Перапіска наконт “лістападаўцаў”

Год таму пайшоў з жыцця вядомы беларускі гісторык Уладзімір Віктаравіч Ляхоўскі (1964–2021). Прапаную некаторыя яго лісты (мэйлы), прысланыя ў 2015 г. у адказ на мае запытанні. Арфаграфія арыгіналаў збольшага захаваная, выпраўлены толькі яўныя апіскі.

В. Р.

Фота адсюль

Жнівень

Вітаю Вас, паважаны Уладзімір Віктаравіч! Прачытаў Вашу кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў” 2015 г. выдання, вельмі цікавая і змястоўная. Адно пытанне не дае спакою: што за словы выкрэслены з “лістападаўскай” улёткі, якая прыведзена на с. 189 (і на вокладцы)? Ці не пра “жыдоў” і “жыдоўскую ўладу” там вялося?

З найлепшымі зычэннямі,

Вольф Рубінчык.

***

Добрага дня, шаноўны Вольф!

Выбачаюся, што не адказаў адразу на Вашы першы ліст. Я быў тады не ў Менску.

З Вамі знаёмы завочна. Ведаю Вашы змястоўныя працы па гісторыі шахмат. Вельмі цікавыя!

“Лістападаўскія” ўлёткі, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Архіве КДБ, мне перадаў, здаецца, Іван Саверчанка (дакладна не помню). Фрагменты адозвы былі ўжо тады замазаны. Відаць па ўсяму, што яны мелі антысеміцкі змест. Можаце ў мяне запытацца, чаму я раблю герояў з антысемітаў. Гэта складанае пытанне. З боку “лістападаўцаў” гэта быў не расізм ці шавінізм. Гэты “антыжыдоўскі” пасаж меў сацыяльны напрамак. Асноўная частка яўрэйскага мяшчанства, што складала асноўны кантынгэнт насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак, у першыя гады савецкай улады было захопленае камунізмам. У той час, калі мясцовыя абшарнікі і заводчыкі пры новай уладзе гублялі свае капіталы, прадпрыемствы і фальваркі, а сялянства стагнала ад непамерных падаткаў, сацыяльнае, палітычнае і матэрыяльнае становішча дробных гандляроў і рамеснікаў за гэты час не пагоршылася, а нават некалькі палепшылася. Бальшавізм вызваляў апошніх ад нацыянальнага прыніжэньня, які яны несьлі за царскім часам, часам бараніў ад пострэвалюцыйных пагромаў, уздымаў іх сацыяльны статус. Для спрытнай яўрэйскай моладзі, выхадцаў з беларускае правінцыі, атрымаўшых адукацыю ў ранейшых казённых расійскамоўных школах, пры новай уладзе адкрывалася шырокая дарога для кар’ернага росту ў савецкім дзяржаўным апараце. Яўрэі пераважалі там у беларускіх гарадах і паветах, і, у пэўным сэнсе, з’яўляліся “тварам” новай улады. Да гэтага прымешваўся і натуральны яўрэйскі нацыяналізм. У мяне ёсць пратаколы паседжання прафбюро студэнтаў факультэта грамадскіх наук БДУ, дзе 97% актывістаў складалі габрэі. Пасяджэнне вялося на ідыш. Разглядалася пытанне аб выключэнні студэнтаў-сялян са студэнтаў, з-за таго што бацькі іх былі адзіналічнікамі і не мелі права вучыцца бясплатна. Пасяджэнне прагаласавала за выключэнне. Тры няшчасных студэнта нават не зразумелі, што іх выключылі, бо, натуральна, не ведалі ідыш. Ішоў 1923 год.

Зразумела, што не яўрэі-функцыянеры розных узроўняў вызначалі напрамкі гэтай палітыкі. Вызначаў бальшавіцкі інтэрнацыянал. Але на вёсках сярод функцыянераў яўрэі пераважалі і з’яўляліся праваднікамі гэтай палітыкі. “Антыжыдоўства” “лістападаўцаў” — пэўны паказнік іх палітычнай нязрэласці, а не выкрышталізаваная ідэйна-палітычная праграма, накіраваная супраць яўрэяў як этнічнай супольнасці.

