В. Рубінчык. КАЛІ ПАМЯЦЬ ПРЫЦІСКАЕ…

Пра кнігу, якую знішчалі, ды не знішчылі, і яе аўтара

Летась смаленскае выдавецтва «Інбелкульт» – своеасаблівая філія мінскага часопіса «Аrche», з якім я супрацоўнічаў звыш 15 гадоў – выдала зборнік прац Віталя Сіліцкага (1972–2011). Гэты беларускі палітолаг (на фота справа) у свой час першым атрымаў ступень доктара філасофіі ва ўніверсітэце Ратгерса (ЗША) – і вярнуўся на Радзіму, жыў у Смалявічах пад Мінскам. Кніга «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі» (364 с., 1000 экз.) была перакладзена з англійскай мовы, а дакладней, з амерыканскай. Паводле рэдактара Алеся Лагвінца, яна – працяг даследавання В. Сіліцкага «Адкладзеная свабода» і «падсумаванне ранейшых даследаванняў Віталя» (с. 8).

kniga_silickogo  400px-Vitali_Silitski

Першае, што варта сказаць пра кнігу 2015 г., – большая частка яе накладу была знішчана ў лістападзе 2015 г. Спачатку фінансавы дырэктар мінскай друкарні «Поликрафт» спасылаўся на загад міністэрства інфармацыі РБ, потым загаварыў пра ўласную ініцыятыву. Дазволю сабе не паверыць, што прыватнае прадпрыемства ні з пушчы ні з поля ўзяло на сябе ролю цэнзара, ведаючы, які ўдар наносіць па сваёй рэпутацыі… Ва ўсякім разе, электронны варыянт кнігі можна заказаць праз кнігарню «Аrche», праўда, за яго просяць 119 тыс. беларускіх рублёў (крыху менш за $6), і поспеху я не гарантую – у “Arche” спасылаюцца на тэхнічныя цяжкасці.

У кнізе шэсць раздзелаў: І. Пераломны момант: «гвалтоўна перарваны транзіт». ІІ. Шляхі аўтарытарызму. ІІІ. Пасткі ў барацьбе за дэмакратыю. ІV. Прарывы да дэмакратыі. V. Працяг шляху: хісткія крокі да дэмакратыі ці паглыбленне аўтарытарызму. VI. Пераход ад посткамунізму: хвалі і адкаты. Ёсць яшчэ ўступны раздзельчык «Поле даследавання» і ўводзіны, у якіх В. Сіліцкі крытыкуе наіўных калег: «Працяглае “бачанне праз прызму дэмакратызацыі” прывяло да таго, што відавочна недэмакратычныя тыпы ўлады, паўсталыя ў выніку змены рэжымаў, доўгі час разглядаліся як выключэнні…» (с. 13). Але нават назовы раздзелаў ускосна даюць зразумець, што сам аўтар знаходзіўся ў палоне парадыгмы «пераходу да дэмакратыі», і наўрад ці адкінуў яе да канца. Цягам кнігі не раз натыкаешся на развагі ў духу: «Ат, чаму ж гэта ў нас не спрацавала?!» Напрыклад, апазіцыя перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 г. «здолела згуртаваць вакол сваіх лідараў ядро адданых прыхільнікаў дэмакратыі» (с. 341), але рэжым Лукашэнкі «дасягнуў той ступені кансалідацыі, калі яго наўрад ці магчыма пахіснуць без удзелу ў гульні вонкавых чыннікаў» (с. 348).

Чытаючы «Доўгую дарогу ад тыраніі», цяжка пазбавіцца ад уражання, што В. Сіліцкі цягам многіх гадоў імкнуўся зразумець, чаму ў Сербіі апазіцыя здолела скінуць Мілошавіча (канец 2000 г.), ва Украіне дамагчыся перамогі Юшчанкі (канец 2004 г.), а ў Беларусі нічога і блізка не атрымалася ні ў 2001-м, ні ў 2006-м. У рэшце рэшт, ён прыйшоў да высновы: «На вялікі жаль, беларускі прыклад паказаў, што часам аўтакраты навучаюцца хутчэй за апазіцыю» (с. 23; гэтае назіранне, відавочна, кладзецца ў «канцэпцыю прэвентыўнага аўтарытарызму», пра якую сказана ў анатацыі кнігі). Мілошавіч жа нібыта абмяжоўваўся толькі «маніпуляцыйным аўтарытарызмам», пакінуўшы ў 1990-х гадах «адносна шырокую прастору для развіцця (і нават інстытуцыяналізацыі) альтэрнатыўных грамадска-палітычных сіл» (с. 15).

