Гарри Каспарову – 50!

Как быстро летят годы! Помню еще самые первые фото. А еще 47-й чемпионат Союза, проходивший

в Минске с 29 ноября по 27 декабря 1979-го, когда на одном из туров сидел в большом зале клуба

имени Дзержинского, а совсем недалеко мама Гаррика, Клара, и слышал, как ей давала ценные

советы жена Миши Таля, Геля. Поздравления гениальному шахматисту, и вообще человеку, Гарри

Каспарову!

 

ПОЗДРАВЛЕНИЕ Г.КАСПАРОВА С ЮБИЛЕЕМ ОТ ЕГО ТРЕНЕРА, А.С.НИКИТИНА

КАСПАРОВ. 50 АЛЕКСАНДР РЫКЛИН

БЫВШИХ КОРОЛЕЙ НЕ БЫВАЕТ Валерий АСРИЯН


Тринадцатый Владимир Барский

Полвека Каспарова Андрей Ярков

13 апреля 2013

Вольф Рубинчик из Минска прислал материал Юрия Тепера на беларусском, с воспоминаниями о двух минских турнирах Гарри, опубликованный в 2003 к 40-летию Каспарова.

ГАРЫ КАСПАРАЎ У МІНСКУ

Цяжка знайсці ў сучасным свеце чалавека, які б нічога не ведаў пра Гары Каспарава. Адны аматары шахмат захапляюцца яго фенаменальнымі спартыўнымі дасягненнямі на працягу чвэрці стагоддзя, для другіх Каспараў – спалучэнне «Алехіна і Таля», а яго партыі – эталон бліскучай камбінацыйнай гульні, трэція, аддаючы належнае яго генію, папракаюць трынаццатага чэмпіёна свету за хаос у шахматным свеце, да якога спрычыніўся Гары. Пры гэтым абыякавых да Каспарава папросту няма. Тым болей дзіўна, што 40-гадовы юбілей Гары Кімавіча ў красавіку 2003 г. апынуўся па-за ўвагай нашай прэсы. Ці не азначае гэта, што Каспараў ужо не цікавы для публікі? А можа, пра яго ўжо ўсё напісана? Не думаю. Мне хацелася б нагадаць пра візіты Г. Каспарава ў беларускую сталіцу.

Першы прыезд 14-гадовага Гарыка ў Мінск у студзені-лютым 1978 г. быў звязаны з яго ўдзелам у мемарыяле Сакольскага. Атрымаць права гуляць у гэтым турніры бакінцу было няпроста. Мемарыялы Аляксея Паўлавіча Сакольскага – вядомага майстра, трэнера і тэарэтыка ладзіліся ў Мінску з 1970 г. і мелі дзве асноўныя мэты: 1) даць беларускім майстрам магчымасць папрактыкавацца перад усесаюзнымі спаборніцтвамі; 2) дазволіць беларускім кандыдатам у майстры выканаць майстарскую норму. Зыходзячы з гэтага, на мемарыял запрашаліся майстры альбо гросмайстры з іншых саюзных рэспублік. Каспараў, хоць і стаў ужо двойчы чэмпіёнам СССР сярод юнакоў (у 1976 і 1977 гг.), звання майстра фармальна яшчэ не меў, а таму, з гледзішча арганізатараў – беларускага спартыўнага таварыства «Спартак» і рэспубліканскай шахматнай федэрацыі – не ўяўляў цікавасці. Сапраўды, якая карысць ад прыцягнення «чужых» кандыдатаў у майстры – «што ў нас, сваіх не хапае?» (гэтую рэпліку цытуюць складальнікі зборніка «Мемориалы Сокольского»). У той жа час Каспараву неабходна было як мага хутчэй стаць майстрам спорту для паскарэння сваёй шахматнай кар’еры. Нямала намаганняў спатрэбілася М. М. Батвінніку, каб яго выхаванец усё-ж такі быў уключаны ў турнір – на правах майстра.

