Tag Archives: Замок Стефана Батория

Обращение жителей Дисны к министру культуры Беларуси (2)

Адкрыты ліст Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Бондару Юрыю Паўлавічу

ЖЫЛЬЦАМ  АД  РАБОТНIКАЎ  ЖЭКУ

Куры перадохлі –

дасылайце новы тэлескоп!

Аркадзь Райкін (мініяцюра Міхаіла Жванецкага)

На наш папярэдні зварот, шаноўны Юрый Паўлавіч, у кастрычніку 2018г. ад Вашага імя адказваў спадар А.А.Яцко. Але ж сёння ў спісе кіраўніцтва Міністэрства культуры гэта імя не значыцца. І ўжо адзін гэты факт не можа не насцярожваць! Яшчэ больш трывожная сітуацыя ў адказчыкаў з Віцебскага аблвыканкама – там нават не захавалася ўпраўленне, у якое мы раней звярталіся. Ды яшчэ, як высветлілася, сам спадар Д.В.Юрчак зусім “не занимал должность начальника… и не был наделён правом от своего имени рассматривать… и принимать решения.” Што ты скажаш, – поўная імпатэнтнасць!.. А мы так хацелі менавіта яго абцяжарыць нашай праблемай! І хто без яго, адзінага ў свеце, зможа нам цяпер дапамагчы? …А гады ўсё йдуць! І складаецца ўражанне, што ўсю нашу ідэю культурна-гістарычнага адраджэння малой радзімы – некалі “лепшага горада Віленскай губерні”, па выснове Віцэ-старшыні Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, ганаровага члена Імператарскай Акадэміі навук і Акадэміі мастацтваў П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага, а сёння – проста найменшага горада краіны – пераследуе нейкі злы рок.

І ўсё ж сапраўды, каму патрэбна гэтая, як у картачнай калодзе, ператасоўка кадраў? Вунь галава дзяржавы сядзіць на адным крэсле ўжо чвэрць стагоддзя, дык хоць будзе з каго за ўсё спытаць, калі, скажам, дзяржава ўрэшце страціць незалежнасць!.. Нашто праводзіць рэфармаванні аддзелаў? Каб стварыць больш пасад, ды знізіць адказнасць супрацоўнікаў? А можа, каб стала прасцей, як кажуць паляўнічыя, блытаць сляды і хаваць “канцы ў ваду” ад простых смяротных?! І гэта – наша першае пытанне да Вас, спадар Міністр. Ці гэта – не Ваша кампетэнцыя?

Пойдзем далей. Нагадаем, што пасля таго, як з маўклівай згоды дзісненскай улады пад сцягам “Дисна – город устойчивого развития” ў нас былі знішчаны амаль усе прадпрыемствы і пачалі знікаць цікавейшыя сацыяльныя аб’екты мінулых часоў, мы – жыхары горада Дзісны – ў 2016 г. звярнуліся ў Віцебскі аблвыканкам з прапановай аб ахове архітэктурнай спадчыны горада, шляхам надання яго захаваўшымся пакуль яшчэ збудаванням статусу гістарычнай каштоўнасці. Самі абралі, пералічылі і даслалі спіс нашых асаблівых будынкаў. Летам таго ж года прыйшоў адказ, што па выніках даследвання “з выездам на месца” камісія ў складзе спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, кандыдата гістарычных навук Юрчака Д.В., загадчыка кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М.Машэрава Дулава А.М. і загадчыка кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі РІВШ Шымуковіча С.Ф. накіравала ў Міністэрства культуры прапанову аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь “Гісторыка-культурнага цэнтра г.Дзісны” і “Замка Стэфана Батуры”.

