Tag Archives: Уладзімір Пучынскі

Зміцер Дзядзенка. К-ВЕРСІЯ

(камерная сюіта)

Паслядоўнасць частак камернай сюіты склалася напрыканцы XVII стагоддзя ў Нямеччыне:

  1. Алеманда (allemande) — танец, вядомы з пачатку XVI стагоддзя.
  2. Куранта (courante) — ажыўлены танец.
  3. Сарабанда (sarabande) — вельмі павольны танец.
  4. Жыга (gigue) — самы хуткі старадаўні танец.

З. Дзядзенка (фота Уладзіміра Пучынскага)

АЛЕМАНДА. ДАНІЛА

На сцэну выйшаў невысокі таўстун у аранжавым камбінезоне. У камбінезонах такога зыркага колеру зазвычай працуюць дарожныя рабочыя і прыбіральшчыкі вуліцаў: так аўтамабілісты здалёк могуць пабачыць, што наперадзе нехта ёсць. На галаве ў яго была вялікая мужчынская насоўка, завязаная вузламі па краях, каб не звальвалася. Рожкі, якія тырчалі з вузельчыкаў, надавалі яму падабенства з кіношнай Бабай-Ягой у выкананні Георгія Міляра.

Таўстун, перавальваючыся, падышоў да мікрафона, а калі загучала музыка, нечакана стаў даволі грацыёзна прытанцоўваць і спяваць:

Картохи, картохи,

Остались только вздохи.

Я без тебя, картоха,

Не сплю и не ем.

Картоха, картоха,

Мне без тебя так плохо.

Наверно, похудею я

Совсем!

У журы пераглянуліся лысы музычны крытык з тварам Фантамаса і поп-спявак, які нагадваў укормленага Троцкага: традыцыйная бародка-эспаньёлка ў яго сіратліва гублялася паміж абвіслых шчок.

— Хопіць, — прагаварыў поп-Троцкі. — Дастаткова, дзякуем.

Прагляд спевакоў, якія хацелі трапіць у нацыянальны фінальны адбор на конкурс “Еўрабачанне”, цягнуўся ўжо пятую гадзіну, а чарзе прэтэндэнтаў, здавалася, няма ні канца ні краю.

На змену таўстунку на сцэну выйшаў выносісты барадач з гармонікам. Ён нагадваў бы дрывасека, калі б на ім была нейкая іншая вопратка, а не жоўтае акрабатычнае трыко з сіняй літарай S на грудзях.

Псеўда-Фантамас са змрочным выглядам падрыхтаваўся слухаць чарговы твор. На тварах пяці іншых чальцоў журы панавала стома і абыякавасць…

Даніла стараўся сачыць і за журы, і за тым, што робіцца на сцэне — усё ж такі выступалі ягоныя канкурэнты. Ён дзівіўся тым людзям, якія хочуць прадстаўляць Беларусь на міжнародным спеўным конкурсе: вялікая іх частка спяваць не ўмела зусім. Але былі і тыя, хто насамрэч мог упрыгожыць сабой поп-сцэну.

Сам Даніла звярнуў увагу на дуэт — хлопца і дзяўчыну, якія спявалі нейкую просценькую песеньку па-беларуску. Яны былі ў ліку нямногіх, хто выбраў для выканання беларускую мову — большасць спадзявалася на перамогу з песнямі па-ангельску ці па-расейску.

Даніла і сам падрыхтаваў для конкурсу расейскую песню, але цяпер засумняваўся: можа, варта было б спяваць на матчынай? Мама сапраўды ўхваліла б: яна з імі, дзецьмі, гаварыла па-беларуску.

Бацька… Зрэшты, што пра яго згадваць? Жыццё яго зламала.

Задумаўшыся, хлопец не адразу заўважыў, як побач з ім прысеў незнаёмы мужчына. Доўгія валасы да плячэй, дарагі замшавы пінжак колеру іспанскіх цытрынаў, парфюм з насычанымі скуранымі нотамі… Гэта быў не проста прадстаўнік творчай багемы — на гэтым чалавеку было вялікімі літарамі напісана: “Я ДАСЯГНУЎ ПОСПЕХУ”.

