Tag Archives: Андрей Дубинин

Новы пераклад Мойшэ Кульбака!

М. Кульбак

ЗЭЛМЭНЯНЦЫ

(урыўкі з першай кнігі)

От гэта ёсць рэб Зэлмэлэвы двор.

Пазачасная мураванка з раскрышаным тынкам і два рады дамоў, поўных зэлмэлчыкаў. Маюцца яшчэ хлявы, скляпы, гарышчы. Гэта ўсё падобна да вузкай вулачкі. Улетку, як шарэла на дзень, дробны рэб Зэлмэлэ выходзіў от сюды ў голых сподніках. Тут ён цэглу перацягваў, тут ён з усімі сіламі гной на лапаце выносіў.

Адкуль паходзіць рэб Зэлмэлэ?

У сям’і прыйшлі да высновы, што ён паходзіць з «глыбі Расеі». Ва ўсякім выпадку, ён ужо тутака пабраўся шлюбам з бабай Бaшэ, якая тады, зразумела, была дзяўчынай, і тут яна пачала абдзецьвацца.

Баба Бaшэ, перадаюць, пладзілася зусім без рахубы, з нейкім шаленствам, і дзеці з яе чэрава атрымліваліся рослыя і чорныя, з шырокімі плечыкамі – запраўдныя зэлмэнянцы. Дзеці пазней пераходзілі ў рэб Зэлмэлэву падуладнасць. Мамкай ён аніяк не быў, ён крыху чакаў і затым аддаваў іх у рамеснікі.

Аднаго, Фолю, ён зрабіў гарбаром, калі таму не было дзесяці гадоў, дзеля нейкай справы з канём.

Не паспелі агледзецца, як і дзеці пачалі абдзецьвацца. Нявесткі прыйшлі з рознай пладавітасцю, таксама зяццё ўсялякае, новыя сілы, аж да таго, што суседзі з двара затурбаваліся. Усе хаціны былі напхатыя жвавымі, чорнымі зэлмэлчыкамі. Бялявых траплялася мала, як і між дзяўчат… Пара рудых прыйшла ўжо ў апошнія некалькі год. Якім чынам от гэтая рыжына ўбілася ў сям’ю, не высветлена і дасёння.

* * *

Зэлмэнянцы былі чорныя, касцістыя, з шырокімі нізкімі ілбамі. Зэлмэнянец мае мясісты нос. Зэлмэнянец мае ямкі на шчоках. Збольшага ён спакойны маўчун, што глядзіць на ўсё з боку, хаця ёсць таксама тут, пераважна паміж юнага пакалення, моцныя гаваруны і гаварухі, нават нахабнікі. Ды ў аснове гэта сарамлівыя зэлмэлчыкі, што падпалі пад чужы ўплыў і ўдаюць з сябе невядома што. Зэлмэнянцы цярплівыя, няма ў іх злосці. Яны маўчаць хмурна і весела, хаця таксама маецца асаблівы зэлмэнянскі стыль, што блішчыць, як жалеза.

Зэлмэнянцы выпрацавалі цягам пакаленняў уласны водар – гатунак мяккага павеву ад ляжалага сена з нечым яшчэ.

Здараецца ў вагоне, што габрэі едуць напакавана, пазяхаюць на халодны ранак. Раптам працірае габрэй вочы і пытае:

– Ці не будзеце вы рэб Зэлмэлэвы ўнук?

– Так, я рэб Зэлмэлэвы ўнук.

Габрэй совае рукі ў рукавы і едзе далей. Гэта ён у сне ўнюхаў рэб Зэлмэлэвы водар, хаця ніхто з горада аб тым пэўна не задумваўся; нікому зусім не выпадала думаць, што зэлмэнянцы маюць асаблівы водар.

Ёсць яшчэ ўласцівасць у сям’і, што характэрная пераважна для мужчын: дзе-які з рэб зэлмэлэўскіх любіць роўна так сабе ўздыхнуць, пры гэтым выпускае ён з вуснаў такое вясёлае, пяшчотнае іржанне, што магчыма падслухаць толькі каля стайні, дзе коні стаяць і жуюць авёс.

Гэта ўсё паказвае, што рэб Зэлмэлэ паходзіць аднекуль з сяла.

З гэтага відаць таксама, што рэб зэлмэлэўскія вельмі простыя, як бохан хлеба. Няма няплодных у сям’і, няма заўчасна памёрлых, за выняткам цёткі Гесі…

* * *

Калі паказаліся парасткі чацвёртага пакалення, рэб Зэлмэлэ пачаў збірацца ў адваротны шлях. Ён напісаў на вокладцы малітоўніка свой тэстамэнт, пакруціўся трохі часу без справы, і потым тáкі памёр.

Гэта быў просты чалавек. Тэстамэнт ён запісаў на ідышы, з адмысловымі гэбрайскімі слоўцамі, і як гэты малітоўнік валяецца зараз дзе папала, то варта тут, магчыма, запісаць тэстамэнт на памятку:

Панядзелак, кніга Выхад, года… (закрэслена).

