (ён не загінуў, аднак пасля 1949 г. быў вымушаны з’ехаць у Башкірыю)? Калі гэты акт будзе шчырым, то я ўпэўнены, што Андрэй Саннікаў яшчэ здолее «ўскочыць у цягнік», рэальна вярнуцца ў палітыку.

* * *

Набліжаецца Новы год, карціць падвесці вынікі. Стрэлка сімвалічнага «гадзінніка Суднага дня», прыдуманага ў 1947 г. навукоўцамі з Чыкагскага ўніверсітэта (блізіня да 12 сімвалізуе небяспеку), стаіць усяго ў трох мінутах ад крытычнага моманту… Так блізка яна не знаходзілася з 1984 г. На гэтым фоне мясцовая мітусня, асабліва перастаноўкі чыноўнікаў, істотна блякне. I ўсё ж выкажу сваё стаўленне да кампаніі за адстаўку міністра ўнутраных спраў, якога папракаюць, сярод іншага, і тым, што «засвяціўся» на парадзе 9 мая 2015 г. у форме камісара НКУС. Ён і канспіролаг – лічыць, што супраць міністэрства, як самай моцнай галіны ўлады, вядзецца мэтаскіраваная кампанія дыскрэдытацыі (звычайна, дадам ад сябе, удары наносяцца якраз па слабейшых кропках). Каментатары, пачынаючы ад Юрыя Зісера, небеспадстаўна заўважылі, што дыскрэдытуюць сябе «органы аховы парадку» перадусім самі.

Ужо не адзін месяц збіраюцца подпісы пад петыцыяй да Лукашэнкі, каб зволіў міністра… Не набралося і 1500. Там, дзе людзі звяртаюцца да міністра і пералічваюць вапіюшчыя факты, прапануючы яму «навесці парадак» або добраахвотна пайсці ў адстаўку, справы крыху лепшыя – лік падпісантаў набліжаецца да 5000.

Шансаў, што петыцыі спрацуюць, няшмат, мо 0,01%. Зараз я рэдка ўдзельнічаю ў справах, пра якія загадзя ведаю, што поспеху не будзе. Дый міністры ў цяперашняй сістэме – пешкі, не кажучы пра большасць чыноўнікаў ніжэйшага рангу (тыя – проста клеткі на шахматнай дошцы). Вопыт як бы намякае, што асноўныя рычагі кіравання крэпка трымае адміністрацыя, а пры ёй – Савет бяспекі, дзе куды большую вагу мае чалавек з імем Віктар. Тое, што Віктар Аляксандравіч у 30 гадоў стаў памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і застаецца ім дасёння, нягледзячы на сумневы ў яго кампетэнтнасці (асабліва пасля выбуху ў мінскім метро ўвесну 2011 г.), ёсць куды большай праблемай, чым «касякі» асобных службоўцаў. Зацята змагацца з аматарам святочных маскарадаў – значыць не глядзець у корань.

Што да партыйца, які ўзяў міністэрства адукацыі – на першы погляд ён выглядае цемрашалам (напрыклад, 07.11.2016 у якасці «віцэ-мэра» адкрываў помнік Леніну ля Трактарнага завода), аднак наўрад ці здолее абваліць сістэму больш, чым ужо абвалена. Хіба стане больш камуністычных суботнікаў, будзе вернута абавязковая школьная форма (таварыш К. пра гэта даўно марыў). З іншага боку, прасочваецца заканамернасць: чыноўнічкі – за выняткам аднаго-двух – займаюцца ў нашай краіне зусім не тым, што любяць і ўмеюць. «Лібералаў» шэф прымушае (ладна, самі згаджаюцца) «біць па штабах», а цемрашалаў – гуляць у лібералізм. Карацей, не ўсе страхі ад прыходу першага сакратара ЦК КПБ ва ўрад цалкам абгрунтаваны. І я застаюся на сваёй пазіцыі канца 2015 г.: Беларусь ужо шмат гадоў аб’ектыўна не савецкая краіна. Восем дэпутатаў ад кампартыі ў палаце прадстаўнікоў узору 2016 г. (са 110), нават са сваім хлопцам ва ўрадзе, не вернуць нас ні ў сталінскі, ні ў брэжнеўскі «сацыялізм»: дзікі капіталізм у нас у асноўным пабудаваны. Ура, таварышы?..