На сцэне тым часам штосьці спяваў чарговы канкурсант у чорных строях. Змрочны вобраз быў дапоўнены гэткім жа змрочным макіяжам на ўвесь твар. Праўда, усё вусцішна-гатычнае ўражанне псаваў высокі хлапечы дыскант, якім хлопец спяваў пра няшчаснае каханне да самай смерці.

— Гэта ж ты выступаў са скрыпкай, як той Рыбак? — з добразычлівай усмешкай пацікавіўся сусед у Данілы.

Хлопец кіўнуў.

— Няблага, — паблажліва пахваліў доўгавалосы. — Але гэтага недастаткова. Па-першае, цяпер ты такі вобраз не прадасі — гэта імідж Рыбака. Па-другое, сёлета ты конкурс усё адно не выйграеш, нават калі пройдзеш у фінал.

— Чаму гэта не выйграю? — ваяўнічая цікаўнасць прагучала ў голасе Данілы.

Не адказваючы, доўгавалосы засунуў руку ў кішэню джынсаў, павольна, як у кіно, дастаў адтуль жуйку і закінуў яе ў рот.

— Таму што пераможцу ўжо вызначылі, — абыякава прагаварыў ён, гледзячы на сцэну.

А Данілу ад гэтых словаў раптам стала горача, нясцерпны агонь дапякаў яго знутры. Хлопец адчуў, як пачырванелі ягоныя шчокі.

Ён агледзеўся наўкола, але было бачна, што ніхто не прыслухоўваецца да іх размовы.

— І журы… журы перад намі тут разыгрывае спектакль? — голас у маладога чалавека зрываўся, нібыта ў пакрыўджанага дзіцяці, якому бацькі абяцалі пайсці ў нядзелю ў заапарк, а замест гэтага засталіся дома.

— Не, журы таксама пра гэта пакуль не ведае, — доўгавалосы па-ранейшаму глядзеў на сцэну, а не на суразмоўцу. І ён падкрэслена паўтарыў: — Пакуль.

Потым выцягнуў з унутранай кішэні пінжака кардонны прастакутнік і перадаў яго Данілу:

— Прыходзь заўтра… не, паслязаўтра а пятнаццатай па гэтым адрасе. Пагаворым, падумаем, ці можаш ты стаць пераможцам нацыянальнага адбору ў наступным годзе.

Хлопец глянуў на візітоўку — там была напісаная назва вядомага прадзюсарскага цэнтра. Імя, адрас, тэлефон — здаецца, усё без падману.

Калі Даніла ўзняў галаву ад візітоўкі, ягоны нядаўні сусед ужо няспешна сыходзіў.

Без развітання.

На сцэне ў гэты час бадзёрым рэчытатывам нешта пра сінявокую Беларусь расказваў лысы пенсіянер у пацяганым пінжаку, пад якім быў апрануты цёплы швэдар. Дзед чытаў тэкст з паперкі, якую трымаў у руках — ці то не спадзяваўся на сваю памяць, ці то баяўся забыць тэкст ад хвалявання.

***

Адрас, напісаны ў візітоўцы, прывёў Данілу на ціхую вуліцу недалёка ад цэнтра Менску. Калісьці, у далёкія савецкія часы, гэты раён займалі замежныя дыпламаты. Недалёка ад іх сялілася і тагачасная эліта — партыйныя босы і “крэпкія гаспадарнікі”.

У атачэнні гэтых пастарэлых і быццам злёгку падслепаватых савецкіх дамкоў будынак прадзюсарскага цэнтра блішчэў шклом і металам.

У гэты раён Даніла не хадзіў, хаця зарабляў вулічнымі канцэртамі непадалёк — каля Камароўскага рынку. Там, у падземным пераходзе, заўжды было тлумна. Усе беглі, спяшаліся, штурхаліся…

Тут было ціха — быццам бы і не цэнтр горада.

На рэцэпцыі брунэтка з высокімі скуламі завучана пасміхнулася наведніку і спыталася:

— Вы да каго?

— Мне прызначана на пятнаццатую. Да Аляксандра Віктаравіча, — разгубіўшыся, прагаварыў хлопец і назваў прозвішча, пазначанае ў візітоўцы.

Дзяўчына прапанавала пачакаць, а сама настукала на тэлефоне нумар і паведаміла пра наведніка, пасля чаго прапанавала Данілу падняцца па лесвіцы на другі паверх — там яго сустрэнуць.

