90 гадоў таму, 6 верасня 1932 года, была падпісана да друку першая беларуская кніга па шашках – “Курс канцоў партый рускай шашачнай ігры” бабруйчаніна Якава Гордзіна. Кніга выйшла накладам 3 000 экземпляраў на беларускай мове да рэформы правапісу 1933 года, таму напісана так званай “тарашкевіцай”.
Кніга прызначалася для школ, клубных гурткоў і хат-чытальняў. Яна знаёміла пачынаючых аматараў шашачнай гульні з асноўнымі правіламі, натацыяй, апазіцыяй, самаабкладаннем і інш. Самы вялікі раздзел кнігі быў прысвечаны нармальным канчаткам і гульнявым эцюдам.
У ліпені 1933 года ў часопісе “64. Шахматы и шашки в массы” выйшла рэцэнзія на кнігу Гордзіна. Адзначаючы недахопы, бліскучы знаўца эндшпіляў Мікалай Кукуеў пісаў, што кніга займальная і карысная не толькі для пачаткоўцаў, але і для кваліфікаваных аматараў, і з’яўляецца добрым дапаможнікам.
Планаваўся выхад другой часткі кнігі, ужо разлічанай на больш кваліфікаваных шашыстаў. На жаль, яна так і не выйшла. Як і брашура “Как составляется шашечный этюд”, якую складаў Гордзін.
Аўтар кнігі Якаў Хаймавіч Гордзін – выдатны шашачны кампазітар, першы эцюд апублікаваў яшчэ ў 1901 годзе. Ён быў і шашыстам-практыкам, станавіўся прызёрам чэмпіянату Беларусі. Парадаксальна, але па ўспамінах сучаснікаў самым слабым яго месцам была … гульня ў эндшпілі. Загінуў Гордзін у 1941 годзе ў бабруйскім гета. Адзіную пакуль яго фатаграфію не лепшай якасці знайшоў у адным з нумароў “64. Шахматно-шашечной газеты” 1935 года.
Набыты мной у Нацыянальнай бібліятэцы скан кнігі даступны для скачвання тут – https://drive.google.com/file/d/1Td57RALvGdegPsdqizwzRXWA_0T3xJuJ/view?usp=sharing
Апублiкавана 07.09.2022 09:19
Ад belisrael. Мы вырашылі далучыць да змястоўнага артыкула Віталя Аніські нарыс Аркадзя Ракітніцкага (з кнігі апошняга “Дарагія аматары шашак”, Мінск, 1993), прысвечаны Я. Гордзіну.