Tag Archives: «часы Судного дня»

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (70)

Заступіў на дзяжурства Новы год, а Стары Ненавукова-Фантастычны серыял жахаў усё з вамі… І па-ранейшаму для весялосці планета нашая мала абсталявана: стрэлка на «гадзінніку Суднага дня» блізкая да поўначы. Але палохаць нікога не маю намераў: хапае аматараў без мяне.

Кіраўніцтва тут і цяпер патрохі страчвае легітымнасць повязі з рэчаіснасцю. Надоечы гэта ўсвядомілі афіцыйныя сацыёлагі: яны, каторыя сцвярджаюць, што большасць моладзі да 29 гадоў задаволеная сваім становішчам у РБ, прызналі, што доля «задаволеных» знізілася. З 2015 г. палова моладзі нязменна адзначала, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя пагаршаецца (паводле даследчыкаў, аж да 2014 г. так лічыла менш за траціну – гл. у зборніку 2017 г. с. 173).

Не ўсе звесткі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі прэзідэнта выклікаюць давер. Аднак тое, што большасць незадаволеных маладзёнаў будуць канвертаваць сваё нездавальненне ў «выказванні ў коле родзічаў, сяброў, калег» (43,5%) або ў «каментарыі да навін у інтэрнэце» (15,5%), а 13% увогуле ўтруцца («ніяк не будуць выяўляць» – с. 175 зборніка), падобна да праўды. Старэйшыя пакаленні пакрыёма прышчапілі маладзейшаму калі не вывучаную бездапаможнасць, то двоедумства. Характэрныя ў гэтым плане развагі не апошняга ў краіне брэсцкага шахматнага трэнера Уладзіслава К., 1975 г. нар., пра «шахматны ўсенавуч», на які з вясны 2016 г. выдаткоўваюцца не абы-якія рэсурсы: «Конечно, для процветания вида нам нужно говорить, что проект нужен, очень полезен и т.д. Я и буду придерживаться такого взгляда в официальных кругах. Но здесь (31.12.2017 на ўласным сайце – В. Р.) могу написать так, как считаю: проект обречен».

Сярод усіх узроставых катэгорый не перастае руліць і прававы нігілізьмъ, што здаўна заахвочваецца «зверху». (Нагадаю адносна свежае: 4 гады таму в. а. цара «імем рэвалюцыі» скасаваў гаспадарчыя суды, прадугледжаныя Канстытуцыяй, і «ўліў» іх у агульныя. Рэферэндум па гэтым пытанні меўся прайсці ў 2014 г., але не адбыўся і ў 2017-м.) Ён падмацоўваецца гатэнтоцкай мараллю: сваім – усё, чужым… нават не закон, а кавадла палітычнай мэтазгоднасці. Тэст на павагу да базавых прынцыпаў юрыспрудэнцыі завальваюць не толькі высокія чыноўнікі, а і многія «зоркі» альтэрнатыўнага лагера, і гэта, быццам той пражэктар, высвеціла справа «рэгнумаўцаў». Ды ладна б адно «зоркі»! Вось некалькі спрэчных (а месцамі дзікунскіх) заяў, якія заваявалі падтрымку «прасунутай» публікі – чытачоў партала tut.by, арфаграфію арыгінала захоўваю: «Получат сроки в плечи на закону. А потом будут эти сроки отбывать. Незачем было распространять кремлепропаганду» (на вечар 09.01.2018: +190–74), «Когда там уже решат сколько кому в плечи дать? Как по мне Алимкина как самого неадекватного нужно запереть дольше остальных» (+125–41), «Беларусь – страна белорусов, идеологию других стран нечего пропагандировать. Пару лет стоило бы им дать, не будут больше ухмыляться как на фото» (+187–60), «За те тексты, что они писали, им самое место тюрьма» (+145–49), «Достаточно было бы их лишить гражданства страны и вида на жительство» (+112–36) і г. д. ВІПР такі ВІПР…

Дзіва што ў 2017 г. прыхільнікі дэмакратычных перамен мала чаго дабіліся. Так і не створана «суперпартыя», ледзь чуваць незалежныя прафсаюзы. Старшынька Таварыства беларускай мовы, безальтэрнатыўна выбраная 29.10.2017, у сваёй першай справаздачы (за паўтара месяца) пахвалілася тым, што «мы абнавілі мэблю ў нашай сядзібе дзякуючы дапамозе чэшскай Амбасады». Чаму ўжо не расказана пра мыццё вокнаў і падлогі? 🙂 Старшынька – яшчэ і дэпутатка палаты прадстаўнікоў, i ўваходзіць у кансультацыйную раду пры міністэрстве адукацыі; можна ўявіць сабе каэфіцыент карыснага дзеяння А. Анісім тамака. Шэрыя твары дабіваюць вывучэнне ў школе беларускай літаратуры, а неабыякавым настаўнікам (часцей настаўніцам) застаецца адно пісаць адкрытыя лісты

