Tag Archives: Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль пра Цфанію Кіпніса

Віктар ЖЫБУЛЬ

ПУЦЯВІНЫ І ПАЛОТНЫ ЦФАНІІ КІПНІСА

У беларускіх выданнях 1930-х гг. можна сустрэць каларытныя і дасціпныя шаржы на тагачасных пісьменнікаў, падпісаныя Дэ Вэ Бэка альбо Дэвэбека. Доўгі час сапраўднае імя аўтара шаржаў заставалася таямніцай і нават іх перадрук суправаджаўся лаканічнай пазнакай “Мастак невядомы”, хоць маляваў чалавек відавочна таленавіты. Разгадаць гэтую загадку ў свой час мне дапамог наш вядомы літаратуразнаўца Янка Саламевіч, які падказаў, што пад згаданым псеўданімам хаваецца яўрэйскі мастак Цфанія Кіпніс [1, с. 3].

Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс нарадзіўся 1 снежня 1905 г. у мястэчку Гарошкі (з 1927 г. Валадарск-Валынскі) на Жытоміршчыне (Украіна). На той час многія яўрэі гэтага мястэчка па сваіх перакананнях былі аграрнымі сіяністамі і марылі пра пераезд на гістарычную радзіму. Нават у школе, дзе вучыўся будучы мастак, выкладанне вялося на іўрыце. Нядзіва, што Ц. Кіпніс у юнацкія гады браў актыўны ўдзел у падпольных яўрэйскіх арганізацыях “Гашамэр Гацаір” і “Гехалуц”, за што ў 1923 г. трапіў у жытомірскую турму [7, с. 2].

З 1923 да 1929 г. Цфанія Кіпніс вучыўся ў Кіеўскай яўрэйскай мастацкай студыі, створанай Культур-Лігай (з 1924 г. перайменавана ў Яўрэйскую мастацка-прамысловую школу), у Марка Эпштэйна і Ісахар-Бэра Рыбака. У 1927–1928 гг. таксама займаўся ў маскоўскім Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце. Яшчэ студэнтам удзельнічаў у Юбілейнай выставе мастацтва народаў СССР (1927) у Маскве, дзе пазнаёміўся з выдатнымі тэатральнымі мастакамі Ісакам Рабіновічам, Натанам Альтманам, Аляксандрам Тышлерам [7, с. 2].

Не меней цікавых знаёмстваў чакала Ц. Кіпніса ў Менску, куды мастак пераехаў у 1929 г.: ён пасябраваў з многімі дзеячамі беларускай культуры. Асабліва моцнае сяброўства звязала яго з мастаком Барысам Малкіным (1908–1972), які да гэтага таксама навучаўся ў Кіеве. Адна з першых прац Цфаніі Кіпніса беларускага перыяду творчасці – афармленне кнігі “Оа” яго цёзкі па прозвішчы, пісьменніка Іцыка Кіпніса (1896–1974), выдадзенай у 1929 г. у Менску на мове ідыш. Графічныя працы Цфаніі Кіпніса з’яўляліся на старонках часопісаў “Чырвоная Беларусь”, “Заклік”, “Іскры Ільіча”, газеты “Літаратура і мастацтва” і іншых выданняў. Мастак ілюстраваў апавяданні беларускіх пісьменнікаў Рыгора Мурашкі, Макара Паслядовіча, Міколы Цэлеша, перакладзеныя творы Марыі Кальтофэн, Жуля Рамэна, Анатоля Шышко і іншых аўтараў.

Біёграф Ц. Кіпніса Аляксандар Фільцэр піша, што мастак “адзін час быў загадчыкам мастацкага аддзела яўрэйскага выдавецтва ў Мінску” [7, с. 2]. Падобна, што маецца на ўвазе яўрэйскі сектар Дзяржаўнага Выдавецтва Беларусі, ад абрэвіятуры якога (ДВБ) мастак і ўтварыў сабе псеўданім Дэ Вэ Бэка, выступаючы пад ім як аўтар сяброўскіх шаржаў. Праца Ц. Кіпніса ў гэтым рэчышчы была даволі плённай: у ліпені 1932 г. у гомельскай друкарні “Палесдрук” шаржы Дэ Вэ Бэкі выйшлі асобным выданнем разам з пародыямі Сабасцьяна Старобінскага (Міколы Хведаровіча) [8]. Кніга мела лаканічную назву “Ха” і прыцягвала ўвагу альбомным фарматам, адмысловай паперай жоўтага колеру і, вядома ж, сваёй мастацкай стылістыкай, якая чымсьці выходзіла за межы панаванай тады на Беларусі традыцыі. З дапамогаю, здавалася б, немудрагелістых штрыхоў мастак дасягаў незвычайнай гратэскавасці, гіпербалізаванасці ў іранічнай абмалёўцы сваіх сучаснікаў-паэтаў: Змітрака Астапенкі, Петруся Броўкі, Цішкі Гартнага, Сяргея Дарожнага, Алеся Звонака, Тодара Кляшторнага, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Максіма Лужаніна, Валерыя Маракова, Ізраіля Плаўніка, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Сяргея Фаміна, Уладзіміра Хадыкі і… самога аўтара пародый – Міколы Хведаровіча. Цікава, што пры наяўнасці ў кнізе шаржа на Андрэя Александровіча [8, с. 5] (твар паэта добра пазнаецца, як і мастацкія алюзіі на яго верш “Менскі рытм”) пародыі на яго там няма.

