Tag Archives: Іра Шчасная

Першае відэаінтэрвію Вольгі Класкоўскай на волі

14 красавiк 16:15

Ганна Соўсь

«Позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш». Вольга Класкоўская пра найгоршую турму, 10 этапаў, усьмешку Калесьнікавай, бутэрброды Шарэндзе

Госьця Свабоды Прэміюм — былая палітзьняволеная журналістка Вольга Класкоўская, якая правяла ў зьняволеньні 791 дзень. За гэты час яе двойчы судзілі ў палітычна матываваных крымінальных справах, яна прайшла празь дзесяць этапаў і адбыла ў ШЫЗА і ПКТ агулам амаль 5 месяцаў.

Вольга называе Гомельскую жаночую калёнію катоўняй сталінскага тыпу, расказвае, як за кратамі можна пазнаць палітвязьня, і выказвае сваю думкі пра спосабы вызваленьня палітвязьняў.

Вольга Класкоўская знаходзілася за кратамі з 14 кастрычніка 2020 году па 14 сьнежня 2022 году. Першы раз яе асудзілі за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах, а 20 студзеня 2022 году яшчэ раз — за камэнтар у адрас берасьцейскага міліцыянта.

Сьцісла

  • Калі я адмовілася ад «пакаяльнага» відэа, гэта іх вельмі раззлавала. Апэратыўнік сказаў: «Маўчыш? Нічога. Калі пачнеш мачыцца пад сябе, тады загаворыш».
  • У ШЫЗА самым цяжкім было, калі я зьмірылася з думкай, што, магчыма, мне давядзецца страціць жыцьцё ў часе знаходжаньня ў гэтых камэрах.
  • Палітвязьня можна вылічыць па ягоным абліччы, па вачох. Ён вачыма таксама шукае сваіх. Гэты позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш.
  • У Жодзінскім СІЗА я пакутавала ад моцнага крывацёку і зьвярнулася па мэдычную дапамогу да фэльчара, а ён мне сказаў, што «калі ты памрэш, радзіма ад гэтага нічога ня страціць».
  • Мая пазыцыя наконт вызваленьня палітвязьняў — трэба выцягваць тых, каго магчыма.

«Пасьля вызваленьня не прайшло сутак, як да мяне прыехалі два супрацоўнікі ГУБАЗІКу»

— Вольга, дзякуй за тое, што пагадзіліся расказаць пра перажытае. Цяпер вялікая колькасьць вязьняў асьцерагаецца гаварыць пра тое, што было за кратамі. Ці тут толькі нежаданьне варушыць незагойную рану? Што па выхадзе на свабоду вам гаварылі турэмнікі ці сілавікі?

Вольга Класкоўская адразу пасьля вызваленьня
Вольга Класкоўская адразу пасьля вызваленьня
.

— Ёсьць некалькі прычынаў, чаму былыя палітвязьні ня хочуць апублічваць пэўныя рэчы і выказвацца ў публічнай прасторы. Гэта і даволі цяжкі псыхалягічны стан (асноўная прычына ў маім выпадку), і гэта ціск з боку сілавікоў. Яшчэ напярэдадні вызваленьня мяне неаднойчы папярэджвалі супрацоўнікі калёніі наконт публічных камэнтараў ці інтэрвію. Літаральна за некалькі дзён да вызваленьня мяне запрасіў да сябе начальнік калёніі і сказаў, што «ня дай Божа дадумаесься нейкі стрым весьці ад брамы калёніі, я гэта ўсё вельмі хутка спыню, прыедзе некалькі бусаў з АМАПам і адразу паедзеш у ІЧУ, а таксама ўсе тыя, хто прыйдзе цябе сустракаць і хто плянуе нейкія мяцяжы арганізоўваць каля сьценаў калёніі».

Пасьля вызваленьня не прайшло сутак, як да мяне прыехалі два супрацоўнікі ГУБАЗІКу і адкрытым тэкстам сказалі, што калі я наважуся нейкім чынам засьвяціцца ў экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсах, то гэта будзе новая крымінальная справа. Менавіта таму маўчаньне былых палітвязьняў найперш зьвязана з пытаньнем бясьпекі.

