Дэтэктыўчык ад ЗМІТРА ДЗЯДЗЕНКІ

Наш сталы аўтар, Зміцер Дзядзенка з Мінска, чыю фотку вы можаце бачыць крыху ніжэй, прыслаў урывак са сваёй новай дэтэктыўнай кнігі «Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя». Дэтэктывы мы любім (рэвалюцыі і сэкс таксама :))карацей, чытайце на здароўе… Кніга рыхтуецца да выхаду ў адным з беларускіх выдавецтваў.

26 ТРАЎНЯ 1926 ГОДА, СЕРАДА, ДЗЕНЬ

Васільчук сядзеў у сваім кабінеце і пракручваў у галаве думкі. Следства па справе Валянціны Мачугі зайшло ў тупік: нейкія колцы ў ім пракручваліся ўхаластую, не даючы ўсяму механізму рухацца наперад. Ужо некалькі дзён ён не мог паведаміць начальству пра пералом у расследаванні, гэта нервавала і бянтэжыла следчага.

Нікога з падазроных Васільчук па-ранейшаму быў не ў стане абвінаваціць з канкрэтнымі доказамі, і гэта таксама не дадавала яму спакою. І Хлюдзінскі, і Мачуга заставаліся для следства ў роўнай ступені падазронымі. Да таго ж быў яшчэ той самы невядомы, чыю магчымасць следчы таксама пакуль не мог адпрэчыць.

У выніку яму давялося пачаць расследаванне ледзь не ад самага пачатку, каб пабачыць, ці не было прапушчана чаго-небудзь.

Васільчук нанова вывучыў пратаколы з месцаў забойства Валянціны Мачугі і Рывы Гольдберг, а таксама перагарнуў вынікі судовых экспертызаў. Са шкадаваннем у чарговы раз ён адзначыў, што падстаў для таго, каб расследаваць гэтыя справы асобна, усё ж такі няма. Судовы медык прыходзіў да высновы, што і адну, і другую жанчыну зарэзаў чалавек росту каля 180 см, фізічна моцны, бо яму хапіла аднаго ўдару. Хутчэй за ўсё гэта быў мужчына.

Звярталі на сябе ўвагу і самі раны, нанесеныя абедзвюм жанчынам. Судовы медык адзначаў, што абедзве яны былі забітыя ідэнтычнай зброяй вельмі спецыфічнага выгляду. Кожны раз смяротны ўдар быў нанесены, без усялякага сумневу, адзін раз. Але пры гэтым рана атрымоўвалася шырокая, з нераўнамернымі краямі, быццам яе рабілі некалькі лёзаў адразу. Як меркаваў эксперт, гэткі вынік магло б даць лязо хвалістай формы, кожны «пялёстак» якога крыху разведзены ўбок ад астатніх — прыкладна як зубы пілы.

Прылада забойства не была знойдзеная на месцы злачынства. Ператрусы, праведзеныя ў дамах Мачугі і Хлюдзінскага, таксама не далі плёну. Абодва мужчыны на допытах не прызналіся ў знаёмстве з такой зброяй і ўвогуле выглядалі вельмі здзіўленымі — тут Васільчук давяраў сваёй інтуіцыі: знарок такое здзіўленне не разыграеш…

Што яшчэ мае следства?

Удары былі нанесеныя знянацку, калі ахвяры не былі гатовыя да нападу. З гэтага вынікае, што нападнік быў добра знаёмы з ахвярамі — такую выснову Васільчук зрабіў, падумаўшы пра Валянціну Мачугу. З увагі на занятак Рывы Гольдберг прыпушчэнне выглядала занадта бедным: прастытутка магла ведаць розных тыпаў, у тым ліку і небяспечных злачынцаў — гарадское дно стракаціць персанажамі, якія засталіся ў спадчыну ад царскага рэжыму.

