Tag Archives: Гирш Релес

КАТЛЕТЫ & МУХІ (3)

Вольф Рубінчык

Шалом, бай усім прыхільнікам серыяла! У трэцім выпуску мы пагаворым пра дзівацтвы і дзівакоў. Серыя пабудавана перадусім на маіх уласных назіраннях, але не сумняюся, што ў загашніках чытачоў захоўваюцца яшчэ больш цікавыя гісторыі і эпізоды. Дзяліцеся імі – дзівакі ўпрыгожваюць свет…

Яўрэі – звычайныя людзі, проста ў два разы больш звычайныя, чым іншыя ( (С) аднекуль)

                                                      1. Даніна памяці

Некалькі гадоў, з восені 1993 да вясны 2001 г., давялося працаваць поруч з Дзінай Звулаўнай Харык, удавой знакамітага паэта. Сустракаўся з ёй і па закрыцці бібліятэкі Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры, якой Д. З. загадвала звыш 10 гадоў. Хацеў бы яшчэ раз абвергнуць міф, у свой час пашыраны борзапісцам Л. на newswe.com: «Мы вельмі прасілі расказаць пра Паэта, але яна толькі пыталася: “Навошта? Каму гэта трэба? Каго гэта можа цікавіць?”… Памяць пра вялікага яўрэйскага паэта належала толькі ёй… І мы не маглі папракнуць гэтую жанчыну, якая хадзіла па нашым горадзе адлучаная ад усяго, але з высока ўзнятай галавой, як цень страшнага мінулага». У найлепшым выпадку амерыканскі карэспандэнт «Народнай волі» Дзіну Харык з кімсьці паблытаў, у найгоршым – проста зманіў пра сваё з ёй знаёмства. Не хадзіла яна па горадзе, як цень мінулага – такое больш дарэчна сказаць пра якіх-небудзь катаў сталінскай эпохі. Заўсёды жыва цікавілася падзеямі наўкол і распавядала ўсім больш ці менш блізкім людзям пра мінулае. «Сколько я перЕжила!» – словы гэтыя дагэтуль гучаць у маёй галаве.

Каліўца праўды ў пісаніне Л. усё ж мелася – Дзіна Звулаўна не была пазбаўлена некаторых мілых дзівацтваў. Частавала ці не ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі яблыкамі ці булачкамі, а калі нехта адмаўляўся, настойвала: «Бярыце, сёння дзень нараджэння майго маленькага…» (пасля арышту 1937 г. дваіх сыноў у яе забраў НКУС; яны, хутчэй за ўсё, загінулі ў дзіцячым доме ў вайну). Тых, хто паднімаўся з ёй па лесвіцы, вучыла, як трэба хадзіць: спачатку паставіць на прыступку адну нагу, потым на тую ж прыступку – другую, перадыхнуць… Не раз паведамляла мне нешчаслівыя даты месяца – 3-е, 13-е і 20-е. Часам гаварыла і пра тое, як у казахстанскай ссылцы 50-х гадоў яе вадзілі да старой гадалкі, якая напрарочыла Дзіне, што тая перад смерцю выйдзе замуж за вялікага чалавека… У канцы 90-х Дзіна Звулаўна з наіўным гонарам распавядала пра гэта перад тэлевізійнай камерай (тады ёй было ўжо добра за 80). І праз 40 гадоў пасля вызвалення яна пабойвалася віжоў – ірвала на драбнюткія кавалачкі свае чарнавікі і канверты, што прыходзілі ёй з-за мяжы. Яшчэ запомніўся яе водгук пра класіка яўрэйскай літаратуры Мойшэ Кульбака, які ў 1930-х жыў у Менску: «Добры пісьменнік, але не хацеў займацца грамадскай работай» (відаць, са слоў Ізі Харыка).

Dzina

Адзін з апошніх здымкаў Дзіны Харык (лістапад 2001 г., у яе дома на вул. Гарадскі Вал).

