Чарговая гадавіна «прэзідэнцкіх выбараў» 2010 г., пасля якіх, калі верыць адной знанай пісьменніцы, «мы жывем у іншай краіне, вярнуліся ў 30-я сталінскія гады… Ужо няма адной Беларусі, ужо дзве Беларусі». Я ўспрымаў сітуацыю не так эмацыйна і 20.12.2010 панёс адрасатам з «абедзвюх Беларусяй» купу газет, пісьмаў і паведамленняў. Праца на пошце была добрая тым, што прышчапляла філасофію кшталту «вайна вайной, а абед згодна з раскладам».
Дзень, калі ў Мінску выйшлі ў цэнтр горада тысячы, былі затрыманы сотні, а многіх з іх збівалі на горкі яблык, заслугоўвае таго, каб яго памяталі. Надоечы адзін круты палітык (што там хаваць, сам Мікола С.!) прапанаваў абвясціць 19 снежня «Днём годнасці». Была, вядома, і годнасць, аднак перамогай яна не абярнулася. Мо таму, што, як казаў польскі сацыёлаг Рышард Радзік (цытую з «Аrche» № 4, 2016), «беларускія апазіцыйныя эліты схільныя бачыць рэчаіснасць такой, якой яна павінна быць, замест таго, каб даследаваць яе такой, якой яна ёсць насамрэч».
«Лідэры», якія збіралі «народ», па-ранейшаму мелі справу збольшага з атамізаванымі індывідамі; падзеі 2001 і 2006 гг. мала чаго навучылі апанентаў Лукашэнкі. Прыпамінаю абяцанкі Уладзіміра Някляева ў «Народнай волі» (07.12.2010): «Гэтым разам плошча будзе мірнай. Створаныя намі дружыны гатовыя ва ўсім супрацоўнічаць з міліцыяй». Не прайшло і двух тыдняў, як Някляеў, сур’ёзна траўмаваны па дарозе на «мірную плошчу», апынуўся ў бальніцы, адкуль быў гвалтоўна адпраўлены за краты, і чытачам «Нашай Нівы» давялося бараніць яго права на медычную дапамогу.
Роля «дружын» да канца не зразумелая, як і сама ідэя «мірных пратэстаў» пасля аб’явы цэнтрвыбаркама пра вынікі «выбараў». Задоўга да 2010 г. у мяне склалася ўражанне, што апаненты Лукашэнкі вырашылі пераняць знешні бок украінскага Майдана… іншымі словамі, перамагчы суперніка ў сімвалічным полі, не замахваючыся на рэальныя рычагі ўлады. Як пісаў Андрэй Сіняўскі звыш 50 гадоў таму пра познесталінскую літаратуру: «Ні пры якіх умовах, нават для карысці справы, станоўчы герой не мае здавацца адмоўным… І вось ужо ён перамагае ворага не спрытам, не розумам, не фізічнай сілай, а адным сваім гордым выглядам». «Матрыца» сацрэалізму, відаць, і ў 2010 г. трымала тых сфармаваных у СССР літаратараў і літаратуразнаўцаў, якія апраналіся ў шаты палітыкаў і паліттэхнолагаў… Выстаўленне перад публікай «дзевяці Вацлаваў Гаўлаў» (выраз не мой, а дылетанта ад усіх навук Віктара М.) дапаўняла карціну.
І праз шэсць гадоў Беларусь застаецца «жандаром» – калі не для свету, то для постсавецкай прасторы дакладна. Справа даўняя, але ці выпадкова ў 2008 г. іменна ў Мінску з падачы БАБа пасадзілі за краты грамадзян ЗША – хітрамудрага адваката Эмануіла Зельцара і яго сакратарку? Пра Баўмгертнера і траіх «беларусафобаў» гаварылася ў 34-й серыі, а цяпер – новы эпізод: арышт у Мінску 14.12.2016 блогера з ізраільскім пашпартам Аляксандра Лапшына. Паведамлялася, што яго патрабуюць выдаць улады Азербайджана, бо ён без іх санкцыі ездзіў у Нагорны Карабах і пісаў пра гэта (страшны грэх!) У выніку Лапшын арыштаваны на два месяцы – цешыць, што нетаропкае міністэрства замежных спраў Ізраіля ўсё ж заступілася за суайчынніка.
