Віцебск, УНАВІС, Магарыл…
(супрэматычны калаж)
Піша Андрэй Дубінін.
Пакой у музеі гісторыі віцебскай народнай мастацкай вучэльні, Віцебск, вул. Марка Шагала, 5а.
Юлія Макарэвіч 5 жніўня 2019 г. на lady.tut.by распавядала пра Яўгенію Магарыл: “У сваёй творчасці яна была далёкая ад метадаў авангардыстаў, з якімі працавала ў Віцебску. Ступень уплыву на яе Малевіча была не такой моцнай, як на іншых членаў УНАВІСа [УНОВИС – «Утвердители нового искусства»]. Хутчэй на яе паўплывала сістэма колераўспрымання Мацюшына. Пераняўшы навыкі настаўніка, мастачка ўсё ж інтэрпрэтавала іх па-свойму. Яна аддавала перавагу ў колеры імпульсіўнай эмацыйнасці і каляроваму кантрасту, з дапамогай дапаўняльных колераў і каляровых пераходаў дамагалася перадачы пэўнага настрою”.
М. Мацюшын, “Даведнік па колеры”
Выглядае, сказанага малавата, каб свядома абраць Яўгенію Магарыл у якасці ўзору яркага і плённага жыцця. Калі ж дадаць, што ўсе даваенныя працы і большасць блакадных работ мастачкі загінула падчас блакады, то робіцца зусім сумна – ці магчыма наогул весці гутарку аб ёй, як аб мастачцы.
Скарыстаемся нагодай паразважаць пра грунтоўныя для культуры Беларусі рэчы ў рэчышчы біяграфіі Яўгеніі Маркаўны Магарыл. Выбярэм з яе біяграфіі пэўныя факты і згадкі.
У 1922 годзе Яўгенія Магарыл, ураджэнка Віцебска, пераехала ў Петраград, дзе з 1922 па 1926 год вучылася ва Ўсерасійскай акадэміі мастацтваў, у майстэрні прасторавага рэалізму Міхаіла Мацюшына. Я. Магарыл, нароўні з іншымі мастакамі, ўваходзіла ў асноўную групу “школы Мацюшына”. М. В. Мацюшын гэтак згадваў аб Я. Магарыл у сваім рукапісы “Творчы шлях мастака” (напісаным у 1933–1934 гг.): “Магарыл стыхійна таленавітая. Ёй не хапае арганізаванага падыходу, і яе карціны, вельмі змястоўныя, пакутуюць ад непадобнасці зместу і формы. Але яна працуе над сабой на ўсю моц”.
Гэта вельмі важная заўвага. Сфармулюю троху інакш: змест, матэрыял не хоча ў творах Магарыл уцісквацца ў клішэ форм, якім навучалі студэнтаў. Відавочна, ён “выпіраў” рогам у работах мастачкі, калі сам настаўнік у адным сказе двойчы ўзгадаў аб змесце-матэрыяле: “карціны вельмі змястоўныя… непадобнасць зместу і формы”. Заўважым – фармалісты процістаўлялі форме матэрыял, а не змест.
На гэтым прынцыповым моманце – што матэрыял пераважаў над формай у карцінах Магарыл – варта прыпыніцца. Да Мацюшына (сябра і паплечніка К. Малевіча) мастачка вучылася ў Віцебскім мастацкім вучылішчы ў Марка Шагала, Казіміра Малевіча. Пад час навучання пазнаёмілася з В. М. Ермалаевай, Л. М. Лісіцкім, К. Л. Багуслаўскай. З’яўлялася ўдзельніцай групы мастакоў УНАВІС “Сцвярджальнікі новага мастацтва” (Віцебск), куды ўваходзілі Эль Лісіцкі, Лазар Хідэкель, Мікалай Суэцін. У такім асяродку мастачка разам з паплечнікамі шукала метады афармлення новага жыцця, іншыя мадэлі пераўтварэння побыту. Па сутнасці, гэта была тэўргічная ўтопія, што вырастала на глебе старога сімвалізму, але ў тэорыі і практыцы супрэматызму сфармуляваная ў новым, авангардным варыянце.
