В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (19)

Мінуў месяц пасля серыі № 18 – ізноў здароў! Цяпер мы ў сінявокай перажываем «перадвыбарны» перыяд, які па традыцыі амаль не адчуваецца – нават у Мінску. Усё ж на месца ў «парламенце» прэтэндуюць у сярэднім па 5 кандыдатаў, гэта вам не хухры-мухры. А раптам у прыстойных людзей гэтым разам нешта атрымаецца? 🙂

Сістэма стамілася, і прыдворныя хвілосафы ўжо разважаюць на тэму «хто пасля Лукашэнкі» (іх адказ – «Лукашэнка-2», хто б сумняваўся), аднак інэрцыя мінулых гадоў дае пра сябе знаць. Выпадак з палітолагам Алесем Лагвінцом, якога не зарэгістравалі, лішні доказ… Нязменная лічылка Ліда Я. па-плагіятарску прапанавала яму аддзяляць «мух ад катлет»: маўляў, збор подпісаў – адно, а канцэрт (27.07.2016, з удзелам Лявона Вольскага) – другое, і што ж ета робіцца, «я не панялА»?.. Знайшлася жанчынка – школьная сакратутка сакратарка Віка Г. – якой «заміналі» кіраваць аўтамабілем плакаты з выявай патэнцыйнага кандыдата. Блытаніна ў яе «паказаннях» наводзіць на думкі пра фатальны брак сумлення.

А. Лагвінцу, вядома, трэ’ было даць магчымасць балатавацца – хаця б таму, што яшчэ адносна малады, са свежымі ідэямі. Пры гэтым не ідэалізую свайго былога камрада па ЕГУ: часта ён сябе падманваў, хіба таму, што працуе ў канторы пана Мілінкевіча, які даўно «пра..аў усе палімеры». На пенсіі пану, відаць, сумна… Нядаўна з гаркавай усмешкай згадаў я мілінкевіцкі «жэстачайшы прагноз» у лістападзе 2010 г.: Расія праз паўтара года зменіць Лукашэнку, які ёй надакучыў.

Прыпомніліся і падзеі жніўня 2004 г., калі я рабіў у акрузе, дзе па іроніі лёсу рваліся ў дэпутацікі ўсё той жа Лагвінец (тады яму было крыху за 30), Анатоль Лябедзька і Ірына Аляксанава, якая апекавалася сістэмай сацыяльнай абароны Мінска. На няшчасце, 12 год таму працаваў я акурат у гэтай самай сістэме – сацыёлагам тэрытарыяльнага цэнтра. Вымушаны быў бачыць, як в. а. дырэктара, 23-гадовая (!) Нэла Ц. у працоўны час распісвала графік, каму ісці ў вулічныя пікеты за Аляксанаву, каму – па кватэрах, і давала інструктаж: «Вы ж толькі не кажыце людзям, што збіраеце подпісы па загадзе».

Двойчы мне навязвалі дзяжурства «імем рэвалюцыі» – двойчы адмаўляўся і тлумачыў амаральнасць/процізаконнасць ужывання адмінрэсурсу ў палітычных мэтах. Пасля 3-й «прывабнай» прапановы, за якую маім калегам абяцалі адгулы, вырашыў грукнуць дзвярыма: падаў заяву аб звальненні і скіраваў адкрыты ліст Аляксанавай, а таксама яе «баявой памочніцы» з адміністрацыі Фрунзенскага раёна («куратарства» выбарчых «мерапрыемстваў» з боку Святланы А. не было сакрэтам), каб яны не займаліся… абы-чым. Яны б, можа, і рады былі адмовіцца, але за імі стаяў начальнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Урал Латыпаў, які не хацеў пусціць «апазіцыю» ў палату прадстаўнікоў… Што ж, даслаў копію свайго звароту і ў адрас кіраванай Лябедзькам Аб’яднанай грамадзянскай партыі – ні адказу, ні прыказу… Тое мяне не здзівіла – пра норавы ў асяроддзі «штатных апазіцыянерчыкаў» к таму часу добра ведаў.

Сышоў я з цэнтра, не адпрацаваўшы ў ім і месяца. Гісторыя мела пэўны розгалас. «БелаПАН» апублікаваў пару радкоў – Нэла дала інфармагенцтву «чэснае слова», што ўсё было ў рамках закона. Аляксанава сваю кандыдатуру не зняла і пралезла-такі ў «дэпутаты» (спадзяюся, хоць цяпер ёй сорамна – ну, не ёй, дык дачкам). Неўзабаве асноўныя фігуранты яе кампаніі пастрачвалі свае пасады: і Нэла, і яе непасрэдная начальніца ў адміністрацыі, і начальніца начальніцы, і нават сам Урал Рамдракавіч. Я-та пазбавіўся заробку, эквівалентнага 75-80 долараў за месяц, і ў наступныя 12 гадоў не прапаў, хоць і застаўся ў Беларусі; думаю, фальсіфікатары страцілі больш… Мараль ясная: паскудствы не акупляюцца (развешаць бы такое дацзыбао на выбарчых участках…). Слоган «страх – адзінае, чаго варта баяцца» таксама правільны, але ў Беларусі ён чамусьці не спрацоўвае. Мо таму, што за стагоддзі большасць насельніцтва ўсмоктвала страх з матчыным малаком.

