Tag Archives: літаратурныя пародыі

Віктар Жыбуль пра Цфанію Кіпніса

Віктар ЖЫБУЛЬ

ПУЦЯВІНЫ І ПАЛОТНЫ ЦФАНІІ КІПНІСА

У беларускіх выданнях 1930-х гг. можна сустрэць каларытныя і дасціпныя шаржы на тагачасных пісьменнікаў, падпісаныя Дэ Вэ Бэка альбо Дэвэбека. Доўгі час сапраўднае імя аўтара шаржаў заставалася таямніцай і нават іх перадрук суправаджаўся лаканічнай пазнакай “Мастак невядомы”, хоць маляваў чалавек відавочна таленавіты. Разгадаць гэтую загадку ў свой час мне дапамог наш вядомы літаратуразнаўца Янка Саламевіч, які падказаў, што пад згаданым псеўданімам хаваецца яўрэйскі мастак Цфанія Кіпніс [1, с. 3].

Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс нарадзіўся 1 снежня 1905 г. у мястэчку Гарошкі (з 1927 г. Валадарск-Валынскі) на Жытоміршчыне (Украіна). На той час многія яўрэі гэтага мястэчка па сваіх перакананнях былі аграрнымі сіяністамі і марылі пра пераезд на гістарычную радзіму. Нават у школе, дзе вучыўся будучы мастак, выкладанне вялося на іўрыце. Нядзіва, што Ц. Кіпніс у юнацкія гады браў актыўны ўдзел у падпольных яўрэйскіх арганізацыях “Гашамэр Гацаір” і “Гехалуц”, за што ў 1923 г. трапіў у жытомірскую турму [7, с. 2].

З 1923 да 1929 г. Цфанія Кіпніс вучыўся ў Кіеўскай яўрэйскай мастацкай студыі, створанай Культур-Лігай (з 1924 г. перайменавана ў Яўрэйскую мастацка-прамысловую школу), у Марка Эпштэйна і Ісахар-Бэра Рыбака. У 1927–1928 гг. таксама займаўся ў маскоўскім Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце. Яшчэ студэнтам удзельнічаў у Юбілейнай выставе мастацтва народаў СССР (1927) у Маскве, дзе пазнаёміўся з выдатнымі тэатральнымі мастакамі Ісакам Рабіновічам, Натанам Альтманам, Аляксандрам Тышлерам [7, с. 2].

Не меней цікавых знаёмстваў чакала Ц. Кіпніса ў Менску, куды мастак пераехаў у 1929 г.: ён пасябраваў з многімі дзеячамі беларускай культуры. Асабліва моцнае сяброўства звязала яго з мастаком Барысам Малкіным (1908–1972), які да гэтага таксама навучаўся ў Кіеве. Адна з першых прац Цфаніі Кіпніса беларускага перыяду творчасці – афармленне кнігі “Оа” яго цёзкі па прозвішчы, пісьменніка Іцыка Кіпніса (1896–1974), выдадзенай у 1929 г. у Менску на мове ідыш. Графічныя працы Цфаніі Кіпніса з’яўляліся на старонках часопісаў “Чырвоная Беларусь”, “Заклік”, “Іскры Ільіча”, газеты “Літаратура і мастацтва” і іншых выданняў. Мастак ілюстраваў апавяданні беларускіх пісьменнікаў Рыгора Мурашкі, Макара Паслядовіча, Міколы Цэлеша, перакладзеныя творы Марыі Кальтофэн, Жуля Рамэна, Анатоля Шышко і іншых аўтараў.

