І. Мельнікаў. Яны не захацелі быць паслухмянымі рабамі

Повязь часоу 20-04-2017 Ігар Мельнікаў

Паўстанне ў Варшаўскім гета было адным з найбольш моцных узброеных выступаў грамадзян супраць нацыстаў. Даведзеныя да адчаю людзі замест таго, каб паслухмяна ісці на бойню, выбралі загінуць як салдаты са зброяй у руках.

У красавіку спаўняецца 74 гады Паўстанню. Гэта падзея амаль не даследавалася ў айчыннай гістарыяграфіі, а наша грамадства, мабыць, упершыню даведалася пра тую трагедыю толькі паглядзеўшы выдатны галівудскі фільм Рамана Паланскага «Піяніст». А між тым, гэта тэма патрабуе больш глыбокага даследавання і асэнсавання.

Габрэйскі раён

Да пачатку Другой сусветнай вайны габрэйскае насельніцтва Варшавы складала, па розных падліках, каля 400 тысяч чалавек, прычым большая частка, каля 300 тысяч, жыла ў так званым габрэйскім квартале. У тым жа раёне Варшавы жылі і каля 80 тысяч палякаў. Прадстаўнікі габрэйскай інтэлігенцыі жылі ў іншых раёнах польскай сталіцы. Неўзабаве пасля акупацыі Польшчы па загаду губернатара Ханса Франка палякі, якія пражывалі на тэрыторыі будучага гета, былі адселеныя, а іх месца занялі габрэі з іншых раёнаў Варшавы.

У студзені 1940 года пачалося будаўніцтва муроў, якія аддзялялі гета ад горада. Мяжа габрэйскага квартала праходзіла па вуліцах Велькай, Багно, Плац Гжыбоўскі, Зімна, Плац Банковы, Огруд Красіньскіх, Конвікторска, Стаўкі і г.д. Больш за 400 тысяч чалавек аказаліся адрэзанымі ад знешняга свету. Тэрыторыя гета была падзеленая на тры часткі: першая — рамесная, у другой знаходзілася вялікая фабрыка, што вырабляла шчоткі і пэндзлі, а ў трэцяй знаходзіліся прамысловыя прадпрыемствы і адміністрацыя.

У гета быў створаны «Юдэнрат» (Габрэйскі савет), які складаўся з 24 сябраў, прызначаных нацысцкімі ўладамі з ліку багатых і вядомых варшаўскіх габрэяў. Сядзіба гэтай арганізацыі знаходзілася на вуліцы Гжыбоўскай 26/28, там, дзе да вайны была Управа габрэйскай гміны. У функцыі «Юдэнрата» ўваходзіла камплектаванне «працоўных батальёнаў» і арганізацыя адпраўкі габрэяў у Трэблінку — бліжэйшы да Варшавы лагер масавага знішчэння. Была яшчэ адна рэч, якую сябры «Юдэнрата» рабілі ўжо выключна па ўласнай ініцыятыве: гета літаральна кішэла правакатарамі, ад якіх гестапа атрымлівала інфармацыю аб узнікненні падпольных арганізацый, закупцы зброі і месцах яе захоўвання, аб таемных месцах выхаду з гета ў горад.

                                     Варшаўскае гета

Германская ваенная прамысловасць, што набірала ўсё большы размах, вельмі хутка адчула недахоп у кваліфікаванай рабочай сіле. У той жа час, згодна з рапартамі гестапа, «40 працэнтаў з паўмільёна габрэяў, што знаходзіліся ў гета, — былі рамеснікамі высокай кваліфікацыі». Гаворка ішла пра краўцоў, цесляроў і г.д. Немцы выкарыстоўвалі гэтую бясплатную працоўную сілу.

Гета было перанаселенае. На адзін квадратны кіламетр прыходзілася каля 150 тысяч жыхароў. З пачатку існавання гета і да лета 1942 года ад голаду і хвароб там памерлі каля 100 тысяч чалавек. У кастрычніку 1941 года Ханс Франк выдаў загад расстрэльваць на месцы кожнага габрэя, які трапіць у рукі нямецкіх уладаў па-за межамі гета. А таксама кожнага паляка, які будзе ратаваць ці хаваць габрэя.

                    Аб’ява акупацыйных уладаў для жыхароў гета

Неўзабаве рэйхсфюрэр Гімлер аддаў загад «ачысціць Варшаўскае гета». Першая дэпартацыя ў Трэблінку адбылася ў ліпені 1942 года. Каб падмануць габрэяў, нацысты развешвалі на тэрыторыі гета ўлёткі, у якіх інфармавалі, што вываз людзей ажыццяўляецца дзеля таго, каб палепшыць іх жыллёвы стан. Спачатку вывозілі старых і дзяцей, а потым узяліся і за іншых. Да сакавіка 1943 года ў гета засталося каля 55 тысяч чалавек.

