Tag Archives: Александр Астраух

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (11)

Як спяваў Юра-музыкант у канцы мінулага стагоддзя, «Актрыса Вясна пасля доўгай хваробы зноўку на сцэне». Пападумаўшы, папараіўшыся з таварышамі, папачынаю другі сезон «Катлет & мух»…

Паддаў пары ў сакавіку Бібі-прэм’ер-міністр, які адмяніў сваё ж студзеньскае рашэнне аб закрыцці ў Мінску пасольства Ізраіля. У прынцыпе, я здагадваўся, што гэтым скончыцца: надта ўжо нясмелы быў той крок ізраільскага хедлайнэра. Я – жыхар і грамадзянін Беларусі, таму не стану вешаць ярлыкі на чалавека 1949 г. нар., які сёлета дасягае пенсійнага веку (так-так, у Ізраілі мужчыны ідуць на пенсію ў 67 – Беларусі ёсць яшчэ куды падаць да чаго імкнуцца, укрывай Б-г, канешне).

Трохі смешна было чытаць развагі тутэйшага «эксперта» – Рамана Я., які нібыта cышоў са старонак Ільфа-Пятрова і шчэ ўчора прапаноўваў аб’явіць Чарнаморск вольным горадам… Чалавек, які называе сябе міжнародным аглядальнікам, зрабіў вывад: «ізраільскі ўрад адмовіўся ад сваіх намераў пад ціскам грамадскіх аб’яднанняў выхадцаў з Беларусі». Анягож, старшыня Альшанскі мае неймаверны ўплыў! Ён бачыў самога Лукашэнку, і за ім – аж 150 тыс. (?!) багатыроў, што набіраліся моцы на берагах Віллі і Свіслачы… Яшчэ забаўная развага ад Рамана Я.: «Адносна лёсу пасольства Ізраіля практычна не было рознагалоссяў паміж беларускай уладай і апазіцыяй. Усе выступалі за яго захаванне». Нешта не прыгадаю, каб «усе» выступалі. Выказаўся летась хіба сустаршыня БХД Павел Севярынец, і тое не на сваім афіцыйным сайце, а на гэтым.

Ну ды ладна, будзем думаць, што без перапіскі «дарагіх сяброў» нічога б не было – ні «якасных паслуг», ні «дружбы паміж нашымі народамі», ні ўваходу на беларускі рынак ізраільскай авіякампаніі «Аркіа». Хай сабе цешацца. Праўда, ёсць і іншае меркаванне. Рэагуючы на вестку аб тым, што пасольства Ізраіля ў Мінску будзе працаваць у ранейшым рэжыме, Якаў Гутман напісаў у канцы сакавіка: «Калі ў ранейшым рэжыме значыць, што пасольства пальцам не паварушыць, каб супрацьдзейнічаць знішчэнню сінагог і яўрэйскіх могілак, то лепей бы яго закрылі. Не было б сорамна за дзяржаву Ізраіль…».

Папраўдзе, найперш хвалюе тое, што ад гуртка «ідыша і ідышкайта», які ўжо скора 10 гадоў працуе (?) пры Мінскім аб’яднанні яўрэйскай культуры, аддача невідавочная. Мо’ каб быў рэальны плён, то не знішчаліся б помнікі… Мы ж, «людзі паветра», далёкія ад пасольства, аб’яднання і «Джойнта», робім што можам. Вось нядаўна прэзентацыю зборніка вершаў Мойшэ Кульбака правялі, адзначылі 120-годдзе паэта ў самым цэнтры Мінска. На VK-старонцы «Галіяфаў» было сказана пра аншлаг – аншлаг не аншлаг, а вольных крэслаў 21 сакавіка ў пачатку 6-й гадзіны сапраўды не было.