— Вы цалкам адседзелі свой тэрмін і напачатку не хацелі пакідаць Беларусь, але былі вымушаныя гэта зрабіць. Як усё адбылося?

— Яшчэ за кратамі з палітвязьнямі мы не адну ноч шчыра абмяркоўвалі тэму бясьпекі і магчымага альгарытму паводзінаў, калі вызвалімся. Мы падымалі пытаньне, ці дадуць нам магчымасьць спакойна жыць у Беларусі, ці трэба будзе зьяжджаць, як гэта зрабіць лепей. Адназначных адказаў не было, таму што цяжка рашыцца на такія ўцёкі. Калі я вызваліся, то да апошняй магчымасьці трымалася за нейкія мажлівасьці, за нейкія ілюзіі, каб застацца ў Беларусі. Пэўны прынцып уключаецца. А чаму я мушу ўвогуле ўцякаць? Толькі таму, што мяне лічаць «ворагам народу» і камусьці няўтульна, каб я тут знаходзілася, і таму я мушу ўсё пакінуць і зьбягаць? У мяне вельмі шмат зьвязана з радзімай. І гэта былі вельмі драматычныя і цяжкія моманты, калі разумееш, што трэба ўцякаць. У маім выпадку гэта была экстраная, тэрміновая эвакуацыя.

— Вы цяпер даяце інтэрвію «экстрэмісцкаму СМІ», ад чаго перасьцерагалі губазікаўцы. Калі можна, назавіце краіну, дзе вы знаходзіцеся? Ці ў бясьпецы вы?

Вольга Класкоўская ў Швайцарыі
Вольга Класкоўская ў Швайцарыі
.

— Перадаю прывітаньне ўсім людзям у пагонах. Хачу сказаць, што іх запалохваньні паказваюць толькі іхную слабасьць. У нас няма экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў, ёсьць толькі дзяржаўныя прапагандысцкія мэдыя. А незалежныя журналісты папросту сумленна робяць сваю працу. Нічога агульнага гэта з экстрэмізмам ня мае. Я знаходжуся ў Швайцарыі, я ў бясьпецы.

Вольга Класкоўская пасьля вызваленьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У калёніі ўсё створана, каб выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек упаў духам», — былая палітзьняволеная Класкоўская

«Апэратыўнік пагражаў мне расстрэлам, нават імітаваў гэты расстрэл»

— Калі вас затрымалі? Як усё адбывалася? У той час мы маглі бачыць толькі ваш фатаздымак, на якім было відаць, як вы зьнясілелі.

— Гэта была спантанная акцыя ў менскай Серабранцы ў кастрычніку 2020 году. Мы, дарэчы, не парушылі правілаў дарожнага руху, знаходзіліся на праезнай частцы ў часе зялёнага сьвятла. Разумею, што ў чымсьці гэта была трошкі наіўная акцыя, якая шмат чаго не магла зьмяніць у той пэрыяд супрацьстаяньня з уладай, але ў 2020 годзе было жаданьне выходзіць хоць кудысьці.

Затрымалі мяне пасьля сканчэньня акцыі ў дворыку. Укінулі ў мікрааўтобус, дзе было вельмі шмат узброеных людзей. Мяне білі. Я атрымала траўму галавы. Пасьля зь Ленінскага РУУС супрацоўнікі выклікалі мне хуткую дапамогу, бо было даволі кепка. Мяне шпіталізавалі ў 5-ю лякарню ў аддзяленьне нэўрахірургіі. Сілавікі не далі мне атрымаць неабходнае лячэньне. Празь дзень са шпіталя мяне папросту скралі невядомыя асобы ў балаклавах. Яны не зважалі на мой стан, на тое, што дзяжурныя лекары былі супраць і што ў мяне катэтэр у вене знаходзіўся. Сказалі, што калі я адсюль не пайду, мяне папросту вынесуць. Пасьля я апынулася на Акрэсьціна, дзе мэдычнай дапамогі, вядома, не аказвалі.

