
Верхні шэраг – Мілеры, якія эмігравалі, пакінуўшы Беларусь. Ніжні шэраг – Мілеры, якія засталіся ў Беларусі
Рыўка Мілер была яўрэйкай-імігранткай – адной з многіх тысяч, якія прыбылі ў Брытанію з Расіі на пачатку 1900-х гадоў. Яна паехала ў Ёркшыр у 1907 г. з маленькай сумай грошай, але з марамі пра лепшую будучыню. Як і многіх мігрантаў-яўрэяў, яе спакусілі спадзевы на працу ў галіне пашыву адзення, якая актыўна развівалася ў Лідсе.
Рыўка пайшла шляхам двух сваіх братоў, якія эмігравалі раней, уцякаючы ад галечы, пагромаў і антысемітызму на радзіме.
Іхняе падарожжа ў Лідс з Расіі было доўгім і цяжкім, яно заняло 10 дзён. Ім выпала пакінуць у Расійскай імперыі палову сваіх родзічаў, у тым ліку бацькоў і кузэнаў.
Рыўцы і яе братам больш ніколі не давялося ўбачыць сваіх родзічаў… а калі пачалася Другая сусветная вайна, то і лісты з іх радзімы раптоўна перасталі прыходзіць.
Выхад

Пасведчанне асобы Рыўкі Мілер, запоўненае пасля яе шлюбу
Каля 2,5 мільёнаў яўрэяў-мігрантаў пакінулі заходнюю частку Расіі паміж 1880 і 1920 гг. Для соцень тысяч яўрэяў пунктамі прыбыцця был порты Хал і Грымсбі. Рыўка Мілер стала часткай гэтай іміграцыйнай плыні – яна ехала адна, ёй было 18 гадоў. Яна не ведала англійскай мовы, толькі ідыш.
Цяпер у Лондане жыве прапраўнук Рыўкі Сайман Глас, ён кінарэжысёр. Упершыню ў гісторыі сваёй сям’і ён прасачыў падарожжа Рыўкі ў дакументальным фільме, названым “Вельмі брытанская гісторыя. Яўрэі Лідса”. Фільм дэманстраваўся на канале BBC-4 увечары 25 лютага 2019 г.

Маршруты караблёў, якія выходзілі з Балтыйскага мора ў Хал (крыніцы: цэнтр гісторыі Хала і Дэвід Льюіс)
Такое падарожжа здзяйснялі тысячы іншых мігрантаў-яўрэяў з Еўропы – з Літвы, Латвіі, Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. У той час названыя землі складалі большую частку расійскай «рысы аселасці», дзе яўрэям дазвалялася жыць.
Сайман выявіў, што Рыўка спярша ехала на цягніку з маленькага мястэчка пад назвай Васілішкі, якое цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Шэсць гадзін яна дабіралася да Вільні (цяпер Вільнюс у Літве), а потым – да Лібавы на беразе Балтыкі. У Лібаве (цяпер – Ліепая ў Латвіі) яна села на параход, які выпраўляўся ў Хал. На ім плылі і іншыя мігранты-яўрэі, падарожжа доўжылася 5-7 дзён. Умовы на борце былі жахлівыя.

Яўрэйскія мігранты, якія плывуць у Ёркшыр прыкладна ў 1900 г. (крыніца: цэнтр гісторыі Хала)
Асабліва цяжка пераносіўся пераход цераз праліў Катэгат і Паўночнае мора. Многія мігранты цярпелі ад морскай хваробы.
Практычна не выконваліся санітарныя нормы. Мігрантаў часцяком везлі разам з коньмі, якія перапраўляліся на шахтныя палі ў Ёркшыры. Экскрэменты жывёлаў нярэдка праточваліся на палубы, дзе плылі людзі, і апошнія грузлі ў адкідах.
Жыццё не выглядала значна лепшым тады, калі мігранты, нарэшце, прыбывалі ў Брытанію – змораныя, без грошай.
Прыбыццё ў новы край

