Tag Archives: израильское посольство в Беларуси

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (8)

Ёсць не дзве, а мноства навін – і добрыя, і кепскія. Няхай высокаразумныя чытачы самі аддзеляць мясныя вырабы ад насякомых…

Самая пазітыўная вестка апошніх месяцаў – у Мінску адкрыўся клуб сянцы! Гэта кітайскія народныя шахматы, калі хто не чуў. Не тое каб іх у Беларусі раней зусім ігнаравалі, але цяпер, калі за справу ўзяўся паэт Сяргей Карчыцкі (пачынаў як гулец у «класічныя» шахматы, потым доўгі час займаўся гексаганальнымі-«польскімі», а ў пачатку ХХІ ст. пераключыўся на японскія сёгі), яна кудысьці абавязкова пойдзе, і сотні сталічных аматараў інтэлектуальных гульняў пачнуць мружыцца, як у старым анекдоце. Пакуль жа на бліцтурнір у лістападзе 2015 г. сабралося аж чацвёра змагароў-сянцыстаў (не блытаць з сіяністамі). Японія, Кітай… Наступным захапленнем Карчыцкага & Со. стануць, мабыць, мангольскія шахматы «шатар».

На маю электронную скрынку паступаюць тэрабайты пытанняў, якія зводзяцца да наступнага: «ці ёсць плён ад тваёй пісаніны?». Кампетэнтна адказваю: «А няўжо ж не!» Да прыкладу, сталыя наведвальнікі помняць, што пакпіў я некалі з прафесара Ігнацішчава, які ў Магілёве выпусціў бязглуздую кніжулю і прэзентаваў яе як «навуковае выданне». У 2015 г. той жа таварыш выдаў брашурку з не менш кур’ёзнай назвай: «Заслуженный деятель науки Руслан Игнатищев: шахматы — массовость. Растеряли. Восстановите!», але ўжо не наважыўся пхаць у яе лухту на грані ідыёцтва, дый грыф гэтым разам менш амбіцыйны: «выданне для вольнага часу». Рэкамендую ўсім 🙂

Праўда, як казалі ў Ізраілі 1970-х, складаныя рэчы мы робім адразу, а дзівосы вымагаюць крыху большага часу. Прызнаю і каюся ў тым, што мой артыкулік, напісаны ў жніўні 2015 г. – калі толькі пачалі зюкаць пра закрыццё пасольства ў Мінску – не зрабіў уражання на ізраільскае знешнепалітычнае ведамства. Падобна, Бібі і яго каманда пакуль не вывучылі беларускай мовы; будзем спадзявацца, што ўсё наперадзе.

Дыпламаты заўсёды падпускаюць туману… Дайшлі да мяне чуткі, што пасольства Ізраіля ў Беларусі спыніць сваю дзейнасць у ліпені 2016 г. Вядома, «гаспадарчыя» довады не пераканалі: выдаткаваць мільён долараў за год для ўраду – усё роўна што адкласці долар за год нам з вамі, шаноўны чытач. Многае падказвае, што справа не ў грашовых выдатках, а ў атмасферы, што складвалася вакол дыпработнікаў у нашай краіне.

Дапускаю, што паслу і яго падначаленым у мясцовым «Чырвоным доме» даводзілі план па прыцягненні інвестыцый у беларускую эканоміку («вы ж яўрэі, грошы маеце»…). Праз выбрыкі Лібермана тутэйшыя ідэолагі трымалі Іосіфа Шагала на кароткім павадку; нездарма часам ён вяшчаў так, быццам чытаў перадавіцу «Советской Белоруссии». Не здзіўлюся, калі выявіцца, што пасольству на Партызанскім праспекце навязвалі «добраахвотна-прымусовую» падпіску на звышкаштоўнае для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва перыядычнае выданне, але тут ужо слова самому экс-паслу ці яго баявым памочніцам.

Што паробіш, не ўсе дыпламаты здольныя працаваць у нашай «сінявокай». Уявім сабе сітуацыю: Нетаньягу (або Цыпі, каторая Хатавелі, ягоная намесніца) склікае калегію міністэрства, запрашае патэнцыйных прэтэндэнтаў на ролю пасла ў Беларусі. Але высвятляецца, што адзін раптоўна захварэў, другі з’ехаў у камандзіроўку, трэцяга ніяк не могуць знайсці ў калідорах Кнэсета… Што застаецца начальству? Прызнаць, што ахвотных няма, а місія правалена.

Заслугоўвае права на існаванне і канспіралагічная версія. Яе, бадай, найлепей выразіў «Кэп Очевиднов» на форуме tut.by 12.01.2016: «Яўрэі ведаюць больш за нас, і калі яны нас больш за краіну не ўважаюць, то гэта вельмі і вельмі трывожны сігнал». Так, у апошні час штогадовы тавараабарот з Беларуссю складаў дзясяткі мільёнаў долараў (найперш – экспарт беларускіх тавараў у Ізраіль!), аднак, напэўна, спецслужбы, якія кансультавалі Нетаньягу, заўважылі спад у беларускай гаспадарцы (летась яго цяжка было не заўважыць) і далі негатыўныя прагнозы. У жніўні 2015 г. быў кінуты «пробны шар», а ў студзені 2016 г., калі стала ясным, што «курс дзяржавы не зменіцца», Ізраіль абвясціў пра закрыццё афіцыйна.

