Узі Вайль – «тарашкевіцаю»! / עוזי וייל בבלארוסית

Сёлета ў выдавецтве Ігара Логвінава выйшла чарговая кніга ізраільскага аўтара; не, ужо не Этгара Керэта, а Узі Вайля. Павал Касьцюкевіч, ён жа Павел Касцюкевіч, перакладаў Вайля здаўна – і нарэшце «закрыў гештальт», сабраўшы свае здабыткі пад адной вокладкай. Паглядзець на новы зборнік, а то нават і набыць яго, можна тут. Мы публікуем парачку рэчаў, якія нам даспадобы. Але сьпярша пачытайце анатацыю з капірайтамі

* * *

Майстар кароткай прозы, ізраільскі пісьменьнік і сцэнарыст Узі Вайль (нарадзіўся ў 1964 годзе ў кібуцы Газіт) добра вядомы беларускаму чытачу па публікацыях у газэце «Наша Ніва» і бюлетэні «Мы яшчэ тут!», а таксама ў часопісе «ARCHE». Яго апавяданьне «Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу» ў 2009 годзе дало назву першай анталёгіі ізраільскае прозы па-беларуску.

У кнізе «Буржуазія задаволена не да канца» сабраныя апавяданьні і скетчы аўтара, якія моцна розьняцца паводле мэтаду: адны з іх – рэалістычныя, іншыя – фантастычныя, трэція – містычныя, але ўсе яны маюць справу з няўлоўнай сутнасьцю шчасьця, каханьня, сьмерці і болю.

Published with the support of the Institute for the Translation of Hebrew Literature, Israel and The Embassy of Israel in Minsk

«Chosen stories». Copyright © 2018 by Uzi Weil

© Павал Касьцюкевіч, пераклад з іўрыту, 2018

© Logvino Literatūros namai, 2018

 

Так Узі Вайль у 2007 г. вітаў чытачоў «Мы яшчэ тут!». Пераклад: «Вы не знаёмыя са мною, я не знаёмы з вамі. З другога боку, Адам і Эва таксама спачатку не ведалі адно аднаго, а паглядзіце, што з гэтага выйшла. Спадзяюся, вам спадабаецца». А зьлева – ён сам (фота з shortstoryproject.com).

* * *

Гэта не «Хамас», гэта Сьмерць, каб яна здохла

Праз колькі хвілін пасьля таго, як дзіця нарэшце заснула, Мэір Коэн зьняможана паваліўся на канапу ў гасьцёўні.

– Сьпіць? – запытала Раніт.

– Сьпіць, – адказаў ён.

Вочы міжволі зьліпаліся, і тут у дзьверы пазванілі. Раніт пайшла адчыняць. На парозе стаяў невысокі чалавек у акулярах ды трымаў у руках вялікую тэчку.

– Мэйл і Аніт Каноэ? – спытаў ён.

Яна няўцямна паглядзела на чалавека. Ён паўтарыў пытаньне.

– Мэір і Раніт Коэн, – няўпэўнена паправіла яна.

– А-а! – выгукнуў чалавек і паглядзеў у свае паперы. – От, кампутары! Хіба ж можна ім верыць?!.. Я з сацыяльнага страхаваньня, – ён працягнуў руку для поціску. – Я дэмограф.

– Вельмі прыемна, – павіталася зь ім за руку Раніт. – Вы… хто?

– Дэмограф. Я раблю статыстычныя апытаньні насельніцтва для сацыяльнага страхаваньня. Вы дазволіце пару-тройку пытаньняў?

– Мы якраз…

– Мале-енечкіх такіх пытаньняў, – папрасіў дэмограф.

Яна зірнула на мужа, той паціснуў плячыма.

– Выдатна! – сказаў дэмограф і зайшоў у кватэру.

* * *

Праз паўгадзіны ён усё яшчэ сядзеў у іхняй гасьцёўні, гартаў паперы, чытаючы пытаньні манатонным голасам: «А зараз пяройдзем да дзяцей».

Ён шчыра ўсьміхнуўся і зірнуў па баках.

– Дзеці ёсьць?

– Адно. Адна дачка, – адказаў Мэір.

– Колькі год?