У 2012 г. знайшоўся чалавек, які не абмежаваўся адкрытым лістом, а паставіў грамаду «на вушы», расказаўшы пра фіктыўныя сходы па вылучэнні кандыдата (тагачаснага старшыні Мінгарсавета) у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так, і Павел Спірын не працуе больш у сістэме, але тэндэнцыя відавочная: змаганне з хлуснёй працягваецца, і не зусім беспаспяхова. Магчыма, у 2016 г. народ ужо проста дасць выспятка фэйкавым кандыдатам (літаральнага выспятка – нагой пад ж…), асабліва тым, хто запляміў сябе ў палаце прадстаўнікоў і ў «вертыкалі». Не тое каб я ўхваляў гэткія метады, але не быў бы катэгарычна супраць: сто з гакам «ківалаў» у апошнія пару гадоў з нейкім асаблівым цынізмам тапталі Канстытуцыю і саму ідэю «прававой дзяржавы». У расійскай Дзярждуры Дзярждуме хоць нейкі «голас апазіцыі» гучаў…

Ёсць прадчуванне, што сёлета і ў «палаце № 6» (сур’ёзна – палата прадстаўнікоў шостага склікання!) з’явіцца кволае прадстаўніцтва «альтэрнатыўных сіл». Ну, зарэгістраваныя ж у якасці кандыдатаў Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду», старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў…

Вядома, «ГП» – пусты палітпраект, і быў такім яшчэ за часоў Някляева (2010–2015). А. Дзмітрыеў – «цёмны конік», пра якога палітвязень Ігар Аліневіч пісаў у кнізе «Еду ў Магадан»:

Справа была 31 снежня 2010 г. у камеры № 1, дзе ў той час знаходзіўся Дзмітрыеў, начальнік штаба Някляева. Увечары Дзмітрыева пацягнулі на кабінет, дзе ён выгандляваў сабе вызваленне невядома за што. Пасля яго паднялі ў камеру, каб ён сабраў свае рэчы. Аднак сукамернікам Дзмітрыеў сказаў, што, маўляў, яму абяцалі Новы год у асяроддзі масак. Мужыкі сабралі яму з сабой два пакеты з ежай і, перажываючы, развіталіся. А грамадзянін Дзмітрыеў роўна патупаў дадому… У размове ён, не саромеючыся, распавядаў, як пабудаваў кватэру і зрубіў грошыкі на прэзідэнцкай кампаніі, а сама палітыка дэмакратычных сіл яму фіялетавая. Верагодней за ўсё, Дзмітрыеў данёс пакеты з прадуктамі да бліжэйшай сметніцы, хоць, хто ведае, можа, і да навагодняга стала, бо ўсяедны палітык нічым не грэбуе.

У маі 2016 г. былы каардынатар па Мінску ў штабе Дзмітрыева-Караткевіч Яраслаў Берніковіч заявіў, што за Караткевіч улетку 2015 г. не было сабрана 100 тысяч подпісаў, то бок Дзмітрыеў, а за ім і Цэнтрвыбаркам, проста схлусілі публіцы.

Аднак гэты шлейф скандалаў – і прадказальнасць Караткевіч як пратэжэ А. Д. – якраз і патрэбныя новаму пакаленню лукашыстаў. Старых, кансерватыўных кадраў ужо не хапае, а маладыя апартуністы здольныя і пыл у вочы Захаду пусціць, і зарабіць-падзяліцца… Паказальна, што «ГП» падбірае былых дзяржчыноўнікаў, у тым ліку ідэолага раённага маштабу, які дагэтуль марыць пра «перадавую ідэалогію».

Амаль такое ж «усяжэрнае» і ТБМ пад кіраўніцтвам экс-парторга, 62-гадовага А. Трусава. Усё ж ён не толькі языком малаціць умее: археолаг, спецыяліст па архітэктуры, кандыдат навук… У інтэрв’ю сціпла ацаніў свае шансы зноў трапіць у парламент – чвэрць стагоддзя таму Трусаў быў ужо ў Вярхоўным Савеце – у 25%. Я ж мяркую, што яго шансы – 70:30 (у «раскручанай» летась Караткевіч – 60:40, у Дзмітрыева – 50:50). Ва ўладзе ўсё вастрэй адчуваюць неабходнасць «перавесці стрэлкі» з эканамічных і сацыяльных праблем на сімвалічныя – ужо і «дзень вышыванкі» ладзяць. Прадстаўнік ТБМ, які б’ецца, напрыклад, за пераклад шыльдаў і фанцікаў на беларускую, вельмі падыходзіць на ролю стваральніка шумавых эфектаў. Пагатоў з боку грамадства – незалежна ад «прафесійных абаронцаў беларушчыны» – у сярэдзіне 2010-х назіраецца цікавасць да мовы. Да прыкладу, 15 і нават 10 год таму такую аб’яву на звычайным мінскім слупе цяжка было сабе ўявіць.