Дарэчы, невялікі крок убок. У Беларусі назіраецца сумная заканамернасць – чым горш становішча ў гаспадарцы, тым больш актыўна сябе паводзяць прапагандоны прапагандысты, хаця прыціхнуць бы ім… Хіба адзін штрых: у снежні 2010 г., калі cярэдні заробак у РБ ненадоўга дасягнуў-такі $500 за месяц, паштальёнаў «пераканаўча прасілі» раскідаць па скрынях агітматэрыял за аднаго з кандыдатаў (здагадайцеся з трох разоў, якога іменна). Тыраж тых «паштовак» сягаў 1 млн. Увосень 2015 г., калі сярэдні працаўнік у РБ не меў ужо і $400, адміністрацыя зрабіла аналагічны «фінт», але тыраж агітвырабаў павялічыўся… у 2,5 разы (пэўна, каб і немаўлятам хапіла).

2010 2015

«Паштоўкі ад Лукашэнкі», 2010 і 2015 гг.

Мінае сто дзён з часу «пераабрання» стара-новага «моцнага лідара». Навіны за гэтыя тры з лішкам месяцы – адна весялейшая за другую. Як і было прадказана, курс долара перакрочыў адзнаку 20000. У пачатку студзеня тысячы дробных прадпрымальнікаў не выйшлі на працу, бо душаць іх – цынічна, з прыказкамі кшталту «скончыліся вашы мядовыя гады». Колькасць стратных прадпрыемстваў за 2015 г. павялічылася бадай на 50%, як і лік беспрацоўных (многім з іх, у прынцыпе, няма куды дзецца – Расія ды Украіна перасталі вабіць). Ну і г. д.

Нехта скажа: калі ў Беларусі чакаюцца дэфолт і «вілы», то дыппрадстаўніцтва Ізраіля тым больш патрэбнае – каб абараніць яўрэяў, прынамсі падобныя довады высоўваліся ўлетку 2003 г., пасля першага закрыцця пасольства. Тады сярод «землякоў» збіраліся подпісы пад зваротам, дзе, сярод іншага, гаварылася: «грамадзяне Ізраіля, якія наведваюць родных у Беларусі, пазбавяцца абароны сваёй дзяржавы ад ураду дыктатуры». Ці то ў Ізраілі cур’ёзна лічаць, што зараз усе беларусы – «мірныя людзі» (як пяецца ў гімне), ці то ведаюць іншыя сродкі самаабароны, апрача наяўнасці пасольства… Пажывем-пабачым. У стратэгічным плане закрыццё выглядае памылкай, у тактычным Нетаньягу – які, пры ўсёй яго кампраміснасці, пакуль не паддаецца на ціск Лібермана, Ландвер і іншых інтарэсантаў – зразумець можна.

Наш чытач з Мінска Алесь Рэзнікаў піша пра былога пасла, і ў нечым мае рацыю: «Шчогалеў («дзявочае» прозвішча Шагала – В. Р.) зрабіў аграмадную шкоду дзяржаве Ізраіль і габрэйскаму народу. Калі чалавек зробіць нейкую пакасць, ён сам адказвае, а калі ён яшчэ і габрэй, аддуваецца ўся нацыя, так чамусці гістарычна склалася. А тут яшчэ і дыппрадстаўнік, які, наадварот, павінен згладжваць памылкі вялікіх палітыкаў. Магчыма, шмат у каго з дэмакратычных людзей Беларусі ў галовах пасяліліся пэўныя вірусы. А дзяржаве Ізраіль трэба назапашваць сяброўскі патэнцыял з будучай сапраўды незалежнай Беларускай дзяржавай…» (ліст ад 16.01.2016).

Пра тое, што дыппрадстаўніцтва ў Мінску працавала ў незвычайным рэжыме, і нешта трэ’ было з ім рабіць, гаворыць і рэакцыя беларускага афіцыёзу. Калі ў 2003 г. прадстаўнік РБ Панамароў выказваўся даволі стрымана («Зараз разглядаецца некалькі варыянтаў. Магчыма, прадстаўніцтва [Беларусі ў Ізраілі] будзе зніжана да консульскага ўзроўню»), то ў 2016 г. адказ быў хуткі і нервовы. Ужо 7 студзеня – назаўтра пасля заявы ізраільцаў – прэс-сакратар беларускага МЗС Мірончык паабяцаў, што «Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана зрабіць комплекс захадаў па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве». І дадаў, што гэта, маўляў, звычайная практыка (не зусім так – мы з Ізраілем усё ж не ў стане вайны).

Яшчэ горш раздражненне беларускага боку завуалявана ў тэксце «палітолага» Сяргея М., які, нібыта, уваходзіць у першую сотню самых уплывовых людзей Беларусі (што зусім не так). «Аналітычны» цэнтр гэтага спецыяліста па музеях быў раскручаны з дапамогай спецслужбаў перад сумнавядомым рэферэндумам 2004 г. – дзеля альтэрнатывы празаходнім «фабрыкам думкі». Паводле звестак Ecoom-«Экаом» («Есоот», як прачытаў гэтую хітрую назву адзін супрацоўнік КДБ у 2005 г. :)), беларусы толькі і чакалі, каб даць Лукашэнку права пажыццёва кіраваць імі. Пазней кіраўнік цэнтра набыў «дом Хаіма Вейцмана ў Моталі», вырашыўшы падзарабіць на ізраілезнаўстве. Абяцаў «музейны комплекс», але за 6 гадоў (2008–2014) практычна нічога не зрабіў. Ну і ў 2015 г. бракавала часу – трэба ж было даць дыхту Нетаньягу.

Lapata

Падарунак беларускім ідэолухам ад «БелЦэнтраМашу».