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 16.12.2016  20:38

КАТЛЕТЫ & МУХІ (4)

Вольф Рубінчык

Ізноў шалом-здароў! Гэтым разам пагаворым пра Беларусь як несавецкую краіну і пра тое, як у ёй (вы)жыць.

1. Чвэрць стагоддзя на незалежніцкай хвалі

Першы масавы апазіцыйны рух у найноўшай гісторыі Беларусі нарадзіўся ў 1988 г., аформіўся ў 1989 г., а выпрабаванне выбарамі прайшоў у 1990 г. Іменна тады дзясяткі прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту патрапілі ў Вярхоўны Савет БССР – які-ніякі, а парламент – і разам з некаторымі іншымі дэпутатамі сфармавалі т. зв. «Дэмакратычны клуб», а потым і Апазіцыю БНФ.

Адной з першых акцый новаўтворанай Апазіцыі сталася «антысвяткаванне» 7 лістапада, калі на помнік Леніну ў Мінску былі навешаны пудзілы і антыкамуністычныя лозунгі. Пракуратура вывучала «правакацыйныя» паводзіны фронтаўцаў, у тым ліку Зянона Пазьняка, але нікога не пакарала. Выглядае, іменна гэтая акцыя стала пачаткам канца для Беларусі савецкай. Больш падрабязна пра падзеі можна пачытаць у 800-старонкавай кнізе «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання» аўтарства кандыдата гістарычных навук Аляксандра Кур’яновіча (2015), якую мне выпала рэдагаваць.

Kniha_apazicyja

Пасля абвяшчэння Незалежнасці ў жніўні 1991 г. і распаду СССР у снежні 1991 г. працэс натуральнай дэсаветызацыі (развітання з БССР-аўскім мінулым) набыў незваротны характар. Узлёт небезвядомага палітыка ў 1993–94 гг. можна трактаваць як рэакцыю на занадта хуткія перамены, але памылкова лічыць, што Аляксандр Лукашэнка вярнуў Беларусь у савецкі час, што ў нас запанаваў «чырвоны чалавек».

Замежнікі, прыязджаючы ў Мінск на колькі дзён, бачаць помнік Леніну, вуліцы Маркса ды Энгельса, і крывяць нос: «фэ, савок». Між тым к 2015 г. «савок» у нас практычна сканаў. Наўрад ці хто стане спрачацца, што хрыбцінай савецкага ладу былі камуністы-ленінцы, але ў РБ з тузіна палітычных партый (скарэй гурткоў па інтарэсах…) дзве камуністычныя ледзь прадстаўлены на ўзроўні мясцовых саветаў. Помнікі, назвы вуліц, убогае «святкаванне» 7 лістапада і нават «Лінія Сталіна» – адно дэкарацыя, або костка, якую ўлады кідаюць кансерватарам старэйшага пакалення. З гэтай жа прычыны трывае назва газеты адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия», якую рэдакцыя старанна скарачае да «СБ» – або наогул карыстаецца неафіцыйным найменнем «Беларусь сегодня». Сама адміністрацыя Лукашэнкі нагадвае колішні ЦК КПБ, але будуецца іначай, у ёй больш цэніцца асабістая адданасць і крэўныя сувязі, а не вернасць якойсьці канкрэтнай ідэалогіі, пагатоў марксізму-ленінізму. Эканоміка, культура, сістэма адукацыі, міжнародныя адносіны развіваюцца паводле прынцыпаў, далёкіх ад норм савецкага часу (зараз не кажу, лепшых ці горшых). «Выбары» з квазіпрымусовым галасаваннем ладзяцца ўсё-ткі з аглядкай на назіральнікаў, і кандыдатаў у прэзідэнты з 1994 г. ніколі не было менш за трох.

Што самае важнае, за чвэрць стагоддзя адбыліся істотныя змены ў свядомасці мільёнаў людзей, якія паспелі забыцца на савецкія стабільныя цэны, чэргі і паўпустыя паліцы. Разумна выказаўся літаратар Альгерд Б., даведаўшыся пра рашэнне Нобелеўскага камітэта 8 кастрычніка 2015 г.: «Мы жывыя і жывем сёння, і краіна, дзе гэта адбываецца, даўно ўжо не Савецкі Саюз. У яе, гэтай краіны, выраслі малочныя зубы. І нам хочацца гаварыць: новым голасам, пра нашае сёння». Гэтак адчуваю і я, і не магу згадзіцца з іншым літаратарам Ціханам Ч., які настойваў на «Радыё Свабода» ў тым самым кастрычніку 2015 г.: «Дастаткова адысці крыху ўбок ад усім вядомых кнігарняў і галерэй, каб нізрынуцца ў пафарбаваную савецкую сымболіку і ў якасны, новенькі савецкі лад, які прэ з усіх шчылінаў і гегемоніць па поўнай праграме… Цяпер відавочна, што беларускі нацыяналізм занадта рана пахаваў антыкамуністычную рыторыку: шкілет Савецкага Саюза… грукае ў дзверы». Як казаў больш за стагоддзе таму трэці літаратар пра творы чацвёртага, «ён пужае, а мне не страшна».

