ЯЎРЭІ ШЧУЧЫНА

Мястэчка Шчучын, якое раней называлася Літоўскім (каб адрозніць ад Шчучына Мазавецкага), з 1919 г. – Лідскім, потым Шчучынaм каля Ліды, зараз Наваградскім, знаходзіцца за 6 км ад станцыі Ражанка чыгуначнай дарогі Маладзечна–Ваўкавыск і за 2,5 км ад шашы Ліда–Гародня. Раней у Шчучыне скрыжоўваліся два старажытныя гасцінцы: Вільня–Кракаў і Смаленск–Крулявец. Шчучын – вёска і двор, знаходзіліся на зямлі маёнтка Шчучын, вядомыя з XV ст. Касцёл рыма-каталіцкі пабудаваны ў 1436 г. У 1719 г. уладальнік Шчучына Юры Глябіцкі-Юзафовіч фундаваў тут піярскі калегіюм. У візіце шчучынскага касцёла ад 1783 г. пазначана, што драўляны касцёл Св. Юрыя таго часу, быў перададзены піярам і да яго ў 1719 г. была далучана парафія ранейшага касцёла ў Ятвеску. У 1742 г. Тарэса Сцыпіён з Глябіцкіх-Юзафовічаў, кашталянша смаленская з сынам Юзафам і нявесткай, фундавала канвент Сясцёр міласэрнасці, якія адкрылі тут шпіталь, што існаваў да 1865 г.

Шчучын першапачаткова быў вёскай і маёнткам, праз час, калі тут быў пабудаваны касцёл, стаў мястэчкам, а потым нават і горадам. У дэкрэце караля Жыгімонта ІІІ, выдадзеным на вальным сойме ў Варшаве 12 чэрвеня 1593 г. у справе па зыску інстыгатара (абвінаваўцы – Л.Л.) ВКЛ з Лімантамі аб давойнаўскай маёмасці напісана: «Шчучын з мястэчкам, якое яму належыць, у тым жа павеце (Лідскім) знаходзіцца».

Першы раз яўрэі ў Шчучыне ўзгадваюцца ў люстрацыі Шчучына ад 1613 г.: «Горад Шчучын. Згодна з рэгістрам Пана Гладавіцкага мае 57 дамоў. З мястэчка, з дамоў, з пляцаў, з агародаў, моргаў і з валок чыншу гатовага – коп 42. Арэнды з таго горада ад яўрэя – коп 80». Далей ідзе падлік шчучынскіх месцічаў, пачынаючы «ад броду» і пад пад нумарам 10 запісана: «Яўрэй, арандатар». Відавочна, гэта быў арандатар шчучынскай прапінацыі. У справах Шчучына 1665 г. знаходзіцца ўспамін пра яўрэйскі пляц, на якім, праўдападобна, стаяла карчма. З ліквідацыі 1766 г. даведваемся, што ў той час Шчучын быў ужо асяродкам малога яўрэйскага кагалу, які налічваў 401 чалавека яўрэйскай нацыянальнасці і па ўсіх справах падлягаў вярхоўнай уладзе гарадзенскага кагалу. Люстрацыя 1796 г. паказала наяўнасць у самім Шчучыне 58 мужчын-яўрэяў і 72 жанчыны-яўрэйкі – разам 130. Пасля некалькіх зменаў, статутам ад 19 снежня 1844 г., кагал тут быў ліквідаваны, і ўсе яўрэі падпарадкаваны магістрату горада Ліда. Пастановай губернскай управы ў Вільні ад 21 кастрычніка 1846 г. мястэчка Шчучын было залічана да ліку тых мястэчак, у якіх пакінута права вольнага пасялення для яўрэяў. Рэвізія 1847 г. зарэгістравала тут 327 яўрэяў. Для сувязі з магістратам Ліды шчучынская яўрэйская гміна мела дэлегатаў ці дэпутатаў, а прадстаўнік магістрата ў гміне зваўся «зборшчык» – зборшчык падаткаў. У 1875 г. яўрэйская супольнасць была аддзелена ад улады Лідскага магістрата і стала гарадскім кагалам Шчучына. На чале яго стаяў стараста, якога абіралі. Сярод абавязкаў старасты было вядзенне спісаў сямей, выданне асабістых дакументаў і г.д. Гарадская гміна ў Шчучыне ў 1897 г. налічвала 1204 мужчыны і 1198 жанчын. Каля паловы гэтых людзей не жыло ў мястэчку. У тым жа 1897 г. у Шчучыне зарэгістравана 1742 жыхары, з іх яўрэяў 1356, ці 77,84%. Кіравалі горадам тут з 1885 г. Антон Іляковіч, з 1889 г. Самуэль Ясіноўскі, з 1897 г. Казімір Жыжэмскі, з 1905 г., паўторна, Самуэль Ясіноўскі.