Мемарыял Сакольскага 1978 года сабраў даволі моцны склад: акрамя беларускай «шахматнай гвардыі» – В. Купрэйчыка, А. Капенгута, В. Дыдышкі, Я. Мачалава, С. Юферава, М. Шарашэўскага і інш., у турніры гулялі малдаўскі гросмайстар А. Луцікаў і моцныя майстры Я. Клован (Рыга) і А. Захараў (Растоў-на-Доне). Здавалася, у 14-гадовага падлетка няма шанцаў на поспех сярод гэтага суквецця майстроў. Аб стаўленні гульцоў да «хлапчука» можна судзіць з аповеду мінскага аматара шахмат, які размаўляў з М. Шарашэўскім напярэдадні турніру. Мінскі майстар не без долі снабізму гаварыў пра Каспарава: «Нам яго навязвае Масква, не сварыцца ж з ёй з-за хлопчыка. Няхай едзе, павучым яго гуляць. Магчыма, набярэ ачкі 3-3,5 – наступным разам згуляе лепей». Не ведаю, ці ўсе майстры так разважалі, але выйшла якраз наадварот. Пасля таго як у трэцім туры Шэрашэўскі, адмовіўшыся ад нічыі, прайграў маладому бакінцу, ён сказаў літаральна наступнае: «Гэта будучы чэмпіён свету!». А параўноўваць слыннаму мінскаму трэнеру было з кім: у канцы 60-х гг. ён, у складзе юнацкай зборнай БССР, гуляў з А. Карпавым…

Пасля трох тураў Каспараў меў 3 ачкі. На старце ён перамог чэмпіёна Узброеных сіл С. Юферава, у другім туры – майстра А. Ройзмана. Гонар беларускіх шахмат здолелі абараніць Вячаслаў Дыдышка, які перамог «непачцівага» госця ў 4-м туры, і Яўген Мачалаў, які перапыніў Гары перад фінішам. Калі ўдзельнікі турніру хутка зразумелі, з кім маюць справу, то заўзятары гэтак хутка «перабудавацца» не маглі. Пачаліся нават скаргі: «напэўна, беларусы зусім развучыліся гуляць, калі майстры не даюць рады хлопчыку». Міжнародны майстар Яніс Клован крыху супакоіў «скаржнікаў»: «Гэты хлопчык яшчэ сябе пакажа».

У кнізе «Безлімітны паядынак» Каспараў піша: «Удалося перамагчы некалькіх вядомых майстроў, але адной нічыі з кандыдатам у майстры дараваць сабе дагэтуль не магу. У мяне была начыста выйграная пазіцыя, але тут да мяне падышоў Альберт Капенгут, знаны беларускі трэнер, і сказаў, што ў гатэлі мяне чакае кніга “Граф Монтэ-Крыста”. Я так узрадаваўся, што адразу ж памыліўся». Такім чынам, Каспараў упусціў выйгрыш і партыя скончылася ўнічыю. У «гістарычнай партыі» Каспараву супрацьстаяў Валеры Смірноў, цяпер – міжнародны майстар.

Нічога дзіўнага, што майстарскую норму Каспараў урэшце выканаў і перавыканаў. Пытанне было ў тым, ці пераможа ён у турніры. Адзіным удзельнікам, што кінуў пальчатку каўказскаму госцю, стаў шматгадовы лідэр беларускіх шахматыстаў, гросмайстар Віктар Купрэйчык, які адставаў ад Каспарава толькі на паўачка перад апошнім турам. Да таго ж апанентам Купрэйчыка быў аўтсайдэр А. Любошыц (урэшце ён і прайграў), а Каспараву супрацьстаяў гросмайстар Луцікаў. Працытуем яшчэ раз Гары: «Каб стаць аднаасобным лідэрам, я мусіў перамагчы Анатоля Луцікава. Лёгка сказаць – “перамагчы”. А калі гэта першая ў жыцці сустрэча з гросмайстарам (сеансы не ідуць у рахунак)? Аднак, як кажуць, навічкам шанцуе».