Перад гэтым, калі я была ў РУУС Ленінскага раёну Менску, прыйшлі два апэратыўнікі зь відэакамэрай і запатрабавалі ад мяне (не люблю гэты выраз ужываць, але ён звыклы, на жаль, для нашых вушэй) «пакаяльнае» відэа. Калі я адмовілася, гэта іх вельмі раззлавала. Апэратыўнік, які знаходзіўся ў кабінэце, сказаў: «Маўчыш? Нічога. Калі пачнеш мачыцца пад сябе, тады загаворыш». Потым бывалі моманты, калі гэты апэратыўнік пагражаў мне расстрэлам, нават імітаваў гэты расстрэл. Натуральна, я пачувалася ня вельмі добра праз траўму галавы і адсутнасьць мэдычнай дапамогі, але духам я не падала.

«Ты зьнясілены, брэх сабак, узброеныя людзі, ты з торбамі, на цябе крычаць»

— Вы прайшлі дзесяць этапаў за гэтыя больш чым два гады. Маглі б апісаць, як выглядае этап для жанчыны?

— Калі знаходзісься за кратамі, усе моманты страшныя, без перабольшваньня магу гэта сказаць. Што да этапаў, то, паводле майго досьведу, амаль усё залежыць ад таго, які трапіцца канвой. Сама працэдура, калі гэта можна назваць працэдурай, цяжкая і прыніжальная. Ты зьнясілены; лай сабак; узброеныя людзі; ты з торбамі; на цябе крычаць. Вядома, што гэта ня проста. Але былі моманты, калі, дзякуй Богу, трапляліся больш-менш нармальныя канваіры, у якіх яшчэ ня ўсе пачуцьці былі дэфармаваныя, і яны праяўлялі чалавечнасьць…

— І яшчэ адна страшная лічба — 5 месяцаў у штрафных ізалятарах і памяшканьнях камэрнага тыпу.

— Апроч пякельных умоваў, зьдзекаў і страшэннага холаду… Пачуцьцё, што ня можаш сагрэцца, дагэтуль у мяне засталося. Нават калі вельмі цёплае надвор’е і вельмі цёпла ў памяшканьні, у мяне заўсёды ўражаньне, што мне халодна. Я думаю, што самым цяжкім момантам было тое, калі я зьмірылася з думкай, што, магчыма, мне давядзецца страціць жыцьцё ў часе знаходжаньня ў гэтых камэрах. І гэта было вельмі балюча. Усё жыцьцё пранеслася перад вачыма. Было вельмі шмат болю, крыўды за сябе, за краіну, за сям’ю, але пасьля таго, як ужо перажыла і зьмірылася з гэтымі думкамі, мне ў чымсьці стала лягчэй.

Гэта было праз 6-7 месяцаў пасьля таго, як мяне арыштавалі. Гэтыя думкі да мяне прыйшлі, калі я знаходзілася ў ШЫЗА. Я калісьці атрымала адразу 30 дзён запар, у мяне абвастрыліся хваробы, я пакутавала на вельмі моцны крывацёк. Мэдычная дапамога амаль што не аказвалася, таму гэтыя думкі прыйшлі. Гэта была рэалістычная пэрспэктыва.

— Калі мы з вамі размаўляем, праўдападобна, што палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца ў ШЫЗА, вельмі доўга няма зьвестак ад Міколы Статкевіча, пэўна, ён таксама ў ШЫЗА. Вы вельмі добра ўяўляеце, што яны цяпер адчуваюць. Што б вы ім і іншым палітвязьням сказалі, калі б яны маглі вас пачуць?

Вольга Класкоўская ў Швайцарыі. Акцыя ў падтрымку палітвязьняў.
Вольга Класкоўская ў Швайцарыі. Акцыя ў падтрымку палітвязьняў.
.

— Усім палітвязьням зычу моцы і вытрымкі. У размовах з жанчынамі ў гомельскай калёніі я ўвесь час падкрэсьлівала: «Ніколі ня падайце духам». Здаецца, гэта нейкія агульныя парады, нават, можа, трошкі патасныя словы, але гэта шчырыя словы. Вельмі важна ня страціць гэты дух і памятаць пра тое, што вас любяць вельмі шмат людзей — родныя, блізкія, сябры, паплечнікі, аднадумцы. Любому нармальнаму чалавеку, які падзяляе чалавечыя каштоўнасьці, зараз баліць. Таму ні ў якім разе ня падаць духам, трымацца, памятаць пра падтрымку і ня страчваць надзеі і веры, што абавязкова гэта ўсё скончыцца і добрыя часы, часы нашай перамогі, абавязкова надыдуць.

