Tag Archives: «Великая пролетарская сексуальная революция»

Зміцер Дзядзенка пячэ напалмам…

Зміцер Дзядзенка

На заяву Шуневіча пра лібералізацыю

Хтось рагоча, нехта плача,

Я сяджу ў прастрацыі:

Дачакаўся жастачайшай

Лібералізацыі.

І па СМІ засакатала

Процьма каментатараў…

А мянтам ужо раздалі

Лібералізатары!

25.10.2017

* * *

Урывак з аповесці Змітра Дзядзенкі “Голем з Малой Мар’ямпольскай”

(містычны дэтэктыў; месца дзеяння – Орша 1920-х гадоў)

Ленавата, разьняволена, у добрым гуморы вяртаўся Вітушынскі дадому. Ці не ўпершыню за апошнія дні ён адчуваў спакой. Паспрыяў гэтаму летні вечар ці смачны напой, выраблены жыдоўскімі адмыслоўцамі, — разважаць не хацелася. Ён проста атрымліваў асалоду ад паветра, поўнага густых кветкавых і травяных пахаў. Па-асабліваму пахла нагрэтая за дзень глеба, а здалёк да яе дамешваўся ледзь улоўны рыбны пах Дняпра. На цэнтральных вуліцах пачалі запальваць ліхтары. Іхнія жаўтаватыя кругляшы прабіваліся здалёк, блыталі ды ўводзілі ў зман: не разьбярэш, дзе сканчаецца неба й пачынаецца горад.

Толькі Вітушынскі вывернуў з-за рогу на Малую Мар’ямпольскую, як заўважыў Шумскага. Асістэнт некуды відавочна сьпяшаўся і спасьцярожліва азіраўся па баках. Антона ён не заўважыў толькі таму, што той выйшаў на вуліцу, калі Шумскі акурат павярнуўся ў іншы бок.

Даўно забыты пах авантуры заказытаў ноздры Вітушынскаму. Не раздумваючы, не вагаючыся, ён пайшоў сьледам за Уладзімерам Уладзімеравічам. Навыкі франтавой выведкі ў горадзе былі ня надта прыдатнымі, але ўсё ж больш дапамагалі, чым шкодзілі. На фронце ня трэба пільнаваць з-за рога, ці далёка сышоў вораг. Ня трэба хадзіць па брукаванцы, дзе твае крокі чуваць далёка.

Цемра, якая накрыла горад, была гэткай самай падступнай хаўрусьніцай: яна давала схавацца Вітушынскаму, але ўвадначас і вымушала яго падступацца бліжэй да перасьледаванага асістэнта, які мог проста зьнікнуць з вачэй у суплёце заблытаных гарадскіх вулак.

Шумскі ішоў у бок Дняпра. Плёскат рачных хваляў, памножаны на начную цішу, рабіўся ўсё гучней. Вітушынскі задумаўся: на дзяжурства ў амбулаторыю — ня ў гэты бок. Значыць, Уладзімер Уладзімеравіч ідзе з іншай мэтай. Будзе вельмі няёмка, калі ён прызначыў спатканьне дзяўчыне, а тут такі канфуз — няўдалы перасьледнік… Але ж ідучы на любоўнае спатканьне, не азіраюцца так часта й насьцярожана. Таму ня варта сьпяшацца з высновамі.

Што сказаць, калі Шумскі раптам заўважыць перасьледніка? Ня скажаш жа, што пагоня падалася прывабнай сама па сабе. Можа, спаслацца на пошук зёлак? Продкі ў сваіх зельніках дужа раілі зьбіраць некаторыя зёлкі менавіта ў начны час: тады іх сокі, напоеныя дзённым сонечным сьвятлом, набрыняюць яшчэ й малаком начных росаў. Нездарма ж вядзьмаркі хадзілі смактаць каровіна малако акурат уначы… Антон скрыва пасьміхнуўся сам сабе: от накруціў!

Пасьля чарговага скрыжаваньня Шумскі зьмяніў кірунак: ён стаў аддаляцца ад рэчкі. Вітушынскі, які не пасьпеў яшчэ добра вывучыць горад, насьцярогся: ці ўдасца пасьля такога блуканьня па вуліцах адшукаць дарогу назад? Адзін спадзеў, што гэты прысьпешлівы крок наперадзе ня спыніцца і выведзе яго куды-небудзь у больш вядомыя мясьціны.

