Обращение жителей Дисны к министру культуры Беларуси (2)

Адкрыты ліст Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Бондару Юрыю Паўлавічу

ЖЫЛЬЦАМ  АД  РАБОТНIКАЎ  ЖЭКУ

Куры перадохлі –

дасылайце новы тэлескоп!

Аркадзь Райкін (мініяцюра Міхаіла Жванецкага)

На наш папярэдні зварот, шаноўны Юрый Паўлавіч, у кастрычніку 2018г. ад Вашага імя адказваў спадар А.А.Яцко. Але ж сёння ў спісе кіраўніцтва Міністэрства культуры гэта імя не значыцца. І ўжо адзін гэты факт не можа не насцярожваць! Яшчэ больш трывожная сітуацыя ў адказчыкаў з Віцебскага аблвыканкама – там нават не захавалася ўпраўленне, у якое мы раней звярталіся. Ды яшчэ, як высветлілася, сам спадар Д.В.Юрчак зусім “не занимал должность начальника… и не был наделён правом от своего имени рассматривать… и принимать решения.” Што ты скажаш, – поўная імпатэнтнасць!.. А мы так хацелі менавіта яго абцяжарыць нашай праблемай! І хто без яго, адзінага ў свеце, зможа нам цяпер дапамагчы? …А гады ўсё йдуць! І складаецца ўражанне, што ўсю нашу ідэю культурна-гістарычнага адраджэння малой радзімы – некалі “лепшага горада Віленскай губерні”, па выснове Віцэ-старшыні Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, ганаровага члена Імператарскай Акадэміі навук і Акадэміі мастацтваў П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага, а сёння – проста найменшага горада краіны – пераследуе нейкі злы рок.

І ўсё ж сапраўды, каму патрэбна гэтая, як у картачнай калодзе, ператасоўка кадраў? Вунь галава дзяржавы сядзіць на адным крэсле ўжо чвэрць стагоддзя, дык хоць будзе з каго за ўсё спытаць, калі, скажам, дзяржава ўрэшце страціць незалежнасць!.. Нашто праводзіць рэфармаванні аддзелаў? Каб стварыць больш пасад, ды знізіць адказнасць супрацоўнікаў? А можа, каб стала прасцей, як кажуць паляўнічыя, блытаць сляды і хаваць “канцы ў ваду” ад простых смяротных?! І гэта – наша першае пытанне да Вас, спадар Міністр. Ці гэта – не Ваша кампетэнцыя?

Пойдзем далей. Нагадаем, што пасля таго, як з маўклівай згоды дзісненскай улады пад сцягам “Дисна – город устойчивого развития” ў нас былі знішчаны амаль усе прадпрыемствы і пачалі знікаць цікавейшыя сацыяльныя аб’екты мінулых часоў, мы – жыхары горада Дзісны – ў 2016 г. звярнуліся ў Віцебскі аблвыканкам з прапановай аб ахове архітэктурнай спадчыны горада, шляхам надання яго захаваўшымся пакуль яшчэ збудаванням статусу гістарычнай каштоўнасці. Самі абралі, пералічылі і даслалі спіс нашых асаблівых будынкаў. Летам таго ж года прыйшоў адказ, што па выніках даследвання “з выездам на месца” камісія ў складзе спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, кандыдата гістарычных навук Юрчака Д.В., загадчыка кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М.Машэрава Дулава А.М. і загадчыка кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі РІВШ Шымуковіча С.Ф. накіравала ў Міністэрства культуры прапанову аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь “Гісторыка-культурнага цэнтра г.Дзісны” і “Замка Стэфана Батуры”.

Чаму менавіта так павярнулі нашу ідэю кампетэнтныя асобы, нам невядома. Мы прасілі за асобныя дамы, якім патрабуецца першачарговая ахова дзяржавы, ды вучоныя мужы, мусіць, мысляць шырэй, яны пачалі размову аб цэлым гістарычным цэнтры месца (ніхто, на жаль, і сёння не патлумачыў, якімі межамі яны яго акрэслілі) і нават аб неіснуючым Дзісненскім замку. Але нездарма ж народная мудрасць абвяшчае: “Ці то вам да каляды ў хаце поўнае бяды”! Дый аб тым, што цэнтр места Дзісна, на здзіўленне ўсім, захаваў гістарычную планіроўку вуліц, якую пацвярджае знакамітая мапа Хедемана XVI стагоддзя, ведае сёння ў Дзісне кожны школьнік. А кожны зацікаўлены дзісненец дакладна ведае, што пра Дзісну яшчэ ў 1986 годзе ў сваёй кнізе “Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии” вядомы даследчык У.А.Чантурыя пісаў: “у культурнай спадчыне горада адмысловую каштоўнасць набывае менавіта “сістэма планіроўкі вуліц”.

