Васіль Жуковіч. НАШЭСЦЕ

Наш аўтар, паэт i шахматыст В. А. Жуковіч – ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна, дзе ён нарадзіўся ў 1939 г. Фота з kamenec.by

*

На караблі «Зямля» – паніка,

Як некалі на «Тытаніку».

Вірус нязнаны

Пануе, ліхі;

Наканаваны

Зямлі за грахі…

Дзе Кітай, дзе Італія…

Што яму далі дальнія!

Шлях не шукае,

Швыдкі такі, –

Скрозь пранікае,

Ва ўсе куткі.

Што прыйшоў вяршыць?

Бяду сеяць, жыцці касіць!

Хоча, каб высакосны

Год быў укосны…

Ён – з’ява глабальная,

Ява татальная –

Ужо ў Беларусі:

На нашы сем’і,

На продкаў землі,

Вёсачкі, гарады –

Нашэсце бяды.

Зрэшты, удакладняю:

Бяда бяду даганяе –

Вірусаў тут багата

Крамлёўска-імперскіх, клятых

(Інтэграцыйны вірус,

Як грыб атамны, вырас),

Нігілістычны мясцовы

Вірус на глебе мовы…

Нашым уладам

Да нейкага ладу

Ой як не блізка!

Адмыцца шчэ трудна

Ад нафты расійскай,

Як і палітыка, бруднай!

Што й казаць, бедаў цунамі –

З намі.

Страх жыве у народзе

З панікай на мяжы.

Панікі шэф баіцца.

Чым ад яе адбіцца?

З клюшкаю ён па лёдзе

Зноўку і зноў бяжыць…

Ў часе чумы – забава…

Шэфу якая справа,

Як нам з заразай жыць!

27-29 сакавіка 2020 г.

Апублiкавана 30.03.2020  16:19