Я рахую сам пры маім жыцці падзяліць для маіх дзяцей як павінна быць апасля ста гадоў маіх… Так павінна быць: мае дзеці застаюцца жыць у двары маім. Кавалак зямлі, што я маю, павінны прадаць, узяўшы за яго блізу чатырох соцень срэбных рублёў, і месца ў сінагозе павінны таксама прадаць, узяўшы за яго блізу ста пяцідзесяці срэбных рублёў, і ляжыць у мяне пад шостай цаглінай у печы, справа, таксама блізу тысячы срэбных рублёў. Павінны так падзяліць: сыну майму Ічу – сто пяцьдзясят срэбных рублёў, таму што ён, мой сын Ічэ, ужо ўзяў сто пяцьдзясят срэбных рублёў пад справаздачу на спадчыну за маім жыцці яшчэ, і сыну майму Зішэ – дзве сотні срэбных рублёў, і сыну майму Юду таксама дзве сотні срэбных рублёў, сыну майму Фолю таксама дзве сотні срэбных рублёў, і дачцэ маёй Хаі-Машы – сто срэбных рублёў, дачцэ маёй Матлі таксама сто срэбных рублёў, і дачцэ маёй Рашы таксама сто срэбных рублёў, і Гурвіцу павінны аддаць пяцьдзясят і дваццаць чатыры, што я тут ад яго ўзяў, каб даць сыну майму Ічу пад справаздачу на спадчыну за маім жыцці яшчэ, трэба яму аддаць. І пяцьдзясят і дваццаць чатыры срэбных рублі павінны даць на ахвяраванні, і астатнія для мяне на пакрыццё выдаткаў, каб правесці на вечны свет. І хатнія рэчы належаць жонцы маёй Соры-Башы. Пасля ста год маёй жонкі павінны дачкі ўсе ўтрох падзяліць, толькі дзве падушкі даць Ічавай дзяўчыне Хайцы. І так усё павінна падзяліцца паміж дачок, толькі мае адзенні павінны належаць сыном. Смушкавае футра павінен узяць, хто мае патрэбу, альбо па кіданню лёсаў той, каму выпадзе, толькі не сварыцца, усё павінна быць прыгожым чынам, і як я сам падзяліў, не чужыя павінны дзяліць. І павінны ўсе дабро атрымаць, асалоду і шчасце. Гэтага жадаю я ад усяго сэрца. Толькі пасля ста гадоў маіх павінны яны на мяне не забыць, хаця б пільнавалі памінальны кадыш сказаць, як ёсць магчымасць.

Ад мяне – Залмэн-Элье, сына Лэйбы Хвоста.

* * *

Баба Башэ на даволі год перажыла дзеда, і можна сказаць, што яна жыве яшчэ па-сённяшні-дзень. Праўда, не бачыць яна, як трэба, і не чуе яна, як трэба, і не ходзіць яна, як трэба, аднак абы яна жыла. Яна зрабілася падобная больш да старой курыцы, чым да чалавека, і яна не ведае нават, калі гэта ў нас неяк змяніўся свет.

Баба Башэ пераймаецца толькі сабой, і калі яна разважае, то гэта, магчыма, зусім шалёныя разважанні, зробленыя з цалкам іншай матэрыі, чым звычайныя думкі.

Здараецца ўвечары, што яна круціцца ў прыцемку, і раптам кажа да чырвонага гальштука ў пакоі:

– Мотэлэ, але чаму ты не ідзеш маліцца?

Чорны Мотэлэ, ад якога патыхае ўжо ціхенька сенам, падыходзіць, засуквае хустачку ад бабінага вуха і крычыць туды:

– Баба, я ёсць піянер!

Яна ківае галавой:

– Эгэ, эгэ, ён ужо памаліўся. Дзе ж ты памаліўся?

Улетку, калі баба Башэ выходзіць ужо ўва двор, сядзіць яна на парозе і не нарадуецца, калі бачыць, як з усіх дзвераў сыпяцца і сыпяцца зэлмэлчыкі, як чорны мак.

Свеціць вялікае сонца на новыя рэб зэлмэнскія парасткі.

* * *

Другое пакаленне зэлмэнянаў разгалінавалася на тры магутныя струмені і некалькі прытокаў. Слупамі сям’і былі здаўна і засталіся дасёння: дзядзька Ічэ, дзядзька Зішэ і дзядзька Юдэ.

Дзядзька Фоле ідзе асобна. Дзядзька Фоле ідзе сваім уласным, адасобленым, гарапашным шляхам у жыцці. Зэлмэнскі двор яму не падыходзіць, бо ён настойвае, што маленства яму тут спаскудзілі. Ён абжора, асабліва любіць картапляную бабку, і што за думкі ён носіць, не ведаюць, таму што ён іх не выказвае.

Астатнія ў сям’і ўжо драбната, дзе корань выглядзець цяжка, хаця яны таксама былі сфармаваны паводле рэб Зэлмэлэва вышэйшага нагляду і носяцца па свеце са сваім водарам.

Асобнае месца займае ў сям’і дзядзька Зішэ, што быў у двары залічаны ў арыстакраты. Ён таўставаты гадзіннікавы майстар з чатырохвугольным ілбом, з чатырохвугольнай барадой, хваравіты, або, магчыма, прыкідваецца хворым.

Даўней прыносілі яму расчытваць паперы. Дзядзька Зішэ вымаў лупу з вока, прасіў сядаць і прачытваў цярпліва слова за словам…

Ён меў добрае разуменне.

Галоўная цнота з яго чытання складалася ў тым, што прама на месцы даваў ён параду наконт гэтай «справы».

Кажуць, што ў ім таілася вялікая моц.

Дзве дачкі яму жонка, цётка Гітэ, прынесла на свет са значна большай цяжкасцю, чым гэта пасуе зэлмэнянам. Адна Тонькэ дзядзькі Зішы – чыстая зэльмэнянка, другая ўжо мае ў сабе крыху салодкай меланхоліі, што цётка Гітэ, не ў крыўду ёй, упырснула ў сям’ю. Трэба гэта цётцы Гіце дараваць, бо ўсе лічаць, што яна не вінаватая – яна паходзіць з рабінаў.

Што ж здарылася з цёткай Гесяй?