Тацяна Хоміч і яе сястра Марыя Калесьнікава

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Хаця б тата змог убачыць, што яна жывая». Сястра Калесьнікавай пра стан Марыі пасьля апэрацыі і спатканьне з бацькам

«У Калесьнікавай годная постаць, шчырая ўсьмешка, паходка лідэра, вельмі моцнага чалавека»

— Калі даведваемся рэдкія навіны пра Марыю Калесьнікаву, заўсёды паведамляецца, што яна ўсьміхаецца, трымаецца, захоўвае аптымізм. Я думаю, што вы добра ведаеце, што хаваецца за гэтай усьмешкай.

— Вядома. Я хацела б адзначыць, што Марыя сталася сымбалем нязломнасьці, як і іншыя палітвязьні. Амаль што кожны дзень я бачыла яе, бо мы працавалі ў адну зьмену на фабрыцы. У яе годная постаць, шчырая ўсьмешка, нават паходка лідэра, вельмі моцнага чалавека. Мы гэта ўсё бачылі, нават калі Марыі забаранялі камунікаваць зь іншымі палітвязьнямі, нам нават такога кшталту камунікацыі было дастаткова. Яе паводзіны, яе вытрымка надавалі нам шмат сілаў.

Вядома, што Марыя — вельмі моцны чалавек, але і вядома, што ёй вельмі цяжка. Увага да яе з боку людзей у пагонах вельмі пільная і спэцыфічныя. Яна пад вялікім прэсінгам знаходзіцца, але яна вельмі трымаецца. Разам з тым у гэтых вачах, напоўненых цеплынёй, якія ўвесь час усьміхаюцца, кожны з нас, палітвязьняў, заўсёды можа ўбачыць вялізны боль.

— Зь якімі палітзьняволенымі вы яшчэ сустракаліся, размаўлялі ў няволі?

— За час знаходжаньня за кратамі я сустрэла вельмі шмат палітвязьняў. Падчас этапаў гэта былі сустрэчы ў цягніках, у аўтазаках, у СІЗА. Я сустракала ня толькі палітзьняволеных жанчын, але і мужчын. Заўсёды мы, палітвязьні, беспамылкова вылічвалі адно аднаго. Заўсёды ў нас, нават калі гэта 10-15 хвілінаў у аўтазаку, адбываўся кантакт, абмен думкамі…

— А як вы вылічвалі палітвязьня? Па якой прыкмеце?

— Палітвязьня можна вылічыць па ягоным абліччы, па ягоных вачох. Ён вачыма таксама шукае сваіх. Гэты позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш. Да таго ж падчас этапаў у мяне вельмі часта была белая маска з чырвоным арнамэнтам, нанесеным флямастэрам, які мне зрабіла палітзьняволеная дзяўчына на Валадарцы. Таму адразу зь першых сэкундаў, калі я перасякалася зь іншымі палітвязьнямі, яны таксама разумелі, што я іх аднадумца, паплечнік. Я сустракала вельмі шмат палітвязьняў. Няхай гэта прагучыць патасна, але я вельмі ўдзячная лёсу за тое, што так склалася. Я ні пра што не шкадую, я сустрэла выдатных людзей. Іх вельмі шмат.

Вольга Класкоўская, Іна Зайцава (БЧБ-нявеста) і Натальля Хершэ, былыя палітзьняволеныя ў Швайцарыі
Вольга Класкоўская, Іна Зайцава (БЧБ-нявеста) і Натальля Хершэ, былыя палітзьняволеныя ў Швайцарыі
.

Я вельмі баюся кагосьці не згадаць і загадзя за гэта прашу прабачэньня. Гэта Віка Кульша, Каця Бахвалава, Паліна Шарэнда, Іра Шчасная, Марыя Несьцерава, Даша Чульцова, Воля Ялцэвіч, Ганна Баран, Вольга Клімкова… Я нейкі час знаходзілася з Палінай Шарэндай у адным атрадзе. Зараз для мяне вельмі балючыя навіны пра неймаверны ціск на Паліну Шарэнду і на Вікторыю Кульшу. Я выдатна ўсьведамляю, празь якое пекла гэтыя і іншыя нашы палітвязьні праходзяць.