Саладжавыя, высмактаныя з пальца трызненні пра тое, што «дзве Беларусі робяцца адной», я б адразу пазначаў як спам, аднак яны множацца ў інфапрасторы… З другога боку, чорны песімізм кшталту «2017 год для Беларусі па вялікаму рахунку быў змарнаваны… Дык што ж чакаць нам у 2018-м? А нічога!» ад аўтара-«інтэлектуала», які некарэктна падлічыў колькасць навагодніх віншаванняў, прамоўленых «абсалютнай Нікчэмнасцю» (насамрэч іх было 24, а не 23), адвязныя прагнозы ад Максіма Ж. («адзінства не будзе, нідзе і ніколі»), мне таксама не блізкія. Лёс народа – у руках яго неабыякавых прадстаўнікоў, і пачатак 2017-га, асабліва люты і сакавік, дэманстраваў тое даволі крута…

…Вярнуся да «рэгнумаўцаў»: усіх траіх неабходна выпусціць з апраўдальным прысудам па крымінальнай справе аб распальванні міжнацыянальнай варожасці. Прамова пракурора на каліва не пераканала мяне ў тым, што падсудныя здзейснілі злачынства, «прадугледжанае ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ». У той жа час не патрэбнае (прынамсі мне) умяшанне Крамля ў гэты працэс. Да такога ўмяшання заклікаў маскоўскі «куратар» сеціва публіцыстаў, былы мінскі выкладчык Юрый Баранчык, лепячы з падсудных герояў і фальсіфікуючы пазіцыю сведкі Дзяніса Рабянка, жыхара Калінкавіч, які нібыта жадаў снедаць «рускамоўнымі дзяўчатамі». Каму-каму, а чалавеку з вышэйшай адукацыяй павінна быць вядома пра іронію і гратэск, акурат і ўжытыя сп. Рабянком у чэрвені 2016 г. Зрэшты, сам аўтар пасля сваіх гратэскных выказванняў наставіў смайлікаў – няйначай для баранчыкаў… 🙂 🙂 🙂

Карацей, давайце тут усе разам адпачнем ад «палітычнай мэтазгоднасці»: лукашэнкаўскай, пуцінскай, якой заўгодна. Хай бы трыумфаваў Закон (Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, etc.)…

М. Вольф (нават не цёзка) напісаў кнігу «Агонь і лютасць» пра Дональда Трампа і яго атачэнне – дакладней, склаў яе са сваіх гутарак у Белым доме. Распавёў пра цікавыя падрабязнасці; маўляў, адказ Д. Т. на пытанне, каму ён давярае, з кім гаворыць, перш чым дзейнічаць, быў такі: «Я сам. Я гавару з сабой». У такім разе «адзіны» з Сінявокай выступае ледзь не піянерам сучаснага палітычнага трэнду – чыннасці пад лозунгам «Я сам себе и небо, и луна» (С). Памятаеце апорыю 2001 г.: упаўнаважаны па правах чалавека ў Беларусі патрэбен, але… «Толькі галава дзяржавы, валодаючы паводле Канстытуцыі шырокімі паўнамоцтвамі, зможа забяспечыць гарантыю правоў і свабод грамадзян»?

Ці нядаўняе, у снежні 2017 г.: «Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ёсць упаўнаважаны па праблемах прадпрымальніцтва – ён сам». Гэтыя амбітныя заявы падлягаюць манетызацыі! Дальбог, рэзідэнцыі ўпаўнаважанага па ўсіх пытаннях можна выкарыстоўваць як аўдыторыі для майстар-класаў… Упэўнены, на курсы лекцый па самадастатковасці прыехалі б кандыдаты ў прэзідэнты як з Акіяніі, так і з Астазіі ды Еўразіі. Экспартаваць паслугі ў беларусаў выходзіць лепей, чым гандляваць таварамі – Чырвоны дом, прыслухайся 🙂

* * *

Пад канец года ўрад РБ кінуў традыцыйную «костку» лаяльным выданням. Іх, фінансаваных з бюджэту, звыш 20, большасць – агітпроп. А вось часопісу «Вожык», хоць яго заснавальнікі – міністэрства інфармацыі і падкантрольны ўраду выдавецкі дом «Звязда», датацыі на 2018 г. зрэзалі… Асобныя «незалежныя публіцысты» пляскаюць у ладкі («памер Максім, і х… з ім») – няйначай у рамках «збліжэння дзвюх Беларусяй».

Ніхто не прымушаў калумніста «Народнай волі» падпісвацца на «Вожык». Пытанне ў іншым: перакрывае грамадская карысць ад агульнабеларускага часопіса «сатыры і гумару» выдаткі на яго існаванне, або не? Па-мойму, перакрывае. І дайце-ка прыпомню, як у краіне Тутэйшыі з гумарком.