ha1932 aleksandrovich1932 astapenka1932

?????

Вокладка кнігі і шаржы Ц.-Г. Кіпніса на Андрэя Александровіча, Змітрака Астапенку, Цішку Гартнага

У часопісах і газетах захаваліся таксама шаржы на Сымона Баранавых, Лукаша Бэндэ, Змітрака Бядулю, Віктара Казлоўскага і іншых літаратараў. У 1932 г. Ц. Кіпніс працаваў і над серыяй шаржаў на яўрэйскіх пісьменнікаў, якія мусілі таксама выйсці асобнай кнігай [6, с. 24], але не выйшлі. Магчыма, нейкія з іх адшукаюцца ў перыядычным друку.

Мастак спрабаваў сябе і ў графіцы, і ў жывапісе, і ва ўжытковым мастацтве. Вядома, што ў 1932 г. ён працаваў над карцінай “Лекерт” [6, с. 24], прысвечанай рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту (1879–1902), 30-годдзе з дня смерці якога адзначалася тады. У 1936 г. Ц. Кіпніс аздобіў вокладку кнігі “Хлопчык Мотка” Шолам-Алейхема ў беларускім перастварэнні Змітрака Бядулі, а таксама паўдзельнічаў у Асенняй выставе мастакоў, прапанаваўшы гледачам дзве працы: “Пейзаж” і “Эскіз” [2, с. 18, 36]. Цікава, што на той самай выставе экспанаваўся “Бюст мастака Г. Кіпніса”, выкананы Іллём Эйдэльманам [2, с. 24].

Адначасова з кніжнай графікай і жывапісам Цфанія Кіпніс актыўна займаўся мастацтвам тэатра, якое, уласна кажучы, і стала яго асноўнай прафесійнай дзейнасцю. Першым вопытам у гэтай галіне для яго была праца з 1930 г. у Тэатры рабочай моладзі (яўрэйскі маладзёжны тэатр) у Мінску. Супрацоўнічаў ён і з Тэатрам юнага гледача БССР: у 1937 г. зрабіў эскізы да спектакля “Як гартавалася сталь” рэжысёраў Е. Міровіча і Ю. Палічынецкага паводле кнігі Мікалая Астроўскага. З 1934 па 1941 г. Ц. Кіпніс быў галоўным мастаком Беларускага Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, у якім аформіў нямала п’ес, сярод якіх: “Бойтрэ” М. Кульбака (1937; рэжысёр М. Рафальскі), “Суламіф” С. Галкіна паводле А. Гольдфадэна (1938; рэжысёр В. Галаўчынер), “Лейбка-салдат” І. Левіна (1938; рэжысёр А. Трэпель), “Бар-Кохба” С. Галкіна паводле А. Гольдфадэна (1939; рэжысёр В. Галаўчынер), “Два недарэкі” (“Цвей кунілемлэх”) А. Гольдфадэна (1939; рэжысёр В. Галаўчынер), “Сендэр-Бланк” паводле Шолам-Алейхема (1939; рэжысёр Л. Літвінаў), “Сёстры” Л. Рэзніка паводле І.-Л. Перэца (1940; рэжысёр М. Моін), “Маленькі чалавечак” З. Аксенфельда і Э. Кагана паводле М. Мойхер-Сфорыма (1940; рэжысёр М. Сокал), “Няроўны шлюб” братоў Тур і Л. Шэйніна (1940; рэжысёр А. Трэпель), “Вядзьмарка” паводле А. Гольдфадэна (1941; рэжысёр В. Галаўчынер) [3, с. 365–366].

