Tag Archives: Исраэль (Израиль) Белкинд

Анна Базаревич. “Сионизм как доктрина” (на белорусском)

СЕМІНАР ПІСЬМО І МЫСЛЕННЕ

ЭСЭ

НА ТЭМУ: “СІЯНІЗМ ЯК ДАКТРЫНА”

Выканала

Базарэвіч Ганна

Выкладчык

Уладзіслаў Іваноў

Віцебск, 2016

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ…………………………………………………………………………………………. 3

ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЧНАЯ РЭТРАСПЕКТЫВА І СУТНАСЦЬ ІДЭАЛОГІІ СІЯНІЗМУ ………………………………………………………………………………………….. 5

1.1. Эвалюцыя сіянізму ад старазапаветных каранёў да сучаснасці…………….. 5

1.2. Сіянізм у дзеянні: афармленне ідэалогіі сіянізму Т.Герцлем ……………….. 6

ГЛАВА 2. СТАЎЛЕННЕ ДА СІЯНІЗМУ ………………………………………………… 9

2.1 Падтрымка сіяністаў на Захадзе і пераследы ў СССР…………………………… 9

2.2. Сіянізм у сучаснасці: трансфармацыя поглядаў на дактрыну і антыізраільская палітыка…………………………………………………………………….. 11

ЗАКЛЮЧЭННЕ …………………………………………………………………………………. 13

УВОДЗІНЫ

У сучасным свеце да нацыянальна-вызваленчых рухаў, проста нацыянальных, альбо проста вызваленчых склаліся адносіны, як да заканамернасцяў. Маўляй, апынуліся ў адных межах некалькі супольнасцяў. Па розных прычынах: у выніку непаразуменняў, войнаў, развязаных з-за імперыялістычных амбіцый краін-суседак, альбо добраахвотных аб’яднанняў этнасаў для супрацьстаяння агульнай пагрозе. Прыходзіць час і сітуацыя патрабуе выйсця. Не здзіўляе лагічнае завяршэнне: кансалідацыя нацыі і яе памкненне да стварэння ўласнай дзяржавы. Дзесьці гэта адбывалася мірным шляхам, дзесьці шляхамі ўзброенымі.

Аднак, нягледзячы на тоеснасць працэсаў, ідэя вяртання яўрэяў на зямлю Ізраіля, якая аформілася ў нацыянальны рух і ідэалагічную дактрыну – сіянізм, выклікае ў грамадства шмат пытанняў, адказы на якія яно атрымлівае ад свайго ўрада, альбо ад аўтарытэтных сусветных арганізацый ці лідараў. Працэс фарміравання поглядаў на сіянізм, як паказала практыка, заўжды быў афарбаваны ў колеры эканамічных цікаўнасцей краін-дыяспар на Захадзе і ідэалагічнай палітыкі ў Расійскай імперыі і СССР.

Формы – духоўная і палітычная – у якіх існаваў сіянізм, у сукупнасці прывялі да з’яўлення новай і цалкам паспяховай дзяржавы ў сучаснасці. Дактрына, у аснове каторай ляжала старазапаветнае, нават міфічнае ўяўленне аб месцы яўрэйства ў свеце, мела лёсавызначальную ролю ў станаўленні яўрэйскай нацыянальнай дзяржавы. На шляху да перамогі гэтай ідэалагічнай канцэпцыі стаялі амаль неадольныя перашкоды: пачынаючы ад адсутнасці прыдатнай і свабоднай тэрыторыі для вяртання “у Сіон”, стымуляцыi народнага недаверу да габрэяў і нават да зручнага апраўдання эканамічных паразаў кіраўніцтва дзяржаў-дыяспар, што на практыцы часта пагражала фізічным знішчэннем.

