Tag Archives: золотой запас

В. Рубінчык. КАТЛЕТЫ & МУХІ (33)

Снежаньскі мінскі шаломчык!

У 31-й серыі, калі помніце, мы задаліся пытаннечкам, чаму ў беларускіх лібералаў з канца 1990-х гадоў усё многае ідзе коса-крыва і хто тут вінаваты: Лукашэнка? ФСБ? Самі дзеючыя асобы і выканаўцы? Лібераламі ў 1990-х называлі багата каго, але ў рамках нашага серыялу гэта – палітызаваныя асобы, якія выступалі не за камуністаў, не за рэстаўрацыю імперыі і не за «нацыянал-патрыётаў», а, умоўна кажучы, за «рынак» 🙂 Калі не ўнесці долю ўмоўнасці, то давядзецца бясконца высвятляць, хто быў сапраўдным аматарам свабоды, а хто пагуляць выйшаў…

Пачаць з таго, што без падтрымкі «лібералаў» 39-гадовы Аляксандр Лукашэнка (які абапіраўся, зразумела, і на былых партакратаў тыпу Сініцына і Ціцянкова, а таксама на «сілавікоў» ды землякоў) у ліпені 1994 г. не прыйшоў бы да ўлады. Булахаў, Ганчар, Лябедзька, Майсеня, Нісцюк, Фядута, Чыгір – усе яны «дзеці перабудовы», якія верылі ў гарбачоўскую галоснасць і вертыкальную мабільнасць, прынамсі для сябе і сваіх паплечнікаў. Ніхто з іх, адрозна ад Кебіча і яго каманды, не займаў высокіх пасад ні ў познесавецкі, ні ў «шушкевіцкі» час.

Згадзіліся працаваць з Лукашэнкам і тыя, хто перад выбарамі не ўваходзіў у яго каманду, а менавіта, Станіслаў Багданкевіч (старшыня Нацбанка да верасня 1995 г.), Аляксандр Сасноў (міністр працы і сацыяльнай абароны да лістапада 1996 г.). Не кажучы пра масу іншых, менш прыкметных чыноўнікаў. Апрача папулізму («Запусціць заводы», «вярнуць народу тое, што ў яго забралі», «пасадзіць карупцыянераў»), былі ж у маладога кандыдата і абяцанкі падтрымліваць прадпрымальніцтва, гарантаваць свабоду СМІ – гэта ён гуляў на кантрасце з Кебічам, які закрыў радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная»… Гаварылася і пра тое, што трэба, замест каб даць людзям «рыбу», навучыць іх «лавіць рыбу» – у інтэрв’ю мінскай яўрэйскай газетцы «Мабат» (цяпер ужо і забыліся, што такая выходзіла).

Што кур’ёзна, Лукашэнка ўлетку 1994 г. адмовіўся ад сацыяльнай кампенсацыі «на хлеб і малако» для сваіх дзяцей (абы папоўніць бюджэт) і абяцаў таксама ахвяраваць частку зарплаты – рыхтык Дональд Трамп 🙂 Заява «нашага» настолькі расчуліла літаратара Уладзіміра Максімава, што той напісаў аж у «Правду»: «прэзідэнтам стаў сумленны чалавек… і вось Вам мая рука». Бокам многім з жыхароў Беларусі вылезлі тыя хлеб і малачко… Чаго не разумеў вядомы пісьменнік-антыкамуніст 22 гады таму, сцяміў адстаўны санітар Уладзімір Рабіновіч у лістападзе 2016 г. Амерыканскі пенсіянер, выхадзец з Мінска, разважаў пра Трампа так: «Ён паспеў толькі адмовіцца ад сваёй прэзідэнцкай зарплаты на карысць дзяржавы, 400 тысяч долараў за год. Гэта папулісцкі жэст…»