Звестак гэтых было надзвычай мала, пагатоў — сведкаў ніводнага з забойстваў выявіць так і не ўдалося. А высокіх мужчын, здатных адным ударам зарэзаць безабаронную жанчыну, у горадзе было столькі, што хоць ты праводзь павальныя арышты. Але арыштны дом не змесціць столькі затрыманых…

І Васільчук узяўся спярша апытваць сябровак забітай Гольдберг, ці не віліся вакол яе апошнім часам якія-небудзь цёмныя асобы. Рыўкіны прыяцелькі ўсе ў адзін голас казалі, што нікога надзвычайнага каля яе не было, грошай яна зарабляць больш не стала, пастаяннага мужчыны каля яе таксама ніхто не заўважаў. Шукаць жа ўсіх тых, хто карыстаўся паслугамі прастытуткі, як разумеў следчы, было дарэмна — гэты след вёў у нікуды.

Апошняй надзеяй Васільчука былі фатаграфіі Мачугі і Хлюдзінскага, якія ён паказваў сяброўкам Гольдберг: ці не пазнае каторая з іх аднаго ці другога мужчыну на здымках? Аднак спадзевы гэтыя былі марныя, бо каляжанкі пацвярджалі, што мужчыны на фатаграфіях выглядаюць добра, і яны б такіх мужчын абавязкова запомнілі б, калі б тыя з’явіліся каля Рыўкі, бо адразу відаць, што такі мужчына не пакрыўдзіць ні ў чым, і павесяліць умее…

Змарнаваўшы два дні на апытанні сябровак забітай грамадзянкі Гольдберг, Васільчук пераключыўся на тых, хто быў больш ці менш блізка знаёмы з Валянцінай Мачугай — гэтая лінія следства падавалася яму больш перспектыўнай.

І цяпер па другі бок стала перад ім сядзела Стэфанія Марчанка — маладзіца, у якой Канстанцін Мачуга з лёгкасцю апазнаў бы кірпатую госцю, якую бачыў у сваёй жонкі падчас яе жаночых сходаў.

Зрэшты, Васільчук звярнуў увагу найперш не на кірпаты нос, а на заўважныя пругкія грудзі маладой жанчыны. Менавіта яны раз-пораз мімаволі прыцягвалі магнітам яго позірк — яны так спакусліва пакалыхваліся, калі яна пачынала жэстыкуляваць.

Стэфанія троху бянтэжылася важнай установы, у якую яе запрасілі, але разам з тым адчувала пэўны гонар: яе паклікалі, каб яна дапамагла расследаваць важную справу — забойства. Савецкая ўлада спадзяецца на яе дапамогу, і яна, Стэфанія, павінна дапамагчы роднай уладзе чым можа.

Ну, што яна можа сказаць пра забітую Валянціну Мачугу… Добрая была жанчына, душэўная, вясёлая, сапраўдны пралетарскі таварыш.

Васільчук перапыніў хваласпевы:

— А скажы, Стэфанія, ты ж нярэдка заходзіла да Валянціны ў госці, так? Пра што вы там размаўлялі? Муж ейны кажа, што гаворкі ў вас там былі пра свабоднае каханне ды яшчэ нешта такое…

І рука следчага з растапыранымі пальцамі пакруцілася ў паветры, імкнучыся паказаць «нешта такое»: рука пайшла ўверх, там быццам бы нешта захапіла і потым паспрабавала абнесці гэтае захопленае вакол самой сябе.

Маладзіца зачырванелася:

— Ды не! Ну што вы! Скажаце ж… Валянціна нам казала, што новае грамадства павінна выпрацаваць новую рэвалюцыйную мараль. У новым грамадстве жанчына не павінна быць рабыняй мужчыны, а з’яўляецца яго паўнавартасным таварышам і мае такія ж самыя правы на ўсё, як і мужчына. Яна, Валянціна, чытала нам артыкулы таварыша Аляксандры Калантай, якая піша аб ролі жанчыны ў новым сацыялістычным грамадстве, і ў гэтых артыкулах…

— Вось ты кажаш — «новая мараль», — перапыніў яе следчы. — А старую што, зусім адкінуць? Гэта значыць, што жанчына цяпер будзе спаць з кожным, з кім захоча, так?