Чаму менавіта так павярнулі нашу ідэю кампетэнтныя асобы, нам невядома. Мы прасілі за асобныя дамы, якім патрабуецца першачарговая ахова дзяржавы, ды вучоныя мужы, мусіць, мысляць шырэй, яны пачалі размову аб цэлым гістарычным цэнтры месца (ніхто, на жаль, і сёння не патлумачыў, якімі межамі яны яго акрэслілі) і нават аб неіснуючым Дзісненскім замку. Але нездарма ж народная мудрасць абвяшчае: “Ці то вам да каляды ў хаце поўнае бяды”! Дый аб тым, што цэнтр места Дзісна, на здзіўленне ўсім, захаваў гістарычную планіроўку вуліц, якую пацвярджае знакамітая мапа Хедемана XVI стагоддзя, ведае сёння ў Дзісне кожны школьнік. А кожны зацікаўлены дзісненец дакладна ведае, што пра Дзісну яшчэ ў 1986 годзе ў сваёй кнізе “Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии” вядомы даследчык У.А.Чантурыя пісаў: “у культурнай спадчыне горада адмысловую каштоўнасць набывае менавіта “сістэма планіроўкі вуліц”.

Але зноў жа – савецкая ўлада з задавальненнем руйнавала цэрквы і касцёлы. Цяперашняя мясцовая – перанакіравалася на ўсе астатнія збудаванні!.. Дык хіба нам зараз да захавання планіроўкі, калі мы не можам зберагчы нават асобныя дамы! Таму ў нашым папярэднім звароце мы і пісалі, што не разумеем, як могуць захавацца вуліцы, калі не захаваецца дамоў!

І адкажыце, усё ж такі, калі нашым гістарычным вуліцам вернуць іх гістарычныя імёны? Наогул, як могуць праспекты быць незалежнымі, калі вуліцы належаць акупантам?! Можа, у Вашага былога намесніка А.А.Яцко праблемы са зрокам ці з мысленнем: ён ці то не заўважыў наша пытанне ў мінулым лісце, ці то не зразумеў яго актуальнасці? Дык можам дадаць яшчэ: гісторыя апошніх ста гадоў Дзісны з’яўляецца найлепшай ілюстрацыяй – лакмусавай паперкай – сутнасці савецкай улады. За гады яе панавання горад з найлепшага на Віленшчыне, а значыць, бадай, і ва ўсёй Беларусі, стаў найгоршым – “паміраючым”! Якія вам яшчэ патрэбны доказы? Якой цвердалобасці патрэбны дадатковыя перакананні? Калі вы, гегемоны культуры, зразумееце, што бальшавіцкай дрэні – разбуральнікам краіны і знішчальнікам нацыі – ніяк не месца на шыльдах нашых вуліц?! Вось такое другое пытанне.

Так што, чытайце, калі ласка, нашыя звароты ўважліва, не даручайце ўласную справу нейкім эфемерным прывідам! Галоўнае, аб чым мы прасілі ў папярэднім лісце – дапамагчы захаваць хаця б два будынкі. І які мы атрымалі, вобразна кажучы, адказ ад Міністэрства-аблвыканкама: “Жильцам от работников ЖЭКа: куры передохли – высылайте новый телескоп”!..

Трэба, праўда, аддаць належнае – нашы кандыдаты навук, мусіць, нарэшце пачалі разумець: “Якія тут святкі, калі лупяць падаткі”! На трэці год вывучэння праблемы яны ўжо загаварылі, што “включение исторического центра как памятника градостроительства требует серьёзного исторического обоснования, включая проведение историко-библиографических, архивных и археологических исследований с привлечением сторонних экспертов, а следовательно, значительных финансовых затрат, повлечёт удорожание строительных и проектных работ на территории значительной части города…”

Тут хацелася б запытаць асобна. А ці ведаеце Вы, спадар міністр, хоць адзін горад у свеце, дзе б яго гістарычная частка была б яшчэ і “значнай” яго часткай?! З другога боку, калі нават і так: горад – спыніўся ў сваім развіцці ў нейкай антычнасці, ці сярэднявеччы! Дык, калі гэдак меркаваць аб Дзісне, тады надзяліце яе адпаведным статусам цалкам, накшталт італійскіх Пампей, ці французскага Каркасона! Адкажыце за свае словы, спадары навукоўцы, спадары службоўцы! І гэта наша трэцяе пытанне да Вас, спадар Міністр.