У гады Другой сусветнай вайны тэатр эвакуяваўся ў Новасібірск і  працягваў там сваю дзейнасць. А Цфанія Кіпніс пайшоў добраахвотнікам на фронт. Нейкі час разам з сябрам-паэтам Аркадзем Куляшовым ён супрацоўнічаў з армейскай газетай “Знамя Советов”. Тут для Кіпніса з’явілася нагода зноў узгадаць пра свой сатырычны талент: ён маляваў карыкатуры на фашыстаў, а Куляшоў рабіў да іх вершаваныя подпісы (“Из Брянска брякнулся он тоже – сие написано на роже” // Знамя Советов. 1943. 18 сент.). Мастак прайшоў баявы шлях ад Мінска да Берліна, быў узнагароджаны 14 баявымі ордэнамі і медалямі і даслужыўся да пасады начальніка штаба пяхотнага батальёна.

У 1945–1946 гг. у Нямеччыне па эскізах Ц. Кіпніса былі ўзведзеныя помнікі воінам, загінулым у баях за Арнсвальд і Штаргард. Камандаванне спрабавала змусіць мастака змясціць на пастаментах словы І. Сталіна. Аднак Ц. Кіпніс адмовіўся рабіць гэта, абышоўшыся старажытнагрэцкай фразай, прысвечанай воінам Спарты: “Прохожий, передай нашей Родине, что мы погибли, сражаясь за Нее” [7, с. 2; 4, с. 53].

Да тэмы вайны і яе трагічных наступстваў мастак неаднойчы звяртаўся ў сваёй творчасці – згадаем такія яго працы, як “Майданэк” (1944), “Хлопчык з канцлагера” (1945), “Палацавы ансамбль Цвінгер у Дрэздэне пасля бамбардзіроўкі” (1945), “Зняволены”, “Бабруйск пасля вайны” (1950-я), “Вязні гета”, “Таліт на вятры”, “Вышка”, “Згарэлае мястэчка” (1960-я).

У 1946–1948 гг. Цфанія Кіпніс працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Украінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, а ў 1948–1949 г. – галоўным мастаком Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра. Неўзабаве савецкія ўлады забаранілі ўсе яўрэйскія культурныя ўстановы: тэатры, выдавецтвы, музеі. Мастак вярнуўся ў Мінск, у якім жыў і працаваў яшчэ больш за два дзесяцігоддзі. У гэты перыяд ён, сярод іншага, аформіў кнігі “На мяжы магчымага” Вадзіма Ахотнікава (1950), “Возвращение к жизни” Лазара Кацовіча (1952), “Соль жыцця” Айзіка Платнера (1957), працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек (1952–1956), Бабруйскім беларускім вандроўным калгасна-саўгасным тэатры (1957), Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы (1957)… Сярод яго прац гэтага часу – аздабленне п’ес “Дзед і жораў” і “Цудоўная дудка” Віталя Вольскага, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы (разам з Б. Малкіным), “Дамы і гусары” Аляксандра Фрэдра.

Увесь гэты час Ц. Кіпніс выяўляў сябе як патрыёт свайго народа: выкладаў іўрыт, памнажаў і распаўсюджваў навучальныя дапаможнікі, адстойваў нацыянальныя і культурныя правы яўрэяў, у тым ліку і права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль. На рэспубліканскіх мастацкіх выставах 1957, 1959 і 1967 гг. ён экспанаваў эскізы касцюмаў і дэкарацый, зробленыя раней для Яўрэйскага дзяржаўнага тэатра БССР – быццам хацеў нагадаць, што, нягледзячы на ўсе забароны, на ўсе хвалі антысемітызму, яўрэйская культура ў савецкай Беларусі ўсё адно жыве.

Акрамя тэатраў і выдавецтваў, Цфанія Кіпніс працаваў у Мастацкім фондзе БССР і пэўны час з’яўляўся нават яго старшынём, а пасля выхаду на пенсію – шараговым членам. Пакуль на адным са сходаў у 1972 г. не быў выключаны за сваё жаданне выехаць у Ізраіль. Неўзабаве пасля таго выпадку да яго падышоў галоўны мастак фонду Лявон Баразна і прызначыў сустрэчу ўвечары на бязлюдным стадыёне “Дынама”. Там ён сказаў Кіпнісу: “І мне, Беларусу, і табе, Яўрэю, аднолькава няма чаго тут рабіць. Я хачу ў Канаду – там больш беларускага, чым у БССР… Дык вось я й прашу – зрабі мне ласку: як прыедзеш у Ізраіль, дасылай мне запрашэньне! А я церазь Ізраіль у Канаду дабяруся: ёсьць у мяне там нехта. Я табе веру, Кіпніс, ты зробіш гэта” [5, с. 6]. Праз некалькі дзён, 15 жніўня 1972 г., М. Баразну на вуліцы забілі нажом хуліганы – існуе версія, што ў гэтым былі замяшаныя савецкія спецслужбы.