Пра валоданне М. тэмай беларуска-ізраільскіх адносін нямала гаворыць пасаж, прысвечаны Шымону Перасу: «Упэўнены, што пры ім такога (рашэння аб закрыцці пасольства ў Мінску – В. Р.) не адбылося б». Але ж неспадзяванка – іменна Перас, калі ўлетку 2002 г. быў міністрам замежных спраў, і прыняў адпаведнае рашэнне! Тагачасны прэм’ер-міністр Шарон заблакаваў яго; тым не менш, амбасада была зачынена ў 2003 г. і зноў адчынена ўжо тады, калі Пераса змяніў Сільван Шалом…

Высер ад М. цікавы тым, што ў ім гучыць непрыхаваная пагроза: «А калі Беларусь сказала, што вымушана зрабіць комплекс захадаў, то не забудзе і на закрыцці пасольства не спыніцца». Мо тут і «самадзейнасць», але хутчэй за ўсё – праява інфармацыйнай вайны, якую так любяць распальваць тутэйшыя «спецы»… У кожным разе, каб я быў «прафесійным яўрэем», то паасцярогся б дапускаць у бліжэйшы год агрэхі на роўным месцы.

Ніяк не супакоіцца і іншы ваяка, «мудры» Авігдор Э. Здавалася б, самавіты чалавек – 55 гадоў, сямёра дзяцей, з барадой… 🙂 Паводзіць жа сябе, як дробны шахрай. Тут дэманстравалася, як крыва трактаваў ён жыццё ў Беларусі пад канец 2015 г. У студзені 2016 г. «галоўны ізраільскі русафіл» прыцягнуў за вушы даўнюю гісторыю, абы даць адлуп сучасным «жыдабандэраўцам»: «Недзе ў канцы 80-х гадоў да нас прыехала группа яўрэяў з Украіны, і яны ўсталявалі ў Іерусаліме помнік ахвярам галадамору… Ён прастаяў менш за суткі. У той жа вечар прыйшлі былыя партызаны і ліквідавалі яго». Пэўна, Э. думаў, што ўсе забылі, як было насамрэч… У маі 1985 г. (не ў канцы 80-х) на гары Сіён з’явіўся помнік пакутам яўрэяў і ўкраінцаў, ахвярам сталінізму і нацызму (а не толькі Галадамору). Групе выхадцаў з Польшчы згадка пра ўкраінцаў не спадабалася, і праз 4 месяцы (!) помнік, устаноўлены па ініцыятыве дзеяча ўкраінскай дыяспары з Канады (!), яны разбурылі. Даведацца больш можна з газеты «The Ukrainian Weekly» № 8, 1986, а яшчэ з бюлетэня «Диалоги» (№ 15-16, 1987), які выдаваў у Іерусаліме св. пам. Якаў Сусленскі (1929–2009).

Усё б нічога, аднаго Э. мы б вытрывалі… Але яго паслядоўнікі з’яўляюцца сярод маладзейшых. Шчыруе нейкі Меір Ю., які на «сусветным яўрэйскім партале» 2,5 месяцы таму зганіў удзельнікаў кіеўскага мітынгу ў падтрымку Ізраіля: «прыйшлі на майдан 300 яўрэяў, памахалі ізраільскім сцягам і зладзілі антырасійскую акцыю, што, у прынцыпе, і чакалася…» Ці во нядаўні перл: «Закрыццё пасольства ў сувязі са зніжэннем выдаткаў – скрайне абразлівая форма разрыву дыпламатычных адносін, але Нетаньягу нічым не грэбуе». Перш чым абвінавачваць замежнага палітыка ў «чарговай здрадзе», мальцу варта было б дазнацца, што такое разрыў дыпадносін, ці роўны ён закрыццю пасольства – ды навошта? «Прагрэсіўныя іўдзеі», выглядае, «з’ядуць» і не такое.

Не ўтрымаюся, працытую ўрыўкі са сваёй кніжкі «На ізраільскія тэмы» (Мінск: Шах-плюс, 2011). Тэзісы амаль пяцігадовай даўніны гучаць даволі актуальна:

Лёс Ізраіля і Беларусі мне баліць: гэта краіны, моцна расколатыя знутры, у якіх пануе дужа цьмянае ўяўленне аб правах чалавека і законнасці ўвогуле. Чым раней яны пераадолеюць свае мітрэнгі мірным шляхам, тым лепш. Здольнасць пераадолення расколаў залежыць ад якасці інтэлектуальных эліт. Хто і як будзе рэальна працаваць над кшталтаваннем эліт – вось у чым пытанне… Каб эфектыўна супрацоўнічаць, трэба ведаць адно аднаго; каб ведаць, патрэбныя праўдзівыя адмыслоўцы, а не ідэолагі «рынкавага сацыялізму» ці «навуковага (анты)сіянізму».

Мінск, 18.01.2016

rubinczyk[at]yahoo.com

Апублiкавана 18.01.2016

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (5)

Жыццё ў сучаснай Беларусі такое, што кожны – ці амаль кожны – час ад часу мусіць займацца не сваёй справай (аз не выключэнне…) Працуе ў Мінску чалавек майго пакалення, паспяховы філосаф, дацэнт універсітэта Андрэй Шуман. Пісаў пра «іудзейскую логіку», хасідаў… і во надоечы пацягнула яго на агітпроп. Як член Праграмнага камітэта Інстытута даследаванняў нацыянальнай бяспекі Польшчы – што само па сабе забаўна, калі ідзецца пра грамадзяніна іншай краіны – у канцы кастрычніка ён апублікаваў артыкул з дзвюх частак «Друг Израиля между Западом и Россией: итоги выборов президента Беларуси» на блізкую для чытачоў belisrael.info тэму. Спадзяюся, аўтар не пакрыўдзіцца і не налепіць мне ярлык «неадэквата», калі скажу, што атрымаўся трэш, аднак у пэўнай ступені павучальны (іначай я б і не рэагаваў).

schuman

На фота Шуман

З загалоўка, дый са зместу, няясна, хто заслужыў званне «друг Ізраіля» – Аляксандр Лукашэнка, беларускі народ у цэлым, або той і другі? Што ж, пачнем ab ovo…