Падрыхтоўка да паўстання

Жыхары гета хутка зразумелі, што нацысты адпраўляюць габрэйскае насельніцтва на смерць, таму сярод прадстаўнікоў розных падпольных арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі гета, стаў выспяваць план узброенага выступу супраць нацыстаў. Большасць сучасных еўрапейскіх гісторыкаў падкрэслівае, што, у адрозненні ад палякаў, якія ўзнялі ў 1944 годзе Варшаўскае паўстанне і якія пры акрэсленых абставінах мелі шансы на перамогу, габрэйскае ўзброенае выступленне было асуджана на правал. Аднак сэнс паўстання ў гета заключаўся ў дэманстрацыі мужнасці людзей, якія кінулі выклік смерці.

Дарэчы, спробы ўзброенага выступу супраць нацыстаў рыхтаваліся і ў гета, размешчаных на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Напрыклад, лідары моладзевых сіянісцкіх падпольных арганізацый Віленскага гета ў 1942 годзе звярнуліся да габрэяў з заклікам, у якім былі словы: «Гітлер плануе знішчыць усіх еўрапейскіх габрэяў. Мы не быдла, якое вядуць на бойню. Трэба змагацца. Лепей загінуць у баі». Тое ж самае адбывалася і ўБеластоцкім гета. І калі ў Вільні ўзброенага выступу так і не адбылося, то ў Беластоку ў лютым 1943 года габрэі ажыццявілі напад на аддзелы СС. Некаторым паўстанцам удалося прабіцца ў лясы і далучыцца да польскіх партызан. Узброеныя выступленні габрэяў адбываліся таксама ў гета ў Брэсце, Браславе, Нясвіжы іКобрыне.

                     Габрэйская паліцыя ў гета

Што ж тычыцца Варшаўскага гета, то галоўную ролю ў падрыхтоўцы паўстання там адыграў «Габрэйскі вайсковы саюз» (ГВС). Варта падкрэсліць, што рыхтаваліся да паўстання і пракамуністычныя падпольныя групы, але ў 1942 годзе большасць з іх была ліквідавана гестапа. У сваю чаргу, ГВС перад пачаткам паўстання ў красавіку 1943 года меў на тэрыторыі гета каля пяцісот падрыхтаваных і ўзброеных байцоў. Армія Краёванакіравала ў гета 4 ручныя кулямёты, 15 аўтаматаў, 50 пісталетаў, 300 гранат. Акрамя гэтага, жыхары гета куплялі зброю ў варшавян. На тэрыторыі гета дзейнічала і іншая падпольная структура — «Габрэйская баявая арганізацыя» (ГБА), у складзе якой было таксама каля 500 сяброў. ГВС перадало ГБА частку зброі і амуніцыі. Тэрыторыя гета была падзелена на дзве баявыя акругі.

Бой за гонар народа

19 красавіка 1943 года нямецкія часткі пры падтрымцы бронетэхнікі, а таксама дапаможных украінскіх і латышскіх падраздзяленняў накіраваліся ў Варшаўскае гета. На гэты дзень была прызначана канчатковая ліквідацыя гета і вываз яго насельніцтва ў лагеры смерці. Але як толькі першыя часткі СС увайшлі на тэрыторыю габрэйскага раёна, на іх пасыпаўся град куль. Вось як тыя падзеі апісваў брыгадэфюрэр СС Юрген Штроп: «З усіх вокнаў і падвалаў стралялі так моцна, што цяжка было падняць галаву, каб заўважыць, адкуль вядзецца стральба. Узарваўся бранявік. Гранаты і бутэлькі з запальнай сумессю затрымлівалі рух. У некаторых месцах мы былі вымушаны ўжываць зянітную гармату. […] Сярод паўстанцаў былі не толькі мужчыны, але і жанчыны».

   Афіцеры СС ў гета

Хутка на адным з дамоў на вуліцы Мураноўскай былі вывешаны бела-блакітны і бела-чырвоны сцягі. Габрэйскіх паўстанцаў падтрымалі байцы Арміі Краёвай пад камандаваннем маёра Хенрыка Іваньскага. Але што маглі зрабіць слаба ўзброеныя жыхары гета супраць рэгулярнага войска…

Калабарацыяністы забіваюць яўрэяў у Варшаўскім гета

8 мая 1943 года немцы захапілі штаб-кватэру ГБА. У ноч з 13 на 14 мая ў небе над Варшавай паказаліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, якія скінулі бомбы на казармы войск СС. Падчас бамбардзіроўкі частка паўстанцаў прарвалася з гета. 16 мая нацысты афіцыйна абвясцілі аб заканчэнні акцыі па знішчэнню Варшаўскага гета. Аднак малыя атрады паўстанцаў змагаліся ў развалінах да ліпеня. Усяго ў баявых дзеяннях загінула каля тысячы абаронцаў гета. Яшчэ 5 тысяч згарэлі ў агні. Немцы, па розных падліках, страцілі некалькі дзясяткаў забітымі і параненымі.

                                 Паўстанец у руінах

Адзін з удзельнікаў паўстання Арыя Вільнэр пісаў: «Мы не збіраемся ратаваць сябе. З нас ніхто не выжыве. Мы хочам уратаваць гонар народа». Да гэтага цяжка нешта дадаць. Памяць пра тыя падзеі павінна жыць у стагоддзях.

                     Дом у Варшаве на тэрыторыі гета

Арыгiнал

Апублiкавана 20.04.2017  21:17