Tag Archives: ЧК Беларуси

Таямніца Ірмы Яўнзем / Тайны Ирмы Яунзем

04-05-2021 Ніна Стужынская

Калі запаволіць на пару хвілін хаду ля дома №29 па вуліцы Карла Маркса, можна заўважыць шыльду, якая паведамляе, што вядомая савецкая спявачка Ірма Яўнзем вучылася ў жаночай Марыінскай гімназіі, якая знаходзілася ў гэтым будынку з 1899 года і да пачатку Першай сусветнай вайны.
.

Цудоўны голас, мужны характар, на першы погляд, бліскучая сцэнічная кар’ера. Яе навучэнкамі былі Жанна Бічэўская і Ала Пугачова. Ірма, латышка па паходжанні, нарадзілася ў Мінску ў верасні 1897 года. Як сведчыць рамантычная сямейная гісторыя, бацькі Ірмы апынуліся ў беларускай сталіцы, каб пабрацца шлюбам, які быў немагчымы на радзіме. Няроўны саюз маладых людзей не віталі дзядуля і бабуля па маці Ірмы.

Шлях да славы і прызнання Ірмы Яўнзем у Савецкім Саюзе быў вельмі няпросты, і толькі вонкава выглядаў узорна: удзельнічала ў камуністычным агітцягніку на франтах Грамадзянскай вайны, аб’ездзіла краіну з народнай песняй, спявала ледзь не на ўсіх мовах народаў СССР. Рэпертуар быў насычаны песнямі з новага калгаснага фальклору, якія выдаваліся за народныя. Як і многія творчыя людзі той эпохі, Ірма Пятроўна аддала належнае ўслаўленню «Двух сокалаў» — Леніна і Сталіна. Біяграфія спявачкі пакідае ўражанне, што яна ўвесь час мусіла сведчыць пра сваю звышлаяльнасць да ўлады, падкрэсліваць сваю савецкасць і адданасць савецкай дзяржаве.
.

І.П. Яўнзем сярод працоўных завода Марці

І.П. Яўнзем сярод працоўных завода Марці

Падчас вялікага канцэртнага турнэ ў 1926–1927 гадах Ірма пісала дзённік. У Харбіне 20 лютага 1926 года пасля канцэрта ў чыгуначным калектыве савецкіх спецыялістаў яна пакінула наступны запіс: «Які жах… Ва ўсе газеты дасланы ананімныя лісты за подпісам “ахвяра” пра тое, што я быццам “чэкістка”, служыла ў ЧК, у Кіеве, Харкаве, і што маё мінулае — крывавая стужка. Як цяжка, калі кідаюць неабгрунтаваныя абвінавачанні». Беспадстаўнае абвінавачанне, хутчэй за ўсё, выклікала яе латышскае прозвішча. Як вядома, у тагачасных спецслужбах латышоў хапала. Тым не менш, спявачка адзначае грандыёзны поспех, які мелі яе выступленні. Немцы прапаноўвалі кантракты ў Заходняй Еўропе і Амерыцы. З гонарам піша яна пра канцэрт у прысутнасці імператарскай сям’і ў Японіі.

.

У аўтабіяграфічных зацемках спявачка не забывала падкрэсліваць факт свайго знаёмства з Міхаілам Фрунзэ, начальнікам Мінскай гарадской міліцыі, згадвала знаёмства з «правільнымі людзьмі», сяброўства з жонкамі чэкістаў. У трагічныя для Латвіі дні лета 1940 года адбыліся гастролі Ірмы Яўнзем у Рызе. Цыганскія рамансы, песні ў яе выкананні суправаджалі першыя крокі савецкага акупацыйнага рэжыму, які замацоўваўся турботамі Андрэя Вышынскага, пракурора-ката, жахлівага сімвала той эпохі.

У 1932 годзе Яўнзем атрымала званне заслужанай артысткі РСФСР, а ў 1957-м — народнай артысткі РСФСР. Народнай артысткай СССР Ірма Яўнзем так і не стала. Якая сямейная таямніца не дазволіла спявачцы дасягнуць вяршыні савецкага афіцыйнага прызнання?