Сярод іншых завітаў на прэзентацыю Паша Касцюкевіч, які ў 2000-х перакваліфікаваўся з ізраільскага шамэра-афіцыянта спачатку ў аўтара крыжаванак, потым у перакладчыка з іўрыта, лектара, а ў рэшце рэшт і ў пісьменніка (па вяртанні з Ізраіля ў Мінск рабіў таксама журналістам у мясцовай газетцы). У 2006 г. яму, аўтару некалькіх гумарэсак, «апавяданняў для мужчынаў» і «апавяданняў для жанчынаў», раілі: «Пішы раман». І шо б вы думалі? К 2014 г. раман «Комплекс Персея» быў практычна гатовы; нядаўна ён выйшаў друкам пад вясёлай назвай «План Бабарозы» (у кнізе, апрача Бабарозы, і Дзедвасілій ёсць…). Рэдактар кнігі Андрэй Хадановіч назваў Пашу галоўным эльфам беларускай прозы, «эманацыяй Уладзіміра Караткевіча»… А вось не, Караткевіча вабіла найперш (пера)адкрыццё мінуўшчыны, Касцюкевічу ж цікавыя лабавыя cутычкі цяпершчыны і будучыні… Мо’ таму ў свой час ён чэрпаў натхненне з рамана «Зельманцы» таго самага Кульбака, у творах якога, паводле Шмуэля Галкіна, «заўсёды адчуваецца дух часу». «Уважлівы чытач» знойдзе тоеснасць у падзагалоўках да «Плана Бабарозы» («сямейная сага») i англамоўнага выдання «Зельманцаў».

11-1       11-2

Відавочны таксама ўплыў на арт-дырэктара мінскай кнігарні ізраільцаў Этгара Керэта, Узі Вайля, Мэіра Шалева… Калі ж ужо шукаць папярэднікаў Пашы сярод белмоўных літаратараў ХХ ст., то бліжэй за ўсё, мабыць, акажуцца мэтр «магічнага рэалізму» Лукаш Калюга і сатырык Андрэй Мрый.

Апошнім часам Павал Касцюкевіч вярнуўся «на круги свои» і зноў чытае ў Мінску лекцыі пра іўрыцкую літаратуру – толькі ўжо не ў БДУ, а ў недзяржаўным «Беларускім калегіўме». Яшчэ ёсць шанс яго паслухаць. Хто не патрапіць у Калегіўм, можа пачытаць ранні твор пісьменніка, «Ізраільскі дзённік». Выпадкова ці не, аднак жонка «нармалізаванага» Зісера Юлія Чарняўская ў 2016 г. таксама назвала свае падарожныя нататкі без мудрагельства: «Израильский дневник». Больш спелы твор Паўла Касцюкевіча «да 500-годзьдзя беларускай Бібліі» чытайце тут.

Паўлу К., які часам паводзіць сябе смешна (асабліва за шахматнай дошкай, дзе палюбляе флангавыя атакі пешкамі ды турамі…) удаецца захаваць уласны голас у сучаснай РБ, чаго не скажаш пра іншага рээмігранта з Ізраіля, Іллю Л. Гэты доктар філасофскіх навук, «акадэмік Нью-Йоркскай акадэміі навук», на пачатку 90-х меў працу ў Яўрэйскім універсітэце Іерусаліма, а цяпер залічаны ў адзін з інстытутаў Беларусі… І раней паціскаў я плячыма, гартаючы яго творы – напрыклад, сумбурны расійскацэнтрычны дапаможнік для студэнтаў «Культурология». Днямі ж быў ледзь не шакаваны, калі пагартаў у краме кнігу 2014 г. «Беларусь: культурно-цивилизационный выбор», напісаную ў сааўтарстве з «галоўным беларускім філосафам» Анатолем Л.

«Уводзіны» пачынаюцца з эпіграфа – цытаты яшчэ больш значнага мысляра, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандра Л. (некалі падобныя опусы адкрываліся цытатамі з Леніна ды Брэжнева): «Мы выбіраем не Ўсход ці Захад, або Ўсход і Захад. МЫ ВЫБІРАЕМ БЕЛАРУСЬ, якая ў сілу гісторыі, у сілу геаграфіі, у сілу культуры і менталітэту будзе і на Ўсходзе, і на Захадзе».

11-3

У прынцыпе, гэтая цытата ўсё гаворыць і пра кнігу, выдадзеную, натуральна, за казённы кошт, і пра яе аўтараў. Аднак згадаю яшчэ пару анекдотаў. Адзін – даўні, савецкі. Прамоўца на лекцыі ў калгасе кажа: «Адной нагой мы стаім у сацыялізме, а другой ужо ступілі ў камунізм». Бабулька: «І ці доўга, даражэнькі, нам гэтак раскіракай стаяць?» Другі – з жыцця…