Сродкі для жыцця яўрэйскаму насельніцтву даваў, у асноўным, дробны лакальны гандаль і рамесніцтва.

Рынак у Шчучыне ўжо з паловы XVIII ст. збіраўся па нядзелях, але, зразумела, што рынкавыя дні існавалі ад пачатку мястэчка. Пра тыя нядзельныя кірмашы Ігнацы Лахніцкі пісаў у сваёй «Статыстыцы губерні Літоўска-Гарадзенскай 1817 г.». У 1895 г. нядзельныя кірмашы перанесены на чацвер. Абарот кожнага такога рынкавага дня ў 1868 г. не перавышаў 800 рублёў.

Спіс кірмашоў, змешчаны ў выдадзеным у Супраслі «Календары…» на 1722 год, падае ў Шчучыне Літоўскім два кірмашы: «на Св. Якуба і на Св. Міхала Рымскага». Інфармацыі пра абарот гэтых кірмашоў не маем. Тыя таргі і кірмашы па просьбе ўладальніка Шчучына Ігнацыя Сцыпіёна дэ Кампа кароль Аўгуст ІІІ пацвердзіў прывілеем ад 18 сакавіка 1761 г. Ігнацы Лахніцкі ў той жа «Статыстыцы…» апроч штонядзельнага кірмашу, успамінае таксама пра два дадатковых кірмашы 24 ліпеня і 29 кастрычніка – па два дні кожны. Міхал Балінскі (Starozytna Polska, III, 1848 r.) адзначае, што Шчучын Лідскі ёсць гандлёвым месцам. У апісанні Віленскай губерні Карэвы, у Шчучыне ў 1858 г. адбыліся два кірмашы: на Св. Марыю Магдалену – з 15 ліпеня па 15 жніўня і на Св. Сымона – з 16 кастрычніка да 16 лістапада, усе па нядзельных днях. На першы з тых кірмашоў прывезена тавараў на 2 200 рублёў і прададзена на 1 850 рублёў, на другі – прывезена на 2 200 рублёў і прададзена на 950 рублёў. «Географическо-статистический словарь Российской империи» П. Сямёнава (1886 г., ІІІ.) падаў у Шчучыне чатыры аднадзённыя кірмашы: 12 траўня, 15 ліпеня, 15 жніўня і 16 кастрычніка. Верагодна, гэтыя даты не былі выгоднымі для мясцовых жыхароў, бо хутка былі вернуты ранейшыя тэрміны шчучынскіх кірмашоў. У 1879 г. тут, як і ў ранейшыя часы, адбыліся два кірмашы ў нядзельныя дні паміж 12 ліпенем і 15 жніўнем і таксама паміж 15 кастрычнікам і 16 лістападам. Першапачаткова ў дзяржаўных дакументах тыя кірмашы было забаронена зваць па імёнах святых з рыма-каталіцкага календара – «Марыі Магдалены» і «Сымона Юды», аднак потым усё вярнулася да ранейшага. Тыя два кірмашы «Магдаленскі» і «Сымонаюдскі» адбыліся ў 1889 г. пад гэтымі назвамі, пра што сведчыць «Памятная книжка Виленской губернии на 1891 г.». На першы з гэтых кірмашоў было прывезена тавараў на 4 900 рублёў і прададзена на 2 830 рублёў, на другі прывезена на 5 300 рублёў і прададзена на 3 025 рублёў. У 1895 г. на кожным з кірмашоў (перанесеных на чацвер) прывозілася тавараў на 3000 рублёў і прадавалася на 2000 рублёў. У 1896 г. абодва кірмашы зноў адбыліся ў нядзелю, прычым на першы з іх было прывезена тавараў на 3500 рублёў і прададзена на 2 000 рублёў, а на другі – прывезена на 4000 рублёў і прададзена на 2500 рублёў. З 1900 г. кірмашы стала адбываліся ў чацвер. Галоўнымі артыкуламі гандлю былі коні, быдла, свінні, палатно і іншыя вырабы сельскай гаспадаркі.