Даўно пара б ужо здагадацца ўсім зацікаўленым, што А. Лукашэнка – сябар самому сабе, ну, хіба, яшчэ блізкім родзічам і пары-тройцы давераных асоб (калі ўспомніць, як ён абыходзіўся з тымі, хто дапамагаў яму прыйсці да ўлады, то і апошняе выглядае сумнеўна). Ён сам прызнаваўся ў 2005 г., што сяброў бракуе, што «прэзідэнцтва – гэта каласальная самота… з гадамі гэта больш і больш узмацняецца» (У А.Лукашенко нет друзей). Падазраваць яго ў нейкай асаблівай юдафіліі ці ізраілефіліі няма падстаў: лукашэнкаўскія жэсты ў адрас ізраільскіх палітыкаў (Авігдора Лібермана, Шымона Пераса…) тлумачацца або вымогамі дыпламатычнага этыкету, або жаданнем атрымаць дывідэнды праз «яўрэйскае лобі» на Захадзе, або спробамі завабіць ізраільскіх/міжнародных прадпрымальнікаў у Беларусь. Не буду згадваць найбольш адыёзную частку выказвання пра Бабруйск (кастрычнік 2007 г.), а прыгадаю гэты фрагмент: «Мы яго ўпарадкавалі і ізраільскім яўрэям кажам – хлопцы, вяртайцеся назад. Я ім сказаў – з грашыма вяртайцеся!» Іншымі словамі, без грошай вы тут на… камусьці патрэбны, і траціць іх будзеце, як падкажуць… «Астапа нясло» і пасля 2007 г., напрыклад, у пасланні 2012 г.: «Барыс Васільевіч Батура прыходзіць і кажа: вось нашы разумныя яўрэі з Ізраіля прыехалі, хочуць 45 гектараў зямлі. Я кажу, ты што, гэта добрае поле каля Баравой… Кажу: перадай яўрэям прывітанне, я ім заўтра знайду няўдобіцы, але там выдаткі большыя» (http://www.kp.by/online/news/1147176/). Бадай той Жорж Міласлаўскі з гайдаеўскага фільма: «Так что мне передать мой король? – Передай твой король мой пламенный привет!»

Выснова? «Мараль»? Шчырасці ў абдымках беларускага кіраўніцтва з Ліберманам ды яго стаўленікам Шагалам, у лістах да Пераса ці Нетаньягу – кату па пяту.

Былы пасол Ізраіля Ёсеф Шагал на працягу ўсёй сваёй кадэнцыі ў Беларусі (2012–2015) цвярдзіў пра адсутнасць у Беларусі юдафобіі. Напрыклад, у інтэрв’ю ўкраінскай журналістцы ўвесну 2015 г.: «так наладжана тут сістэма – зверху ўніз… Зверху ідзе непрыманне любой формы антысемітызму, паступае гэты сігнал настолькі ясна, што нават у тых людзей, якія не любяць яўрэяў…, не з’яўляецца жадання дэманстраваць свае пачуцці. Усё знаходзіцца пад вельмі жорсткім кантролем, кожны выпадак, звязаны нават не з праявай антысемітызму, а з нейкай спробай сказаць штосьці, упіраецца ў строгае “нельга!”», «тут не было, прынамсі я не сутыкаўся, ні з адным выпадкам антысемітызму» (Посол Израиля в Беларуси Йосиф Шагал: многие не признаются в том, что они евреи). Прама як у Янкі Купалы ў сумнавядомай паэме «Над ракой Арэсай» (1933) пра жыццё камуны: «Ёсць, напэўна, недахопы, / Бо як жа іначай / Ў гаспадарстве, ў будаўніцтве? / Але іх не бачыў». Адрасую ахвотных паспрачацца з хітрамудрым дыпламатам да навіны ад 23.05.2013 з гаваркой назвай: «Милиция решила не наказывать сотрудника Академии управления [при президенте РБ] за публичное оскорбление евреев на интернет-форуме». Дый нават калі б словы Шагала былі праўдай – адсутнасць антысемітызму шчэ не роўная дружбе.

Сам я ў лістападзе 2012 г. у інтэрв’ю аднаму польскаму канальчыку сказаў наконт антысемітызму ў Беларусі: «За апошнія 10 гадоў паветра стала чысцейшае», але адразу ж падкрэсліў, што ўзровень ксенафобіі ў краіне даволі высокі. За тры гады, якія мінулі, гэты ўзровень, відавочна, не знізіўся, што само па сабе не прыяе пашырэнню «сяброўскіх стасункаў». Хіба што ізраільцы і беларусы дамовіліся б сябраваць «супраць» кагосьці – арабаў, іранцаў… – але грош цана была б такому «сяброўству». Дарэчы, улады Беларусі талерантна ставяцца да «пасольства» Палестыны ў Мінску, якое існуе з сярэдзіны 2000-х, нічога не маюць супраць яго і 90 з лішкам адсоткаў жыхароў Беларусі. Тое самае тычыцца пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран, якое актыўна будуецца (а мо ўжо і разбудавалася) на беразе Камсамольскага возера.

А. Шуман даў у артыкуле «джэнтльменскі набор» фактаў і фактоідаў. Перакладу пару ўрыўкаў:

У вытокаў беларускай дзяржаўнасці стаяў вялікі князь Вітаўт (1350–1430). І ён стаў першым вялікім князем, які на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага… устанавіў так званыя «прывілеі» (1388–1389), якія рэгулявалі жыццё яўрэйскай абшчыны на ўсёй тэрыторыі княства. Згодна з гэтымі законамі, яўрэі ўяўлялі з сябе клас свабодных жыхароў… Іменна беларуская дзяржаўнасць Вялікага Княства Літоўскага і Рускага дазволіла яўрэйскім падданым развіць іудзейскую ідэнтычнасць і культуру да небывалых вышынь.