Цфанія Кіпніс цудам здолеў атрымаць візу ў Ізраіль. Але 29 лістапада 1972 г. у Брэсце яго знялі з цягніка і даставілі ў следчую турму мінскага КДБ. Мастаку было прад’яўлена абвінавачанне ў стварэнні і кіраўніцтве падпольнай антысавецкай сіянісцкай арганізацыі. Паўгода ён адседзеў у камеры-адзіночцы і быў вызвалены толькі дзякуючы міжнароднай грамадскасці. 29 траўня 1973 года “справа” была закрыта, і 13 ліпеня 1973 г. Цфанія Кіпніс з жонкай прыбыў у Ізраіль [4, с. 56].

На гістарычнай радзіме ён працягваў займацца творчай дзейнасцю, афармляць кнігі і спектаклі. Яго жывапісныя працы гэтага часу пазначаны ўплывам імпрэсіянізму: “Ружовы палац”, “Букет”, “Кветкі ў белай вазе”, “Чырвоныя кветкі”, “Вясна”, “Перад дажджом”, “Замак”, “Сакавіцкі снег”, “Стары”, “Мястэчка”, “Начны касцёр”. Памёр 26 красавіка 1982 г. у горадзе Бат-Яме. Сябрам ён запомніўся як шчодры, абаяльны і поўны энергіі чалавек, адданы патрыёт яўрэйскага народа. Пры гэтым жыццё і творчасць Цфаніі-Гедаліі Кіпніса былі звязаны з некалькімі краінамі (на той час – савецкімі рэспублікамі) і, адпаведна, іх культурамі: Украінай, Беларуссю, Расіяй. Самым працяглым у біяграфіі мастака стаў акурат беларускі перыяд творчасці, які заняў агулам каля 34 гадоў. Творца зрабіў важкі ўнёсак у айчыннае тэатральнае мастацтва, а таксама ў развіццё такога мастацкага жанру, як сяброўскі шарж. Беларускія рэаліі адбіліся і ў шэрагу яго графічных прац – напрыклад, у замалёўках будынкаў у мястэчках Ракаў, Узда, Кабыльнікі і разбуранага ў вайну Бабруйска.

Першай грунтоўнай спробай аб’яднаць працы Ц. Кіпніса пад адной вокладкай стаў альбом, укладзены і выдадзены ў 2007 г. літаратарам Аляксандрам Фільцэрам [7]. Спадзяемся, выданне не апошняе на шляху вяртання творчай спадчыны мастака.

Спіс літаратуры

  1. Жыбуль, В. Цфанія Кіпніс – Дэ Вэ Бэка // Мы яшчэ тут! – 2007. – Вып. ХХХІІ (снежань).
  2. Каталог Асенняй выстаўкі мастакоў БССР / Кіраўн. па справах маст. пры СНК БССР, Саюз савецкіх мастакоў. – Мінск, 1937.
  3. Кузняцова, К. Б., Герштэйн, Г. Р. Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР / К. Б. Кузняцова, Г. Р. Герштэйн // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2002.
  4. Левин, Э. На десять минут впереди времени, на десять лет впереди жизни / Э. Левин // Мишпоха. – 2010. – № 27.
  5. Лявон Баразна // Беларус [Нью-Ёрк, ЗША]. – 1982, лістапад-сьнежань. – № 306-307.
  6. Над чым працуюць мастакі: падрыхтоўка да V Усебеларускай мастацкай выстаўкі // Мастацтва і рэвалюцыя. – 1932. – № 2.
  7. Фильцер, А. Художник Цфания-Гедалия Кипнис / А. Фильцер. – Иерусалим, 2007.
  8. Ха : Пародыі С. Старобінскага. Шаржы Дэ Вэ Бэкі. – [Гомель], [1932].

 

Публікуецца з дазволу аўтара з невялікімі праўкамі і дапаўненнямі паводле часопіса “Роднае слова” (Мінск), № 12, 2015.

