Tag Archives: Миорский район

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (116)

Шалом усім! Атрымаў ад мастака Андрэя Дубініна копію ліста, які ён адправіў яшчэ 28.04.2019 на адрас дэпутаткі палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Ірыны Дарафеевай. Падаецца з мінімумам карэктарскіх правак – па-мойму, гэта важны «дакумент эпохі». Мяркую, не зашкодзіла б і іншым беларускім выбаршчыкам cлаць аналагічныя звароты на мэйлы «сваіх» дэпутатаў. Праўда, І. А. Дарафеева (пакуль) не адказала А. Б. Дубініну, але кропля камень точыць… Адрасы ж няцяжка знайсці тут. Далей – тут.

Добры дзень, паважаная Ірына Аркадзеўна! Звяртаюся да Вас як да дэпутата маёй Старавіленскай акругі № 105. З навін я даведаўся, што чарговыя парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ў лістападзе 2019 г. На маю думку, беспадстаўнае скарачэнне паўнамоцтваў дэпутатаў ПП НС на 10 месяцаў парушае Канстытуцыю (арт. 93) і Закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь» (арт. 4).

Як мастак (я сябра Беларускага саюза мастакоў, выкладаў у Акадэміі мастацтваў) я разумею, што ўсе мастацкія праекты або эскізы патрабуюць часу на выспяванне. Тое ж самае і ў Вашай дэпутацкай справе, пачатыя і запланаваныя праекты патрабуюць часу, каб быць даведзенымі да ладу. Скарачэнне Вашай працы амаль на год азначае, што некаторыя праблемы выбаршчыкаў могуць не мець завяршэння.

Калі ласка, зрабіце ўсё, каб не дапусціць датэрміновага роспуску парламента, у Вас ёсць для гэтага некаторыя магчымасці.

* * *

Quod erat demonstrandum: у адказ на паспешлівыя, істэрычныя заявы пра тое, што Сінявокая страціла сотні мільёнаў долараў ад труку з пастаўкай забруджанай нафты, расійскія ўрадоўцы пстрыкаюць аўтара заяў па носе (маўляў, агульныя страты Расіі і Беларусі меншыя за 100 мільёнаў «зялёных»), а ў выніку церпіць уся краіна. І дзівіцца няма чаго: пасля слоў «Што, мы з расійцамі пойдзем судзіцца па гэтым пытанні?» поле для манеўру ў «Белнафтахіма» ды Савета міністраў РБ рэзка звузілася…

Першы прэзідэнт, чарговы раз «ператрахваючы» сваіх падначаленых, разрадзіўся новым пасланнем: «Людзі заўсёды ўладу крытыкавалі і будуць крытыкаваць, але гэта не крытычна». Нагадвае афарызм у армейскім духу: «Баявы лісток павінен быць баявым лістком, бо гэта ж баявы лісток!» Але, відаць, не месца чапляцца да стылю. Спадар (або таварыш) яўна хацеў сказаць, што «нам», уладзе, па вялікім рахунку, ужо даўно пляваць на вашу крытыку, што «мы» кіруемся ўласнымі крытэрыямі пры падборы кадраў і ў ацэнцы іх дзейнасці. Браты-расіяне падаюць прыклад… Пра тамтэйшых чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў разважае Мікола Сванідзэ: «не лічаць нават патрэбным і магчымым, прашу прабачэння, базар фільтраваць. Што ім прыйшло ў галаву, тое і лепяць. Бо разумеюць, што ім усё роўна… Не мы іх з вамі гаспадары. Не ад нас з вамі яны залежаць» (03.05.2019). Гэта я для тых суайчыннікаў цытату прывёў, хто «чакае з надзеяй на рускія танкі».

Без парламентарызму, сістэмы стрымак ды проціваг у палітычным працэсе («народаўладдзе» – прыгожае слова, якое, на жаль, яшчэ шмат гадоў будзе гучаць дэкларатыўна, калі нават адновяцца рэальныя выбары), галоўным крытэрыем адбору з’яўляецца пластычнасць падначаленых – не так бяздумная лаяльнасць да першай асобы, як гатоўнасць i ўменне лавіць сігналы «зверху», а ўадначассе не вытыркацца… Лягчэй гэта ўдаецца жанчынам. Дзіва што акцёрка-тэлевядучая Наталля Э. за пару гадоў зрабіла кар’ерку ў адміністрацыі ды разам з начальніцай гэтай адміністрацыі Наталляй К. 11 мая была жэстачайшэ высачайшэ ацэнена даражэй за любога міністра («памнажай на тры, памнажай на пяць…») А можа, усё прасцей – камусьці закарцела часцей сядзець паміж парай Наташ, каб загадваць жаданні? 🙂

Бальшыня чыноўнікаў без стрыжню – і ў выніку ўсё (ну, многае – найперш тое, што залежыць ад дзяржавы) тут у нас, нібыта з пластыліну, – спорт, адукацыя, культурка, CМІ, замежныя справы… Last but not least – нацыянальная бяспека. Так, пакуль у 2019 г. яго не арыштавалі за хабарніцтва, у савеце бяспекі красаваўся «харошы малец», да якога «былі пытанні» значна раней, калі ён служыў начальнікам аховы Лукашэнкі. Андрэю Уцюрыну, бачыце, далі шанс, а ён… Колькі ж ужо можна ладзіць гэтыя «шоў» на тэму «стральцы падстаўляюць добрага цара»? Мы ўсе яшчэ не наеліся з 2000-х гадоў гісторый з обер-пракурорамі Купрыянавым, Снегіром, еtc.?