Наш горад тады ляжаў у гарматным агні. Гаспадыні з усяе вуліцы зачынілі хаціны і сышлі ўніз да рэб Зэлмэлэ ў склеп. Раптам цётцы Гесі закарцела курынага супу. Чаму? У даўкаце яна так доўга глядзела на рэб Ехэзкэла, разніка, пакуль ёй не захацелася таго супу. Схапіла яна курыцу, разнік выцягнуў вонкі халэф (рытуальны нож), і выйшлі ў двор рэзаць.

Гваздануў тады ў двары дзікі агонь, і выбіў ён шыбы, куды толькі дацягнуўся.

Потым сусед пагрукаў у склеп, што можна выходзіць. Цётка Геся ляжала спакойная і бледная, як быццам анічога не здарылася, побач з ёй ляжала барадой угору разнікова галава, і ён, уласна разнік, ляжаў на паваленым паркане з халэфам у руцэ.

Побач стаяла курыца і філасофствавала.

Пераклаў з ідыша Андрэй Дубінін (Мінск)

Ад рэдакцыі belisrael.info: просім улічыць, што праца над перастварэннем рамана, вядомага беларускаму чытачу як «Зельманцы», яшчэ працягваецца. Тое, што тут прапануецца, – накід, спроба зазірнуць у лабараторыю мастака…

Як можна бачыць з маргіналіяў, мастак і да перакладу падыходзіць па-мастацку. Слова самому А. Дубініну, які ўважае раман М. Кульбака за паэму:

«Дзіўнае – перакладчыкі не бачылі рыфмаў, нават на самай першай старонцы – дзе “do flegt er ibertrogn a cigl, do flegt er mit gor di kojxes trogn a ridl, Кульбак гэтае рытмічнае паўторнае жыццё даў рыфмай, такое рытмічна-касмаганічнае быццё, якое круціцца вакол цэглы ды рыдлёўкі гною. У Віталя Вольскага: “рэб Зэлмэлэ, выходзіў сюды ў адных сподніках”, у Рахілі Баўмволь: “он перекладывал с места на место какой-нибудь кирпич, с превеликим усердием подбирал лопатой помёт”. Да ўсяго – знік указальнік “do” – “тут”, прычым двойчы. Сугучней Кульбаку будзе так: ”тут быў ён цэглу пераносіў, тут быў ён з усяе сілы гной на рыдлёўцы выносіў”. Такая рытмічна-касмічная завядзёнка, перададзеная граматычнай формай. Перакладчыкі на гэта не зважаюць, але гэта ёсць зместам і сутнасцю, форма ў Кульбака і ёсць зместам яго паэмы».

Дадамо, што 19 чэрвеня 2017 года ў Мінску (то бок сёння ўвечары!) плануецца сустрэча з А. Дубініным, дзе ён адкажа на ўсе пытанні, датычныя перакладу.

Апублiкавана 19.06.2017  06:29

***

З каментароў у фэйсбуку Уладзь Рымша Надзвычай мастацка якасны пераклад.
Чытаючы, увогуле цяжка паверыць, што гэта – пераклад, – настолькі дасканалая праца.  19.06 11:01

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (16)

Спякотны чэрвень… Юбілейная, пятая тусоўка «чэсных» дэлегатаў у Мінску. Учора ў метро гэтак навязліва гукалі праз рэпрадуктар: «Сёння адбываецца адзін з найважнейшых форумаў у жыцці нашай краіны…» Ніякі ён не найважнейшы, зразумела: арганізатары ўсё пастанавілі заранёў. Да жыхароў Беларусі ў чарговы раз залезлі ў кішэню; ну, кладучы руку на сэрца, выдаткі адносна невялікія (усё ж не зацягнулася імпрэза, і дарылі дэлегатам не «Мерседэсы», не трактары, а «ўсяго толькі» самсунгаўскія планшэты). У параўнанні з грашыма, выкінутымі на геапалітычныя праекты – дружбу з Венесуэлай, будоўлю АЭС – капейкі, можна сказаць.

Галоўны аратар па-фрэйдаўску прагаварыўся, якое месца адводзіць народу: «І запомніце простую народную ісціну: “Не сена ідзе да каровы, а карова да сена”. І трэба навучыць наш народ рухацца туды, дзе ёсць працоўнае месца». Зрэшты, амаль гэтак сама бачыць сваіх любімых бедненькіх беларусікаў Святлана Алексіевіч: па Мінску, аказваецца, ходзіць нейкае безаблічнае «агульнае народнае цела». Магчыма, у наступны раз адзін проста будзе казаць пра «быдла» («У Заходняй Беларусі пад Польшчай нацыянальна-моўныя правы беларусаў тапталіся, іх таксама абзывалі і выстаўлялі быдлам і хамамі», адзначаў лінгвіст Віталь Станішэўскі), а другая пра «біямасу»: кепскія прыклады заразлівыя.

Ах, у Беларусі невысокая аддача ад працы і не расце ўжо тры гады, таму ўсім трэба «распрануцца і працаваць»!.. Кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі – не дужа мне сімпатычны, бо сам у многім адстаў ад жыцця – трапна заўважыў пра Лукашэнку: «спыніўся, захрас у той матрыцы, якую стварыў для сябе». Дзіва што: чалавек 22 гады кіруе, даўно пераседзеў на пасадзе кіраўніка дзяржавы Брэжнева (той толькі 18 год пратрымаўся), а многія памятаюць, ува што ператварыўся Леанід Ільіч пад канец 1970-х – пачатак 1980-х гг…