14.10.2016  01:55

Віктар Жыбуль. ЗМІТРАКУ БЯДУЛЮ – 130

“КНЯГІНЯ ЛЭЙЗАРОЎНА – МЕСЯЦ У ВАКОНЦЫ…”

ШТРЫХІ ДА ПАРТРЭТУ МАЦІ ЗМІТРАКА БЯДУЛІ

 

Дакументальных крыніц пра жыццёвы шлях маці Змітрака Бядулі захавалася няшмат, але іх недахоп у значнай ступені кампенсуецца сапраўды яскравым і кранальным вобразам матулі, які стварыў у аўтабіяграфічнай аповесці “У дрымучых лясах” (1939) сам творца. Маці, як і ўсе іншыя сваякі апавядальніка, паўстае тут жывою асобаю, з яе паўсядзённымі клопатамі, памкненнямі, думкамі пра дабрабыт небагатай сям’і. Твор грунтуецца на ўспамінах маленства пісьменніка, які здолеў амаль праз паўстагоддзя занатаваць свае дзіцячыя ўражанні, перадаўшы ўсю шчырасць і непасрэднасць, уласцівую дзіцячаму светаўспрыманню. (Аповесць складаецца з яркіх, запамінальных эпізодаў і магла б мець поспех на ўроках пазакласнага чытання.)

На першы погляд можа падацца, што вобраз маці ў параўнанні з вобразамі іншых, “пабочных”, людзей З. Бядуля паказаў недастаткова грунтоўна. Але нельга забываць, што ў дзіцячай свядомасці маці – чалавек, які атуляе цябе любоўю і ўвагай з самага нараджэння; маці “існуе заўсёды”, яе прысутнасць быццам бы “сама сабой разумеецца”. Напэўна, таму Змітрок Бядуля не акцэнтуе залішняй увагі на матчынай знешнасці, а раскрывае яе характар праз дзеянні і ўчынкі, і найперш – праз узаемаадносіны з дзецьмі. Гэта выяўляецца ўжо з першых старонак аповесці, дзе аўтар прыгадвае “абразкі самага ранняга дзяцінства”. Ён, хворы на коклюш, даймаў маці сваімі капрызамі, налаўчыўшыся страчваць прытомнасць па ўласным жаданні. Занепакоеная маці прыносіць хлопчыка да мясцовых знахароў – Евы і Карпухі, але тыя не здолелі дапамагчы. Жанчына адчувае, што сын усё робіць ёй насуперак, і зноў пачынае злавацца. І вось, апынуўшыся з ёю ў лесе, маленькі Самуіл не вытрымаў:

“– Дальбог, маці, не прытвараюся. Я вельмі баюся… Не пакідай мяне аднаго ў лесе… Мяне з’ядуць ваўкі.

Я пачынаю горка плакаць. Я ў сэрцы каюся, што дома свавольнічаў і часта наўмысне кашляў.

– Ды што ты, сынок мой… Што ты, родны… Ты ж не глупства пляцеш. Я ж цябе ніколі не пакіну. Ніколі!

Яна туліць мяне да сябе і плача разам са мною. Бярэ мяне на рукі і нясе далей. Яна доўга ўсхліпвае…” [1, 231].

Працавала маці Змітрака Бядулі швачкай-каптурніцай, майстравала каптуры для кабет і дзяцей з вакольных вёсак. Натуральна, што забяспечвала вопраткай і ўласную сям’ю: дзецям шыла прыгожыя гарнітурчыкі, мужу і бацьку – штаны. З захапленнем і ўсімі падрабязнасцямі пісьменнік распавядае пра матчыну працу:

“Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна, верх – з разнастайных паркалёвых ласкуткоў. Аблямоўвала каптуры шоўкавымі істужкамі.

Зверху аздабляла каптуры дарожкамі з карунак. Карункі тырчэлі рубам, і каптуры нагадвалі дзівосныя кветкі – ці то павялічаныя рачныя лілеі, ці то агромністыя адуванчыкі. Для колераў і ўзораў фантазія каптурніцы мела прастор і разгон. На першы выгляд каптуры нібы рабіліся на адзін фасон. Але калі я добра прыглядаўся, дык не знаходзіў і двух аднолькавых. Кожны адрозніваўся чым-небудзь ад другога” [1, 252].

Сваю працу каптурніца выконвала ўручную, без швейнай машыны і нават без люстэрка, прымяраючы каптуры на галаве маленькага Самуіла. З цягам часу хлопчыку абрыдла выконваць абавязак манекена, тым болей, што суседскія дзеці задражнілі яго “каптурнай галавой”. І тады Самуіл “…са злосці ўкраў пяток каптуроў, убіў перад матчыным акном на гародзе некалькі кійкоў і павесіў на іх каптуры на ўсю ноч. Раніцой я разбудзіў матку і сказаў ёй:

– Глядзі ў акно, каптуры выраслі на гародзе!

Маці ахнула. Кінулася мяне біць.