Гэта праўда, што адукаваныя людзі ў беларускай правінцыі нярэдка гаворыць пра асяроддзе з доляй сарказму. Мастак Верамейка-Залескі лічыць, што жыхары вёскі, за выняткам моладзі, захоўваюць савецкую свядомасць. А журналіст Сяргей А. з Клімавіч адказаў Альгерду Б. так: «шмат насельнікаў гэтай краіны дасюль савецкія людзі. Яны лічаць, што нармальна – парушаць законы, баяцца вялікіх і малых кіраўнікоў, пагарджаць тымі, хто высоўваецца…». Але, па-мойму, слушны дыягназ тут – не савецкасць, а патрыярхальны тып палітычнай культуры, які існаваў да 1917 г. (у Заходняй Беларусі – да 1939 г.) і перажыў СССР. На людзях гэтага тыпу з іхнім недаверам да законаў, грамадскай актыўнасці і «палітыкі» штораз выязджае «бацька». «Чырвонымі» называць іх некарэктна: скарэй ідзецца аб маргіналізаванай частцы сялянства (накшталт паслядоўнікаў Альяша з рамана Аляксея Карпюка «Вершалінскі рай») і тым самым «мяшчанстве», з якога дзесяцігоддзямі кпілі савецкія публіцысты.

Недахопу ў песімістычных прагнозах адносна Беларусі ніколі не было, і ўсё ж… Пра пэўны плюралізм на палітычнай сцэне згадана вышэй, і нават у паслухмяным парламенце час ад часу выяўляецца нязгода, як гэта было ўвесну 2015 г. пры зацвярджэнні «дэкрэта аб дармаедах» (нехта прагаласаваў-такі супраць).

Няма ў краіне і татальнай манаполіі на прадстаўніцтва інтарэсаў наёмных работнікаў: з цяжкасцю, але працуюць незалежныя прафсаюзы, чаго таксама не магло быць у СССР. (Між іншага, чуткі з падручніка для студэнтаў ЕГУ пра тое, што ў лукашэнкаўскай Беларусі пры прыёме на работу аўтаматычна запісваюць у «чэсны» прафсаюз, не пацвярджае практыка: у 2003 г. працаваў ва ўстанове міністэрства адукацыі, у 2004 г. – ва ўстанове сацыяльнага забеспячэння, у 2009-2011 гг. – на дзяржаўным прадпрыемстве сувязі, ні разу не далучаўся да іхніх «прафсаюзных ячэек».)

Бадай, найменш «савецкай» зрабілася сфера паслуг, асабліва ў гарадах. У ХХІ ст. пабудавана безліч «буржуазных» месцаў адпачынку: казіно, рэстарацый, клубаў… Рэальная канкурэнцыя існуе паміж банкамі, турфірмамі, размаітымі крамамі, а сярэдні беларускі гіпермаркет мала чым адрозніваецца ад ізраільскага. У пэўным сэнсе мы перажываем ранні капіталізм – эпоху «пачатковага назапашвання капіталу», з усімі яе плюсамі і мінусамі, вялізнымі кантрастамі ў даходах і выдатках. Як заўважыў Аляксей Кудрыцкі А ЧТО ДЕСОВЕТИЗИРОВАТЬ-ТО?: «У Беларусі дзейнічае рынкавая эканоміка, з наступствамі якой насельніцтва сутыкаецца штораз, ходзячы ў крамы… Эканоміка, якая паступова пазбаўляецца прыстаўкі “сацыяльна-арыентаваная”». Паўтараць следам за Кудрыцкім, што Беларусь – «цалкам дэсаветызаваная дзяржава», я б не стаў, бо астраўкі мінулага раскіданы ад Асвеі да Лунінца, але, дапраўды, ужо 5-10 гадоў не яны вызначаюць паводзіны большасці беларусаў.