Увосень 2011 г. я пастанавіў для сябе пайсці ў адстаўку з пашанотнай пасады «Паштальён па дастаўцы пісьмовай карэспандэнцыі і СМІ другога класа» (як вядома, чым даўжэй назоў пасады, тым горш на ёй працуецца). Па запрашэнні таго самага Анатоля Л. завітаў у падначалены яму інстытут. Паказаў свае кнігі (на той момант – усяго 4), расказаў пра свае інтарэсы і планы. Меркаваў, што хоць на паўстаўкі, на заробак 80-100$ за месяц буду ўзяты. Аднак… пачуў скаргі на фінансавае становішча інстытута і прапанову, ад якой, ясная рэч, цяжкавата было адмовіцца: «На філасофіі многа не заробіш… Мы рыхтуем да друку кнігі – турыстычныя даведнікі, летапісы розных фірм. Вы на пошце працуеце – пашукалі б для нас спонсараў, пагаварылі б там у сябе, каб «Белпошта» заказала нам свой летапіс…»

Усё-ткі я адмовіўся і пакінуў офіс Л. з душэўным болем за лёс беларускай гуманістыкі. Дырэктар акадэмічнага інстытута просіць паштальёна знайсці для яго ўстановы грошыкі – да такога наўрад ці і Франц Кафка дадумаўся б.

О так-так, сістэма, ідэалогія, Махмуд Адалжыдзяньжат… Між тым ёсць і ў дзяржаўных установах людзі, якія прафесійна выконваюць сваю працу ды кажуць, што думаюць (асцярожна, але кажуць). Сам чуў даволі смелыя заявы ў Магілёве, на гэтай вось навуковай канферэнцыі 2014 г. Ад стрыжня ў чалавеку многае залежыць – калі не ўсё. Хочаце, шаноўныя чытачы – спрачайцеся.

* * *

Парадаваў у мінулым месяцы факт замежных гастроляў гурта «Серебряная свадьба», аднаго з найярчэйшых музычна-тэатральных калектываў Беларусі. Бенька і кампанія ўздымалі настрой маскоўскім яўрэям і іх дзецям на Пурым. Праграма «Музыка – усё!», наколькі помню з яе паказу ў верасні 2015 г., не змяшчае ў сабе непасрэдна яўрэйскіх матываў, аднак забаўнае выкарыстанне прадметаў побыту ў незвычайных мэтах, экзатычныя гукі, безумоўна, адпавядаюць духу свята. А яшчэ ў нейкі момант музыканты надзяваюць маскі птэрадактыляў…

11-4

Што не парадавала, дык гэта разборкі вакол недзяржаўнай літаратурнай прэміі «Дэбют». Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то члены журы, адмовіўшыся прысуджаць І прыз у раздзеле «Паэзія» (і эквівалент 2000$), проста плюнулі ў твар сваім маладзейшым таварышам-літаратарам, якія дайшлі да фіналу, у тым ліку іспанскай беларускамоўнай паэтэсе. Адзін з трох намінантаў напісаў эмацыйны ліст да арганізатараў, тыя пачалі намякаць на слабасць прадстаўленых кніг… Журы абвясціла, што нібыта не было абавязана вызначаць 1-е месца, хаця ў Палажэнні аб конкурсе ясна сказана: «1.5. Узнагароды: у кожнай намінацыі вызначаецца пераможца (І месца) і даюцца два заахвочвальныя прызы».

Ні з водным намінантам «Дэбюту» я не знаёмы. Тым не менш, паглядзеўшы збоку на іхнія мітрэнгі, мушу канстатаваць: недзяржаўныя калялітаратурныя суполкі пакутуюць, бадай, на тую ж хваробу, што дзяржаўнае выдавецтва, у якім працаваў 13 гадоў таму. «Закон – што дышаль…» Калі ў 2014 г. мы з майстрам шахматнай кампазіцыі Міколам Бельчыкавым ладзілі для аматараў конкурс складання задач-двуххадовак памяці Якава Камянецкага, то, дальбог, не шукалі «шчылін», каб зэканоміць грошы на прызах. Праўда, і маладыя паэты харашы: заміж таго, каб настойваць на выкананні зацверджаных арганізатарамі правілаў, забралі «суцяшальныя прэміі» па 500$, а потым ужо сталі пратэставаць. Гэткая паслядоўнасць (насамрэч непаслядоўнасць) робіць іх пазіцыю даволі хісткай. Што не здымае адказнасці з гора-суддзяў.

