27-08-2021 Дзіяна Серадзюк

Затрымалі, калі ішлі на гадавіну стварэння Мінскага гета
— Гэта атрымалася вельмі сімвалічна: мяне затрымалі, калі мы з мужам ішлі на мерапрыемства, прысвечанае гадавіне стварэння Мінскага гета, павінна была адбыцца памятная цырымонія ў Мінскім адукацыйным цэнтры, — узгадвае Таццяна.
Яна прызнаецца, што ўвага з боку КДБ была нечаканай, бо ўся яе дзейнасць была сканцэнтраваная на сацыяльна-культурных і гістарычных праектах.
— Я ніколі не хавала сваіх палітычных поглядаў, але не была надта ангажаваным у палітыку чалавекам, — тлумачыць суразмоўца.
З іншага боку, бачачы, што адбываецца з грамадскім сектарам, мець ілюзіі наконт таго, што «Гісторыку» цунамі рэпрэсій абміне, было б дзіўна. Калісьці Таццяна ўзначальвала гэтае моладзевае грамадскае аб’яднанне, а яе муж Андрэй Мастыка, якога затрымалі ў той жа дзень, і па сёння з’яўляецца намеснікам старшыні.
Таццяна ішла на мерапрыемства разам з мужам, але на падыходзе да Цэнтра да іх падышлі двое і паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ. Дзяўчыну забралі адразу (прычым затрыманне адмаўлялі, настойвалі на «гутарцы»), а Андрэя чамусьці адпусцілі.
Чатыры гадзіны спрабавалі «паразмаўляць»
— Момант і першы дзень затрымання быў самым цяжкім: трэба было прыняць, што ты ўжо нікуды не спяшаешся, планаў на вечар ужо няма. Пракручваеш у галаве, што з мужам, коткай, мамай, разумееш, што нічога не зможаш з імі зрабіць, і невядома, колькі — дзень ці некалькі гадоў. Добра, што муж паспеў паведаміць пра затрыманне — розгалас заўжды дапамагае.
У кабінеце з Таццянай увесь час спрабавалі «паразмаўляць». Спачатку ад разгубленасці яна не разумела сэнсу пытанняў, потым вырашыла, што не будзе нічога казаць прынцыпова. Запытваліся хоць пра што: ад палітычных поглядаў да адукацыі, спрабавалі даведацца пра кантакты і пра тое, ці перадавала яна грошы «асобам пратэснай накіраванасці». Былі класічныя «добры і злы паліцэйскі». А потым ёй паказалі вынікі ператрусу ў яе дома.
— На тэлефоне мне паказалі фотаздымкі маіх грошай на маёй канапе. Там было тры з паловай тысячы еўра, якія яны, канешне ж, забралі. Адзінае, што я патлумачыла — што гэта за грошы, хоць сума і не такая буйная. Не так даўно мой дзядуля атрымаў спадчыну і падарыў мне долю кватэры, якую я прадала. Гэта былі грошы за тую кватэру, я іх укладала ў рамонт дзядулевай кватэры, у якой ён жыве.
Ужо ў сем гадзін вечара (яе затрымалі амаль а 15-й) Таццяне далі падпісаць паперы аб затрыманні. Яна моцна здзівілася, калі ўбачыла артыкул, па якім яна праходзіць падазраванай: акт тэрарызму (арт.289 Крымінальнага кодэкса). Па яе словах, справа абсалютна прыцягнутая за вушы, і ніякага дачынення да таго, у чым яе абвінавачваюць, яна не мае і блізка.
— Гэта быў момант, калі я абсалютна не спужалася. Спачатку было шчырае здзіўленне: дзе я, а дзе тэрарызм? Другой рэакцыяй было абурэнне, бо гэта відавочны момант запужвання. Мне было зразумела, што абвінавачанне не мае да мяне дачынення, і яны таксама гэта ведаюць.
Таццяна зазначае яшчэ адзін момант: сярод спробаў яе разгаварыць супрацоўнік спытаў — можа, яна адмаўляецца размаўляць, бо яны звяртаюцца да яе па-руску? Сказаўшы гэта, ён перайшоў на добрую беларускую мову. Таксама гучалі і фразы кшталту: «Пагаварылі б з намі — і пайшлі дахаты, а раз супраціўляецеся — для пачатку будуць 10 сутак»..
.
Унітаз у камеры — шчасце
Першую ноч у СІЗА КДБ Таццяна правяла ў адзіноце і, падазрае, у карцары — «гэта было дзіўнае памяшканне без усяго».
— Там амаль няма жаночага персаналу, і, паколькі я прыйшла ўжо ўвечары, пасля сёмай гадзіны, не было каму здзейсніць асабісты дагляд. Без гэтага мяне не маглі перавесці ў камеру.
Туды яна трапіла толькі на наступны дзень — пасля дагляду і агляду ў доктара. Яму Таццяна шчыра ўдзячная, бо гэта аказаўся чалавек, які бездакорна выконвае свае абавязкі. Ён даў супакаяльныя кроплі, патлумачыў, калі да яго можна звяртацца, якія прэпараты ёсць у СІЗА і як напісаць заяву, каб неабходныя лекі прынялі ў перадачы.