Агулам, у зборніку артыкулаў, прэзентаваным як навуковае выданне, дадзены падрабязныя і цікавыя нарысы палітычнага жыцця ў Сербіі і Беларусі з канца 1980-х гадоў. Не застаўся без увагі, напрыклад, 1993 год, калі праз неабачлівасць (?) старшыні Вярхоўнага Савета РБ і дэпутацкай фракцыі БНФ дэпутат Лукашэнка стаў кіраўніком «антыкарупцыйнай» камісіі (с. 92). Аўтар увогуле крытычна ставіўся да апазіцыі ў Беларусі, якая яшчэ на пачатку 1990-х гг. «выдыхнулася, спрабуючы імітаваць «спеўныя рэвалюцыі» ў дзяржавах Балтыі і недапушчальна нацыяналістычны дыскурс, не зважаючы на слабасць этнічных пачуццяў у беларускім грамадстве» (с. 220). Шматлікія «перазагрузкі» таксама не прынеслі поспеху: так, «Хартыя-97» «уцягнулася ў партыйнае палітыканства» (с. 221).

Ва ўводзінах яшчэ гаворыцца пра ўменне Лукашэнкі «захоўваць моцную базу грамадскай падтрымкі» (с. 18), з чым асабіста я бы паспрачаўся… Па сутнасці ж выходзіць, што А. Лукашэнка аказаўся разумнейшы за ўсіх апанентаў, разам узятых, і ў гэтай сувязі не зусім ясна, чаму па кнізе В. Сіліцкага быў нанесены ўдар «зверху». Аўтар постфактум перасцерагаў ад паўтарэння «формулы свабоды» (с. 29), г. зн. дэ-факта – ад «імпарту» каляровых рэвалюцый, і рэцэпты дэмакратычным сілам даваў у агульных выразах: «не зважаць на ціск і пагрозы з боку рэжыму і пашыраць апазіцыйную дзейнасць і ў палітычнай, і ў грамадскай сферы» (с. 349). Магчыма, кагосьці з тутэйшых ідэолагаў зачапіў тэзіс аб тым, што «беларуская мадэль» урэшце наблізілася да «дэспатый Сярэдняй Азіі» (с. 26) – зрэшты, усур’ёз не абгрунтаваны.

Колькі абзацаў пра аўтара «Доўгай дарогі ад тыраніі». Упершыню я пачуў пра яго, бадай, у 2003 г., калі з прэсы даведаўся, што Віталя Сіліцкага зволілі з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пад ціскам уладаў. Пазней чытаў яго артыкулы ў «Нашай Ніве», а ён, здаецца, чытаў мае нататкі пра шахматы і шахматыстаў (прынамсі так сцвярджаў рэдактар газеты ўлетку 2004 г.). У першых чыслах верасня 2004 г. я не без здзіўлення ўбачыў у «Народнай волі» скептычную заяву В. С.: маўляў, Уладзімір Парфяновіч – тагачасны дэпутат палаты прадстаўнікоў – гукае пра скоры рэферэндум, дык на тое ён і палітык, каб піярыцца… (Нагадаю, што 7 верасня А. Лукашэнка падпісаў указ аб правядзенні рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 г. – і перамог). Не выклікала энтузіязму і дыскусія В. Сіліцкага з «еўрапейскімі бюракратамі» ў 2005 г. Дзе выгадуеце новых Быкавых?, якіх палітолаг вучыў сапраўдным еўрапейскім каштоўнасцям…

Пару артыкулаў Сіліцкага ў сярэдзіне 2000-х гадоў давялося перастварыць з англійскай для «Аrche». У 2007 г. рэдактар часопіса папрасіў перакласці кнігу амерыканца Майкла Урбана «Алгебра cавецкай улады». Як я даведаўся ў пачатку 2008 г., калі праца была ўжо збольшага гатова, зацікаўленай асобай выступаў менавіта Віталь Сіліцкі. Аднойчы ён патэлефанаваў мне, а потым завітаў з раздрукоўкай перакладу, на якой пакінуў свае праўкі (іх было няшмат). Пры гэтым зрабіў двухсэнсоўны камплімент: «А я і не ведаў, што ў Беларусі ёсць людзі, якія перакладаюць з англійскай проста на беларускую, і даволі ўдала!» Помню, я адказаў стрымана: «Займаюся гэтым ужо не адзін год…»

Цытата з «Вікіпедыі»: «Ва ўспамінах аб Віталі Сіліцкім сябры і калегі адзначалі, што з ім проста немагчыма было не сябраваць, ён трывала ўваходзіў у жыццё ўсіх, хто з ім сутыкаўся». Гэта не мой выпадак, але, безумоўна, пасмяротная кніга В. С. заслугоўвае таго, каб яе прачыталі – з крытычным позіркам і жаданнем ісці далей.

Мінск, 03 студзеня 2016 г.

                                                                                                     rubinczyk[at]yahoo.com

Апублiкавана 3.01.2016