І верхавіна міністэрства ўнутраных спраў па-ранейшаму існуе «на сваёй хвалі», пільна ахоўваючы ў горадзе-героі Мінску (ды што там, ва ўсёй гераічнай Беларусі!) адну-адзіную скульптуру. Надоечы «павінцілі» двух расійскіх турыстаў за недастаткова паважлівае, як падалося міліцыянтам, стаўленне да «гарадовага з сабачкам» на Гарадскім Вале – і прапанавалі пацярпелым лічыць затрыманне «прыгодай». Аўтарка дадала: «пакуль мы рапарт чакалі, ім па рацыі паведамленні паступалі пра злодзейку ў пераходзе і пра патэнцыйнага самазабойцу… Але мы аказаліся куды больш важнымі злачынцамі». Facepalm, іспанскі сорам.

Тутбаеўцы так і не выправілі памылку: не «анархісты» ў снежні 2018 г. трапілі на Акрэсціна за пахавальны вянок ля «гарадавога» і, а 1 анархіст (Касінераў) і 1 сацыял-дэмакрат (Спарыш). Не першы раз такое 🙁

Менш імітатарства прасочваецца ў прамысловасці і, як ні дзіўна, у гандлі (пакупнікі ды прадаўцы ўжо збольшага ведаюць, чаго чакаць ад сваіх візаві, і не даюць надурыць сябе «на ўсю шпулю»), аднак i там хапае…

Мінулая серыя часткова была прысвечана становішчу ў Шчучыне Гродзенскай вобласці, ну і ў Шчучынскім раёне. Камусьці падалося, што я згусціў фарбы… Тут у лютым чыноўнік даводзіў, што раён «самаакупляльны», цікавы для бізнэсменаў, што ствараюцца новыя працоўныя месцы і г. д. Гэта не адмяняе таго факта, што насельніцтва вымірае ды разбягаецца – парадокс? Бадай што не, калі ведаць, што на многіх працоўных месцах запрашаюць працаваць «за ежу». Возьмем той самы комплекс па вырошчванні шампіньёнаў, згаданы А. В. Садоўскім:

330 р. – прыкладна $160. Аплата працы «долар за гадзіну» – як табе такое, Ілон Маск?

Хутчэй, чым у Шчучыне, насельніцтва на захадзе Беларусі знікала хіба ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці (–37,1%, але не за 20, а за 18 гадоў!)

Разумею тых жыхароў Дзісны, якія хацелі б аддзяліцца ад Мёршчыны і далучыцца да Полацкага раёна… Але ж ясна, што праблем «глыбінкі» гэткі крок радыкальна не вырашыць, хоць аўтары тэкста «Як рэфармаваць беларускія рэгіёны» і рэкамендуюць «канцэнтравацца». Маўляў, «добрую дынаміку паказваюць абласныя цэнтры, рэгіянальныя агламерацыі, як Полацк і Наваполацк, Мазыр і Калінкавічы. У іх адбываецца прырост насельніцтва, застаецца моладзь і расце прыватны бізнес». Гэтае назіранне больш пасуе рубяжу 2000–2010-х гадоў, a ў сярэдзіне 2010-х мы ўжо назіралі стагнацыю.

Гарады Насельніцтва
2013 2018
Полацк 84786 84597
Наваполацк 101307 101596
Мазыр 111324 111733
Калінкавічы 39220 40282

У 2017 г. упершыню за дзесяцігоддзі скарачалася нават насельніцтва Мінска, у першым квартале 2019 г. заняпад ізноў заявіў пра сябе. І што прыдумаць для такіх раёнаў, як Шчучынскі і Мёрскі? Зрэшты, ідэяў не бракуе – іншае пытанне, хто іх будзе ажыццяўляць… Ну, напрыклад, можна падпарадкаваць узнагароджанне мясцовых чыноўнікаў узроўню развіцця «чалавечага капіталу». Біць іх па кішэнях, калі смяротнасць у раёне (істотна) перавысіць нараджальнасць, а іміграцыя таго не кампенсуе. Ды тут ёсць відавочная пастка: што-што, а падмалёўваць лічбы і будаваць пацёмкінскія вёскі чынавенства ўмее. Пачнуць завозіць насельніцтва ў канцы «справаздачных перыядаў» – ці дзейнічаць так, як французскі фермер, што «залічыў» у вясковую школу 15 бараноў, абы ў ёй не зачынялі класы 😉