Я б мо і не стаў згадваць шоў у цэнтры Мінска, калі б не «ізраільскі аспект». Прыехала Софа Ландвер, якая ўсё ж не ком з гары, а міністарка абсорбцыі Ізраіля (у каторы раз?), старшынька ізраільска-беларускага камітэта па эканамічнай супрацы і г. д. І пачалося! «Усебеларускі народны сход – гэта вельмі значнае мерапрыемства для краіны, дзе абмяркоўваюцца планы на бліжэйшую пяцігодку і падводзяцца вынікі папярэдніх гадоў. Прыкметны той факт, што сход склікаецца раз на пяць гадоў і будучыня краіны вызначаецца сапраўды ўсенародна». Адразу відаць, што 30 год, пражытых у СССР (1949-1979), наклалі на Софіну свядомасць невыдаляльны адбітак: мабыць, дагэтуль тужыць па пяцігодках і камунізме, што меўся быць пабудаваны праз год пасля яе ад’езду… І ясная рэч, візіцёрка лепей за мільёны грамадзян Беларусі, недатычных да сходу, ведае, што такое «ўсенароднасць»…

У справаздачы 24.06.2016 для ізраільскіх чытачоў С. Л. як бы намякае, што не зусім верыць у сваю прапаганду (ціпа займалася дыпламатыяй і паскарала алію беларускіх яўрэяў :)). На трыбуну сходу яе не пусцілі, але «ў час сустрэчы з міністрам сацабароны і працы Марыянай Шчоткінай я ўзняла, натуральна, пытанне аб вяртанні пенсій ізраільцянам, былым грамадзянам Беларусі. На жаль, пытанне гэтае вырашаецца значна больш марудна, чым нам бы хацелася. Галоўнай прычынай з’яўляецца эканамічны спад у краіне, Беларусь знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Але разуменне і жаданне беларускага боку вырашыць гэтую праблему існуе».

Каб даведацца, колькі ў беларускага боку «разумення і жадання», успомнім: у чэрвені дакрызіснага 2007 г. у Беларусь прыязджала дэлегацыя Кнэсэта на чале з Марынай Салодкінай (1952-2013). Марына паведамляла: «асноўная мэта вiзiту iзраiльскай дэлегацыi вяртанне пенсiй выхадцам з Беларусiгэта для Iзраiля не фiнансавае пытанне, а пытанне гонару: людзям павiнны быць вернуты грошы, якiя яны зарабiлi. Добры прыклад у гэтым плане падае Расiя. Яна без усялякiх перагавораў вяртае пенсii ўсiм тым, хто пакiнуў яе тэрыторыю пасля 1992 года». Тая ж Ландвер сустракалася з той жа Шчоткінай у лютым 2012 г.: «Паводле ізраільскага боку, афіцыйны Мінск выказаў прынцыповую згоду выплачваць пенсіі выхадцам з Беларусі. Як і ў выпадку з Расіяй, ад ізраільцян патрабуецца прадаставіць цэлы шэраг звестак… Ландвер заявіла Шчоткінай, што праца над падрыхтоўкай адпаведных дакументаў будзе пачата адразу ж па яе вяртанні ў Ізраіль». Прынцыповая згода, такая прынцыповая…

Не маю сумневаў: Ландвер даўно зразумела, што яе (і папярэднікаў – ізраільцяне прасілі ўлады РБ выплачваць пенсіі задоўга да Салодкінай) водзяць за нос, але працэс для яе важнейшы за вынік, які нібыта «будзе дасягнуты ў бліжэйшай перспектыве». Ну і перападаюць, пэўна, нейкія крыхі з панскага стала: іначай трудна вытлумачыць хадульны аптымізм і паўтарэнне мантры «Калі ў суседніх краінах крызіс, то яго наступствы закрануць і Беларусь». Паказальна, што нават пасольства Ізраіля пасаромелася ў сябе (сайт, фэйсбук) асвятліць «лёсаносны» візіт міністаркі.

Што да вышэйшых чыноўнікаў РБ – яны з 1990-х гадоў прызвычаіліся ўдаваць з сябе дурнаватых. Магчыма, так ім лягчэй існаваць у гэтым складаным свеце; улічваючы тое, што сеанс «калектыўнай тупаватасці» доўжыцца трэці дзясятак гадоў, не такая дурная тая верхавіна, як часам хоча падавацца. Між тым вышэйзгаданая лаўрэатка ўключылася ў піяр-кампанію гаспадароў «Чырвонага дома»: «Калі б Лукашэнка ведаў, што такое Нобелеўская прэмія, я была б шчаслівая». Гы-гы, які ёлупень! Падвяла і «гістарычны» грунт: маўляў, Гітлер знішчыў яўрэяў, і цяпер беларусы – сялянскае насельніцтва, дзе ёсць толькі сялянскія веды… Глупства, канешне, але не адна яна так разважае. Небезвядомы «гаон» Андрэй Шуман пісаў улетку 2011 г.: «Парадак у Беларусі будзе магчымы толькі ў тым выпадку, калі ў нас адбудзецца змена палітычнага класа, калі нашай элітай зноў стануць яўрэі-гараджане, а не напорыстыя вясковыя хлопцы». У яго спыталіся – дзе ўзяць яўрэяў? «Запрасіць іх сюды з Манхэтэна і Брукліна назад»… Потым, праўда, патлумачыў: «“яўрэй” – метафара страчанага інтэлігента… Арыйскасць або яўрэйскасць не мае ніякага значэння. Увогуле этнічнае паходжанне вельмі ўскосна звязана з інтэлігентнасцю». Ну, дзякуй і за тое: па-мойму, ясна, што нешматлікім ужо яўрэям Беларусі не патрэбна ні юдафобія (якую, безумоўна, правакуюць развагі пра «элітнасць»), ні бязглуздая юдафілія, абапертая на міф пра нейкую нашу асаблівую інтэлігентнасць. Дайце жыць спакойна…