Чырвоная дарожка, пакладзеная пасярод шырокай мармуровай лесвіцы, вывела маладога чалавека ў хол, дзе яго ўжо чакаў нядаўні знаёмец.

— Вітаю, вітаю! Сёння без скрыпкі? Ну, гэта правільна — запісвацца мы сёння не будзем. Пайшлі пагаворым.

Кабінет Аляксандра Віктаравіча ніколькі не нагадваў працоўнае памяшканне. Электракамін у сцяне, шафкі з разьблёнымі дзверкамі, нізкі часопісны столік замест традыцыйных цяжкавагавых сталоў, канапа, мяккія фатэлі — сапраўдны пакой для адпачынку, а не офіс.

Гаспадар прапанаваў наведніку сесці на канапу і сам прысеў побач:

— Музычная адукацыя ў цябе якая?

— Музшкола, — адказаў Даніла. — Далей вучыцца не атрымалася.

— Гэта не страшна — галоўнае, што ў цябе ёсць патэнцыял, — абнадзеіў прадзюсар. — Курыш?

— Не.

— І правільна, табе не варта, у цябе голас. А мне можна, — Аляксандр Віктаравіч дастаў цыгарэту з пачка, пстрыкнуў запальнічкай і з асалодай зацягнуўся. Потым дастаў з шафкі і паставіў на часопісны столік каля канапы бутэльку каньяку і два кілішкі:

— Давай за знаёмства! Што, і не п’еш? А гэта голасу не пашкодзіць, калі не злоўжываць. Ведаеш, грамаў пяцьдзясят каньяку перад канцэртам могуць нават дапамагчы — і нервы супакоіш, і голас разагрэеш.

Ён зрабіў невялікі глыток каньяку і працягнуў:

— Я цябе слухаў, і зразумеў, што мы з табой зможам не толькі выйсці ў фінал “Еўрабачання”, але і заняць там якое-небудзь з верхніх месцаў. Трэба толькі табе прадумаць правільны імідж. Але гэта ўжо мая сфера адказнасці! Ты не хвалюйся.

Нечакана Даніла адчуў, што гаспадар паклаў руку яму на калена. Як трактаваць гэты жэст, хлопец не ведаў. З аднаго боку, гэта панібрацкі-паблажлівае стаўленне да яго з боку прадзюсара. З другога — хто ж не чуў, што ў сферы шоў-бізу нетрадыцыяналаў значна больш, чым дзе яшчэ…

— Я не па гэтых справах, — набычыўшыся, прагаварыў Даніла і скінуў руку Аляксандра Віктаравіча са свайго калена. — Лепш вярнуся ў пераход каля Камароўкі.

Прадзюсар з непаразуменнем паглядзеў на сваю руку, якая цяпер упіралася ў канапу, і нечакана рассмяяўся:

— Ты што, думаеш, я з гэтых, з “галубнякоў”? Не, пацан, давай адразу расставім кропкі над “і” — я гатовы ўкласці ў цябе грошы, але за гэта ты будзеш гарбець і пацець. І толькі на сцэне! А капрызы за свае грошы буду агучваць я.

КУРАНТА. СЫМОН

— Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

Пяцёра чалавек стаялі каля ўезду на тэрыторыю рэстараннага комплексу, трымаючыся за рукі, і скандавалі лозунг. Дзве жанчыны пенсійнага ўзросту — Ніна і Ганна, падлетак-ліцэіст Арцём, мужчына Алег з мулявінскімі вусамі ды ён, Сымон.

Яшчэ гадоў з пяцьдзясят таму яго называлі б маладым мужчынам. Але цяпер час нібыта запаволіўся, і чалавека пасля дваццаці, а то і трыццаці гадоў яшчэ доўга працягвалі называць хлопцам. Вось і ён трапляў у гэтую катэгорыю — паміж хлопчыкамі і мужчынамі. Хлопец, малады чалавек.

Разам з Алегам яны пачуваліся асноўным фізічным падмацаваннем групы. Ніна і Ганна ўвасаблялі няўрымслівы, апантаны дух. Арцём быў іхным Гаўрошам — ім апекаваліся і выхоўвалі.

