Tag Archives: Константин Иванов

Quo vadis, федэрацыя шахмат?

Калі ў выніку папярэдняй публікацыі атрымаў электроннае пісьмо, адрасаванае «пану Рубінчыку», з радкамі: «У святле работы па стабілізацыі сітуацыі ў ГА “БФШ”, што вядзецца кіраўніцтвам, у выпадку Вашай зацікаўленасці, былі б удзячны за магчымыя прапановы і Ваша бачанне далейшай работы федэрацыі. З павагай і ўдзячнасцю, ГА “Беларуская федэрацыя шахмат”» (18.10.2021, пер. з рус.), я трохі здзівіўся, але толькі трохі. Кансультаваў жа даследчыкаў з розных кантынентаў, Нацыянальную бібліятэку, «цэлае» міністэрства культуры… Ну, і становішча ў федэрацыі не першы месяц дапраўды няпростае: ранейшага кіраўніка (дакладней, кіраўнічкі) фактычна ўжо няма, новага — яшчэ няма. Старажылам гэтая сітуацыя нагадала 2009-ы год, калі, зазнаўшы паражэнне на парламенцкіх квазівыбарах-2008, «дэзерціраваў» Канстанцін Іваноў, які зараз робіць добрую міну пасля кепскай гульні. Але з Настай Сарокінай, аднагалосна перавыбранай у 2019-м на тэрмін да 2023 г., усё выглядае больш драматычна: спярша яна з’ехала з Беларусі, потым заявіла, што за мяжой паступіла ў магістратуру (а-ля Неўзлін-2003 — той пакінуў РФ для «працы над дысертацыяй»). А тады Сарокіну «часова адхілілі» ад пасады старшыні БФШ на грунце Пастановы ад 14.07.2021, вынесенай следчым па асабліва важных справах Савецкага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта…

Рэдактар сайта БФШ вырашыў расказаць urbi et orbi аб прэтэнзіях «сілавікоў» да старшыні

«Да кучы» падкасіўся дабрабыт дзяржпрадпрыемства «Белаэранавігацыя». Яно фундавала праекты БФШ у 2010-х гадах (дырэктар прадпрыемства займаў пасаду старшыні федэрацыі са снежня 2009 г. да мая 2017 г., а папячыцельскім саветам БФШ кіруе дагэтуль; у названы савет з сямі чалавек, апрача Леаніда Чуро, уваходзяць і двое яго падначаленых з «Белаэранавігацыі»). Праз COVID-19 i заходнія санкцыі, прынятыя па інцыдэнце з самалётам «Ryanair» 23.05.2021, даходы фундатара знізіліся, і мяркую, што прадпрыемству робіцца ўсё болей не да шахмат. А калі топішся, дык і за брытву ўхопішся — за прапановы «дысідэнта» ў нашым выпадку. Між іншага, я нават не член БФШ, дый ніколі ім не быў. Усяго-та кандыдат у майстры (з 1993 г.), рэдактар часопісаў «Шахматы» & «Шахматы-плюс» (у 2000-х), аўтар самвыдатаўскіх кніжак…

Перапіску ад імя федэрацыі вёў са мною Павел Смялянскі. Выявілася, у снежні 2020 г. гэты ўсмешлівы малады чалавек загадваў у міністэрстве спорту і турызму РБ аддзелам міжнародных сувязей, а паралельна курыраваў працу Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках:

Фота з chesscenter.by. П. С. злева, справа дырэктар РЦАП Сяргей Карчынскі

Цяпер на сайце мінспорту Смялянскага няма, яго былая пасада пазначана як вакантная. Пра сябе Павел Ігаравіч 20.10.2021 напісаў так: «Я на некаторы час запрошаны ў ГА “БФШ” яе кіраўніцтвам для садзейнічання ў рабоце». Склалася ўражанне, што ён выконвае функцыі прэс-сакратара, тым не менш ласкава дазволіў сябе называць «памочнікам першага намесніка старшыні БФШ». 🙂 Дарэчы, калі хтось дагэтуль не ў курсе, каму пан дапамагае: першым намеснікам у БФШ служыць Аляксандр Шамко, экс-міністр спорту і турызму… Cфоткаўся ён учора ў Маскве з камплектам шахмат і з Аркадзем Дварковічам няйначай шукае падтрымкі перад выбарамі?!

