В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (52)

Lectori benevolo salutem! Чытайце, каму не надакучыла… 21.04.2017 «Вялікае беларускае шчасце» (формулу запазычыў у архівіста-бахаіста Пятра Рэзванава) выканала чарговы неаднагадзінны маналог. Паколькі перлаў 80-га ўзроўню тыпу «я ж прасіў яўрэяў узяць пад кантроль» і «Зісера не можам нармалізаваць», як у 2015 г., не прагучала, а перавод стрэлак на хакеістаў, школьныя сталовыя, аўтараў падручнікаў, заходніх палітыкаў ды інш. даўно надакучыў, не стану і двух абзацаў прысвячаць гэтай «лёсаноснай падзеі». Хто ахвотны да прыколаў, ідзіце туды або сюды.

Куды цікавейшая выявілася праграма «Вольная Беларусь», прэзентаваная прыкладна ў той жа час (надрукаваная тыражом 300 экз., а ў сеціве даступная ўсім і кожнаму; праўда, у адрасе ёсць фрэйдысцкая агаворка, «Bolnaja_Bielarus» :)) Тэкст кніжачкі на 72 старонкі завяршаецца фразай «Чалавецтва жыве сучаснасьцю, але будучыня заўсёды будзе» (хто б сумняваўся…) Аўтары і ўкладальнікі: Зянон Пазняк, Павел Усаў, Сяргей Папкоў, Юрый Беленькі, Павел Мірановіч, Лявон Баршчэўскі, Юры Цехановіч, Мікалай Крыжаноўскі. Сярод гэтых рупліўцаў пра будучыню – пяць былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі (1990–1995); прынамсі некаторыя з іх дагэтуль уважаюць сябе за палітыкаў, больш ці менш абгрунтавана. Кіраўніком у іх – натуральна, сам Зянон.

Абстрагуючыся ад зместу, які прэтэндуе на ахоп ледзь не ўсіх сфер жыцця ў «новай Беларусі», скажу адразу, што задума сама па сабе мне падабаецца. Грамадства дагэтуль жыве збольшага «ад авансу да палучкі» або «ад пенсіі да пенсіі» (гэта не супярэчыць таму, што я пісаў раней пра наяўнасць годнасці ў бальшыні беларусаў, нават не спрабуйце падлавіць), і важна, каб яно хоць калі-некалі зазірала за далягляд. Cапраўды, жыхары краіны заслугоўваюць лепшай долі; нават утапічныя праекты, якія падштурхоўваюць да роздумаў, памысныя ў гэтым плане.

«Народная Праграма “Вольная Беларусь”» мала чым нагадвае партыйную і прызначана, як падкрэсліваюць аўтары, «для выкарыстаньня будучым Тымчасовым ці Пераходным Урадам дзяржавы альбо іншым палітычным утварэньнем, якое пасьля ліквідацыі антынароднага рэжыму возьме на сябе адказнасьць за лёс і будучыню Рэспублікі Беларусь». Можа, не ўсе заўважылі, але Зянон П., узяўшы на сябе адказнасць за гэтую праграму, як бы распісаўся ў тым, што не з’яўляецца ўжо дзеючым палітыкам: сёлета ва ўзросце 73 гадоў ён перайшоў на «лаву запасных», у разрад экспертаў. Іншымі словамі, пасля 21 года на эміграцыі ён імкнецца хутчэй да канцэптуальнай, чым да рэальнай улады, што і зразумела, і «панятна».

Даўні апанент Пазняка Аляксандр Бур’як – мізантрапічны, аднак зусім не дурны блогер – пісаў так:

Канцэптуальная ўлада можа бачыцца і/або фігураваць як галіна ўлады ў сістэме падзелу ўладаў (на выканаўчую, заканадаўчую, судовую…) або як вышэйшая форма ўлады… Праз тое, што канцэптуальная ўлада не ўвайшла ў свой час (XVIII стагоддзе) у класічную тройку галін улады, не атрымала яўнага фармальнага статусу ў якасці важнай разнавіднасці ўладнай дзейнасці, не зафіксавалася ў менталітэце, мы зараз мае такія праблемы, як дэінтэлектуалізацыя, абсурдызацыя, нізкі канцэптуальны ўзровень дзяржаўнай палітыкі, павышэнне пагрозы глабальнай катастрофы прыродакарыстання.

Рацыянальнае зерне ў гэтых развагах, безумоўна, прысутнічае.