…Ды вось, вуснамі спадара Г.Ф.Баркевіча, нашыя “спецыялісты” нечакана робяць “ветлівую” заяву: “Наиболее приемлемым видится включение в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь ОТДЕЛЬНЫХ ОБЪЕКТОВ (вылучана мною) в г.Дисна”… Прабачце, дык пра тое мы ўжо вам і казалі тры гады таму! І што цяпер: “Эта песня хороша – начинай сначала”!.. “Высылайте новый телескоп”?..

Але ж найвялікшае абурэнне ў дзісненцаў выклікае яшчэ не гэта, а тое, што нашу праблему прапануюць вырашаць тым, хто яе і стварыў! Прасцей кажучы, ваўкам прапануюць сцерагчы авечак! Не верыце – цытуем: “Сохранение сохранившейся исторической планировки и застройки города предусмотрено “Генеральным планом г.Дисна Миорского района”, разработанным УП “БелНИИПГрадостроительства” и утверждённым решением Миорского райисполкома от 27 апреля 2012г. №336” …І гэта пры ўсім тым, што сам старшыня Мёрскага райвыканкама І.В.Кузняцоў прама заяўляе: “Я не збіраюся марнаваць грошы на паміраючую Дзісну”!?..

Тут ужо ніяк нельга не запытаць: а руйнаванне стогадовых будынкаў Дзісненскага масласырзавода ў 2014г. і бібліятэкі ў 2015г., а намер знесці яшчэ шэсць старадаўніх дамоў у 2019г. таксама зацверджаны “решением Миорского райисполкома”?!

Калі так, то – хто і на якой падставе надзяліў непісьменных дамарослых варвараў паўнамоцтвамі знішчаць помнікі гісторыі? Калі не – чаму сапраўды кампетэнтныя органы ніяк не рэагуюць на мясцовЫЯ злачынствЫ дзяржаўнага ўзроўню? Куды наогул глядзіць Міністэрства культуры? І гэта – чацвёртае пытанне, прабачце, менавіта да Вас, спадар Міністр.

Наступнае, можа, і не зусім Вас датычыцца, але як можна тут без вас – Міністэрства культуры – абыйсціся. “Издание карты города и туристической книги-буклета о Дисне может быть осуществлено любым издательством на договорной основе” – адказвае нам праз тры гады Віцебскі аблвыканкам, мусіць ужо забыўшыся пра тое, што мы прасілі яго ўпраўленне ідэалогіі ў першую чаргу паклапаціцца аб дзяржаўным выданні мапы Мёрскага раёна (пакуль Дзісна адносіцца да яго) ў той час, як адпаведныя мапы Полацкага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага і іншых суседніх раёнаў даўно існуюць. Што – ўсе іншыя рабілі гэта сваім адумам і “на договорной основе”? Хто адкажа?

А цяпер школьны тэст на фізіягноміку. Вось Вам два партрэты: паглядзіце і скажыце – хто з гэтых асоб заслугоўвае, на Ваш погляд, большай павагі, з кім належыць хутчэй пагадзіцца, хто больш выклікае давер? У чыіх вачах можна разгледзець большую мэтанакіраванасць і адказнасць: “за краіну радзімую жах”, сум і боль за дзяржаву, за сваю справу, за выміраючыя гарады і вёскі? З кім Вы, прасцей кажучы, – з першым ці з другім?

   

Ну, здагадаліся, хто яны і што яны? Ёсць аб чым паразважаць?.. У тым і пятае пытанне! Але на яго адкажыце самому сабе. А заадно адкажыце сабе і на тое: на якой дошцы Вы б хацелі, каб нашчадкі ці нават сучаснікі, павесілі Ваш партрэт: “Гонар нацыі” ці “Іх вышуквае міліцыя”?

І шостае. Адкажыце ўсё ж такі на галоўнае. Чаму сёння мы павінны зноў звяртацца да Вас з тымі самымі пытаннямі, што і ў мінулым годзе: “Чаму спынены працес надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці дзісненскім будынкам, на якую дапрацоўку, каму дасланы адпаведныя дакументы? Калі самі дакладна не ведаеце, дык чаму да гэтай справы дасюль не падключаны Следчы камітэт? Калі вы, нарэшце, зможаце абараніць нас і ад вашых кручкатвораў, і ад нашых вандалаў? Колькі яшчэ простыя людзі будуць і карміць вас, плоцячы падаткі, і задарма, бязвыплатна выконваць вашыя прафесійныя абавязкі, займаючыся культуралагічнымі даследваннямі і папяровай валакітай?!”