Біёграф Ц. Кіпніса Аляксандар Фільцэр піша, што мастак “адзін час быў загадчыкам мастацкага аддзела яўрэйскага выдавецтва ў Мінску” [7, с. 2]. Падобна, што маецца на ўвазе яўрэйскі сектар Дзяржаўнага Выдавецтва Беларусі, ад абрэвіятуры якога (ДВБ) мастак і ўтварыў сабе псеўданім Дэ Вэ Бэка, выступаючы пад ім як аўтар сяброўскіх шаржаў. Праца Ц. Кіпніса ў гэтым рэчышчы была даволі плённай: у ліпені 1932 г. у гомельскай друкарні “Палесдрук” шаржы Дэ Вэ Бэкі выйшлі асобным выданнем разам з пародыямі Сабасцьяна Старобінскага (Міколы Хведаровіча) [8]. Кніга мела лаканічную назву “Ха” і прыцягвала ўвагу альбомным фарматам, адмысловай паперай жоўтага колеру і, вядома ж, сваёй мастацкай стылістыкай, якая чымсьці выходзіла за межы панаванай тады на Беларусі традыцыі. З дапамогаю, здавалася б, немудрагелістых штрыхоў мастак дасягаў незвычайнай гратэскавасці, гіпербалізаванасці ў іранічнай абмалёўцы сваіх сучаснікаў-паэтаў: Змітрака Астапенкі, Петруся Броўкі, Цішкі Гартнага, Сяргея Дарожнага, Алеся Звонака, Тодара Кляшторнага, Сцяпана Ліхадзіеўскага, Максіма Лужаніна, Валерыя Маракова, Ізраіля Плаўніка, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Сяргея Фаміна, Уладзіміра Хадыкі і… самога аўтара пародый – Міколы Хведаровіча. Цікава, што пры наяўнасці ў кнізе шаржа на Андрэя Александровіча [8, с. 5] (твар паэта добра пазнаецца, як і мастацкія алюзіі на яго верш “Менскі рытм”) пародыі на яго там няма.

ha1932 aleksandrovich1932 astapenka1932

?????

Вокладка кнігі і шаржы Ц.-Г. Кіпніса на Андрэя Александровіча, Змітрака Астапенку, Цішку Гартнага

У часопісах і газетах захаваліся таксама шаржы на Сымона Баранавых, Лукаша Бэндэ, Змітрака Бядулю, Віктара Казлоўскага і іншых літаратараў. У 1932 г. Ц. Кіпніс працаваў і над серыяй шаржаў на яўрэйскіх пісьменнікаў, якія мусілі таксама выйсці асобнай кнігай [6, с. 24], але не выйшлі. Магчыма, нейкія з іх адшукаюцца ў перыядычным друку.

Мастак спрабаваў сябе і ў графіцы, і ў жывапісе, і ва ўжытковым мастацтве. Вядома, што ў 1932 г. ён працаваў над карцінай “Лекерт” [6, с. 24], прысвечанай рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту (1879–1902), 30-годдзе з дня смерці якога адзначалася тады. У 1936 г. Ц. Кіпніс аздобіў вокладку кнігі “Хлопчык Мотка” Шолам-Алейхема ў беларускім перастварэнні Змітрака Бядулі, а таксама паўдзельнічаў у Асенняй выставе мастакоў, прапанаваўшы гледачам дзве працы: “Пейзаж” і “Эскіз” [2, с. 18, 36]. Цікава, што на той самай выставе экспанаваўся “Бюст мастака Г. Кіпніса”, выкананы Іллём Эйдэльманам [2, с. 24].

Адначасова з кніжнай графікай і жывапісам Цфанія Кіпніс актыўна займаўся мастацтвам тэатра, якое, уласна кажучы, і стала яго асноўнай прафесійнай дзейнасцю. Першым вопытам у гэтай галіне для яго была праца з 1930 г. у Тэатры рабочай моладзі (яўрэйскі маладзёжны тэатр) у Мінску. Супрацоўнічаў ён і з Тэатрам юнага гледача БССР: у 1937 г. зрабіў эскізы да спектакля “Як гартавалася сталь” рэжысёраў Е. Міровіча і Ю. Палічынецкага паводле кнігі Мікалая Астроўскага. З 1934 па 1941 г. Ц. Кіпніс быў галоўным мастаком Беларускага Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, у якім аформіў нямала п’ес, сярод якіх: “Бойтрэ” М. Кульбака (1937; рэжысёр М. Рафальскі), “Суламіф” С. Галкіна паводле А. Гольдфадэна (1938; рэжысёр В. Галаўчынер), “Лейбка-салдат” І. Левіна (1938; рэжысёр А. Трэпель), “Бар-Кохба” С. Галкіна паводле А. Гольдфадэна (1939; рэжысёр В. Галаўчынер), “Два недарэкі” (“Цвей кунілемлэх”) А. Гольдфадэна (1939; рэжысёр В. Галаўчынер), “Сендэр-Бланк” паводле Шолам-Алейхема (1939; рэжысёр Л. Літвінаў), “Сёстры” Л. Рэзніка паводле І.-Л. Перэца (1940; рэжысёр М. Моін), “Маленькі чалавечак” З. Аксенфельда і Э. Кагана паводле М. Мойхер-Сфорыма (1940; рэжысёр М. Сокал), “Няроўны шлюб” братоў Тур і Л. Шэйніна (1940; рэжысёр А. Трэпель), “Вядзьмарка” паводле А. Гольдфадэна (1941; рэжысёр В. Галаўчынер) [3, с. 365–366].

