Пра шахматы і арыстакратызм / О шахматах и аристократизме

(перевод на русский ниже)

Не толькі арыстакраты…

«Узрост» шахматных фігурак, якія час ад часу выкопваюць археолагі ў розных мясцінах Беларусі, сягае да 1000 гадоў. У гісторыі шахмат на беларускіх землях яшчэ нямала прагалаў. Вядома, што гульнёй у Сярэднявеччы захапляліся асобы з прывілеяваных саслоўяў; у іх, як адзначала гісторык Аляксандра Кілбас, «валоданне навыкамі гульні ў шахматы ўваходзіла ў абавязковую “адукацыйную праграму”». Аднак многае гаворыць за тое, што цікавасць да шахмат выходзіла далёка за межы княскіх і магнацкіх двароў.

Cкульптура, усталяваная ля Замкавай гары ў Гродна як напамін пра шахматную фігурку ХІІ cт. (тая ладдзя-«насада» была знойдзена ў 1932 г., захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі). Аўтар ідэі – Сяргей Каляда, скульптар – Уладзімір Панцялееў. 2016 г.

* * *

Паводле манаграфіі Вольгі Мядзведзевай «Сярэдневяковыя шахматы Беларусі» (2005), «У ХІІ-XIII cтст. гульня ў шахматы на беларускіх землях атрымала шырокае распаўсюджанне… У яе гулялі не толькі прадстаўнікі знаці, але і жыхары гарадскіх пасадаў, і дружыннікі». Пазней з шахматамі пазнаёміліся «рамеснікі, гандлёвыя і служылыя людзі». Тое, што ў час раскопак знаходзяцца шахматныя фігуркі з дрэва, пацвярджае «дэмакратычнасць» гульні: «Драўляныя шахматы ад рукі для сябе рабілі тыя, хто не мог набываць іх у рамесніка-прафесіянала».

На карысць версіі пра шырокае распаўсюджванне шахмат сведчаць і запіскі вандроўніка з Памераніі Паўля Одэрборна. Пра палачан канца ХVI стагоддзя ён адгукнуўся так: «У шахматах яны такія майстры, што не ведаю, ці зможа які іншы народ зраўняцца з імі!»

Дапушчальна разважаць пра сціпласць старажытнабеларускіх аматараў шахаў: калі гульцы з Іспаніі ды Італіі выдавалі кнігі, ладзілі спаборніцтвы (першы міжнародны турнір адбыўся ў 1575 годзе пад эгідай іспанскага караля), то нашы суайчыннікі, верагодна, задавальняліся тым, што гулялі ў вольны час. Алег Трусаў дапускаў, што ў старажытнай беларускай дзяржаве ладзіліся чэмпіянаты па шахматах, аднак пакуль гэта застаецца непацверджанай гіпотэзай. Нават з адносна блізкага ХVIІІ стагоддзя дайшлі да нас толькі звесткі пра наяўнасць шахмат – і шашак – у шматлікіх інвентарах маёмасці магнацкіх рэзідэнцый. Пакуль на тэрыторыі Беларусі не выяўлена запісаў шахматных партый (або задач ці адметных пазіцый) таго часу. Застаецца толькі здагадвацца і пра тое, якімі былі асаблівасці гульні беларускіх шахматыстаў, наколькі іх правілы адрозніваліся ад заходнееўрапейскіх. Варта заўважыць, што сучасныя, міжнародна прынятыя правілы шахмат склаліся толькі к пачатку ХІХ стагоддзя.

Прафесар Адам Мальдзіс у адным з эсэ пра захапленні шляхты ў XVIII стагоддзі пісаў: «Павольна ўваходзілі ў моду шахматы, шашкі, більярд». Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі многім мясцовым жыхарам было не да гульняў. Але ж вядома, што на пачатку ХІХ стагоддзя гуляў у шахматы з гасцямі князь Міхал Клеофас Агінскі (у сваім маёнтку Залессе пад Смаргонню). Кампазітар Станіслаў Манюшка пакінуў успаміны пра вечары на вуліцы Валоскай у Мінску (цяперашні музей «Дом Ваньковічаў»), дзе карты ў канцы 1820-х гадоў саступалі месца шахматам, музыцы і літаратуры. Сярод асабістых рэчаў, канфіскаваных у паўстанца Вікенція (Кастуся) Каліноўскага ў 1864 годзе, была і скрынка з шахматамі.