  1. А як гэта ўсё адбілася (і адаб’ецца) на яўрэях?

«Капіталізацыя» беларускага грамадства ў кароткачасовай перспектыве мела для большасці яўрэяў станоўчыя наступствы – адкрыліся магчымасці для бізнэса, падвысілася роля адукацыі. Сярод работнікаў культуры («інтэлігенцыя» для РБ – устарэлае паняцце…) прыкладна з канца 1990-х добрым тонам стала цікавіцца яўрэйствам і яго спадчынай. Часам гэтая цікавасць была шчырай, часам выклікалася жаданнем падзарабіць – на мой погляд, зусім зразумелым.

У 2013 г. выйшаў «яўрэйскі» нумар «альманаха сучаснае беларускае культуры» «Партызан»: http://partisanmag.by/?p=3806 , у ім бралі ўдзел некаторыя мае знаёмыя. Сёлета я быў сведкам мінімум трох імпрэз з «яўрэйскім акцэнтам». Першая адбылася ў студзені 2015 г. у мінскім музеі-кватэры Петруся Броўкі. Вядучыя гаварылі пра паэтаў-ідышыстаў, чыталі іхнія творы. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч (на здымку злева) здаўна перакладае з ідыша вершы Майсея Кульбака, і ў музеі прачытаў тры свае пераклады. Я коратка распавёў пра выданні суполкі «Шах-плюс»: зборнікі Ільі Злотніка, Ізі Харыка, Элі Савікоўскага, Гірша Рэлеса.

Khadanovich_Rubinchyk

Пазней наведалі мы з жонкай два спектаклі Купалаўскага тэатра: «Другая сусветная» – http://kupalauski.by/performances/large_stage/second-world-war/ – і «Местачковае кабарэ» – http://kupalauski.by/performances/large_stage/cabaret/ . Выкананне твораў пра вайну аўтарства былога мінчаніна Марка Мермана (у час кранальнага спектакля-канцэрта актрыса праспявала і песню Мермана пра Саламона Міхоэлса, забітага ў 1948 г.) спадабалася куды больш, чым эклектычнае «Кабарэ». Аднак другі спектакль – рэдкая магчымасць убачыць цыганскі танец пад песню на ідышы і паслухаць яўрэйскія показкі-«шмонцэс».

Пра стэрэатыпныя «яўрэйскія рысы» (ініцыятыўнасць, еtc.) з 2000-х гадоў у пазітыўным ключы гаворыцца як у афіцыйных, так і ў альтэрнатыўных крыніцах. Так, былы старшыня Нацбанка, гадоў 10 таму ставіў Ізраіль у прыклад кіраўнікам сельскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці; кіраўнік афіцыёзнага сацыялагічнага агенцтва набыў «дом Вейцмана» ў Моталі і захапляўся першым прэзідэнтам Ізраіля як палітыкам. Улетку 2015 г. шаблоннае ўспрыманне яўрэяў пашыраў і папулярны сярод «прасунутай моладзі» сайт з птушынай назвай: маўляў, беларусы, будзьце як яўрэі, разумныя і хітрыя…

Паўстае пытанне, ці надоўга захаваецца гэтая «юдафільская» тэндэнцыя: на мой одум, ёсць у ёй і небяспека. Мудры Фелікс Хаймовіч пісаў у 2014 г.: «Антысемітызм пачынаецца з прысваення габрэям звання самай таленавітай нацыі. Далейшая логіка такая: яны самыя таленавітыя, яны выцесняць нас, ад іх трэба бараніцца». Гадоў з трох таму пачасціліся факты «абароны ад яўрэяў», прычым у колах, якія раней у ксенафобіі, нібыта, заўважаны не былі. Так, апазіцыйны (?) грамадскі дзеяч М. «жартоўна» заявіў свайму суразмоўцу-яўрэю ў снежні 2012 г.: «Няма беларускамоўных яўрэяў у Беларусі, то і не лезьце ў беларускую мову, у яе і без вашага пытання праблем больш чым дастаткова!» Сваю лепту ў адчужэнне яўрэяў ад беларусаў унёс і былы пасол Ізраіля Ш., хаця, напэўна, не варта перабольшваць шкоду ад яго цынічных выказванняў пра палітзняволеных у Беларусі. Людзі скемілі, што погляды Ш. падзяляла толькі меншасць беларускіх яўрэяў – як у самой Беларусі, так і ў Ізраілі.

