Tag Archives: Давид Ротман

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (22)

Адгрымеў яўрэйскі фэст у сэрцы Мінска, паміж праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам, – надышла пара асэнсаваць падзею, не абмяжоўваючыся cерыяй фотаздымкаў… Месца для прэзентацыі восеньскіх святаў (Рош Гашонэ, Ём-Кіпер, Сімхэс-Тойрэ, Сукес) было не самае дарэчнае, тым болей што па суседстве якраз бомкалі званы, аднак пляцоўка вызначалася гарадскімі ўладамі. Мінгарвыканкам, побач з Саюзам бел. яўр. аб’яднанняў і абшчын, пасольствам Ізраіля ды інш., выступаў і ў якасці саарганізатара. Рабін з Крапоткіна, 22 (Шнеўр Дайч) пракаментаваў у пэйсбуку не без скепсісу: «Месца правядзення вызначана Мінгарвыканкамам. Апрача таго, ён жа забяспечвае камунальную інфраструктуру плошчы, што важна. Да кашэрнасці гэта ніякага дачынення не мае. І да палажэнняў Торы таксама». Паводле прадстаўніка «прагрэсіўнага іудаізму», была ажыццёўлена хітрамудрая камбінацыя: гарвыканкам перанёс «мерапрыемства» з суботы на нядзелю, а «мы згадзіліся на прапанаваную пляцоўку».

Улады, якія заахвочваюць джазавыя сэйшны ды «святы нацыянальных культур» (грузінскай, малдаўскай, італьянскай, нават бразільскай), натуральна, маюць свой інтарэс. Валавы ўнутраны прадукт краіны «прасеў», паводле афіцыйных (!) звестак, на 2,5%. Сярэдні заробак у Беларусі сёлета ўпаў прыкладна на 4%, а рэальныя даходы ў першым паўгоддзі 2016 г. у параўнанні з 2015 г. – аж на 7%. За 2015 год колькасць звольненых перавысіла колькасць нанятых на 83,5 тыс., за першыя восем месяцаў 2016 г. – ужо больш чым на 90 тыс. чалавек. У судах краіны ляжыць звыш 3000 спраў аб банкруцтве. Відовішчы здольныя на нейкі час адцягнуць увагу ад эканамічнай палітыкі, праз якую становіцца менш «хлеба», ад квазівыбараў 2015-16 гг., ад cістэмных здзекаў з людзей у месцах зняволення (можа, у нечым і перабольшвае Ірына Халіп, калі піша, што «турмы і калоніі даўно ператварыліся ў канцлагеры», але зразумець яе можна – сама ж сядзела, муж сядзеў)… Нарэшце, ад упартага будаўніцтва АЭС у памежным з Літвой раёне, якое ўжо забрала – ізноў паводле афіцыйнай інфы! – жыцці мінімум трох чалавек… Гэй, там, наверсе – не можаце спыніць будоўлю, дык хоць даручыце кантроль над ёй Сямёну Шапіру, які ў 2011 г. ганарыўся: «Вось узначальваў я калісь аграпрадпрыемства “Маяк”, магчыма, быў жорсткім кіраўніком, але ні адзін чалавек у мяне на рабоце не загінуў, нікому ніводзін палец не адарвала на вытворчасці». Наўрад ці Шапіра зманіў – пры жаданні яго заявы адносна лёгка праверыць.

Мне зразумелая, а ў нечым блізкая лінія суполак, што карыстаюцца момантам і дэманструюць свае дасягненні, рэальныя і ўяўныя, як мага большай колькасці людзей… Выжываць жа неяк трэба. Так, фестывалі яўрэйскай культуры ладзіліся ў Мінску і раней, але, як правіла, у закрытых памяшканнях з платай за ўваход і/або фэйс-кантролем. На адной з цэнтральных плошчаў, без бар’ераў – дапраўды, упершыню, і гэта прываблівала само па сабе. Праўда, людзей у мінулую нядзелю сцяклося не так ужо і багата – на «грузінскім» фэсце ў канцы жніўня «яўка» зашкальвала. Магчыма, справа і ў надвор’і (25 верасня было даволі пахмурна, каля +10).

Выглядае, старое «на яўрэйскай вуліцы» змагаецца з новым… Новае – тая самая адкрытасць, рознастайнасць культурніцкіх прапаноў у палатках і побач з палаткамі, увага да наведвальнікаў з боку валанцёраў (на фота з tut.by – у белых маечках; іх на свяце гойсала цэлая рота:).

valantery

Старое – памылкі на стэндзе, жаданне ўпхнуць у асноўную праграму «ўсё і ўсіх» (без некаторых нумароў «мастацкай самадзейнасці» імпрэза нічога не прайграла б), раздача малаактуальных матэрыялаў… Паказаны ніжэй буклецік пачатку 2000-х устарэў к восені 2016 г. працэнтаў на 50, пачынаючы ад спасылкі на meod.by (сайт пару гадоў не працуе) і тэлефонаў. Ну, адрас яўрэйскага абшчыннага дома на В. Харужай, 28 не змяніўся, і тое добра.

buklet

Кідалася ў вочы i непераборлівасць у кулінарных прапановах – не толькі мне, шмат каму з гасцёў. Як з’едліва заўважыў каментатар артыкула на тутбаі, «што павесяліла, дык гэта ўсюдыіснасць свінога шашлыка! Пах яго проста лунаў над натоўпам».