У цемры крокі былі чуваць вельмі добра, і перасьледнік перастаў баяцца, што згубіць Шумскага. Ён нават дазволіў сабе крыху прыадстаць. Праз нейкія хвілінаў дзесяць-пятнаццаць Вітушынскі пачаў пазнаваць дошкавыя платы й некаторыя дамы, якія ўгадваліся ў цемрадзі: тут ён бываў, калі шукаў сабе жытло.

Пры падыходзе да закінутых кар’ераў Вітушынскі ледзь не згубіў перасьледаванага доктаравага асістэнта. Той стаў трымацца больш асьцярожна, ішоў ад дрэва да дрэва, імкнучыся не выходзіць на адкрытыя мясьціны. Вітушынскі сёмым пачуцьцём драпежнага зьвера адчуў: наблізіліся. Менавіта сюды дабіраўся такімі вакольнымі шляхамі Шумскі.

Што магло спатрэбіцца яму ў гэтым занядбаным Богам і людзьмі месцы? Для вечаровага мацыёну можна было не заходзіць так далёка… Вітушынскі пасунуўся ў бок Шумскага, стараючыся як мага менш шумець.

У звонкую начную цішу ўпляталіся гукі начных сьпевакоў: у траве завялі на скрыпачках сваю серэнаду цвыркуны, недзе за горадам сьвіснуў паравоз, флейтамі зазьвінелі каля вуха камары. Праз гэтую начную музыку Вітушынскі не адразу разабраў галасы. Шумскі быў не адзін — ён сустрэў таго, да каго йшоў.

Антон адчуў вострае пачуцьцё зайздрасьці да герояў авантурных раманаў, чытаных у дзяцінстве. Калі б ён быў цяпер якім-небудзь Мантыгомам Сакаліным Вокам ці Ацэолам Спрытным Лісам, дык у імгненьне вока апынуўся б побач з Шумскім і ягоным канфідэнтам, падслухаў бы размову і незаўважна зьнік пад покрывам начы. Аднак Ацэолы і Мантыгомы былі ў далёкіх амерыканскіх прэрыях, і таму даводзілася неяк выкручвацца самастойна.

Вітушынскі асьцярожна пераносіў вагу цела з адной нагі на другую. На краі кар’еру ён ня так заўважыў, як адчуў прысутнасьць дзьвюх постацяў. У адной ён угадаў Шумскага: надта ж характэрны ягоны “сьвіст” у словах. Другога чалавека Антон пазнаць ня мог: твару незнаёмца не было відаць, а голас ягоны падаўся Вітушынскаму незнаёмым. Абрысы ягонай паставы хаваў накінуты на плечы плашч.

— Акурат цяпер самы час. Варта… — Шумскі на хвіліну змоўк, нешта ўзважваючы. — Яна нам не перашкодзіць. Галоўнае — уцячы, пераседзець нейкі час.

— Думаеш, гэта самы зручны момант? — Незнаёмец у плашчы вагаўся, у голасе ягоным быў чуцён сумнеў.

— Толькі так! — энтузіязму Шумскага хапіла б ня толькі што на іх дваіх, але яшчэ й на паўдзясятка такіх самых скептыкаў. — Усё будзе як у казцы. І нават лепш! Ніхто ачомацца не пасьпее — як і тады…

Незнаёмец рэзка перапыніў доктаравага асістэнта:

— Ты за сабой нікога не прывёў?

Антону падалося, што ягонае сэрца пачало біцца празьмерна гучна, пагражаючы вырвацца з грудзіны. Ён скурай адчуваў, што невядомы начны суразмоўца Шумскага глядзіць у ягоны бок.

— Не, — у голасе Шумскага была цьвёрдая перакананасьць, — пільнаваўся як мае быць. Нікога за мной не было. Дый каму магло б у голаў прыйсьці сачыць за мной?

— Добра, — буркнуў незнаёмец. — Вяртайся і рыхтуйся. Але ж глядзі, каб не заўважыў ніхто!

Шумскі рушыў у бок Антона. Уцякаць не было як. Не далей як праз пяць-сем метраў Антон мусіў бы выйсьці на прастору, не зацененую дрэвамі. Трапляцца на вочы Шумскаму пасьля падслуханай размовы было небясьпечна.