Нават разглядаючы павярхоўна ўмовы існавання і развіцця сіянізму, можна здзівіцца ўніверсальнасці, з якой дактрыну выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць не толькі палітыкі, але і ўсе зацікаўленыя. “Сусветная сіянісцкая змова”, альбо “Тэорыя жыдамасонскай змовы” сталі ўжо вядомымі фразеалагізмамі, якімі тлумачаць невытлумачальнае, найчасцей з негатыўнай канатацыяй. Напэўна, дактрына сіянізму з’яўляецца самай спекулятыўнай з усіх ідэалагічных і палітычных канцэпцый. У гэтым эсэ будзе разглядацца прырода ўзнікнення сіянізму як ідэалагічнай канцэпцыі, дактрыны, а таксама будзе здзейснена спроба прасачыць эвалюцыю сіянізму пад уплывам унутраных супярэчнасцей і знешніх абставін.

ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЧНАЯ РЭТРАСПЕКТЫВА І СУТНАСЦЬ ІДЭАЛОГІІ СІЯНІЗМУ

1.1. Эвалюцыя сіянізму ад старазапаветных каранёў да сучаснасці

И возвращу Я изгнанных народа моего,

Израиля… И насажу Я их на земле их, и

не будут они больше вырваны из земли

своей, которую Я дал им.” 1

На працягу ўсяго часу рассейвання яўрэйскі народ імкнуўся вярнуцца на сваю радзіму – на зямлю Ізраіля. Рэлігійныя прадпісанні іўдаізму ўтрымліваюць запавет вяртання ў зямлю Ізраіля. Адданасць народа Ізраіля роднай зямлі і ўсведамленне свайго адзінства сталі ідэйным ядром зараджэння ў яўрэйскім асяроддзі нацыянальнай ідэі і імкненняў да вяртання ў зямлю Ізраіля, стварэння на яе тэрыторыі дзяржавы.

Гістарычна склалася, што будучы выгнанымі з уласнай зямлі рымлянамі ў І ст. н.э. і рассеянымі па свеце яшчэ ў пачатку першага тысячагоддзя, яўрэі захавалі ідэнтыфікацыю і, нарэшце, ў ХІХ ст. саспелі да рашэння вярнуцца на гістарычную радзіму. Пры чым, што ў аснове гэтага рашэння ляжаў рэлігійны закон – прадпісанні, якія ўтрымліваюцца ў Торы (Стары Запавет) – свяшчэннай кнізе іўдзеяў. Больш за тое, адпаведна гэтым прадпісанням яўрэйская прысутнасць на зямлі Ізраіля ніколі не перарывалася і кожны рэлігійны яўрэй ведаў, што з прыходам Машыяха (Месіі) усе яўрэі свету збяруцца на сваёй Радзіме. Бывалі часы, калі яўрэйская прысутнасць у Іўдзеi  абмяжоўвалася адной сям’ёй, якая існавала пры падтрымцы і на сродкі дыяспары. Менавіта гэтыя ідэі сталі першапачатковымі праявамі ідэі вяртання.

На працягу стагоддзяў, падвяргаючыся ціску і непрыняццю з боку суседзяў, яўрэі сфарміраваліся ў асобную маргіналізаваную супольнасць.

________________________________

1 Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового завета в русском переводе с параллельными местами и приложениями. – Чикаго: SGP, 1990. – 1217 с. Амос, 8:14–15.

Тым не менш, супольнасць заможную і выгадную на выпадак пазыкі, і нязручную на выпадак вяртання гэтай пазыкі. Напярэдадні афармлення ідэй сіянізму ў дактрыну, яўрэйская супольнасць канцэнтравалася ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Права яўрэяў на зямлю Іўдзеі згадвалася ў Торы, такім чынам, Тора была адзіным дакументам, які рэгламентаваў рашэнне вяртання. Аднак, ці выглядала гэта легітымным у вачах арабаў-бедуінаў, якія ўжо занялі гэтую тэрыторыю? Безумоўна, не. Менавіта адтуль бярэ карані араба-ізраільскі, ці, правільней сказаць, палестына-яўрэйскі канфлікт.