Як бы там ні было, «унзэрэ ідышэ гас» жывая, і дзякуй Б-гу. А вось яшчэ някепская навіна пра рэальныя, а не фігуральныя вуліцы горада Мінска: сям-там пад сучаснымі з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі (такое даўно практыкуецца ў Магілёве, а таксама, як паведаміла «РС», у Баранавічах і Клецку). Варта спадзявацца, што чарга дойдзе таксама да Калектарнай, перад 1934 г. – Яўрэйскай. У канцы 1980-х – пачатку 1990-х мінскія актывісты настойвалі, каб вярнулі ранейшую назву, ім даваліся абяцанкі… У рэшце рэшт, адказны за культуру ў гарсавеце Ігар Чарняўскі (дарэчы, выхадзец з БНФ) заблакаваў справу. Цяпер ён даслужыўся ажно да начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры – з такім начальнікам за спадчыну можна не перажываць, вось і ў Брэсце гэта ведаюць

Ад уключэння дома з «калоніі Варбурга» ў «ахоўны спіс» напярэдадні зносу патыхае гэткім жа цынізмам, як ад гісторыі, што здарылася на Дзімітрава-тры ў Мінску акурат 15 год таму. Праўда, у другой гісторыі І. Чарняўскі ні пры чым – ну, амаль… Там прыклалі ручкі старшыня Мінгарвыканкама Паўлаў і галоўны архітэктар сталіцы Чадовіч, «галоўны мастак» Буралкін (усе памерлі ўжо), міністр культуры Гуляка і «галоўны культур-ахоўнік» Бубноўскі, якія перайшлі на іншыя пасады, «галоўны яўрэй» Левін (25.09.2016 на пл. Свабоды яго творчасці была прысвечана асобная экспазіцыя).

Трудна забыцца, як баязліва трымаў сябе ў 2001-2002 гг. рэдактар газеты «Авив», які па смерці Л. М. Левіна ў 2014 г. заняў яго пасаду. Не была ўзорам смеласці і яго прамова са сцэны на пл. Свабоды ў 2016 г.: «Мінск заўсёды быў крышачку яўрэйскім горадам… Як і крышачку польскім, крышачку рускім». Гэтае «крышачку» (у арыгінале прагучала «немножко») таксама сталася адной з лыжачак дзёгцю. Нагадаю: 120 год таму нашы продкі ў Мінску пераважалі, сягаючы 52% насельніцтва, і шчэ не адно дзесяцігоддзе былі асноўнай этнічнай групай у горадзе.

Аднак няможна адмаўляць наяўнасць арганізатарскіх жылак ані ў самога Барыса Ізідоравіча, ані ў яго баявой намесніцы (правялі ж «Лімуд-2014» у Віцебску, «Лімуд-2016» у Мінску…). Сваю ролю ў актывізацыі яўрэйскага жыцця адыграла, безумоўна, і ўвядзенне ў лістападзе 2015 г. бязвізавага рэжыму паміж Ізраілем і Беларуссю: ізраільцаў сёлета бачыў у Мінску больш, чым у ранейшыя гады. А што ж будзе, калі ў краіну пачнуць без віз пускаць амерыканцаў і «разных прочих шведов» (адпаведны дакумент абяцаюць зацвердзіць яшчэ ў 2016 г.)? На яўрэяў Беларусі, дый усіх грамадзян «сінявокай», абрынецца проста-такі залатое дно залаты дождж!

Забаўна чытаць, як намеснік міністра спорту і турызму шкадуе пра «адсутнасць інфраструктуры»: ці то «сусветны крызіс» вінаваты, што ў Беларусі не хапае хостэлаў, кемпінгаў і эфектыўных менеджараў, ці тое была шпілька ўраду, на які працуе пан Партной?.. Ясна адно: могілкі і сінагогі аднаўляць прыйдзецца – калі прыйдзецца – збольшага самім яўрэйскім суполкам Беларусі (падказка, з якіх сінагог пачынаць – тут, а могілкі вымагаюць догляду амаль у кожным былым мястэчку). Калі «Дзень яўрэйскай культуры» гэтаму паспрыяе, то я рукамі і нагамі за такія «дні».

У чэрвені высоўвалася ідэя – правесці сярод беларускіх яўрэяў сацыялагічнае апытанне, каб ведаць, якія ў іх (нас) прыярытэты. За тры месяцы ніхто, наколькі ведаю, не зацікавіўся. Зрэшты, чаго дзівіцца: як казаў абазнаны даследчык яшчэ ў 2008 г., «у Расіі сацыялогіі няма» (абвяшчэнне «Аналітычнага цэнтра Юрыя Лявады» у пачатку верасня 2016 г. «замежным агентам» намякае, што не дужа яна там і патрэбна). Сумневы ёсць і ў тым, што навуковая сацыялогія – не папса а-ля «Экаом» – запатрабавана ў Беларусі… Наступную «вясёлую карцінку» адмін сайта Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук змясціў, як запэўнівае, выпадкова (ёсць падазрэнні, што проста хацеў раскруціць свой сціплы рэсурс).

matrix

У чымсьці гэтая «матрыца» добра сімвалізуе стан навуковай супольнасці ў Беларусі. Асобы ў «супольнасці» не самакаштоўныя, іх лёгка замяніць; начальства ж (на фотках – намесніца дырэктара інстытута) вольнае «падгрэсці» пад сябе ўсё і ўсіх.