Выйграўшы ў Луцікава, Каспараў выйграў і першы ў сваім жыцці дарослы турнір. Як пісаў М. Батвіннік: «Гэта быў найвялікшы поспех, якога калі-небудзь дабіваўся юны шахматыст у Савецкім Саюзе». Мне добра запомніўся эпізод па завяршэнні турніру. Шчаслівы пераможца накіраваўся са сцэны старога шахматнага клуба па вул. З. Бядулі ў залу. Мама абняла героя, як мне падалося, добра адрэпеціраваным жэстам, пацалавала яго і яны ўдваёх пайшлі да выхаду.

Хутка мінулі паўтара года, і вось ужо Гары выступае ў Мінску другім разам – на 47-м чэмпіянаце СССР у снежні 1979 г. За гэты час былы кандыдат у майстры перамог ва ўсесаюзным адборачным турніры (Даўгаўпілс, лета 1978 г.), заняў 9-е месца ў чэмпіянаце СССР 1978 г. (Тбілісі, снежань 1978 г.), заняў першае месца ў міжнародным турніры ў Югаславіі (Баня-Лука), дзе набраў 11,5 ачкоў у 15 партыях, выканаўшы норму міжнароднага майстра, а «заадно» і гросмайстарскага бала. З усяго было відаць, што таленавіты і працаздольны юнак з Баку не толькі блізкі да гросмайстарскага звання, але неўзабаве распачне барацьбу за сусветную карону. Так што, у адрозненне ад першага візіту ў Мінск, калі Гары Каспараў быў «таямнічым незнаёмцам», у 1979 г. ад яго чакалі многага. Старт Каспарава спраўдзіў прагнозы. Паўтарылася гісторыя з мемарыяла Сакольскага, калі Гары перамог у трох партыях запар. У 1979 г. яго «ахвярамі» сталі гросмайстры Т. Геаргадзэ, Я. Свешнікаў і А. Юсупаў.

Вось як апісаў гульню Гарыка на старце чэмпіянату галоўны суддзя – бліскучы журналіст Сала Флор: «Гары пастаянна гуляе ў жоўтым пуловеры, нібы ў майцы лідэра, як гэта прынята ва ўдзельнікаў сусветнай велагонкі. На сцэне ён сур’ёзны, сканцэнтраваны, адчуваецца, што сяго-таго ён навучыўся ў Батвінніка. Толькі калі пазіцыя прасвятляецца, ён робіць хуткія колы па сцэне. Ён хвалюецца і нават не спрабуе гэтага хаваць. Пасля дзвюх гадзін гульні ён “па Батвінніку” злёгку падсілкоўваецца. У глядзельнай залі сваё сталае месца займае чалавек, які больш за ўсіх хварэе за Гарыка – яго мама. Вось ад мамы ў пэўны час і прыходзіць “перадача”. Напэўна, любячая мама пасылае сыну штосьці смачнае».

Пасля бліскучага старта тэмп руху Каспарава крыху запаволіўся. Ён зрабіў запар 6 нічыіх і пасля 9 тураў дзяліў 1-3-е месца з В. Купрэйчыкам і масквічом Ю. Балашовым. У 10-м туры (15 снежня) у партыі Г. Каспараў – К. Лернер здарыўся казус, які значна паўплываў на далейшае выступленне Каспарава. Напярэдадні, 14 снежня, у дзень дайгравання бакінец быў вольным ад гульняў. У гэты дзень мела месца своеасаблівая сустрэча Карпаў – Каспараў – па-за шахматнай дошкай. У той час як 12-ы чэмпіён свету, які прыбыў у Мінск толькі на 1 дзень, выступаў перад аматарамі шахмат у клубе імя Дзяржынскага (клуб КДБ), яго будучы пераможца быў запрошаны ў шахклуб Беларускага палітэхнічнага інстытута (цяперашні БНТУ). Камсамольская арганізацыя «палітэха» разам з шахматыстамі ВНУ зладзілі для школьніка – Гарык тады вучыўся ў 10-м класе – вялізную экскурсію, каб паказаць усе аспекты студэнцкага жыцця. Экскурсія госцю дужа спадабалася. Увечары было прызначана выступленне Каспарава перад аўдыторыяй. Паколькі назаўтра мусіў гуляцца 10-ы тур чэмпіянату, дамовіліся, што замест Гары сеанс адначасовай гульні правядзе ягоны трэнер А. Нікіцін. Нечакана, улічыўшы настрой публікі, якая слухала маладога шахматыста з вялізнай цікавасцю, а магчыма, пажадаўшы аддзячыць гаспадарам за цёплы прыём, Гары вырашыў сам правесці сеанс. У адказ на напамін трэнера аб неабходнасці берагчы сілы перад турам, Гары самаўпэўнена заявіў: «Нічога, я іх за паўгадзіны разграмлю».