Месца, дзе стаяла іх вахта, ведала ўся Беларусь. Курапаты — месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Але нядаўна каля гэтай сумна вядомай мясціны пабудавалі рэстаранна-забаўляльны комплекс — з гучнымі песнямі, петардамі ды іншымі зямнымі радасцямі.

Тыя, каму размяшчэнне рэстарана паблізу месца расстрэлаў не спадабалася, цяпер дзяжурылі на ўездзе ў комплекс і раздавалі яго наведнікам улёткі з тэкстам пра масавыя сталінскія расстрэлы. Раздаваў іх і і Сымон.

Дзяжурыць пачалі з лета, але ўжо даўно наступіла восень з яе сцюдзёнымі вятрамі, а не хацеў здавацца ніводзін бок — ні вахта, ні ўладальнікі забаўляльнага комплексу.

Часцей за ўсё наведнікі рэстарана бралі ўлёткі і праязджалі на тэрыторыю комплекса. Некаторыя спыняліся і заводзілі гутарку з пікетоўцамі. Вось і цяпер мужчына з паголенай галавой, які прыехаў на БМВ, спыніўся, пакруціў у руках нягеглы аркуш, які ўручыў яму Арцём, і запытаўся:

— А рэпрэсіі тут пры чым?

— Вы чулі пра Курапаты? — пытаннем на пытанне адказаў хлопец. Астатнія ўдзельнікі вахты паціху падцягваліся да аўтамабіля.

— Ну, чуў, — з лёгкай нотай раздражнення адказаў кіроўца “бумера”.

— Дык вось яны, насупраць, — махнуў падлетак, паказваючы ў кірунку расстрэльнага ўрочышча.

— Тваю ж маць! — прысвіснуў мужчына. — Яны тут зусім ах…елі? Я ж не ведаў…

Развярнуўшы машыну, ён яшчэ раз спыніўся і, апусціўшы акно, крыкнуў групцы:

— Дзякуй, што папярэдзілі! Сам не паеду і сябрам скажу. Жыве Беларусь!

— Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! — скандавалі яны ўслед “бумеру”.

Адна з жанчын, Ганна, паправіла акуляры на носе і, звярнуўшыся да Сымона, з задавальненнем сказала:

— Адразу бачна разумнага чалавека. Не тое, што гэтыя жыдкі рэстаранныя.

— Ай, няправільна так казаць, — хуценька запярэчыла ёй Ніна. — Пры чым тут нацыянальнасць?

Але Ганна лёгка здавацца не збіралася:

— А што, хіба не? Як прозвішча ўладальніка? Во-ось! У іх уся нацыя такая — дзеля грошай на мараль наплююць.

— Ёсць яўрэі, а ёсць жыды, — падтрымаў яе Алег. — Тыя яўрэі, якія ў нас жылі, яны ўсе ў 90-х у Ізраіль з’ехалі. А тут цяпер адны жыды засталіся — без сумлення і гонару. Ведаеш, чым адрозніваецца ўкраінец ад хахла? Украінец жыве ва Украіне, а хахол — там, дзе лепш. Во і з жыдамі тая ж гісторыя!

Алег сыта рагатнуў з уласнага досціпу.

Сымон моўчкі слухаў іхныя размовы, ён ужо прызвычаіўся да такога. Стаяць цэлымі днямі без размоваў — нуднавата: машыны прывозілі наведнікаў у рэстаран не дужа часта. Таму ў перапынках і пачыналіся размовы пра колішнюю веліч беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім, пра салодкае жыццё ў няспраўджанай Беларускай Народнай Рэспубліцы, пра тое, як яўрэі зрабілі рэвалюцыю і расстрэльвалі людзей у ЧК і НКВД.

— Ты паглядзі толькі на іхныя прозвішчы: Ратэнберг, Рапапорт, Берман, — гарачыўся Алег.

— Там жа былі і іншыя — расейцы, латышы, беларусы, палякі, — слаба пярэчыў Сымон.

— Былі, вядома, ва ўсякім народзе ёсць юды, — далучалася да размовы Ганна. — Гэта як латышскія стралкі ў Леніна: пакуль латышы змагаліся за незалежнасць краіны, некаторыя здраднікі дапамагалі захопнікам. Імі і прыкрываліся, а потым іх жа і расстрэльвалі.