У пачатку 2000-х наталяў сваю прагу смешнага газетай «Навінкі», потым кароткі час купляў у шапіках расійскі «Новый Крокодил» (нат грошы выйграў на конкурсе), потым пасміхаўся над зайцамі Васіля Пачыцкага ў «БелГазете» і выпісваў газету Анатоля Гармазы «15 суток». Трасянкавыя зайцы прыеліся, а гадоў 7-8 таму ў Гармазы хапала дасціпных жартаў і карыкатур… Аднак зацыкленасць газеткі на побыце, п’янках-гулянках-цешчах-адзюльтэрах, таксама давалася ў знакі. Калі ж у 2014 г. у выходных звестках «15 суток» з’явілася «Республика Крым, Россия», гэта было занадта нават для такога вісуса, як я.

І пра «Вожык»… Ніколі ў ім не друкаваўся, хоць старэйшы прыяцель Ц. і запрашаў. Безумоўна, зорны час выдання мінуў у першай палове 1990-х, яно апантанае савецкімі прывідамі… Але трэба прызнаць, што ў самыя змрочныя часіны штосьці жывое праточвалася на старонкі «Вожыка», дый цяпер… Тут – 20 карыкатур, паказаных «новаму пакаленню» з доляй паблажлівасці; з іх годных, на мой одум, не менш за 25%. Ці многія тутэйшыя СМІ, нават супернезалежныя, працуюць з большай аддачай? А штосьці ў «выбранае» ад «Нашай Ніны» папросту не трапіла. Даспадобы мне, напрыклад, гэтыя малюнкi з №№ 8 і 9 за 2017 г.:

 

У выдання за спінай – 75 з нечым гадоў, і мноства выдатных пісьменнікаў уважалі за гонар публікавацца ў «Вожыку». Зразумела, гэта толькі адзін довад за вылучэнне дзяржаўных грошай, не самы моцны. Выданне выконвае важную «псіхатэрапеўтычную» функцыю: актывісты і «простыя людзі» на перыферыі адчуваюць сябе з ім крыху больш абароненымі ад чынавенскіх свавольстваў. Часам праз «Вожык» удавалася развязаць нейкія праблемкі. Высмейвання баіцца і той, хто агулам нічога не баіцца – банальна, але часам спрацоўвае.

Штомесячны белмоўны часопіс, прысутны ва ўсіх раённых бібліятэках, – гэта і сродак пашырэння першай дзяржаўнай мовы. Да таго ж трэба, каб было дзе размінацца літаратурнаму  маладняку… (гэтую функцыю «Вожык» сяк-так выконвае нават з тысячным накладам). NB: некалі ў бібліятэцы «Вожыка» выйшла першая кніжка Васіля Быкава «Ход канём».

Спадзяюся, новы (адносна, бо свае 100 дзён ён ужо адслужыў) міністр інфармацыі РБ не задушыць «Вожык» у сваіх абдымках, як некалі зрабіў з газетай «Чырвоная змена», стаўшы яе апошнім галоўным рэдактарам. Вожыкі ўсё ж аблепленыя калючкамі…

На месцы рэдакцыі я б зрабіў, як той Быкаў, «ход канём» – папрасіў бы ЮНЭСКА ўнесці «Вожык» у спіс культурнай спадчыны чалавецтва. Унясуць, не ўнясуць («Наша Ніва» прасілася аж у 2006 г.), а памысны розгалас будзе. У нашу эру цяжка без піяру…

Праўда, і міжнародная вядомасць не гарантуе поспеху ў Беларусі. У 2013 г. пачаў выходзіць у Мінску невялікі прыватны часопіс фантастыкі «Космопорт», у 2014-м ён атрымаў прэмію як лепшы ў Еўропе (авансам, трэба прызнаць), у 2015-м – спыніў выхад… Мне выпала ісці на «Белпошту» і забіраць грошы за недаатрыманыя па падпісцы нумары.

Першы № «Космопорта» і адзін з апошніх (наклады – 11500 і 2500 экз.).

Чаму слаба веру ў вясёлкавую будучыню Парка высокіх тэхналогій ды ІТ-сферы ўвогуле – таму што для рыўкоў уперад трэба мець схільнасць да нетрывіяльных ідэй, якія гартуюцца якраз дзякуючы фантастыцы… У нас жа рэзідэнты ПВТ і ўсялякія дзяржкамітэты па навуцы прамаргалі з’яўленне адзінага – і не тое каб кепскага – фантастычнага часопіса, дарма што ўвесь 2014 год ён мільгаў у шапіках «Белсаюздруку». «Будучыня? Гэта не для беларускіх элітаў: яна ім не цікавая ні ў якім выглядзе – ні светлая, ні цёмная. Ім бы – “как-раньшэ”», – кпіў Зміцер Дзядзенка з іншай нагоды ў 2015 г.

Падсумуем: жыццю ў большасці з нас наканавана быць не прыўкрасным, а цярпімым. Бадай як у доме цярпімасці… Ну, а музыка ў памяць пра ахвяр Катастрофы прагучыць не толькі ў Белдзяржфілармоніі 21 студзеня, а і ў канцэртнай зале «Верхні горад» 27.01.2018.