Вітушынскі прыціснуўся да дрэва, затаіў дыханьне. Час цягнуўся марудна, як балагол з поўным возам на Кабыляцкую гару. Шумскі прамінуў Антона, не запыніўшыся вокам: цень, ён і ёсьць цень. Чаго на яго глядзець? “Мабыць, ня часта яму даводзіцца хадзіць на такія начныя спатканьні. А то больш пільнаваўся б”, — падумаў Вітушынскі. Адышоўшы ад кар’еру, Шумскі й наогул перастаў хавацца ў ценю дрэваў. Ішоў спакойна, а праз нейкі час пачаў яшчэ й насьвістваць.

***

Дадому Антон дабраўся без прыгодаў. Што праўда, давялося крыху пасядзець каля кар’еру, прыслухоўваючыся: ці сышоў ужо начны канфідэнт Шумскага? Патрапіцца на вочы яму было, бадай, яшчэ горш, чым доктараваму асістэнту.

Адно толькі Вітушынскі баяўся, што ад начной вільгаці можа стаць горш назе. Таму, дачыкільгаўшы дадому, абкруціў яе цёплай хусткай.

Сеўшы за стол, Вітушынскі задумаўся. Што ён мае? Забітая жанчына. На прываконьні ёсьць нейкі белы сьлед. Міліцыя лічыць, што забойца — невядомы бадзяга, які спадзяваўся знайсьці грашовую пажыву. Ці варта верыць у міліцэйскую версію? Алена ў размове ў той апошні вечар надта баялася бадзягаў і казала, што будзе спаць з зачыненымі ваканіцамі. Аднак сьлядоў узлому на вакне не было. Сямейная легенда пра голема выглядае, вядома, зручна…

Кепска, што доктар аддаляецца ад успрыманьня рэальнасьці: багомячы забітую сястру, ён пачынае жыць ва ўяўным сьвеце. Ці няма небясьпекі, што ягоны ўяўны сьвет пачне станавіцца для Скарыны больш праўдзівым, чым рэальны, у якім жывуць усе астатнія людзі?

А вось ягоны асістэнт часу не марнуе і жыве ў сьвеце аж занадта рэальным. Шумскі сустракаецца ўначы з нейкім незнаёмцам, кажа, што цяпер зручны момант і што “яна не перашкодзіць”…

Пасьянс атрымліваецца ня дужа складаны, але нечага ўсё ж у ім бракуе. Ня ўсе карты яшчэ адкрыліся й леглі па сваіх нішах.

***

Наступнага дня зранку Вітушынскі пайшоў у горад. У Скарыны ён дазнаўся, дзе ёсьць фотамайстар — на вуліцы Працоўнай. Ідучы маршрутам, які яму патлумачыў доктар, Антон вырашыў пераверыць: запытаўся ў сустрэчнага, ці правільна йдзе на Працоўную. Сустрэчны разгубіўся: ён такой вуліцы ня мог падказаць. Наступныя двое мінакоў таксама пра вуліцу Працоўную распавесьці нічога не маглі. У грудзёх чорным комам варухнулася нядобрае прадчуваньне.

Пачынала даймаць сьпёка, і Антон зусім разгубіўся. Выручыў яго міліцыянт, які некуды заклапочана сьпяшаўся:

— Працоўная? Вядома, правільна ідзяце. Чаму ніхто ня можа падказаць? Дык вы пытайцеся Нямецкую — яе толькі нядаўна ў Працоўную перайменавалі, ня ўсе яшчэ звыкліся так называць.

І сапраўды, Нямецкую вуліцу аршанцы паказвалі ахвотней, чым невядомую многім Працоўную.

На майстэрні вісела ганарлівая шыльда “Фатаграфія Рыскіна. Партрэты ў інтэр’еры”. Ніжэй крэйдай менш упэўненая рука вывела дадатак: “І на вуліцы робім таксама”.

Антон хацеў сфатаграфавацца на памяць пра гэты горад. Невядома, калі патрапіць ён сюды яшчэ раз. Фатограф Рыскін адразу стаў пераконваць кліента, што той не памыліўся:

— Ой, добра вы трапілі, і менавіта сюды вам і трэба. Вы спытаецеся, дзе да рэвалюцыі фатаграфаваўся гарадскі галава мсье Стратановіч. І я вам адкажу: ён фатаграфаваўся ў Рыскіна!

Ён узьняў указальны палец, паказваючы на тыя паднебныя вышыні, дзе існаваў да рэвалюцыі гарадскі галава.