Толькі ў камеры арганізм трохі расслабіўся і Таццяна расплакалася — да гэтага не магла. Яна была пятай у памяшканні на чатыры чалавекі. Ёй далі драўляны шчыт, на якім яна спала на падлозе побач з унітазам. Дарэчы, гаворыць Таццяна, пашчасціла, што ў камеры ён быў — бо ёсць камеры і без яго. Агулам рамонту ў «амерыканцы», па ўражанні Таццяны, «не было з часоў Цанавы, а Еўразвяз гранта на рэканструкцыю аб’екта хіба не вылучаў». Паветра не хапала, хаця на прагулкі дзяўчат выводзілі.

«Яны не разумеюць, што людзі выходзілі не за палітыку»
На наступныя дзевяць дзён пра Таццяну забыліся — толькі аднойчы з ёй яшчэ раз паспрабавалі «паразмаўляць». Ёй не перадалі перадачы і лісты ад блізкіх. Таксама да яе не дапускалі адваката, хоць ён намагаўся сустрэцца, допыт з ім адбыўся толькі на дзявяты дзень.
— Адвакат надзвычай важны проста фактам сваёй прысутнасці. Ты 10 дзён знаходзішся ў ізаляцыі, і раптам побач з табой сядзіць той, хто за цябе. Гэта насамрэч вельмі вялікая падтрымка. Ну і юрыдычная, вядома, хоць у цяперашніх варунках гэта і другасна.
Таццяна ўзгадвае, што яшчэ ў першы дзень у яе адбыўся цікавы дыялог са следчым. Былі пытанні пра вучобу і паездкі за мяжу, а перад тым, як даць на подпіс пратакол затрымання, ён спытаў: «Я не понимаю, почему вы вообще не уехали?».
.
Хоць, прызнаецца Таццяна, думкі пра ад’езд у яе ўзнікалі і раней — і ў 2020 годзе, і ў 2015. Але ў Беларусі шмат што трымае. Адна справа — паехаць на стажыроўку, а іншая — усё пакінуць, і з’ехаць «толькі таму, што нехта лічыць, што ён — патрыёт, а я — не».
Па словах Таццяны, людзі гэтай сістэмы шчыра ўпэўненыя, што рэвалюцыя робіцца за грошы, і ўсім кіруюць з-за мяжы лялькаводы.
«Будучыню немагчыма перамагчы»
Таццяна раіць у стасунках з сілавікамі кіравацца вядомым правілам «не вер, не бойся, не прасі». І ад сябе дадае: не спяшайся.
— Часам яны кідалі фразы кшталту «кстати, ваш муж тоже задержан» ці «кстати, адвокат у вас уже есть», і гэта было праўдай. Але тое, што яны доўгі час адмаўлялі, што я затрыманая, — праўдай не было. Таму давяраць нельга. Баяцца бессэнсоўна — што здарылася, тое здарылася. Ну і большасць пагрозаў беспадстаўная, таму што ў іх ёсць мэта — запужаць. «Не прасі» — я карысталася з гэтай парады, калі яны хацелі падлавіць і паказаць сваю добразычлівасць. У любым разе знойдуцца іншыя людзі, якія дапамогуць, Бог уладкуе. А наконт «не спяшайся» — з моманту затрымання час запавольваецца, і ты можаш чытаць любы дакумент столькі, колькі табе трэба, нягледзячы на тое, што следчы спяшаецца на абед ці ў яго заканчваецца працоўны дзень. Табе спяшацца няма куды.
А яшчэ Таццяна раіць не саромецца задаваць дадатковыя пытанні, калі нешта незразумела.
Пасля выхаду Таццяна даведалася, што ў СІЗА КДБ 10 сутак правёў і яе муж. Яго выпусцілі на дзве гадзіны раней. Выявілася, што падчас ператрусу, апроч грошай, забралі ўсю тэхніку, нейкія паперы, але самае крыўднае — на электронных носьбітах мужа забралі ўсе архіўныя матэрыялы, якія ён збіраў 10 гадоў, і фінальную версію дысертацыі Андрэя.
.
Свае 10 дзён зняволення Таццяна характарызуе як «не страшна, але бессэнсоўна». Дакладней, страх быў і ёсць, але смеласць — гэта не калі ты не баішся, а калі робіш крок насустрач свайму страху.
Хаця на здароўі гэтая сітуацыя адбілася не лепшым чынам, і яшчэ ёсць флэшбэкі ды дурныя сны. З’явіліся цяжкасці і ў бытавым плане, бо забралі розныя паперы і дакументы, дзе былі, напрыклад, спіс лекаў, якія трэба выпісаць маці, і тэлефоны дактароў.
.
Суразмоўца кажа, што не збіраецца спыняцца падтрымліваць палітвязняў і пацярпелых ад рэпрэсій — бо «нельга забараніць чалавечае ў чалавеку», таму што гэта супярэчыць чалавечай сутнасці.
— Будучыню немагчыма перамагчы, як можна ваяваць з новымі тэхналогіямі і ідэямі, калі яны ўжо ёсць? Немагчыма спыніць час і вярнуцца ў 1980-я асобнай краінай. У людзей ужо іншае мысленне, — перакананая Таццяна Мастыка.