 

Квіткі даступныя. За якасць музінструментаў аўтар адказнасці не нясе.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.01.2018

wrubinchyk[at]gmail.com

Кароткі змест папярэдніх дзесяці серый:

№ 69 (28.12.2017). Супярэчлівыя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы. Колькасны заняпад працоўнай сілы. Выбар біятланісткі Д. Блашко. Нявер’е ў перспектывы “ІТ-краіны”. Суд па “справе рэгнумаўцаў” і нягеглая “экспертыза” А. Івановай. Кваліфікацыя дзеянняў публіцыстаў. Памылка П. Севярынца. Рэакцыя “адзінага палітыка” на заяву Д. Трампа адносна Іерусаліма. Паскуднае рашэнне не пусціць ізраільскіх шахматыстаў на чэмпіянат свету ФІДЭ ў Саўдаўскай Аравіі. Меркаванне А. Кентлера і “штрэйкбрэхерства” вядомых гульцоў. “Хартыя галаўнога мозга” на прыкладзе з Ц. Хатавелі. Юбілеі 2017 і 2018 гг.: М. Дыскін, Ш. Ліберман, Л. Маневіч і інш. Запланаваны канцэрт “Жоўтыя зоркі” ў Белдзяржфілармоніі.

 68 (25.12.2017). Лакальныя перамогі (выпраўленне надпісаў у публічных месцах). Дэградацыя “Народнай волі” і іншых выданняў, якія паддаліся ўціску В. Пракапені. Ацэнка дэкрэта № 8 пра блокчэйн, майнінг і токены. Развагі пра зборку ў Беларусі легкавых аўтамабіляў. Лю Сяабо пра кітайскую вытворчасць. Смяротная кара ў КНР і іншых краінах. “Рэгнумаўскі” працэс у Мінску і вірус істэрычных празмерных рэакцый. Страта былой міністаркай інфармацыі права на любыя кіраўнічыя пасады. Паводзіны А. Мяньковай, злоўленай на допінгу. Уражанні ад Магілёва. “Яўрэйскі” праект В. Сарокі. Новы рэстаран з кашэрнай кухняй у Мінску. Сустрэча С. Ландвер з паслом РБ. Каментарыі на tut.by да рашэння Д. Трампа перанесці пасольства ЗША ў Іерусалім.

№ 67 (18.12.2017). Неразумны выступ “галоўнага” да 100-годдзя ЧК і запіс старшыні КДБ РБ у гасцявой кнізе музея рэпрэсій. Прамова на з’ездзе навукоўцаў, параўнанне з эпізодам кнігі А. Салжаніцына. Зніжэнне колькасці даследчыкаў у Беларусі. Ідыёты яўрэйскага паходжання і глупствы ў газеце “Авив”. Блакаванне “Белорусского партизана”. Меркаванне Л. Фрыдкіна наконт ператварэння РБ у “ІТ-краіну”. Візіты ізраільскіх айцішнікаў у Беларусь. Рэакцыя на зварот, датычны часопіса “Штэрн”, з міністэрстваў інфармацыі і культуры. Развагі чытачоў. Зацягнутасць “справы рэгнумаўцаў”, пралікі ў экспертызах. Заявы В. Карач і сумнеўная статыстыка, прыведзеная ёю. Яўрэі на Першым усебеларускім з’ездзе 1917 г. Юбілеі Р. Бярозкіна і Э. Савікоўскага ў 2018 г., развагі А. Сідарэвіча пра Бярозкіна. Нарыс Ю. Канэ пра мужа.

№ 66 (12.12.2017). Успаміны пра ханукальныя дні 2007 г. Віншаванне з Ханукай ад пасла Ізраіля. Няздатнасць “яўрэйскай абшчыны” Беларусі выконваць ролю моста паміж РБ і Ізраілем. Эрозія сістэмы міжнароднага права ў 2017 г. 150-годдзе кнігі Ш. дэ Кастэра “Легенда пра Уленшпігеля”. Хваласпевы доктара гістарычных навук І. на адрас Цанавы, палеміка з ім. Партрэт выдавецтва “АіВ”. “Год навукі” ў РБ і традыцыйнае недафінансаванне навуковых сфер. Ідэя пра аналаг “Дысернета” для Беларусі. Патрэба ў “драйверы” для краіны; тлумачэнне, чаму ўратаванне навукі падыходзіць больш, чым памяць пра 1937 г. Показка ад skarnik.by. Навіны з музея “Полін”, лекцыя В. Міхедзькі, гастролі Бенькі ў Ізраілі, выхад кнігі П. Севярынца “Беларусалім”.

№ 65 (22.11.2017). Праект “(Не)расстраляная паэзія”. Спрэчкі вакол М. Кульбака. Абранне А. Лукашанца акадэмікам, успаміны пра яго дзейнасць. Пашырэнне беларускай мовы ў шахматнай супольнасці. Смеху вартыя цытаты з А. Лакоткі. Паказ кінастужкі “Зніклая паэзія” і яе шурпатасці. Выхад ідышнай кнігі Ф. Хаймовіча. Удакладненні да ранейшых тэкстаў. Уступленне Беларускай федэрацыі шахмат у маскоўскую АШФ. Згадка пра юбілей маэстра Д. Яноўскага ў 2018 г.