Шэфа названай установы ў 2009 г. злавілі былі на «смажаным» (гл. допіс з гаваркой назвай «Партыі, афіцыйная паліталёгія і плагіят» у часопісе «Аrche» № 11-12, 2009), а ён і ў вус не дзьме. Наадварот, улетку 2016 г. побач з іншым «чэсным» сацыёлагам Давідам Ротманам у фільміку БТ «Примат НИСЭПИ» абрынуўся з крытыкай на недзяржаўную структуру – інстытут пад кіраўніцтвам д-ра Манаева. Апошні даўно зарэгістраваў сваю кантору ў Літве, аднак пасля абвінавачванняў у тым, што адно імітуе працу, вырашыў спыніць працу на тэрыторыі Беларусі. Пагарачыўся, на маю думку…

Якім бы ні быў Алег Манаеў (адзін з яго аўтарытэтных калег, якога я папрасіў ацаніць верагоднасць фактаў, прыведзеных «тэлеследчымі», намаляваў партрэцік адоранага кар’ерыста: пад канец існавання СССР пішчом лез у партыю, дужа палюбляў грошы…), дзейнасць НІСЭПД захоўвала ў тутэйшай сацыялогіі пэўны баланс. Каб жа зараз «вада Кубань-ракі» не пацякла выключненька туды, куды скажуць «бальшавікі»… Нават калі б я меў грошы на сур’ёзнае апытанне, то не звярнуўся б з замовай ні да былога інструктара абкама КПБ Катлярова з Інстытута сацыялогіі, ні да праф. Ротмана з БДУ. Слова тав. Кебічу, які пагарэў на выбарах 1994 г.: «Сацыёлагі падклалі мне свінчо. Ці то баючыся, што праўдзівыя вынікі могуць мяне стурбаваць і я адмоўлюся ад далейшых іх паслуг, ці то па парадзе кагосьці з маёй каманды Давід Ротман пачаў выдаваць падкарэктаваныя, вясёлкавыя прагнозы, то бок кіраваўся кан’юнктурнымі меркаваннямі. А шкада. Ён – высокапрафесійны сацыёлаг… Калі б ён заняў прынцыповую пазіцыю, то, можа быць, я змог бы ўнесці ў дзейнасць майго штаба істотныя карэктывы…» («Искушение властью», 2008). Незалежная ад экс-прэм’ер-міністра крыніца пацвердзіла мне, што прагнозы Д. Р. напярэдадні выбараў 1994 г. выявіліся некарэктнымі, так што звіняйце, дзядзьку, коль туў улегітраот.

Зірнуць бы на новае пакаленне сацыёлагаў ды іншых разумнікаў у сценах інтэлектуальнага клуба пад эгідай Адзінага Нобелеўскага Лаўрэата… Аднак інаўгурацыя, пра якую гаварылася з канца 2015 г. (8 мая г. г. яе меркавалі зладзіць у верасні 2016 г.), яўна адкладваецца. А гучала ўсё шматабяцальна: «я вырашыла [стварыць] інтэлектуальны клуб. Там будуць выступленні сапраўды вельмі вядомых у свеце, у Расіі, Беларусі інтэлектуалаў… Я буду весці і ўтрымліваць гэты клуб, за ўсё ж трэба плаціць… Кожны чалавек зможа наведаць яго, ніякіх закрытых клубаў».

Пакуль суд ды справа, у Мінску – на базе адной з пратэстанцкіх цэркваў – колькі гадоў дзейнічае «Ліцвінскі клуб». Не сказаў бы, што ён cамы «адкрыты», яго і адшукаць не так-та лёгка, але дзясяткі людзей (кандыдатаў навук у тым ліку) частуюцца за сталамі, абменьваюцца думкамі… Паўгода таму выпала выступіць тамака мне, дарма што не пратэстант і не кандыдат навук: у рамках тэмы «кніганошы ў Беларусі» згадаў распаўсюднікаў яўрэйскай літаратуры 1920-х гг. А зараз у клубе – #Скарынавечарыны! Рассылка тлумачыць іх памыснасць так: «500 год таму наша краіна спазнала тэхналягічны і культурны прарыў – па навейшых тэхналёгіях была надрукаваная першая беларуская Біблія». Вучыцеся, шаноўныя Святлана Аляксандраўна і Юлія Вісарыёнаўна

Вольф Рубінчык, г. Мінск

27.09.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Ад рэдакцыі. Мы не заўсёды згодныя з суб’ектыўнымі ацэнкамі нашых аўтараў, у тым ліку і В. Рубінчыка.

Апублiкавана 27.09.2016  21:36