Усім ахвотным і малаахвотным, нават дзяжурнаму міліцыянеру, удава паэта прапаноўвала чытаць свае ўспаміны пра Харыка «Его светлый образ», дзеля чаго бясконца множыла іх на ксераксе. Купляла на сваю пенсію кнігі для бібліятэкі – абы людзі прыходзілі. Зрэшты, апошняе ўжо не зусім дзівацтва.

Цяпер ужо нялёгка прыпомніць дзівацтвы паэта Гірша Рэлеса, з якім пазнаёміўся ў тым жа аб’яднанні яўрэйскай культуры (у 1994 г.) і сустракаўся дзясяткі разоў. Паводзіў сябе ён заўсёды разважліва, стараўся не сказаць лішняга – пэўна, настаўніцкі досвед не быў для яго пустым гукам. Але ж аднойчы на кухні прызнаўся, што за ім сачылі і па выхадзе на пенсію, «дый цяпер»… і паказаў на двор праз акно. Мы з жонкай абмяняліся поглядамі: вядома, спрачацца не сталі. Пра свае мітрэнгі ў беларускіх мястэчках і падазрэнні паэт напісаў у мемуарах, выдадзеных у 2004 г. незадоўга да яго смерці: у рускамоўным перакладзе 2005-2006 гг. многія кавалкі пра сачэнне выкінуты. Цікавы запіс паўгадзіннай гутаркі з Рэлесам зрабіў Гірш-Довід Кац улетку 1998 г., паслухаць гэтую гутарку на ідышы раю тут: http://blogs.yiddish.forward.com/oyneg-shabes/186495// Між іншага, лінгвіст Кац адзначыў пэўныя асаблівасці Рэлесавага «дыялекта».

Reles_doma

Аўтар на кухні ў Гірша Рэлеса (канец 2001 г. або пачатак 2002 г.). Фота С. Казловай.

Зусім не характэрныя былі дзівацтвы для старэйшай з маіх суразмоўніц канца 90-х – Соф’і Львоўны Рохкінд (1903-2000), сааўтаркі Герша Шкляра па легендарным, доўгі час адзіным ідыш-рускім слоўніку (Мінск, 1940). Яна ўжо зусім слаба чула, не вельмі добра бачыла, аднак, калі разумела пытанні, то адказвала на іх падрабязна і разумна. Расказвала мне сёе-тое і па сваёй ініцыятыве: так я дазнаўся пра «справу нацыяналістаў» у мінскім педінстытуце канца 1940-х. Запіс ад 13.05.1997 пра дэкана матэматычнага факультэта Элькона (Мікалая Іосіфавіча) Пікуса – па ягонай справе не раз дапытвалі ў мінскім міністэрстве дзяржбяспекі і саму Рохкінд.

Э. Пікуса пасадзілі ў 1948 г. на 10 гадоў, рэабілітавалі ў 1956 г. Як расказвала С. Рохкінд, у інстытуце замежных моў працаваў адзін выкладчык, што паклёпнічаў на асуджанага: «Пасля вызвалення Пікус, які хадзіў з палкай, пайшоў яго біць. Не заспеў яго дома, дык пабіў палкай яго жонку…» І смех, і грэх – праўдзівае дзівацтва.

Пазней Пікус, 1905 г. нар., эміграваў у Амерыку. Што з ім было далей, Рохкінд не ведала, але вось яе ўдумлівае прызнанне пра савецкі лад: «Пасля 1917 г. не помню ніводнага дня, калі б не было страшна…». Між тым яе дзяцінства, якое прайшло ў Талачыне «за царскім рэжымам», было збольшага мірным. Пра гэта можна меркаваць па яе ўспамінах (апублікаваны тут: www.souz.co.il/clubs/read.html?article=2270&Club_ID=1).