У гады Другой сусветнай вайны тэатр эвакуяваўся ў Новасібірск і  працягваў там сваю дзейнасць. А Цфанія Кіпніс пайшоў добраахвотнікам на фронт. Нейкі час разам з сябрам-паэтам Аркадзем Куляшовым ён супрацоўнічаў з армейскай газетай “Знамя Советов”. Тут для Кіпніса з’явілася нагода зноў узгадаць пра свой сатырычны талент: ён маляваў карыкатуры на фашыстаў, а Куляшоў рабіў да іх вершаваныя подпісы (“Из Брянска брякнулся он тоже – сие написано на роже” // Знамя Советов. 1943. 18 сент.). Мастак прайшоў баявы шлях ад Мінска да Берліна, быў узнагароджаны 14 баявымі ордэнамі і медалямі і даслужыўся да пасады начальніка штаба пяхотнага батальёна.

У 1945–1946 гг. у Нямеччыне па эскізах Ц. Кіпніса былі ўзведзеныя помнікі воінам, загінулым у баях за Арнсвальд і Штаргард. Камандаванне спрабавала змусіць мастака змясціць на пастаментах словы І. Сталіна. Аднак Ц. Кіпніс адмовіўся рабіць гэта, абышоўшыся старажытнагрэцкай фразай, прысвечанай воінам Спарты: “Прохожий, передай нашей Родине, что мы погибли, сражаясь за Нее” [7, с. 2; 4, с. 53].

Да тэмы вайны і яе трагічных наступстваў мастак неаднойчы звяртаўся ў сваёй творчасці – згадаем такія яго працы, як “Майданэк” (1944), “Хлопчык з канцлагера” (1945), “Палацавы ансамбль Цвінгер у Дрэздэне пасля бамбардзіроўкі” (1945), “Зняволены”, “Бабруйск пасля вайны” (1950-я), “Вязні гета”, “Таліт на вятры”, “Вышка”, “Згарэлае мястэчка” (1960-я).

У 1946–1948 гг. Цфанія Кіпніс працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Украінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, а ў 1948–1949 г. – галоўным мастаком Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра. Неўзабаве савецкія ўлады забаранілі ўсе яўрэйскія культурныя ўстановы: тэатры, выдавецтвы, музеі. Мастак вярнуўся ў Мінск, у якім жыў і працаваў яшчэ больш за два дзесяцігоддзі. У гэты перыяд ён, сярод іншага, аформіў кнігі “На мяжы магчымага” Вадзіма Ахотнікава (1950), “Возвращение к жизни” Лазара Кацовіча (1952), “Соль жыцця” Айзіка Платнера (1957), працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек (1952–1956), Бабруйскім беларускім вандроўным калгасна-саўгасным тэатры (1957), Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы (1957)… Сярод яго прац гэтага часу – аздабленне п’ес “Дзед і жораў” і “Цудоўная дудка” Віталя Вольскага, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы (разам з Б. Малкіным), “Дамы і гусары” Аляксандра Фрэдра.

Увесь гэты час Ц. Кіпніс выяўляў сябе як патрыёт свайго народа: выкладаў іўрыт, памнажаў і распаўсюджваў навучальныя дапаможнікі, адстойваў нацыянальныя і культурныя правы яўрэяў, у тым ліку і права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль. На рэспубліканскіх мастацкіх выставах 1957, 1959 і 1967 гг. ён экспанаваў эскізы касцюмаў і дэкарацый, зробленыя раней для Яўрэйскага дзяржаўнага тэатра БССР – быццам хацеў нагадаць, што, нягледзячы на ўсе забароны, на ўсе хвалі антысемітызму, яўрэйская культура ў савецкай Беларусі ўсё адно жыве.

Акрамя тэатраў і выдавецтваў, Цфанія Кіпніс працаваў у Мастацкім фондзе БССР і пэўны час з’яўляўся нават яго старшынём, а пасля выхаду на пенсію – шараговым членам. Пакуль на адным са сходаў у 1972 г. не быў выключаны за сваё жаданне выехаць у Ізраіль. Неўзабаве пасля таго выпадку да яго падышоў галоўны мастак фонду Лявон Баразна і прызначыў сустрэчу ўвечары на бязлюдным стадыёне “Дынама”. Там ён сказаў Кіпнісу: “І мне, Беларусу, і табе, Яўрэю, аднолькава няма чаго тут рабіць. Я хачу ў Канаду – там больш беларускага, чым у БССР… Дык вось я й прашу – зрабі мне ласку: як прыедзеш у Ізраіль, дасылай мне запрашэньне! А я церазь Ізраіль у Канаду дабяруся: ёсьць у мяне там нехта. Я табе веру, Кіпніс, ты зробіш гэта” [5, с. 6]. Праз некалькі дзён, 15 жніўня 1972 г., М. Баразну на вуліцы забілі нажом хуліганы – існуе версія, што ў гэтым былі замяшаныя савецкія спецслужбы.