— Вы, канешне, можаце пайсьці да Хільмантыцкага, — казаў ён, трымаючы Вітушынскага за рукаво пінжака і не зьбіраючыся адпускаць, — але хіба там будзе добрая фатаграфія? Вы паглядзіце толькі на мае фотаздымкі. Гэта Саламонава Песьня Песьняў, а не фатаграфія.

На доказ праўдзівасьці сваіх словаў ён паклаў перад Вітушынскім альбом. Надпіс “Найлепшае з фатаграфіі Рыскіна” патанаў у безгустоўных віньетках. Антон безуважна пачаў перагортваць старонкі альбому, каб дагадзіць назолістаму гаспадару. Аднак адна з апошніх старонак прыцягнула яго, нібы магнэсам. Вітушынскі нізка схіліўся над альбомам. Рыскін, запрыкмеціўшы ягоную ўвагу, пачаў пазіраць праз плячо:

— Такі што я вам скажу? У вас ёсьць густ! Гэта адзін з лепшых здымкаў, што атрымліваліся ў мяне. Гэтая маладая пара зайшла сюды: зрабіце нас так, як вы робіце вясельныя здымкі. Думаеце, мне шкада? Не, мне не шкада. Я іх сфатаграфаваў.

З фатаграфіі на Вітушынскага глядзелі й пасьміхаліся шчасьлівыя твары Алены Скарыны і Уладзімера Шумскага.

Крыніца: часопіс “Дзеяслоў”, № 23, 2006.

* * *

Колькі тыдняў таму ў Змітра выйшла электронная кніга “Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя”, урывак з якой мы публікавалі ў жніўні. Замовіць кнігу можна тут.

Апублiкавана 25.10.2017  16:18

Дэтэктыўчык ад ЗМІТРА ДЗЯДЗЕНКІ

Наш сталы аўтар, Зміцер Дзядзенка з Мінска, чыю фотку вы можаце бачыць крыху ніжэй, прыслаў урывак са сваёй новай дэтэктыўнай кнігі «Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя». Дэтэктывы мы любім (рэвалюцыі і сэкс таксама :))карацей, чытайце на здароўе… Кніга рыхтуецца да выхаду ў адным з беларускіх выдавецтваў.

26 ТРАЎНЯ 1926 ГОДА, СЕРАДА, ДЗЕНЬ

Васільчук сядзеў у сваім кабінеце і пракручваў у галаве думкі. Следства па справе Валянціны Мачугі зайшло ў тупік: нейкія колцы ў ім пракручваліся ўхаластую, не даючы ўсяму механізму рухацца наперад. Ужо некалькі дзён ён не мог паведаміць начальству пра пералом у расследаванні, гэта нервавала і бянтэжыла следчага.

Нікога з падазроных Васільчук па-ранейшаму быў не ў стане абвінаваціць з канкрэтнымі доказамі, і гэта таксама не дадавала яму спакою. І Хлюдзінскі, і Мачуга заставаліся для следства ў роўнай ступені падазронымі. Да таго ж быў яшчэ той самы невядомы, чыю магчымасць следчы таксама пакуль не мог адпрэчыць.

У выніку яму давялося пачаць расследаванне ледзь не ад самага пачатку, каб пабачыць, ці не было прапушчана чаго-небудзь.

Васільчук нанова вывучыў пратаколы з месцаў забойства Валянціны Мачугі і Рывы Гольдберг, а таксама перагарнуў вынікі судовых экспертызаў. Са шкадаваннем у чарговы раз ён адзначыў, што падстаў для таго, каб расследаваць гэтыя справы асобна, усё ж такі няма. Судовы медык прыходзіў да высновы, што і адну, і другую жанчыну зарэзаў чалавек росту каля 180 см, фізічна моцны, бо яму хапіла аднаго ўдару. Хутчэй за ўсё гэта быў мужчына.

Звярталі на сябе ўвагу і самі раны, нанесеныя абедзвюм жанчынам. Судовы медык адзначаў, што абедзве яны былі забітыя ідэнтычнай зброяй вельмі спецыфічнага выгляду. Кожны раз смяротны ўдар быў нанесены, без усялякага сумневу, адзін раз. Але пры гэтым рана атрымоўвалася шырокая, з нераўнамернымі краямі, быццам яе рабілі некалькі лёзаў адразу. Як меркаваў эксперт, гэткі вынік магло б даць лязо хвалістай формы, кожны «пялёстак» якога крыху разведзены ўбок ад астатніх — прыкладна як зубы пілы.