…У другі свой прыезд у Ізраіль, у жніўні 1998 г. звярнуў увагу на вулічнага музыку, які граў на мандаліне ў цэнтры Іерусаліма. Пазней, калі я ехаў да дзядзькавага жытла па вуліцы Яфа, гэты пажылы чалавек спяваў у аўтобусе – так выявілася, што музыка для яго не спосаб заробку, а нешта большае. Пазнаёміліся. Звалі яго Аўраам, прыехаў у Палестыну з Польшчы да вайны, у канцы 30-х, працаваў на будоўлі (так і сказаў «будоўля» – па-беларуску ці польску). Відаць, ён быў самотны, бо выглядаў не зусім самавіта… Парадавала, што газета «Наш Иерусалим» выбрала яго адным з сімвалаў горада і 9 верасня 1998 г. змясціла фота на 1-й старонцы. Перад вяртаннем я паспеў яшчэ падысці да Аўраама на вуліцы і прэзентаваць яму гэты нумар… Што з ім было далей, не ведаю: улетку 2000 г. не сустракаў ужо гэтага дзіўнага старога ў Іерусаліме.

Auraam

Аўраам з мандалінай у цэнтры Іерусаліма: «А я табе кажу, што гэта Брамс!»

2. Ці фокуснікі, ці то проста комікі…

Аднойчы гадоў …ццаць таму ў «галоўнай яўрэйскай газеце» з’явіўся артыкул на паўпаласы пад гаваркой назвай «Дух образования и образование Духа». Напісаў яго Раман Р-н, паводле рэдакцыі – «ініцыятар і адзін з кіраўнікоў фундаментальнага Міжнароднага гуманітарнага праекта стварэння адзінай шматузроўневай сістэмы адукацыі нашых дзяцей». Яго рэалізацыю газета звязала «з будаўніцтвам у г. Мінску Адукацыйнага і Культурнага міні-поліса “Міжнародны яўрэйскі адукацыйны цэнтр”». І бач ты, «Раман ласкава згадзіўся расказаць пра гэты праект у нашай новай рубрыцы “ХХІ стагоддзе: Тэхналогіі Быцця”».

Далей нават не бяруся перакладаць: даю ўрыўкі ў арыгінале, яны таго вартыя.

Vasiuki1 Vasiuki2

З газеты 2001 г.

Друкавалася трындзелава ў духу васюкінскай лекцыі «гросмайстра» не на правах рэкламы: лёгка ўяўляю сабе чытачоў, якія паверылі і нават выслалі ў рэдакцыю грошыкі на «Нью-Васюкі». Праз год ці два Р-на, кіраўніка фірмы і памочніка дэпутата палаты прадстаўнікоў, арыштавалі за выманьванне валютных крэдытаў… Здаецца, пасля адседкі гэтая рэінкарнацыя Астапа Бендэра апынулася ў Ізраілі.

Пакідаю чытачам самім вырашыць, хто тут большы дзівак: Р-н або тагачасны рэдактар газеты Г-н, які цяпер выступае ад імя бел. яўрэйства.

А вось мой колішні знаёмец Э-х, з якім зрэдчас перасякаемся ў родным горадзе. Дзеля сваёй утопіі – «яўрэйскага мястэчка пад Мінскам» – гадоў з пяць таму заснаваў ажно цэлае грамадскае аб’яднанне. На афіцыйным сайце, адкрытым на narod.ru (!), расказаў, што для арганізацыі «яўрэйскай аграсядзібы пад цэнтр настальгічнага турызму» з кашэрнымі прадуктамі і іншымі радасцямі яму патрэбна ад 1,5 да 2,5 мільёнаў долараў. Ніхто, вядома, такіх грошай не даў, тым болей што старонка «Ахвяраваць» на сайце ўвесь час «знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі». Увесь праект скончыўся тым, што старшыня аб’яднання пабудаваў для сваёй сям’і хату пад Фаніпалем, кіламетраў за 30 ад Мінска. Якое дачыненне гэтая будоўля мае да лёсу яўрэяў Беларусі (спачатку ініцыятар збіраўся забяспечыць для іх «захаванне яўрэйскіх традыцый шляхам кампактнага пражывання»), так адразу і не адкажаш. Эх, Э-х… Але ж, наколькі я ведаю, чалавек ён шчыры, і напэўна, верыў у тое, што рабіў.