1.2. Сіянізм у дзеянні: афармленне ідэалогіі сіянізму Т. Герцлем

Фарміраванне неспрыяльных умоў для жыцця яўрэйскай супольнасці: “Часовыя правілы аб яўрэях” 1882 г., хваля антысемітызму, выкліканая справай Дрэйфуса ў 1894 г., забойствам імператара Аляксандра ІІ, пагромы, што пранесліся па паўднёвых і заходніх губернях імперыі – усе гэта выклікала імкненне габрэяў эміграваць.

Яшчэ да таго, як былі сфармуляваны мэты і вызначаны шляхі са сродкамі іх дасягнення, якія габрэйскі нацыянальны рух ставіў перад сабой, ідэя вяртання ў зямлю Ізраіля была прадметам праграмных мэтаў некаторых габрэйскіх арганізацый. Упершыню, на тэрыторыі Расійскай імперыі сіянісцкая ідэя – вяртанне ў зямлю Ізраіля – прасоўвалася ў габрэйскія масы суполкай “Білу”, якую ўзначаліў Ізраэль Белкінд – сын настаўніка з Гомеля. Назва суполкі складаецца з пачатковых літар біблейскага верша: “Бейт Я‘аков леху венелха” (“Дом Якава! Уставайце і пойдзем!”).2

Безумоўна, першыя эмігранты не дзейнічалі ў рамках нейкага руху, бо прычына была куды больш мацнейшая: натуральны страх перад фізічным і

___________________________

2 Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового завета в русском переводе с параллельными местами и приложениями. – Чикаго: SGP, 1990. – 1217 с. Іс. 2:5

маральным знішчэннем. Аднак, фарміраванне ідэі і афармленне яе ў канцэпцыю не прымусіла доўга чакаць. Пачаткам гэтага працэсу стала судовае абвінавачванне ў шпіянажы Альфрэда Дрэйфуса – французскага афіцэра, які меў габрэйскае паходжанне. Справа выклікала хвалю непрыяцця, якоя ўжо можна было смела дэманстраваць, бо быццам бы аблічэнне габрэя зрабіла легітымным антысеміцкія настроі. Тэадор Герцль – журналіст, які пісаў для прэсы агляды працэсу, прысутнічаў на судовым паседжанні і быў абураны тым, штто адбывалася. Т. Герцль быў свецкім чалавекам, далёкім ад традыцыйных габрэйскіх поглядаў, але яго светацям падчас судовай справы над Дрэйфусам цалкам перамяніўся. Гэтаму чалавеку было наканавана стаць бацькам сусветнага сіянізму, заснавальнікам Сусветнай сіянісцкай арганізацыі.

У яго дактрыне ляжалі прызнанне ўсіх яўрэяў свету адзінай нацыяй і перакананне ў немагчымасці іх паўнавартаснага нацыянальнага і эканамічнага развіцця па-за гістарычнай радзімай. Існавала адзінае магчымае рашэнне – адраджэнне яўрэйскай дзяржавы. У праграме Сусветнай сіянісцкай арганізацыі, створанай на I Базэльскім кангрэсе ў жніўні 1897 г., гучала:

“Сіянізм імкнецца стварыць для яўрэйскага народа надзейнае прававое сховішча ў Палестыне. Для дасягнення гэтай мэты кангрэс прапануе наступныя сродкі:

1) Мэтазгоднае спрыянне засяленню Палестыны яўрэйскімі земляробамі і рамеснікамі;

2) Арганізацыя ўсяго яўрэйскага народа метадам стварэння мясцовых і агульных саюзаў адпаведна з законамі розных краін;

3) Узмацненне яўрэйскага нацыянальнага пачуцця і самасвядомасці;

4) Падрыхтоўчыя крокі да атрымання згоды дзяржаў на прывядзенне ў выкананне мэт сіянізму”.3

_____________________________________

3 Базельская программа // Электронная еврейская энциклопедия [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.eleven.co.il/article/10376/. – Дата доступа: 22.01.2016.