№ 64 (18.09.2017). Развагі пра серыял ды іншыя крыніцы інфармацыі. Моцныя бакі і расчараванні “Дня яўрэйскай культуры”. Пратэсты ў Мінску 8 верасня. Сістэма ручнога кіравання эканомікай. Эксцэсы ў РФ і адносны поспех “апазіцыі” на выбарах у мясцовыя саветы. Цэнзура ў культурным жыцці РБ. Нежаданне інтэлектуалаў бачыць рэальныя праблемы. Істэрыкі на роўным месцы. Палеміка з Г. Каспаравым. Вызваленне ў Азербайджане А. Лапшына па волі І. Аліева (або яго жонкі?). Назначэнне Д. Трампам новай прэс-сакратаркі, аналогія з Беларуссю.

№ 63 (29.08.2017). Прагулка па Мінску з А. Фурсам, недарэчнасці ў перакладзе на рускую мемуараў Г. Рэлеса. Электрамабілі ў Ізраілі. Праблемы ў ізраільскай сярэдняй адукацыі, адставанне Ізраіля ў галіне ўтылізацыі адкідаў. “Сто дзён” новага пасла Ізраіля ў Мінску. Арыентацыя ізраільцаў на існую ўладу, спрэчныя заявы нобелеўскай лаўрэаткі ў Гомелі. Планы стварэння турыстычнага комплекса ў Радуні. Як апёкся прадпрымальнік А. Кныровіч. Маючыя адбыцца гастролі ізраільскага тэатра юнага гледача ў Мінску. Аблудны падыход А. Шульмана да мінуўшчыны. Анонс вечарыны памяці Ю. Таўбіна і выхаду беларускамоўнага зборніка Х. Н. Бяліка. Навіна ад Л. Баршчэўскага пра тое, як беларускія ліцэісты прыбралі яўрэйскія могілкі ў Варшаве. Ідыш на сайце Ружанскага палацавага комплексу. Суд па справе М. Дзядка. Змены ў праўленні “галоўнага яўрэйскага саюза”, праблемы газеты “Авив”. Думкі пра “Дзень яўрэйскай культуры” ў Мінску.

№ 62 (12.08.2017). Юбілей беларускага кнігадруку, шахматны турнір у гонар гэтай даты. Стагоддзе Я. Брыля, урыўкі з яго твораў. Іудаіка ў Польшчы і Францыі, даробак К. Ле Фоль. Сайт belisrael.info як “творчая лабараторыя”. Кніга М. Акуліч пра ідыш. “Яўрэйскія экскурсіі” А. Фурса. Музей Х. Суціна пад Мінскам, працы перакладчыкаў з іўрыта, падрыхтоўка А. Дубініным новага перакладу “Зельманцаў” з ідыша. Расказ пра ізраільска-беларускага рабіна, якому не дае спакою тэма Курапатаў. Моцныя месцы яго лекцый.

№ 61 (23.07.2017). Пераезд у Ізраіль Э. Топаля, планы будаўніцтва ў Іерусаліме новай Нацыянальнай бібліятэкі. Прыватныя праблемы ў Ізраілі, ухіленне ад вайсковай службы, натацыя, прачытаная “ўхілістам” былым паслом Ізраіля ў РБ. Маралізатарства Ю. Зісера і слабыя месцы “Белавія”. Небяспека гульні з этнічнымі стэрэатыпамі. Кароткія ўспаміны пра М. Зверава з нагоды яго сыходу. Смерць Лю Сяабо, развагі пра Кітай і Азербайджан. Спыненне справы супраць М. Філіповіча, канструктыўнае рашэнне кіеўскага суда наконт вул. Шухевіча. Паведамленне Ю. Гарбінскага пра абарону дысертацыі, прысвечанай беларускім яўрэям.

№ 60 (20.06.2017). Юбілей усталявання дыпадносін Беларусі з Ізраілем, віншаванкі “першых асоб”. Спроба аналізу ад М. Стральца. Рост тавараабароту ў параўнанні з пачаткам 1990-х. Ідэалогія і “ценявая” частка ва ўзаемаадносінах. Імкненне лукашэнкаўцаў скарыстаць ізраільцаў. Паразуменне пасольства РБ у Ізраілі з “беларускім зямляцтвам”. Стан “зямляцтва” і ганаровая грамата для яго старшыні. Хлестакоўшчына ад “сонцападобнага”. Казусы з “непадстрыжанай травой” (2007), з Г. Магнезі і А. Лапшыным. Ізраілезнаўства ў Беларусі і беларусістыка ў Ізраілі.

Змест ранейшых серый гл. у №№ 60, 50, 40, 30, 20, 10.