Канец падарожжа. Зала чакання для яўрэйскіх імігрантаў і док Вікторыі ў сучасным Хале
Прыбыццё ў мітуслівыя, тлумныя докі Хала ўспрымалася як з’яўленне ў новым дзіўным свеце.
Некаторыя мігранты памылкова лічылі, што апынуліся ў Нью-Ёрку, бо многія перад гэтым набывалі квіткі на трансатлантычнае падарожжа ў Злучаныя штаты.
Паколькі тысячы мігрантаў траплялі ў Хал кожны тыдзень, былі ўзведзены адмысловыя пабудовы, каб іх “апрацоўваць”, у тым ліку Зала чакання для імігрантаў побач з чыгуначнай станцыяй.
Рыўка Мілер сышла з карабля ў доку Вікторыі. Перш чым яна села на “мігранцкі” цягнік да Лідса, які выпраўляўся са станцыі “Хал Параган”, яе дапыталі прадстаўнікі ўлады.
Многія з мігрантаў, якія прыбывалі ў Ёркшыр, ведалі па-англійску толькі адно слова – “Лідс”. Горад бачыўся імі як сучаснае Эльдарада.
Найбольш вядомы прыклад таго, як бедны імігрант зрабіўся багатыром, – гісторыя Майкла Маркса. Ён прыбыў з Беларусі без грошай, але здолеў заснаваць у Лідсе гандлёвую імперыю “M&S” з жыхаром Ёркшыра Томам Спэнсерам.
(здымак, які забаронена перадрукоўваць – belisrael.info)
Распродаж-базар, які Майкл Маркс наладзіў неўзабаве па прыездзе (кожная рэч – за грош). Крыніца: Marks and Spencer Limited
Яшчэ адзін прыклад поспеху – гісторыя Мантэгю Бартана (Машэ Асінскага) з Літвы. Ён заснаваў кравецкае прадпрыемства, а ў выніку яго фабрыка ў Лідсе, якая вырабляла гатовыя касцюмы, зрабілася буйнейшай у свеце (дзякуючы ёй пашырыўся выраз «поўны Монці»).
Аднак у іншых імігрантаў жыццё было цяжэйшае, перад імі стаяла многа няпростых задач.
Жыццё ў Лейландсе
Браты Рыўкі Мілер, Ізраіль і Генры Мілеры, а таксама іх дзядзька Аўрам, пасяліліся ў сумнавядомых трушчобах, якія зваліся Лейландс. Гэта было месца, куды накіроўваліся яўрэйскія мігранты па іх прыбыцці ў Англію. Рыўка не была выняткам.
Умовы пражывання былі кепскія, дый сустракаліся выпадкі антысемітызму. Так, у Лейландсе адбываліся антыяўрэйскія бунты і хваляванні ў 1917 г.

Першае жытло Мілераў было на Капенгаген-стрыт у Лейландсе. Фота перадрукоўваецца з ласкавай згоды бібліятэчна-інфармацыйнай службы Лідса (www.leodis.net)
Неўзабаве Рыўка пачала працаваць аддзелачніцай у краўца – гэта была адна з нямногіх работ, даступных яўрэям, якія амаль не размаўлялі па-англійску (або зусім не размаўлялі).
Праз некалькі гадоў Рыўка выйшла замуж за таварыша па імігранцкай долі Барнета Гольдберга, які прыбыў у Лідс з Латвіі прыкладна ў 1897 г. У іх было сем дзяцей – у рэшце рэшт яны перабраліся ў лепшы раён Лідса, званы Шыпскар. Сёння гэта адзін з найбольш разнастайных у этнічным плане раёнаў, папулярны ў мігрантаў і бежанцаў.

Барнет Гольдберг – муж Рыўкі Мілер
Але адно важнае пытанне заўсёды турбавала Рыўку. Што здарылася з яе бацькам і кузэнамі, пакінутымі ў Расійскай імперыі? Ад іх прыходзілі лісты і паштоўкі, але перапіска спынілася ў 1940 г., калі распачалася Другая сусветная вайна.
У адным з апошніх пасланняў з Беларусі гаварылася: «Мы рады, што перажылі гэты час, мы ўсе жывыя. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя».