Пачаць з таго, што Вітаўт стаў вялікім князем ВКЛ толькі ў 1392 г. (дэ-факта; дэ-юрэ на гэтым троне сядзеў Ягайла), таму ніяк не мог у канцы 1380-х выдаць прывілеі для «ўсёй тэрыторыі княства». Як тагачасны «губернатар» заходняй Беларусі, ён апекаваўся яўрэямі Берасця (1388) і Гародні (1389). Дзеянне яго акта распасцерлася на ўсё княства толькі праз 100 з лішнім гадоў, у час кіравання Жыгімонта Старога. А як вам думка, што для «іудзейскай ідэнтычнасці» стварыла ўмовы «беларуская дзяржаўнасць»? Прыблізна тое самае, што заявіць: Святлана Алексіевіч абавязана Нобелеўскай прэміяй рэжыму Лукашэнкі…

З аднаўленнем беларускай дзяржаўнасці ў 1918 г. беларускі народ ізноў стаў верным саюзнікам яўрэяў, уключыўшы іх у будаўніцтва нацыі. Яўрэйская мова (ідыш) абвяшчаецца адной з чатырох дзяржаўных моў беларускай рэспублікі, нароўні з беларускай, польскай і рускай.

У 1918 г. была створана Беларуская народная рэспубліка, якая ніколі не выступала за афіцыйнае «чатырохмоўе». Многія дзеячы БНР талерантна ставіліся да яўрэяў, але ў «будаўніцтва нацыі» пад сваім сцягам уключалі толькі адзінкі (Самуіла Плаўніка, яго цёзку Жытлоўскага, Шымона Разенбаўма…). Трэба помніць і пра тое, што БНР у 1919 г. ангажавала на вайсковую службу Станіслава Булак-Балаховіча, адказнага за шматлікія антыяўрэйскія пагромныя акцыі на поўдні Беларусі ў 1920 г., у час т. зв. «Беларускага пахода». Булак-Балахович, Станислав Никодимович – антиеврейский аспект

Чатыры афіцыйныя мовы, як можна прачытаць у Вікіпедыі/любым сучасным падручніку, былі не ў БНР, а ў «канкурэнтаў» – у савецкай Беларусі, і тое не дужа працяглы час (1920–1938 гг.). Мяркую, нямногім ізраільцам дарагі той факт, што на гербе БССР і шыльдзе БДУ меліся надпісы на ідышы – урад Ізраіля адпачатку гаварыў на іўрыце і не спрыяў альтэрнатыўным мовам. Дый пры чым Вітаўт і падзеі 90-гадовай даўніны да сучаснай (геа)палітыкі?

Ах, вядома ж, «маасэ авот сіман лебанім» («учынкі бацькоў – знак для нашчадкаў»)! Але зварот да мінулага – небяспечная, двухбаковавострая штука. Як любіў казаць тав. Сталін, «хто старое згадае – таму вока прэч, а хто забудзецца – таму абодва». Не сумняюся, што ізраільскія беларусазнаўцы (ці тыя, хто імі лічыцца) маюць звесткі і пра выгнанне яўрэяў з ВКЛ за часоў князя Аляксандра ў канцы ХV cт., і пра пагромы пачатку ХХ ст., і пра ўдзел беларускіх калабарантаў – а таксама некаторых партызан – у Катастрофе 1941–1944 гг. Калі капнуць крыху глыбей, то выходзіць, што і фальклор у сваёй істотнай частцы абвяргае тэзіс пра «дух саюзніцтва, які яднаў яўрэяў і беларусаў на працягу многіх стагоддзяў». Нямала фактаў насцярожанага і негатыўнага стаўлення прыводзіцца ў раздзеле з кнігі магілёўскага гісторыка Ігара Марзалюка «Людзі даўняй Беларусі» (Магілёў, 2003) пад назвай «Вобраз жыда ў беларускай традыцыі» (с. 133–149).

Пра другую частку артыкула А. Шумана з ацэнкай вынікаў «прэзідэнцкіх выбараў» 2015 г. доўга разважаць не стану, тым болей што яна слаба звязана з першай. Эх, калі б адсутнасць «электроннага галасавання з аўтаматычным падлікам галасоў» і недахоп сацыялагічных агенцтваў былі найвастрэйшымі праблемамі ў Беларусі…

Хацеў бы параіць шаноўнаму аўтару і ўсім, хто захоча пайсці яго шляхам, менш маніпуляваць мінуўшчынай дзеля дасягнення кан’юнктурных мэт. Чаму б не паверыць Уладзіміру Караткевічу, які пра яўрэяў ВКЛ натаваў у сваім дзённіку паўстагоддзя таму: «жылі тут не добра і не кепска, і з прывілеямі, і з паборамі, і з гвалтам…» («Дзеяслоў», № 78, 2015)? Звяртаючыся да ранейшага суіснавання яўрэяў і беларусаў, паказваць трэба і пазітыўныя, і негатыўныя грані. Толькі так можна палепшыць беларуска-ізраільскія адносіны, якія – хто б што ні казаў – усе 2010-я гады былі далёкімі ад аптымальных. Дадатковае сведчанне – выхад у выдавецтве «Мастацкая літаратура» на замову міністэрства інфармацыі РБ фаліянта Славаміра Антановіча «Ушедшие в бессмертие» (Мінск, 2015), дзе аўтар фантазіруе пра агентаў сталінскіх рэпрэсій:

Многія пералічваюць галоўных ідэолагаў ГУЛАГа – сіяністаў Когана, Фрэнкеля, Фірына, Рапапорта, Бермана… Усе яны нярускія, і гэта палягчала іх разбуральную працу. Яны і яўрэямі-то былі кепскімі, у іх поўнасцю выпетрылася разуменне нацыянальнага гонару. Некаторыя з іх «працавалі» ў Беларусі.

