Tag Archives: Борис Гольденберг

Вольф Рубінчык. Чарнігаў турыстычны і палітычны

(Надеюсь, что и не очень хорошо владеющие белорусским, также смогут прочесть и понять достаточно интересный, а в чем-то и практически полезный материал постоянного автора сайта – А. Ш.)

Раніцай 21 ліпеня мы з жонкай заехалі ў Чарнігаўскую вобласць праз прапускны пункт “Новыя Ярылавічы” і неўзабаве апынуліся ў абласным цэнтры. Галоўнай нашай задачай было адпачыць, змяніць антураж. Выбралі Чарнігаў мы найперш таму, што ён недалёка ад мяжы з Беларуссю. Яшчэ я прачытаў артыкул http://brestchess.ucoz.ru/publ/zacharovana_desna_v_chernigove_2015/1-1-0-191 брэсцкага шахматнага трэнера Уладзіслава Каташука, дзе гаварылася пра танныя нумары ў гатэлі і недарагія абеды.

Адпачылі мы даволі добра, пабачылі многа новага – пра гэта будзе ў 1-й частцы. А ў 2-й трохі раскажу пра свае ўражанні ад кампаніі па (да)выбарах у Вярхоўную Раду, міжвольнымі сведкамі якой мы аказаліся 21-25 ліпеня.

  1. Вачыма турыста

Прыгожы вакзал (выяву ў інтэрнэце знайсці лёгка). Безліч гандлёвых кропак на кожным кроку. Масіўныя помнікі ў гонар украінскага народу – праўда, пасля Кіева гэта не навіна. А вось здаравезныя “скульптуры” з раслін, што стаяць на некаторых плошчах і нагадваюць ці то големаў, ці то гародных пудзілаў, больш нідзе бачыць не выпадала.

Мы прайшліся па вул. Шчорса праз Музычную да вул. Талстога. Калі Шчорса – звычайная постсавецкая магістраль, то Музычная прывабіла квітнеючымі садамі вакол двухпавярховікаў з чырвонай цэглы. На вуліцы Талстога – старажытныя царква і манастыр, шматвяковы дуб і парк “Болдзіна гара”, у якім пазней мы натрапілі на курганы Х ст., магілу пісьменніка Міхайлы Кацюбінскага (1864-1913) і адну з найбольшых цікавостак Чарнігава – пячоры Антонія. На гэтай жа вуліцы – своеасаблівы “Курган славы” савецкага часу, вакол яго пасвяцца козы. А яшчэ – фабрыка вырабаў з лазы, на якой вісіць шыльда ў гонар заснавальніка – Барыса Маркавіча Гольдэнберга.

Вуліца Талстога з абрыкосавымі, гарэхавымі, тутавымі дрэвамі вакол прыватных дамоў паступова, не адразу выводзіць да цэнтра, дзе дамінуе праспект Міру. Гэта доўгая алея, фактычна бульвар, шпацыруючы па якім можна знайсці што заўгодна: філармонію, бібліятэку, банкі, гатэлі, тэатр, супермаркет, фантаны, дзіцячыя атракцыёны і, вядома ж, кавярні. Уражваюць помнікі ахвярам Чарнобылю і вайны ў Афганістане, асабліва другі (чалавек, уцягнуты ў кола часу і перакулены дагары нагамі). Крыху ўбок ад праспекту – музычны фантан, які ўлетку грае класічныя мелодыі ды свеціцца рознымі колерамі амаль кожны вечар. Нешта не сустракаў я ў Беларусі такіх “фішак”: у Шчучыне фантан свеціцца, але не грае.

Даволі хутка знайшоўся гатэль “Градзецкі”. Яго цяжка не прыкмеціць – 18-ціпавярховы гмах навісае над праспектам. Паколькі мы арыентаваліся на бюджэтны адпачынак, то выбралі недарагі нумар, прычым адміністратарка запэўніла, што ён – адзін з найлепшых… Мама мія, што ж у такім выпадку ўяўлялі з сябе горшыя? Адсутнае вечка ўнітаза, бітая плітка, старая бялізна і мэбля… Калі ідзеш па калідоры 14-га паверха, то ўсцяж бачыш дзіркі і шчыліны ў сценах – нібыта з 1980-х нічога не рамантавалася. З іншага боку, персанал быў даволі ветлівы, ложкі нас вытрымалі, ліфты і тэлевізар працавалі, гарачая вада знікала толькі пасля 22.00.