У другой палове ХІХ стагоддзя шахматы ў Расійскай імперыі заваявалі сабе месца пад сонцам, з’явіліся афіцыйна прызнаныя гурткі і перыядычныя выданні. Гэта дало імпэт і шахматнаму жыццю ў Беларусі, асабліва з 1870-х гадоў. Некаторыя аматары засталіся ў аналах праз тое, што рашалі заданні ў часопісах (Казакоў з Віцебска, Мысоўскі з Брэст-Літоўска, Міхальчы, Пісараў і Скрыпчынскі з Барысава высылалі адказы ў пецярбургскi часопіс «Всемирная иллюстрация»). У студзені 1877 г. часопіс «Шахматный листок» надрукаваў пісьмо нейкага Л. Р. з Мінска, які не без досціпу апісаў эпізоды шахматнага жыцця ў правінцыі (гледзячы па ўсім, у тым жа Мінску) і патлумачыў, чаму мясцовыя шахматысты не хочуць дасылаць свае партыі ў часопіс: яны гуляюць «для ўласнага задавальнення, а не для задавальнення іншых».

Так выглядала кавярня Ф. Вянгржэцкага.

* * *

Мінскія шахматысты ў канцы ХІХ стагоддзя пачалі збірацца ў кавярні Франца Вянгржэцкага (будынак не захаваўся; ён стаяў паміж Кастрычніцкай плошчай і ГУМам). Гэты своеасаблівы «клуб» праіснаваў да 1910-х гадоў; ён, як і таварыствы шахматнай гульні, заснаваныя на пачатку ХХ ст. у Мінску і Віцебску, прыцягваў аматараў рознага паходжання і маёмаснага стану. Аднак на шахматах, якія дагэтуль часам называюцца каралеўскай гульнёй, усё ж ляжаў адбітак арыстакратызму. Характэрна, што газета «Наша Ніва», звернутая найперш да сялянства, на сваіх старонках не аддавала ўвагі шахматнай гульні, дарма што ў шахматы ўмелі гуляць некалькі яе аўтараў (Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Якуб Колас, Янка Купала…). У апавяданні «Бывалы Юр у Менску» (1902) Каруся Каганца два селяніны трапляюць у «Губернатарскі сад» і перамаўляюцца так: «Ага, тут у невашта іграюць… у шашкі, чы што? – Не, гэта не шашкі; у шашкі – так усе хвігуры аднакай формы, толькі адны белыя, другія чорныя, а тут, бачыце, усякія: і малыя, і вялікія, то як бы вежы, то як коні, а гэта сама вышша то караля азначае, трошкі меншая – то каралева…» Відавочна, шахматы інтрыгавалі герояў, але не настолькі, каб гуляць самім.

Грамадскі попыт на шахматы ў пэўнай ступені адлюстроўваюць адмысловыя рубрыкі (аддзелы) ў масавых выданнях. Першы такі аддзел на тэрыторыі сучаснай Беларусі праіснаваў у газеце «Минский листок» восем месяцаў (1902–1903), у ім друкаваліся і партыі мясцовых гульцоў. Падмурак быў закладзены.

Кур’ёзная партыя-мініяцюра з выпуску № 3 (3 жніўня 1902 года)

А. П. – М. Крайчык. 1.f4 e5 2.fe d6 3.Kf3 de 4.K:e5 Cd6 5.Kf3 h6 6.h3?? Cg3X.

Вольф Рубінчык.

Крыніца: часопіс «Роднае слова», № 6, 2018.

***

Папярэдні матэрыял В. Рубінчыка з серыі «Беларускія шахматы», распачатай летась у «Родным слове», можна знайсці тут 

Перевод на русский:

Не только аристократы…

«Возраст» шахматных фигурок, которые время от времени выкапывают археологи в разных местах Беларуси, достигает до 1000 лет. В истории шахмат на белорусских землях ещё немало пробелов. Известно, что игрой в Средневековье увлекались люди из привилегированных сословий; у них, как отмечала историк Александра Килбас, «владение навыками игры в шахматы входило в обязательную “образовательную программу”». Но многое говорит за то, что интерес к шахматам выходил далеко за пределы княжеских и магнатских дворов.

Cкульптура, установленная у Замковой горы в Гродно как напоминание о шахматной фигурке ХІІ века (та ладья-«насада» была найдена в 1932 г., хранится в Гродненском государственном историко-археологическом музее). Автор идеи – Сергей Коляда, скульптор – Владимир Пантелеев. 2016 г.

* * *

Согласно монографии Ольги Медведевой «Средневековые шахматы Беларуси» (2005), «В ХІІ-XIII вв. игра в шахматы на белорусских землях получила широкое распространение… В неё играли не только представители знати, но и жители городских посадов и дружинники». Позже с шахматами познакомились «ремесленники, торговые и служилые люди». То, что во время раскопок находятся шахматные фигурки из дерева, подтверджает «демократичность» игры: «Деревянные шахматы ручной работы для себя делали те, кто не мог приобретать их у ремесленника-профессионала».

В пользу версии о широком распространении шахмат свидетельствуют и записки путешественника из Померании Пауля Одерборна. О полочанах конца ХVI века он отозвался так: «В шахматах они такие мастера, что не знаю, сможет ли какой-либо иной народ сравняться с ними!»