Калі чую навіны пра Паліну, заўсёды ўспамінаю момант, калі мне прыйшла пасылка ад сямʼі, а Паліну пазбавілі пасылкі. Вядома, што першае жаданьне — падзяліцца са сваім сябрам нейкімі прысмакамі. На жаль, такой магчымасьці амаль што не было, таму што такія рэчы ў гомельскай калёніі караліся. Я памятаю, як я вынесла Паліне на вуліцу кавалкі смачнага хлеба і сыру, зрабіла бутэрброды. Мы схаваліся зь ёй паміж нашым баракам і сушылкай. Паліна зьела бутэрброды адразу, таму што, калі б хтосьці гэта заўважыў, былі б праблемы і на нас бы склалі рапарты. У мяне дагэтуль стаіць перад вачыма, як яна заглынае гэтыя кавалкі бутэрбродаў. Разам з тым мы сьмяёмся і ведаем, што мы адна ў адной ёсьць.

Паліна Шарэнда-Панасюк

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітзьняволеная Паліна Шарэнда «знайшлася» ў жаночай папраўчай калёніі

«Гомельская калёнія — найгоршае месца. Гэта рэальная страшэнная катоўня, установа сталінскага тыпу»

— Вы журналістка, чалавек, які працуе са словам. Ніводнае інтэрвію ня ўмесьціць вашыя больш за два гады зьняволеньня. Я ведаю, што спрабавалі весьці дзёньнік за кратамі, які не ўдалося захаваць. Ці маеце намер напісаць пра перажытае? Чаму важна самымі рознымі спосабамі задакумэнтаваць, захаваць гэты страшны досьвед, данесьці яго сьвету?

— На гэты момант я ўжо працую над сваімі дзёньнікамі. Я пляную, што першая частка дзёньніка будзе надрукаваная неўзабаве ў выданьні «Новы час».

— Якое зь месцаў зьняволеньня, дзе вы былі, найгоршае, а якое найменш кепскае?

— Адразу магу адказаць, што гомельская калёнія — найгоршае месца. Гэта рэальная страшэнная катоўня, установа сталінскага тыпу. Знаходзіцца там, выжываць, трымацца вельмі цяжка. Самыя страшныя, драматычныя, пякельныя ўспаміны зьвязаныя менавіта з гомельскай калёніяй. Што датычыцца, калі гэта можна назваць, больш лайтовых месцаў, то гэта «Валадарка» і Берасьцейскае СІЗА. На «Валадарцы» норавы і стаўленьне адміністрацыі да палітвязьняў трошкі іншыя. У гэтых двух СІЗА ты хоць і знаходзісься за кратамі, але пачуваесься больш вольным у параўнаньні з гомельскай калёніяй.

— Што азначае захварэць за кратамі?

— Ты цалкам пачуваесься бездапаможным і спадзяесься толькі на лёс (вернікі — на Бога), спадзяесься, што ты пераадолееш гэтыя захворваньні і іншыя выпрабаваньні. Вельмі цяжка атрымаць лекі. Вялікія цяжкасьці з бальнічнымі. Адна палітзьняволеная сяброўка расказала, што калі зьвярнулася ў санчастку гомельскай калёніі (яна была вельмі хворая), адзін зь лекараў паказаў ёй паперку, дзе было напісанае яе прозьвішча і сказаў, што ёсьць загад адміністрацыі калёніі чалавеку з гэтым прозьвішчам бальнічных не даваць.

Падобная сытуацыя адбылася са мной у Жодзінскім СІЗА, калі я пакутавала на моцны крывацёк і зьвярнулася па мэдычную дапамогу да фэльчара, а ён мне сказаў, што «калі ты памрэш, радзіма ад гэтага нічога ня страціць».

Натальля Хершэ пасьля вызваленьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ: «Я спынюся, калі выйдзе апошні палітвязень»

«Гэта была просьба ад палітвязьняў, каб я абавязкова агучыла наш пакутны досьвед»

— Ці сустракаліся вам сярод супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы людзі, якіх вы маглі б паважаць, якім вы, магчыма, удзячныя?