— Дык жа габрэі побач з намі жылі сотні гадоў, яны нам не чужыя, — спрабаваў давесці сваё Сымон.

— Хлопец, гэта ўсё прапаганда! — Алег паблажліва хлопаў яго па плячы. — Яны жылі сваімі кагаламі і гета, як цяпер туркі ці курды жывуць у Берліне. Ці сталі тыя туркі сваімі для немцаў? Не, бо яны трымаюцца сваёй культуры, не асімілююцца з мясцовымі… Вось татары — тыя сталі нашымі, прынялі нашую мову, свае кітабы па-беларуску пісалі.

Вечарэла, вецер стаў больш халодным. Пагрэцца бегалі па чарзе ў машыну Алега, прыпаркаваную недалёка.

Каля рэстарана стаялі Ганна, Сымон і Арцём, калі на дарозе паказаўся “мерсэдэс”. Не зніжаючы хуткасці, ён ляцеў у бок комплексу.

Арцём, як самы малады і шустры, кінуўся наперарэз машыне, каб уручыць улётку. Аднак кіроўца не спыніўся, а толькі ў апошні момант скінуў хуткасць. Падлетак з працягнутай улёткай апынуўся на капоце аўто.

“Мерсэдэс” спыніўся, і збялелы хлопец скаціўся на зямлю. З пасажырскага месца выскачыў невысокі чалавечак у сінім пінжаку, у якім пікетоўцы пазналі ўладальніка рэстарана. Ён гістэрычна закрычаў:

— Дзібіл! Што ты пад машыну лезеш?!

На дапамогу Арцёму ўжо беглі не толькі Сымон з Ганнай, але і Ніна з Алегам, якія перад тым грэліся ў машыне.

— Нельга тут ехаць з такой хуткасцю, — крычала Ганна. — Гэта парушэнне, якое правакуе ДТЗ. Дзе ДАІ? Я выклікаю!

— Ты цэлы? — Сымон прытрымліваў Арцёма, якому дапамог падняцца з зямлі.

Той патупаў нагамі, памахаў рукамі:

— Здаецца, цэлы. Пашанцавала.

— Але дактарам паказацца трэба абавязкова, — загадным тонам прагаварыла Ніна. — Хай зафіксуюць траўмы, будзем у суд падаваць.

Міліцыя на выклік прыехала хутка — быццам дзяжурыла за бліжэйшым паваротам. Лейтэнант, пад носам якога тапырыліся раскудлачаныя вусы, доўга і няспешна запісваў паказанні і пашпартныя звесткі ўдзельнікаў ДТЗ (Арцёма і кіроўцы “мерсэдэса”), потым сведкаў. Паабяцаў разабрацца і з’ехаў.

— Не будзе нічога з гэтага, — гледзячы ўслед міліцэйскай “джылі”, прагаварыў Алег.

— Як не будзе? — горыч і крыўда праціналі голас Арцёма.

— Выкіне ён гэтыя пратаколы. Або засуне куды-небудзь у шуфляду — маўляў, забыўся… Паехалі ў лякарню — хай цябе там дактары абследуюць, — рашуча сказаў Алег і рушыў да сваёй машыны.

Сымон пайшоў следам за імі, пра нешта пагаварыў з Алегам, а потым вярнуўся да Ганны і Ніны. Жанчыны выглядалі валькірыямі і кідалі пагрозлівыя позіркі ў бок рэстарана. Гнеў і раз’ятранасць дадавалі ім моцы.

— Я адыдуся ненадоўга, — Сымон напалову папрасіў, напалову папярэдзіў.

Пасля яго адыходу жанчыны пастаялі моўчкі, потым Ганна цяжка ўздыхнула:

— Мала нас пакуль што. Шмат яшчэ давядзецца нам ваяваць з цёмнымі сіламі, Ніначка. Але за намі праўда, за намі будучыня!

Раптам за забаўляльным комплексам рэзка пасвятлела: нечаканае полымя ўзвілася над рэстаранным плотам.

— Пажар, здаецца! — голас Ніны дрыжаў ад хвалявання.

— А вось і я, — захопленыя вогненным відовішчам, жанчыны нават не заўважылі, як вярнуўся Сымон.