Будзьма шчырымі, першыя пару год у лібералаў да Лукашэнкі асаблівых прэтэнзій не было. Той іх рэцыклізаваў, як пазней Пуцін скарыстаў Касьянава і Кудрына, а зусім нядаўна – Бялых і Улюкаева. Сцярпелі і «прэзідэнцкую вертыкаль» увосень 1994 г., і «белыя плямы» ў газетах у снежні 1994 г. (праўда, Фядута падаў-такі ў адстаўку, cышоў у студзені 1995 г.), і збіццё дэпутатаў з «нацыянальна-патрыятычнага» лагеру ў сценах Вярхоўнага Савета ў красавіку 1995 г., і рэферэндум з «Дзецьмі хлусні» ў маі 1995-га… Адносіны разладзіліся ў кагосьці (Лябедзька) к восені 1995 г., а ў большасці – толькі ў 1996-м, тады, калі Лукашэнка з таварышамі вырашылі замацаваць самаўладдзе прэзідэнта юрыдычна. Мабыць, камусьці стала няёмка перад сваім сумленнем… або перад Захадам. Найбольш шчырым, відаць, быў Віктар Ганчар, які сышоў з пасады віцэ-прэм’ера, грукнуўшы дзвярыма, яшчэ на пачатку снежня 1994 г.

Тыповы прыклад доўгацярплівага беларускага ліберала – Андрэй Саннікаў. Пра 1994-1996 гг. ён успамінаў у 2010-х так: «Фармаванне лукашэнкаўскай улады завяршылася разгонам апошняга выбранага парламента і поўнай перамогай люмпена над партнаменклатурай. Нейкі час МЗС, у якім я працаваў, заставаўся ў баку ад гэтай барацьбы… Вельмі хацелася грукнуць дзвярыма пасля фальшывага рэферэндуму [май 1995], пасля якога з’явіліся ў Беларусі гэтыя несамавітыя савецкія герб і сцяг. Але ўжо было вельмі многа пачата ў разных сферах і трэба было завяршыць пачатае. Сябры таксама раілі яшчэ пацярпець. Але ў прынцыпе, сваё рашэнне (сысці з пасады намесніка міністра замежных спраў – В. Р.) я прыняў іменна тады, пасля “рэферэндуму” 1995 года». Ды працаваў ён на пасадзе яшчэ ажно паўтара года, да лістапада 1996 г. Цікава, як А. С. разжоўваў замежнікам выказванні свайго «шэфа» пра Гітлера ў лістападзе 1995 г., але хто ж нам праўду скажа?.. Да восені 1996 г. дацягнуў на пасадзе намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама і Аляксандр Мілінкевіч, якому наканавана было стаць «аплотам беларускай дэмакратыі» ў другой палове 2000-х. Быў яшчэ Міхаіл Марыніч (1940-2014), міністр і пасол, – той увогуле трымаўся за партфель да 2001 г.

Ні Мілінкевіч, ні Саннікаў, ні нябожчык Марыніч не мае героі – думаю, чытачы здагадаліся, чаму, а хто не здагадаўся, тым доўга прыйдзецца тлумачыць… І фраза «за што змагаліся, на тым і падарваліся», дарма што не пазбаўлена здаровага глузду, не зусім выражае маё стаўленне да многіх з пералічаных асоб: усё ж лібералам, шукальнікам кампрамісаў я спачуваю, а найперш тым, хто адседзеў. Вінаваты ў іх няўдачах, вядома, не толькі яны самі…

Трэба прызнаць, што таму ж Лябедзьку не бракавала зацятасці: пасля чарады паражэнняў (2004, 2008, 2012…), праз 16 год пасля таго, як ён узначаліў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, удалося прапхнуць у палату прадстаўнікоў адну кандыдатку ад АГП. Пакуль дачка мільянера Канапацкая не робіць відавочных глупстваў. Чытаю ў газеце «Крыніца» за снежань 2016 г.: «Па выніках круглага стала [17.11.2016] было дамоўлена, што… Ганна Канапацкая ініцыюе змяненне заканадаўства дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі і вынесе адпаведныя прапановы на вясновую сесію парламенту». Пажадаем ёй поспеху: паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь – адна з самых пітушчых краін… Агульнае спажыванне алкаголю перавышае ізраільскае ў 5-6 разоў.

