Ад belisrael. Гэтай восенню стала вядома, што ў 2022 г. спыніць самастойнае існаванне ветэран медыйнага поля Беларусі – часопіс «Вожык». Ён ператворыцца ў старонку (укладку?) газеты «Літаратура і мастацтва», што фактычна значыць канец праекта. Нягледзячы на аптымізм, дэманстраваны самім часопісам (№ 11, 2021).
Кажуць, «Вожыку» было 76. Аднак вожыкаўцы сёлета святкавалі 80-годдзе выдання, бо сатырычны лісток «Раздавім фашысцкую гадзіну», які выходзіў у 1941–1945 гг., лічыцца протачасопісам. Так ці іначай, век пачэсны, і нам закарцела, каб пра «Вожык» штось істотнае было сказана тут і цяпер, на незалежным ізраільскім сайце, даволі актыўна чытаным у Беларусі.
***
У снежні выйдзе ў свет апошні нумар часопіса «Вожык». Здавалася б, што тут асабліва бедаваць – штогод з’яўляюцца новыя, больш запатрабаваныя перыёдыкі, а старыя знікаюць. І ўсё ж «Вожык» выпадае з агульнага шэрагу. Па-першае, ён адзіны сатырычны часопіс у Беларусі, часопіс-доўгажыхар – выходзіў з 1945 года. Па-другое, ён быў паслядоўна беларускамоўны – і ў змрочныя сталінскія часы, і ў пацешныя хрушчоўскія, і ў часы непрыхаванай лукашэнкаўскай русіфікацыі. Па-трэцяе, аўтар гэтых радкоў на пачатку 90-х актыўна друкаваўся ў «Вожыку» і нават стаў лаўрэатам заснаванай ім прэміі імя Ведзьмака Лысагорскага. Таму дазвольце ўсё ж пабедаваць.
За семдзесят шэсць гадоў «Вожык», вядома ж, перажываў і росквіты, і заняпады. Я памятаю часы, калі часопіса было не дакупіцца ў шапіках «Саюздруку», калі свежы нумар ішоў нарасхват у электрычках, калі ўдалыя і смелыя карыкатуры Кастуся Куксо, Аляксандра Каршакевіча і Анатоля Гармазы разляталіся па абшары ад Белавежы да сібірскай тайгі. Па «Вожыку» нашы суседзі вывучалі беларускую мову – як па песнях «Песняроў»!
Здавалася б, сатырычны часопіс і ў новых умовах знойдзе сваё месца пад сонцам. Бо, як вядома, і на ім ёсць плямы. Але, як аказалася, крытыкаваць заганы ў дзяржаве ў нас мае права толькі адзін чалавек. І «Вожык» быў пасаджаны на кароткі ашыйнік. «Вожык» у ашыйніку – вартае жалю відовішча, і пачаў ён на вачах мізарнець, падаў і падаў наклад. Былі спробы рэанімаваць выданне, але беспаспяховыя. Нездарма ў народзе гавораць – толькі ляж пад абразы, адпявалы знойдуцца.
На развітанне з часопісам прыгадаю пачутую аднойчы ў Балгарыі гісторыю. Ёсць на балгарскім узбярэжжы гарадок Залатыя Пяскі з цёплым морам і мяккім, як праз дробнае сіта прасеяным, пяском. Але там доўга не маглі зрабіць курорт, бо ў прыбярэжных вінаградніках вяліся змеі, якія выпаўзалі на пляжы і адпалохвалі адпачыннікаў. На іх палявалі, іх труцілі – нічога не дапамагала. І тады нехта прывёз у Залатыя Пяскі вожыкаў. Праз год там не засталося ніводнага гада.
Цяпер у Беларусі гадам раздолле…
Міхась Скобла, fb (19.11.2021)
***
Мне вельмі шкада зьнікненьня «Вожыка». Я частавата чытаў яго. Раней мая бабуля выпісвала яго – я чытаў яго ў яе ў вёсцы. Пазьней, калі быў у Беларусі, то купляў яго, а потым зь Летувы чытаў яго ў сеціве. І сьмяяўся. Хоць ён стаў апошнім часам праставатым і нават прымітыўным у гумары, бо, вядома, ня мог па ідэалягічных прычынах быць а-ля Charlie Hebdo. Наагул палюбляю гумар, асабліва на сацыяльныя, палітычныя тэмы. Таму навіну аб сьмерці «Вожыка» ўспрыняў зь вялікім засмучэньнем. Да ўсяго гэта сьмерць і так рэдкага голасу па-беларуску. Упэўнены, у будучыні ён адновіцца. Раней я страшэнна палюбляў «Навінкі» – такі часопіс ці газэта павінны быць у нас. Гэта і ё аналяг Charlie Hebdo ці le Canard enchaîné, якія я таксама рэгулярна чытаю і купляю, калі трапляю ў Францыю. Раней нават думаў неяк спрычыніцца да выданьня такой газэты, але патрэбны калектыў.
