Ібрагім Канапацкі: беларускі татарын, які здзейсніў неймавернае
15.09.2015
Ібрагім Канапацкі адрадзіў жыццё свайго малога народа. Піша Разалія Александровіч.

Пра беларускіх татараў, колькасць якіх адносна ўсіх жыхароў краіны вызначаецца як 0,1%, ніяк нельга сказаць, што гэты народ шматлікі. Нават калі аб’яднаць разам з этнічна блізкімі татарамі Польшчы і Літвы. Калі памірае нехта з татараў, то супляменнікі паведамляюць аб гэтым сваім родным і знаёмым. Усе лічаць страту асабістай і жадаюць спачыўшаму Раю светлага.
Тое, аб чым пачула 10 гадоў таму, і да гэтай пары пранізвае да самага сэрца. Пятнічным вечарам 9 верасня патэлефанавала сяброўка маёй мамы Альміра Якаўлеўна і, зразумеўшы, што не ведаю, разгубленым голасам вымавіла: «Памёр Ібрагім Барысавіч…»
Яшчэ ў першай палове дня, мінаючы музей Янкі Купалы, пра сябе вяла я з ім дыялог. І нават азірнулася — ці не спыніцца каля дарогі чырвонае аўто. Як цяпер разумею, у гэтыя хвіліны яго жыццё перарывалася і ён падаваў знак.
Пачуўшы словы аб незваротным, я ў адчаі сціскала рукі, грукала кулаком па стале: не можа быць. Што, што трэба зрабіць, каб пачутае абвярнулася няпраўдай.
І цяпер упэўненая — гэта найвялікшая недарэчнасць. Так не павінна было здарыцца. Як і большасць, упэўнена — яго сыход не па добрай волі, аб хваробе размова не ідзе. Ды і Айша Александровіч распавядала, як размаўляла з ім па тэлефоне бліжэй да дванаццаці гадзінаў, і ён казаў, што збіраецца ў мячэць.
Іерусалім, верасень 2004 года
Увесь артыкул чытаць тут
И в продолжение, публикую, специально подготовленные для нашего сайта, воспоминания Вольфа Рубiнчыка:
Дзесяць гадоў без Ібрагіма
З Ібрагімам Барысавічам Канапацкім я пазнаёміўся ў 2000 ці 2001 г., калі збіраў звесткі для дысертацыі. Ён адразу пакінуў найлепшыя ўражанні як энергічны і ўадначас тактоўны чалавек.
У 2002 г. я запрасіў яго да супрацы з незалежнай яўрэйскай газетай “Анахну кан”. Помню, што ён спецыяльна прыехаў ва Ўручча, дзе я тады здымаў кватэру, з іншага канца горада, каб перадаць матэрыялы. Падараваў мне выпускі рэдагаванага ім часопіса “Байрам” і раздрукоўку свайго артыкула 1994 г. пра тое, як татары ў час вайны ратавалі ад нацыстаў яўрэйскую сям’ю. Гэты артыкул у крыху скарочаным выглядзе і пад назвай “Лёсы яўрэйскія, лёсы татарскія” ўбачыў свет у “юбілейным” выпуску “Анахну кан” (№ 10): www.souz.co.il/clubs/read.html?article=2512&Club_ID=1
Артыкул прачыталі ў Мінскім яўрэйскім абшчынным доме, і ў рэшце рэшт на пачатку 2004 г. “Яд Ва-Шэм” надаў Фаціме і Ганне Канапацкім званне “Праведніц народаў свету”. Мне было прыемна, што да гэтага “прыклала руку” маё выданне, але найбольшая заслуга ў аднаўленні справядлівасці належыць, вядома, Ібрагіму Барысавічу.
Адразу пасля таго, як газета “Анахну кан” перастала выходзіць, І. Канапацкі напісаў мне такі ліст:
Дарагі Вольф! Мір Вам!
Вельмі шкадую, што атрымаў ад Вас апошні нумар такой цікавай і такой патрэбнай усім нам газэты. Відаць, яшчэ не ўзарана тое поле, куды мы павінны кідаць нашае зерне… Але што рабіць? Тое маем і мы. І ўсё ж шчыры Вам дзякуй за ўсё, што Вы рабілі і будзеце рабіць. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе мець працяг. Дасылаю Вам нашае выданне. Хацеў бы ведаць і Вашую думку на тэмы, якія мы ўздымаем. Віншую Вас і Вашых блізкіх са святам Ханука!
З павагай Ваш Ібрагім Канапацкі. 8.ХІІ.2002 г.
Гэты ліст, сярод іншых, грэў мяне ў тую халодную зіму, калі былыя калегі кудысьці зніклі, а “галоўная яўрэйская газета”, даведаўшыся пра “самароспуск” рэдакцыі “Анахну кан”, зусім расперазалася. І. К., дацэнт педагагічнага ўніверсітэта, не толькі падтрымаў мяне пісьмова, але і запрасіў прачытаць лекцыю пра яўрэйскую гісторыю сваім студэнтам. Такая лекцыя адбылася ў пачатку 2003 г., і хаця яна была не вельмі ўдалай (па адукацыі я палітолаг, а не гісторык), гаспадар аўдыторыі знайшоў цёплыя словы для лектара-аматара. Напісаў ён і крыху пазней:
Дарагі Вольф! Выконваючы просьбу Міхася, дасылаю Вам перададзенае ім выданне падчас нашае сустрэчы. Як Вы маецеся? Пазваніце.