Фота з openchess.by, 21.10.2021. А. Шамко злева, шахматы у цэнтры

Пакуль я ліставаўся з мінскім функцыянерам, гродзенскі прадстаўнік федэрацыі, чэмпіён Беларусі-2004 Андрэй Малюш упарта збіраў подпісы за найхутчэйшае скліканне пазачарговай канферэнцыі БФШ. Перад гэтым (08.10.2021) ён роспачна паведаміў: «звестак пра дату Канферэнцыі ў мяне няма, афіцыйныя асобы мне патлумачыць нічога не могуць… ужо дастаткова доўгі час структурныя падраздзяленні федэрацыі, якія маюць права прыняць рашэнне пра скліканне Канферэнцыі, не плануюць гэтага рабіць». Супадзенне ці не, але праз некалькі дзён банер школы шахмат «Ферзь», якой руліць Андрэй, знік з сайта БФШ.

Цяпер на «казырным» месцы openchess.by – банеры, што адсылаюць да малашахматных устаноў

А. М. паставіў сабе задачу сабраць 500 подпісаў, як ён выразіўся, «афіцыйных членаў ГА БФШ”» (г.зн. тых, каторыя сплацілі ўнёскі за 2021 г.), але цягам 1121 кастрычніка, нягледзячы на агрэсіўны піяр з боку сайта «Брэсцкія шахматы» і асабіста Уладзіслава Каташука, было сабрана ўсяго 244. Ва ўмовах, калі грамадская актыўнасць у краіне прыдушана, не так яно і мала, але асноўная частка (звыш 150) прыйшла ў першыя тры дні, потым працэс яўна запаволіўся. Таму сумнеўна, што к лістападу 2021 г. колькасць подпісаў падвоіцца, наблізіўшыся да запаветнай лічбы «500».

Майстар Малюш (фота адсюль)

16 кастрычніка ад імя федэрацыі было заяўлена, што «ідзе падрыхтоўка да канферэнцыі, абвешчанай Папячыцельскім саветам ГА БФШ». Дату на сёння так і не ўдакладнілі, але тут я схільны зразумець кунктатараў… Чатыры месяцы таму, калі яны ўпершыню публічна загаварылі пра канферэнцыю, у Беларусі афіцыйна было менш як 4500 заражаных каранавірусам, цяпер значна больш за 20000. Зараз небяспечна збіраць у адным памяшканні дзясяткі дэлегатаў, сярод якіх, скарэй за ўсё, будуць і людцы з груп рызыкі (немаладыя, з хранічнымі захворваннямі…). На месцы арганізатараў я пачакаў бы серыі паведамленняў аб тым, што ў РБ колькасць носьбітаў каранавіруса не перавышае 2000, і толькі тады запрашаў бы ў Мінск ахвотных патузаць выканкам. Дарэчы, за ініцыятыву Малюша падпісаліся трое дзейных членаў выканкама БФШ – Уладзімір Гінзбург, Мікалай Зарубіцкі, Cямён (Сімяон) Мерыбанаў.

Асабіста мне хацелася б не проста ратацыі «гаваркіх галоваў», а пераўладкавання сістэмы. З тэхнічных прычын устрымаюся ад зусім канкрэтных прапаноў па рэфармаванні суполкі, бо такія прапановы мелі б на ўвазе кадравыя перастаноўкі. A вось пра тое, як магла б выглядаць «далейшая работа федэрацыі», колькі абзацаў такі нашрайбаю:

– перш за ўсё ў арганізацыі мае быць стратэгія (нават болей – Стратэгія!), абмеркаваная заранёў і зацверджаная на канферэнцыі. Як вяшчаў мудры старажытны кітаец, «тактыка без стратэгіі мітусня перад паражэннем»;

– менавіта пад рэалізацыю мэтаў і задач, прадугледжаных Стратэгіяй, мусяць падбірацца кадры, і вельмі пажадана, каб кожная адказная асоба ў БФШ ведала, чым яна будзе займацца ў бліжэйшы год (агульны адказ «развіццё беларускіх шахмат» не з’яўляецца дастатковым);

– трэба, нарэшце, шчыра прызнаць, што Беларусь — не Расія і не Нарвегія, што ўваходжанне ў пяцёрку на Сусветнай шахматнай алімпіядзе або падрыхтоўка тутэйшага Магнуса Карлсена нам (пакуль што) не свецяць, ды суцішыць свае амбіцыі на міжнароднай арэне, пераарыентаваўшы дзейнасць федэрацыі на т.зв. масавыя шахматы;