– Паўгодзіка, – вымавіў Мэір. – Яшчэ доўга?

– Не, зусім не, яшчэ трошкі і ўсё.

«Шэсьць месяцаў», – занатаваў у сябе дэмограф.

– Гм, яна, відаць, ужо гаворыць?

Бацькі глянулі на яго са зьдзіўленьнем.

– Не гаворыць?

– Не гаворыць, – адказала Раніт. – А вы што, ведаеце шмат шасьцімесячных, якія гавораць?

– Я…

Ён зьбянтэжыўся.

– Я… У мяне няма дзетак… Я яшчэ малады. Я проста выглядаю старэйшым. Гэта таму што я ў акулярах. І таму, што працую ў дзяржаўнай установе.

Мэір зірнуў у столь. Раніт – на свае пантофлі.

– І як яе завуць?

– Яэль, – адказала Раніт.

– Прыгожае імя.

Ён запісаў.

– Вы так назвалі яе ў гонар кагосьці зь сям’і?

– У гонар Шымона Пэрэса, – адказаў Мэір. – Яшчэ многа пытаньняў?

– Не, зусім не, – запэўніў акулярык і занатаваў: «У гонар Пэрэса».

Мэір і Раніт пераглянуліся.

– Гэта жарт, – сказала Раніт.

Маладзён запытальна паглядзеў на жанчыну.

– Мой муж жартуе.

– А-а, пачуцьцё гумару. Вельмі важная рэч, – кемліва хітнуў галавой дэмограф. Але ж напісанага ня сьцёр.

– Прафэсія? – зьвярнуўся ён да Мэіра.

Мэір уважліва паглядзеў на дэмографа. Празь некалькі сэкундаў гаспадар кватэры казаў:

– Раблю паветра. Спэцыяліст па вытворчасьці паветра, вось мая прафэсія.

Дэмограф занатаваў і тут жа запытаўся:

– І колькі, калі не сакрэт, колькі вы зарабляеце ў месяц? Усё канфідэнцыйна. Ад тысячы да дзьвюх, ад дзьвюх да чатырох ці больш за чатыры тысячы?

–Я б жадаў зірнуць на ваша пасьведчаньне, – прамовіў Мэір.

Дэмограф трохі пакрыўдзіўся, але ж дакумэнт дастаў. Гэта было афіцыйнае пасьведчаньне супрацоўніка сацыяльнага страхаваньня, на якім зьмяшчаўся фотаздымак маладзёна і была пазначана яго пасада – «дэмаграфічны дасьледчык».

– Такім чынам? – вярнуўся да свайго пытаньня маладзён.

– Такім чынам, больш за чатыры тысячы, – адказаў Мэір. – Значна больш. Блізу васьмі.

Мэір зь цікаўнасьцю паглядзеў на дэмографа: «Ці занатуе гэта ёлуп?»

Ёлуп занатаваў.

– Больш за восем тысяч, прыстойныя грошы! – ён выглядаў заклапочаным. Мусіць, падумаў на хвіліну пра ўласную перакваліфікацыю на спэцыяліста па здабычы паветра.

– Ага, – пагадзіўся Мэір. – Але ўлетку няма працы.

– Сапраўды? Чаму?

– Ну, вы ж ведаеце, што такое наша лета. Няма чым дыхаць – паветра зусім няма.

– А-а, – вымавіў дэмограф і занатаваў.

Потым зьвярнуўся да Раніт:

– А ваша прафэсія?

– А я дзяўчына па выкліку, – адказала жанчына. І, трохі падумаўшы, дадала:

– Бюджэтная арганізацыя. Абслугоўваем афіцыйных асоб з-за мяжы.

Дэмограф пачырванеў.

– Гэта я тады заразіла СНІДам Фрэдзі Мэрк’юры, – сказала яна з гонарам.

Ён схіліўся над сваімі паперамі, пішучы безупынку. Мэір і Раніт усё гадалі: што ён там піша? Скончыўшы, ён спытаў:

– Вашы этнічныя карані?

– Мы прышэльцы, – адказала Раніт.

– Хто гэта?

– Прышэльцы зь іншай плянэты, – растлумачыў Мэір.