Паўтару следам за Віктарам Цоем пра “Градзецкі”: “Мотор заржавел, но мы едем вперед”. Усё ж падарожнікам з грашыма гэты гатэль я не рэкамендаваў бы. На тым жа праспекце Міру бліжэй да Краснай плошчы (!) стаіць трохзоркавы гатэль “Україна” – ёсць шанс, што камфорту там болей. Дый многія чарнігаўцы ахвотна здадуць кватэрку… Але пошукам жытла варта займацца заранёў. Мы ж фактычна выбралі першы-лепшы варыянт (прыкладна 10 долараў за суткі на дваіх).

Пра Чарнігаў нярэдка пішуць, што ён “ціхі і спакойны”. Насамрэч горад нечым нагадвае Пінск, дзе рака “павольна і зачаравана” нясе воды свае; толькі тут замест Прыпяці і Струменя – Дзясна і ейны прыток Стрыжань. У Дзясне можна купацца, што мы і рабілі. Пэўная нязручнасць у тым, што рака плыткая, і нават на сярэдзіне асабліва не паплаваеш, дый цячэнне зносіць. Затое немалую асалоду мы атрымалі ад відовішча рыб, дробных і вялікіх, якія часам гойсаюць ля дна, а часам выскокваюць з вады і лётаюць на манер дэльфінаў. Файнай была і прагулка на цеплаходзе пад некалькімі мастамі, яна доўжылася гадзіну і каштавала ўсяго 30 грн (менш за 1,5 долара; а ў Пінску, толькі што паглядзеў, каля 3 долараў за 40 мінут). Цеплаход адыходзіць штодзённа – у выходныя аж па некалькі разоў – ад рачнога вакзала, маляўнічае наваколле якога само па сабе заслугоўвае агляду. У чарнігаўскай зямлі хіба што жалеза не расце…

Яшчэ лепшыя ўмовы для плавання – у гідракар’еры “Земснарад” за пару кіламетраў ад цэнтра, калі ісці або ехаць на поўдзень. Знайсці “Земснарад” на карце горада – не праблема, як і сама карта. Што дзіўна, 23 ліпеня нават на пляжы я бачыў агітацыйны аўтамабільчык дэпутата Вярхоўнай Рады Юрыя Бубліка (так!) – відаць, прыехаў разам з паплечнікамі па партыі падтрымаць кандыдата ад “Свабоды” Мішчанку. Зрэшты, як будзе паказана далей, пляжная агітацыя свабодаўцу не памагла.

Пабывалі мы, натуральна, на рынках Чарнігава. Прывакзальны не дужа запомніўся, а вось на “Казаку” (уваход ля Галоўпаштамту) насамрэч хапала ўсяго. Мы аддалі перавагу вішням за 0,3 долара; абрыкосы каштавалі прыкладна столькі ж. Каўбасу з ласяцінай пакаштаваў упершыню, балазе адносна недарагая. Нават за 1 грыўню ў горадзе можна купіць булачку, і паабедаць за 30-45 грн (1,5-2 долары) не ёсць вялікай праблемай.

Чарнігаўшчына лічыцца бедным рэгіёнам, заробкі ў “горадзе легенд” ці не ўдвая меншыя, як у Кіеве (па неправераных звестках, ледзь перасягаюць 2000 грн), але беднасць не заўсёды кідаецца ў вочы. Абцерханыя фасады, тралейбусы 20-30-цігадовай даўніны з пункту гледжання турыста проста дадаюць каларыту… Дарэчы, меркаванне пра кепскі стан дарог ва Украіне цяжка прыняць без агаворак. Шляхі ад беларускай мяжы да Чарнігава і далей да Кіева выглядаюць цалкам прыстойна, дый у самім горадзе асфальту бракуе толькі на асобных вуліцах.

Сэрца Чарнігава – Вал, некалі там быў замак, а цяпер – парк, дзе стракаціць уваччу ад цэркваў (у тым ліку ХІІ ст.), манументаў такім дзеячам, як князь Ігар, Іван Мазэпа, Аляксандр Пушкін, Тарас Шаўчэнка. Хапае і гарматаў… Па дрэвах скачуць вавёркі з пухнатымі хвастамі; шмат дзе вісяць для іх кармушкі. Мы зайшлі ў будынак калегіума, дзе за 5 грн нам паказалі выставу “Чарнігаў і чарнігаўцы 100 гадоў таму” – з самаварамі і стэрэаскопам амерыканскай фірмы, праз якую тагачасныя жыхары разглядалі паштоўкі ў фармаце 3D.