Допустимо рассуждать о скромности древнебелорусских любителей шахов: если игроки из Испании и Италии издавали книги, устраивали соревнования (первый международный турнир состоялся в 1575 г. под эгидой испанского короля), то наши соотечественники, вероятно, довольствовались тем, что играли в свободное время. Олег Трусов предполагал, что в древнем белорусском государстве организовывались чемпионаты по шахматам, но пока это остаётся неподтверждённой гипотезой. Даже из относительно близкого ХVIІІ века дошли до нас только сведения о наличии шахмат – и шашек – в многочисленных инвентарных книгах имущества магнатских резиденций. Пока на территории Беларуси не выявлено записей шахматных партий (или задач, или примечательных позиций) того времени. Остаётся лишь догадываться и о том, какими были особенности игры белорусских шахматистов, насколько их правила отличались от западноевропейских. Стоит отметить, что современные, международно принятые правила шахмат сложились лишь к началу ХІХ века.

Профессор Адам Мальдис в одном из эссе об увлечениях шляхты в XVIII веке писал: «Постепенно входили в моду шахматы, шашки, бильярд». После присоединения белорусских земель к Российской империи многим местным жителям было не до игр. Однако же известно, что в начале ХІХ века играл в шахматы с гостями князь Михаил Клеофас Огинский (в своём поместье Залесье под Сморгонью). Композитор Станислав Монюшко оставил воспоминания о вечерах на улице Волосской в Минске (теперешний музей «Дом Ваньковичей»), где карты в конце 1820-х гг. уступали место шахматам, музыке и литературе. Среди личных вещей, конфискованных у повстанца Викентия (Кастуся) Калиновского в 1864 г., был и ящичек с шахматами.

Во второй половине ХІХ века шахматы в Российской империи завоевали себе место под солнцем, появились официально признанные кружки и периодические издания. Это дало импульс и шахматной жизни в Беларуси, особенно с 1870-х гг. Некоторые любители остались в анналах благодаря тому, что решали задания в журналах (Казаков из Витебска, Мысовский из Брест-Литовска, Михальчи, Писарев и Скрипчинский из Борисова высылали ответы в петербургский журнал «Всемирная иллюстрация»). В январе 1877 г. журнал «Шахматный листок» опубликовал письмо некоего Л. Р. из Минска, который не без иронии описал эпизоды шахматной жизни в провинции (судя по всему, в том же Минске) и пояснил, почему местные шахматисты не хотят отправлять свои партии в журнал: они играют «для собственного удовольствия, а не для удовольствия других».

Так выглядела кофейня Ф. Венгржецкого.

* * *

Минские шахматисты в конце ХІХ века начали собираться в кофейне Франца Венгржецкого (здание не сохранилось; оно стояло между нынешними Октябрьской площадью и ГУМом). Этот своеобразный «клуб» просуществовал до 1910-х годов; он, как и общества шахматной игры, основанные в начале ХХ в. в Минске и Витебске, привлекал любителей разного происхождения и имущественного состояния. Однако на шахматах, которые до сих пор иногда называются королевской игрой, всё же лежал отпечаток аристократизма. Характерно, что газета «Наша Ніва», обращённая прежде всего к крестьянству, на своих страницах не уделяла внимания шахматной игре, хотя в шахматы умели играть несколько её авторов (Змитрок Бядуля, Алесь Гарун, Якуб Колас, Янка Купала…). В рассказе «Бывалый Юр в Минске» (1902) Каруся Каганца два крестьянина попадают в «Губернаторский сад» и переговариваются так: «Ага, тут во что-то играют… в шашки, что ли? – Нет, это не шашки; в шашки – так все фигуры одинаковой формы, только одни белые, другие чёрные, а тут, видите, всякие: и маленькие, и большие, те как бы башни, те как бы кони, а эта, самая высокая, обозначает короля, немного меншая – то королева…». Очевидно, шахматы интриговали героев, но не настолько, чтобы играть самим.

Общественный спрос на шахматы в некоторой степени отражают специальные рубрики (отделы) в массовых изданиях. Первый такой отдел на территории современной Беларуси просуществовал в газете «Минский листок» восемь месяцев (1902–1903), в нём печатались и партии местных игроков. Фундамент был заложен.

Курьёзная партия-миниатюра из выпуска № 3 (3 августа 1902 года)

А. П. – М. Крайчик. 1.f4 e5 2.fe d6 3.Kf3 de 4.K:e5 Cd6 5.Kf3 h6 6.h3?? Cg3X.

Вольф Рубинчик.

Источник: журнал «Роднае слова», № 6, 2018.

* * *

Предыдущий материал В. Рубинчика из серии «Белорусские шахматы», начатой в журнале «Роднае слова» в прошлом году, можно найти здесь.

Опубликовано 03.01.2019  22:31