Апублiкавана 09.01.2018  19:58

***

От редактора. В авторской серии КиМ В. Рубинчик высказывает свое личное мнение по различным вопросам, не всегда и во всем совпадающее с редакторским, что вполне нормально. Читателей же прошу писать на его адрес, указанный под каждой публикацией.

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (35)

Жыццё ўсё больш і больш дзівоснае… «Всё чудесатее и чудесатее», як сказала б кэралаўская Аліса (ёсць верагоднасць, што яе прыгоды ў Залюстроўі выйдуць асобнай белмоўнай кнігай у 2017 г.) або «всё тот же анекдот», паводле глускага газетчыка Навума Сандамірскага. Так ці іначай, каб тут існаваць, патрэбна жалезабетоннае пачуццё гумару.

Міністр адукацыі Жураўкоў, які хаваўся ад Ганны Канапацкай, а заадно ад нашых заўваг, 15.12.2016 зволены (ну, для яго сям’і гэта не так смешна, тым болей усё адбылося па-хамску, без папярэджання). На яго месца прызначылі чыноўніка 1964 г. нар., і таксама з юбілейным медалём, толькі не «70 год Перамогі ў вайне», а «60 год». От цікава, а ў чэргах іх пускаюць уперад, як франтавікоў?.. Нейкі час у міністэрстве, калі меркаваць паводле афіцыйнага сайта, увогуле панавала двоеўладдзе. Рускамоўная версія прадстаўляла аднаго таварыша, белмоўная – другога (cкрын ад 16.12.2016, 17:59).

Ну Гайдай жа самы настаяшчы: «Так што, выходзіць, у вас два міністры?» – «Выходзіць, два… І цябе вылечаць, і цябе вылечаць, і мяне вылечаць».

Дзіўна, што кудысьці падзяваліся аўтары сайта «Навінкі сёння», іх пляцоўка не абнаўляецца з канца верасня. Праўда, кіслотная атмасфера не спрыяе развіццю «сатырычна-парапалітычных» блогаў – у нас і праставатыя жарты па завядзёнцы не дужа цэняцца. Во натрапіў на рэцэнзію Міколы Хведаровіча, які ў 1958 г. адгукнуўся на дэбютны зборнік Уладзіміра Караткевіча:

«Верш “Вадарод”, цікавы па зместу і па-майстэрску выкананы, не задавальняе завяршэннем развагі. Вядома, што атамная энергія вынайдзена нашай навукай (! – В. Р.) не для знішчэння, а для росквіту чалавечага шчасця, але гэтая вынаходка выкарыстоўваецца капіталістамі супраць прагрэсу і дэмакратыі, для імперыялістычных захопніцкіх мэт. Аб гэтым паэт мог сказаць проста і выразна, а ён піша (цытуем радкі па зборніку «Матчына душа»):

Бы сарваўся вар’ят утрапёны і злосны

Прах старых гарадоў дасягае нябёс,

З дзіркай ў чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,

Плывуць горкія рэкі жаночых слёз.

Недарэчныя ў гэтым месцы і такія радкі:

У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,

(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах).

Такія жарты ў такім сур’ёзным месцы проста не да месца, бо гэты жарт сам па сабе знімае ўсю вастрыню выказанай думкі».

* * *

Пасля Чарнобыля і Фукусімы ведаем мы пра «росквіт чалавечага шчасця», і выходзіць, што Караткевіч востра прадчуваў бяду, а больш вопытны Хведаровіч – на жаль… Ды справа нават не ў гэтым, а ў шчырай перакананасці беларускага літаратара (не найгоршага, які да таго ж сам у 1932 г. досыць плённа жартаваў у зборніку «Ха»), што цноту з гарэзіяй вымешваць няможна…

У дадатак старэйшы калега, нядаўна выпушчаны з лагера, адлупцаваў «маладога» за жартаўлівы верш «Як размаўляюць звяры і птушкі»: «Чытаеш і дзіву даешся. Няўжо ў наш час гэта такая важная і вострая тэма, як размова жаб, вуркатанне галубоў і пеўня?»

Што б сказаў бедны Хведаровіч, пагартаўшы новы зборнік Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло», куды ўключаны, напрыклад, такія радкі пра дзённік Максіма Багдановіча:

Нацешымся дзівоснаю кабетаю,

Якой зачараваны быў Максім,

з Гагарыным узмыем над планетаю

і з Каліноўскім сумна павісім.

Напэўна, не паверыў бы анатацыі: «Іронія, гратэск, «чорны» гумар, давядзенне да абсурду, гульня словаў і сэнсаў здольныя не толькі выклікаць усмешку (у мяне дык і рогат – В. Р.), але нярэдка і задумацца над рознымі праявамі нашай зменліва-зманлівай рэчаіснасці (такі задумваўся – В. Р.)». Пайшоў бы шукаць печку-буржуйку…

Да чаго хілю – ахвяры і пакутнікі не заўсёды становяцца героямі, дарма што з іх раз-пораз лепяць герояў. Папраўдзе, дужа рэдка становяцца… Той жа Хведаровіч побач з іншым былым вязнем, Уладзімірам Дубоўкам, увосень 1958 г. у хоры з кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў БССР Броўкам, Глебкам ды інш. ганіў Пастарнака, хоць мог бы, напэўна, і прамаўчаць.

