Tag Archives: Шолам-Алейхем

Да 120-годдзя Уры Фінкеля

Уры Гіршавіч Фінкель (08.10.1896, Ракаў – 05.12.1957, Мінск) – літаратуразнавец, педагог. Прапануем урыўкі з яго даваеннай кнігі пра класіка яўрэйскай літаратуры Шолам-Алейхема, якая выйшла ў перакладзе на беларускую.

vokladka-2 finkel

Вокладка кнігі i У. Фінкель

ТЫСЯЧА ВОСЕМСОТ ПЯЦЬДЗЕСЯТ ДЗЕВЯТЫ ГОД

Пахмурнае неба цэлы тыдзень хвастала дажджом па снезе, зганяючы яго з палёў. Снег размачыў глебу і каламутнай вадою поўніў рачулкі і ручаі. Рэкі выйшлі з берагоў і на сваіх пеністых хвалях панеслі ўсё шпаркім патокам.

Другога сакавіка 1859 года.

Сёння праяснілася неба, і вось надышла ноч, сіняя, светлая ноч ранняй вясны.

На паштовай станцыі Варонкава пуста. Падарожных няма, коні ў стадоле стаяць сытыя, адпачыўшыя.

У пакоі для гасцей сядзяць фурманы. Яны ўжо некалькі дзён не былі ў дарозе. Яны расказваюць адзін аднаму байкі, розныя небыліцы: і пра цудоўнага каня, які ў час паводкі адным скачком перабраўся цераз Дняпро, і пра людзей, якія ехалі з далёкай краіны і якіх паглынулі хвалі.

Даўно ўжо, ледзь не з тыдзень, не чуваць чужога званочка.

Дзверы ў кантору зачынены. У пакоі сядзіць арандатар паштовай станцыі Нохім Рабіновіч. Лямпачка асвятляе стол, а ён, Нохім Рабіновіч, глядзіць у раскрытую кнігу. Каторы ўжо раз чытае ён адну з двух кніг, якія прывёз з сабою з Пераяслава.

Нохім Рабіновіч заглядае ў кнігу, часам варушыцца, і разам з ім варушыцца яго цень на сцяне. Шчуплай рукой гладзіць ён сваю яшчэ зусім кароткую бародку.

Цэлы тыдзень, як Нохім Рабіновіч адарваны ад Пераяслава. Рана прышла сёлета вясна. Бярвенне, што ляжыць на беразе Дняпра за дзесяткі міляў адсюль, – хто яго ведае, што з ім робіцца?.. А дома?.. Што чуваць дома?

Не сядзіцца яму за кнігай. Ён спрабуе пералічыць касу. І касу не раз пералічваў – нічога не прыбывае, нічога не змяншаецца…

Ён выйшаў на ганак. Можа, хто пусціўся ў дарогу? Можа, хто едзе з Пераяслава і вязе яму вестку з дому?

Насупраць ганка стаіць, як заўсёды, дарожны слуп з белымі і чорнымі палосамі. Месяц асвятляе дошчачку, якая на ім прыбіта, і Нохім Рабіновіч міжвольна чытае даўно ўжо яму знаёмы надпіс па-руску:

«Паштовая станцыя Варонкава».

І наступныя радкі, што напісаны крыху ніжэй, ён таксама прачытаў:

«Пяцьсот пяцьдзесят чатыры душы мужчынскага роду,

семсот пяцьдзесят дзве душы жаночага роду».

Раптам пачуў ён званочак, які губляў свае перарывістыя гукі ў глыбіні ночы. «Ці не з Пераяслава?» – падумаў Нохім Рабіновіч. Звон чуваць усё бліжэй і бліжэй. Чуваць, як труцца колы аб размоклую ліпучую глебу.

Ён выпрастаўся і выглядаў цяпер яшчэ вышэйшым, чым заўсёды. Коні ўжо былі зусім блізка, і Нохім Рабіновіч пайшоў ім насустрач.

Герцаль Шчупак, старэйшы служачы Рабіновічаў, які толькі што прыехаў, сядзеў у канторы ля стала насупраць Нохіма.

Герцаль Шчупак кусаў кончык сваёй сівой барады і ўсё моргаў і моргаў павекамі, пазіраючы кудысьці паўз Нохіма Рабіновіча.