Гэтым разам малады дэмограф нарэшце падняў свае вялікія акуляры і ўтаропіўся ў гаспадароў.

І тут прачнулася іх маленькая дачка ды заплакала.

– Дзіцятка засьпявала, – сказала Раніт ды паднялася. – Прабачце.

Дэмограф паглядзеў ёй усьлед і сказаў:

– Яна корміць малаком?

– Яна сікае на яе, – адказаў Мэір, – кожныя пяць гадзін. Так вядзецца ў нас на плянэце.

Дэмограф зноўку пачырванеў. Раптам Мэір адчуў сябе ніякавата.

– Прабачце, – казаў Мэір, – я таксама мушу пайсьці да дачкі.

Калі ён зайшоў у спальню, то ўбачыў Раніт, якая схілілася над дзіцем. Яна кісла са сьмеху.

– Ціха, ціха, – засыкаў Мэір, – мы перайшлі мяжу, нават няёмка.

– Ён вар’ят, – прашаптала Раніт, – ён жа вар’ят!

– Ён не вар’ят. Хлопец трохі тормаз, ці што… Добры дурань. Але ж ён, здаецца, урэшце скеміў.

– Ты праверыў як сьлед, пасьведчаньне сапраўднае?

– Напісана «Сацыяльнае страхаваньне», а хто там яго ведае…

Ён узяў дачку на рукі.

І тут у дзьверы пазванілі.

– Так позна? – зьдзівіўся Мэір.

Яна паціснула плячыма.

Ён пайшоў адчыняць. На парозе стаяла Сьмерць. Яна не была апранута ў чорнае. Яна ня мела касы ў руцэ. У яе адсутнічалі крылы за сьпінаю. І голас яна мела ня вельмі каб нізкі. Але тое стаяла Сьмерць. У гэтым не было ні найменшага сумневу.

Найбольш уражвалі ейныя вочы. Праз гады, калі малады дэмограф паспрабуе прыгадаць, як яна выглядала, адзінае, што яму ўдасца ўспомніць, – ейныя вочы. Не халодныя і не жахлівыя, хутчэй наадварот: Сьмерць мела добрыя, пяшчотныя вочы. Аднак рашучыя.

Мэір аслупянеў. Дачка на руках. Раніт выйшла са спальні, таксама стала як укапаная.

Сьмерць паглядзела Мэіру проста ў вочы.

– Я? – прашаптаў ён.

– Ты.

Ён зьнерухомеў.

– Я?!

– Ты.

– Як… як я?

– Час, – адказала Сьмерць.

– Але я малады. У мяне дачка, паўгодзіка толькі!

– Што, маладыя не паміраюць? – пацікавілася Сьмерць. – Хадзем. У цябе праз паўгадзіны аўтакатастрофа.

І тут уперад порстка выскачыла Раніт ды ўхапілася за мужа:

– Не! Ты ня можаш так проста ўварвацца пасярод… пасярод усяго!

Сьмерць са зьдзіўленьнем паглядзела на Раніт:

– Чаму?

– Але… але за што? – прамармытала Раніт. – Што ён зрабіў?

Сьмерць тужліва ўсьміхнулася.

– Не! – крыкнула Раніт. – Я хачу ведаць за што! Ты ня можаш так проста ўзяць і забраць яго. Скажы хоць, за што!

– Цяпер ты хочаш ведаць чаму, потым захочаш дазнацца куды. Годзе! Мы не выдаём сваіх сакрэтаў.

Мэір адкрыў рот і тут жа яго закрыў. Пасьля гэтага ён павярнуўся да Раніт і працягнуў ёй дзіця. Паглядзеў на жонку. І на сваю маленькую дачку. Потым павярнуўся і пайшоў у кірунку неасьветленай лесьвічнай пляцоўкі. Раніт чула, як пакрысе аціхае гук ягоных крокаў па сходах.

* * *

Першым выйшаў са здранцьвеньня малады дэмограф. Ён зачыніў дзьверы і далікатна павёў Раніт у гасьцёўню.

– Сядай, – прамовіў ён, – перш-наперш трэба сесьці.

Зьбянтэжаная, яна зрабіла, як ён казаў.

