На стале стаяла ружа з такім доўгім сцяблом, што яе лёгка можна было ўявіць стралой Амура. Чаму ў Менску прадаюць менавіта такія даўгахвостыя ружы, Сяргей не ведаў.
Ён быў у кавярні, насупраць сядзела яго колішняя аднакурсніца Марыя, а ружа стаяла на століку паміж імі — на вазу расшчодрылася афіцыянтка. Акрамя ружы на стале была кава — эспрэса для Сяргея, латэ-макіята для Марыі.
Яны не бачыліся гадоў з дзесяць пасля заканчэння ўніверсітэта, і з прапановай сустрэцца Марыі затэлефанаваў Сяргей. Інтарэс у яго быў не толькі і не столькі амурны. Сяргей нядаўна ўладкаваўся ў апазіцыйную газету — маладую і таму вастразубую. А Марыя, наколькі ён ведаў, працуе ў апараце Саўміна — на пасадзе не дужа высокай, але ўсё ж такі… Цяпер ён хацеў акуратна распытацца, ці не стане яна для яго крыніцай інфармацыі.
— Я чуў, што замужам ты не затрымалася?
Марыя паправіла свае медна-рудыя валасы і дастала цыгарэту з чорнага пачку Vogue Noire — такую ж стрункую, як і яна сама, няспешна запаліла. Сяргей сам не паліў, але з задавальненнем глядзеў, як гэта робіць яго суразмоўніца. У яе атрымлівалася ствараць сапраўднае шоу: цыгарэта ўзлятала, як чароўная палачка фокусніка, потым дакраналася да кармінавых вуснаў — і зноў завісала ў паветры.
— Не, не затрымалася. Але ж і ты, як мне казалі, нядоўга меў штамп у пашпарце, — голас у яе заставаўся па-ранейшаму звонкім, але раз-пораз прабівалася ў ім хрыпка, быццам нябачная расколіна ў тонкім парцалянавым кубачку.
Сяргей развёў рукамі:
— І я. Як кажуць, не сышліся характарамі.
— Аналагічна, — Марыя іранічна зірнула на былога аднакурсніка. Яна бачыла яго гульню, але не спяшалася падыгрываць. — І як ты цяпер? Дзе ты цяпер?
— Ды так, у адной газеце, — Сяргей махнуў рукой, каб абазначыць няважнасць сваёй працы. — А ты, я чуў, у Саўміне ўладкавалася. Няўжо праўда?
— Пашанцавала, — Марыя шматзначна пасміхнулася, каб суразмоўца не падумаў насамрэч, што справа толькі ў шанцаванні.
Яна яшчэ раз прыклала да вуснаў сваю Vogue Noire.
— Памятаеш нашага выкладчыка, — і яна назвала прозвішча, якое Сяргей прыгадаў з цяжкасцю. — Ён мой сусед па доме. Калі ён перайшоў на працу ў Саўмін, то і мне прапанаваў…
— Цікавая праца?
— Ай, так сабе, — цяпер ужо яна прадэманстравала, што не хоча працягваць гэтую тэму. І раптоўна пераскочыла: — А памятаеш, як ты мне на трэцім курсе ружы падарыў? Яны тады амаль цэлы месяц стаялі!
— За гэтую паручыцца не магу, — з мяккай усмешкай адказаў ён. — Але калі ўлічыць, што яна падобная да цябе — такая ж стройная і прывабная, то і захоўваць сваю прыгажосць яна павінна таксама доўга.
Яго правая рука накрыла яе левую, і позіркі сустрэліся.
* * *
— Грудзі, вядома, малаватыя, але на сілікон я не згодная, — сказала Марыя, калі ён цалаваў смочкі.
— Перастань, у цябе вельмі прыгожыя грудкі, — Сяргей адарваўся і зірнуў ёй у твар. — Гэта вельмі зручна, калі жаночыя грудкі кладуцца ў мужчынскія далоні і не вывальваюцца з іх.
Ён прадэманстраваў гэтую зручнасць, і жанчына задаволена прымружыла вочы.
Ягоныя рукі апусціліся ніжэй.
…Зранку Марыя дастала з шафы цяжкі мужчынскі халат і кінула на ложак каля Сяргея. Пабачыўшы яго скрыўлены твар, пасміхнулася:
— Не бойся, гэта не абноскі ад былога мужа — можаш апранаць, не грэбуючы. Гэта я сабе купіла, бо мужчынскія халаты цяплейшыя… Апранай і прыходзь на кухню, снедаць будзем.
Накручваючы на відэлец макароны, Сяргей прагаварыў:
— Слухай, а ты мне можаш расказаць, калі раптам да цябе трапяць нейкія цікавыя дакументы — пра чыноўнікаў, пра закупкі, пра нейкія кантракты?..
— Не, — неяк адчужана сказала жанчына, запальваючы сваю нязменную Vogue Noire. — Мы з табой увогуле наўрад ці пабачымся. Прынамсі, бліжэйшым часам.