Апошняя паштоўка, адпраўленая з Астрыны (цяпер – Шчучынскі раён Беларусі)
Беларусь – падарожжа, поўнае адкрыццяў
Улетку 2018 г. Сайман Глас стаў першым у сваёй сям’і, хто выправіўся на тэрыторыю былой Расійскай імперыі, каб даведацца, што здарылася з Мілерамі.
Яго першай кропкай прыцягнення быў Вільнюс, некалі вядомы як “Паўночны Іерусалім” праз тое, што там жыла вялізная абшчына – каля 110 тыс. яўрэяў. Таксама гэта было месца, згаданае на брытанскім пасведчанні асобы Рыўкі Мілер, разам з назвай яўрэйскага мястэчка Oschnarshok (магчыма, так чыноўнік перадаў тапонім “Ашнаровічы” – перакл.)
Пошук гістарычных дакументаў не даў поспеху… нікога з Мілераў не ўдалося выявіць. Але наведванне Літоўскага гістарычнага архіва дазволіла здзейсніць адкрыцце – знайсці карту Васілішак, мястэчка, звязанага з лёсам сям’і Мілераў.
Васілішкі згадваліся ў сям’і Саймана шмат гадоў як месца, дзе Мілеры жылі да вайны. Зараз гэта вёска ў Рэспубліцы Беларусь недалёка ад мяжы з Літвой. Васілішкі былі адным з многіх яўрэйскіх мястэчак Расійскай імперыі, дзе жылі і працавалі яўрэі.

Сямейныя карані – Сайман Глас і гісторык Рэгіна Капілевіч з картай Васілішак
Карта Васілішак была важным ключом для раскрыцця таямніцу таго, што здарылая з Мілерамі. На карце дакладна паказаны ўчастак зямлі, дзе Мілеры жылі ў 1941 г.
Цяпер на гэтым месцы ціхі вясковы закутак. Там растуць тыя ж яблыкі ды слівы, як у часы Мілераў. Але ёсць і важная змена: у вёсцы больш няма яўрэяў. Адзінае сведчанне пра колішнюю іх прысутнасць – былая сінагога, якая дагэтуль стаіць у глыбіні вёсцы.
Тут можна паглядзець ролік на паўтары мінуты (тэма: С. Глас шукае сваіх продкаў у Беларусі)
Таямніцы Халакоста
Але заставаліся пытанні без адказу. Што здарылася з сям’ёй Мілераў у Васілішках?
Змрочны бок гісторыі выйшаў вонкі, калі Сайман сустрэў у вёсцы пажылую жанчыну, якая помніла Другую сусветную.
Тарэса Гінель-Гульбацкая распавяла яму, як нацысцкія войскі ўвайшлі ў Васілішкі ў 1941 г. Яны занялі мястэчка і пачалі кантраляваць жыццё жыхароў, а потым заняліся знішчэннем яўрэйскай супольнасці.

Старая сінагога ў Васілішках
Яўрэяў загналі ў гета, дзе яны жылі наступны год. Сярод тых, хто трапіў у пастку, была і сям’я Мілераў. Іх жыццё непапраўна і назаўжды змяніла сваю хаду.
10 мая 1942 г. нейкі нацысцкі афіцэр аддаў загад сабраць васілішкаўскіх яўрэяў. Іх сагналі ў парк недалёка ад цэнтра вёскі.
Тарэса Гінель-Гульбацкая жыла насупраць і бачыла тое, што адбывалася ў той дзень, з дома сваіх бацькоў. Ёй было тады толькі 10 гадоў.
(здымак, які забаронена перадрукоўваць – belisrael.info)
Уступленне нацыстаў у Васілішкі, 1941 г. Крыніца: агенцтва Аламі (Alamy)
Яна распавяла Сайману Гласу, як яўрэяў выцягвалі і выводзілі маленькімі групамі ў парк.
Больш за 2000 мужчын, жанчын і дзяцей былі расстраляны на вачах у вёскі.
Больш за ўсё Тарэза запомніла, як дзяўчынку з косамі (яе аднагодку) паклалі на воз.
“Я помню гэтую прыгожую дзяўчынку, і яна ляжала на адным з тых вазоў, і яе доўгія косы звісалі адтуль. Гэта настолькі ўрэзалася мне ў памяць, гэта было настолькі жахліва”, – кажа Тарэса Гінель.