Адчувалася, што было нешта ў біяграфіі Ірмы Яўнзем, што ўвесь час карэктавала яе паводзіны, уплывала на творчасць. Толькі пасля перабудовы ў выказваннях дачкі спявачкі (пляменніцы, насамрэч) прамільгнула, што «ў 1921 годзе здарылася трагедыя — бацьку (Ірмы. — Аўт.) расстралялі за неіснуючую сувязь з падпольнымі арганізацыямі Барыса Савінкава. Яўнзем вымушана была вярнуцца дамоў (у Мінск. — Аўт.) разам з мужам». Дачка паведаміла таксама пра некаторыя абставіны гібелі Пятра Яўнзема. «У 1921 годзе мой дзед быў расстраляны быццам за дапамогу ад’ютанту Савенкова (Савінкава. — Аўт.). У гэты час Ірма Пятроўна адсутнічала ў Мінску, яна была на гастролях… Як я чула ад маці, сутнасць была ў тым, што малады ад’ютант Савенкова некалькі разоў быў у доме майго дзеда, паколькі заляцаўся да яго малодшай дачкі — Эльфы (Эльфрыды. — Аўт.)».

Наступствы візітаў таямнічага «ад’ютанта» для сям’і былі жахлівыя. Сёстры трапілі ў ЧК. Эльфрыда звар’яцела. Доўгі час у біяграфічных зацемках спявачка пісала, што ў пачатку 1920-х гадоў голад і нястача прымусілі яе і сясцёр вандраваць па беларускіх вёсках і абменьваць свае рэчы на прадукты. Гэта праўда, як і тое, што маладыя жанчыны з’ехалі далей ад Мінска, дзе чэкісты праводзілі масавыя арышты контррэвалюцыянераў. У беларускай сталіцы пачалася аперацыя па ліквідацыі антысавецкага падполля, савінкаўскай і зялёнадубскай агентуры.

Вымушаныя вандроўкі мелі і добры вынік. Будучая зорка сабрала каля 100 беларускіх песень, заслуга яе перад беларускай культурай у поўнай ступені не ацэненая і сёння.

.

Палітычнае і культурнае жыццё ў сталіцы савецкай Беларусі ў 1921 годзе, яшчэ не заціснутае ў рэпрэсіўныя абцугі, віравала ў адкрытую і ўпотайку. Савецкая ўлада была слабая, яе хісткае становішча давала надзею палітычнай апазіцыі на хуткія змены.

Вельмі актыўным быў падпольны рух супраць новай улады. Лясная партызанская вайна, што разгарнулася на беларускіх тэрыторыях, суправаджалася стварэннем шырокай падпольнай сеткі ў гарадах і мястэчках. Цэнтры ўзброенай апазіцыі — Беларуская сялянская партыя «Зялёны дуб» з атаманам Дзергачом (сапр. Адамовіч) на чале і яго хаўруснік Народны саюз абароны радзімы і свабоды (далей — НСАРС, Саюз) пад кіраўніцтвам Барыса Савінкава — знаходзіліся за мяжой. У Мінску дзейнічала агентура антысавецкіх арганізацый.

У сваю чаргу, чэкісты правялі аперацыю «Крот», мэтай якой была ліквідацыя ў Беларусі контррэвалюцыйных камітэтаў. Агульная зводка ЧК Беларусі за тэрмін са жніўня па верасень 1921 года пад назвай «Крот», падрыхтаваная для маскоўскага кіраўніцтва, засведчыла, што выкрыццё ўзброенай апазіцыі ў Мінску і Мінскай губерні стала магчымым толькі пасля тэлеграмы гомельскіх чэкістаў з інфармацыяй пра явачныя кватэры Саюза ў Мінску. У мэтах праверкі на кватэры, пазначаныя ў тэлеграме, спачатку былі накіраваны сексоты. З Гомеля ў Мінск прыехалі аператыўнік Уладзімір Марчанка з палатняным (каб абгарнуць цела) пасведчаннем НСАРС і савінкавец-здраднік Іосіф Зянкевіч. Апошні павінен быў прадставіць чэкіста мінскім калегам як новага сябра.
.
.

У гомельскім спісе былі пазначаныя кватэры мінскіх актывістаў савінкаўскай арганізацыі. Да сваіх землякоў — латышоў Яўнземаў — у студзені завітаў Эдуард Аперпут, легендарны правакатар, якому прысвечаны цэлы тузін літаратурных твораў, герой фільмаў пра шпіёнаў і доблесных чэкістаў. У гэты час ён падтрымліваў Савінкава, займаў адну з кіруючых пасад у Заходнім (Гомельскім) камітэце Народнага саюза. Але пасля арышту лёгка быў перавербаваны чэкістамі (ці адразу быў агентам-кратом з пэўным заданнем) і адыграў адну з галоўных роляў у разгроме мінскіх антысавецкіх структур. Чалавек без сумлення, ідэйных перакананняў, з хісткай мараллю. З вялікай верагоднасцю можна казаць, што менавіта гэты лавелас і сноб зайшоў у нядобры час у гасцінны дом Яўнземаў.