Але зноў жа – савецкая ўлада з задавальненнем руйнавала цэрквы і касцёлы. Цяперашняя мясцовая – перанакіравалася на ўсе астатнія збудаванні!.. Дык хіба нам зараз да захавання планіроўкі, калі мы не можам зберагчы нават асобныя дамы! Таму ў нашым папярэднім звароце мы і пісалі, што не разумеем, як могуць захавацца вуліцы, калі не захаваецца дамоў!

І адкажыце, усё ж такі, калі нашым гістарычным вуліцам вернуць іх гістарычныя імёны? Наогул, як могуць праспекты быць незалежнымі, калі вуліцы належаць акупантам?! Можа, у Вашага былога намесніка А.А.Яцко праблемы са зрокам ці з мысленнем: ён ці то не заўважыў наша пытанне ў мінулым лісце, ці то не зразумеў яго актуальнасці? Дык можам дадаць яшчэ: гісторыя апошніх ста гадоў Дзісны з’яўляецца найлепшай ілюстрацыяй – лакмусавай паперкай – сутнасці савецкай улады. За гады яе панавання горад з найлепшага на Віленшчыне, а значыць, бадай, і ва ўсёй Беларусі, стаў найгоршым – “паміраючым”! Якія вам яшчэ патрэбны доказы? Якой цвердалобасці патрэбны дадатковыя перакананні? Калі вы, гегемоны культуры, зразумееце, што бальшавіцкай дрэні – разбуральнікам краіны і знішчальнікам нацыі – ніяк не месца на шыльдах нашых вуліц?! Вось такое другое пытанне.

Так што, чытайце, калі ласка, нашыя звароты ўважліва, не даручайце ўласную справу нейкім эфемерным прывідам! Галоўнае, аб чым мы прасілі ў папярэднім лісце – дапамагчы захаваць хаця б два будынкі. І які мы атрымалі, вобразна кажучы, адказ ад Міністэрства-аблвыканкама: “Жильцам от работников ЖЭКа: куры передохли – высылайте новый телескоп”!..

Трэба, праўда, аддаць належнае – нашы кандыдаты навук, мусіць, нарэшце пачалі разумець: “Якія тут святкі, калі лупяць падаткі”! На трэці год вывучэння праблемы яны ўжо загаварылі, што “включение исторического центра как памятника градостроительства требует серьёзного исторического обоснования, включая проведение историко-библиографических, архивных и археологических исследований с привлечением сторонних экспертов, а следовательно, значительных финансовых затрат, повлечёт удорожание строительных и проектных работ на территории значительной части города…”

Тут хацелася б запытаць асобна. А ці ведаеце Вы, спадар міністр, хоць адзін горад у свеце, дзе б яго гістарычная частка была б яшчэ і “значнай” яго часткай?! З другога боку, калі нават і так: горад – спыніўся ў сваім развіцці ў нейкай антычнасці, ці сярэднявеччы! Дык, калі гэдак меркаваць аб Дзісне, тады надзяліце яе адпаведным статусам цалкам, накшталт італійскіх Пампей, ці французскага Каркасона! Адкажыце за свае словы, спадары навукоўцы, спадары службоўцы! І гэта наша трэцяе пытанне да Вас, спадар Міністр.

…Ды вось, вуснамі спадара Г.Ф.Баркевіча, нашыя “спецыялісты” нечакана робяць “ветлівую” заяву: “Наиболее приемлемым видится включение в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь ОТДЕЛЬНЫХ ОБЪЕКТОВ (вылучана мною) в г.Дисна”… Прабачце, дык пра тое мы ўжо вам і казалі тры гады таму! І што цяпер: “Эта песня хороша – начинай сначала”!.. “Высылайте новый телескоп”?..

Але ж найвялікшае абурэнне ў дзісненцаў выклікае яшчэ не гэта, а тое, што нашу праблему прапануюць вырашаць тым, хто яе і стварыў! Прасцей кажучы, ваўкам прапануюць сцерагчы авечак! Не верыце – цытуем: “Сохранение сохранившейся исторической планировки и застройки города предусмотрено “Генеральным планом г.Дисна Миорского района”, разработанным УП “БелНИИПГрадостроительства” и утверждённым решением Миорского райисполкома от 27 апреля 2012г. №336” …І гэта пры ўсім тым, што сам старшыня Мёрскага райвыканкама І.В.Кузняцоў прама заяўляе: “Я не збіраюся марнаваць грошы на паміраючую Дзісну”!?..