— Трэба пажарнікаў выклікаць, — няўпэўнена прагаварыла Ніна.

— Не трэба! — абарвала Ганна. — Гэта ім Божая кара за ўвесь той здзек, які яны са сваім рэстаранам учынілі каля тысяч нявінных ахвяраў.

— Ага, не трэба, самі хай выклікаюць, — пагадзіўся Сымон і чамусьці паднёс далоні да носа.

Рукі патыхалі бензінам. Каністра, узятая ім у Алега, гарэла пад плотам.

САРАБАНДА. ЗОСЬКА

— Алачка, запрасіце да мяне Федарчука, — пачула сакратарка па гучнай сувязі і звыкла пасміхнулася, хаця ведала, што шэф гэтага ўсё адно не пабачыць.

Федарчук займаў пасаду памочніка шэфа. Менавіта яму той давяраў выконваць самыя далікатныя даручэнні. Але калі дужа далікатных даручэнняў не было, то Федарчук без лішніх словаў выконваў і іншыя пажаданні Самога.

— Выклікалі, Уладзімір Андрэевіч? — тхарыны твар памочніка з’явіўся ў дзвярах.

— Мне ўвечары трэба быць на сустрэчы, — гаспадар кабінета раптам зразумеў, што забыўся, дзе прызначаны прыём, і з прыкрасцю скрывіўся. — Ну, Алачка ведае, дзе там прызначана… Карацей, мне трэба суправаджэнне. Затэлефануй у тое агенцтва і скажы, каб падабралі эскорт. Толькі глядзі, каб быў вышэйшы шык! Каб не толькі вачыма лыпала і ногі рассоўвала, а і пагаварыць магла. Інгліш — абавязкова.

— Усё зраблю як мае быць, — запэўніў Федарчук. — Скажу, што гэта для самога Панкова — там у ляпёшку расшыбуцца!..

Калі ўвечары Панкоў сядаў у свой “бэнтлі”, эскортніца была ўжо там. Ён агледзеў яе, ацэньваючы: даўганогая бландынка, макіяж ёсць, але не вульгарны — ніякіх празмернасцяў.

У эскорт-агенцтве ведалі яго густ і добра рабілі сваю працу.

— Паехалі, — сказаў Панкоў кіроўцу, а потым звярнуўся да сваёй спадарожніцы: — Цябе як клічуць?

— Аманда, — не прагаварыла, а неяк выдыхнула яна, закаціўшы вочы.

— Давай без гэтых сваіх б…дскіх штучак, — твар Панкова скрывіўся так, быццам ён пакаштаваў цытрыну без цукру. — Не люблю. Ты ж не на парнасайце цыцкамі гандлюеш.

— Святлана, — ужо нармальным голасам сказала дзяўчына.

— Так значна лепей… Ты ўжо са мной ездзіла? Мне твой твар нейкім знаёмым падаецца.

— Не, не ездзіла, — голас яе прагучаў халодна, адстаронена. Аднак потым дзяўчына авалодала сабой і прыветна дадала: — Але, магчыма, буду ездзіць пазней, калі вам захочацца.

— Ну, не дзьміся, — сказаў Панкоў. — Ты ж адукаваная? Тады ты павінна ведаць, што пекла — гэта іншыя. Вось, магчыма, я і ёсць для цябе прадстаўнік пекла. А табе давядзецца цярпець…

— Сартр памыляўся, — дзяўчына дастала цыгарэту і пачакала, пакуль спадарожнік паднясе ёй запальнічку. Дзьмухнуўшы струмень дыму, яна нарэшце працягнула: — Сваё пекла, як і сваё неба, кожны носіць з сабой. Толькі не ўсе гэта адразу заўважаюць.

— А ў нас будзе-такі не сумны вечар! — з задавальненнем канстатаваў Панкоў.

…Недзе паміж васьміногам на грылі і стэйкам-рыбаем ён зразумеў, што гэтую дзяўчыну ён проста так не адпусціць, а забярэ да сябе на ўсю ноч.

І не пашкадаваў пра сваё рашэнне: у сэксе яна была настолькі ж вынаходлівай і няўрымслівай, як у інтэлектуальных спрэчках. Панкову гэтым і падабаліся разумныя ды адукаваныя эскортніцы.