Прылада забойства не была знойдзеная на месцы злачынства. Ператрусы, праведзеныя ў дамах Мачугі і Хлюдзінскага, таксама не далі плёну. Абодва мужчыны на допытах не прызналіся ў знаёмстве з такой зброяй і ўвогуле выглядалі вельмі здзіўленымі — тут Васільчук давяраў сваёй інтуіцыі: знарок такое здзіўленне не разыграеш…

Што яшчэ мае следства?

Удары былі нанесеныя знянацку, калі ахвяры не былі гатовыя да нападу. З гэтага вынікае, што нападнік быў добра знаёмы з ахвярамі — такую выснову Васільчук зрабіў, падумаўшы пра Валянціну Мачугу. З увагі на занятак Рывы Гольдберг прыпушчэнне выглядала занадта бедным: прастытутка магла ведаць розных тыпаў, у тым ліку і небяспечных злачынцаў — гарадское дно стракаціць персанажамі, якія засталіся ў спадчыну ад царскага рэжыму.

Звестак гэтых было надзвычай мала, пагатоў — сведкаў ніводнага з забойстваў выявіць так і не ўдалося. А высокіх мужчын, здатных адным ударам зарэзаць безабаронную жанчыну, у горадзе было столькі, што хоць ты праводзь павальныя арышты. Але арыштны дом не змесціць столькі затрыманых…

І Васільчук узяўся спярша апытваць сябровак забітай Гольдберг, ці не віліся вакол яе апошнім часам якія-небудзь цёмныя асобы. Рыўкіны прыяцелькі ўсе ў адзін голас казалі, што нікога надзвычайнага каля яе не было, грошай яна зарабляць больш не стала, пастаяннага мужчыны каля яе таксама ніхто не заўважаў. Шукаць жа ўсіх тых, хто карыстаўся паслугамі прастытуткі, як разумеў следчы, было дарэмна — гэты след вёў у нікуды.

Апошняй надзеяй Васільчука былі фатаграфіі Мачугі і Хлюдзінскага, якія ён паказваў сяброўкам Гольдберг: ці не пазнае каторая з іх аднаго ці другога мужчыну на здымках? Аднак спадзевы гэтыя былі марныя, бо каляжанкі пацвярджалі, што мужчыны на фатаграфіях выглядаюць добра, і яны б такіх мужчын абавязкова запомнілі б, калі б тыя з’явіліся каля Рыўкі, бо адразу відаць, што такі мужчына не пакрыўдзіць ні ў чым, і павесяліць умее…

Змарнаваўшы два дні на апытанні сябровак забітай грамадзянкі Гольдберг, Васільчук пераключыўся на тых, хто быў больш ці менш блізка знаёмы з Валянцінай Мачугай — гэтая лінія следства падавалася яму больш перспектыўнай.

І цяпер па другі бок стала перад ім сядзела Стэфанія Марчанка — маладзіца, у якой Канстанцін Мачуга з лёгкасцю апазнаў бы кірпатую госцю, якую бачыў у сваёй жонкі падчас яе жаночых сходаў.

Зрэшты, Васільчук звярнуў увагу найперш не на кірпаты нос, а на заўважныя пругкія грудзі маладой жанчыны. Менавіта яны раз-пораз мімаволі прыцягвалі магнітам яго позірк — яны так спакусліва пакалыхваліся, калі яна пачынала жэстыкуляваць.

Стэфанія троху бянтэжылася важнай установы, у якую яе запрасілі, але разам з тым адчувала пэўны гонар: яе паклікалі, каб яна дапамагла расследаваць важную справу — забойства. Савецкая ўлада спадзяецца на яе дапамогу, і яна, Стэфанія, павінна дапамагчы роднай уладзе чым можа.

Ну, што яна можа сказаць пра забітую Валянціну Мачугу… Добрая была жанчына, душэўная, вясёлая, сапраўдны пралетарскі таварыш.

Васільчук перапыніў хваласпевы:

— А скажы, Стэфанія, ты ж нярэдка заходзіла да Валянціны ў госці, так? Пра што вы там размаўлялі? Муж ейны кажа, што гаворкі ў вас там былі пра свабоднае каханне ды яшчэ нешта такое…

І рука следчага з растапыранымі пальцамі пакруцілася ў паветры, імкнучыся паказаць «нешта такое»: рука пайшла ўверх, там быццам бы нешта захапіла і потым паспрабавала абнесці гэтае захопленае вакол самой сябе.