Што гэтыя людзі, служкі Леніна-Сталіна, былі кепскімі яўрэямі – бясспрэчна, ды якое дачыненне яны маюць да сіянізму, руху, які ў 1948 г. спарадзіў Дзяржаву Ізраіль? Пытанне рытарычнае.

Усё б нічога, каб хоць сярод беларускіх яўрэяў панаваў дух «саюзніцтва». На жаль, салідарнасці мала: як і на пачатку 2000-х гг., канфліктуюць, напрыклад, «прагрэсіўныя» і артадаксальныя іўдзеі. Першыя ў кастрычніку 2015 г. разам з прыяцелямі-хрысціянамі залезлі ў будынак Валожынскай ешывы, які належыць Іудзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню і правялі там нейкі «семінар», другія заявілі «рашучы пратэст» і паабяцалі «придать этому вопющему и беспрецедентному факту юридическую оценку как со стороны властей, так и со стороны посольства Израиля в Республике Беларусь» (арфаграфія і стылістыка арыгінала захавана).

Hasidyi

Так, паводле «прагрэсіўнага» сайта jews.by, выглядае тыповы артадаксальны яўрэй.

Будзем аптымістамі, суцешымся тым, што ў найсвяжэйшым нумары «Аrche» (прысвечаным пераважна гейшам :)) апублікаваны і ўспаміны Рыгора Хасіда «Пра Гродна, жыццё гарадзенскіх габрэяў да вайны, пра адносіны з польскім насельніцтвам, прычыны вітання мясцовым габрэйствам прыходу Чырвонай арміі ў 1939-м і аб тым, што прынесла габрэям савецкая ўлада». Паверым, што 27 лістапада 2015 года – у першы дзень адмены віз паміж Беларуссю і Ізраілем – мы прачнемся ў іншай краіне. А пакуль – trash must go оn!

Мінск, 05.11.2015

rubinczyk[at]yahoo.com

 P.S. Раз ужо былі згаданы партызаны – для мяне непрымальнае выказванне вядомай пісьменніцы: «Партызанская вайна, гэта, агулам, поўны разбой. Ты залежыш ад камандзіра, асабліва жанчыны (што я добра ведаю); калі ты габрэй, табе могуць і ў спіну стрэліць». Вожыку зразумела, што ў савецкім партызанскім руху на Беларусі за тры гады ўратавалася куды больш яўрэяў (паводле розных звестак, 10–15 тыс.), чым загінула ад рук антысемітаў.

Папярэднія серыі:

http://belisrael.info/?p=5168

http://belisrael.info/?p=5192

http://belisrael.info/?p=5323

http://belisrael.info/?p=5383

От редактора сайта: еще по теме действий банд С. Булак-Балаховича в белорусском Полесье материал на сайте Погромы и убийства евреев Мозырского уезда в 1918-начало 20-годов

И коль вспоминалось также имя уже бывшего израильского посла, то стоит напомнить материал, связанный с его “кипучей” белорусской деятельностью  Тот самый израильский Шагал…

Опубликовано 6 ноября 2015

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХI (2)

Усім баршчу шалом! Пачынаецца 2-я серыя нашага забаўляльна-пазнавальнага серыялу жахаў, так што просьба да карыстальнікаў, слабых на нервы, выключыць маніторы, сесці як мага зручней і паставіць надзейны заслон. У гэтым выпуску мы пагаворым пра самае пяшчотнае і дарагое – пра асаблівыя беларуска-ізраільскія адносіны.

Кароткі змест 2-й серыі: бязвізавы рэжым блізкі як ніколі; у мінскім пасольстве Ізраіля пакуюць валізкі.

Катлеты, або Тэль-Авіў недзе побач

Самую эфектыўную ў свеце эканоміку РБ накрыў чарговы крызіс, і афіцыйныя асобы ўсё часцей пазіраюць на поўдзень. Нагадаю, што ў чэрвені 2011 г., калі беларускі рубель таксама валіўся з ног ад стомы, тагачасны прэм’ер-міністр Мясніковіч злётаў у Ізраіль і нечага там выпрасіў. Злыя языкі казалі, што ў абмен на брыс-мілу, але мы-то з вамі ведаем… 14 ліпеня г. г. зменшчык Мясніковіча Кабякоў заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў супрацы з кампаніяй «Ісраэль кеміклз лімітэд» Кобяков: Беларусь интересует расширение сотрудничества с Израилем

Трэба меркаваць, пасля таго, як з ізраільскага ўрада выкінулі дзяжурнага па нашай краіне, дзелавыя стасункі даводзіцца наладжваць ледзь не з чыстага аркуша. Нават да канкурэнтаў «Беларуськалія» падлабуньвацца…

Так ці іначай, нешта не відаць на гарызонце вясёлкавай будучыні, якую малявалі ізраільскія госці год таму, не чуваць і гучных дэкларацый пра «гістарычнасць» той ці іншай сустрэчы. Далёкі ад статусу Нью-Васюкоў цэнтра сусветнага турызму Моталь, дзе адзін небезвядомы беларускі ідэолаг аж у 2008 г. выкупіў пад музей «Дом Хаіма Вейцмана». Ужо хутчэй па інэрцыі гаворыцца пра «збліжэнне народаў»: рэалізацыя дамовы ад 19.09.2014 аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем зацягнулася настолькі, што многім цяпер і не патрэбен «чэрствы пернік». Так бывае, калі дакументы рыхтуюць непрафесіяналы: Фаіна Кіршэнбаўм – адстаўная медсястра, Софа Ландвер – адстаўны лагапед, Іосіф Шагал – адстаўны журналіст. А ўсе яны разам – сіла!