– Гэта ж украсці маглі ўночы! – сварылася яна” [1, 252 – 253].

Потым, аднак, Самуіл знайшоў выйсце з непрыемнага становішча, замовіўшы сталяру Янку ад імя маці балванок для прымеркі каптуроў…

Калі дзяцей у сям’і паболела, маці “перайшла ад шыцця каптуроў да вопратак. Удзень яна была занята дзецьмі і гаспадаркай. Уночы яна шыла. Швейнай машыны яна яшчэ не мела” [1, 280].

На працягу аповесці ні разу не згадваецца імя Бядулевай маці – найчасцей местачкоўцы клічуць яе “па мужу” – Хаіміха. Ці па бацьку – Лэйзароўна, як у вясновай песні валачобнікаў:

 

Залаты шацёр – гэта ваша хата.

Хай жа ў ёй будзе сыта і багата.

А наш князь, наш Лэйзар – веснавое сонца,

Княгіня Лэйзароўна – месяц у ваконцы.

Дзеткі-князяняткі – дробненькія зоркі –

Між сабой вядуць гутаркі-гаворкі… [1, 236]

 

Звалі ж гэтую жанчыну Хана. Хана Лэйзараўна Плаўнік (дзявочае прозвішча Рабіновіч). Бацька яе Лэйзар займаўся кавальскім рамяством, быў вялікім кнігалюбам і лічыўся ў мястэчку культурным чалавекам, маці Шыфра гаспадарыла ў хаце (“бабуля тупалася вечна ля печы”), муж Хаім працаваў возчыкам, прыказчыкам на лесасплаве, дробным гандляром, абрабляў невялікі заарандаваны кавалак зямлі. З аповесці “У дрымучых лясах” мы даведваемся толькі пра асобны перыяд жыцця сям’і Плаўнікаў – з канца 1880-х па 1902 г. Як жа склаўся іх далейшы лёс?

І пасля 1902 г. Хана Плаўнік працягвала шыць каптуры, займацца хатняй гаспадаркай, гадаваць дзяцей. А іх у Ханы і Хаіма было сямёра: сыны Самуіл (1886 – 1941), Мацвей (1903 – 1988) і Ізраіль (1905 – 1941), дочкі Марыя (1892 – ?), Ірына (1901 – 1976), Яўгенія (1903 – 1981) і Соф’я (1912 – 1998). Яшчэ двое дзяцей памерлі немаўлятамі. Сям’я па-ранейшаму жыла даволі бедна, а Першая сусветная вайна прынесла новыя нягоды. Гэта быў час, калі недасведчаныя людзі прымалі яўрэяў за нямецкіх шпіёнаў і тыя мусілі ратавацца ад чарговых пагромаў, учыненых казакамі. Пра неспакойную атмасферу ў родным Пасадцы Змітрок Бядуля напісаў у ранняй аўтабіяграфічнай паэме “Жыды” (1915). Неаднойчы згадваецца ў ёй і маці:

 

Над кустом лазовым

Жаўранак зьвініць.

Сумна, жаласьліва:

“Цірлі-цірлі-ніць”.

Матку жаль бярэ:

У гэтых чулых гуках

Маці чуе сьпеў,

Скаргу-плач аб муках.

Выцірае вочы

Ды глядзіць на нас:

“Учыні жа суд свой,

Божанька, хоць раз…” [2, 2].

 

Падзеі Першай сусветнай абярнуліся для сям’і Плаўнікаў сапраўднай трагедыяй: у час налёту казакоў загінуў дзядзька Змітрака Бядулі Мордка-Лейба, а сястра пісьменніка Марыя ў такіх небяспечных абставінах эмігравала ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Там яна выйшла замуж, перайшоўшы на мужава прозвішча. Цікава, што Марыіна дачка Зося Мілер з дзяцінства дэманстравала паэтычныя здольнасці – пісала вершы на англійскай мове, друкавалася ў газетах і ўжо ў 12 гадоў нават мелася выдаць першы зборнік. Адзін з яе вершаў, “Чэрвеньская ноч”, пераклаў на беларускую мову Юрка Гаўрук (“Аршанскі маладняк”, 1927, № 6). Быў у Марыі і сын, які, па некаторых звестках, стаў мастаком. Спачатку беларускія сваякі зрэдку атрымлівалі ад Марыі лісты, а потым, на жаль, страцілі з ёю сувязь…

У 1924 г. ад раку лёгкіх памёр Хаім Плаўнік, муж Ханы, і кабета разам з малодшымі дзецьмі пераехала ў Мінск, дзе і жыла да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На Лагойшчыне ў яе засталася адзінокая сястра Злата-Бейля, якую сям’я Змітрака Бядулі не забывала і фінансава падтрымлівала. “Я забраў бы яе ў Мінск, але, прызнацца, з кватэрай цяжка. У мяне і так цеснавата. Маці была доўгі час нездарова і не магла ёй пісаць” (БДАМЛМ. Ф. 136, воп. 1, адз. зах. 13, арк. 7), – дзяліўся пісьменнік сваімі праблемамі з сябрам Вульфам Сосенскім.