Тарэса Гінель-Гульбацкая
Трупы вывозілі ў адзін з местачковых будынкаў, дзе іх складвалі. Пазней іх закапалі ў ямах на ўскрайку вёскі.
Тарэса ўспамінае той дзень як найгоршы ў сваім жыцці.
“Я помню, як у той дзень усіх яўрэяў звезлі з гета. Іх прымусілі легчы на зямлю радам, усіх… і мы чулі стрэлы. Гэта было так горка – гэта ўсё былі нашы суседзі. Яны заўсёды мірна жылі побач з намі”.
Выжыў толькі адзін чалавек, Шэйл (Шауль) Кушнер, які хаваўся па хатах месяцамі, а потым з’ехаў у ЗША і распавёў там пра свой лёс.

Відавочца забойстваў Тарэса Гінель-Гульбацкая ў час каталіцкай камуніі
Сайман даведаўся, што тузін членаў сям’і Мілераў быў сярод забітых – у тым ліку і кузэны Рыўкі.
Барыс Мілер, цясляр, быў яўрэйскім партызанам і змагаўся супраць нацыстаў. Яму было 27 гадоў.
Таксама забітыя былі маладыя сужэнцы – Беньямін Мілер і яго жонка Хая.
Сярод ахвяраў Халакоста быў яшчэ адзін стрыечны брат Рыўкі – Шмуэль Мілер, якога адправілі на прымусовыя працы ў лагер “Шталаг 1А” недалёка ад Кёнігсберга.
Толькі двое кузэнаў Рыўкі Мілер, Эстэр і Шлойме, уніклі смерці, бо яны з’ехалі ў Палестыну да вайны.
Цяпер Мілеры, якія засталіся ў Беларусі, ляжаць пахаваныя ў брацкай магіле на канцы вёскі. Іх былыя суседзі-каталікі пабудавалі ў 1990-х гадах помнік, каб увекавечыць сваіх яўрэйскіх сяброў.

Помнік яўрэям Васілішак
Саймана Гласа гэтае падарожжа вельмі ўсхвалявала:
“Убачыць калектыўную магілу, дзе ляжаць мае продкі – пэўна, самае жахлівае, што са мною здаралася. Я быў у многіх еўрапейскіх месцах, звязаных з Халакостам, і ў канцэнтрацыйных лагерах, але падарожжа ў Васілішкі скаланула мяне. Калі ідзецца пра тваіх родзічаў, адчуваеш зусім іншае”.
Што тычыць нашчадкаў сям’і Мілераў у Лідсе, яны, прынамсі, маюць адчуванне спакойнага жыцця.
“Ну, хоць некаторыя з Мілераў пакінулі свой край і прыбылі ў Лідс. Нас бы тут не было сёння, калі б Рыўка Мілер і яе браты засталіся ў Расійскай імперыі. Нам пашанцавала”.
Аўтарка матэрыяла – С’ю Вілкінсан (Sue Wilkinson), асістэнтка прадзюсера ў серыяле “Вельмі брытанская гісторыя”. Упершыню артыкул быў апублікаваны на сайце BBC.

З Расійскай імперыі ў Лідс. Нашчадкі Рыўкі Мілер у наш час
Аб праекце
Кінарэжысёр Сайман Глас (на фота ніжэй) даследуе “страчаны свет” яўрэяў Ёркшыра пачатку ХХ стагоддзя. Тысячы яўрэйскіх мігрантаў і бежанцаў выпраўляліся з балтыйскіх портаў Расіі ў брытанскія порты паміж 1880 і 1920 гг. Многія ўцякалі ад галечы і цкавання; некаторыя працавалі і пасяліліся ў Лідсе. Калі яны прыязджалі, у іх было мала грошай, але яны спадзяваліся і марылі пра лепшую будучыню.
Сайман едзе ў Літву і Беларусь, каб даведацца больш пра свае сямейныя карані, пра лёс тых, хто не выправіўся ў Лідс. У час хвалюючага падарожжа ён высвятляе падрабязнасці жахаў Другой сусветнай вайны, робячы для сябе шакуючыя адкрыцці.

Шукайце фільм “Яўрэі Лідса” з цыкла “Вельмі брытанская гісторыя” па гэтай спасылцы
Пераклаў з англійскай В. Р.
Крыніца
Апублiкавана 20.10.2020 20:34