Чыноўнікі Беларусі, пачынаючы з галоўнага, сваімі рукамі ствараюць імідж для сінявокай… Зрэшты, многіх палітыкаў у суседніх (і не толькі) краінах імідж лукашэнкаўскай Беларусі ў цэлым задавальняе; ён надаецца хаця б для таго, каб палохаць уласных грамадзян. 20 год таму ўмоўны «Захад» мог адносна лёгка стаць на шляху спаўзання Беларусі ў аўтарытарызм, ды не пажадаў… Праўду зараз наўрад ці хто скажа, але існуе канспіралагічная версія пра патаемную дамоўленасць эліт: «мы» вывелі ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі (вывад завяршыўся 27.11.1996 – акурат пасля другога рэферэндуму, выйгранага Лукашэнкам), а «вы» імітуйце сабе змаганне за дэмакратыю і правы чалавека, прымайце рэзалюцыі, заахвочвайце «апазіцыю» рабіць тое самае, вазіце яе на семінары – абы рэальнай канкурэнцыі з намі не вялося. І воўкі цэлыя, і авечкі сытыя…
У 1997-98 гг. слухаў я лекцыі некаторых тутэйшых і замежных выкладчыкаў у ЕГУ пра паступовы пераход Беларусі да дэмакратыі, і задаваў сабе пытанне: няўжо яны не бачылі, што адбывалася наўкол? Падаецца, што не хацелі бачыць… Затое пасля 19.12.2010 некаторыя «заходнікі» рабілі выгляд, што здзіўлены: «Рэжым Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі адрэагаваў з нечаканай жорсткасцю» (з прадмовы старшыні фонда Адэнаўэра да кнігі «Голас волі з-за кратаў», 2013 г.). Усё б нічога, калі б гэтая робленая наіўнасць не адбівалася на лёсах маіх суайчыннікаў. У рэшце рэшт нават Андрэю Саннікаву, аднаму з самых празаходніх дзеячаў беларускай «апазіцыі», надакучылі выбрыкі партнёраў: «здзіўленне і стала трэндам і мэйнстрымам у аналітыцы… І ў гэту «здзіўленую» супольнасць сталі імкліва ўлівацца палітыкі, журналісты, цэлыя выданні, творчыя асобы, грамадскія дзеячы, нават праваабаронцы. А потым і наогул дзіўнае адбылося: вось гэта вось здзіўленне, чытай некампетэнтнасць, і сталі лічыць палітыкай». Аднак я амаль упэўнены, што ў бліжэйшы час ён не вернецца ў Беларусь і не пачне ўсё наноў з тымі, ад каго рэальна залежыць будучыня краіны. Чаму? Таму…
Пара б кандыдатам на ролю «беларускага Гаўла» ўцяміць, што, перш чым ісці «бацьку біць», трэба хоць міжсобку дамовіцца. У гэтым сэнсе заслугоўвала ўвагі прапанова Аляксандра Ярашука аб стварэнні адзінай «апазіцыйнай» партыі, выказаная колькі месяцаў таму. Зразумела, падобныя прапановы агучваліся і раней, ды прыслухацца да іх лепей позна, чым ніколі. Тым болей што нядаўна стала вядома пра фактычнае банкруцтва «грамады» на чале з Шушкевічам. Ледзь ліпяць і іншыя партыйкі/аргкамітэты.
Сэнс узбуйнення – не толькі ў эканоміі на юрыдычных адрасах і офісах, а найперш у тым, каб мець «ячэйкі» іншадумцаў у кожным населеным пункце, на кожным прадпрыемстве. Назваць новую арганізацыю можна было б, доўга не думаючы, «партыя перамен»; арыентавацца на людзей вольных прафесій і найбольш амбітных наёмных работнікаў. Іншымі словамі (скарыстаем рыторыку марксістаў…), для ліквідацыі перажыткаў феадалізму патрэбен саюз дробнай буржуазіі з рабочым класам.
Чакаць «цудаў 17-га года» налета не выпадае, аднак да наступных «выбараў» партыя магла б сфармавацца і годна праявіць сябе. Штопраўда, пры ўмове, што ў кіраўніцтва не пралезуць скампраметаваныя асобы. Так, дзейнасць Аляксандра Ф. у беларускім палітыкуме стала ўжо сумным анекдотам, нават калі забыць на месца яго працы ў 1994 г. Характэрна, аднак, што пасля таго, як у 2006 г. выявіліся факты парушэння гэтым чалавекам аўтарскага права (тут я выказваюся вельмі лагодна), у 2010 г. ён стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», даверанай асобай кандыдата Някляева…
Пры ўсёй павазе да заснавальніка (Павел Шарамет быў подла забіты ў Кіеве 20.07.2016), сайт «Беларускі партызан» агулам не вылучаецца павагай да аўтарскіх правоў. Так, у 2009 г. нехта перапісаў мой артыкул з bychess.com пра часопіс «Шахматы», сказіўшы яго сэнс: «партызаны» дадалі загаловак «Беларусь засталася без шахматных выданняў», дарма што ў Лунінцы выходзіў бюлетэнь «Альбино» з дадаткам «Альбино плюс». Пісьмо з прэтэнзіяй да Шарамета засталося тады без адказу, а судзіцца з былым лукашэнкаўскім вязнем падалося мне збыткоўным. Можа, я і памыляўся… Прынамсі на днях «БП» дапусціў новае парушэнне: сталы аўтар сайта, д-р сельскагаспадарчых навук Міхаіл К. перапісаў чужы артыкул 2013 г. пра тролінг, «забыўшыся» спаслацца на расійскага аўтара Сударыкава.