Як для каго, а для мяне параўнанне дзвюх краін пры Лукашэнку і Нетаньягу, распачатае ў мінулай серыі, – захапляльны занятак. Паглядзім, як мяняўся валавы ўнутраны прадукт у разліку на сярэдняга жыхара за 2010-2015 гг.

ВУП на жыхара па парытэту пакупніцкай здольнасці, USD Прырост
Гады 2010 2011 2012 2013 2014 2015 2010-2015
Беларусь 15703 16603 16906 17085 17348 16621 +5,85%
Ізраіль 29653 30574 30873 31318 31521 31671 +6,8%

Здавалася б, нічога страшнага: у Ізраілі ВУП вырас, нягледзячы на байкоты і абстрэлы, – і ў нас падрос на 918$ (праўда, у 2016-м, скарэй за ўсё, упадзе да ўзроўню 2010 г.)… Ды зноў жа, якім коштам?

Золатавалютныя рэзервы, у мільярдах USD Прырост
Гады 2010 2011 2012 2013 2014 2015 2010-2015
Беларусь 5,03 7,86 8,09 6,66 5,07 4,17 -17,1%
Ізраіль 70,91 74,87 75,91 81,79 86,1 90,58 +27,7%

Лічбы гавораць самі за сябе: адны праядалі, другія… Магчыма, за назапашанае золата, або за што іншае, нейкія энтузіясты 06.12.2016 паставілі «Бібіку» прыжыццёвы помнік у Тэль-Авіве. Праўда, у той жа аўторак скульптуру прыбралі па распараджэнні мэрыі – і дарэмна, маглі б вынайсці нешта больш крэатыўнае. Напрыклад, прычапіць статуі вусы або перарабіць у Дарта Вейдэра, як тое летась учынілі ў Адэсе з помнікам Леніна 🙂

* * *

10 гадоў як няма з намі Давіда Ёнавіча Бранштэйна, славутага шахматнага гросмайстра і літаратара. У 2004 г. ён пераехаў жыць у Беларусь хворы і расчараваны («дарэмна я займаўся шахматамі, лепей бы сельскай гаспадаркай»); здаецца, і вестка пра дадатковую пенсію ад ФІДЭ яго не пацешыла. Сустрэча з Бранштэйнам у «Вяснянцы» (прасп. Пераможцаў, 83; там жа, дарэчы, праходзілі першыя шахчэмпіянаты Саюза беларускіх пісьменнікаў) пакінула ў мяне гаркавы прысмак; тым не менш я рады, што абмяняўся некалькімі сказамі з вялікім шахматыстам, і нават захавалася калектыўная фотка з ім…

Пасля традыцыйнага навагодняга бліцтурніру ў клубе «Вяснянка» (снежань 2005 г.). Мэтр – крайні злева, у турніры не гуляў, а мне ўдалося выйграць чайнік.

Бранштэйн быў адным з рэдкіх дзеячаў, на смерць якога (05.12.2006) адгукнуліся такія розныя выданні («малашахматныя»), як «Наша Ніва», «Советская Белоруссия» і «New York Times». У «НН» № 46, 2006 успомніў я «Вяснянку»: «Ён моўчкі хадзіў між столікамі, аб нечым разважаў. Сваю кнігу “Міжнародны турнір гросмайстраў” падпісаць адмовіўся: “Ат, сярэдненькая кніга…”».

У лепшыя часы: Д. Бранштэйн (справа) гуляе ў Мінску матч у «рапід» з майстрам А. Любошыцам. Красавік 1987 г. Фота з «Шахмат, шашек в БССР».