Прэтэнзіі новага авангарда яскрава счытваюцца ў саманазове Лазара Лісіцкага – Эль Лісіцкі. Для чалавека, знаёмага з яўрэйскай культурай, у назве першай літары імя гучыць назоў Бога па-стараяўрэйску, і Лісіцкі акцэнтаваў гэта адмысловым напісаннем El заместа меркаванага L(asar). У літаральным перакладзе – “Бог Лісіцкі”:
Прывядзем словы Малевіча, дзе ён настойліва проціпастаўляе жывапіснасць сюжэтнасці: “Сюжэт заўсёды заб’е фарбу, і мы яе не заўважым. А фарба ёсць тое, чым жыве жывапісец: значыць, яна ёсць галоўным”. І выснова з гэтага: “Жывапісцы павінны кінуць сюжэт і рэчы, калі яны хочуць быць чыстымі жывапісцамі”. Як тут не прыгадаць характарыстыку Магарыл, дадзеную Мацюшыным. Мастачка выйшла са школы УНАВІСа, з жорнаў супрэматызму, з захаваным і, мабыць, умацаваным інтарэсам да сюжэту, матэрыялу, наогул – да жыццёвых праяў, якія перамагалі мёртвы фармалізм на яе палотнах. Як казаў Восіп Мандэльштам, у паэзіі важна не школа, а “сыравіна” (нагадаю аб “матэрыяле-сюжэце”) – першапачатковы, элементарны паэтычны зарад, уласцівы толькі дадзенай асобе. Гэта фармуліроўка дзейсная і ў дачыненні да выяўленчага мастацтва.
Думаю, што мастацкага зараду, “сыравіны” ў Яўгеніі Магарыл было даволі, каб давяраць свайму мастацкаму пачуццю і не растварыцца ў супрэматычным космасе. Можам уявіць, што гэта былі цікавыя, яркія пошукі ў форме моднага авангарду, але з любаваннем праявамі жыцця.
Угледзімся ў фота 1922 года (ніжэй), дзе Я. Магарыл стаіць апошняй справа. У такім атачэнні аўтарытэтаў “стыхійна таленавітая” мастачка здолела захаваць сваю адметнасць менавіта дзякуючы свайму таленту. На фотаздымку яна таксама вылучаецца сваім, крыху адасобленым, паваротам фігуры. Калі пра асноўную групу магчыма сказаць, што яны адчуваюць сябе гаспадарамі, рэпрэзэнтуюць сабой УНАВІС, то яе паварот да іх выражае павагу, але са знешняга боку, не знутры. Яна як бы свядома займае месца мастака другога рэя, зводдаль ад супрэматычнага ядра. Але ці не занадта мы паглыбіліся ў фантазіі?
Я перагледзеў вялікі альбом “Пошук і эксперымент” Ларысы Жадавай па гісторыі расійскага і савецкага авангарда, і там знайшоў другі цікавы фотаздымак. На ім у цэнтры – заснавальнік УНАВІСа К. Малевіч. Я. Магарыл, як і на папярэднім здымку – у верхнім куце на перыферыі калектыўнага здымку. Ці не праглядае тут жыццёвая і мастацкая пазіцыя?
Казімір Малевіч і члены групы УНАВІС на віцебскім вакзале перад ад’ездам у Маскву, 5 чэрвеня 1920 г.
Выкажу здагадку, што гэта і ёсць мастацкае крэда Я. Магарыл. Яна адчула, што не можа цалкам прыняць мастацтва, дзе форма жорстка змяняе, дэфармуе жыццё, “татальна яго арганізуе”. Канструктывізм быў вельмі стыльнай, высокакультурнай з’явай. Канструяванне новых жыццёвых формаў (якое і задавальнялася праектна-макетным этапам) на падставе авангардысцкага мастацтва ў гэтым працэсе пераставала быць мастацтвам, пераўтваралася ў “канструяванне жыцця”.
