«Ад гоманаўцаў да гайсакоў». Яўрэйскі аспект

 Liakhouski1  Liakhouski2

Сёлета ў Смаленску пабачыла свет 2-е, папраўленае і дапоўненае выданне кнігі знанага беларускага гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага (гл. пра яго: https://be.wikipedia.org/wiki/Уладзімір_Віктаравіч_Ляхоўскі ) «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. – 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)». Будучы аматарам мінуўшчыны і не ставячы cабе за мэту напісаць поўнавартую рэцэнзію, скажу, што кніга падалася мне цікавай, грунтоўна падрыхтаванай. У ёй гаворыцца не толькі пра Беларусь, а і пра Расію, Украіну, Эстонію, Польшчу, Латвію – краіны, дзе «навучалася шмат ураджэнцаў беларускага краю».

Зразумела, і ў маладзёжных суполках былі яўрэі (куды ж без нас?), і сутыкаліся гэтыя суполкі з яўрэямі, і пэўнае стаўленне да іх выпрацоўвалі. Абмяжуюся некалькімі цытатамі з кнігі, у якой больш за 400 старонак.

Ужо cярод «гоманаўцаў», г. зн. групы беларускіх народнікаў, сфармаванай у 1880-х гг. у Санкт-Пецярбургу, вызначыўся былы сябар Віцебскага студэнцкага зямляцтва Хаім-Ізраіль Ратнер. «У канцы сакавіка 1884 г. царскія жандары выйшлі на актывістаў “Гоману”. Арышты Х. Ратнера, ягонай сястры… не спынілі дзейнасці Беларускай групы “Народнай Волі”», – напісаў аўтар. Тут хочацца дадаць, што ў часопісе «Гоман» згадваліся стасункі беларусаў і яўрэяў, паяднаных лёсам.

Фігуравалі яўрэі і ў менш радыкальным асяродку менскай моладзі 1880-х гг., які «стаяў на пазіцыях ліберальнага народніцтва. Па сваім складзе ён быў інтэрнацыянальны – у яго ўваходзілі не толькі беларусы, але і габрэі, палякі, літоўцы, расейцы…»

А вось факт, які сведчыць пра адносіны спаборніцтва ў культурнай сферы, бо спорт – праява культуры ў шырокім сэнсе: «У Мінску першы аматарскі футбольны матч адбыўся 29 чэрвеня 1913 г. паміж камандай мясцовых гімназістаў “Алімп” і габрэйскай “Макабі”. З лікам 3:0 перамаглі больш спрактыкаваныя гімназісты».

Увосень 1914 г. актывісты Мінскага саюзу моладзі арганізавалі дабрачынныя канцэрты ў губернатарскім садзе. Выступілі оперная спявачка Аляксандра (Ганна) Мейчык і піяніст Артур Рубінштэйн. «Думаецца, што запрасіць на свае канцэрты такіх славутых музычных зорак дапамаглі ўплывовыя габрэйскія прадпрымальнікі», – выказаўся Ул. Ляхоўскі. Ён заўважыў, што ў выданні літаратурнага альманаха «Провинциальная луна» (1915) «дэбютаваў вядомы беларуска-габрэйскі паэт і перакладчык Барыс Лейцін». Дарэчы, «абеларушванне» Б. Лейціна (1893–1972), ураджэнца Яраслаўскай губерні, які ў 1918 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, сядзеў на Салаўках і скончыў жыццё ў Расіі, выглядае крыху штучным.

На с. 169 аўтар апублікаваў здымак шыльды з галоўнага корпуса БДУ 1924 г., дзе тэкст пададзены на дзвюх мовах: беларускай і ідышы. Пазнака «друкуецца ўпершыню» выклікала сумнеў, помню гэты здымак яшчэ з кнігі Арона Скіра «Еврейская духовная культура в Беларуси» (Мінск: Мастацкая літаратура, 1994). Але не пра тое гаворка, вядома ж.