У адной з кнігарань натрапіў на кнігу, якую перакладаў з англійскай яшчэ ў 2012 г., што мяне добра пацешыла. Пацешыў і салон “Інтэрмеца” на вул. Шаўчэнкі, дзе апрача кніг, здаецца, частуюць кавай (не правяраў). На адной з кніжных паліц фламастарамі распісаліся пісьменнікі, прыемна было пабачыць прозвішчы беларусаў Уладзіслава Ахроменкі, Максіма Клімковіча.

Танна ў горадзе каштуюць сувеніры. На прасп. Міру мы набылі гліняны кубак за 25 грн (крыху болей за долар), а магніцікі знайшлі нават па 6 грн. Аналагічныя ў Кіеве абышліся б даражэй у 1,5-2 разы, а ў Мінску дык і ў 3 разы. Даволі багаты выбар сувеніраў – на вул. Войкава, 5, метраў за 200 ад “Градзецкага”.

Зайшлі мы і на яўрэйскія могілкі – у заходняй частцы горада, на той жа вул. Войкава. Большасць пахаванняў датуецца пачаткам 1970-х гадоў. Відавочна, магілы даглядаюцца слаба; многія з іх зараслі травою ў чалавечы рост. У той жа час мы не заўважылі слядоў вандалізму, могілкі добра агароджаны і ў бліжэйшы час іх ніхто не знясе.

Рэзюмуючы, РЭКАМЕНДУЮ Чарнігаў усім турыстам. Мажліва, ён не мае сталічнага лоску, аднак кожны ў ім знойдзе, што паглядзець і што купіць: нездарма вясёлы малады падарожнік Яраслаў Гула тут https://www.youtube.com/watch?v=RodcrFituAc выставіў яму ацэнку 4,6 з 5. Дробныя побытавыя нязручнасці (так, увесну на паштамце закрыўся перагаворны пункт і доступ да інтэрнэту) – не перашкода для крэатыўных асоб 🙂 Інтэрнэт па 5 грн за гадзіну ёсць каля рынку – зала з камп’ютарамі схавалася ў памяшканні абласной суполкі мастакоў. Гавораць у горадзе пераважна па-руску і па-украінску, але разумеюць і беларускую. Афіцыянты пазітыўна рэагуюць на англійскую мову.

  1. Вачыма палітолага

Украінскія выбары ніколі мяне асабліва не цікавілі, і на ранку ў дзень прыезду я нават не ведаў, што ладная частка Чарнігава – гэта 205-я выбарчая акруга, дзе адбываюцца жорсткія перадвыбарныя баталіі. Аднак неўзабаве ўвайшоў у курс, як толькі агледзеўся… Цяжка было ігнараваць транспаранты на сценах дамоў, бігборды, налепкі і агітацыйныя палаткі, якімі быў застаўлен ці не ўвесь праспект.

Спачатку я падумаў, што на месца ў Вярхоўнай Радзе прэтэндуе дзясятак кандыдатаў, але ж іх было 100 з лішнім (да дня выбараў застаўся 91, і ў выніку выбарчы бюлетэнь меў даўжыню каля метра). Насамрэч рэальных кандыдатаў было не больш за тузін, астатнія хіба “адбывалі нумар”, імітавалі сваю прысутнасць.

Найбольш актыўна агітацыяй займаліся, на мой погляд, Сяргей Беразенка, Аляксей Дзям’яненка, Мікола Звераў, Уладзімір Зуб, Тарас Кастанчук, Генадзь Корбан, Аляксандр Мельнік, Андрэй Мішчанка – прынамсі іхнія агітматэрыялы патрапілі ў маю калекцыю. Жыўцом бачыў Беразенку, Зверава і Кастанчука. Зараз, калі пішу гэтыя радкі (28 ліпеня), ужо вядома, што перамог стаўленік уладнага “Блока Пятра Парашэнкі” Беразенка, але тыдзень таму вынікі яшчэ не былі ясныя. Ясна было адно: адміністрацыя прэзідэнта зробіць усё, каб у Вярхоўную Раду не трапіў прадпрымальнік Корбан, былы намеснік Ігара Каламойскага ў Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі, увесну 2015 г. адхілены з пасады разам з шэфам.