Гэта складаная і балючая тэма, якая патрабуе асобнай кніжкі.

Я быў шчыры ў сваіх думках.

Усяго найлепшага,

З павагай і прыхільнасцю, Уладзімер Ляхоўскі

***

Вітаю, сп. Уладзімір!

Дужа ўдзячны за адказ. Я помню, што Вы спасылаліся на маю кнігу 2012 г. у артыкуле пра польска-савецкую мяжу, і цаню гэта.

Наконт “антыжыдоўства” лістападаўцаў… Захацелася адгукнуцца на Вашу працу, паразважаць на балючую (цалкам згодзен) тэму. Верагодна, як буду крыху вальнейшы, так і зраблю, і прапаную свае нататкі сайту belisrael.info. Ці можна ў такім разе спаслацца на Ваш ліст?

Усяго найлепшага,

Вольф.

***

Дарагі Вольф! Я вельмі не хацеў бы праслыць сымпатыкам “культурнага антысемітызму”. У мяне, як і ў маёй сям’і ніколі не было праяваў нават бытавога антысемітызму. Калі зневажаюць і крыўдзяць габрэяў, то я станаўлюся 100% “жыдом”. Вы вольны рабіць так, як падказвае Ваша годнасць і розум. Гэта вельмі балючая і дэлікатная тэма і не толькі для яўрэяў.

З павагай і прыхільнасцю, Уладзімір Ляхоўскі.

PS. Хацеў нагадаць такі факт: верш Янкі Купалы “Усебеларускія жыды” напісаны пад уражаннем пастановы рэгіянальнага сіянісцкага з’езду ў Менску ў пачатку 1920 г. (падчас польскай акупацыі), які выказаўся супраць палітычнай самастойнасці Беларусі. Для мяне Купалаў верш — гэта ўзор беларускага высакародства і сапраўднага гуманізму. І я кіруюся заўсёды Купалавай зоркай. Праслухаў Вашу размову са Жбанковым. Мне ўпадабала Ваша ўраўнаважанасць і разважлівасць пры абмеркаванні складанай праблемы.

З найлепшымі пажданнямі, Уладзімір Ляхоўскі.

***

Купалаўскі верш “Жыды!..” быў напісаны крыху раней за пачатак 1920 г. (недзе мАю фотакопію з газеты 1919 г. – хіба ў лістападзе яго ўпершыню апублікавалі, гэта можна ўдакладніць).

Гутарка з [Максімам] Жбанковым адбылася ў 2012 г., ужо і не помню добра, штО казаў і як. Помню, калі запрашалі, то была заяўлена адна тэма, а выпала абмяркоўваць іншую.

З павагай і пажаданнямі добрай ночы,

Вольф Рубінчык.

***

Адносна даты, Вольф, я памыліўся… абаперся на памяць, але акалічнасці яго напісання праўдзівыя… Я знайшоў гэтыя звесткі ў архіве. Рукі не даходзяць пакуль напісаць пра гэта.

Са Жбанковым у меня была тая ж гісторыя… 🙂

Верасень

Вітаю, сп. Уладзімір!

Вы мне пісалі: “З боку “лістападаўцаў” гэта быў не расізм ці шавінізм… “Антыжыдоўства” “лістападаўцаў” — пэўны паказнік іх палітычнай нязрэласці, а не выкрышталізаная ідэйна-палітычная праграма, накіраваная супраць яўрэяў як этнічнай супольнасці”.

Папраўдзе, маю сумневы. Учора паглядзеў у Нацыянальнай бібліятэцы № “Беларускай газэты” за 25 сакавіка 1943 г. Рыгор Крушына так злосна пісаў пра жыдоў і суддзяў-“жыдоўскіх лёкаеў”, дарма што прайшло 17 гадоў… Апрача таго, ён спаслаўся на часопіс “Наша слова”, дзе буйнымі літарамі быў напісаны лозунг “Зьнішчайма бальшавікоў і жыдоў!”, і на ліст Мяцельскага да Макарэні: “Перш-на-перш – тэрор ворагам беларускага народу. Прыйдзе час, калі на Беларусі ня будзе ніводнага жыда… Дзень ачышчэньня нашай зямлі ад жыдоўскае погані я назаву багаславеньнем”.