Назаву яшчэ аднаго дзівака, мітусню якога цяжка ўспрымаць без іроніі. Блогер Л-ч не раз ужо дэманстрававаў тутэйшаму грамадству слушнасць чатырохрадкоўя І. Губермана: «Всегда еврей легко везде заметен, / Еврея слышно сразу от порога, / Евреев очень мало на планете, / Но каждого еврея – очень много». На яго рахунку – і добрыя справы (змаганне за наяўнасць у крамах абястлушчанага кефіру, за Севастопальскі парк у Мінску…), і пустыя, і, верагодна, шкодныя. Пагалоскай зрабілася публічнае спальванне ў названым парку кніг літаратара, які не дагадзіў Л-чу. Перформанс выклікаў у адукаваных назіральнікаў асацыяцыі з Нямеччынай 1933 г. і, без сумневаў, не дадаў аўтарытэту беларускім яўрэям.

«Майстар слова і клінка» Л-ч (трэба прызнаць, што некаторыя яго допісы а-ля Шандаровіч пачытаць сапраўды карысна і цікава) мацюкаецца ў інтэрнэтах з нагоды і без, зацыкліваецца на сваім канфлікціку з парталам tut.by, нападае на «зісероідаў»… Можа быць, справа і ў эпосе, якая высоўвае на першы план людзей з недысцыплінаваным, кліпавым мысленнем.

І напрыканцы – пра другога свайго былога знаёмага. Музыка й літаратар З-ў пад канец 80-х эміграваў у ЗША, але час ад часу «свеціцца» ў Мінску (і на гэтым сайце) ды абяцае больш, ніж робіць. Уступіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў і ўвесну 2014 г. ганарліва заявіў у рунэце: «Я – адзіны член апазіцыйнага Саюза пісьменнікаў, каго друкуе галоўная газета прэзідэнта Лукашэнкі». Па-першае, чаму раптам СБП «апазіцыйны», па-другое – каго «Советская Б.» толькі не друкуе пры патрэбе (Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан)… Мая суседка па старонцы www.lit-bel.org/by/friends/360.html?start=8 Людміла Рублеўская наогул здаўна служыць у «галоўнай газеце» літаратурнай аглядальніцай.

Пазалетась З-ў актыўна штурхаў рэдактара «СБ» у кіраўніцтва Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Цяпер П. Якубовіч – ажно намеснік старшыні гэтай арганізацыі, якая шмат гадоў падпірае існы рэжым (некаторыя падрабязнасці: О Левине и левинщине

Калі ўлетку 2015 г. З-ў быў затрыманы за «празмерную» цікавасць да пікетаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў цэнтры Мінска, я паспачуваў чалавеку, якому на восьмым дзясятку круцілі рукі амапаўцы (нікому б гэтага не пажадаў), але ўспомніў класічную фразу: «Tu l’as voulu, Georges Dandin». Перакладаецца яна прыкладна так: «Бачили очі, що купували».

Грамадзяніна ЗША амаль адразу адпусцілі з пастарунка, і ён уляцеў за акіян. Ну, а нам жыць тутака… з «добраахвотна-прымусовай» макулатурай і чыноўнікамі ад яўрэйства.

rubinczyk[at]yahoo.com

Мінск, 10.10.2015

Письмо Марка Шагала (на бел.), 1937 г.