Тут ужо ніяк нельга не запытаць: а руйнаванне стогадовых будынкаў Дзісненскага масласырзавода ў 2014г. і бібліятэкі ў 2015г., а намер знесці яшчэ шэсць старадаўніх дамоў у 2019г. таксама зацверджаны “решением Миорского райисполкома”?!

Калі так, то – хто і на якой падставе надзяліў непісьменных дамарослых варвараў паўнамоцтвамі знішчаць помнікі гісторыі? Калі не – чаму сапраўды кампетэнтныя органы ніяк не рэагуюць на мясцовЫЯ злачынствЫ дзяржаўнага ўзроўню? Куды наогул глядзіць Міністэрства культуры? І гэта – чацвёртае пытанне, прабачце, менавіта да Вас, спадар Міністр.

Наступнае, можа, і не зусім Вас датычыцца, але як можна тут без вас – Міністэрства культуры – абыйсціся. “Издание карты города и туристической книги-буклета о Дисне может быть осуществлено любым издательством на договорной основе” – адказвае нам праз тры гады Віцебскі аблвыканкам, мусіць ужо забыўшыся пра тое, што мы прасілі яго ўпраўленне ідэалогіі ў першую чаргу паклапаціцца аб дзяржаўным выданні мапы Мёрскага раёна (пакуль Дзісна адносіцца да яго) ў той час, як адпаведныя мапы Полацкага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага і іншых суседніх раёнаў даўно існуюць. Што – ўсе іншыя рабілі гэта сваім адумам і “на договорной основе”? Хто адкажа?

А цяпер школьны тэст на фізіягноміку. Вось Вам два партрэты: паглядзіце і скажыце – хто з гэтых асоб заслугоўвае, на Ваш погляд, большай павагі, з кім належыць хутчэй пагадзіцца, хто больш выклікае давер? У чыіх вачах можна разгледзець большую мэтанакіраванасць і адказнасць: “за краіну радзімую жах”, сум і боль за дзяржаву, за сваю справу, за выміраючыя гарады і вёскі? З кім Вы, прасцей кажучы, – з першым ці з другім?

   

Ну, здагадаліся, хто яны і што яны? Ёсць аб чым паразважаць?.. У тым і пятае пытанне! Але на яго адкажыце самому сабе. А заадно адкажыце сабе і на тое: на якой дошцы Вы б хацелі, каб нашчадкі ці нават сучаснікі, павесілі Ваш партрэт: “Гонар нацыі” ці “Іх вышуквае міліцыя”?

І шостае. Адкажыце ўсё ж такі на галоўнае. Чаму сёння мы павінны зноў звяртацца да Вас з тымі самымі пытаннямі, што і ў мінулым годзе: “Чаму спынены працес надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці дзісненскім будынкам, на якую дапрацоўку, каму дасланы адпаведныя дакументы? Калі самі дакладна не ведаеце, дык чаму да гэтай справы дасюль не падключаны Следчы камітэт? Калі вы, нарэшце, зможаце абараніць нас і ад вашых кручкатвораў, і ад нашых вандалаў? Колькі яшчэ простыя людзі будуць і карміць вас, плоцячы падаткі, і задарма, бязвыплатна выконваць вашыя прафесійныя абавязкі, займаючыся культуралагічнымі даследваннямі і папяровай валакітай?!”

“Быць – значыць прыняць адказнасць” – трапна і ёмка зазначаў Экзюперы! А Вы прынялі на сябе адказнасць за знішчаныя, загубленныя, страчаныя рарытэты Беларусі?

Ну і, у рэшце рэшт, – сёмае! Скажыце Вы прама, што нам, непасрэдна да Прэзідэнта звяртацца па пытанні ратавання малой радзімы? Сам заварыў сваю кампанію – сам няхай і расхлёбвае?.. Колькі яшчэ разам з ім нашым людзям гуляць у вашу гульню: “…А куры перадохлі, таму дасылайце новы тэлескоп”?

Па даручэнню і са шчырым удзелам дзісненцаў –

Пракалушчанка Жана Мікалаеўна,

выкладчык чарчэння, выяўленчага мастацтва, сусветнай мастацкай культуры (адзіны адпаведна дыпламаваны настаўнік на Дзісну, Полацк і Наваполацк)

г.Дзісна, завулак Чапаева д.6, кв.3

29.01.2019

Ад belisrael.info. Ліст друкуецца з мінімальнымі рэдактарскімі праўкамі.

Апублiкавана 02.02.2019  18:24

Leave a Reply