У бліжэйшы час, падобна, спакою не будзе нікому, ці амаль нікому – праз няздатнасць большай часткі кіраўнікоў (у тым ліку і яўрэйскага паходжання) да рацыянальных крокаў, не кажучы пра маральныя. Даволі павучальная гісторыя пра тое, як наіўны і шчыры (?) бізнэсмен-яўрэй, зарабіўшы мільёны долараў у Мінску, паверыў закліку і ў сярэдзіне 2000-х уклаў іх ва «ўздым сельскай гаспадаркі» пад кіраўніцтвам тав. Шапіры. «З 2012 года Шурым спрабуе вярнуць свае каровы», – бядуе фельетаніст і дадае: «Міхаіл Шурым – унікальны. Яго мама выкладала беларускую мову і ідыш у школе. І выхавала яго патрыётам Беларусі. Больш патрыятычнага для Беларусі чалавека я не сустракаў нават сярод членаў БНФ».

Ці значыць гэта, што патрыётам – або проста сумленным асобам – няможна выяўляць у краіне ніякай актыўнасці? Не, не значыць, але ж асцярогі неабходныя… Аркадзь Ізраілевіч з групы будаўнічых кампаній канстатаваў у часопісе «Бизнес-ревю» (сакавік 2016): «прынцыпы і стыль беларускай норматворчасці ў лепшы бок не мяняюцца». Прыблізна пра тое самае гаварылася ў папярэдняй серыі «Катлет & мух». На яе, між іншага, адгукнуўся не адзін мастак Андрэй Дубінін. Гісторык Анатоль Сідарэвіч піша: «Цікавы артыкул! Прытча пра цыбулю наводзіць на роздум, а падказка пра тое, як стаць мільянерам, выклікае смех, але не вясёлы. Пра ідыш проста выдатна». Праўда, знайшліся і чытачы, якім не да душы быў мой скепсіс у дачыненні да сучаснага БДУ. Мне нагадалі пра канферэнцыю «Беларуска-яўрэйскі дыялог у кантэксце сусветнай культуры», адбытую ў 2008 г. Аднак, па-мойму, факт яе правядзення не супярэчыць таму, што я спрабаваў давесці. Канферэнцыя не стала нечым звышістотным для навуковага свету і фактычна прайшла незаўважанай нават у Мінску. Характэрна і тое, што зборнік яе матэрыялаў выйшаў праз тры гады (у Магілёве-2014 паспелі надрукаваць у першы дзень). Усё ж ён варты прачытання і кароткага аналізу.

Многія выступоўцы не сказалі нічога новага ні пра беларусаў, ні пра яўрэяў, ні пра дыялог: той жа змагар з «амерыканізаваным глабалізмам» акадэмік Яўген Бабосаў, чый пленарны даклад ішоў, аднак, першым нумарам… Больш парадавала прафесарка Марына Мажэйка з паведамленнем пра філасофію Маймона (Хеймана; жыў у другой палове XVIII cт.) і прапановай: у «г. [п.] Мір можа быць адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная нашаму земляку, знанаму прадстаўніку кантыянства – Саламону Маймону». Дошкі, здаецца, дагэтуль няма, але гэта ўжо не праблема навукоўцаў…

Няблага паказаў сябе і Віктар Пічукоў з Гомеля: яго тэкст «Сацыяльны вобраз яўрэя ў асяроддзі сельскіх немцаў БССР міжваеннага перыяду» быў заснаваны на архіўных дакументах і ўтрымліваў масу нечаканых паваротаў. Цікавыя падрабязнасці ёсць у артыкуле Станіслава Рудовіча «Стаўленне яўрэйскай грамадскасці Беларусі да абвяшчэння БНР (1918 г.)». Заслугоўвае ўвагі агляд Анатоля Кержнера з украінскай Вінніцы «Адраджэнне яўрэйскага жыцця ў краінах СНД: дасягненні і праблемы»: у ім, між іншага, паказана, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся вытворцы кашэрнага хлеба «Блюмінскі» ў беларускім Магілёве 10 год таму. А вось «Беларуска-яўрэйскі дыялог у позняй прозе Змітрака Бядулі» Паліны Лявонавай выглядае досыць павярхоўным – мо таму, што аўтарка, засяродзіўшыся на такіх творах Бядулі, як «Салавей», «Язэп Крушынскі», «У дрымучых лясах», забылася на аповесць «Набліжэнне» (і апавяданні кшталту «Свінарка Фрэйда»), а мо праз тое, што замнога было ў артыкуле банальнасцей.

Напэўна, час ад часу варта праводзіць такія канферэнцыі. І помнік Эфраіму Севеле ў Бабруйску (урачыстае адкрыццё плануецца правесці 1 ліпеня) патрэбен. Але заўсёды хочацца большага. Найлепшым помнікам для Севелы, мяркую, было б адраджэнне ў Беларусі мовы яго герояў з Інваліднай вуліцы, а менавіта ідыша. Прынамсі частковае.