Раз пайшлі згадкі пра шахматы і шахматыстаў, то звярну ўвагу на тое, што дзеецца на Карла Маркса, 10. Файная ёсць прымаўка: «Калі сабаку няма чаго рабіць, ён… будку фарбуе». Усе праблемы галіны па стане на 24.11.2016, відаць, самаліквідаваліся, і начальства Беларускай федэрацыі шахмат з палёгкай абрынулася на расійскага майстра Ціхана Кошыля, 1939 г. нар. Ён у 2014-2016 гг. прыязджаў на тутэйшыя турніры і «дастаў» некаторых так, што яны размазалі яго грахі на дзве старонкі.

Пачытайце самі і вырашыце, заслугоўваў Ц. С. Кошыль пажыццёвай дыскваліфікацыі або не. Як на мой одум, рашэнне выканкама БФШ юрыдычна не абгрунтаванае, выканана ў найгоршым стылі постсавецкіх судоў. Ціхана Сцяпанавіча двойчы назвалі «Сяргеевічам», ды тое паўбяды. Галоўнае – «шматлікія парушэнні рэгламентаў спаборніцтваў», «неадэкватныя і агрэсіўныя паводзіны» павінны былі фіксавацца на паперы адразу пасля парушэнняў, у прысутнасці абвінавачанага, а не постфактум, калі ён ужо з’ехаў на радзіму ў Разань. На крайняк можна было і відэа зняць, хаця б на мабільны, а «выключна негатыўнае ўражанне» – не юрыдычны факт. О, гэта ж трэба – асобе, якая падпісвае такія паперкі (Л. Чуро), даверана не толькі грамадскае аб’яднанне, а і аэранавігацыя ў цэлай краіне!..

Уражвае, што старшыня судзейскай камісіі БФШ Васіль Якушаў у лістападзе 2016 г. паскардзіўся сваёй кумпаніі на «неадэкватнасць паводзін» Кошыля… падчас «Grodno Open 2014». Праз 2 з чвэрцю гады! Стары майстар быццам бы «літаральна тэрарызаваў арганізатараў і ўдзельнікаў спаборніцтваў, абражаў і прыніжаў іх». Без заяў ад пацярпелых – не пераконвае… Пагатове сайт БФШ у жніўні 2014 г. з піянерскім задорам распавёў пра міжнародны фестываль у Гродна, ні слова не выціснуўшы пра «нервозную абстаноўку» і тое, што «турнір як свята шахмат» быў фактычна сарваны. «Хто-та ўрот» (С): або В. Якушаў, або А. Арцёмава, «ААА» (аўтарка аптымістычных аглядаў).

Калі да гора-суддзяў дойдуць базавыя паняцці юрыспрудэнцыі, не ведаю. Упэўнены, штучнае раздзіманне канфлікта з пенсіянерам патрэбнае камусьці, каб прыхаваць рэальныя правалы – і на лакальным, і на глабальным узроўнях. У першым выпадку я маю на ўвазе нездаровую сітуацыю ў Бабруйску, якую кіраўнікі федэрацыі/спартовыя ўлады не змаглі/не пажадалі выправіць. У другім – маючы адбыцца ў лютым 2017 г. жаночы чэмпіянат свету ў Іране, дзе ўдзельніцам, насупор міжнародна-прававым нормам, прыйдзецца насіць хіджаб. Як вядома, дэлегат БФШ на асамблеі ФІДЭ ў Баку падтрымаў рашэнне даверыць Ірану арганізацыю чэмпіянату; у лістападзе 2016 г. праблема ў Мінску нат не абмяркоўвалася, хаця ў кастрычніку 2016 г. намеснік старшыні БФШ Уладзімір Гінзбург следам за чэмпіёнкай ЗША Назі Паікідзэ выказаў нязгоду з прымусовай «хіджабізацыяй» шахматыстак. «Наша хата з краю…»

Вольф Рубінчык, г. Мінск

09.12.2016

wrubinchyk[at]gmail.com

Апублiкавана 10.12.2016  15:32