На с. 203–204 прыводзяцца лічбы, паводле якіх у першыя гады існавання БДУ студэнтаў-яўрэяў было прапарцыйна больш, чым яўрэяў у насельніцтве БССР: на факультэце грамадскіх навук – каля 60%, на медычным факультэце – больш за палову. Дый сярод навучэнцаў старэйшых класаў сямігодак БССР «беларусаў было каля 44%, у той час як габрэяў – 37%, расійцаў – меней за 14%… Можна канстатаваць, што “пладамі рэвалюцыі” найлепшым чынам скарысталіся не беларусы, большасцю сваёю выхадцы з вёскі, а прадстаўнікі гарадскога і местачковага мяшчанства небеларускага паходжання», – не без скрухі канстатаваў аўтар. Ён лічыць, што «перакосы ў сацыяльнай і школьнай палітыцы савецкай дзяржавы дэфармавалі і абвастралі міжнацыянальныя дачыненні ў БССР, правакавалі антысеміцкія настроі». Ці можна згадзіцца з гэтымі развагамі, якія падштурхоўваюць да высновы «яўрэі, што прагнулі навукі, самі вінаваты ў існаванні антысемітызму», няхай кожны вырашыць самастойна. Асабіста мне яны здаюцца дужа спрэчнымі.

Дыскрымінацыю беларусаў шаноўны гісторык заўважыў і ў Гомелі ды Гомельскай губерні, якая ў пачатку 1920-х гг. уваходзіла яшчэ ў склад Расіі: «Летам 1922 г. у Гомелі арганізавалася беларуская секцыя пры губернскім аддзеле народнай адукацыі ў складзе… адной штатнай адзінкі (!) “І таго зашмат!” – “пажартаваў” загадчык аддзела Нэйман». З іншага боку, быў «габрэйска-беларускі музычны дзеяч» Арон Згірскі, які ў 1920 г. стаяў ля вытокаў знакамітага школьнага хору ў Віленскай беларускай гімназіі. Пазней, ужо пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, навучэнцы гімназіі «штораз арганізоўвалі сумесныя інтэрнацыянальныя вечарыны» – «з літоўцамі, габрэямі, сябрамі польскіх маладзёвых суполак…»

У кнізе даволі шмат гаворыцца пра маладзёжныя арганізацыі Заходняй Беларусі (нават больш, чым пра аналагічныя арганізацыі ў БССР, у 1920-я гг. пераведзеныя пад кантроль кампартыі). Аўтар заўважае, што ў 1930-я гг. сярод польскага студэнцтва і школьніцтва «ўзмацніліся шавіністычныя і антысеміцкія настроі», але «Беларускі студэнцкі саюз у Вільні выказаў сваю салідарнасць з габрэйскім студэнцтвам». Ул. Ляхоўскі прыводзіць прыклад актывіста БСС Усевалада Караля, які «падчас лекцый дэманстрацыйна садзіўся з габрэйскімі студэнтамі на адну лаву». Я б дадаў, што і яўрэі (не ўсе, канешне; з другога боку, і ў БСС хапала розных людзей) выказвалі салідарнасць з беларусамі. Выпала прачытаць у віленскім часопісе «Шлях моладзі» (№ 14, 1937) пра «Прыгожы паступак жыдоўскай моладзі»: дэлегацыя адной з яўрэйскіх сярэдніх школ Вільні прынесла ў рэдакцыю 7 зл. 50 гр. на дапамогу беларускай вучнёўскай моладзі. Рэдакцыя завяршыла нататку так: «Маладым жыдоўскім ахвярадаўцам складаем шчырую падзяку. Аб іхным прыгожым паступку моладзь беларуская будзе памятаваць».