І раз ужо ў пачатку загаварылася пра чыноўнікаў. Дзейнасць прэм’ер-міністра Уладзіміра Гройсмана ва Украіне мне цяжка ацэньваць, да таго ж не мінула яшчэ 100 дзён з яго прызначэння. Аднак адзін «мінус» ён ужо зарабіў: не выціснуў з ураду чалавека, які гэты ўрад яўна дыскрэдытуе. Маю на ўвазе «адказнага» за ўнутраныя справы… Вядома, што год таму Арсен Авакаў бадзёра адрапартаваў у фэйсбуку: «Забойства А. Бузіны раскрыта. Сёння раніцай [18 чэрвеня 2015 г.] злачынцы былі затрыманы». Насамрэч за злачынства – здзейсненае, нагадаю, у Кіеве ўдзень 16 красавіка 2015 г. – ніхто дагэтуль не асуджаны. Суд у 2016 г. не прадоўжыў арышт падазраваных, якіх «цэлы міністр» у парушэнне прэзумпцыі невінаватасці летась назваў злачынцамі. Недалёка заедзе ненька-Украіна з такімі службоўцамі…

Вольф Рубінчык, г. Мінск

24.06.2016

wrubinchyk@gmail.com

Апублiкавана 25.06.2016    8:32

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (15)

Непрыхавана слабы артыкул «Беларуская юдаіка: праблемы станаўлення і перспектывы развіцця» ад двух «цудоўных людзей» з навуковымі ступенямі даў нагоду паразважаць пра стан гэтай самай іудаікі, а ў нейкай меры – і беларускай навукі ўвогуле. Варта, вядома, акрэсліць і сцэнарыі, якія маглі б выправіць сітуацыю ва ўмовах сучаснай Беларусі.

Па-мойму, грунтавацца трэба на трох пастулатах:

  1. Энтузіясты, якія жадаюць вывучаць «яўрэйскія дысцыпліны» і пашыраць веды пра яўрэйства, у краіне пакуль ёсць, што даказваюць і публікацыі на нашым сайце (напрыклад, тут і тут).
  2. Беларусь – несвабодная краіна, дзе колькасць розных перашкод для самаарганізацыі грамадзян толькі расце. Лібералізацыя, пра якую так шмат вяшчалі прапагандысты на пачатку 2010-х гадоў, выявілася пустым гукам. Характэрна сёлетняе выказванне творчай асобы – спявачкі, паэткі, артысткі – якая раней не была заўважана ў «апазіцыйнасці» (брала ўдзел у «Славянскім базары», унікала «чорных спісаў»…). Святлана Бень выказалася так:

Сітуацыя ў Беларусі неяк пакрывілася… Для мяне заўсёды было загадкай, чаму стаў магчымы халакост? Як цэлы народ, што меў моцных і мудрых прадстаўнікоў, быў гэтак хутка ўзяты ў кальцо? Мусіў жа быць супраціў! Дык вось, распрацоўвалася тэхналогія, паводле якой свабода адбіралася малюсенькімі порцыямі, часам неспацігальнымі і абсурднымі. Напрыклад, з’яўляецца афішка: «Яўрэям забаронена купляць цыбулю ў краме». Чаму цыбулю? Незразумела. І людзі разважаюць: «Нам жа не сказалі ісці ў газавую камеру. Нам проста забаранілі купляць цыбулю. Ці павінны мы паўстаць са зброяй у руках? Быццам бы не. У нас жа сем’і, дзеці… Ладна, купім цыбулю ў іншым месцы». Праз тыдзень забараняюць яшчэ нешта. А ў чалавека ўжо падрэзаны крыльцы. Калі трэба ўзняцца са зброяй у руках, у яго ўжо няма гэтай зброі. Ён ужо не той, хто здольны сказаць: «Вы што, з глузду з’ехалі?!» Дык вось, мне здаецца, у Беларусі нам увесь час забараняюць купляць тую ці іншую цыбулю.

Уразіла, што Бенька спакваля параўноўвае лёс беларусаў з лёсам яўрэяў пры нацызме…

  1. Мажлівасці для самаарганізацыі/ажыццяўлення амбітных праектаў усё ж існуюць, але патрабуюць значных рэсурсаў і спалучаны з істотнай доляй рызыкі. Трэба рабіць допуск на пашыраны прававы нігілізм і перыядычныя змены настрояў «уверсе», з якіх вынікаюць перамены правілаў гульні. Карацей, Беларусь, як і Ізраіль – гэта край, дзе кожны можа стаць доларавым мільянерам… калі прыедзе мільярдэрам.

Калі вярнуцца да беларускай іудаікі, то найбольш балючае пытанне – «хто будзе за яе плаціць?» Я не прарок і адназначнага адказу не маю. Але ж на бліжэйшыя гады варта адкінуць думку, што плаціць/дапамагаць будзе дзяржава. Гэтая думка мела права на жыццё ў 1990-х і нават пачатку 2000-х гадоў. Напрыклад, ва ўступным слове да легендарнай ужо міжнароднай навуковай канферэнцыі «Яўрэйская культура Беларусі і яе ўзаемадзеянне з беларускай і іншымі культурамі» (Мінск, май 1994) прафесар філалогіі, загадчык кафедры БДУ Вячаслаў Рагойша прапаноўваў «аднаўленне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце яўрэйскага аддзялення і кафедры яўрэйскай культуры, а ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны – яўрэйскага сектара». Няма ўжо таго цэнтра імя Скарыны, а досвед супрацы яўрэйскіх суполак з БДУ меў у ХХІ ст. сумнеўныя наступствы. Міжнародны гуманітарны інстытут «імя Шагала» як адкрыўся (у 1999 г.), так і закрыўся (у 2003-2004 гг.). Засталася, праўда, кафедра з падрыхтоўкай «культуролагаў-гебраістаў», але ж і яе вага паступова зніжалася. Як прагназуе выкладчыца факультэта сацыякультурных камунікацый Ліза Кобрына ў тым жа № 4 «Маладосці», «у перспектыве не будзе размежавання на германістаў, амерыканістаў і гебраістаў… І, наколькі я разумею, дысцыпліна іўрыт будзе вывучацца толькі факультатыўна». Асабісты мой досвед зносін з нешматлікімі студэнткамі-гебраісткамі ўвосень 2007 г. (падчас семінару, які я вёў разам з перакладчыка-выкладчыкам Паўлам К.), пакінуў дзіўнае ўражанне: здалося, да нашага з Алесем Астравухам расповеду яны і не чулі пра мову ідыш. Выкладаць жа яе на факультэце, зразумела, ніхто не збіраўся і не збіраецца.

