Летась мы паведамлялі пра выхад кнігі “Гісторыi ў прыцемках” (Мінск: Кнігазбор, 2015), а зараз прапануем кароткія звесткі пра яе аўтара, узятыя з вокладкі.
Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Оршы. З вокнаў радзільні зазіраў праз плот на двор хаты Уладзіміра Караткевіча, якая стаіць побач, і спрабаваў падгледзець “творчую кухню” славутага пісьменніка-земляка.
У 1994 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля навучання паспеў папрацаваць, сярод іншага, рэдактарам на БТ і журналістам у “Нашай Ніве”.
Друкаваўся ў часопісах “Полымя”, “Першацвет”, “Паміж”, “Спадчына”. Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка “Аршанская шляхта”, зборніка інтэрв’ю “Беларусь: ні Еўропа, ні Расія”, адзін з суаўтараў кнігі “Наша страва”.
Сёлета Зміцер прыслаў нам тэксты некалькіх сваіх песень.
ДАРМАЕДЫ
Я жыў сабе як жыў, бяды не ведаў —
Дбаў пра даляры, кошты на бензін…
Ды трапіў нечакана ў дармаеды!
І высветлілася — не я адзін.
Сказалі мне: “Жыццё ідзе не гладка,
А ты — нібыта здраднік на вайне”.
Сказалі, што я не сплаціў падаткі —
Міністры галадаюць праз мяне.
Мяне складана збіць мастацкім свістам,
Я не паддамся лёгка на падман:
Гляджу тэленавіны — там міністры.
Аж шчокі не змяшчаюцца ў экран:
Зусім апухлі без маіх падаткаў,
Забыліся, калі ў іх быў абед…
І я сябе адчуў істотай гадкай.
Не пухну? Сто адсоткаў — дармаед!
“Тут кожны сам можа дадумаць выкананне 😉” – пазначыў аўтар. Мы не рызыкуем класці гэты верш на музыку, але, калі хто хоча паслухаць песню пра падаткі, ласкава запрашаем: http://en.lyrsense.com/beatles/taxman 🙂
ПЕСНЯ ПРА ДАБРАБЫТ
Прачынаюся я зранку — адчуваю ў целе спрыт,
Як спартсмэн, гатовы да Алімпіяды.
Прыглядзеўся да сябе — а гэта ўзняўся дабрабыт,
Рыхтык так, як абяцала нам улада.
Ён узняўся і стаіць, не хоча падаць —
Датрымала абяцанні наша ўлада!
Скажа кожны ідэолаг: “Ад эпохі пірамід
І ў любой — якую ні вазьмі — краіне
Толькі дзякуючы ўладзе можа ўзняцца дабрабыт…”
Вось і ў нас ён падымаецца няспынна.
Ён узняўся, як даляр па-над рублём…
Але мы і дабрабыт перажывём.
Трэк да песні: https://soundcloud.com/dziadzienka/pesnya-pra-dabrabyt
ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАЗІЦЫЯ
Прафесій шмат на свеце ёсць, куды ні гляну я:
Сантэхнік, медык, кадравік і трактарыст…
Мой сябра Пеця ўладкаваўся грамадзянінам,
Бо іншай працы не прымае арганізм.
Яму няпроста: ён штодня цяпер змагаецца
За грамадзянскую пазіцыю сваю.
Але народзец навакол не той трапляецца —
І не ў нагу ідуць, і хорам не пяюць.
Адна надзея
На дабрадзеяў —
Яны не ходзяць з рукой пустой:
Падкінуць грошай,
Бо ён харошы,
Ён грамадзянін, не абы-хто.
Штодзённа Пеця як з трыбуны надрываецца:
Ён крытыкуе амаральнасць і цынізм,
За нас усіх ён і хвалюецца, і каецца,
І хоча нават ваяваць за гуманізм.
На жаль, сярод электарату ёсць і спрытныя,
І Пеця з гэтае прычыны дужа злы:
Яны ківаюць на жытло яго элітнае,
А то — на “Лексус”, дарагі яму… Казлы!
Адна надзея
На дабрадзеяў —
Яны не ходзяць з рукой пустой:
Падкінуць грошай,
Бо ён харошы,
Ён грамадзянін, не абы-хто.
Трэк да песні: https://soundcloud.com/dziadzienka/gramadzyanskaya-paztsyya
На фота, зробленым у студзені 2016 г.: выступае з гітарай Зміцер Дзядзенка, побач сядзіць паэт Ігар Канановіч (1983-2016), які трагічна загіне ў чэрвені.
Апублiкавана 12.02.2017 12:38