Ад публікатара

У 2003 г. я прачытаў у мемуарнай кнізе Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» наступныя радкі пра канец 1930-х: «Віцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкі горад, меў музэй; на вуліцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі і на драўлянай лесьвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму – шаўцы, старыя яўрэі, коні, выявы старадаўняга Віцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома. Бы ён і не меў ніякага дачыненьня да гэтага гораду». У 1939-1940 гг. В. У. Быкаў некалькі месяцаў вучыўся ў Віцебску на мастака, але мусіў быў пакінуць вучэльню з-за нястачы грошай.

Папраўдзе, і ў 2003 г. словы класіка беларускай прозы наконт таго, што пра Шагала ў горадзе «нічога не было вядома», выклікалі ў мяне сумніў. Гэта ж мінула ўсяго 20 гадоў з таго часу, як Шагал загадваў у Віцебску мастацкай вучэльняй (з’ехаў з горада ў 1920 г.) – у горадзе павінны былі заставацца вучні, сябры, знаёмцы, якія яго памяталі. Няўжо праз нейкую забарону ўсе баяліся згадваць імя эмігранта? Але той жа Пэн, чалавек асцярожны, у сярэдзіне 1930-х гг. даволі цёпла адгукаўся пра Шагала ў гутарцы з маладым журналістам Рэлесам – пра гэта ў 2002 г. паведамляў мне сам Гірш Рэлес (1913-2004).

Нядаўна я знайшоў доказ таго, што пад канец 1930-х імя Шагала і яго творчасць афіцыйна не забараняліся ў БССР наогул і ў Віцебску ў прыватнасці. Прынамсі тым, хто рэгулярна чытаў ідышамоўную газету «Акцябр» і беларускамоўную газету «Звязда», прозвішча мастака павінна было нешта казаць. Цалкам верагодна, што юны Быкаў пра Шагала не ведаў, бо ў віцебскай мастацкай вучэльні перад вайной ухваляліся іншыя густы. Але гэта не значыць, што ніхто ў горадзе нічога не ведаў…

Ніжэй – той самы доказ. Я не прэтэндую на прасоўванне «шагалазнаўства» ўперад, тым болей што спецыялісты пра пісьмо Шагала ў «Звяздзе» ведаюць (на яго спаслаўся, напрыклад, Аляксандр Лісаў у артыкуле «З гісторыі віцебскай карціннай галерэі імя Ю. М. Пэна»: http://chagal-vitebsk.com/node/199). Аднак, здаецца, у інтэрнэце поўнага тэксту гэтага пісьма дагэтуль не было, а яно ўяўляе цікавасць і само па сабе, і ў кантэксце часу.

Чаму менская партыйная газета дала слова «буржуазнаму» мастаку? Магчыма, з той жа прычыны, з якой у 1935 г. маскоўская газета «Известия» з санкцыі Сталіна надрукавала вітанне Аляксандра Алехіна, шахматыста-«белаэмігранта». У даваенным СССР актыўна спрабавалі скарыстаць замежнікаў, якія хоць у нечым крытыкавалі парадкі на Захадзе і хоць на каліва згаджаліся з савецкім ладам. Не выключана, што радкі пра «беспаветраны прастор» у Парыжы і Віцебск як «адроджаны горад» былі падказаны Шагалу нейкім савецкім агентам у Францыі… Дый ці сам Шагал назваў сваю шмагадовую адсутнасць у Парыжы (1914-1923 гг.) «невялікім перарывам»? Калі б у пісьме была сказана праўда аб тым, што мастак эміграваў на Захад не з царскай, а ўжо з савецкай Расіі (у 1922 г.), гэта аказалася б дужа нязручным для бальшавіцкіх ідэолагаў.

Працягваючы развагі аб прычынах з’яўлення пісьма ў галоўнай газеце БССР, можна дапусціць, што публікацыю задумвалі як своеасаблівую прынаду для Марка Шагала, каб вярнуўся на радзіму – бо вярнуліся ж пісьменнікі Максім Горкі, Аляксандр Купрын і іншыя. Між тым Шагал, якому нібыта «не хапала паветра», у 1937 г. быў ужо сапраўды вядомым на Захадзе творцам у росквіце сіл (50 гадоў). Рэальных прычын, каб ехаць у «краіну герояў», ён не меў – як, дарэчы, і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Іван Бунін, і народны артыст Фёдар Шаляпін… Родныя гарады яны палюблялі на адлегласці – і правільна рабілі, зважаючы на адметнасці той гістарычнай эпохі.