Кадэнцыя Шагала ў Беларусі скончылася, і скора ён вернецца ў Ізраіль. Бадай, адзіным яго дасягненнем на пасадзе пасла і стала дамова 2014 г. – цяпер ёсць спадзевы, што яна ўступіць у сілу яшчэ ў 2015 г. (хіба 31 снежня ;-). Ва ўсякім разе, 29 чэрвеня 2015 г. міністр унутраных спраў Сільван Шалом не без уплыву Юрыя Шульгана выдаў загад аб палягчэнні візавых працэдур для беларускіх грамадзян, а 16 жніўня ўрад Ізраіля зацвярдзіў дамову з Беларуссю, хоць і з рыпам, не аднадушна. Да таго ж без агаворак пагадненне мае працаваць толькі год, потым урад збярэцца зноў і вырашыць, наколькі яно адпавядае нацыянальным інтарэсам.

Ніхто з «простых смяротных» нікуды пакуль без віз не ляціць, але радасці-то, радасці! У жніўні мала інфармацыйных нагод, і пра пазітыўны крок ізраільскага боку напісалі беларускія СМІ:

«Нармалізаваны» партал «TUT.by»: http://news.tut.by/politics/460524.html ;

Газета «Новы час»: http://novychas.info/zamezza/urad_izrailia_zacvierdziu_admi/ (аптымістычна сцвярджае, што «правілы пачнуць дзейнічаць ужо ў гэтым годзе», як і «Народная воля» ад 18.08.2015);

«БелГазета»: http://www.belgazeta.by/ru/news/life/31417/ (тут «дастаўляе» фотаздымак);

Клуб аматараў коцікаў: http://kyky.org/news/pravitelstvo-izrailya-utverdilo-bezvizovyy-rezhim-s-belarusyu ;

Партызаны з атрада Шарамета: http://www.belaruspartisan.org/politic/314257/

Багата іх. І вядома ж, у фэйсбуку Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання пра шматабяцальны крок таксама гаворыцца 🙂

Напэўна, у канторы на Партызанскім праспекце добра «адзначылі» падзею – і з 18 жніўня ўвогуле перасталі выдаваць гасцявыя візы. Як паведамляе афіцыйны сайт embassies.gov.il/minsk, консульскі аддзел толькі прымае дакументы – з «тэхнічных прычын». Калі знікнуць «тэхнічныя прычыны», ведамства пана Шчогалева-Шагала не адказвае. Ну што ж, цемра гусцее перад світанкам…

Shagal

Фота: цёзка І. В. Сталіна паказвае, куды беларусам трэба ісці па візы

Мухі, або Асцярожна, дзверы зачыняюцца

На пачатку жніўня ізраільцы, а следам за імі беларусы, загаварылі пра мажлівае закрыццё пасольства ў Мінску. Моладзеж з jews.by 10.08.2015 так і секанула: «Ізраіль зачыняе пасольства ў Беларусі», дарма што канчатковага рашэння не прынята.

Падставы для трывожных заяў дало пасяджэнне ўрада, дзе быў агучаны курс новага-старога прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньягу на «жэстачайшую эканомію». Галава партыі «Наш дом Ізраіль» (НДІ) Авігдор Ліберман адстраляўся серыяй інтэрв’ю, назваўшы дзеянні свайго былога шэфа «пагромам» і помстай за крытыку. Знайшліся і «эксперты», якія на розныя галасы распавялі публіцы, чаму Ізраілю не абысціся без вышэйшага ўзроўню прадстаўніцтва ў нашай краіне. Шэраг аргументаў гучаў прам-такі абсурдна.

«Многія выбітныя дзеячы Ізраіля – выхадцы з Беларусі. Сярод іх Бен-Гурыён, Бегін, Шамір, Перас», – пісаў адзін з кіраўнікоў НДІ Давід Гадоўскі 13.08.2015 на cursorinfo.co.il. Між тым яго цёзка Грын (Бен-Гурыён) нарадзіўся ў Плоньску, што на паўночны захад ад Варшавы. Дзе-дзе, а ў «алімаўскай» партыі маглі б ведаць пра розніцу паміж Польшчай і Беларуссю.

Пра лета 2003 года, калі Ізраіль у першы раз закрыў пасольства, той жа Гадоўскі пісаў так: «Кінулі яўрэйскую абшчыну Беларусі… Дарагія мае, мы ж з Вамі маем тамтэйшы досвед. Мы ж ведаем, як там ставяцца ўлады да тых, у каго, гаворачы на слэнгу, “няма даху”. Ізраіль якраз заўсёды ўспрымаўся іменна як апякун і заступнік мясцовай яўрэйскай абшчыны».

Добра помню і 2003–2004 гг., калі пасольства не было, і папярэднія гады, калі яно працавала. Асаблівай розніцы не адчуў. Спытаўся ў свайго таварыша, які ў той час меў дачыненне і да Ізраільскага цэнтра, і да сінагогі – ён кажа, што таксама не адчуў. Праблема была раздзьмута інтарэсантамі – адзін з такіх «прафесійных яўрэяў» пісаў у газеце «Авив», што пачуваецца «сіратой, кінутым бацькамі». Мяркую, 95%, а мо і 99% беларускіх яўрэяў не мелі і не маюць патрэбы ў «даху» ды «апякунстве» пасольства.