Мала чым у плане якаснай падрыхтоўкі праславіліся дзяржаўныя «яўрэйскія класы» пры мінскай сярэдняй школе № 132, якія існуюць з 1993 г. Яшчэ ўвосень 1994 г. Якаў Гутман у Вярхоўным Савеце параўноўваў іх з «пацёмкінскай вёскай». Тая самая Л. Кобрына кажа: «ведаў выпускнікоў гэтай школы хапала звычайна на адзін семестр, потым жа яны займаліся на тым узроўні, што і астатнія».

Гаваркі той факт, што міністру адукацыі днямі даручылі курыраваць… пабудову гандлёва-забаўляльнага комплекса ў Мінску. Дый цяперашняя «афіцыйная» беларуская навука – у цэлым жалю вартае відовішча. Біёлаг Валерый Верасаў нагадаў, што «ў Расіі на навуку траціцца каля 0,54% ВУП, у Беларусі каля 0,1%, у Сінгапуры — 2,15%, у Карэі — 4,15%, у Эстоніі — 2%». Ён жа перасцярог: «Спачатку нізкі ўзровень адукацыі ў краіне стане відавочным для ўсіх, а наступны этап – тэхнагенныя катастрофы». Для мяне і маіх сяброў гэты ўзровень відавочны даўно, таму я заўжды выступаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС.

Ад мізэрнага бюджэтнага «пірага» адкусваюць кавалкі пераважна адміністратары, нацэленыя на развіццё кан’юнктурных тэм. Зразумела, што сур’ёзнае даследаванне «яўрэйскіх дысцыплін» не ўпісваецца ў гэтую, з дазволу сказаць, парадыгму. Урад гатовы фінансаваць хіба што дэма-імпрэзы накшталт «Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур» у Гародні. ХІ такі фэст прайшоў 4-5 чэрвеня – па завядзёнцы з удзелам яўрэйскіх суполак. Ясна, і ў такой прапагандзе «дружбы народаў» ёсць рацыянальнае зерне, аднак да навукі і адукацыі масавыя мерапрыемствы з песнямі, скокамі і раздачай мацы маюць дужа ўскоснае дачыненне.

На месцы гіпатэтычных замоўцаў праекта «Беларуская іудаіка» я б меркаваў, што яўрэйскія штудыі патрэбны ўсё ж не дзяржаве – і нават не беларускаму грамадству – а самім яўрэям. Каб адукаваныя мае супляменнікі набылі акрэсленае ўяўленне пра мінулае і будучыню, а потым абнавілі мясцовую «этнаэліту».

Першым крокам мусіла б стаць маштабнае (без «эканоміі на запалках») сацыялагічнае даследаванне яўрэйства Беларусі шляхам апытання: а) наведвальнікаў яўрэйскіх суполак; б) вядомых і аўтарытэтных яўрэяў у розных гарадах Беларусі. Важна высветліць попыт яўрэяў краіны на іудаіку і рабіць далейшыя крокі толькі пры той умове, што гэты попыт будзе перавышаць статыстычную пагрэшнасць. Іначай новы праект будзе чакаць лёс такіх вядомых бурбалак пачатку ХХІ ст., як «навукова-асветны цэнтр імя Сямёна Дубнава» ды «акадэмія яўрэйскай культуры і мастацтва».

Другі крок – заснаванне прыватнага Цэнтра (або Вышэйшых курсаў) ідыша ды ідыш-культуры ў адным з беларускіх гарадоў. Аксіёма: без ведання ідыша немагчыма ніякае сур’ёзнае вывучэнне гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскіх (у прыватнасці, беларускіх) яўрэяў. Умова гэтая неабходная, але сама па сабе недастатковая.

Курсы маюць ладзіцца для двух катэгорый навучэнцаў:

– для маладых людзей – з пагружэннем у прадмет (1-2 гады інтэнсіўнага навучання мове і культуры).

– для энэрджайзераў больш сталага веку – у выглядзе перыядычных семінараў, летніх школ (3-4 тыдні).

Зразумела, выкладаць мусяць прафесіяналы з розных краін (у ідэале – аднадумцы, якія ўтварылі б «свівэ»), а студэнты маюць атрымліваць годную стыпендыю – у абмен на жорсткія патрабаванні да іхніх ведаў. Справа ў тым, што прэстыж ідыша – мовы, якую зневажалі дзесяцігоддзямі, у тым ліку самі яўрэі, – давядзецца ўздымаць амаль з нуля.

Цэнтр мог бы эфектыўна працаваць у горадзе з даволі развітай «яўрэйскай інфраструктурай», але не ў Мінску, дзе ў студэнтаў будуць пабочныя інтарэсы, а ва ўладаў – замнога спакусаў для ўмяшання ў працэс. Найлепш Цэнтру пасаваў бы, па-мойму, Пінск з яго сінагогай, даволі паспяховай прыватнай школай і актыўнасцю яўрэяў на лакальным узроўні (да таго ж карлін-столінскі хасідызм аўтарытэтны ў свеце). Не выключан і варыянт з Бабруйскам…

Трэці крок – некаторым слухачам і выпускнікам курсаў рана ці позна захочацца прымяніць свае веды. Тады-та і надыдзе час стварэння навукова-даследчай установы – умоўна кажучы, «Інстытута беларускай іудаікі». Гэтая шматдысцыплінарная ўстанова магла б прапаноўваць лекцыі, яшчэ лепшыя за гэтую, ладзіць навуковыя канферэнцыі і экспедыцыі па былых мястэчках, выпускаць часопіс кожныя 2 ці 3 месяцы, а не «раз на ўказ»…