Як бачна, ідэя гуманная, высокая і заканамерная ва ўмовах і часе ўзнікнення. Чаму б насамрэч не пазбавіцца ад непрыемнага суседства з гэтым народам? Падаецца, што няма нічога прасцейшага, чым “Чамадан, вакзал, Палестына”. Але шлях рэпатрыянтаў на гістарычную радзіму быў складзены з умоў і перашкод.

 

ГЛАВА 2. СТАЎЛЕННЕ ДА СІЯНІЗМУ

2.1 Падтрымка сіяністаў на Захадзе і пераследы ў СССР

Што склала ўмовы эміграцыі габрэяў у Палестыну? Сацыяльныя працэсы, якія адбываліся ў асяроддзі, эканамічная і тэрытарыяльная зацікаўленасць краін, іх сацыяльна-эканамічнае становішча і, нарэшце, ідэалагічная атмасфера, якая панавала ў першых дзесяцігоддзях ХХ ст. Не ўсюды ў краінах габрэйскай дыяспары дадзеныя працэсы ішлі аднолькава. Больш, за тое, у рэалізацыі ў дачыненнях да сіяністаў, яны былі палярныя на Захадзе і СССР. Разгледзім іх на двух прыкладах: умовы дзейнасці сіяністаў на беларускіх землях, якія знаходзіліся ў складзе ІІ Рэчы паспалітай і частцы беларускіх зямель, якая прадстаўляла савецкія тэрыторыі.

З пачатку 1920-х гг. сіянісцкі рух у Савецкай Беларусі апынуўся ў нелегальным становішчы і быў вымушаны дзейнічаць у падпольных умовах. Дамінуючая роля камуністычнай партыі ў Савецкай Беларусі прывяла да беспартыйнай арганізацыі сіянісцкага руху і яго афармлення ў паўлегальныя арганізацыі і гурткі. Любыя памкненні да нацыянальнага самавызначэння ў хуткім часе пачалі катэгарычна адмаўляцца. Генеральныя штабы і Цэнтральны камітэт сіянісцкага руху ў Беларусі сканцэнтравана прыступілі да арганізацыі сваёй дзейнасці ў падполлі. Амаль кожны крок рэгламентаваўся спецыяльнымі загадамі і парадамі. Сярэдзіна і другая палова 1920-х гг. характарызавалася жорсткімі рэпрэсіямі ў дачыненні да актывістаў сіянісцкіх арганізацый і партый. Па беларускіх тэрыторыях, пераважна Гомельшчыне, Бабруйшчыне, Віцебшчыне, пранеслася хваля арыштаў чальцоў сіянісцкіх арганізацый, узмацніўся ціск у адносінах да падазроных. Большасць прысудаў была вынесена з інкрымінацыяй абвінавачаным антысавецкай, антыкамуністычнай і контррэвалюцыйнай дзейнасці. Вынікі даследаванняў па гэтай тэматыцы амаль аднагалосна сведчаць аб канчатковым разгоне руху ў 1928 г., калі была забаронена апошняя легальная яўрэйская партыя “Паалей Цыён”. Але архіўныя дакументы падцвярджаюць існаванне сіянісцкіх ідэй на Беларусі і ў 1940 г. Менавіта перад суполкай “Хашамер Хацаір” стаяла пытанне аб узмацненні руху і канцэнтрацыяй сіл да Катастрофы. Пасіўная пазіцыя, існаванне ва ўмовах падполля не здолела арганізаваць беларускае яўрэйства, не здолела яго выратаваць ад знішчэння.

У Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.) сіянісцкі рух актыўна падтрымліваўся яўрэйствам і спрыяльнымі адносінамі ўлад. Дзейнасць заходнебеларускіх сіяністаў не была абмежавана ўладамі і гарантавалася заканадаўствам. Сіяністы Польскай Рэспублікі ўдзельнічалі ў барацьбе за месцы ў сенат на выбарах і мелі там свае прадстаўніцтвы. Ва ўсіх павятовых цэнтрах і мястэчках беларускіх ваяводстваў існавалі сіянісцкія арганізацыі. Іх дзейнасць была накіравана на абарону нацыянальных, рэлігійных і палітычных інтарэсаў яўрэяў. Сіяністы Заходняй Беларусі былі вольныя ў арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці яўрэйскай абшчыны, заснаванні прадпрыемстваў для хахшары, адкрыцці іўрыцкіх школ. У сіянісцкiм руху таксама прасочвалася канкурэнцыя паміж найбольш уплывовымі арганізацыямі “Эт Ліўнот” і “Ха Мішмар”, гэта было выклікана імкненнем мець свае прадстаўніцтвы ў дзяржаўным сойме. Актыўную культурна-асветніцкую працу праводзіла клерыкальная арганізацыя “Мізрахі”, гэта было абумоўлена неабходнасцю падтрымкі аўтарытэта рэлігійнай абшчыны ва ўмовах росту ўплыву свецкай. З 1926 г. вялікі ўплыў пачынаюць набываць прыхільнікі рэвізіянісцкай плыні на чале з Ул. Жабацінскім. Лакальныя арганізацыі “Бейтар” існавалі ва ўсіх мястэчках беларускіх ваяводстваў. З другой паловы 1920-х гг. эміграцыйныя працэсы актывізаваліся, што было выклікана фінансавым крызісам і імкненнем польскага ўрада разгрузіць працоўны рынак у дзяржаве. Менавіта з гэтых тэрыторый у міжваенны час эмігравала найбольшая колькасць рэпатрыянтаў.

Адрозненні ў развіцці сіянісцкага руху ў Савецкай і Заходняй Беларусі тлумачацца рознымі ўмовамі існавання ў кантэксце дзеячага заканадаўства. У той час, калі сіяністы Польшчы актыўна ўдзельнічалі ў жыцці яўрэйства – займаліся падрыхтоўкай будучых рэпатрыянтаў да аліі, а такасама непасрэднай эміграцыяй, займалі актыўную пазіцыю на ўнутрапалітычнай арэне, абараняючы інтарэсы яўрэйства, сіяністы Савецкай Беларусі спачатку былі вымушаны дзейнічаць у паўлегальных умовах, падвяргаючыся рэпрэсіям, а пазней і ўвогуле іх арганізацыі былі забароненыя. Безумоўна, ва ўмовах дамінуючай ролі камуністычнай партыі любы ўдзел ва ўнутрапалітычным жыцці Савецкай дзяржавы быў выключаны.

2.2. Сіянізм у сучаснасці: трансфармацыя поглядаў на дактрыну і антыізраільская палітыка.

1948 г. стаў годам абвяшчэння незалежнасці Дзяржавы Ізраіль. Пасродкам Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеяй ААН у 1947 г. яўрэі светы атрымлівалі тэрыторыю. Будзе недастаткова ацаніць гэтую падзею як перамогу ў амаль двутысячагадовай барацьбе за тэрыторыю. Наспяваюць пытанні. А калі б не Халакост, ці было б рашэнне сусвету размежаваць Палестыну і даць кавалак зямлі яўрэям? Кім з’яўляюцца яўрэі-рэпатрыянты для арабаў-палестынцаў? Ці не акупантамі, ці не ворагамі, якія прыйшлі на іх зямлю? Безумоўна, адказ станоўчы. Адсюль ідзе адпраўная кропка канфлікту. Аднак, гэта не проста лакальны канфлікт, а сусветная палітыка.