Паблажліва ў кнізе «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» гаворыцца пра арыентацыю часткі беларускіх актывістаў (групы Вінцэнта Гадлеўскага) на вось «Берлін – Рым – Токіа»: маўляў, гэта было іх «палітычнай памылкай, а не маральным выбарам», а «найбліжэйшы супрацоўнік Гадлеўскага, тады яшчэ 28-гадовы Вацлаў Папуцэвіч (Пануцэвіч) усведамляў небяспеку збочвання еўрапейскай цывілізацыі да таталітарызму…». Выглядае, што стаўка названых асоб на «дэмакратычныя каштоўнасці» аўтарам абгрунтавана не ў поўнай меры. Прынамсі гэты самы В. Папуцэвіч пасля вайны і Катастрофы ўжо на эміграцыі спрабаваў нацкаваць літаратара Юрку Віцьбіча на яўрэяў, разыграць ксенафобскую карту. Як вынікае з адказу Ю. Віцьбіча (які ў час вайны пісаў артыкулы, мякка кажучы, далёкія ад юдафільства), ён не паддаўся на правакацыю: «Вы прапануеце мне ашэльмаваць на старонках «Беларуса» Л. Прокшу , з прычыны яго… жыдоўскага паходжаньня. Я ня зусім упэўнены ў тым, што ён жыд, але каб ён і запраўды гэткім зьяўляўся, дык менавіта ў тым яшчэ ня бачу нічога ганебнага для яго асабіста, як і шкоднага для нашае нацыянальнае справы…» (ліст 1970 г. цытуецца паводле кнігі Лявона Юрэвіча «Жанры» – Мінск: Кнігазбор, 2013, с. 338).

Але найбольш спрэчна ў кнізе «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» гучыць расповед пра групу «лістападаўцаў», асуджаных у Менску ў 1926 г. (с. 179-193). Гэтыя, паводле Ул. Ляхоўскага, «шчырыя беларускія патрыёты» (с. 191), пасланыя за краты ў выніку «судзілішча», пашыралі на Случчыне лістоўкі антыбальшавіцкага зместу. Лістоўкі прыведзены ў копіях, і праблема ў тым, што яны скіраваны не толькі супраць бальшавікоў, а і супраць яўрэяў ды гараджан увогуле. Цікава, што ў тэксце «Сяляне годзі вам спаць! Годзі ездзіць па вашым карку жыдам ськіньце ўсіх!» слова «жыдам» замазана (і на с. 189, і на 4-й старонцы вокладкі), ды я расчытаў яго. Звярнуўся па тлумачэнні да аўтара, і вось што ён адказаў у канцы жніўня 2015 г.:

“Лістападаўскія” ўлёткі, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Архіве КДБ, мне перадаў, здаецца, Іван Саверчанка (дакладна не помню). Фрагменты адозвы былі ўжо тады замазаны. Відаць па ўсяму, што яны мелі антысеміцкі змест. Можаце ў мяне запытацца, чаму я раблю герояў з антысемітаў. Гэта складанае пытанне. З боку “лістападаўцаў” гэта быў не расізм ці шавінізм. Гэта “антыжыдоўскі” пасаж меў сацыяльны напрамак. Асноўная частка яўрэйскага мяшчанства, што складала асноўны кантынгэнт насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак, у першыя гады савецкай улады было захопленае камунізмам. У той час, калі мясцовыя абшарнікі і заводчыкі пры новай уладзе гублялі свае капіталы, прадпрыемствы і фальваркі, а сялянства стагнала ад непамерных падаткаў, сацыяльнае, палітычнае і матэрыяльнае становішча дробных гандляроў і рамеснікаў за гэты час не пагоршылася, а нават некалькі палепшылася. Бальшавізм вызваляў апошніх ад нацыянальнага прыніжэньня, які яны несьлі за царскім часам, часам бараніў ад пострэвалюцыйных пагромаў, уздымаў іх сацыяльны статус. Для спрытнай яўрэйскай моладзі, выхадцаў з беларускае правінцыі, атрымаўшых адукацыю ў ранейшых казённых расійскамоўных школах, пры новай ўладзе адкрывалася шырокая дарога для кар’ернага росту ў савецкім дзяржаўным апараце. Яўрэі пераважалі там у беларускіх гарадах і паветах, і, у пэўным сэнсе, з’яўляліся “тварам” новай улады… “Антыжыдоўства” “лістападаўцаў” – пэўны паказнік іх палітычнай нязрэласці, а не не выкрышталізаная ідэйна-палітычная праграма, накіраваная супраць яўрэяў як этнічнай супольнасці. Гэта складаная і балючая тэма, якая патрабуе асобнай кніжкі.