Стомленыя сэксам, яны разам ляжалі ў ложку, дзяўчына даверліва паклала галаву на мужчынскую руку.

Панкоў дапаліў і пацікавіўся:

— Што ж цябе такую прыгожую і разумную ў эскорт-службу занесла? Я ж бачу, што вышэйшая адукацыя ў цябе ёсць. Магла б на жыццё галавой зарабляць, а не п…дой. А, Святлана?

Ад гэтых словаў дзяўчына наструнілася, быццам у чаканні ўдару.

— Ды ладна, можаш не адказваць. Гэта я так… Проста для падтрымання размовы.

— У нас была дружная сям’я, — дзяўчына загаварыла спярша няўпэўнена, але потым больш разняволена. — Тата, мама, трое дзяцей — я і два браты. Тата быў прадпрымальнікам, марыў даць нам добрую адукацыю — адправіць вучыцца ў Лондан…

Яна замаўчала, занурыўшыся ва ўспаміны.

— А што ж не атрымалася?

Але дзяўчына працягнула распавядаць, нібы не чула пытання:

— Тады мяне клікалі не Святланай, а Зосяй. Я цяпер часам шкадую гэтую наіўную даверлівую дзяўчынку з такім птушыным імем. Яна верыла ў тое, што людзі добрыя. Што ўсіх можна любіць, і гэтая любоў уратуе свет, прачыніць дзверы туды, дзе пануюць мір і дабро…

— Зося? — гмыкнуў Панкоў. — Рэдкае імя. Бяры яго сабе назад — гэта больш арыгінальна, чым Святлана… Дык што з Лонданам не склалася?

— Зараз пакажу, — дзяўчына нечакана спрытна скацілася з ягонай рукі, злезла з ложка і пайшла да сваёй сумачкі, пакінутай недзе каля дзвярэй пакоя.

Панкоў з задавальненнем сачыў, як яна круціць клубамі пры кожным кроку. Магчыма, у яго яшчэ дастане моцы, каб працягнуць асваенне Камасутры.

Аднак калі дзяўчына павярнулася, яе нядаўні каханак не мог паверыць сваім вачам: у яе руках быў пісталет, накіраваны проста на яго.

— Ты што, дурная? — гістэрычныя ноты ў голасе паказалі, наколькі моцна ён спалохаўся. — Гэта табе не жарты.

Чорная руля зброі здалася яму празмерна вялікай.

— А я і не жартую, — у замарожаным дзявочым голасе немагчыма было разабраць ніякіх пачуццяў. — Гэта ты давёў майго бацьку да банкруцтва.

ЖЫГА. ЛЯВОН

Лявон павярнуўся на спіну, сунуў у рот цыгарэту і пстрыкнуў запальнічкай. Ён абыякава маўчаў. Ціканне насценнага гадзінніка толькі падкрэслівала цішу, якая апанавала спальню.

Лена павярнулася да яго тварам і пачала асцярожна пагладжваць густы падрост на грудзях:

— Ну, не перажывай. Я ўсё разумею: табе не дваццаць годзікаў, праца, стрэсы, сям’я… Не атрымалася цяпер — атрымаецца наступным разам.

— Наступнага разу не будзе.

Жанчына моўчкі глядзела, як Лявон падымаецца і пачынае апранацца. У няяркім святле начніка ён падбіраў сваю вопратку, якую кінуў на падлогу каля ложка.

— Зусім не будзе? — урэшце азвалася яна.

— Зусім.

— Знайшоў сабе кагосьці яшчэ? Ці вырашыў цалкам вярнуцца ў сям’ю — да жонкі і траіх дзяцей?

— Ты маю сям’ю не чапай! — вызверыўся Лявон.

— Ага, гэта ж я была часова, а сям’я — гэта вечныя каштоўнасці, як банк “Імперыял”, — з амаль непрыхаваным здзекам згадала Лена даўнюю рэкламу.

Лявон засяроджана нацягваў шкарпэткі.

Жанчына паднялася і, наблізіўшыся да яго са спіны, абхапіла ў абдоймы.

— Што здарылася? — гарачы шэпт у самае вуха.

Яе каханак памаўчаў. Ён відавочна вагаўся, ці варта неяк тлумачыць і ўвогуле нешта гаварыць у адказ на гэтае няпростае пытанне.