У 1868 г. у Шчучын меў 938 жыхароў, у асноўным яўрэяў. З гэтай лічбы жыхароў, 636 душ сродкі для жыцця здабывалі гандлем, 51 сям’я (плюс-мінус 250 душ) – рамесніцтвам. У мястэчку меўся 121 дом, 24 крамы, 11 карчом і заезджых дамоў, 1 гарбарня і 1 вінакурня, 1 млын (утрымліваў яўрэй). У 1896 г. тут жыло 1648 месцічаў і 16 сялян, разам 1664. У мястэчку было 40 крам, 2 гарбарні і 1 млын.

Вялікі пажар 1896 г. знішчыў амаль што ўсё мястэчка.

Яўрэі Шчучына, як і яўрэі іншых мястэчак, мелі тут з даўніх часоў некалькі хэдараў для дзяцей, невялікую талмуд-тору, сінагогу (бэйс-мідрэш), уласнае кола дапамогі хворым (бікур-холім) і пахавальнае брацтва (хеўрэ-кадыша), якое ўтрымлівала могілкі. На чале рэлігійнага жыцця стаяў так званы рабін (няясна, чаму «так званы» – belisrael.info), якога абіралі. Каля 1900 г. тут была заснавана іешыва – рэлігійная школа вышэйшай ступені, колькасць вучняў іешывы дасягала 250 чалавек, за навучанне яны плацілі па 10 рублёў у год, таксама на яе ўтрыманне ішла дапамога яўрэйскай эміграцыі з Амерыкі. Існавала да 1915 г.

sam_1664

У шчучынскай сінагозе. Пачатак ХХ ст.

З дазволу губернскага камітэта па справах дробнага крэдыту з 30 чэрвеня 1908 г. у Шчучыне быў заснаваны пазыкава-ашчадны кааператыў па стандартным статуце, зацверджаным міністрам скарбу 14 верасня 1905 г. Узнос сябра складаў 10 рублёў, максімальная квота крэдыту – 150 рублёў. Кааператыў праіснаваў да 1915 г. і абслугоўваў дробную мясцовую яўрэйскую прамысловасць і гандаль.

Каля мястэчка Шчучын знаходзілася яўрэйская вёска Тур’я, якая калісьці, разам з фальваркамі Макееўцы, Доўклеўшчына, Заполле, Багушоўшчына і Дзеражна, уваходзіла ў склад маёнтка Пацаў Ражанка. Пасля эміграцыі генерала Людвіка Паца гэтая маёмасць у 1832 г. была секвестравана і потым сканфіскавана. У 1840-х гг. з зямлі фальварка Тур’я выдзелілі 16 дзялак (разам 192 дзесяціны ворнай зямлі і 32 дзесяціны лугоў); яны былі перададзены яўрэям, якія пажадалі стаць сялянамі. З 1 студзеня 1848 г. гэтыя дзялкі расійскі урад перадаў 26 яўрэям. У 1865 г. частка гэтай зямлі перададзена асаднікам з Расіі, якія стварылі новую вёску Туроўку. У 1907 г. яўрэйская вёска складалася з 4 першапачаткова нададзеных дзялак, на якіх гаспадарыла 11 яўрэйскіх сем’яў (агулам 57 чалавек). (вось што пра гэта піша кніга «Памяць. Шчучынскі раён» 2001 г.: «У 1861 г. Тур’я – казённы маёнтак Шчучынскай воласці Лідскага павета. У 1865 г. аднайменныя фальварак, засценак і сельскагаспадарчая калонія налічвалі 26 рэвізскіх душ. У 1893 г. – 59 жыхароў, 71 дзесяціна зямлі; у яўрэйскай калоніі – 79 жыхароў, 103 дзесяціны зямлі». – belisrael.info). Вёска мела (…) 2 коней і 14 галоў быдла.