 

Вольф Рубінчык, г. Мінск

rubinczyk[at]yahoo.com

02.10.2012

 

ПІСЬМО МАСТАКА М. ШАГАЛА

 

Вядомы рускі жывапісец і графік, ураджэнец горада Віцебска, які жыве ў Парыжы з 1910 г., Марк Шагал прыслаў рэдакцыі менскай яўрэйскай газеты «Окцябр» пісьмо з поваду смерці старэйшага мастака Беларусі Ю. М. Пэна.

У гэтым пісьме Марк Шагал піша: «Не магу супакоіцца і не ведаю як выразіць глыбокі смутак нечаканай жорсткай смерцю Ю. М. Пэна. Як я зайздрошчу ўсім вам. Вы маглі быць на яго пахаванні, хадзіць па нашай зямлі за яго труной і паветра неба, таго самага неба, якое я так часта стараўся перадаць на сваіх карцінах, абвалаквала вас. Чаму гэта паветра не даходзіць да мяне – сюды ў беспаветраным прасторы? Чаму лёс раздзяліў мяне на дзве часткі – цела тут – душа там?

А я пеставаў сябе надзеяй яшчэ ўбачыцца з Пэнам, быць у сваім горадзе, хадзіць з Пэнам зноў на эцюды, як раней, і зноў і зноў пісаць пра наш ужо адроджаны горад.

Зразумела, рэволюцыя адрадзіла другіх, новых незнаёмых “сваякоў”, але я хачу перадаць для Пэна гэтыя некалькі слоў. Пэн-жа мяне любіў. Гэта любоў яго цягнулася вось ужо 30 год з моманту, калі я стаў самім сабой, не гледзячы на рознасць нашых мастацкіх шляхоў. Ён быў маім першым, хоць і кароткачасовым настаўнікам. Я быў з яго першых вучняў і ён ведаў, што хоць я і жыву ў Парыжы ўжо з 1910 года з невялікімі перарывамі, я ўсё-ж душэўна астаўся адданы маёй радзіме, што паказаў як мог у сваім мастацтве.

Няма столькі фарб і засумаваных адценняў, у якія-б я хацеў завярнуць сваё апошняе прывітанне Пэну».

 

(«Звязда», № 79. 05.04.1937)

125 лет со дня рождения Марка Шагала

Информационный листок № 22 (477) 28 июня 2012 г.
7 июля 2012 года Министерство связи и информатизации Республики Беларусь выпускает в обращение почтовый блок «125 лет со дня рождения Марка Шагала ».
Художественное оформление Анны Малаш. Печать офсетная, полноцветная. Бумага мелованная, гуммированная. Зуб. рамочная 131/2. Размер марки в блоке 37х52 мм. Размер блока 70х75 мм. Тираж блока 20 тыс.
Историческая справка. Марк Захарович Шагал (1887, г. Витебск — 1985) — график, живописец, театральный художник, иллюстратор, мастер монументальных и прикладных видов искусства. Учился в Витебской школе-мастерской Ю.Пэна, рисовальной школе при Товариществе поощрения искусств, у Л.Бакста и М.Добужинского в Петербурге.
Блок № 88
№ 929
125 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала
(125 лет со дня рождения Марка Шагала)
15000 руб.
Художественное оформление конверта «Первый день» Анны Малаш.

Цвет мастики — черный.

Художник спецштемпеля А.Малаш.
В день выхода блока в обращение в отделении почтовой связи № 15 Витебска будет проводиться специальное гашение на конверте «Первый день».