– адначасна варта памяншаць залежнасць БФШ ад дзяржавы, у ідэале «адвязаўшы» федэрацыю ад мінспорту. Разумеючы, што цалкам незалежным ад дзяржорганаў грамадскае аб’яднанне нацыянальнага маштабу не будзе, я аддаў бы перавагу больш імпэтнай супрацы з мясцовымі адміністрацыямі — без іх няможна пашыраць сеціва «народных» гурткоў і клубаў, пра якое гаварылася тутака ў 2013 годзе;

– бадай, мэтазгодна падрыхтаваць карпаратыўнае пагадненне аб адмове ад публічнага навешвання цэтлікаў на законна выбраных дзеячаў БФШ і арганізацыю ў цэлым. Так, абстрагуючыся ад зместу канфлікту, сумнавата было назіраць, як старшыня судзейскай калегіі дэмагагічна лупцаваў у маі 2021 г. сваіх калегаў па суполцы («прамое шкодніцтва ў рабоце», «ацэнка і меркаванне пра работу БФШ за апошні перыяд з боку шахматыстаў краіны носіць толькі негатыўны характар»), што і адзначалася ў тым жа маі. Пры недахопу сродкаў — а грошай «на шахматы» ў краіне будзе бракаваць доўга — салідарнасць людзей шахмат неабходная не тое што для развіцця, а для самога існавання суполкі;

– падкрэслю, аднак, што найлепшы сродак ад крытыканства — даручэнне ключавых пасад у федэрацыі насамрэч аўтарытэтным асобам, шанаваным пераважнай большасцю. Да таго ж памыснымі здаюцца рэгулярныя ўнутраныя апытанні («міні-рэферэндумы») сярод членаў БФШ для выпраўлення непазбежных памылак, «карэкціроўкі курсу»;

– агулам, у БФШ трэба мацаваць і заахвочваць зваротную сувязь усімі даступнымі шляхамі. Тут ізноў пра салідарнасць: кожны аматар шахмат, якому патрэбна дапамога, мусіць яе атрымаць, хаця б у форме парады ці добрага слова.

Зразумела, што ідэі мусяць ажыццяўляцца ў комплексе (любяць у нас асобныя энтузіясты выхопліваць тэзісы з кантэксту…) І хуткага поспеху так ці іначай не гарантаваў бы — надта ўсё запушчана.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

22.10.2021

w2rubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 22.10.2021  13:33

* * *

На сайце школы «Ферзь» вывешана паведамленне «Канферэнцыя будзе» (23.10.2021). Калі аўтар, А. Малюш, не жартуе, то напярэдадні ён даведаўся, што канферэнцыя БФШ пройдзе 30.10.2021. Лагодна кажучы, спрэчны ход арганізатараў: па-першае, за тыдзень нерэальна вызначыць Стратэгію ды абмеркаваць яе. Па-другое, Статут (п.5.1.2) вымагае, каб пра дату публічна паведамлялася мінімум за месяц, але ж інтэрнэт-рэсурс БФШ нават сёння не цешыў анонсам. Па-трэцяе — што, бадай, галоўнае — чацвёртая хваля COVID-19 у Беларусі, набраўшы сілу ў верасні г. г., не збіраецца саступаць. Ці будзе бяспечна дэлегатам з розных гарадоў ехаць 30 кастрычніка ў сталічны РЦАП, дыскутаваць тамака? Cпадзяюся, пад сход прынамсі выдзеляць вялікую залу, дзе можна разгрупавацца, а не малую.

Рэдактар мінскай «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі памёр ад каранавіруса на мінулым тыдні. У 51 год

Год таму ўлады настойліва рэкамендавалі жыхарам РБ нашэнне масак у публічных месцах. Зараз штодня выяўляецца ў 2 разы больш інфікаваных, чым у пачатку лістапада 2020 г., памірае з кавідам у 3-4 разы болей, чым тады. Між тым «галоўны лекар» надоечы распавёў пра свой «асцярожны аптымізм» ды заклікаў скараціць сферу выкарыстання масак у Беларусі, што і рэалізуецца, пачынаючы з 22.10.2021. Дзе логіка? Няма яе тут. Але традыцыйна лічылася, што людзі шахмат умеюць разлічваць наперад… і думаць галавой, не тэлевізарам.

В. Р.

Дададзена 23.10.2021  22:56

***
Нарэшце пра канферэнцыю БФШ хоць нейкая афіцыйная інфа. Усё ж мерапрыемства перанеслі на 30.11.2021, што здымае шэраг пытанняў… магчыма, выклікаючы новыя.
28.10.2021  23:47