Міхал Шымялевіч

Пераклад з польскай Леаніда Лаўрэша паводле: Szymielewicz Michal. Zydzi w Szczuczynie Nowogrodzkim // Ziemia Lidzka № 1, 1938. S. 13-14. Крыніца: газета «Наша слова» (Ліда), 19.10.2016.

З успамінаў Я. Мазавецкага, былога вязня яўрэйскага гета ў г. Шчучыне

У чэрвені 1941 г. у Шчучыне пражывала 5000 чалавек, з якіх 3000 – яўрэі. Першае падраздзяленне нямецкай арміі ўвайшло ў Шчучын у чэрвені 1941 г., на чацвёрты дзень пасля ўварвання Германіі на тэрыторыю Савецкага Саюза. Немцы прыйшлі з боку мястэчка Ражанка, дзе знішчылі 80 яўрэяў, абвінаваціўшы іх ва ўзброеным супраціўленні. У Шчучыне абмежаваліся тым, што затрымалі некалькі дзясяткаў яўрэяў, але праз тры дні іх вызвалілі. Нацысты сфарміравалі мясцовыя савет і паліцыю з польскага насельніцтва: браты Коцат, стрыечныя браты Новік, Іжэўскі і Навумчык, Пілецкі і іншыя. На працягу ўсяго перыяду акупацыі яны старанна служылі фашыстам.

У пачатку ліпеня 1941 г. гітлераўцы сфарміравалі юдэнрат (яўрэйскі савет) у наступным складзе: Парэцкі, Мойша Ілутовіч, Левін, Леў Ліцкі, Іосіф Лістоўскі, Зосл Левіт, Цві Маршынскі. У састаў яўрэйскай паліцыі ўвайшлі Рафаэль Фрышман (начальнік), Алтэр Ратман, Сімха Маршынскі і Арон Камянецкі.

На гэтыя органы была ўскладзена адказнасць за хуткае і дакладнае забеспячэнне ўсіх патрэбнасцяў немцаў: у грошах, харчаванні, адзенні. Кожная жанчына і мужчына павінны былі дармова працаваць на карысць фашыстаў. Яўрэям забаранялася знаходзіцца на вуліцы ў неўстаноўленыя гадзіны, яны павінны былі нашываць на адзенне жоўтыя латы, забаранялася таксама ўступаць у кантакты з неяўрэйскім насельніцтвам. Аднак, нягледзячы на забарону, кантакты ўстанаўліваліся, яўрэі абменьвалі адзенне і каштоўныя рэчы на хлеб.

У сярэдзіне жніўня 1941 г. гітлераўцы адабралі 40 яўрэяў, якія працавалі недалёка ад «палаца», расстралялі іх у лесе і там жа закапалі. Затым быў адданы загад мясцовай паліцыі сабраць усю яўрэйскую інтэлігенцыю разам з іх сем’ямі – усяго 50 чалавек. Іх прывялі да в. Тапілішкі і расстралялі ў лесе.

На працягу чатырох першых месяцаў 1942 г. фашысты ўзмацнілі эканамічны і псіхалагічны націск, каб падавіць волю і ўсе чалавечыя пачуцці.

Гітлераўцы разам з паліцаямі дзень за днём прыходзілі ў юдэнрат з патрабаваннямі забяспечыцць рабочую сілу і прэтэнзіямі на маёмасць. Неабходна адзначыць, што сярод яўрэяў агульнапрызнанай была думка: юдэнрат рабіў усё магчымае, каб аблегчыць долю яўрэяў і дапамагчы ім: арганізоўваў медыцынскае абслугоўванне, забяспечваў хворых гарачым супам, стварыў грамадскую кухню для тых, хто жыў у нястачы.

Немцы ўрываліся ў гета, выяўлялі мнагадзетныя сем’і і расстрэльвалі бацькоў разам з дзецьмі. Так была забіта сям’я Сары Рабавай. У адну з субот было расстраляна 20 чалавек, сярод якіх былі Бецалель Купельман, Фейгл Мекель і Давід Злачоўскі.