Вернемся да фотаздымка – разняволеная пастава (побач з троху “фараонаўскімі” постацямі патрыярхаў супрэматызму), свабодны сарафан у вялікую складку, дзе адна шлейка саслізнула з пляча, кудзерка на скроні і непаслухмяная кучма валос, дапытлівы позірк – усё гэта не зусім пасуе адэпту канструктывізму-супрэматызму.
Варта тут адзначыць, што пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у 1926 г. Я. Магарыл у 1927–1929 гг. працавала мастаком па тэкстылю на фабрыцы імя Пятра Аляксеева ў Шлісельбургу. Мне і тут бачыцца свядомае памкненне не проста да прамысловага дызайну, але да праектавання малюнкаў тэкстылю – самага мяккага, “жаноцкага” матэрыялу, які непасрэдна абдымае і захінае жывое чалавечае цела. Канструктывізм выносіць вонкі, агаляе ўнутраную канструкцыю і адкідвае ўсе накрыцці, увесь дэкор. У цела агаляецца шкілет, і яго падаюць, як ісціну, але ж гэта – не што іншае, як вобраз смерці. Прыбраць з жыцця лішняе, непатрэбнае – азначае прыбраць самае жыццё. Гэты канфлікт, падаецца, дадзена было інстынктыўна адчуць Яўгеніі Магарыл, і яна свядома заняла месца мастака другога рэя, другараднага, бо заставацца на вастрыні моманту азначала знішчаць эстэтыку, надаючы ёй татальны характар. У гэтым сэнсе і супрэматысты, і лефаўцы, і канструктывісты выявіліся сапраўднымі носьбітамі бальшавіцкага стылю.
Уласна, сацыялізм у СССР быў рэалізацыяй мары авангарда: жыццёўладкаванне, арганізаванае па законах новай эстэтыкі, гэта значыць татальная арганізацыя матэрыяла (які ў Магарыл не хацеў “татальна арганізоўвацца”), татальнае панаванне стылю. У мастацтве няма неарганізаванага матэрыялу, казаў Віктар Шклоўскі. Але гэткая арганізацыя і ёсць схемай усялякага таталітарызму.
У постаці Я. Магарыл мы бачым вопыт удалага персанальнага процістаяння таталітарным павевам ХХ стагоддзя (хай сабе ў мастацтве), таму можам ганарыцца беларускай мастачкай. Але гэтага замала, такі кароткі курс мастацкага анты-таталітарызму абавязкова развярнуць у індывідуальную анты-таталітарную прышчэпку будучым мастакам. Ушанаваць памяць мастачкі лепей за ўсё, па-мойму, так – даваць школьнікам і студэнтам мастацкіх спецыяльнасцяў заданне па праектаванні і выкананні карцін, у якіх матэрыял пераадольвае татальнасць зададзеных супрэматычных форм.
Чысты прастакутнік – поле будучых студэнцкіх работ па мастацкай рэканструкцыі загінулых твораў Я. Магарыл; “Дзяўчына з бантамі” (1970-я гг.), палатно, алей, 60х50 см; “Чорны хлеб” (1979), папера, акварэль, 61,4х47,7 см
“Асенні букет” (1978), папера, акварэль, 63х48,2 см; “Партрэт дзяўчынкі” (1983), папера, акварэль, 62х44,5 см; “Пейзаж” (1969), папера, акварэль, 40,8х64,7 см.
Гэтая штудыя ўзнікла з нагоды артыкула Юліі Макарэвіч “Есть кем гордиться. Пять белорусских художниц, чьи имена нам нужно знать”. Нам падалося, што адметная біяграфія беларускай мастачкі Яўгеніі Магарыл тоіць у сабе перасячэнні з ключавымі падзеямі і ідэямі авангарда ХХ ст. Праз тое мы можам зразумець для сябе сённяшніх нешта істотнае, што дапаможа нам не губляць арыенціры гуманізму і ў ХХІ стагоддзі.
Андрэй Дубінін,
Мінск, 19.08.2019
Апублiкавана 20.08.2019 13:05