Ён чакаў, пакуль Нохім узніме галаву ад паперы, якую ён, Герцаль Шчупак, прывёз яму з дому. Стары чалавек цяпер зноў перажываў тое, што ён перажыў некалькі дзён таму назад у Пераяславе, у доме свайго гаспадара. Перад яго вачыма імкліва плылі бярвенні разбітых плытоў, плылі па каламутнай пене бурнага Дняпра. Цяжка было яму, Герцалю Шчупаку, бадзёрыцца, рабіць выгляд, быццам нічога яму невядома. Ён чакаў, калі гаспадар сам у яго запытаецца.

Нохім Рабіновіч падняўся з крэсла і пачаў чытаць уголас:

«…Бярвенне сплыло з вадой з-за паводкі, а плыты разбіліся на парогах…»

Герцаль Шчупак таксама падняўся і развёў рукамі.

– Чуеце, гаспадар, паводка страшэнная, ад стварэння свету не было такой… Надышла горкая часіна. Але, як той кажа: багацце бяры сабе, а душу аддай мне; бяры сабе бярвенне, а жонку і дзіця пакінь мне.

Пісклявы галасок Шчупака здаваўся дзіцячым плачам. Але Нохім Рабіновіч не звярнуў увагі на словы Шчупака. На хвіліну ён змоўк, а потым пачаў чытаць зноў:

«…Бослаўскі граф павесіўся якраз у час паводкі, і ў нас кажуць, што таму і сёлетняя паводка такая страшная. Броваршчык Пейсах-Эля добра яго ашукаў, гэтага графа, пусціў з торбай. Гэтакі злыдзень! А пра чыгунку расказваюць у нас цуды, і Бог яго ведае, ці не адаб’ецца яно на прыбытках ад пошты».

Нохім Рабіновіч спыніўся, трохі задумаўся, і лёгкая ўсмешка з’явілася на яго твары.

– Ну, няхай будзе так! Як вы сказалі, рэб Герц? Бяры сабе бярвенне к чорту, так, здаецца, вы сказалі, а жонку і дзіця пакінь мне, так вы сказалі, рэб Герц?

Герцаль Шчупак усміхнуўся. Яму было прыемна, што малады гаспадар прыслухоўваецца да яго слоў.

– А наконт чыгункі, гаспадар, дык кажу, што гэта глупства, пустыя байкі. Хто хоць раз ездзіў са звонам, той не будзе ездзіць са свістам. Пустыя байкі! Ваўка ў лес цягне…

– Ну, няхай будзе так! – сказаў Нохім Рабіновіч і прачытаў апошнія радкі ліста.

«…Перад тым, як жонка твая Хая-Эстэр, дай Бог ёй доўгія гады, нарадзіла ў добры час, прысніўся ёй нябожчык Шолам, дзядзька яе маці, няхай яна жыве доўга, а яна, Хая-Эстэр, дай Бог ёй здароўя, памятае, як цяпер, як ён сказаў ёй: “Як маеўся, Хая-Эстэр, сэрца?” – “Нішто”, – адказала яна. – “Бог дасць, народзіцца ў цябе даўгалетні хлопчык”, – і адразу знік. Варта было б даць народжанаму хлопчыку імя па ім».

Назаўтра абодва яны, гаспадар і яго «чалавек», прыехалі ў Пераяслаў. Праз пару дзён у вялікай хаце Рабіновічаў былі састаўлены сталы і пасярод дня гарэлі на іх свечы. За сталамі сядзелі паасобку мужчыны і жанчыны, елі і пілі, спявалі і танцавалі.

У гэты дзень у Пераяслаўскай метрычнай кнізе на старонцы Рабіновічаў з’явілася новае імя:

Шолам Нохімаў Рабіновіч.

* * *

НЕБЯСПЕЧНАЯ ХВАРОБА

Прабыўшы кароткі час у Жэневе, Шолам-Алейхем едзе ў Расію. Тры гады ўжо не быў ён на радзіме. Тры гады як не бачыў сваёй Касрылаўкі. Па дарозе ён спыняецца ў розных гарадах і мястэчках, выступаючы з чытаннем сваіх твораў.

Тры гады вандраванняў па Еўропе і Амерыцы кепска адбіліся на здароўі Шолам-Алейхема. Матэрыяльныя ўмовы яго былі досыць цяжкімі. Ён слабее фізічна.

У горадзе Баранавічы яго апанавала небяспечная хвароба.