“Быць – значыць прыняць адказнасць” – трапна і ёмка зазначаў Экзюперы! А Вы прынялі на сябе адказнасць за знішчаныя, загубленныя, страчаныя рарытэты Беларусі?

Ну і, у рэшце рэшт, – сёмае! Скажыце Вы прама, што нам, непасрэдна да Прэзідэнта звяртацца па пытанні ратавання малой радзімы? Сам заварыў сваю кампанію – сам няхай і расхлёбвае?.. Колькі яшчэ разам з ім нашым людзям гуляць у вашу гульню: “…А куры перадохлі, таму дасылайце новы тэлескоп”?

Па даручэнню і са шчырым удзелам дзісненцаў –

Пракалушчанка Жана Мікалаеўна,

выкладчык чарчэння, выяўленчага мастацтва, сусветнай мастацкай культуры (адзіны адпаведна дыпламаваны настаўнік на Дзісну, Полацк і Наваполацк)

г.Дзісна, завулак Чапаева д.6, кв.3

29.01.2019

Ад belisrael.info. Ліст друкуецца з мінімальнымі рэдактарскімі праўкамі.

Апублiкавана 02.02.2019  18:24

Обращение жителей Дисны министру культуры Беларуси

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Бондару Юрыю Паўлавічу

Мы, жыхары наймалейшага ў краіне горада Дзісны Віцебскай вобласці звяртаемся да Вас з прапановай, ці дакладней, цяпер ужо – шчырай настойлівай просьбай аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынкам нашага места, якія існуюць ужо другое стагоддзе. Гэту прапанову са спісам такіх пабудоў мы ўжо накіроўвалі ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт у 2016г. і ў той жа год атрымалі адказ, падпісаны Анатолем Гуцуляком. Цытуем:

Хочу сообщить о работе, которая проведена по включению объектов г.Дисны в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь.

            Проведено изучение исторических объектов г.Дисны специалистом главного управления идеологической работы, культуры и по делам молодежи облисполкома, кандидатом исторических наук Юрчаком Д.В. с участием заведующего кафедрой истории Беларуси ВГУ им. П.М.Машерова Дуловым А.Н. и заведующим кафедрой историко-культурного наследия Беларуси Шимуковичем С.Ф.

            По результатам изучения с выездом на место направлено предложение в Министерство культуры Республики Беларусь о включении в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь ”Историко-культурного центра г.Дисны“ и ”Замка Стефана Батория“.

            Вопрос о других памятниках г.Дисны будет вынесен на рассмотрение областного Совета по историко-культурному наследию после его утверждения и вступления в силу Кодекса о культуре.

Па нашаму разуменню “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры” №413-3 быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2016г., адобраны Саветам Рэспублікі 13 чэрвеня 2016г. і з 20 ліпеня 2016г. ўжо дзейнічае. Але і сёння мы не маем ніякай зваротнай сувязі. Магчыма сп. Гуцуляк кажа аб нейкай удасканаласці Кодэкса, можа нашыя навукоўцы скончылі сваю работу, можа прыпынілі?  Але ж, час ідзе, і чакаць яшчэ колькі год жывыя помнікі Дзісны, не можам іх па-другому назваць, не маюць магчымасці!  І з той простай нагоды, што Мёрскі раённы выканкам збіраецца зносіць шэсць старых дзісненскіх дамоў ужо ў студні 2019г. Таму заклікаем кіраўніцтва дзяржавы прыняць меры, каб захаваць гістарычную спадчыну краіны.

У першую чаргу настойваем звярнуць увагу на два асабліва важных будынка, знаходзячыхся проста ў крытычнай сітуацыі. Гэта двухпавярховыя дамы павятовых лякарні і так званага казначэйства.