Ірма Яўнзем праводзіла заняткі ў сваёй кватэры

Ірма Яўнзем праводзіла заняткі ў сваёй кватэры

Гаспадары явачнай кватэры, — Яўнзем Пётр Іванавіч, 44-гадовы бухгалтар, лютэранін, і яго жонка Эвеліна, бацькі 4-х дачок — Ірмгарды, Фларэнціны, Эвеліны і Эльфрыды. Пётр Яўнзем паходзіў з вёскі Ландзіны Унгермуйжскай воласці Дзвінскага павету (цяпер Латвія). Адрас, які пазначаны быў у чэкісцкай тэлеграме з Гомеля, дзе пражывала сям’я, — Мінск, Новакаломенскі (на сямейных фота пазначаны Каломенскі) завулак, 3, кватэра 1 (цяпер вуліца Свярдлова). Анкета падследнага паведамляе, што Пётр Іванавіч меў сярэднюю адукацыю, валодаў сталярным майстэрствам, не цураўся грамадскай дзейнасці. У той час Пётр Іванавіч займаў пасаду казначэя Мінскай губернскага земскага камітэта дапамогі хворым і параненым байцам.

Яўнзем быў арыштаваны за контррэвалюцыйную дзейнасць, прыналежнасць да Саюза па так званай «Справе 48». Самыя розныя людзі з багата якіх куткоў Беларусі трапілі ў гэтую злавесную лічбу «48». Агенты Народнага саюза з Бабруйска, арыштаваныя ў сакавіку 1921 года (ці не з іх затрымання пачалася раскрутка савінкаўскага клубку?), свае людзі з памежжа на Мазыршчыне, Случчыне, дзяўчаты з канцылярый розных савецкіх устаноў і тэрарысты, якія чакалі сігналу на паўстанне, фігуруюць у спісах з прыпіскай «справа П. Яўнзема».

Турэмны сшытак П. Яўнзема пачаў запаўняцца 6 чэрвеня 1921 года. Пэўны тэрмін перад ДОПРам (Дом грамадска-прымусовай працы — мінская турма, сёння Валадарка), ён знаходзіўся ў падвалах ЧК. Адтуль яго перавялі з прыпіскай: «Трымаць асобна, у ізаляцыі», тым самым яму адводзілася роля аднаго з важных чальцоў арганізацыі. Разам з бацькам была арыштаваная 20-гадовая Эвеліна.
.
.
Справа Эльфрыды ў турэмным фондзе адсутнічае. Па заканчэнні следства яна звярталася да каменданта турмы з просьбай аб сустрэчы з Эвелінай. Просьба была задаволена. Пра што гаварылі сёстры перад расстрэлам бацькі? Невядома. Трагедыя паклала пачатак многім сямейным цяжкавырашальным праблемам.

Па справе Пятра Яўнзема праходзілі і іншыя людзі з такім прозвішчам — 33-гадовы Яўнзем Юльян Карлавіч, магчыма, сваяк, паходжаннем з Рэчыцкага павета, жыхар Мінска і, што цікава, справавод адной з дзяржаўных устаноў. У першай дзясятцы асуджаных да расстрэлу пасля Яўнземаў мінская сям’я Мезенаў — чатыры сястры і брат.

26 жніўня 1921 года Яўнземы былі вернутыя ў ЧК. Хутчэй за ўсё, у гэты час Пётр Яўнзем быў расстраляны разам з астатнімі фігурантамі справы. ЧК дасылае ў турму распараджэнне выкрасліць іх са спісаў вязняў. Можна меркаваць, што Эвеліна нейкі час адбывала пакаранне ў Мінскім канцлагеры, які быў адкрыты ў сакавіку 1921 года з мэтай утрымання нелаяльных да савецкай улады людзей і выкарыстання іх у якасці таннай працоўнай сілы.

.

30-я гады прынеслі Яўнземам новыя выпрабаванні. У 1933-м за мяжу збег муж Эвеліны. Трэба было чакаць непрыемных наступстваў. Сям’я і так не знікала з поля зроку НКУС. Ірма Пятроўна ўдачарыла пляменніцу, дачку Эвеліны, пры жывой маці. Гэта быў крок, каб прадухіліць бяду. У 1937 годзе памерла маці. Трагічна склаўся лёс яшчэ адной сястры — Флоры (Фларэнціны). На пачатку снежня 1940 года пасля выкліку ў Ленінградскае КДБ яна была знойдзена ў сябе дома ў пятлі з перарэзанымі венамі.

Можа быць, таму Ірму Яўнзем так краналі несправядлівыя абвінавачванні ў супрацы з ЧК?

 

Крыніца

Апублiкавана 04.05.2021  13:56