Маладзіца зачырванелася:

— Ды не! Ну што вы! Скажаце ж… Валянціна нам казала, што новае грамадства павінна выпрацаваць новую рэвалюцыйную мараль. У новым грамадстве жанчына не павінна быць рабыняй мужчыны, а з’яўляецца яго паўнавартасным таварышам і мае такія ж самыя правы на ўсё, як і мужчына. Яна, Валянціна, чытала нам артыкулы таварыша Аляксандры Калантай, якая піша аб ролі жанчыны ў новым сацыялістычным грамадстве, і ў гэтых артыкулах…

— Вось ты кажаш — «новая мараль», — перапыніў яе следчы. — А старую што, зусім адкінуць? Гэта значыць, што жанчына цяпер будзе спаць з кожным, з кім захоча, так?

Запытальны позірк свідраваў маладую жанчыну, спускаючыся з вачэй на грудзі і зноў падымаючыся да ўзроўню вачэй. Сам Васільчук адчуў, як апякло яго знутры гэтае раптоўнае ўяўленне. Аднак следчы стрымаўся: найперш праца, а ўсялякія вольнасці нікуды не ўцякуць.

— Ды што вы! — абурылася яна. — Ні пра якую распусту гаворкі ў нас не ішло. А вось казалі мы, што жанчына таксама мае права выбіраць сабе спадарожніка па жыцці. І мяняць яго мае права, калі адчуе такую неабходнасць… А не заставацца прывязанай да кухні і абрыдлага мужа, які не дае ёй развівацца, а толькі становіцца кайданамі, якія трымаюць яе на адным месцы ў старым, прагнілым побыце.

Пабочны назіральнік адчуў бы ў аргументах Стэфаніі не столькі асабіста перажытыя думкі і ўспрынятыя перакананні, колькі гладкія фармулёўкі чужых думак. Аднак Васільчук дыскутаваць з маладзіцай і шукаць слабыя месцы ў яе аргументацыі не збіраўся — яго задачай было расхваляваць яе, разгаварыць так, каб яна менш кантралявала свае размовы. Акурат тады, чакаў ён, Стэфанія і можа распавесці дэталі, якія могуць даць далейшы штуршок следству.

— Гэта значыць, — цягнуў следчы, — што жанчына можа кінуць мужа і пайсці да іншага? Як, напрыклад, сама Валянціна Мачуга, так? Пажыла з адным, потым пайшла да другога… А там, глядзіш, і трэці на даляглядзе намалюецца, і чацвёрты. Дык і іх жа можна сумяшчаць: спаць адну ноч з адным, другую — з другім, трэцюю — яшчэ з іншым, а потым вяртацца да першага…

— Дарма вы, таварыш следчы, так пра Валянціну кажаце! І не таму, што пра мёртвых нядобра так казаць… Проста яна не такая была, яна шчырая была. І не заводзіла шашні з трэцім-чацвёртым. А пра мужа яна казала — думала сыходзіць ад яго да гэтага свайго Антона. І мужа папярэдзіла пра тое…

— Дакладна толькі адзін Антон быў, Хлюдзінскі? — перапыніў Васільчук. — Ніхто больш халяўкі да яе не смаліў?

— Ну, можа, хто і спрабаваў улягаць, але яна нікому сімпатый не выказвала, — троху сумелася Стэфанія. — Яна ж была яшчэ не старая, прыгожая… Дый да ўлады блізка. Сама казала, што некаторыя мужчыны хінуцца ці то да яе, ці то да ўлады.

Стэфанія хіхікнула, сарамяжліва прыкрыўшы рот рукой. Падумаўшы, дадала:

— Яна казала нам, што ў будучым грамадстве запануе паслядоўная манагамія: муж і жонка будуць жыць разам, пакуль хтосьці з іх не адчуе неабходнасці сысці, рухацца далей. А для гэтага трэба быць сумленным з чалавекам, з якім ты жывеш. Бо як гэта можна — усё жыццё правесці ў хлусні?

— А шмат было тых, хто хінуўся ці то да яе, ці то да ўлады? — асцярожна запытаўся Васільчук. — Яна імёны іх не называла?

Ні імёнаў, ні колькасці гэтых мужчын Стэфанія, на жаль, не ведала.

Калі маладзіца выходзіла з кабінета, следчы чэпкім позіркам яшчэ раз абмацаў яе ладную фігуру, думаючы, што і зад ён бы аблапаў не з меншай ахвотай, чым пышныя грудзі.

Апублiкавана 22.08.2017  19:29