Але ж не хочацца больш пра сумнае, пагатоў толькі адгрымелі Пурым ды 1-е красавіка… Вось што я прачытаў пра яўрэйскі гумар на сайце sinagoga.by, з якога таксама карціць па-добраму пасмяяцца (няясна, хто зрабіў гэты сайт і навошта; уражанне такое, што з 2013 г. яго ніхто не абнаўляе). Слова Уладзіміру Малінкіну, старшыні «Объедения [sic!] иудейских религиозных общин в Беларуси»: «Думаю, пачуццё гумару – гэта натуральная абарончая рэакцыя яўрэяў на цяжкія ўмовы, у якіх ім даводзілася выжываць. Плюс кампактнае пражыванне абшчыны ў некаторых гарадах і рэгіёнах спараджае непаўторную атмасферу і адметнасць гумару. Узяць, да прыкладу, каларытны адэскі гумар і Міхаіла Жванецкага».

Неблагі жарт выдала «Радыё Свабода» ў снежні 2015 г. са слоў Аляксандра Астравуха: «Алесь Астравух нават прапануе ўключыць ідыш у абавязковую праграму ў беларускіх школах, паколькі ідыш для беларусаў — не замежная мова. “Каб мы, беларусы, не былі такімі дурнымі, даўно ўвялі б ідыш у школу”». На «мамэ-лошн» пра гэткія летуценні кажуць: «ven di bobe volt zi geven a zejde» – гэта я цытую слоўнік, укладзены самім А. Астравухам:) Варыянты перакладу: «Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос», «каб не плеш, дык і лысы не быў бы».

Вольф Рубінчык, rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 03.04.2016.

Апублiкавана 3 красавiка 2016

ZOL LEBN YIDDISH! НЯХАЙ ЖЫВЕ ІДЫШ!

Напярэдадні Рош-Ашонэ ў Кіеве адбыўся пяцідзённы семінар ідышыстаў розных краін, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі – Аляксандр Астравух і аўтар гэтых радкоў. Дзякуючы Міжнароднаму Цэнтру ідыша, нядаўна створанаму ў Вільні (выканаўчы дырэктар – Іцхак Авербух, педагагічны дырэктар – д-р Мардэхай Юшкоўскі), у Кіеў былі запрошаны шматвопытныя выкладчыцы-ізраільцянкі.

Трэба было бачыць і чуць, з якім артыстызмам Пніна Мелер далучала да хітрыкаў мовы размаітую публіку – ад студэнтаў да пенсіянераў. Нездарма, відаць, Пніна здаўна супрацоўнічае з тэль-авіўскім тэатрам «Ідышпіл». Цікава, што ідыш спадарыні Мелер дужа нагадвае гаворку светлай памяці Гірша Рэлеса (1913–2004), хоць карані яе – у Аргенціне, а Рэлес нарадзіўся і памёр у Беларусі.

Крыху больш акадэмічным выглядаў стыль д-ра Леі Гарфінкель, якая, аднак, таксама выпраменьвала прыязнасць да вучняў і прыўносіла гумар у свае лекцыі, прысвечаныя яўрэйскім літаратарам. А ў Марыны Якубовіч «Ву із дос гесэлэ», «Аф цу лохэс алэ сонім» і іншыя знакамітыя песні заспявалі нават тыя, хто раней рабіў гэта хіба на ранку ў ваннай. Перад спевамі ў кампаніі каларытнай выкладчыцы д-р Юшкоўскі знаёміў хор з гісторыяй твораў, што, безумоўна, дапамагала настроіцца на патрэбную хвалю.

У заключным выступе на тэму «Што ідыш можа сказаць у ХХІ стагоддзі» д-р Юшкоўскі пераканаўча даказаў, што стан мовы ў свеце зусім не такі кепскі, як бачылася яшчэ гадоў 10 таму. У Ізраілі паспяхова дзейнічаюць дзяржаўныя і прыватныя школы з навучаннем на ідышы, кафедры ва ўніверсітэтах. Штогод большае ахвотных асвойваць «мамэ-лошн», і настаўнікаў ужо не хапае. Кіраўніцтва віленскага Цэнтра, які з’явіўся пры падтрымцы Сусветнага яўрэйскага кангрэса, плануе наладзіць курсы ідышу праз «Скайп».