У першы ж дзень я пабачыў мітынг прыхільнікаў Мішчанкі – так званае “народнае веча” ў парку, на якое прыехаў “сам” Алег Цягнібок. Вядома, асаблівых сімпатый да “Свабоды” не маю і мець не магу, але мушу аддаць належнае: Цягнібок – харызматычны прамоўца. Выступаў ён супраць прыватызацыйных планаў урада, падвышэння камунальных тарыфаў… Я так даўно не быў на перадвыбарных мітынгах, што слухаў прамовы з цікавасцю.

Увечары 21 ліпеня, пачуўшы музыку з двара насупраць “Градзецкага”, мы вырушылі ў той бок… і апынуліся на мітынгу-канцэрце ў падтрымку Кастанчука, “сапраўднага кропа”. Скора я зразумеў, што гэты ўдзельнік баёў на ўсходзе Украіны процістаўляў сябе “несапраўднаму кропу”, то бок старшыні партыі “УКРОП” Корбану… Проста на дваровай пляцоўцы прыхільнікі Кастанчука зладзілі выступ кіеўскага гурта “Украіначка” пад кіраўніцтвам народнага артыста Віталя Юхіменкі. За канцэртам можна было сачыць з вокнаў шматпавярховых дамоў – паглядзелі і мы на скокі дзяўчат. Як ні дзіўна, праз тры дні, вяртаючыся ў цэнтр горада зусім іншым шляхам, мы зноў пачулі “Украіначку” на мітынгу Кастанчука, і таксама на дваровай пляцоўцы (на якой было пазначана, што адрамантаваў яе Беразенка…) Апрача таго, 24 ліпеня камандзіра штурмавой роты батальёна “Данбас” падтрымлівалі людзі ў форме колеру хакі. Адзін з іх, Ярэма, на пацеху публіцы жангляваў гірамі. Каляровы інфармацыйны бюлетэнь “Вісник справедливості”, што раздаваўся на другім мітынгу, уразіў добрай паперай… і звышагрэсіўнымі, на мяжы фолу, нападкамі на Корбана.

“Наязджаў” на пратэжэ Каламойскага і іншы кандыдат у вайсковай форме – Алег Мікац. Ад яго імя на мясцовым тэлебачанні круцілі ролік, дзе людзі сварацца ў чарзе па дармовыя прадукты, якія раздавала дабрачынная суполка “Укроп”. Аднак з падачы Корбана на цэнтральных вуліцах былі вывешаны плакаты: “Лепш карміць людзей ежай, чым пустымі абяцанкамі”. Чаргу па ежу ля Дома ўрачыстасцей 24 ліпеня бачыў сам, канфліктаў “вакол грэчкі” тады не было. Запомніўся добра апрануты чалавек, які падыходзіў да пенсіянераў і раздаваў ім візітоўкі. Прыгледзеўшыся, я пазнаў старшыню Чарнігаўскага абласнога савета Міколу Зверава, каляровыя афішкі якога таксама былі развешаны па горадзе. Яго лозунгам было “Не галасуй за акупантаў” (падобна, мелася на ўвазе, што асноўныя прэтэндэнты, Беразенка і Корбан, раней у горадзе не жылі, а вось ён, Звераў, “свой у дошку”).

Мы з жонкай атрымалі “нішцякі” не толькі ад Кастанчука, але і ад Корбана (пракаціліся на каруселі, уваход на якую дзякуючы “Укропу” быў дармавы), і ад Беразенкі (бясплатны канцэрт гурта “Brutto” на Краснай плошчы 24 ліпеня – праўда, гэтая імпрэза з выхадам на сцэну самога “героя” і яго агітатараў мела дзіўнаваты прысмак), і ад лекара Зуба (яго актывісты проста на праспекце мералі ціск ахвотным). Будучы староннім назіральнікам, я мог сабе дазволіць пасмейвацца ў кулак з усіх кандыдатаў.