Дзісненская павятовая лякарня – візітная картка самага маленькага гораду Беларусі. Медыцынская ўстанова на сто коек з’явілася ў Дзісне на беразе Заходняй Дзвіны ў 1903г. Будынак заўсёды выкарыстоўваўся як лякарня. Пры ўсіх уладах: пры царскай, пры савецкай, пры нямецкай, і ў Першую і ў Другую сусветныя войны. Таксама і пры Польшчы. У 1918г. на пляцоўцы перад установай трымаў слова камандзір чырвонай дывізіі Гай. У дваццатыя гады чытаў свае вершы пралятарскі паэт Дземьян Бедны, пазней выступаў беларускі пісменнік Міхась Машара. У Другую сусветную вайну немцы, заняўшы горад, абсталявалі тут афіцэрскі шпіталь. Побач з лякарней з’явіліся могілкі, дзе хавалі памершых ваяроў.

Падчас вызвалення горада ў 1944г. ад артабстрэлу ў будынку пачаўся пажар. Драўляны дах і перакрыцці выгарэлі цалкам. У 1958г. мясцовая ўлада, нарэшце, узялася за адбудову шпіталя. Але тут Дзісненскі раён ліквідавалі, і будаўнічыя работы былі спынены. У 1977г. вядомы режысёр В.Чацверыкоў пачаў здымать фільм  “Чоная бяроза” пра пасляваенную Беларусь. Лепшай натурнай пляцоўкі чым у Дзісне ён не знайшоў ва ўсёй краіне, і наша лякарня колькі разоў рабілася галоўнай дэкарацыяй фільма. Пасля яго выхаду на экраны ў 1979г. Віталь Паўлавіч атрымаў ганаровае званне Народны артыст БССР і так закахаўся ў Дзісну, што набыў сабе тут дом і захацеў, як кажуць, правесці ў нас увесь астатак жыцця. З яго лёгкай рукі з тых часоў у Дзісне амаль кожны год сталі здымацца фільмы.

У пачатку 1990-х захаваўшыеся цагляныя сцены лякарні на старадаўніх скляпеннях вырашылі аддаць духоўнаму ведамству, якое збіралась адчыняць завод па вырабу свечак. Потым мясцовыя кааператары спрабавалі пачаць тут выраб драцяных платоў. Але нешта не атрымалась і будынак застаўся закінутым.

 

 

На сёняшні дзень візітная картка горада знаходзіцца, безумоўна, у самым горшым стане адносна другіх рарытэтаў места. Амаль цалкам захавалася толькі фасадная самая прыгожая частка, вырабленая з цэглы, налічваючай да дзесятку розных формаў, дазволіўшых старадаўнім майстрам, па-за сумненнем, стварыць самы прыгожы будынак горада.  На крыжы над уваходам, як і на ўсіх сценах, бачны характэрныя адзнакі ад куль. Тыльны бок практычна разбураны мясцовымі вандаламі ўжо літаральна ў апошнія гады, але красамоўныя скляпенні пакуль амаль захаваліся. У нейкай сотне метраў ад будынку знаходзіцца існуюшчая паромная пераправа праз раку Заходняя Дзвіна.

Будынак павятовага казначэйства, які ў народзе завуць “Белы дом” ці “Бялы гмах” па-польску, збудаваны ў 1901 годзе. Ён сапраўды заўсёды дамінаваў на дзісненскім ландшафце. Пры царскай уладзе ў ім размяшчалася казначэйства. Пры Польскай рэспубліцы ў ім кватаравала адміністрацыя дзісненскага павятовага КАМ (Корпусу аховы мяжы), таксама тут знаходзілася і актавая зала Дзісненскай гімназіі імя ксяндза Пірамовіча.

Пры савецкай уладзе ў будынку знаходзіўся Дзісненскі райкам партыі, а ў яго скляпеннях – Дзісненская раённая тыпаграфія. Пасля скасавання Дзісненскага раёна будынак выкарыстоўваўся як клуб, універмаг. Пазней – як вучэбны корпус Дзісненскай школы-інтерната, а на прыканцы – проста як жылы корпус.