Цудоўнае ўражанне пакінула арганізацыя семінара. Нехта з чытачоў «Берегов», напэўна, помніць мае заметкі ў «Мы яшчэ тут!» з крытыкай на адрас «прафесійных яўрэяў», але гэтым разам проста не было да чаго прычапіцца: супрацоўнікі Еўраазіяцкага яўрэйскага кангрэса падрыхтавалі ўсё бездакорна. Жылі ўдзельнікі семінара ў гасцініцы побач са славутай сінагогай на вул. Шчакавіцкай (Падол), харчаваліся там сама, у рэстаране. Між іншага, пры сінагозе працуе крама кашэрных прадуктаў – некаторыя купілі ў ёй ізраільскай халвы. Добра сустрэлі мы Шабес – малітвы чытаў малады ешыботнік Яша Трэсер з мястэчка Бар (ён, дарэчы, прагне ведаць не толькі іўрыт, але ідыш таксама), прамовы казалі выкладчыкі, а спявалі і са смакам пад’ядалі чолнт усе прысутныя.

Вельмі хочацца, каб падобны семінар адбыўся і ў нашай краіне, балазе пасля выхаду вялікага ідыш-беларускага слоўніка і фільма «У пошуках ідышу» (2008) цікавасць да «экзатычнай» мовы ў беларускім грамадстве пачала расці.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

 “Берега”, № 10, 2014

idish1

Педагогі і арганізатары. Справа налева – М. Юшкоўскі, П. Мелер, Л. Гарфінкель, М. Якубовіч, І. Авербух.

idish3

Спяваем

idish2

Агульны здымак на развітанне

idish4

А. Астравух дарыць свой слоўнік д-ру Гарфінкель.

Фатаграфіі М. Бянюмава (Кіеў)

 PS. Некалькі слоў пра Кіеў, якім я яго ўбачыў у сярэдзіне верасня 2014 г. Збольшага спакойны, утульны для гасцей горад. Мы з Аляксандрам Астравухам (і не толькі) гулялі па многіх раёнах, заходзілі ў кнігарні, кафэ, крамы… Заўсёды сустракалі да сябе толькі добразычлівае стаўленне. На многіх балконах жыхары вывешвалі ўкраінскія сцягі, прычым рабілася гэта яўна не пад прымусам.

Пэўнае напружанне адчувалася ў раёне Майдана, дзе разгорнута прапагандная выстава “Доказы ўдзелу расійскай арміі ў агрэсіі супраць Украіны”. Не паўсюдна яшчэ ліквідаваны наступствы падзей зімы 2014 г. – на ходніках дзе-нідзе бракуе пліткі і г.д. На вул. Інстытуцкай і Грушэўскага – “народныя” мемарыялы з пералікамі ахвяр, фотаздымкамі, камянямі, каскамі. Гэтым разам не ўдалося прайсці па вул. Банкавай і зірнуць на “Дом з хімерамі” насупраць рэзідэнцыі прэзідэнта – шлях быў перакрыты (у сакавіку 2013 г. мы з жонкай паглядзелі архітэктурны помнік без праблем).

Цэны ў Кіеве збольшага ніжэйшыя, чым у Мінску, асабліва на праезд (метро – у пераліку 0,15 долара, трамвай – 0,12!). Кажуць, ніжэйшыя і заробкі, а тым больш пенсіі (у Чарнаўцах пенсіянерка з 35-гадовым працоўным стажам атрымлівае менш за 100 долараў). Усё-ткі жабракоў на вуліцах няшмат, людзі ў Кіеве, як правіла, трымаюцца з вялікай годнасцю. Вельмі папулярныя вышыванкі. Мнагавата, як на мой густ, лозунгаў кшталту “ПТН ПНХ” – яны трапляюцца і на мурах дамоў, і на сувенірах, што прадаюцца на Андрэеўскім спуску.

На тым жа Андрэеўскім спуску мы з Астравухам наведалі невялікі тэатр “Колесо” (спектакль “На Подоле, или Где вы сохнете белье?”). Забаўны вадэвіль пра пасляваенны побыт Кіева, дзе гучыць і “яўрэйская тэма” (гераіня-яўрэйка прамаўляе сёе-тое на ідышы), рэкамендую ўсім.

В.Р.

Материал вместе с фото прислан автором специально для обновляющегося сайта и размещен 1 ноября 2014

P. S. А здесь рассказ на идиш израильтянки Пнины Меллер о проведенном мероприятии и самом вильнюсском центре. Кто-то из достаточно пожилых, до войны учившихся в хедере, должно быть сможет и прочесть. Впрочем, не только пожилых.