Цфанія Кіпніс цудам здолеў атрымаць візу ў Ізраіль. Але 29 лістапада 1972 г. у Брэсце яго знялі з цягніка і даставілі ў следчую турму мінскага КДБ. Мастаку было прад’яўлена абвінавачанне ў стварэнні і кіраўніцтве падпольнай антысавецкай сіянісцкай арганізацыі. Паўгода ён адседзеў у камеры-адзіночцы і быў вызвалены толькі дзякуючы міжнароднай грамадскасці. 29 траўня 1973 года “справа” была закрыта, і 13 ліпеня 1973 г. Цфанія Кіпніс з жонкай прыбыў у Ізраіль [4, с. 56].

На гістарычнай радзіме ён працягваў займацца творчай дзейнасцю, афармляць кнігі і спектаклі. Яго жывапісныя працы гэтага часу пазначаны ўплывам імпрэсіянізму: “Ружовы палац”, “Букет”, “Кветкі ў белай вазе”, “Чырвоныя кветкі”, “Вясна”, “Перад дажджом”, “Замак”, “Сакавіцкі снег”, “Стары”, “Мястэчка”, “Начны касцёр”. Памёр 26 красавіка 1982 г. у горадзе Бат-Яме. Сябрам ён запомніўся як шчодры, абаяльны і поўны энергіі чалавек, адданы патрыёт яўрэйскага народа. Пры гэтым жыццё і творчасць Цфаніі-Гедаліі Кіпніса былі звязаны з некалькімі краінамі (на той час – савецкімі рэспублікамі) і, адпаведна, іх культурамі: Украінай, Беларуссю, Расіяй. Самым працяглым у біяграфіі мастака стаў акурат беларускі перыяд творчасці, які заняў агулам каля 34 гадоў. Творца зрабіў важкі ўнёсак у айчыннае тэатральнае мастацтва, а таксама ў развіццё такога мастацкага жанру, як сяброўскі шарж. Беларускія рэаліі адбіліся і ў шэрагу яго графічных прац – напрыклад, у замалёўках будынкаў у мястэчках Ракаў, Узда, Кабыльнікі і разбуранага ў вайну Бабруйска.

Першай грунтоўнай спробай аб’яднаць працы Ц. Кіпніса пад адной вокладкай стаў альбом, укладзены і выдадзены ў 2007 г. літаратарам Аляксандрам Фільцэрам [7]. Спадзяемся, выданне не апошняе на шляху вяртання творчай спадчыны мастака.

Спіс літаратуры

  1. Жыбуль, В. Цфанія Кіпніс – Дэ Вэ Бэка // Мы яшчэ тут! – 2007. – Вып. ХХХІІ (снежань).
  2. Каталог Асенняй выстаўкі мастакоў БССР / Кіраўн. па справах маст. пры СНК БССР, Саюз савецкіх мастакоў. – Мінск, 1937.
  3. Кузняцова, К. Б., Герштэйн, Г. Р. Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР / К. Б. Кузняцова, Г. Р. Герштэйн // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2002.
  4. Левин, Э. На десять минут впереди времени, на десять лет впереди жизни / Э. Левин // Мишпоха. – 2010. – № 27.
  5. Лявон Баразна // Беларус [Нью-Ёрк, ЗША]. – 1982, лістапад-сьнежань. – № 306-307.
  6. Над чым працуюць мастакі: падрыхтоўка да V Усебеларускай мастацкай выстаўкі // Мастацтва і рэвалюцыя. – 1932. – № 2.
  7. Фильцер, А. Художник Цфания-Гедалия Кипнис / А. Фильцер. – Иерусалим, 2007.
  8. Ха : Пародыі С. Старобінскага. Шаржы Дэ Вэ Бэкі. – [Гомель], [1932].

 

Публікуецца з дазволу аўтара з невялікімі праўкамі і дапаўненнямі паводле часопіса “Роднае слова” (Мінск), № 12, 2015.

14.10.2016  01:55