Цяпер я чытаю «Звязду» і ўспрымаю яе ня так, як яны хочуць – афіцыйна, бо рагачу зь іх прымітыўшчыны і малюнкаў. З газэты «Звязда» можна файна кпіць і сьмяяцца – сваім узроўнем яна сама напрашваецца на гэта.
Я сам чалавек з гумарам, палюбляю пакпіць, нават каліва пазьдзеквацца ў палітыцы, таму лічу, што якраз праз гумар і трэба крытыкаваць усё і ўсіх.
Карацей, калі аднаўляць «Вожык», то, вядома, ня ў тым фармаце, у якім ён існаваў апошнія гады і нават дзесяцігодзьдзі. Думаю, трэба зьліць «Вожык» і «Навінкі» – атрымаецца ідэальная формула.
Д-р Уладзіслаў Гарбацкі, лектар унівэрсытэту ў Вільні (23.12.2021)
***
«Вожык» я амаль не чытаў. Калі быў малы, то маці выпісвала «Крокодил», таму «Вожык» трапляў у рукі рэдка і выпадкова. І ў параўнанні з «К» выглядаў трохі правінцыйна, мо таму, што пісаў пра тутэйшыя праблемы.
Не магу сказаць, што «Вожык» на мяне неяк паўплываў, на мяне і «Крокодил» не паўплываў, глядзеў карцінкі збольшага. І вось тут, мабыць, галоўнае адрозненне ад «В» – у «К» друкавалі часам выдатных графікаў, якія выходзілі за межы «сатыры-сартыры» на мастацкі ўзровень, у першую чаргу эстэтычна. Тое была сапраўдная графіка. Напрыклад, у Леаніда Сайферціса – тонкая, вышуканая (на ваенную тэму ў тым ліку!), з лёгкім, я б сказаў, шляхетным ці англійскім гумарам. Гэта вельмі ўздымала ўзровень «К». Такіх мастакоў не было ў «Вожыку», на жаль.
Безумоўна, шкада, што «В» «усыпілі», і я б у ягонай рэінкарнацыі паўдзельнічаў. Але ж ягоны аналаг я бачу не «міметычна»-басенны («Вожык» – у фарватэры анімалістычна-драпежнай тэмы «Крокодила»)… Узгадваю назоў англійскага гумарыстычнага часопіса – «ПАНЧ». Панч (англ. Punch) – персанаж англійскага народнага тэатра лялек, яму адпавядае расійскі Пятрушка.
А назву для новага выдання прапанаваў бы такую – «ЧАКАН». З тлумачальнага слоўніка: «1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.). 2. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку… 3. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. “У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі” (Караткевіч).»
Андрэй Дубінін, мастак, г. Мінск (24.12.2021)
***
Аня Гож, маладая і перспектыўная мастачка з цэнтра Еўропы, распрацавала арт-суб’ект «Чакан» (вышыня 20 см, палатно, шыццё, вышыўка па канве, пярловая крупа 1 кг, апілкі). Формаўтварэнне адбылося на падставе зліцця знакамітай скульптуры «Пачакун» і баксёрскай пальчаткі.
Элемент, ужыты ў арнаменце вышыванкі, азначае «сілу» і сведчыць аб пэўнай беларускасці «Чакана». Бо «Чакан»-беларус умее талерантна чакаць (у назве прасочваецца семантыка «чакання»), але тым жа часам акумулюе і сілу (намёк на форму баксёрскай пальчаткі), што выдатна сфармулявана ў першым куплеце гімна Рэспублікі Беларусь: «Шчыра сябруем, сілы гартуем». Але гэта толькі парафраз верша «Мужык» (1909 г.) Якуба Коласа:
Я — мужык, а гонар маю.
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
“Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”
У гэтым жа коласаўскім вершы ёсць тлумачэнне і знешняга выгляду «Чакана», і яго начыння:
Я — мужык, я — сын пакуты,
На мякіне вырас я,
Гічанамі пуза ўздута,
Ногі ў лапцікі абуты,
Бедна вопратка мая.
Гэта і «пачакун-ждун», і «зброя» ў адной абалонцы. На форму носа паўплывала фігурка «Панча-Пульчынэлы» (гл. ніжэй).