«Літаратура і мастацтва», 01.11.1958

Нядаўна Ганна Севярынец, шанавальніца і даследчыца творчасці аўтара «маёй шыпшыны», патлумачыла паводзіны свайго ўлюбёнага паэта: «Дубоўку… прымусілі выступіць на адным з такіх сходаў. Ён толькі нядаўна быў рэабілітаваны, таму не мог адмовіцца… Што зрабіў Дубоўка? Ён расказаў кітайскую легенду: «Адзін мастак сказаў: я зраблю цуд. Ён працаваў некалькі гадоў і стварыў маленькую малпачку. Вось тое самае зрабіў Пастарнак». Ці асудзіў ён Пастарнака? Вялікае пытанне… Калі слухаць выступ Дубоўкі, ведаючы Кітай так, як ведаў яго паэт, пачуем: Пастарнак сказаў, што зробіць цуд, і – зрабіў яго. Ясная рэч, ніхто з прысутных гэтага не зразумеў – і дзякуй богу».

На мой сціплы одум, сказаць так, што ніхто нічога не зразумеў, – усё роўна што не сказаць. У «сухой рэшце» засталося наступнае: надломленага пісьменніка нацкавалі на калегу і зафіксавалі гэта для публікі на старонках газет (пазней той жа трук удаўся з Васілём Быкавым, калі яго подпіс у 1973 г. фігураваў пад калектыўным лістом з асуджэннем Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава). Тут бачыцца найперш урок для моладзі ад партбосаў: калі нават такія «маманты», як Дубоўка і Быкаў, гнуцца, то загонім і вас у казіны рог – нават не спрабуйце «высоўвацца»…

У Беларусі тактыка выявілася паспяховай у тым сэнсе, што толькі адзінкі ў 1960-70-х наважваліся вольна выказвацца і дзейнічаць. Сярод іх быў ураджэнец Бабруйска Міхась Кукабака, якому нядаўна споўнілася 80. З іх каля 17 правёў у турмах, лагерах, вар’ятнях, так што яму ёсць што ўспомніць. Чалавек з няпростым характарам, як гэта вынікае з перапіскі на «Мы здесь» (не блытаць з «Мы яшчэ тут!») у 2005 г. Добра, што нарэшце выйшла і прэзентавана прысвечаная яму кніга. Цяпер Кукабака жыве ў Маскве і папярэджвае беларусаў пра небяспеку ад ворага, пуцінскай Расіі.

Cярод экс-сядзельцаў сучаснай Беларусі ёсць тыя, хто змагаецца, а ёсць тыя, хто піша кнігі пра сваё былое змаганне. Да апошніх, відаць, трэба аднесці і Андрэя Саннікава, згаданага ў 33-й серыі. Шэсць гадоў таму ён абяцаў «змяніць лысую гуму». Потым да вясны 2012 г. знаходзіўся за кратамі, адкуль у 2011 г. гукнуў, што ў снежні 2010 г. пры «чэсным» падліку галасоў мусіў выйсці ў другі тур з Лукашэнкам і па-ранейшаму лічыць сябе кандыдатам у прэзідэнты. Цяпер – недзе на Захадзе.

Я б, можа, не цікавіўся так паваротамі яго лёсу, каб не кніга Саннікава «Белорусская американка». Нейк сумна, калі чалавека, асноўным дасягненнем у палітыцы якога ёсць «Хартыя-97» (надоечы яна зноў папіярыла «Легендарнага генерала Булак-Балаховіча», акуратна адцэнзураваўшы арыгінал з «Гістарычнай праўды», дзе ёсць слова «погромщик», і заблакаваўшы мой камент пра ўдзел балахоўцаў у антыяўрэйскіх акцыях), прэзентуюць так: «Хочацца верыць, што калі-небудзь мой народ выбера іменна такога прэзідэнта. Выбера будучыню».

Пачытаў у бібліятэцы пісьмо 1949 г., падпісанае бацькам палітыка Алегам Саннікавым, і знік яшчэ адзін козыр Андрэя Алегавіча, 1954 г. нар. («патомны інтэлігент»). Газета «Сталинская молодежь», 23.03.1949:

Яшчэ былі заявы пра адну з найлепшых беларускіх п’ес («Тутэйшыя» Янкі Купалы) тыпу «камедыя гэта супярэчлівая і ідэйна невыразная», спасылкі на такіх аўтарытэтаў у галіне тэатразнаўства, як Сталін і Маа Цзэдун (ужо ў кнізе 1961 г.). На даволі хісткім падмурку быў пабудаваны дабрабыт сям’і С. у савецкую эпоху. Ясная рэч, нашчадкі не абавязаны крочыць сцяжынамі продкаў, і дэ-юрэ прэтэнзій быць не можа, але мне блізкая думка Дзмітрыя Быкава аб тым, што «мы адказваем за грахі бацькоў», прынамсі ў маральным плане. Падобна, «творчую спадчыну» бацькі былы лукашэнкаўскі чыноўнік не адрэфлексаваў, без чаго цяжка было спадзявацца на прагрэс у палітыцы. Можа, зараз?..