Па-мойму, гэтыя цытаты якраз сведчаць пра наяўнасць акрэсленай праграмы, што абапіралася на прынцыпы антыбальшавізму і юдафобіі. Калі б у “лістападаўцаў” у 1920-х гг. дайшло да справы, то рэальна пацярпелі б не члены ЦК КПБ, а яўрэі з суседніх мястэчак, у тым ліку далёкія ад палітыкі.

Выбачайце ўжо, не згодзен я лічыць асуджаных лістападаўцаў “шчырымі беларускімі патрыётамі” (с. 191 Вашай кнігі), без віны абвінавачанымі. Думаю, што заклікі да тэрору пацягнулі б судовую адказнасць у любой краіне свету, тым больш у 1920-я гг., калі чалавецтва ледзь ачомалася ад сусветнай вайны.

З найлепшымі зычэннямі,

Вольф.

***

Вітаю, Вольф!

Я добра ведаю гэтую публікацыю і, мякка кажучы, не моцна давяраў бы тым сведчанням Рыгора Казака (Крушыны) у “Беларускай газэце”… — г.зн. перыяду нацысцкай акупацыі, дзе антысеміцкая тэма была дамінуючай. Я яе не выкарыстоўваў, бо гэта вельмі сумніўная крыніца. Па-другое, гэты чалавек, Рыгор Казак, пайшоў на супрацоўніцтва з оpганамі ГПУ і даў паказанні супраць былых паплечнікаў. Не думаю, што пасля свайго апраўдання на судзе і выхаду з вязніцы ён хаваў у сябе нейкія лісты Мяцельскага ці абвесткі. Гэта было б раўнаважна самазабойству. Абапіраючыся на ўскосныя дадзеныя, я меркую, што Рыгор Казак у тым памятным 1925 г. быў завербаваны ГПУ ў якасці сэксота. Артыкул здрадніка і сэксота ў калабаранцкай газэце з яўным антысеміцкім пахам — гэта не дакумент. Пытанне, калі ж ён быў шчырым і праўдзівым: у 1925 г. ці ў 1943-м. Я прызнаю сваю пазіцыю памылковай і папрашу прабачэнне ў яўрэйскай грамады, калі такі ліст Мяцельскага з заклікам да фізычнага знішчэння яўрэяў ці іншыя дакумэнты такога ж пагромнага зместу будуць выяўленыя і апублікаваныя. Я чамусь думаю, што ад гнуснай правакацыі Крушыны не быў пакараны “ў адместку” ні адзін яўрэй. Г.зн. пасля такога пасквілю ні адзін актывіст СБМ не далучыўся да вышуку і знішчэння апошніх ахвяраў Халакосту. Пастрадаў толькі адзін чалавек. Пасля публікацыі Крушыны (абачліва схаваўся пад псеўданімам) карным партызанскім аддзелам быў вышуканы ў роднай вёсцы і расстраляны Нічыпар Мяцельскі. І гэтаму ёсць дакументальнае пацвярджэнне. У мяне ёсць рукапісны часопіс “лістападаўцаў” “Наша слова”. Там няма ані намёка на антысеміцкую рыторыку, там няма заклікаў знішчаць яўрэяў. Там дастаткова сур’ёзныя тэксты з абгрунтаваннем змагання з бальшавізмам. Многія артыкулы з гэтага выдання апублікаваны ў “Спадчыне” (здаецца ў 1998 г.).

З павагай і прыхільнасцю, Уладзімер Ляхоўскі.

Абзацы з кнігі “Ад гоманаўцаў да гайсакоў”, с. 181, 191-192

***

Фрагменты перапіскі я змясціў у сваім водгуку на кнігу Ляхоўскага, апублікаваным на belisrael тады сама, у 2015 годзе (у 2018-м перадрукаваў той водгук – разам з меркаваннем Анатоля Сідарэвіча – у кніжцы “Выбраныя катлеты і мухі”). На жаль, дыскусія з Уладзімірам Віктаравічам развіцця не атрымала; прасіў я даць пачытаць “лістападаўскія” сшыткі “Нашага слова”, ён ухіліўся… А цяпер нават не ведаю, каго прасіць.

Апублiкавана 06.09.2022  14:22