Гадоў сем таму велізарная таполя сваім суком прабіла дах будынку. Ліста бляхі каб залаціць прабоіну не знайшлося ва ўсім раёне, і мясцовыя улады не змаглі ні да чога лепшага дадумацца, як забараніць пражыванне ў будынку. У 2014г. яго спрабавала выкупіць прадпрымальнік з Наваполацку, каб зрабіць там гасцініцу для паломнікаў (У Дзісне знаходзяцца цудатворная ікона Божай маці – Адзігітрыі Дзісненскай і нятленныя мошчы св. Канстанціна Жданава). Аднак дакументацыю ў райцэнтры афармлялі больш за год, пакуль у жанчыны скончыліся і цярпенне, і грошы на рамонт. У бягучы момант паміж прадаўцамі і пакупніком ідзе судовы разгляд. А дэкаратыўны франтон Бялага гмаху тым часам абваліўся ў сярэдзіну будынка праламіўшы ўжо мусіць чвэрць даху. Аб магчымасці такога развіцця падзей мясцовыя жыхары і папярэджвалі мэрыю, і ў прэвентыўных мэтах прапаноўвалі выкарыстаць пажарную частку, якая знаходзіцца літаральна ў 50-ці метрах ад Гмаху. Ды дзе там…

Можна было б яшчэ доўга пералічваць храналогію фактаў. А згодна з Законам РБ № 98-З “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” і ужо памянутым “Кодэксам аб культуры” прыводзіць неабходнасць надання статусу гісторыка-культурнай какштоўнасці нашым, пацярпелым ад мірнага часу, збудаванням. Але ж, мяркуем, яны заслужылі таго ўжо адным сваім “тэрмінам службы” на карысць беларускага народа. Дастаткова сказаць, што нашыя будынкі перажылі ШЭСЦЬ небеларускіх уладаў! Дык няўжо ж не перажывуць менавіта ў год “малой радзімы” СЁМУЮ – самую дэмакратычную, самую народную, самую нацыянальную, САМУЮ БЕЛАРУСКУЮ?!

У рэшце рэшт, чым яны горшыя за падобныя дамы ў тым самым Віцебску? Толькі тым, што там бываюць госці на “Славянскім базары” і перад імі мы павінны красамоўна хлусіць, падавая, што ва ўсёй краіне гэдак жа трапятліва-пяшчотна адносяцца да сваёй спадчыны?!..

Ну, а наконт мастацкай каштоўнасці дык і казаць няма пра што: няўжо саўдэпаўскі “соцрэалізм” сярэдзіны мінулага стагоддзя без усялякіх “архітектурных ізлішэств” можа быць, тым больш – выглядаць эстэтычней?! А вось статус гістарычнай каштоўнасці яму, тым не менш, прысвоены даўно!

                              

Таму, шчыра просім Вас і другіх дарагіх братоў-беларусаў, тых, хто, у адрозненне ад нашых цемрашалаў, “академіев оканчівалі,” неадкладваючы прымаць меры! “Навуковая апрацоўка”, “мастацкая ацэнка”, “абгрунтаванне неабходнасці“– гэта па вашай частцы, спадары! Інакш будзе “як і тады” – з тым самым Дзісненскім масласырзаводам, сыры якога яшчэ пры цары цаніліся у Англіі даражэй за галандскія!

Вось якім быў масласырзавод у 1977г.:

А такім стаў у 2014г… Быў завод і няма: вырылі яму і закапалі!!

…Ва Украіне – хоць вайна! А беларускі “мір” нашмат лепей?

Так як і карпусоў свайго не адзінага завода Дзісна сёння беззваротна пазбавілася і такіх гістарычных прыгажуноў, як будынак па вуліцы Арджанікідзе. Яно і зразумела: нашто товарішчу Сярго (ды й каму б не было з грузінаў) абараняць пабудовы ў горадзе, нават – краіне, дзе ён ніколі не быў?! …А тады якая карысць Дзісне з таго, што яе вуліцы носяць чужыя імёны, калі іх уласнікі і ведаць не ведаюць пра нейкую Беларусь?!  Няўжо яшчэ нехта ў тым не пераканаўся?  Паспрабавалі б бандыты мясцовага гатунку знесці будынак на вуліцы, скажам, імя А.Г.Лукашэнкі… Дык калі ўжо нашыя вуліцы вярнуць свае сапраўдныя гістарычныя імёны, ці хаця б зменяць іх на больш падыходзячыя? Не надыйшоў яшчэ крытычны момант? Нехта чакае калі саміх вуліц не застанецца?!