Больш перспектыўна выглядае сістэма бонусаў і прывілеяў для тых людзей, хто жыў у раёне, да прыкладу, цягам апошніх 10 гадоў (і збіраецца пражыць там яшчэ 10 :)). Вызваляць такіх «карэнных жыхароў» ад падаткаў, даваць ім выгадныя зямельныя надзелы, ці што… Карацей, тэма для абмеркавання. А ўрэшце, без перамен у Мінску цяжка разлічваць на тое, што будзе развівацца перыферыя. Новае пацвярджэнне яе гаротнага стану – дзве навіны, прачытаныя за адзін дзень. Як кажуць у такіх выпадках: «Гэта Беларусь, дзетка» (або «Мая краіна, мой народ»):

«Галоўны доктар Светлагорскай раённай лякарні Ігар Таўтын звярнуўся праз газету “Светлагорскія навіны”... Ён просіць фінансавай дапамогі, каб купіць неабходнае абсталяванне для лякарні і правесці рамонт» (15.05.2019).

«Супрацоўнікі Хоцімскага РАЙПО (звыш 150 чалавек) цягам 2018 года і некалькіх месяцаў 2019 года па ўказанні кіраўніцтва ў канцы кожнага справаздачнага месяца афармлялі заявы аб водпуску без захавання заработнай платы на 1-3 дні… У гэтыя дні яны выходзілі на працу і выконвалі свае службовыя абавязкі». І толькі «ў красавіку 2019 года ў пракуратуру Хоцімскага раёна звярнуўся работнік РАЙПО па пытанні слушнасці налічэння яму заработнай платы» (15.05.2019). Гэтае райпо – спажывецкае таварыства кааперацыі – ці не галоўны наймальнік у раёне, дзе жывуць усяго 10 тыс. чалавек (а 20 год таму было 17 тыс.).

Дэпапуляцыя здаўна хвалюе і расійцаў. Страшнаваты «антымульт»-2004.

У прынцыпе, мізантропства не цураюся – але не хацеў бы самаедстваваць і спісваць суайчыннікаў «ва ўтыль». Сталыя чытачы-гледачы серыяла памятаюць серыі, дзе гаварылася пра дасягненні ў сучаснай Беларусі. Прыкмячаў я таксама пра некаторыя станоўчыя тэндэнцыі ў яўрэйскім асяроддзі. І ў каляяўрэйскіх…

Пацешыла, што ў адноўленым альманаху «Далягляды», падрыхтаваным пад дахам выдавецтва «Мастацкая літаратура», апублікаваны твор ізраільскага пісьменніка (Меіра Шалева ў перакладзе Паўла Касцюкевіча).

П. С. Касцюкевіч у музеі гісторыі беларускай літаратуры. Мінск, 29.04.2019

А вось што ў красавіку арганізавалася ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Піша малодшы навуковы супрацоўнік Алена Паляшчук («Краязнаўчая газета», № 18, май 2019): «У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў адбылося адкрыццё выставы графічных працаў вядомага яўрэйскага мастака і паэта Машэ Бернштэйна Украденное детство (з фондаў Музея-сядзібы Пружанскі палацык), адбыўся відэалекторый Багаж из прошлого”... М. Бернштэйн нарадзіўся ў 1920 годзе ў Бярозе, у сям’і артадаксальных яўрэяў. Да пачатку Другой сусветнай вайны адвучыўся 4 гады ў Мастацкай акадэміі ў Вільні. Уцёкі з эшалона, што рухаўся ў Беластоцкае гета, эвакуацыя ў Саратаў, працоўныя будні ў калгасе, адарванасць ад родных і затым іх трагічная гібель ад рук фашыстаў – назаўсёды пакінулі незагойную рану ў душы Машэ… Пад час новага перыяду жыцця мастака – у Зямлі Запаветнай – у 1949 годзе ён становіцца ўдзельнікам выставы “Аманім-алім” (“Мастакі-рэпатрыянты”). З таго часу прайшло больш за 50 выставаў з яго ўдзелам, былі шматлікія імянныя прэміі, званні, медалі, некалькі экспазіцыяў яго твораў у Расіі, ЗША, Францыі, Галандыі і Італіі». Грэшным чынам, пакуль не прачытаў артыкул у «Краязнаўчай», і не ведаў пра Машэ Бернштэйна.

Цытатнік

«Тэлевізар трэба менш глядзець, дарагія мае» (Юрый Шаўчук, 08.05.2019)

«Няма ніякага сэнсу звяртацца да чыноўнікаў, якія даўно страцілі повязь з рэальнасцю і турбуюцца толькі пра захаванне ўласнага статусу і паўнамоцтваў. Звяртацца трэба да сябе – што мы можам і павінны зрабіць для грамадзян ужо зараз, – і наўпрост да грамадзян, прапануючы канкрэтныя праграмы дзеянняў, якія могуць быць рэалізаваны тут і цяпер, за кошт наяўных рэсурсаў» (Павел Катаржэўскі з партыі «Справядлівы свет», 15.05.2019)

«Няможна трымаць людзей за дурняў нават у тых выпадках, калі яны крыху прыдуркаватыя» (Кірыл Жываловіч, 15.05.2019)

Вольф Рубінчык, г. Мінск

17.05.2019

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 17.05.2019  21:07