ВЕРА І ПЕРАМОГА ПІНХАСА ЦЫНМАНА

  1. ПІНХАС ЦЫНМАН ЗДЫМАЕ КАПЯЛЮШ (+АЎДЫЁ)

Ён набыў першую гітару у Нью-Ёрку, першы публічны посьпех зьведаў у Тэль-Авіве, а жыве і працуе ў Пінску. Пінхас Цынман дэбютуе ў чарце на Tuzin.fm зь песьняй «Дзякуй Б-гу».

Пінхас Цынман спалучае ў сваёй творчасьці рокавы біт, тонкія й шчымлівыя настроі традыцыйнай аўтарскай песьні, слабыя долі рэгі ды экспрэсію гіп-гопу і рагамафін. Для яго не зьяўляецца праблемай, як выступаць — самому з гітараю ці з бэндам музыкаў. І ў тым, і ў тым выглядзе можна атрымаць усю гамму адчуваньняў ад ягоных вясёлых, часам трохі сумных, часам іранічных, часам філязофскіх твораў. Народжаны ў Менску, сваю першую гітару ён набыў у Нью-Ёрку, а першы публічны посьпех зьведаў на тэлешоў у Тэль-Авіве. Тым ня менш, Пінхас абраў месцам свайго жыцьця ды існаваньня невялікі беларускі горад Пінск, дзе выхоўвае з жонкай двух дзяцей ды займаецца справамі мясцовай габрэйскай суполкі. Публічна выканаўца пачаў выступаць ня так даўно, але пляны ў яго вялікія — цяпер ідзе працэс фармаваньня поўнага канцэртнага складу групы. Пінхас Цынман выконвае свае аўтарскія творы на іўрыце, ангельскай, расейскай ды беларускай мовах. Таксама ён можа засьпяваць і традыцыйныя народныя габрэйскія песьні й нігуны, а ў якасьці кавэр-вэрсіяў можна часам пачуць у ягоным выкананьні колькі твораў з рэпэртуару ягонага фактычна старэйшага брата — таксама рэлігійнага габрэя, што спазнаў сусьветную камэрцыйную славу — Матасіяху. Сам Пінхас да сусьветнай славы не імкнецца, але нядаўна зладзіў тур па Расеі, Украіне, Ізраілю ды ЗША.

У чарце на Tuzin.fm Пінхас прадстаўляе свой новы твор, пад назвай «Дзякуй Б-гу!». «Чалавек мусіць быць удзячны. Ня толькі за нешта добрае, што нехта яму зрабіў. А найперш за дараваньне жыцьця, магчымасьць мець, што патрэбна, і магчымасьць дасягнуць таго, чаго хочацца», — так прадстаўляе песьню выканаўца. У запісе гэтай кампазыцыі ўзялі ўдзел вядомыя беларускія музыкі…

Слухаць на Soundcloud

Пінхас Цынман — Дзякуй Б-гу! (музыка і словы аўтара).

Я пачынаю свой дзень надта рана

Хутка ўстаю, чышчу зубы, п’ю каву

Зарадку зрабіць мне зусім нескладана

у добрым настроі штосьці сьпяваю

Усе атрымаў у жыцьці, што жадаў

У парку аднойчы я разважаў

І голас старога тут раптам спытаў:

Ці дзякуй я Б-гу за гэта сказаў

Пр.

Дзякуй Б-гу, што нясуць мяне ногі

За тое, што вядзе праз усе перашкоды

Мог я блукаць усё жыцьцё па дарогах

Дзякую Б-гу я за дапамогу!

І не пасьпеў я назад азірнуцца —

Зьнік той стары, пустой была вуліца

Можа позна заснуў, можа рана прачнуўся,

Можа стаміўся, ці проста пачулася?

Час праляцеў, але ж я ўспамінаў

Доўга яшчэ, што дзядуля спытаў.

Ды кожны раз, калі ранкам устаю

Б-гу вялікі свой дзякуй кажу!

* * *

Пінхас Цынман: вакал, тэкст, музыка. Сяргей Канановіч: аранжыроўка, гітары, бас. Зьміцер Харытановіч: бубны. Аляксандар Памідораў: вакал. Аляксандар «Рыба» Хаўкін: прадзюсаваньне, аранжыроўка, запіс, midi, звядзеньне. Сяргей «Szloma» Лабандзіеўскі: майстарынг. Студыі «RybaRecords» і «Stinger».