А пакуль Дзісна, а з ёй і Беларусь, беззваротна пазбаўляюцца сваіх скарбаў, сваіх рарытэтаў! Вунь у Мюнхене пасля Другой сусветнай з яе дывановымі бамбаваннямі  кожны кавалачак кожнага ацалеўшага дома захавалі і адбудавалі не зноўку, а менавіта з захаваннем таго што ацалела!

Вы былі у Еўропе?.. А Беларусь не еўрапейская дзяржава?..

…Такі ж лёс, як і папярэдняму, быў наканаваны ў Дзісне і аднаму з самых прыгажэйшых будынкаў – так званаму Дому Калмановіча, па вуліцы Кірава. Яго таксама можна пабачыць на папярэдняй панараме перад касцёлам. Але пабачыць цяпер ужо толькі на здымках. А некалі, у 1987г. ў карціне “Нецярпенньне душы” тут здымаліся сусветна вядомыя артысты В.Ціханаў і У.Конкін…

Не, не абараніў ад дзікунскага гвалту дом на “сваёй” вуліцы товарішч Сяргей, як і товарішч Сярго! Ды ён, мусіць, таксама проста не ведаў пра нейкую Дзісну…

І ўсё – няма больш дома!

…Не, даражэнькія, сёння ўсім сумленным беларусам, проста неяк больш спаць у аглоблях! Ці не “на ваенным палажэнні”, па словах прэзідэнта, й сапраўды сёння мы з вамі знаходзімся? Мы пачынаем ужо казаць пра наданне “ускоренного развітія” гарадам з насельніцтвам больш за 80 тысяч жыхароў. А паказалі б прыклад няхай не “ускоренного” – гэта мы ўжо праходзілі – простага развіцця, спачатку хаця б на гарадах малых!..

І не кажыце, што міністэрства культуры, як і пры саўдэпіі, самае беднае ў краіне, што фінансуецца “по остаточному прінціпу” і гэдак далей. Гэта мы таксама праходзілі!.. Падказаць вам дзе ўзяць грошы – забярыце іх хаця б у мясцовых вылюдкаў! Калі яны, амаль, жыўцом хавалі ў зямлю наш гонар, наш завод адзін трактарыст прагаварыўся, што яго за гэта злачынства узнагародзілі 10 000 000 б.р. (зразумела ж, у 2014 годзе). Дык ці не хапіла б гэтай сумы на шыльду “Абараняецца дзяржавай”?! А большага ад нас, тыя хто прыйдуць за намі і патрабаваць не будуць: што ўзяць з недарэчных! Галоўнае захаваць спадчыну – душу Беларусі. А потым, калі-небудзь, калі людзі зразумеюць, што не бывае адраджэння краіны без адраджэння яе духоўнай і матэрыяльнай гістарычнай спадчыны, грошы знойдуцца самі!

І, калі ў нас атрымалася б цяпер захаваць да таго часу хаця б нашу Дзісну-прыгажуню – самы маленькі гарадок у краіне, можа з’явілася б надзея захаваць і другія большыя гарады, і саму Беларусь!

І можа тады у нашых нашчадкаў было б меньш падстаў пакручваць пальцамі ля скронь, успамінуючы нашых сучаснікаў?

 

Па даручэнню дзісненцаў –

Пракалушчанка Жана Мікалаеўна,

пенсіянерка

Дзісна, пер.Чапаева д.6, кв.3

6.11.2018

 

Дадаткі:

https://people.onliner.by/2017/12/15/disna

https://news.tut.by/society/605383.html

Апублiкавана 09.12.2018  10:29