– Тое, што здарылася з табою, – гэта бяда, – сказаў маладзён, – страшная бяда. Хочаш, я запару гарбаты? Мо яшчэ чаго, алькаголю якога?

– У Мэіра ёсьць віскі, – прамовіла Раніт. І заплакала.

Дэмограф агледзеў пакой, знайшоў сьцянны бар і наліў трохі віскі ў вялікую шклянку. З адсутным позіркам Раніт глынула пітво і закашлялася. Потым няголасна аддыхалася. Паглядзела на дзіця і прамовіла: «Што ж я маю рабіць? Як я пракармлю яе? Як я адна дам рады?»

Малады дэмограф ня ведаў, што сказаць.

– Як я… – сьлёзы душылі яе, – як я скажу ёй, што ў яе больш няма таты?..

Раніт плакала моцным, але ціхім плачам, доўга-доўга, пакуль у яе ня скончыліся сьлёзы. Потым яна паглядзела на дзяўчынку і сказала ёй:

– Цяпер мы адны, дачушка. Толькі я і ты.

І тут у дзьверы зноўку пазванілі. Ніхто не скрануўся зь месца. Пасьля трэцяга званка дзьверы расчыніліся самі.

Гэта зноўку была Сьмерць.

Яна зайшла ў пакой.

Зьнямелыя, яны ўзіраліся на яе. Сьмерць паказала на жанчыну. Ня верачы сваім вачам, Раніт шырока разявіла рот.

– Я ведаю, – з тугою ў голасе сказала Сьмерць. – Час ад часу такое здараецца…

– Але што….

– Тэракт. На вуліцы Ібн Габіроль узарвалася набітая выбухоўкай машына.

Дэмограф ускочыў.

– Хвілінку! – запратэставаў ён. – Пачакайце, шаноўная! Гэта, напэўна, памылка. Толькі хвіліну таму вы забралі ейнага мужа.

Сьмерць стомлена паціснула плячыма.

– Дык што? – казала яна. – Як пра такое звычайна пішуць у газэтах: «Маленькая Яэль страціла маму ў тэракце празь лічаныя гадзіны пасьля таго, як бацька загінуў у аўтакатастрофе». Так вось у жыцьці. Вы што, сёньня зь яйка вылупіліся?!

– Але я… калі ласка! – Раніт паглядзела Сьмерці ў вочы. – Я не магу пакінуць яе адну! Ёй толькі шэсьць месяцаў.

Стурбаваная, Сьмерць завагалася.

– Я магу ўзяць яе разам з намі, – прапанавала яна без асаблівага імпэту.

Раніт нічога не адказала.

– Добра, – прамовіла Сьмерць. – Табе пара разьвітацца з дачкою.

Яна паклала дзіця на канапу. Пацалавала дачку. Захутала яе ў ружовую шарсьцяную коўдру, якая ляжала на канапе. Захутала як сьлед, два разы. І павярнулася да выхаду.

Сьмерць адчыніла ёй дзьверы.

– От ужо гэтыя тэракты, – мармытала сабе пад нос Сьмерць, калі, мінуўшы дэмографа, пачала спускацца па сходах, – быццам цэлы месяц мяхі цягала.

* * *

Пасьля таго як дзьверы зачыніліся, малады дэмограф застаўся сам-насам зь дзяўчынкай. Па немалым часе ўпершыню зварухнуўся. Глыбока ўздыхнуў. Сеў побач зь ёй на канапе. Дзяўчынка прачнулася і заплакала.

Дэмограф узяў яе на рукі і засьпяваў:

– Як нараджаецца песенька? Як дзіцятка – сьпярша… Потым, потым… тра-ля-ля-ля-ля… Ня памятаю…

Ён перастаў сьпяваць.

– Што мне з табою рабіць, малюпацька? – зьвярнуўся ён да дзяўчынкі. – Ня ведаю, як гэта сказаць, але з табою здарылася нешта кепскае.

Дзяўчынка перастала плакаць, глянула на дэмографа і ўсьміхнулася.

– Слухай, – сказаў ён і пачаў цацкацца зь яе маленькімі ручкамі, – гэта… паслухай, табе прыйдзецца гадавацца бяз мамы і таты.