— У мяне праблемы. Вялікія праблемы, — урэшце прагаварыў ён, так і трымаючы ў руках адну ненадзетую шкарпэтку.

— У бізнэсе?

Ён кіўнуў.

— Гэта ж толькі грошы. У адным месцы страціш — у іншым знойдзеш, а? — Лена спрабавала суцешыць як магла. Расчапіўшы абдоймы, яна пачала гладзіць Лявона па галаве, па спіне.

— Каб жа… — цяжкі ўздых вырваўся з яго горла і быццам знёс нейкую загароду, без якой словы лінулі на волю шырокай плынню.

— У мяне хочуць адціснуць бізнэс. Ёсць такі Панкоў. Ён прыйшоў да мяне і прапанаваў прадаць кампанію — хацеў маю аб’яднаць са сваёй. Ну, я-то на рынку ўжо дзесяць гадоў, у мяне сталая кліентура, у мяне рэпутацыя… А ён хто? У яго ўвогуле інтарэсы былі ў іншай сферы, але цяпер ён вырашыў пашырыць бізнэс. І мая фірма яму стала муляць… Я прадаваць адмовіўся, прапанаваў: “Калі хочаш — можам аб’яднацца і быць суўладальнікамі”. Але тут ужо ён закруціў носам.

Лявон так і не павярнуўся да каханкі — ён працягваў сядзець, прамаўляючы свой маналог процілеглай сценцы.

— Каб я ведаў, чым гэта абернецца, я б свой бізнэс прадаў яму яшчэ тады. Але розум прыходзіць па шкодзе… З падачы Панкова да мяне зачасцілі праверкі і ўрэшце павесілі нявыплату падаткаў. Цяпер я ўжо сам прапанаваў яму купіць маю фірму, але ён адказаў, што раней трэба было думаць. А я ад яго, маўляў, ніякай літасці не дачакаюся, хоць бы нават надумаўся яму чаравікі цалаваць…

— Дык заплаці ты ім гэтыя падаткі!

— І спі спакойна? — гмыкнуў мужчына. — Не-е-е, не для таго на мяне іх навесілі, каб я мог іх заплаціць. Там недаплачаных падаткаў напісалі столькі, што мне не хопіць грошай на іх выплату, калі я прадам увесь свой бізнэс.

— І што ты будзеш рабіць?

Лявон нацягнуў нарэшце шкарпэтку і падняўся. Калі ён павярнуўся да Лены, яго позірк быў халодны і рашучы:

— Мне трэба знікнуць. Так каб мяне доўга шукалі, але ўсё адно не знайшлі. Спадзяюся, Панкову хопіць маёй фірмы, на сям’і ён злосць спаганяць не будзе.

— Значыць, асядзеш дзе-небудзь у Бельгіі?

— Ці ў Аргенціне, — перасмыкнуў ён плячыма. — Кажуць, там нават Гітлеру з Борманам удалося схавацца — няўжо ў мяне не атрымаецца?

…Калі дзверы шчоўкнулі, назаўсёды адзяляючы Лявона ад яе, Лена пайшла на кухню. Праз вакно яна бачыла, як знаёмая постаць выйшла з пад’езда і села ў выкліканую таксоўку. “Нават не азірнуўся”, — з горыччу канстатавала яна.

***

Сям’я Зяблікаў была дома, калі ў дзверы нехта пазваніў, а потым стаў бухаць кулаком.

Даніла апусціў смык і прыслухаўся.

Зоська перастала круціцца перад люстэркам, дзе яна разглядала новую сінюю сукенку, і прыслухалася.

Сымон адклаў кнігу і прыслухаўся.

— Іду, іду, — Марыля здзівілася: хто гэта так нецярпліва рвецца да іх у госці.

Праз імгненне дзеці пачулі роспачны мамчын крык. Ён узляцеў на высокай ноце і рэзка абарваўся — гэтак сама нечакана, як і ўзнік.

Сымон, Зоська і Даніла выскачылі са сваіх пакояў — самлелую маці трымаў на руках іх сусед. На недаўменныя позіркі ён прагаварыў непаслухмянымі вуснамі:

— Бацька павесіўся…

Апублiкавана 30.03.2020  00:30