Як сталася, што арганізацыя, створаная для падтрымкі і ўмацавання ў свеце міжнароднага міру і рэалізацыі шматвектарнай дыпламатыі стала сусветным рупарам араба-мусульманскага блоку? У адносінах да сіянізму асноўным пікам у адносінах Генеральнай Асамблеі і Ізраіля стала рэзалюцыя ААН, прынятая ў 1975 годзе, якая абвяшчала сіянізм – формай расізма і расавай дыскрымінацыі. 4 (адменена ў 1991 г. – рэд.) Сусвет аказаўся не ў стане разабрацца, што сіянізм – гэта ідэя, а не палітыка. Такія адносіны тлумачацца тым, што ідэя,

____________________________________

4 Резолюция ООН о сионизме (1975) // ЭНЦИКЛОПЕДИЯ “ЕВРЕЙСКИЙ МИР” [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://jhistory.nfurman.com/teacher/06_170.htm. – Дата доступа: 22.01.2016.

настолькі дзейсная і моцная, што рэалізацыя яе мэтаў пацягнула за сабой палітычныя праблемы, зачастую выражаныя ўзброенымі канфліктамі. Тое ляжыць на паверхні. А з другога боку, Ізраіль з’яўляецца адзіным прадстаўніком дэмакратычных каштоўнасцей на ўсім бліжнеўсходнім абшары, з чаго вынікае заканамернае супрацьстаянне палітычных рэжымаў.

Нягледзячы на тое, што абстаноўка на Ізраільскіх тэрыторыях не самая спакойная, яны з’яўляюцца прыцягальнымі для габрэяў усяго свету. Моцная сіянісцкая ідэя ў спалучэнні з гасціннай дзяржаўнай праграмай для рэпатрыянтаў, робяць па сённяшні дзень зямлю Ізраіля прыцягальнай для новых пасяленцаў з краін дыяспары.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Калі падсумаваць усё вышэйнапісанае, то вынікае, што бываюць лёсавызначальныя выпадкі, калі Святое пісанне становіцца падставай да дзеяння, асновай для стварэння ідэі і канцэпцыі, якія пазней афармляюцца ў ідэалагічную дактрыну, якая ў сваю чаргу і становіцца асноўным рэгламентам руху. Сіянізм стаў яскравым і пакуль што адзіным прыкладам такога працэсу. Закрануўшы ўсе сферы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця ў краінах дыяспары, дактрына стала не толькі сродкам да легітымнага вяртання на зямлю Ізраіля, але і падставай да спекуляцый у міжнародных адносінах.

Да сёняшняга часу сіянізм, а дакладней яго вынік – дзяржава Ізраіль – змагаецца за права на існаванне на мапе. Ці ёсць гэта права? Канцэпцыя сіянізму цалкам пацвярджае яго. Але з другога боку пра якое права на тэрыторыю можа ісці размова, калі яна ўжо некалькі тысяч год занятая іншымі народамі, пакаленні якіх нарадзіліся на гэтай зямлі і не з’яўляліся захопнікамі. Тут адказ робіць кожны зыходзячы са сваіх сімпатый, бо калі паглядзець рацыянальна, то вагі знаходзяцца ва ўраўнаважаным стане. Несправядлівасць бачыцца ў адным: спрыянне араба-мусульманскім амбіцыям з боку рэферы – ААН. Аднак, ці можна асудзіць прадстаўніка Генеральнай Асамблеі за боязь наступстваў свайго рашэння, якое б магло разыйсціся з рашэннем яго арабскіх калег?

Ад рэдакцыі. Тэкст маладой даследчыцы Ганны Базарэвіч “напрошваецца” на крытыку. Многім новым насельнікам Ізраіля, напэўна, будзе што адказаць на тэзіс аб “гасціннай дзяржаўнай праграме для рэпатрыянтаў”. Ёсць і іншыя спрэчныя месцы. Запрашаем зацікаўленых да дыскусіі.

Апублiкавана 14 чэрвеня 2016   18:41

Также по теме, ранее опубликованный материал автора, в специальном переводе на русский для сайта В. Р.

О сионистах в Беларуси 1920-х гг.