Паводле ўспамінаў сваякоў, Хана Лэйзараўна заставалася вельмі рэлігійнай жанчынай, прыяжджаючы ў госці, брала з сабой кашэрны посуд. Выхаваная ў патрыярхальнай яўрэйскай сям’і, ні па-беларуску, ні па-руску пісаць яна так і не навучылася. Але два яе сыны сталі гонарам айчыннага прыгожага пісьменства.

Вярнуўшыся ў Мінск з камандзіроўкі 24 чэрвеня 1941 г., Змітрок Бядуля не змог патрапіць у сваю кватэру: дом быў разбураны немцамі. Ужо не было ў жывых малодшага брата – паэта і перакладчыка Ізраіля Плаўніка (яго фашысты расстралялі ў першыя ж дні вайны). Маці З. Бядуля сустрэў у кааператыве, дзе яна стаяла ў чарзе па хлеб. Разам яны дайшлі пехатой амаль да Барысава, адкуль паехалі ў эвакуацыю ў Казахстан з цвёрдай упэўненасцю ў блізкай перамозе над захопнікамі і шчаслівым вяртанні дадому.

Па дарозе, знаходзячы часовы прытулак у розных гарадах і паселішчах (Піжма Горкаўскай вобласці, Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, Расея), Змітрок Бядуля час ад часу пісаў у Казань, дзе жыла яго сястра Геня (Яўгенія) з мужам Уладыславам Чаржынскім, сынам Вітольдам (які тады сышоў на фронт) і дачкой Роняй (Рагнедай). Менавіта яна, Рагнеда Уладыславаўна Маслоўская, у 1990 г. перадала гэтыя лісты ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Захаваўся сярод іх і адзін ліст Ханы Плаўнік з эвакуацыі, напісаны пад яе дыктоўку Змітраком Бядулем. Прыводзім яго на мове арыгінала (шыфр дакумента – КП 7646):

 

Моим дорогим детям!

Приветствую вас и желаю вам здоровья и счастья. Пиши мне, Геня, был ли дома Витя? Пиши мне о Рене и Соне с их семьями. Как они устроились. Успели ли они взять с собою постельные принадлежности и все остальное. Пишет ли тебе Митя и где он находится. Пришли мне его адрес. Скажи Рене и Соне, чтобы они мне сами написали. Я уехала бы к вам, но сама не могу, а Бядуля болен. У нас ничего нет. Ни денег, ни вещей. Я переехала б к вам, но сама не в состоянии. Прошу, Геня, напиши мне сразу ответ. Привет Владеку и Ронечке. Всего хорошего. Целую вас всех.

Хана Плавник.

Привет от Бядули, Маши и детей.

 

У нялёгкіх умовах эвакуацыі ўсе думкі гэтай жанчыны займаў клопат пра дзяцей і ўнукаў, а неўзабаве ёй давялося перажыць смерць старэйшага сына – Змітрака Бядулі: 3 лістапада 1941 г. ён раптоўна памёр ад разрыву сэрца пасля спробы дагнаць цягнік. Сям’я пісьменніка (маці, жонка Марыя, дачка Зоя і сын Яфім) часова пасяліліся ва Уральску. Іх жыллёвыя ўмовы былі вельмі незайздросныя: давялося туліцца ў занядбаных халодных сенцах аднаго з дамоў – у кутах нават ляжаў снег. Здароўе Ханы Лэйзараўны было і без гэтага падарванае: амаль год таму яна перанесла цяжкую ангіну, а цяпер захварэла на запаленне лёгкіх і ўзімку, напярэдадні новага 1942 г., памерла ў мясцовай бальніцы. Пахавана на Уральскіх могілках побач са Змітраком Бядулем.