Сеанс, аднак, зацягнуўся да позняга вечара. З 20 удзельнікаў сеансер перайграў 19. Адзіным пераможцам Гары стаў студэнт палітэха Бельфер. На наступны дзень, упэўнена дасягнуўшы перавагі ў дэбюце, бакінец выйграў тры пешкі ў міжнароднага майстра з Адэсы. Пры гэтым апошні знаходзіўся ў моцным цэйтноце. Пажадаўшы прыгожа завяршыць партыю, Каспараў пачаў ахвяраваць адну фігуру за другой. Белыя аддалі якасць, потым дзве пешкі і ўрэшце – каня. Мату не аказалася, і жыхар чарнаморскага горада выплыў са шторму з лішняй турой. Як сказаў у газеце «Фізкультурнік Беларусі» С. Флор: «Каспараў вельмі ўжо спяшаўся запісаць на свой рахунак заслужаную адзінку, і ў выніку пралічыўся. Дзіўна, нават Каспараў зявае! Шкада ў цэлым выдатна праведзенай партыі, аднак – здараецца».

Гэты драматычны выпадак меў камічны фінал: калі ўвечары маці Каспарава, Клара Шагенаўна, якая выконвала ролю яго прэс-аташэ, перадавала ў бакінскія газеты інфармацыю аб выніку тура, яна дала прыкладна такое тлумачэнне паразе: «Наконадні Гары літаральна згвалцілі, прымусіўшы даць сеанс. З-за гэтага сеанса ён не здолеў як след адпачыць». Каментарыі залішнія. Крыўдная параза ўнесла расстройства ў гульню юнака – пасля перамогі над Р. Ваганянам у 11-м туры (бліскучая абарона ў цяжкай пазіцыі) паследавалі два пройгрышы запар – у партыях з Ю. Анікаевым і А. Бяляўскім. Дзве перамогі на фінішы – над В. Купрэйчыкам і С. Далматавым – дазволілі «без пяці хвілін гросмайстру» (гэтае званне ён заваяваў на турніры ў Баку ў красавіку 1980 г.) падзяліць 3-4-е месцы з Ю. Балашовым…

Скончым аповед пра падзеі, што сталі гісторыяй, такім выказваннем 13-га чэмпіёна свету: «Мінск стаў для мяне шчаслівым горадам». Праўда, яго папярэдніка – А. Карпава – мы бачылі тут часцей, чым Гары Кімавіча. Але гэта ўжо асобная тэма.

Юрый ТЭПЕР

(паводле часопіса «Шахматы» (Мінск), № 1, 2003)

Пра аўтара: кандыдат у майстры спорту па шахматах, супрацоўнік бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Шмат гадоў трэніраваў шахматную каманду БДПУ. Аўтар шматлікіх артыкулаў, прысвечаных гісторыі шахмат і шашак у Беларусі.

Пра часопіс «Шахматы»: быў заснаваны 10 гадоў таму, у 20032008 гг. выйшла 22 нумары (тыраж № 1 быў часткова знішчаны па палітычных матывах).

14 апреля 2013

Вы видели льва? Генна Сосонко 28.05.2013