Дробны сьмяшок зьляцеў зь ейных вуснаў.

– І каб гэта не сапсавала табе ўсяго жыцьця. Ты ня думай, што жыцьцё – гэта кепска. Бо жыцьцё – гэта цудоўна. Сапраўды цудоўна. Але сяды-тады здараюцца рэчы, якія нельга… якія цяжка… я маю на ўвазе…

Ён уздыхнуў. Дзяўчынка паглядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

– Але гэта ня значыць, што жыцьцё не цудоўнае, – працягнуў ён.

У куточку яе вуснаў зьявіўся маленькі цурочак сьліны. Дзяўчынка ўсьміхнулася.

«Я думаю, што яны вадзілі мяне за нос, – сказаў ён сабе. – Усё нахлусілі. Пра імя таксама. Дзяўчынку, мусіць, завуць зусім не Яэль».

І, як гэта ня раз здаралася раней, дзяўчынка заплакала.

– Ціха, ціха, ня плач, – пачаў ён. – Я тутака. Слухай, я ня вельмі цямлю ў дзетках. У мяне іх ніколі не было. Але я буду старацца. Я цябе не пакіну.

Ён пачаў гушкаць яе і пяшчотна засьпяваў:

– Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі гулі…

І ў дзьверы зноўку пазванілі.

Сьмерць зайшла ў кватэру няўпэўненым крокам.

– Быў яшчэ адзін тэракт, – выбачальным тонам паведаміла яна.

Яна хітнула ў бок дзяўчынкі. Дэмограф ускочыў.

– Каб ты здохла! – закрычаў ён. – Шкындзёхай, падла!

Сьмерць пастаяла-памулялася. Потым узьняла вочы ўгору.

– Ну добра, – сказала, – хай сабе.

Разьвярнулася і сышла.

Ня верачы сабе, малады дэмограф паклаў дзяўчынку на канапу, пахітаў галавою і сказаў:

– Ах ты, поскудзь паганая!..

Запалкі ў вачах

Вартаўнік уключыў абагравальнік. На вуліцы панавала цемра. Халадала. Ён сеў перад аранжавымі ад электрычнасьці сьпіралямі і пацёр руку аб руку. Ён падумаў пра сваю былую жонку, а потым пра сто трыццаць тысяч даляраў. І лічбай: 130.000. Вось колькі ён быў вінаваты, а яго бізнэс закрылі, і ўсё абсталяваньне канфіскавалі, і палова яго цяперашняга жалюгоднага заробку ахоўніка ішла на сплату даўгоў, а яшчэ чвэрць – былой жонцы, а таго, што заставалася, зь цяжкасьцю хапала на арэнду пакоя ў Гіват-Шмуэлі, дзе ён дзяліў кватэру з адным маладзёнам, студэнтам з унівэрсытэту.

Студэнтам. Дваццацітрохгадовым. «Вось чаго я дасягнуў у маім веку, – падумаў вартаўнік. – Жыць са смаркатым хлапчуком. У Гіват-Шмуэлі. Да таго ж хлапчук працуе ў камунікацыйнай кампаніі, у цэнтры тэлефоннай даведкі «адзін-восем-восем», і, пэўна ж, зарабляе больш за мяне».

Потым ён прыгадаў дзяўчыну, што прыходзіла ўчора да студэнта, як яны замкнуліся ў пакоі, а ён паспрабаваў падслухаць, але нічога не пачуў.

Тут вартаўнік падняўся, каб згатаваць гарбаты, і вызірнуў за акно: цемра. Шостая вечара. Ён выпіў гарбаты, седзячы насупроць абагравальніка, і неўпрыкметкі заснуў. Яго хіліла долу, што ён ледзь не паваліўся з крэсла.

Калі прахапіўся, дык яму спатрэбілася некалькі сэкундаў уцяміць, што заснуў. Праняты панікай, ён узьняўся з крэсла і азірнуўся. Нікога. Сэрца моцна калацілася. Ён ізноў сеў на крэсла. Калі б начальнік засьпеў, як ён сьпіць, дык звольніў бы на месцы. Супакоіўшыся, зірнуў на гадзіньнік: палова на восьмую. Палова на восьмую! Ён спаў паўтары гадзіны. Толькі тут ён дапяў, што зьменшчык меўся прыйсьці гадзіну таму, і наважыўся пакінуць паведамленьне на пэйджар свайму начальніку.