У красавіку 2015 г. на «яўрэйскі ўплыў» ды памыснасць яго абмежавання намякалі і кіраўнік краіны (у сумнавядомым пасланні парламенту…), і паэт-«апазіцыянер», чыю цытату пра кантроль яўрэяў над сілавымі структурамі Беларусі хуценька падчысціў «Белсат», – belisrael.info паведамляў пра абодва выпадкі. На жаль, крызісны стан эканомікі стварае глебу для далейшых інсінуацый.

Ва ўмовах прававога нігілізму прадстаўнікам этнічных меншасцей наўрад ці бывае лёгка; апрыёры яны займаюць слабейшую пазіцыю, чым большасць. Магла б дапамагчы салідарнасць, сістэмная пабудова абшчыны, але якая ў Беларусі «салідарнасць» сярод яўрэяў, пастаянныя чытачы гэтага сайта ведаюць. І вось думка доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага з яго пісьма ад 24.09.2015: «Пра захаванне і адносіны да габрэйскай спадчыны (перадусім матэрыяльнай) у Беларусі можна сказаць больш чым з горыччу – яна дзесяцігоддзямі ўжо не замоўчваецца, але нішчыцца. Ну не разумеюць беларусы і ўсе тыя, хто жыве тут, што без габрэйства проста не існуе такое паняцце, як культурны ландшафт Беларусі…» На першы погляд, катэгарычна, але навуковец валодае тэмай. Яму, а таксама ксяндзу Яцаку Хутману, мы абавязаны рэстаўрацыяй старых яўрэйскіх могілак у Камаях Пастаўскага раёна (2012 г.).

Трывожыць пашырэнне ў Беларусі паганскіх каштоўнасцей (не блытаць з атэізмам савецкага ўзору). Фота з былых яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой у Мінску з’явілася на «прасунутым» сайце ў верасні 2015 г. Сімвалічны шпацыр…

Kyky_Kalenda

Адказ рэдактаркі сайта на мой зварот гучаў так: «…не вельмі зразумела, чаму вас так збянтэжыў сабака пароды Джэк Расел на могілках. Могiлкi (няважна, яўрэйскія, беларускія, нямецкія) існуюць для жывых, каб жывыя – помнілі. Сюды нармальна прыходзіць з сем’ямі, тут павінны гуляць дзеці, таму што гэта жыццё, і яно працягваецца. Не павінен собака на яўрэйскіх могілках выклікаць настолькі дзіўную і дрымучую рэакцыю». І рэдактарцы сайта, і гаспадару сабакі, літаратару Сяргею К. – ледзь за 30, то бок на «савецкасць» іх паводзіны не спішаш. Сяргей дык увогуле вучыўся ў БДУ на гебраіста (!)

Адылі не хочацца завяршаць гэтую частку – а відаць, і ўсе «Катлеты з мухамі» – на сумнай ноце. Яркай падзеяй 2015 г. стаў выхад серыі «Мая беларуская кніга» ў мінскім выдавецтве «Папуры»: http://popuri.ru/belkniga/ Пачэснае месца сярод 26 лепшых кніг розных стагоддзяў заняў раман Майсея Кульбака «Зельманцы» ў перакладзе Віталя Вольскага. Ён не перавыдаваўся ў Беларусі звыш 50 гадоў, а цяпер даступны ў вольным продажы: http://oz.by/books/more10442041.html

Кур’ёзнымі падаліся мне і віншаванні, якія Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне накіравала С. Алексіевіч і А. Лукашэнку ў кастрычніку 2015 г. Працытую ў арыгінале з захаваннем арфаграфіі (узята з фэйсбука ІРА):

  1. Мужская история  (Исповедь еврея-партизана)

Светлана Алексиевич, лауреат Нобелевской Премии в литературе. Сардэчна вiншуем

  1. Иудейское Религиозное Объединение в Республике Беларусь поздравляет Александра Лукашенко с избранием на должность Президента страны и надеется на благоразумную и взвешенную политику с его стороны в конфессиональных вопросах, как это было и ранее, начиная с 1994 года. Мазл тов!

Што ж, «мабыць, так і трэба». Прынамсі ІРА выпісала рэцэпт, а што з ім рабіць – справа кожнага.

Мінск, 22.10.2015

rubinczyk[at]yahoo.com