Tag Archives: чемпионат мира по знанию Торы

Вице-чемпион по Торе из Гродно

Ад рэдакцыі. Па меры сіл мы адсочваем тое, што адбываецца ў розных рэгіёнах Беларусі – не толькі на Гомельшчыне. Парадавала навіна ад гродзенскіх калег, якую і прапануем ніжэй. Запрашаем чытачоў belisrael.info дасылаць інфармацыю пра цікавыя падзеі, звязаныя з беларускімі яўрэямі ва ўсім свеце.

СТЫЛЬ ЖЫЦЦЯ

Гарадзенец заняў другое месца на чэмпіянаце свету па веданні Торы

01 чэрвеня 2016 | Руслан Кулевіч

знаток_торы_гродненец1

Міхаілу 16 гадоў, ён выхоўваецца ў шматдзетнай габрэйскай сям’і. Свой адзіны шанец адправіцца ў Ізраіль на чэмпіянат свету па веданні Торы гарадзенец не выпусціў. У выніку – вярнуўся дадому з ганаровым другім месцам.   Усяго ў спаборніцтвах, якія праходзілі ў сярэдзіне мая ў Ізраілі, было 65 удзельнікаў з 36 краін свету. Першы адборачны тур Міхаіл прайшоў удала і трапіў у другі.   Некалькі гадоў таму на гэтыя спаборніцтвы ездзіў яго брат, але тады ён выступіў няўдала. Міхаіл жа пастараўся за сябе і за брата, бо паўдзельнічаць у падобным конкурсе ёсць толькі адна магчымасць у жыцці. “Гэта конкурс на веданне Торы і Танаха. Я туды паехаў як прадстаўнік ад гарадзенскай абшчыны. І як адзін з двух прадстаўнікоў ад Беларусі”, – кажа Мiша.   Другі тур праходзіў наступным чынам: на сцэне было 16 удзельнікаў, пасля першага этапу заставалася 8 лепшых, потым 4, а ў канцы толькі 2. Два апошнія ўдзельнікі выходзілі за стойкі і журы задавала пытанні, для кожнага на яго роднай мове. Дзякуючы веданню пісання, Міхаіл змог дабрацца ажно да другога месца, пераможцам жа стаў прадстаўнік ЗША.

знаток_торы_гродненец3

Перад конкурсам Міхаіл дзве гадзіны ў дзень надаваў чытанню адмысловых кніг. У сярэднім жа Тору ён чытае па 30 хвілін у дзень. Хлопец упэўнены, што ў гэтай кнізе запісаны асноўныя запаветы жыцця, якія актуальныя і сёння. “Я ведаю і вывучаю Тору з самага дзяцінства. Тора і Танах – гэта Стары Запавет з Бібліі. Як рэлігійны чалавек, я лічу сваім абавязкам ведаць гэтыя кнігі. Лічу, што не толькі габрэі павінны ведаць іх, але і кожны хрысціянін павінен іх вывучаць, таму што яны частка Бібліі. Не ведаючы гэтых кніг, а толькі Новы запавет, чалавек не даведаецца да канца сваёй веры, яе вытокаў і гісторыі”.

знаток_торы_гродненец4

Пакуль Міхаіл вучыцца ў Гродне ў Палітэхнічным каледжы, а ў будучыні хоча адкрыць сваю будаўнічую фірму. Але разважае і пра магчымасць з’ехаць у Ізраіль.   “Я лічу, што габрэі, калі ёсць магчымасць, павінны жыць у Ізраілі. Габрэі жылі ў Гродне, як і ў многіх іншых гарадах, толькі таму, што не было дзяржавы Ізраіль. А паколькі ў Торы і Танах ёсць запаведзь пра тое, каб жыць на зямлі, якую Бог даў габрэям, то жыццё абшчын губляе сэнс”.

Апублiкавана 2.06.2016  11:27