Kamputary

Прасп. Пушкіна, жнівень 2016 г.

Каго дакладна не пусцяць у ПП, дык гэта «зялёных». Будоўля АЭС пад Астраўцом, асабліва пасля нядаўняга інцыдэнту («упала бочка»), – адна з самых балючых кропак цяперашняга рэжыму. Па вялікім рахунку, будоўлю трэ было б закансерваваць, магчыма, зрабіць з яе турыстычны аб’ект… Але, хутчэй за ўсё, так не будзе: машыну, якой адмаўляюць тармазы, зазвычай спыняе мур. Цяперашняе пакаленне кіраўнікоў РБ сфармавалася ў 1970-х, калі АЭС сведчыла пра магутнасць «самага прагрэсіўнага» дзяржаўнага ладу. Не выключаю, што і верш Ніла Гілевіча «Роднай партыі» 1958 г. («Нам служыць пакораны атам / Палае святлом над зямлёй») паўплываў на іхні светапогляд.

Наўрад ці зараз дапамогуць пратэсты літоўцаў або іншых замежнікаў: калі б пару мільёнаў грамадзян Беларусі падпісаліся за спыненне, то, можа, і быў бы плён… Без «сваіх людзей» у органах улады, аднак, нерэальна разгарнуць антыядзерную кампанію ў маштабе ўсёй краіны. «Зялёным» застаецца публікаваць адозвы на ўласным сайце, што таксама карысна… як пластыр пры апендыцыце.

І пра надвор’е… пра мясцовых інтэлектуалаў. Як у інстытуце філасофіі хацелі напісаць гісторыю беларускай пошты, успамінаў раней. На мінулым тыдні выявілася, што філосафы-сацыёлагі-культуролагі паважаюць сябе яшчэ менш, чым думаў. Доўгі час яны распрацоўвалі тэму грандыёзнай значнасці твораў тав. Гюлена для Беларусі – о, вядома, толькі праз павагу да яго ідэй, ніякай матэрыяльнай зацікаўленасці!

Зараз Фетхулаху Гюлену пагражае ў Турцыі турма – а можа, зіндан? Рэкамендую спецыялістам шырокага профілю, пачынаючы з Яўгена Бабосава (зрэшты, гэтаму акадэміку ад агітпропа – у БССР 1960-70-х нам.загадчыка аддзела ЦК партыі – добра за 80, пара б і пра душу паклапаціцца), звярнуць увагу на даробак зняволенага кітайца Лю Сяабо – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, як-ніяк. Улады КНР настолькі яго баяцца, што на рашэнне амерыканскага Сената пераменаваць вуліцу ў яго гонар адказалі пагрозамі, запатрабавалі ад Белага дома накласці вета на рашэнне Сената… Варта Акадэміі навук намякнуць, што яна збіраецца прысвяціць зборнік дысідэнту Лю, як кітайскія інвестыцыі ў «Вялікі камень» (і ў эканоміку РБ) пацякуць ракой… 🙂

Яшчэ адзін тапанімічны казус. У Кіеве Маскоўскі праспект хацелі зрабіць праспектам Бандэры – фактычна, ужо і зрабілі (рашэнне гарсавета ўступіла ў сілу 9 жніўня). Можна зразумець украінскія яўрэйскія суполкі, якія напярэдадні выступалі з пратэстамі. Аргументы Віталя Нахмановіча (маўляў, саветы яшчэ больш людзей пазабівалі, чым АУН з Бандэрам) не падаліся мне пераканаўчымі – чаму ўвесь час трэба выбіраць паміж кепскім і яшчэ горшым?

Пэўна, пераназоў праспекта не перашкодзіць мне вярнуцца ў цудоўны Кіеў (хіба толькі па раскрыцці забойстваў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета), але асадачак застанецца… З іншага боку, калі «правадыр» яўрэяў Расіі пачынае па-лакейску разважаць: «з Украіны ўсе яўрэі з’едуць, усе ўцякуць. Успомніце, які шматвяковы антысемітызм там быў заўсёды, і зараз на Украіне ідзе рост антысеміцкіх і фашысцкіх настрояў», даводзіць, што «Крымнаш», а Шэндэровіч з Макарэвічам – дурні, то ад гэтага не менш брыдка, чым ад ініцыятывы кіеўскага мэра Клічко ды яго міньёнаў.

Непрыемна і ад таго, што ў Беларусі пакрыёма прасоўваюць «грамадскую» рэабілітацыю нацысцкіх калабарантаў. Самы зыркі прыклад сёлета – артыкул Сяргея Ч. пра Уладзіслава К., у 1930-х – аднаго з заснавальнікаў беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, у 1941–43 гг. – рэдактара жудка юдафобскай «Беларускай газэты» ў Мінску. Пісаць пра такога «заўсёды смела і аддана заклікаў свой народ ісці шляхам змагання»… ну, скажам, непрыстойна. Маю спадзеў, што К. і яго аднадумцы не апынуцца ў пантэоне «герояў адраджэння» пасля змены ўлады ў краіне.

Вольф Рубінчык, г. Мінск

15.08.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 16 жнiўня 2016 12:17