Ілюстрацыі ласкава прадастаўлены А. Дубініным, які мяркуе, што выява Чакана магла б стаць лагатыпам новага сатырычнага выдання. ПаЧАКАНім – пабачым…
***
Найчасцей «Вожык» я чытаў у «перабудову», г.зн. у канцы 1980-х – пачатку 1990-х. Дагэтуль памятаю карыкатуру на ўрэдную кабету, што моліцца на партрэт Сталіна, кажучы: «Уваскрэсні, бацька родны, дапамажы справіцца з гэтымі перабудоўшчыкамі…» Аднак у цэлым стылістыка часопіса ніколі не была мне блізкая – тутэйшая газета «Навінкі» на рубяжы стагоддзяў цешыла болей. Падабаліся таксама гумарыстычныя старонкі ізраільскіх рускамоўных выданняў канца 1990-х – напрыклад, газеты «Русский израильтянин». Калажамі, шаржамі ды каламбурамі ад «РИ» дзяліўся з супрацоўнікам «Вожыка» – карыкатурыстам Яўгенам Царковым, які з 2003 г. жыве з сям’ёй у ЗША. Не раз бачыўся з Яўгенам Бацькавічам у рэдакцыі, балазе 20 год таму яна мясцілася ў зручным месцы – побач з кінатэатрам «Кастрычнік», насупраць Акадэміі навук. У той будынак на праспекце Скарыны, адрозна ад суседняга «дома прэсы» на вул. Хмяльніцкага, пускалі без фэйскантролю: дагэтуль дзіўлюся, як сакрэты «Вожыка», «Алесі» ды «Мастацтва» не трапілі ў Пентагон & штаб-кватэру НАТА? 😉
У пачатку 2000-х дух казёншчыны ўсё-ткі лунаў над «Вожыкам», і слушна пісаў філолаг Андрэй Скурко, цяперашні вязень: «Як і іншыя дзяржаўныя выданьні, ён працуе з абабітым за дзясяткі год колам сваіх „вечных сюжэтаў“, якія проста крыху трансфармуюцца — часам без усякай суадноснасьці з рэчаіснасьцю — і мяняюцца месцамі з нумару ў нумар. Перавага абстрактна-побытавай тэматыкі ды алькагольныя рэмінісцэнцыі несьвядома падмацоўваюць каляніяльную зададзенасьць часопіса, маючы на мэце звужаць прастору мысьленьня чытача, каб ён страціў мажлівасьць успрымаць як сьмешныя ды абсурдныя зьявы вышэйшага кшталту і, цераз гэта, зрабіць яго бясьпечным для існае палітычнае сыстэмы» («Arche», №6, 2000). Дзіва што наклад надалей падаў: за апошнія 20 год ён зменшыўся на парадак, і найвялікшым жартам у часопісе выглядаў у 2021 г. доўгі спіс членаў рэдкалегіі (з дырэктарам — 12 чалавек!). На ідышы ў такіх выпадках кажуць: «ба а сах нянькес вэрт дос кінд дэрштыкт». «Дзе нянек многа, там дзіця бязнога».
Св. памяці паэт М. Шабовіч (1959—2021) памёр 16 лістапада — асабіста супраць яго нічога не маю, ён быў не горшы ў гэтай цёплай кумпаніі…
Чатыры гады таму, калі «Вожыку» планавалі зрэзаць урадавую фінансавую падтрымку, я без фанатызму заступаўся за яго:
Выданне выконвае важную «псіхатэрапеўтычную» функцыю: актывісты і «простыя людзі» на перыферыі адчуваюць сябе з ім крыху больш абароненымі ад чынавенскіх свавольстваў. Часам праз «Вожык» удавалася развязаць нейкія праблемкі. Высмейвання баіцца і той, хто агулам нічога не баіцца – банальна, але часам спрацоўвае.
Штомесячны белмоўны часопіс, прысутны ва ўсіх раённых бібліятэках, – гэта і сродак пашырэння першай дзяржаўнай мовы. Да таго ж трэба, каб было дзе размінацца літаратурнаму маладняку… (гэтую функцыю «Вожык» сяк-так выконвае нават з тысячным накладам).
Апошнім жа часам і тысячнага тыражу не было, і зніклі тыя смяшынкі-яскаркі, якія шчэ трапляліся ў «Вожыку»-2017…
На вокладках — пацаватыя сатыра й гумар (унутры бадай тое самае). Пазнака «16+» патэнцыйную аўдыторыю, па-мойму, хутчэй адпужвала
Ну, гэта яшчэ сяк-так
Таму пра закрыццё шкадую меней, чым шкадаваў бы раней. Мажліва, насамрэч лепей запусціць новы праект, улічваючы як дасягненні, так і хібы старога.
Вольф Рубінчык, палітолаг, г. Мінск (25.12.2021)
***
Старыя вожыкаўскія карыкатуры гл. на нашым сайце тут:
ПО СТРАНИЦАМ «ВОЖЫКА». Деструктивные женщины БССР и…
Апублiкавана 26.12.2021 11:05
Ці шкадую “Вожыка”? Так, шкадую. Як шкадуюць БССР, як шкадуюць частку сябе. Але разумею, што дарогі назад няма.