Зянон і раней пісаў «канцэптуальныя» кнігі, часам – якасныя, часам – не вельмі, аднак упершыню гэтак падрабязна расказаў публіцы пра пажаданае, адмаўляючыся ад манаполіі на ідэі, не абмяжоўваючыся колам КХП-БНФ… Тлумачэнне тут можа быць простае. Пазняка прыхільнікі перамен чакалі ў Беларусі перад «выбарамі» 2001 г., 2006 г., 2010 г., дый нават у 2012 г., пасля серыі скандальных інтэрв’ю пра «грошы апазіцыі» са спасылкай на «крыніцы ў КДБ». Маўляў, «Трамп Пазняк прыйдзе – парадак навядзе». У 2015 г. яго ўжо мала хто чакаў – актывісты расчараваліся ў словах, за якімі не стаялі ўчынкі.

У траўні 2016 г. паплечнік Зянона па эміграцыі (таксама ўцёк у 1996 г.) намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Н. з’ездзіў на «разведку» ў Мінск. Потым Н., відаць, далажыў «каму трэба», што няма перадумоў для рэалізацыі «Віленскага мемарандуму», падпісанага аж у лістападзе 2012 г. для чарговага «яднання апазіцыі», і неабходна шукаць новыя шляхі. Яму падказалі падзяліцца рэшткамі аўтарытэта з будучым «пераходным урадам» – так і з’явіўся новы «маніфест беларускага нацыяналізму».

Па сутнасці, праграма Пазняка і кампаніі змяшчае шэраг здаровых пажаданняў кшталту: «урад і ўлада Беларусі мусілі б прыкласьці максімум ініцыятывы, энэргіі і працы дзеля стварэньня Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці Беларусі, Украіны, Латвіі і Летувы» (ці ж не пра тое гаварылася ў «Катлетах з мухамі» тры месяцы таму?), але таксама – ідэі наіўныя ды супярэчлівыя. Напрыклад: «Канцэпцыя стварэньня эфэктыўнага, дзейнага Беларускага войска і рэзэрвовай арміі будзе ўлічваць падыходы і вопыт структурнай пабудовы іншых арміяў сьвету (найперш Швайцарыі і Ізраіля)». Дык Швейцарыі, якая дзвесце гадоў не ваявала (выдаткі на абарону – менш за 1% ад валавага ўнутранага прадукта), ці ўсё ж Ізраіля, уцягнутага ў войны з моманту стварэння (выдаткі – 5-6% ад ВУП)?

У рыторыцы многіх беларускіх нацыяналістаў з 1990-х прысутнічае заклік браць прыклад з ізраільскіх яўрэяў – маўляў, яны мову адрадзілі, ад суседзяў адбіліся… Між тым Ганна Сурмач (якая таксама прыклала руку да «народнай праграмы») тады сама перасцерагала: «Сіянісцкі рух мае свае нацыянальныя інтарэсы, але іх прырода занадта адрознай ад беларускай… Сіянісцкі рух адлюстроўвае інтарэсы нацыі, якая рассеяна па свеце і якая толькі з 1947 года атрымала кавалак зямлі, на якім змагла стварыць сваю дзяржаву. У нас жа зусім іншая сітуацыя. Мы здавён мелі сваю тэрыторыю і дзяржаўнасць і страцілі апошнюю толькі на працягу двух стагоддзяў» (паводле зборніка Ю. Залоскі «Версіі», 1995). Зрэшты, асаблівай ізраілефіліі ў праграме 2017 г. няма. Прапаноўваецца «наладжваць эканамічныя стасункі» з самымі рознымі краінамі, у тым ліку «Ізраілем, Саудаўскай Арабіяй, Іранам». Як гэтыя кірункі спалучыць на практыцы, калі будзе гаворка пра маштабныя гешэфты, няясна. Беларусь замірыць Ізраіль з Іранам?

Цяжка адказаць, ці разлічана кніжачка перадусім на (патэнцыйных) спонсараў па-за межамі «сінявокай», або ўсё ж на тутэйшыя эліты. Калі слушны другі варыянт, то падзіўляе: а) тарашкевіца – амаль 10 гадоў таму яна была пераведзена ў катэгорыю экзотыкі, і сёлета адрасаваць выпускнікам беларускіх універсітэтаў «тарашкевічныя» тэксты – прыкладна тое, што пісаць па-руску з «яцямі» ды «ерамі» дзесьці ў 1927 г.; б) колькасць памылак друку (відаць, Лявон Баршчэўскі вычытваў праграму «на каленцы», у перапынку паміж некалькімі сваімі работамі).