Запытальны позірк свідраваў маладую жанчыну, спускаючыся з вачэй на грудзі і зноў падымаючыся да ўзроўню вачэй. Сам Васільчук адчуў, як апякло яго знутры гэтае раптоўнае ўяўленне. Аднак следчы стрымаўся: найперш праца, а ўсялякія вольнасці нікуды не ўцякуць.

— Ды што вы! — абурылася яна. — Ні пра якую распусту гаворкі ў нас не ішло. А вось казалі мы, што жанчына таксама мае права выбіраць сабе спадарожніка па жыцці. І мяняць яго мае права, калі адчуе такую неабходнасць… А не заставацца прывязанай да кухні і абрыдлага мужа, які не дае ёй развівацца, а толькі становіцца кайданамі, якія трымаюць яе на адным месцы ў старым, прагнілым побыце.

Пабочны назіральнік адчуў бы ў аргументах Стэфаніі не столькі асабіста перажытыя думкі і ўспрынятыя перакананні, колькі гладкія фармулёўкі чужых думак. Аднак Васільчук дыскутаваць з маладзіцай і шукаць слабыя месцы ў яе аргументацыі не збіраўся — яго задачай было расхваляваць яе, разгаварыць так, каб яна менш кантралявала свае размовы. Акурат тады, чакаў ён, Стэфанія і можа распавесці дэталі, якія могуць даць далейшы штуршок следству.

— Гэта значыць, — цягнуў следчы, — што жанчына можа кінуць мужа і пайсці да іншага? Як, напрыклад, сама Валянціна Мачуга, так? Пажыла з адным, потым пайшла да другога… А там, глядзіш, і трэці на даляглядзе намалюецца, і чацвёрты. Дык і іх жа можна сумяшчаць: спаць адну ноч з адным, другую — з другім, трэцюю — яшчэ з іншым, а потым вяртацца да першага…

— Дарма вы, таварыш следчы, так пра Валянціну кажаце! І не таму, што пра мёртвых нядобра так казаць… Проста яна не такая была, яна шчырая была. І не заводзіла шашні з трэцім-чацвёртым. А пра мужа яна казала — думала сыходзіць ад яго да гэтага свайго Антона. І мужа папярэдзіла пра тое…

— Дакладна толькі адзін Антон быў, Хлюдзінскі? — перапыніў Васільчук. — Ніхто больш халяўкі да яе не смаліў?

— Ну, можа, хто і спрабаваў улягаць, але яна нікому сімпатый не выказвала, — троху сумелася Стэфанія. — Яна ж была яшчэ не старая, прыгожая… Дый да ўлады блізка. Сама казала, што некаторыя мужчыны хінуцца ці то да яе, ці то да ўлады.

Стэфанія хіхікнула, сарамяжліва прыкрыўшы рот рукой. Падумаўшы, дадала:

— Яна казала нам, што ў будучым грамадстве запануе паслядоўная манагамія: муж і жонка будуць жыць разам, пакуль хтосьці з іх не адчуе неабходнасці сысці, рухацца далей. А для гэтага трэба быць сумленным з чалавекам, з якім ты жывеш. Бо як гэта можна — усё жыццё правесці ў хлусні?

— А шмат было тых, хто хінуўся ці то да яе, ці то да ўлады? — асцярожна запытаўся Васільчук. — Яна імёны іх не называла?

Ні імёнаў, ні колькасці гэтых мужчын Стэфанія, на жаль, не ведала.

Калі маладзіца выходзіла з кабінета, следчы чэпкім позіркам яшчэ раз абмацаў яе ладную фігуру, думаючы, што і зад ён бы аблапаў не з меншай ахвотай, чым пышныя грудзі.

Апублiкавана 22.08.2017  19:29

Leave a Reply