 «Лістападаўцам» было па 18-20 гадоў, і часткова іх заклікі сапраўды можна было б спісаць на няспеласць (што, відаць, і зрабілі суддзі ў 1926 г., асудзіўшы большасць актывістаў на 3 гады; у 1927 г. асуджаныя былі амніставаны да 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі). Але адзін з былых «лістападаўцаў» Рыгор Казак у 1943 г. напісаў у калабаранцкую «Беларускую газэту» артыкул пра судовы працэс 1926 г., у якім не без гонару (пазіцыі немцаў выглядалі яшчэ трывалымі) паказаў, што антысемітызм юнакоў не меў выпадковага характару, а быў адным з прынцыпаў іхняй дзейнасці.

Не хацелася б папракаць шаноўнага даследчыка, пагатоў ён дэкларуе: «У мяне, як і ў маёй сям’і, ніколі не было праяваў нават бытавога антысемітызму. Калі зневажаюць і крыўдзяць габрэяў, то я станаўлюся 100% “жыдом”». У той жа час падобна, што ён (пакуль?) трымаецца даўніх стэрэатыпаў і хоцькі-няхоцькі прыменшыў маштаб юдафобскіх настрояў у некаторых асяродках беларускай моладзі. Цікава было б пазнаёміцца з яго яшчэ не створанай кнігай пра беларуска-яўрэйскія дачыненні; мо выйдзе «наш адказ Салжаніцыну».

Між іншага, хто такія «гайсакі»? Ідзецца аб маладзёжным таварыстве «лясных выведнікаў» (скаўтаў), якое ў канцы 1920-х спрабаваў арганізаваць у Вільні яшчэ адзін станоўчы персанаж працы сп. Ляхоўскага – Уладзіслаў Казлоўскі, «адстаўны паручнік польскага войска, больш вядомы ў беларускім грамадскім асяродку як паэт і рэдактар-выдавец». Наўрад ці хто стане адмаўляць арганізатарскія заслугі гэтага «беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча», аднак яшчэ больш ён вядомы – з сумнага боку – тым, што ў сярэдзіне 1930-х разам з Фабіянам Акінчыцам узначаліў беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю, а ў акупацыйным Мінску рэдагаваў вышэйзгаданую «Беларускую газэту», якая ўсцяж падтрымлівала нацысцкую палітыку, у прыватнасці, вынішчэнне яўрэяў.

Наколькі я зразумеў майго карэспандэнта, ён раіць звяртаць увагу перадусім на тое, што нас аб’ядноўвае: паводле яго звестак, ратавалі яўрэяў у вайну, напрыклад, актывіст беларускага Камітэта Самапомачы ў Празе Васіль Русак (гэта адзначана ў «Споведзі» Ларысы Геніюш), Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, Міхась Маскалік, святар Аляксандр Коўш. Я перакананы, аднак, што помніць трэба і светлае, і цёмнае. На жаль, Ул. Ляхоўскі, зазначыўшы, што адзін з уратаваных Русаком яўрэяў у 1945 г. выдаў «калабаранта» СМЕРШу, не пажадаў падзяліцца са мною копіямі дакументаў, якія пацвердзілі б факт выдачы-«здрады».

Вольф Рубінчык

rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 30.09.2015

 PS. Кнігу «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. – 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)» можна замовіць праз сайт arche.by.