Так, названыя крокі – кожны паасобку і ўсе разам – падобныя да ўтопіі, але, як той казаў, «калі захочаце, гэта не будзе казкай». У любым выпадку праект не менш рэалістычны, чым прапахлая нафталінам 30-х ідэя аднавіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі «асобны аддзел беларускай юдаікі і сабраць там усе выданні пра яўрэяў Беларусі, у тым ліку кнігі, часопісы, газеты на ідыш» («Маладосць», № 4, 2016, с. 109). Нацбібліятэка чацвёрты год не можа дамаляваць патрэбную рысачку на французскім надпісе ля ўвахода (з ліста першай намесніцы дырэктара ад 31.01.2013: «адміністрацыя бібліятэкі паспрабуе вырашыць гэтае пытанне з Мінскім скульптурным камбінатам»). Дый нашто «асобны аддзел», калі праз камп’ютар зараз можна заказаць па ключавых словах любое выданне, прысутнае ў каталогу?

Пакуль мае ідэі не рэалізаваны, у тутэйшых даследчыкаў, яўрэяў і неяўрэяў, вядома, ёсць шансы праявіць сябе ў супрацы з расійскім «Сэферам», украінскім Цэнтрам даследаванняў гісторыі і культуры ўсходнееўрапейскага яўрэйства (пры Кіева-Магілянскай акадэміі, якая нядаўна дэлегавала ідышыстку Наталію Рындзюк у Стоўбцы), Музеем гісторыі польскіх яўрэяў у Варшаве, ізраільскім інстытутам «Яд ва-Шэм» і г. д. Пэўную цікавасць да яўрэйскай тэматыкі выяўляе Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, дзе многае, выглядае, трымаецца на соплях на асабістых кантактах супрацоўнікаў кафедры гуманітарных дысцыплін. Тым не менш канферэнцыя «Этнічная, моўная і культурная разнастайнасць у сучасным грамадстве» у маі 2014 г. прайшла годна. Між іншага, арганізатары (Ігар Пушкін, Юрый Бубнаў) у прадстаўленым імі дакладзе слушна заўважылі пра Беларусь: «Грамадскія арганізацыі не змаглі цалкам пазбавіцца ад жорсткай апекі з боку дзяржаўных органаў».

Як трудна мець справу з бюракратамі, паказвае і наступны штрых. У сакавіку 2016 г. падчас традыцыйнага шахматнага турніру Саюза беларускіх пісьменнікаў некаторыя яго ўдзельнікі ўхвалілі ідэю: звярнуцца ў міністэрства сувязі і інфарматызацыі, каб тое выпусціла да 120-годдзя Мойшэ Кульбака памятны канверт (не марку!). Электронны зварот адбыўся, і 31 мая намесніца міністра Наталля Гардзеенка дала папяровы (!) адказ:

У адпаведнасці з пунктам 10 Інструкцыі аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2008 г. № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць адлюстраваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней, чым праз 5 гадоў пасля смерці і да юбілеяў з дня нараджэння, якія кратны 25. Улічваючы вышэйназванае, у 2016 годзе выпусціць мастацкі канверт, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларуска-яўрэйскага пісьменніка Кульбака Майсея Саламонавіча, не прадстаўляецца магчымым.

Малюнак на канверце не адносіцца да знакаў паштовай аплаты… Дый нават канверт з маркай да 120-годдзя Кандрата Крапівы мінсувязі выпусціла ў лютым 2016 г. Чым Кульбак горшы за Крапіву – незразумела. Творчасць Уладзіміра Караткевіча таксама зацікавіла ведамства (пад дату – у лістападзе 2015 г.), хоць на тым канверце і не пазначана, што ён выйшаў к 85-годдзю пісьменніка.

Прасцей за ўсё было б закінуць адказным работнікам міністэрства антысемітызм або «этнацэнтрызм», але ж не выпадае: сёлета яны ўспомнілі Натана Воранава, летась – Восіпа Цадкіна, Хаіма Суціна і інш. мастакоў, яшчэ раней – нацлідэраў Ізраіля… Можа – разанем лязом Окама – проста тупізм? 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

12.06.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 12 чэрвеня 2016 18:57

Водгук мастака Андрэя Дубініна (13.06.2016)

Падзяляю думкі, прачытаныя ў лісьце “Катлеты & мухі”. Сам я беларус, але вучыў мову йідыш, ведаю сьпевы і вершы на ёй, размаўляў раней, зараз німа практыкі, таму мова скукожваецца. Вучыўся разам з рэстаўратарамі на летніках іудаікі (йідыш) у Вільні ў 1998 і 1999 гадах, курсы ўзначальвалі Довід Кац і Ёйсэф Берлэр. Мне 53 гады, свабодна валодаю італьянскай, шмат часу бываю ў Італіі на працы. У 90-ыя бываў вельмі часта ў сінагозе на Крапоткіна, і ад’язжаючыя габрэі пакідалі мне ўсё, стаўшае ў момант непатрэбным – збор твораў Шолэм-Алэйхэма на йідыш, багата розных кніжак, слоўнікаў і малітоўнікаў (ёсьць цікавыя жаночыя – на йідыш! – мужчыны маліліся на лошн-койдэш), плыткі са сьпевамі Александровіча і іншых, тфіліны, талесы… Працаваў камерай захоўваньня)))), гэта ўсё зараз у мяне. Дзякуй! А гройсн данк! (літвацкі йідыш)))

13.06.2016 18:45