Зусім маладзенькай яшчэ дзяўчыне, якая адгукнулася ў цэнтры абслугоўваньня пэйджарнай кампаніі, ён сказаў:

– Напішы яму, калі ласка, хай патэлефануе Максу ў банк «Гапаалім».

– Максу з банка «Гапаалім», – паўтарыла дзяўчына.

– «У банк». Не «з банка», а «у банк». Напішы яму, Макс паведамляе, што зьменшчык не прыйшоў.

– Добра, – адказала дзяўчына.

– Ясна табе? Я сам ня з банка. Я адно гавару адсюль.

– Добра, – паўтарыла дзяўчына.

– Добра, – сказаў Макс.

Дзяўчына павесіла слухаўку. Ён падняўся на ногі. Нешта вельмі дзіўнае вісела ў паветры. «І гэтая дзяўчына з пэйджарнай кампаніі, – падумалася яму, – пэўна, таксама зарабляе больш за мяне».

Мінула дзесяць хвілінаў. Ні слыху ні прослыху. Ён зноўку патэлефанаваў у пэйджарную кампанію, і яму адказала тая ж дзяўчына.

– Там маё паведамленьне дайшло?

– Так, я даслала.

– Ёсэфу з ахоўнай кампаніі?

Дзяўчына захрабусьцела паперамі:

– Так, Ёсэфу. Хочаце, каб я даслала паведамленьне яшчэ раз?

Яму зрабілася няёмка.

– Ага, – пасьля маўчаньня пагадзіўся ён.

– Добра, – адказала дзяўчына.

Ён не азваўся.

– Я ўжо дасылаю, – дадала яна.

– Добра, – сказаў ён.

– Дзякуй, да пабачэньня, – прамовіла дзяўчына і стала чакаць яго адказу. – Ало?

– Да пабачэньня, – адказаў Макс.

Ён пачуў гудкі па той бок і таксама павесіў слухаўку. Мінула яшчэ дзесяць хвілінаў. Ні слыху ні прослыху.

Ён падумаў: «Нешта тут ня тое. Можа, калі я спаў, тут нехта пабываў? Ці тэлефанавалі, а я не прачнуўся. Як такое можа быць, што зьменшчык ня звоніць, начальнік ня звоніць, і я застаўся адзін?»

Ён выйшаў з пакоя, каб згатаваць сабе яшчэ кубак гарбаты. Ад няўважлівасьці апёкся кіпнем. Стаў чакаць, раздражнёны, пакуль гарбата не астыне, пакуль хоць хтосьці не патэлефануе, пакуль хоць штосьці ня зьменіцца. Але нічога не зьмянілася. Ён зірнуў у акно і ўбачыў пляц, які знаходзіўся побач з будоўляй ля банка, які ён вартаваў, і ўбачыў цемру. Звонку не было нікога. Ні душы. І на цэнтральнай, сумежнай, вуліцы таксама бязьлюдзьдзе.

Дрыготкімі рукамі ён набірае нумар яшчэ раз. «Мне адкажа іншая дзяўчына, – супакойвае ён сябе, – і я прадыктую яшчэ раз паведамленьне». Аднак ізноў – тая ж дзяўчына.

– Я прашу прабачэньня, – сказаў ён, – я не разумею, што адбываецца. Мне ніхто ня звоніць. Ніхто не прыйшоў. Мо там нешта адбылося? У навінах?

– Не, – адказала дзяўчына.

Павагаўшыся, яна запытала:

– У вас усё ў парадку?

– Ня ведаю, – сказаў ён, – мяне тут забылі.

– А вам ёсьць каму пазваніць?

– Не. Я ў разводзе. У мяне нікога няма.

Дзяўчына замаўчала. Пасьля паўзы ў некалькі сэкундаў яна асьцярожна сказала:

– Я мела на ўвазе, каму-небудзь з ахоўнай кампаніі.

Пераклаў з іўрыту П. Касьцюкевіч

Апублiкавана 24.04.2018  17:27

Leave a Reply