Апошні расстрэл адбыўся ў суботу 9 мая 1942 г. За два дні да гэтага юдэнрату быў аддадзены загад забараніць яўрэям пакідаць гета і прымусіць іх здаць каштоўныя рэчы і грошы. Раніцай у суботу 9 мая ўлады паведамілі аб зборы насельніцтва гета на плошчы каля сінагогі. Калі ўсе сабраліся, да месца збора прыбылі штабслетэр Вандзіш і паляк Васюкевіч, з акруговага камісарыята Ліды, начальнік мясцовай паліцыі Коцат, глава мясцовага савета Іжэўскі і група немцаў з СД. Калі рады сабраўшыхся самкнуліся (а яны ішлі ў адпаведнасці з указаннем раздзяліўшыся на сем’і), Коцат заявіў, што мэта акцыі – адабраць 500 працаздольных і тых, хто валодае рамяством, каб даставіць іх у Ліду. Вайндзіш выбраў 500 чалавек, іх завялі на рыначную плошчу і загадалі легчы на зямлю тварам уніз. Астатнім была дадзена каманда рухацца па накірунку да новых могілкаў, дзе ўжо былі выкапаны ямы. Там яўрэяў чакалі латышы і літоўцы, якія раней праводзілі падобныя акцыі ў другіх мястэчках і аколіцах Ліды. Людзям, прыведзеным да ямаў, загадалі распрануцца, адкласці адзенне ўбок, а затым спусціцца ў ямы. Забойцы стралялі па людзях з вінтовак, закідвалі ямы гранатамі, засыпалі трупы слоем хлору, а затым рыхтавалі да расстрэлу наступную партыю.

Пасля гэтага Вайндзіш прыбыў на рыначную плошчу, дзе прымушаны былі ляжаць тварам уніз 500 чалавек, і паведамў, што яўрэі Ліды ўкралі ў немцаў зброю, за што ўсё яўрэйскае насельніцтва акругі будзе расстраляна. Ім жа будзе даравана жыццё, калі яны будуць добра працаваць і весці сябе належным чынам.

На другі дзень нацысты загадалі яўрэям зняць целы павешаных, якія знаходзіліся ўздоўж усёй дарогі і пахаваць іх каля магілы, у якой гітлераўцы расстралялі 2060 яўрэяў Шчучына. 500 яўрэяў, застаўшыхся ў жывых, вярнуліся ў гета. 17 верасня 1943 г. іх пагрузілі ў закрытыя вагоны цягніка і адправілі ў лагер смерці. Па дарозе толькі некалькім маладым людзям удалося ўцячы.

З 2500 яўрэяў Шчучына і яго аколіц у жывых засталіся толькі 13 чалавек. Усе яны, у тым ліку Моўша Шнайцэр, Мелех Вітоўскі, Эліэзер Цві, Іешута Царнік, Яша Мазовій (Мазавецкі), знаходзіліся ў баявых часцях партызан. Лідскі Мір’ям і Ірхміель, Камянецкі Арон і Мордэхай загінулі пад час баёў партызан з фашыстамі.

Крыніца: «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шчучынскага раёна». Мінск: БелЭН, 2001.

 

НЕКАЛЬКІ ЗДЫМКАЎ

sam_1690 sam_1691

sam_1692

Помнік на месцы забойства тысяч яўрэяў ля аэрадрома (недалёка ад вул. Кірава і Акадэмічнай). Як напісана тут, ён устаноўлены ў 1965 г., абноўлены ў 2001 г. Фота В. Рубінчыка, 31.10.2016.

sam_1694

Тое самае – від здаля. Справа, за калючым дротам, – не канцлагер, дзякуй Б-гу, а тэрыторыя новай сонечнай электрастанцыі.

sam_1708

Закінутыя яўрэйскія могілкі ў Шчучыне (раён вул. Акадэмічнай). Чамусьці тут яны толькі згадваюцца, а здымкаў няма. Могілкі займаюць адносна невялікую плошчу (мяркую, менш за гектар), многія камяні даўно ўпалі і ўраслі ў зямлю, аднак некалькі помнікаў яшчэ можна ўбачыць. Дзе-нідзе нават чытаюцца надпісы…

sam_1707 sam_1706

sam_1704 sam_1705

Фота В. Рубінчыка, 02.11.2016.

Апублiкавана 10.11.2016  19:37

Leave a Reply