Дыялог з прадстаўніцай штабу 33-гадовага “апазіцыянера” Дзям’яненкі быў прыкладна такі:

  • Хіба ў гэтага хлопца зараз ёсць шансы?
  • Ой, практычна няма… Але мы арыентуемся на мясцовыя выбары (увосень 2015 г. – В. Р.) За ім не стаяць вялікія грошы… (злавіўшы мой позірк на агітацыйны аркуш, дзе за Дзям’яненку выступае Вадзім Рабіновіч). А Вы ведаеце, хто такі Рабіновіч? Гэта самы сумленны яўрэй! Ёсць жыды, такія як Сенька і Валодзька (Яцанюк і Гройсман – В. Р.), а ёсць яўрэі – гэтаксама як ёсць хахлы і ёсць украінцы. Вось Рабіновіч – малайчына!

Па мясцовым канале “Дзяцінец” 22 ліпеня паказвалі, як пенсіянеры часова перакрылі вуліцу, калі ўлады прыпынілі раздачу грэчкі ад Корбана. Нейкая цётка з “маршруткі” абуралася паводзінамі пратэстоўцаў: “Вы прадаліся жыдам, ідзіце, як я, у сяло працаваць!” Усё гэта журналісты падавалі без каментарыяў.

Перад канцэртам 24 ліпеня Беразенка аб’явіў прысутным на Краснай плошчы, што адбываецца выбар паміж палітыкай узору 90-х і палітыкай, скіраванай у будучыню. Што ж, доля ісціны ў тых словах была: напэўна, Корбан (1970 г. нар.) як асоба склаўся ў 1990-я гады і запазычыў з таго часу некаторыя свае метады. Магу памыліцца, але аматар шахмат і член іудзейскай абшчыны слаба валодае ўкраінскай, і сваю агітацыю вёў пераважна па-руску. Аднак ці лепшай будзе альтэрнатыва – “загадчык гаспадаркай” Парашэнкі? Плюсам гэтага хлопца з’яўляецца хіба маладосць (ён 1984 г. нар.), а так збольшага ён выдае на беспрынцыповага палітыкана. Характэрна, што ў выбарчы спіс трапіў нейкі Карбан – тыповы паліттэхналагічны прыём, калі рэгіструецца чалавек з падобным прозвішчам, каб заблытаць выбарцаў. Не буду спыняцца на тым, што ў Чарнігаве быў затрыманы аўтамабіль са зброяй і “дамовамі” на карысць Беразенкі, за падпісанне якіх гараджанам нібыта плацілі неблагія грошы (дарэчы, 26 ліпеня ў цэнтры віселі абвесткі з кур’ёзным тэкстам: “Задержанные с оружием в Toyota Camry съели все списки на выплату 400 грн и социальные договоры!”) Цікава, што яшчэ 16 ліпеня Беразенка заяўляў праз сваю рэкламную газету, што “не час рабіць для людзей гучныя канцэрты, якія хоць і даруюць людзям радасць, але не прыносяць адчувальнай карысці”, а ўжо праз тыдзень у горадзе распачаліся тыя самыя “гучныя канцэрты”… І каб хаця выступаў толькі Сяргей Міхалок з таварышамі, як тут: https://www.youtube.com/watch?v=rG7ktTFlzZ8 , а то 23 і 25 ліпеня самадзейныя артысты ў спёку круціліся перад 20-30 гледачамі…

У цэлым палітычная сістэма Украіны застаецца няўстойлівай. Замнога людзей спекулююць на ідэях “Майдану” і вайны з тэрарыстамі-сепаратыстамі, замала жадання дамаўляцца міжсобку. Калі б замест 91 кандыдата вылучалася не больш за 5-6, як бы прыдаліся краіне зэканомленыя грошы! Насцярожвае і гатоўнасць “актывістаў” дзяліць грамадства на “правільных” і “няправільных” змагароў, “жыдоў” і “нежыдоў”, “акупантаў” і “тутэйшых”… Між тым я не ўпэўнены, што хаос у розумах палітыкаў істотна ўплывае на свядомасць выбарцаў. Украінцы – як правіла, людзі прагматычныя і выжываюць, як умеюць. Палі па дарозе з Чарнігава ў Кіеў спрэс засеяныя, хаты ў вёсках глядзяцца дыхтоўна і нават курс нацыянальнай валюты, здаецца, стабілізаваўся. Сімвалам здаровага глузду сталіся для мяне палаткі агітатараў за Беразенку і Корбана, што мірна суседнічалі перад “Градзецкім”.

Ahitki

rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 28.07.2015

Опубликовано на сайте 28 июля, 2015 23:10