PPS. Меркаванне А. М. Сідарэвіча, вядомага даследчыка гісторыі і літаратуры Беларусі пачатку ХХ ст. (гл.: https://be.wikipedia.org/wiki/Анатоль_Міхайлавіч_Сідарэвіч ) пра «лістападаўцаў», запісанае па просьбе карэспандэнта belisrael.info:

Маладыя былі і дурныя, не абстраляныя, не загартаваныя. Дый якая асаблівая адукацыя была ў іх?

Тут і такая рэч. Да вясны 1917 габрэі і беларусы жылі побач, але не разам, адносіны былі часцей дзелавыя, а не грамадзянскія. Было два грамадствы: у кожнага свая рэлігія, свае духоўныя настаўнікі, свой духоўны суд (разводы і інш.), свае пачатковыя школы.

Дзе адбываліся цесныя кантакты хрысціянскіх і іудзейскіх хлопцаў? У гімназіях, ВНУ, у падпольных структурах. Таму менш за ўсё антысэмітызму (біялагічнага, бытавога) было ў адукаваных колах, у палітычных партыях кадэтаў і сацыялістаў. (У адукаваных колах быў затое ідэйны антысэмітызм.)

І вось раздзельнаму існаванню дзвюх абшчын прыходзіць канец, асабліва пасля бальшавіцкага перавароту. Што раней было? Валасны старшына і пісар – праваслаўныя, настаўнікі – таксама, павятовае начальства – таксама. І так да самага верху. А тут з прычыны грамадзянскай роўнасці, з прычыны ангажаванасці ў палітычныя партыі, з прычыны большай адукаванасці ў воласці, павеце, губерні побач з Іван Іванычамі і Станіславамі Браніславічамі – нечуваная рэч – з’явіліся Абрамы Хаймавічы. Спаганяюць падаткі, займаюцца палітычным сыскам, судзяць у судах… Ну, не стаў габрэй у вокамгненне сваім, не інтэграваўся, яшчэ не пераадолена псіхалагічная мяжа. Вунь у Францыі ад часу Вялікай рэвалюцыі прайшло сто год, ад часу Карсіканца, які, як я чытаў, не быў антысэмітам, прайшло амаль 100 год, а справа Дрэйфуса з’явілася, мутная хваля пайшла.

Была, па-мойму, і прадуманая палітыка Масквы. Чаму кіраўнікамі ГПУ і НКВД у Беларусь прысылалі амаль выключна габрэяў?

Была і спецыфіка. Іван Іванавіч Антановіч, размаўляючы са мною пра падзеі 1930–1934 гг., прымружыўшы вока, пытаўся: якая нацыя была найбольш прадстаўлена ў КП(б)Б? Так, габрэяў быў вялікі працэнт, таму яны былі шырока прадстаўлены ў органах улады, у партыйных органах. Але рэжысёр сядзеў у Маскве. І быў гэта крамлёўскі горац. Дык гэта я ведаю. Прафесар Антановіч узяць мяне на кручок не мог, бо я ведаў, што пачалося ў першыя гады па вайне. А просты чалавек (вяртаемся да адукацыі, па палітычнага досведу, загартоўкі, абстралянасці) усё успрымае непасрэдна. Наклаў павышаны падатак Эпштэйн – жыды вінаватыя, арыштаваў пракурор Фінкельштэйн – жыды вінаватыя. Не сістэма – жыды. Быў бы працяглы тэрмін супольнага жыцця, жыцця разам, а не побач – наўрад ці быў бы бытавы, а то і біялагічны антысемітызм. Пры ўмове, што ідэолагі, улада не распальваюць яго (як гэта здарылася ў Францыі і непараўнальна жахліва ў Нямеччыне).

Псіхалагічны чыннік нельга ігнараваць. Прывычка жыць разам, а не побач з чалавекам іншае нацыі, веры, талерантнасць, уменне супрацоўнічаць выпрацоўваецца цягам доўгіх гадоў. А да гэтага добра было б мець добрую адукацыю, выхаванне, культуру, палітычны досвед.

Опубликовано 17.10.2015