Амэрыканскі мільярдэр Чарльз Кушнэр кожнага са сваіх унукаў перад паўналецьцем прывозіць у Наваградак. На месца гета, адкуль у Галакост уцякла ягоная маці Рая.
«У ноч Рош-а-Шана 1943 году 250 габрэяў, што засталіся ад 20-тысячнага гораду, уцяклі праз тунэль, які яны карпатліва вырылі пад плотам… Брат маёй бабулі Ханон, у гонар якога названы мой бацька, быў забіты… Мая бабуля схавалася ў лесе, дзе далучылася да атраду Бельскіх. Мой дзед тры гады жыў у нары ў лесе, шукаючы ежу, хаваючыся ад усіх і сплючы ў гэтай нары ў «рускую» зіму. У сапраўднай нары, якую ён сам вырыў», — Джарэд Кушнэр, сын Чарльза Кушнэра, малады і заможны зяць кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, каб абараніць цесьця ад абвінавачаньняў у антысэмітызьме,публічна ўспамінае гісторыю сваёй сям’і.
«Якія розныя высновы з досьведу нашых продкаў, — твітам адкажа на гэты допіс кузэн Джарэда архітэктар Марк Кушнэр. — Мы павінны выказвацца супраць нянавісьці. Антысэмітызм гэта ці што іншае».
Лоры Гастэн, чыя маці Лінда Кушнэр нарадзілася ў пасьляваенным лягеры для ўцекачоў у Італіі, заходзіць у наваградзкі барак, дзе жыла яе бабуля, і плача, плача.
Лінда, Джарэд і Марк — унукі беларускіх габрэяў Раі і Ёзафа Кушнэраў. Рая родам з Наваградку, Ёзаф — з Карэліч. Яны перажылі Галакост, у якім на тэрыторыі Беларусі загінула 800 тысяч габрэяў. Пасьля вайны выехалі ў ЗША, нарадзілі чатырох дзяцей, заснавалі пасьпяховы бізнэс і пабачылі шмат унукаў.
Унучка Раі і Ёзафа Кушнэраў Лоры Гастэн на адзін дзень прыляцела з Чыкага на радзіму продкаў. Разам зь ёю дачка Саманта і муж Бэрнард. Іх суправаджае Тамара Вяршыцкая (зьлева)
«Нашае жыцьцё — гэта цуд. Мы выжылі ў лягерах, гета і лясах. Гэта цуд, што мы сталі нармальнымі людзьмі. Наша жыцьцё цудоўнае, жыцьцё нашых дзяцей і нашых унукаў цудоўнае. Мы ніколі ня марылі, што з попелу і руінаў мы выжывем і пачнём жыць звычайным жыцьцём і ствараць новыя пакаленьні», —
казала Рая Кушнэр у 1982 годзе.
ГАБРЭІ ЯК МЫ
«Сёньня абшчыны няма, габрэяў фактычна няма. А тыя, што ёсьць, такія самыя, як мы, — з Тамарай Вяршыцкай, заснавальніцай Музэю габрэйскага супраціву ў Наваградку, мы стаім у будынку старога бараку. Са сьцен на нас глядзяць фатаздымкі габрэяў рознага ўзросту. Тут жа ўваход у тунэль, празь які ўцяклі 250 апошніх зь некалькіх дзясяткаў тысяч насельнікаў гета.
Першы раз Чарльз Кушнэр прыехаў у Наваградак у 1989 годзе разам з маці Раяй. Яна паказала яму месца, дзе да вайны стаяў іхны дом. Сям’я Кушнэраў — Навум Зэйдэль і Хінда — жыла ў цэнтры і мела чатырох дзяцей: трох дачок — Эстэр, Раю і Лею — і малодшага сына Хонана.
Дададзена 10.11.2016 11:16