Спыніўшыся тут [улетку 1908 г. – belisrael.info], па дарозе з Варшавы ў Мінск, для выступлення, ён захварэў на запаленне лёгкіх, прычынай якога быў туберкулёз лёгкіх.

Хвароба народнага пісьменніка выклікала ў Баранавічах перапалох. Цэлымі днямі стаяў натоўп людзей перад домам, дзе ён ляжаў. Усе пытаюцца, як адчувае сябе Шолам-Алейхем, вясёлы герой народнай легенды.

У Баранавічах Шолам-Алейхем ляжыць два месяцы ў пасцелі…

Ад жыхароў горада Баранавічы даведаліся пра становішча Шолам-Алейхема ў буйных яўрэйскіх цэнтрах. Шолам-Алейхем становіцца аб’ектам буржуазнай філантропіі. Некалькі буржуазных дабрачынцаў абвяшчаюць сябе камітэтам і пішуць «адозву» да яўрэйскага народа. Ад гэтай адозвы пахне духам рэлігійнай дабрачыннасці, яна аздоблена цытатамі з Бібліі. «Мы хочам спадзявацца, – пішуць камітэтчыкі, – што кожны яўрэй адгукнецца, як сказана ў Бібліі, “адзін менш, другі больш”. На гэта не трэба глядзець, як на міластыню; наадварот, міластыню даваў Шолам-Алейхем нам. Дзесяткі год ён ахвяраваў нам свае думкі, свае жарты, сваё сэрца і сваю кроў. Мы павінны аддаць яму доўг, да таго ж яшчэ стары. Такім чынам, браты, плаціце хутчэй свой доўг. Гэта будзе адзін адказ на шмат пісьмаў, якія мы атрымліваем кожны дзень з запытаннем, якім чынам ушанаваць любімага Шолам-Алейхема».

Народ адгукнуўся. З кожнага горада, з кожнага мястэчка з любоўю пасылалі яўрэйскія працоўныя свае грошы для любімага народнага пісьменніка, не пытаючыся нават, хто запрашае збіраць і хто збірае для яго.

Фінкель У. Шолем-Алейхем. Мінск, 1958. Пераклад з яўрэйскай мовы і апрацоўка В. Вольскага.

* * *

За тры месяцы да смерці пісьменнік Кузьма Чорны запісаў у дзённіку 21 жніўня 1944 г.:

«Толькі што зайходзіў на паўгадзіны У.Фінкель. Ён бядуе. У Беларускай акадэміі няма больш жыдоўскага аддзелу. У Менску няма і, мусіць, не скора будзе жыдоўская газета. У Беларусі вельмі мала асталося жыдоў. Уры Фінкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыі свайго народа. Уры Фінкель належыць свайму народу і разам з ім варт вялікай пашаны. Гэта чалавек жыдоўскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы… Няшчасны і мілы Фінкель, жыве ў “Якары” на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пісьменнік і вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей».

Каментар у «Выбраных творах» К. Чорнага (Мінск, 2000): «у сапраўднасці падчас апошняй вайны сям’я Уры Фінкеля страціла трое дзяцей: сын Шалом (1939-1941) памёр у ташкенцкай лякарні 11 лістапада; дзве дачкі Цыля (1931 г. нар.) і Авігаіл (1933 г. нар.) спаленыя ў ракаўскай сінагозе (1943). Сярод жыхароў мястэчка Ракаў, адкуль паходзіў Уры Фінкель, у спісе загінуўшых у час апошняй вайны, пазначаны: “Фінкель Давід з сям’ёй; Фінкель Долід з сям’ёй; Фінкель Ісак з сям’ёй; Фінкель Мордух з сям’ёй; Фінкель Песя з сям’ёй; Фінкель Файва з сям’ёй” (Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка. Валожынскі раён. / Уклад. Я. Янушкевіч. Мн., 1996. С.272). Спіс няпоўны: бацька Уры Фінкеля, Гірш Фінкель, таксама загінуў у вайну (расстраляны); апроч яго ў ракаўскім гета былі спалены сёстры Уры Фінкеля Лыфсэ і Эльке».

* * *

У кастрычніку 2016 г. супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі згадалі юбілей У. Фінкеля, зладзіўшы ў аддзеле беларускай літаратуры невялікую выставу яго твораў.

Апублiкавана 16.10.2016 12:45