Гаворыць сам Ліберман (cursorinfo.co.il, 14.08.2015): «Маючае адбыцца закрыццё пасольства сведчанне абыякавасці да інтарэсаў і 150 тысяч ізраільцаў – выхадцаў з Беларусі, і 150 тысяч тых, хто застаецца там і мае права на вяртанне. Па ўсіх пытаннях сувязі з Ізраілем – наведванне родзічаў, аліі, удзелу ў моладзевых праграмах Сахнута і “Натыва” – ім прыйдзецца звяртацца ў іншыя дзяржавы… або адмаўляцца ад сваіх планаў». Хітруе стары ліс… Па-першае, быццам і не ведае, што тэмпы «аліі» не звязаны з наяўнасцю пасольства ў краіне. Пік эміграцыі з Беларусі ў Ізраіль выпаў на 1990–1991 гг., а пасольства адкрылася толькі ўвосень 1993 г. І праграмы «Сахнута», і моладзевыя лагеры, і нядзельныя школы, і нават дзейнасць Ізраільскага цэнтра былі ў Беларусі ДА пасольства. Баюся, няўклюдныя захады кіраўнікоў дыппрадстаўніцтва (не ўсіх, але многіх) адно блакавалі развіццё тутака яўрэйскай інфраструктуры. Па-другое… адкуль партыйны бос узяў лічбу «150 тысяч»?

Я здагадваюся, адкуль. Гады 2 таму ў Ізраіль з Мінска перабраўся Зэлік Пінхасік – былы дырэктар Міжнароднага гуманітарнага інстытута БДУ, кандыдат філасофскіх навук савецкага гарту. «Яўрэйская абшчына Беларусі складае не 30 тысяч, як часта кажуць, а, паводле нашых даследаванняў, 150 тысяч человек, якія трапляюць пад Закон аб вяртанні», – сказаў ён у нядаўнім інтэрв’ю ( http://izrus.co.il/dvuhstoronka/article/2015-08-09/28490.html ). Аднак паводле перапісу 2009 г. у Беларусі яўрэямі назвалі сябе 12926 рэспандэнтаў. З таго часу «ядро» яўрэйства яшчэ скарацілася – няхай да 10 тыс. чалавек. Паводле дэмографаў, «пашыранае» яўрэйскае насельніцтва ў Расіі прыкладна ў 2 разы перавышае ядро; цалкам верагодна, такая сітуацыя і ў РБ. Не верыцца, што на 20 тыс. яўрэяў ёсць яшчэ 130 тыс. «кандыдатаў на выезд у Ізраіль»: паважаны сацыёлаг завысіў лічбы мінімум у 2 разы. Да таго ж многія з тых, хто меў дзядулю-яўрэя, ніколі ні ў якую «яўрэйскую абшчыну» не ўступяць і нават фармальна не ахопліваюцца Законам аб вяртанні (бо вызнаюць «чужыя» для Ізраіля рэлігіі). З. Пінхасік даўно знаёмы з А. Ліберманам: выглядае, што добрыя адносіны з гэтым палітыкам для яго важнейшыя за факты.

* * *

Як падумаць, то ў закрыцці пасольства ёсць і плюсы, і мінусы. Плюсы – эканомія сродкаў і адмова ад завышаных чаканняў, якая можа пайсці тутэйшым адно на карысць. Візавыя пытанні здольны вырашаць і консул. Мінусы… Найперш яны звязаны з эканомікай і з забеспячэннем правоў ізраільскіх грамадзян у Беларусі. Напрыклад, цяжэй будзе вярнуцца на беларускі рынак авіякампаніям Ізраіля, і «Белавія» па-ранейшаму будзе выстаўляць бязглузда высокія цэны на рэйсы «Мінск – Тэль-Авіў». Не ўсім жа даступныя Вільнюс і Варшава, дзе кошты ўдвая меншыя.

Мінусы ўсё-ткі пераважаюць, таму, незалежна ад Лібермана & Со., прашу ізраільскі ўрад НЕ закрываць гэтае пасольства. Толькі прыстойнага кіраўніка сюды трэба прызначыць, пажадана беспартыйнага, можна нават бязвусага.

Мінск, 19.08.2015

Зачапіла? Лістуй сюды: rubinczyk[at]yahoo.com

Размешчана 19.08.15 13:22

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Меркаванне беларускага палітыка і літаратара (20.08.2015, для belisrael.info):

Амбасада Ізраіля ў Беларусі мусіць быць абавязкова, нароўні з амбасадамі ЗША, Расеі, Украіны, Польшчы і Літвы. Прычына – найперш гістарычная, бо быў час, калі проста Ізраіль быў у Беларусі. Вядома, паходжаньне львінае долі лідэраў сіянісцкага руху, кіраўнікоў дзяржавы і сусьветна прызнаных геніяў, гэта беларускія габрэі. Другая прычына – сёньняшняя дыяспара, трэба прадстаўніцтва. Трэцяя – Ізраіль ёсьць адной з ключавых дзяржаваў у геапалітычным пляне, і нам тут, у сэрцы Эўропы, без геапалітыкі і амбасады Ізраіля ніяк. Чацьвёртае. Калі зь Беларусі сыдзе амбасада, пустку імгненна запоўняць мусульманскія краіны, а пры сёньняшнім рэжыме гэта можа ператварыцца ў антыізраільскі пляцдарм. Яно нам трэба?

Павал Севярынец

* * *

20.08.2015 на сайце пасольства Ізраіля ў Мінску з’явілася паведамленне: «Наведвальнікі, якія не атрымалі дакументы 17, 18 і 19 жніўня 2015 года з прычыны тэхнічных збояў у працы консульскага аддзела Пасольства, могуць забраць пашпарты з панядзелка па чацвер а 16.00, у пятніцу а 14.00». Пасольства нават прабачэння папрасіла за нязручнасці, што на яго зусім не падобна – няйначай наша публікацыя падзейнічала.

20.08.15   15:57