Тое, што хамства пануе сярод высокіх чыноўнікаў, медычны факт, і вось свежы прыклад ад міністра абароны, да якога звяртаўся Мікола Статкевіч:
Гэта не глупства, гэта пазіцыя.
Ідэі ў эканоміцы, прававой сферы і г. д. не ўспрымаюцца, падвісаюць у паветры, калі няма маральнай альтэрнатывы паводзінам цяперашніх дзяржаўных службоўцаў з іх «зубамі, якія трэба паказваць». Мяркую, адным з галоўных органаў «партыі перамен», калі такая будзе створана, мусіць зрабіцца пастаянна дзеючая камісія па этыцы, як бы яна ні звалася IRL. Каб такія выпадкі, як перапісванне чужых тэкстаў або «выспятак Рымашэўскаму» (2012 г.), цягнулі за сабою неадкладнае развітанне са звадыяшам.
Папраўдзе, я спадзяюся перадусім на тых, каму зараз 18-25 гадоў, г. зн. народжаных ужо ў несавецкі перыяд: яны больш вандруюць, лепей кантактуюць з замежнікамі… Маё пакаленне – прынамсі тыя, хто імкнуўся нешта змяніць – у 2000-х мусіла таптацца на месцы, бо грамадства жывілася постсавецкімі ілюзіямі. «Яўрэйскага руху» тое таксама тычылася, прынамсі я назіраў ціхую дэградацыю. У 2010-х абстаноўка пакрысе пачала мяняцца ў лепшы бок, і фэст «Сіці Ханука», праведзены ў Мінску 18.12.2016, служыць новым доказам… Хоць арганізатары не сабралі дастатковай сумы праз краўдфандынг, дый наведвальнікаў сёлета было малавата.
Пані Зося з «Шынка “13 крэслаў”» святкуе Хануку, а ты?
* * *
Зусім нядаўна мы страцілі Леаніда Маракова, бізнэсоўца, які ў 1990-х, уражаны лёсам свайго дзядзькі (паэт Валер Маракоў, 1909-1937), перакваліфікаваўся ў даследчыка… Пра роднага дзядзьку – адна з першых яго кніг. Яго мартыралогі, дарма што не пазбаўленыя недахопаў, запоўнілі многія прагалы ў ведах пра савецкі час, і нездарма праца над імі трактавалася як «подзвіг». Я быў крыху знаёмы з Леанідам, бачыўся з ім у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2004-м. Ён казаў, што дачка Дзіяна займаецца шахматамі, наракаў на РЦАП… Хто мог тады ўявіць, што гэты моцны чалавек не дажыве да 60. Светлая яму памяць.
У студэнцкі час мне запаў у душу верш В. Маракова «Рахунак паэта…», і зараз я працытую найбольш яркія, гуманістычныя радкі на развітанне з пляменнікам аўтара:
Чалавек – гэта вам не мумія,
Узяў са склепу і выштурхнуў вон.
Чалавек — гэта сад з залатымі думамі,
Дзе па жылах праходзіць блакітны агонь…
Як паведамляе «Радыё Рацыя», сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл падрыхтавалі і выдалі насценны каляндар на 2017 г. «Знакамітыя людзі Слонімшчыны».
Навіна пазітыўная; на маю думку, каляндар быў яшчэ лепшы, калі б на ім быў партрэцік паэта Хаіма Ленскага (Штэйнсона), ураджэнца Слоніма. Зусім нядаўна Фелікс Баторын прадставіў вершы Ленскага ды яго кароткую біяграфію тут і тут, аднак і да 2016 г. у Беларусі пісалі пра творцу, закатаванага ў Сібіры. Напрыклад, у кнізе «На ізраільскія тэмы» (Мінск, 2011).
Ад пачатку года не заходзіў на сайт «Інтэрактыўная мапа Беларусі», а там, высвятляецца, абнаўленні: прынамсі з’явіліся партугальскамоўная, сербскамоўныя ды іншыя версіі. На іўрыце/ідышы версій пакуль няма… Зрэшты, тут бачыцца і элемент «гістарычнай справядлівасці»: аж занадта ў апошнія гады было замежных яўрэйскіх суполак (не кажучы пра асоб), якія падкрэслівалі, што гісторыя Беларусі іх не цікавіць.
Аднойчы баявітаму навуковаму рэдактару «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі» Абраму Т. далі зразумець, што варта паправіць артыкулы «Минск» і «Белоруссия». Адказ ад 18.12.2015: «Што да крытыкі, цалкам яе прымаю. Фінансаванне выдання было спынена 15 год таму… Нядаўна знайшліся спонсары, і работа аднавілася, але да многіх артыкулаў, у тым ліку і тых, якія Вы назвалі, рукі не дайшлі». Яны «не дайшлі» і праз год 🙁
Вольф Рубінчык, г. Мінск
19.12.2016
wrubinchyk[at]gmail.com
Апублiкавана 19.12.2016 21:09