Дапраўды, што замінае папрасіць прабачэння ў нашчадкаў сусветна вядомага фалькларыста Льва Барага (ён не загінуў, аднак пасля 1949 г. быў вымушаны з’ехаць у Башкірыю)? Калі гэты акт будзе шчырым, то я ўпэўнены, што Андрэй Саннікаў яшчэ здолее «ўскочыць у цягнік», рэальна вярнуцца ў палітыку.

* * *

Набліжаецца Новы год, карціць падвесці вынікі. Стрэлка сімвалічнага «гадзінніка Суднага дня», прыдуманага ў 1947 г. навукоўцамі з Чыкагскага ўніверсітэта (блізіня да 12 сімвалізуе небяспеку), стаіць усяго ў трох мінутах ад крытычнага моманту… Так блізка яна не знаходзілася з 1984 г. На гэтым фоне мясцовая мітусня, асабліва перастаноўкі чыноўнікаў, істотна блякне. I ўсё ж выкажу сваё стаўленне да кампаніі за адстаўку міністра ўнутраных спраў, якога папракаюць, сярод іншага, і тым, што «засвяціўся» на парадзе 9 мая 2015 г. у форме камісара НКУС. Ён і канспіролаг – лічыць, што супраць міністэрства, як самай моцнай галіны ўлады, вядзецца мэтаскіраваная кампанія дыскрэдытацыі (звычайна, дадам ад сябе, удары наносяцца якраз па слабейшых кропках). Каментатары, пачынаючы ад Юрыя Зісера, небеспадстаўна заўважылі, што дыскрэдытуюць сябе «органы аховы парадку» перадусім самі.

Ужо не адзін месяц збіраюцца подпісы пад петыцыяй да Лукашэнкі, каб зволіў міністра… Не набралося і 1500. Там, дзе людзі звяртаюцца да міністра і пералічваюць вапіюшчыя факты, прапануючы яму «навесці парадак» або добраахвотна пайсці ў адстаўку, справы крыху лепшыя – лік падпісантаў набліжаецца да 5000.

Шансаў, што петыцыі спрацуюць, няшмат, мо 0,01%. Зараз я рэдка ўдзельнічаю ў справах, пра якія загадзя ведаю, што поспеху не будзе. Дый міністры ў цяперашняй сістэме – пешкі, не кажучы пра большасць чыноўнікаў ніжэйшага рангу (тыя – проста клеткі на шахматнай дошцы). Вопыт як бы намякае, што асноўныя рычагі кіравання крэпка трымае адміністрацыя, а пры ёй – Савет бяспекі, дзе куды большую вагу мае чалавек з імем Віктар. Тое, што Віктар Аляксандравіч у 30 гадоў стаў памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і застаецца ім дасёння, нягледзячы на сумневы ў яго кампетэнтнасці (асабліва пасля выбуху ў мінскім метро ўвесну 2011 г.), ёсць куды большай праблемай, чым «касякі» асобных службоўцаў. Зацята змагацца з аматарам святочных маскарадаў – значыць не глядзець у корань.

Што да партыйца, які ўзяў міністэрства адукацыі – на першы погляд ён выглядае цемрашалам (напрыклад, 07.11.2016 у якасці «віцэ-мэра» адкрываў помнік Леніну ля Трактарнага завода), аднак наўрад ці здолее абваліць сістэму больш, чым ужо абвалена. Хіба стане больш камуністычных суботнікаў, будзе вернута абавязковая школьная форма (таварыш К. пра гэта даўно марыў). З іншага боку, прасочваецца заканамернасць: чыноўнічкі – за выняткам аднаго-двух – займаюцца ў нашай краіне зусім не тым, што любяць і ўмеюць. «Лібералаў» шэф прымушае (ладна, самі згаджаюцца) «біць па штабах», а цемрашалаў – гуляць у лібералізм. Карацей, не ўсе страхі ад прыходу першага сакратара ЦК КПБ ва ўрад цалкам абгрунтаваны. І я застаюся на сваёй пазіцыі канца 2015 г.: Беларусь ужо шмат гадоў аб’ектыўна не савецкая краіна. Восем дэпутатаў ад кампартыі ў палаце прадстаўнікоў узору 2016 г. (са 110), нават са сваім хлопцам ва ўрадзе, не вернуць нас ні ў сталінскі, ні ў брэжнеўскі «сацыялізм»: дзікі капіталізм у нас у асноўным пабудаваны. Ура, таварышы?..

Вольф Рубінчык, г. Мінск

16.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 16.12.2016  20:38