Лёс яе астатніх дзяцей склаўся па-рознаму: Ірына і Яўгенія ўсё жыццё былі хатнімі гаспадынямі. Старэйшая сястра звязала лёс з начальнікам міліцыі Уладзімірам Ласко, мужам сярэдняй быў ужо згаданы крытык і літаратуразнавец Уладыслаў Чаржынскі, вядомы пад псеўданімамі Дзяржынскі, Улідзе. Малодшая сястра Соф’я рана выйшла замуж за ўрача-гінеколага Яўсея Лормана, пасля яго смерці вярнулася з Казахстана ў Мінск. Мацвей Плаўнік прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад пачатку да канца, быў камандзірам узвода, у мірны час жыў і працаваў у Гародні – кіраваў нарыхтоўкай кармоў. Клапаціўся ён і пра захаванне памяці брата-пісьменніка: забяспечваў даследчыка яго творчасці Міхаіла Смолкіна патрэбнымі біяграфічнымі звесткамі, разам з літаратуразнаўцам Віктарам Каваленкам уклаў альбом-выстаўку “Змітрок Бядуля: Жыццё і творчасць” (Мінск, 1970).

У наш час жанчыны, што нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, узнагароджваюцца ордэнам Маці. Хана Плаўнік жыла ў іншыя часы і ніякіх ордэнаў не атрымлівала. Але сёння яе нашчадкі жывуць як мінімум на трох частках свету ў шасці краінах.

 

Літаратура

 

  1. Бядуля З. Збор твораў: У 5 т. Т. 3: Аповесці. – Мінск: Маст. літ., 1987.
  2. Бядуля З. Жыды: [Паэма] // Анахну кан. 2002. № 8.

Гэты артыкул быў надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” 10 год таму. На belisrael.info ён публікуецца з праўкамі і ўдакладненнямі, дасланымі аўтарам: напрыклад, згадвана дзявочае прозвішча Ханы Плаўнік, сказана пра яе ўнучку Зосю Мілер

1 (3) Хана Плаўнік, 1935 г.

2 (3) Рукапіс матчынага ліста, 1941 г.

3 (1) Браты Плаўнікі: Мацвей, Самуіл, Ізраіль.

Наступны анонс з сайта:

“Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…”

Да 130-годдзя Змітрака Бядулі.

21 красавіка 2016 года а 17-ай гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца адкрыццё выставы “Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка).

Змітрок Бядуля ўвайшоў у беларускую літаратуру як “пісьменнік з душой чулай і паэтычнай”, які тонка адчуваў хараство, быў здольны дасканала перадаць ва ўсёй красе і шматстайнасці дзівосны свет роднай прыроды, дзіцячых мараў, чалавечай душы.

Змітрок Бядуля – аўтар шматлікіх вершаў, лірычных абразкоў, апавяданняў і аповесцяў, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі для беларускай літаратуры («Пяць лыжак заціркі», «Малыя дрывасекі», «На Каляды к сыну», «Вялікодныя яйкі», «Летапісцы»). У іх прасочваюцца характэрныя для аўтара матывы творчасці – эмацыянальнае захапленне прыгажосцю роднага краю, паэтызацыя вясковага побыту, асуджэнне сацыяльнай несправядлівасці. Творы Бядулі кранаюць прыгажосцю метафар, маляўнічасцю, вобразнасцю, але ў той жа час прымушаюць кожнага задумацца над чалавечай сутнасцю. У адносінах да сваіх герояў Зм. Бядуля быў глыбокім псіхолагам, умеў завастрыць увагу на ўнутраным свеце чалавека, напоўненым шчырымі непаўторнымі душэўнымі пачуццямі.

На старонках сваіх кніг Змітрок Бядуля стварыў выключныя па мастацкай дасканаласці карціны беларускай прыроды, з якой ён звязаны быў душой і сэрцам: дзякуючы музычнасці, багаццю і сакавітасці мовы прырода пад яго пяром паўстае жывой, зменлівай, гожай, іграе ў безлічы яркіх арыгінальных метафар.

Змітрок Бядуля шмат увагі надаваў творам для дзяцей. Яго казка «Качачка-цацачка», паэма-казка “Мурашка Палашка”, вершаваная аповесць “Хлопчык з-пад Гродна”, аповесць-казка “Сярэбраная табакерка” сведчаць пра добрае разуменне пісьменнікам дзіцячай псіхалогіі, здольнасць пісаць пра дзяцей і для дзяцей займальна і даходліва.

На выставе да 130-годдзя Змітрака Бядулі будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка наведвальнік зможа прасачыць праз шэраг фотаздымкаў, эпісталярыяў, прыжыццёвых выданняў, дакументальных сведчанняў актыўнай грамадскай дзейнасці Змітрака Бядулі.

На адкрыцці выставы будуць прысутнічаць даследчыкі і аматары творчасці пісьменніка, яго родныя.

Паводле прэс-рэлізу

Апублiкавана 19 красавiка 2016 г.