Так ці іначай, праграму тэзісна перадрукавалі найбуйнейшыя электронныя выданні Беларусі, у тым ліку tut.by. Ледзь не рэкордны аб’ём каментаў (на 15:05 23.04.2017 – 2022!) сведчыць пра тое, што народ ссумаваўся па свежых ідэях – або тым, што выглядае як «свяжак» (папраўдзе, многае ў «Вольнай Беларусі» перагукаецца з канцэпцыямі БНФ 25-гадовай даўніны). Прынамсі публікацыя мае псіхатэрапеўтычны эфект: дагэтуль, нягледзячы на перамены да лепшага ў апошнія месяцы, мала хто ведае, куды рухацца, што правакуе песімізм у апанентаў «рэжыму». На фоне традыцыйнага самаедства па-беларуску (падчас апытання ад 09.03.2017 «На што Вы збіраецеся жыць у старасці?» звыш 38% адказалі «Думаю, да старасці не дажыву») канцэптуальная пустэча і пазёрства некаторых дзеячаў «апаізіцыі» не можа не насцярожваць. Паціснуў плячыма ад дзвюх навін пра Вольгу К…

Карацей, на сваёй пляцоўцы Зянон Станіслававіч папрацаваў нямарна, як бы я да яго ні ставіўся – а стаўлюся надзвычай скептычна з розных прычын (гераізацыя Пазняком Булак-Балаховіча, «наезд» на нябожчыка Булахава, скажэнне гісторыі Халакосту…) З другога боку, мне ўсё адно будуць бліжэйшыя тыя, хто побач, хто кудысьці-там-заклікае і дае парады не з «прыўкраснага далёка». Магчыма, Павел Севярынец, Валерый Шчукін або Юрый Шульган – не надта ўмелыя палітыкі, але я жыву з імі ў адным горадзе (нават у адным раёне), хаджу ў тыя самыя крамы… Яны хаця б застаюцца ў курсе лакальных праблем і дзеляць са мною адказнасць за лёс краіны.

Агулам жа ад мясцовага «палітыкуму» стаміўся; лягчэй жылося ў 2011–2014 гг., калі назіраў за ім толькі краем вока. Ды што паробіш, калі, як выпускнік франка-беларускага факультэта ЕГУ, 17 год таму атрымаў сертыфікат міжнароднага значэння?

Хоцькі-няхоцькі даводзіцца трымаць сябе ў форме, час ад часу практыкавацца на кошках на відных дзеячах беларускага адраджэння. Дзякуй і тым каментатарам з «Радыё Свабода», якія звяртаюцца да мяне з мілымі ўшчуваннямі, не дазваляючы «ўпасці ў спячку»: «Вы пастаянна ўводзіце людзей у зман. Гэта адбываецца выключна па адной прычыне – не валодаеце пытаньнямі па тых праблемах па якіх узяліся выказвацца. Здаецца, што шахматы – гэта самы даступны і бескрыўдны для вас занятак» (16.04.2017). Атрымліваючы такую рэакцыю, лішні раз пераконваешся, што правільнай дарогай крочым, таварышы…

У той жа час усведамляю, што для публікі я такі ж «блазен і цыркач», як i замежныя дабрадзеі. Што значная частка, калі не большасць, чытаючы пра палітыку, зверне ўвагу ў першую чаргу на прозвішча (Шрайбман, Рубінчык…), а сэнс напісанага адыйдзе ў іх на другі план. Чаго вартая «народная падтрымка» такога «мудрага» камента на тутбаі (арфаграфія аўтара захаваная): «Государство это територия на которой проживает определенный этнос и каторый должен быть представлен в руководящих и управляющих структурах. И запомните никакой Грузин еврей поляк находясь в руководстве на генетическом уровне не будет беспокоится о белорусе и его земле и это истина. Что мы и сейчас наблюдаем» (21.04.2017, +81-12). Але ў тым і фішка, што не для большасці пішу – галоўным чынам, для сябе. «Сам сабе рэжысёр» і крытык 🙂

* * *

Экскурсіі па яўрэйскіх мясцінах у рамках «Фэсту экскурсаводаў» гэтай вясной ладзяцца не толькі ў Мінску: у Гродне, напрыклад, такую экскурсію распрацаваў гісторык Андрэй Чарнякевіч («Габрэі Гародні: суседзі і ахвяры»), у Віцебску сёння пераняла эстафету Юлія Пухавіцкая («Яўрэйская спадчына Віцебска»). А вось і іншая на 100% добрая навіна: экс-міністр фінансаў Германіі, стаміўшыся ад трагікамедыі ва Украіне (да 2015 г. ён добрасумленна шукаў для краіны грошы), у 70 гадоў стаў комікам і выправіўся ў турнэ. Наводзіць на аптымістычныя думкі аб тым, што і «Вялікае беларускае шчасце» будзе куды прыстроіць на пенсіі… І няўжо нехта яшчэ наважыцца дакараць тутэйшага акцёра Яўгена Крыжаноўскага тым, што ён «лезе ў палітыку»? 🙂

Вольф Рубінчык, г. Мінск

23.04.2017

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублікавана 24.04.2017  12:38

Leave a Reply