— Чаму? — Сяргей асцярожна паклаў відэлец на край талеркі, нібыта баючыся, што выпадкова разаб’е крохкі посуд.
— Таму што.
Мужчына пачырванеў, але ўсё ж прагаварыў:
— Мне здалося, што ўначы было ўсё добра… Ці я ўсё ж спудлаваў?
— Не, усё было добра, — яна збіла попел. — Я спадзяюся, што і надалей усё будзе добра.
Потым жанчына рэзка і жорстка зірнула яму ў вочы:
— Мне патрэбнае толькі дзіцё. А мужчына ў доме не патрэбны — двух дзяцей я дагледзець не падужаю… Так што даядай свой сняданак і будзем развітвацца.
Чамусьці макароны ніяк не ўдавалася пракаўтнуць, і яны стаялі ў горле даўкім камяком: Сяргей пачуваўся непатрэбным, як выкарыстаны прэзерватыў.
Урэшце нейкім чужым, самому сабе незнаёмым голасам мужчына сказаў:
— А ты ўпэўненая, што ў цябе з першага разу атрымаецца?
— Калі не атрымаецца, я паспрабую з кімсьці іншым. Але ты ў кожным разе не даведаешся, калі і з кім у мяне атрымалася.
* * *
КАМЕНТЫ
ponachka
Ай, нейкая муць. У жыцці такіх гераінь не бывае. Жанчыну ў нас з маленства вучаць шанаваць мужчыну, каб не крыўдзіць ягонае самалюбства. А тут нейкая зласлівая мегера.
лайк дызлайк каментаваць
МачоЎсіхХерачу
Ну во, выратаваўся мужык, жаніцца не давялося. Лічы, пашанцавала!
лайк дызлайк каментаваць
Бог усіх любіць
Дзіўнае ў аўтара ўяўленне пра чалавека: усе навокал імкнуцца выкарыстаць адзін аднаго. Хіба пра гэта павінна пісаць літаратура? Пачытайце класіку — літаратура вучыць людзей пеставаць і гадаваць у сабе найлепшыя якасці: дабрыню, чалавечнасць, веру ў Бога… А тут… Як быццам нейкае гняздо прусакоў.
лайк дызлайк каментаваць
Zarrraza
Вымагае працягу цi якога фiналу. А навошта тут выкладчык? Ён таксама браў удзел у стварэннi патэнцыйнага дзiцяцi i быў пасланы пасля першай ночы? Занадта шмат персанажаў для такога кароткага апавядання.
Разумныя жанчыны так не паступаюць: калi мэта — дзiця, дык варта дачакацца цяжарнасцi, а не пасылаць пасля першай ночы, бо па такiм, нават калi там чарга з самцоў з харошым генафондам, самцы хутка скончацца, прычым без вынiку. Выснова: такi мужчынскiя ўяўленнi пра жанчын з рэальнасцю не супадаюць. Аўтар — фантазёр.
лайк дызлайк каментаваць
Сямёныч
Усе бабы — блядзі, што і патрабавалася даказаць!
лайк дызлайк каментаваць
Lilit
Адразу бачна, што пісаў патрыярхал. Бач, як губу закапыліў — не падабаецца, што жанчына можа мяняць сабе мужыкоў, як пальчаткі. Самі-то скачаце з ложка ў ложак без праблем!
Прывыкайце, даражэнькія, да думкі, што жанчына таксама можа быць гаспадыняй свайго цела. Захоча — пойдзе да іншага, захоча — зробіць аборт.
А ты, Сямёныч, завалі хлябала! (Здаецца, так гэта ў вас кажуць?) Па тваіх словах здалёк бачна блядуна-няўдаліцу.
лайк дызлайк каментаваць
ТолькіZ
Нацыя на мяжы вымірання, у Курапатах пабудавалі кабак на касцях, у людзей страляюць на вуліцах, а вы пішаце, хто з кім пераспаў! Чым вы ўвогуле думаеце, людзі!
лайк дызлайк каментаваць
ФілFuck
Патэнцыял у аўтара, здаецца, ёсць, але тут яшчэ працаваць і працаваць. Гэблем, напілкам — чым заўгодна, але доўга, старанна і настойліва.
Персанажы нейкія кардонныя — паводзіны іх вельмі відавочна рэгулююцца аўтарскай рукой, як лялькі ў тэатры. Дэталі не прапісаныя: ні інтэр’ер кавярні, ні кватэра Марыі… Ды нават колер халата, які Марыя дае свайму каханку!
Карацей, аўтар, перапісвай яшчэ разы тры — потым можаш выстаўляць на публіку.
лайк дызлайк каментаваць
Саня
У мяне пытанне да аўтара: што ты хацеў сказаць гэтым апавяданнем? Якія высновы трэба зрабіць? Хто тут адмоўны, а хто станоўчы персанаж?
лайк дызлайк каментаваць
ЁдаМагістр
Ай, абы-што! Напісалі б лепш фэнтазі або якую-небудзь касмічную сагу.
лайк дызлайк каментаваць
Зміцер Дзядзенка
Апублiкавана 03.03.2021 19:57