Паводле tuzin.fm, 18.10.2016

  1. ПІНХАС ЦЫНМАН: «САМАБЫТНАСЬЦЬ НАЦЫІ ЗАХОЎВАЕ МОВА»

З вынікам у 561 голас Пінхас Цынман зь песьняй «Дзякуй Б-гу» стаў пераможцам у другім туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. Музыка зь Пінску распавёў пра сваё стаўленьне да рэйтынгаў, супернікаў і паразважаў пра габрэйскую і беларускую самабытнасьць.

Хачу пачаць з таго, што перамагаць заўсёды прыемна. А ў дадзеным выпадку гэта супольная перамога ўсіх, хто за мяне галасаваў. Ня буду хлусіць — я прыцягнуў шмат сваіх сяброў ды знаёмых. Сярод іх былі і тыя, каму здаўна падабаецца мая творчасьць, і тыя, хто пазнаёміўся зь ёй упершыню. Часьцяком яны ж выказваліся і наконт песень маіх сапернікаў. І даволі часта — даволі прыязна. Дапамагаў мой брат, які таксама прасіў шмат сваіх сяброў. Па якасьці былі і лепш за мяне, але ж кожны меў права папрасіць сяброў прагаласаваць.

Канечне, я сам галасаваў і слухаў песьні з чарту. Мне было цікава пазнаёміцца з творчасьцю розных беларускіх выканаўцаў. Шмат пра каго я чуў і раней, пра некаторых даведаўся толькі дзякуючы «Тузіну». Так сталася, што за першае месца мы змагаліся з гуртом «Голая Манашка», назва якога мне знаёмая здаўна. Фёдар Жывалеўскі быў сур’ёзным кандыдатам на перамогу ў гэтым туры. Да таго ж, ён перамог у папярэднім. Мне было цікава дазнацца пра ягоную творчую асобу і музычныя амбіцыі. Шмат у чым я зь ім згодны. Ня важна, які стыль ты абраў. Важна, каб твор меў сэнс, тое, што ты хочаш перадаць, распавесьці людзям. Рэйтынгі тут не заўсёды дадуць аб’ектыўную адзнаку. Але я лічу, што галоўнае — гэта імкнуцца заявіць пра сябе. Бяз гэтага складана займець сваю аўдыторыю. Мне здаецца, што ў гэтым чарце ішла барацьба нашых прыхільнікаў ды знаёмых. А пераможцу вызначыў час заканчэньня галасаваньня.

У апошніх клясах школы я сур’ёзна зацікавіўся беларускамоўнай музыкай. Слухаў N.R.M., памятаю набыў дыск «Народнага Альбому», што стаўся адным зь першых дыскаў маёй беларускай калекцыі. Я нарадзіўся і вырас у Менску. Зь дзяцінства засвоіў важную рэч. Абапіраючыся на гісторыю габрэйскага народу, можна зрабіць выснову, што самабытнасьць нацыі захоўвае яе мова. Я беларускі габрэй, і шчыра кажучы, вельмі рады таму, што нарадзіўся ў Беларусі. Можа гэта і падштурхнула мяне да беларускай мовы. Падзякаваць хачу сваёй школьнай настаўніцы беларускай мовы, Алене Аляксандраўне Восіпавай.

Цяпер я са сваёй творчай камандай, у складзе Аляксандра Хаўкіна, Сяргея Канановіча і майго добрага сябры і дарадцы, асабліва ў галіне беларускай мовы, Аляксандра Памідорава, рыхтуем да выданьня мой першы альбом. Назву пакуль трымаю пад таямніцай.

Вельмі хацеў як мага часьцей удзельнічаць у розных фестывалях, як на Беларусі, гэтак і ў іншых краінах. Спадзяюся, дзякуючы tuzin.fm у мяне цяпер зьявіцца больш магчымасьцяў, каб дамагчыся сваіх мэтаў. У мяне ёсьць натуральнае жаданьне, як і ва ўсіх творчых асобаў, дзяліцца творчасьцю зь людзьмі, каб цябе пачулі. Акрамя ўсяго, мая творчасьць нясе асобнае пасланьне — усьведамленьне свайго месца ў гэтым сьвеце, ды асобная падзяку Б-гу за тыя даброты, што ён нам шчыра дае.

Асобныя падзякі ўсім сябрам і прыхільнікам зь Пінску, Менску, Ізраілю, а таксама дзякуй маім украінскім сябрам. Дзякуй Б-гу і вам!

Пінхас Цынман, tuzin.fm, лістапад 2016 г.

Апублiкавана 12.01.2017  20:48

 

Leave a Reply