— Я пра гэта вельмі шмат думала. Я сустракала шмат розных людзей і я магу паважаць некаторых зь іх, адчуваць нейкую падзяку за нейкія іх учынкі. Гэта тычыцца нейкіх канкрэтных сытуацый, калі тыя ж канваіры дапамагалі цяжкія торбы несьці падчас этапу, калі давалі кіпень у часе этапаваньня, іншыя праявы чалавечнасьці. За гэта я ўдзячная. Але ў цэлым, калі гаварыць пра павагу, ці паважаю я кагосьці, хто працуе ў пэнітэнцыярнай сыстэме, я не магу гэтага сказаць. У любым выпадку гэтыя людзі, пры ўсёй павазе да нейкіх чалавечых праяў некаторых зь іх, апранаюць гэтую форму, гэтыя пагоны штодня. Нават калі ў думках не падтрымліваюць, яны ўсё роўна зьяўляцца саўдзельнікамі рэпрэсій у дачыненьні да палітвязьняў.

— Ці маглі б вы расказаць, дзе вы цяпер, хто ў вашым атачэньні, чым вы займаецеся, плянуеце заняцца?

Вольга Класкоўская, былая палітзьняволеная. Швайцарыя.
Вольга Класкоўская, былая палітзьняволеная. Швайцарыя.
.

— Я аднавілася ў журналістыцы. Я вельмі цешуся, таму што гэта надае жыцьцю дадатковы сэнс і вялікае адчуваньне маральнага задавальненьня, што ты патрэбен. Мне гэта падабаецца, у мяне вельмі шмат творчых плянаў. Апроч іншага, я вяду свой тэлеграм-канал. Вельмі важна гаварыць пра тое, што мы перажылі і перажываем. Гэта была просьба ад палітвязьняў, каб я абавязкова агучыла наш пакутны досьвед, апублічыла ўсе сьведчаньні таго, што адбываецца.

Апроч іншага, я шчыльна камунікую са швайцарскімі праваабаронцамі, зь іншымі эўрапейскімі праваабаронцамі. Фокус — палітвязьні, магчымыя шляхі іх падтрымкі. Я ўвесь час у кантакце з былымі палітвязьнямі, іхнымі сваякамі. Для нас гэта агульная двухбаковая тэрапія. Жыцьцё насычанае, і я вельмі цешуся. Нарэшце адчуваю смак жыцьця.

— У сябе ў тэлеграм-канале вы апублікавалі апытаньне пра тое, як ставіцца да праблемы вызваленьня палітвязьняў. Там ёсьць розныя опцыі. Якая ваша выпакутаваная пазыцыя?

— Мая пазыцыя (і за яе большасьць маіх чытачоў прагаласавала) — трэба выцягваць тых, каго магчыма. Я лічу, што вельмі важна змагацца за кожны лёс, за кожнага канкрэтнага чалавека.

Санкцыі — гэта інструмэнт, не самамэта. Хіба вызваленьне палітвязьняў ня можа стацца дастаткова важнай, высакароднай мэтай у гэтым пляне? Я за больш гнуткі падыход. Я не лічу, што такім чынам мы здраджваем сваім маральным прынцыпам ці стаім на каленях перад рэжымам.

Вельмі важна выцягваць людзей, хаця б тых, каб атрымаецца выцягнуць. Эўропа дасягнула сваёй мяжы, столі, і спадзявацца на тое, што ўвядуць такія санкцыі, якія абрынуць заўтра рэжым, не выпадае. А канкрэтныя лёсы канкрэтных людзей ёсьць тут і цяпер. Ёсьць аргумэнты ў дэмакратычным асяродзьдзі, што Лукашэнка набярэ новых людзей. Дык ён іх і зараз набірае. Я лічу, што абавязкова варта спрабаваць выцягнуць хаця б тых, хто зьнясілены, хто напакутаваўся моцна. Гэта і зьяўляецца адной з мэтаў санкцый.

Вольга Класкоўская, архіўнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мама, не хвалюйся, я жывая». Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую месяц трымалі ў карцары

Крынiца

Апублiкавана 15.04.2023  03:26