Ваш Ібрагім. 16.04.2003. Менск.
Надпіс арабскімі літарамі, на жаль, расчытаць не магу. Удакладню, што Міхась М. – беларускі краязнавец, які цікавіўся татарскімі справамі.
У 2005 г., даведаўшыся пра заўчасную смерць 56-гадовага гісторыка, я апублікаваў у “Мы яшчэ тут!” інтэрв’ю, запісанае ўвосень 2002 г. ва Ўруччы. Думаю, варта прывесці тут расшыфроўку таго даўняга запісу:
І. Канапацкі: Мы (татарскія актывісты – В. Р.) у пачатку 1990-х гадоў спрабавалі правесці сваіх дэпутатаў у Вярхоўны савет. Нічога гэта не дало. Адзінае што ў 1992 г. быў прыняты закон “Аб нацыянальных меншасцях”, іншыя нарматыўныя акты, якія сёння не працуюць. А чаму не працуюць? Таму што няма людзей [ва ўладзе]. Неабавязкова, каб было ад яўрэяў столькі, ад татараў столькі – хай будзе адзін. А для гэтага трэба весці работу па аб’яднанню. Каб было грамадскае аб’яднанне ўсіх нацыянальных меншасцей. Карэйцы спрабавалі рабіць нешта, але патрэбны лідэр, якога не западозрыш у сімпатыях, антыпатыях – нейтральная асоба… Можа, нават ад беларусаў. Беларускамоўныя беларусы – яны ж таксама меншасць, лінгвістычная…
Цяпер ідзе адкат грамадскіх суполак ад афіцыйных структур. Цэнтр нацыянальных культур і іншыя – яны ні халеры не робяць. У іх задача – “дзяржаць і не пушчаць”, кантраляваць толькі. Падмяняюць функцыі праваахоўных органаў. А нам гэтага не трэба. Я вось быў у Малдавіі. Што мы пра яе ведаем? Выступае дырэктар яўрэйскай бібліятэкі ў Кішынёве. Слухайце – яна дзяржаўная, гэтая бібліятэка! Прычым не толькі яўрэйская – і нямецкая, і руская ёсць. А што такое бібліятэка сёння? Вось, дапусцім, мы з вамі селі б там і гаварылі… У нас дзяржава ў гэтым не зацікаўлена, каб развіваць нацыянальныя суполкі.
В. Рубінчык: А на апошніх выбарах татары за каго галасавалі?
І. К.: Цяжка сказаць… Я рабіў вуснае апытанне. У Іўі, дзе каля 1000 татараў, у нас была размова са старшынёй абшчыны. “За каго будзеце галасаваць – за Лукашэнку ці за Ганчарыка?” – “Э, напэўна, за Лукашэнку. Гэтага мы прынамсі ведаем, а з тым – немаведама як будзе”. Іх можна зразумець, гэтых працаўнікоў, земляробаў. Пры Шушкевічы, Кебічы пайшла такая свістапляска, усе ўклады, усе грошы ляснулі…
В. Р.: Выяўляецца, галасаванне татараў ненамнога адрозніваецца ад агульнабеларускага?
І. К. Ну, інтэлігенцыя ў горадзе, свядомыя татары, яны, можа, іначай галасавалі. А асноўная маса магла ўвогуле не прымаць удзелу ў галасаванні. “Народ безмолвствует”… Спрабавалі мы ў Смілавічах правесці ў савет Барыса Рамашэўскага, напаўтатарына. Дзе там дадуць! Ён на беларускай мове размаўляе, а для іх беларуская мова, як для быка – чырвонае. Хаця яны ўсе там у мястэчках на трасянцы гавораць.
В. Р. А ці былі прэцэдэнты, калі ў органы ўлады выбіраліся татары?
І. К. Вось ёсць такі генерал Бікінін (у 2000-2004 гг. старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы ў Палаце прадстаўнікоў – В. Р.). Я яго бачыў на канферэнцыі. Кажу на яго: «Слухайце, я на Вас гляджу, думаю, што Вы – татарын». Ён: «Так, я татарын». Ну, і які толк нам ад гэтага Бікініна?
У запіс не трапіла сакавітае слова «галёканне», якое ў вуснах аднаго з лідараў беларускіх татар значыла афіцыйную мітусню на «свяце нацыянальных культур» у Гродне.
Здараліся ў нас і іншыя сустрэчы, заўсёды Ібрагім Канапацкі быў шчырым і добразычлівым. Не ведаю, ці згадзіўся б І. К. назваць сябе маім сябрам, але ён застаўся ў маёй памяці як адзін з самых светлых людзей, і мне дагэтуль цяжка змірыцца з тым, што яго няма на гэтым свеце.
Вольф Рубінчык
rubinczyk[at]yahoo.com
09.10.2015
P.S. У маім архіве захаваўся і такі ліст… 10 верасня 2005 г. яго падпісаў Якаў Гутман, прэзідэнт Сусветнай Асацыяцыі беларускіх яўрэяў (THE WORLD ASSOCIATION OF BELARUSAN JEWRY, New York):
Уход из жизни Ибрагима – это большая потеря для тех, кто знал его как человека с большой буквы, борца, защитника интересов народа, к которому он принадлежал по рождению. Для меня это потеря друга, который думал не только об интересах своего народа, но о счастье, демократии для всех, кто живет на белорусской земле.
Опубликовано 9 октября 2015



