Tag Archives: Юрась Свирка

Вершы Ізі Харыка (ІII) + дадатак

Апошняя за гэтыя пару месяцаў падборка вершаў Ізі Харыка ў перакладах з ідыша. Пераклады ўзятыя з дзвюхмоўнай кнігі «In benkshaft nokh a mentshn / Туга па чалавеку» (Мінск: Шах-плюс, 2008), што была ўкладзена адным з нашых пастаянных аўтараў. Калі нехта пажадае і здолее падрыхтаваць новыя пераклады – з радасцю надрукуем. Пачатак быў тут, а тут – працяг.

Дадатак таксама варта пачытаць…

* * *

У белым цвеце (In vajsn tsvit)

Сосны, церпкі пах чабору

І сунічны белы цвет.

Як сустрэліся з табою,

Клінам мне сышоўся свет.

 

Не працуецца, не спіцца,

Толькі мроіцца адно:

У бары цвітуць суніцы

Некранутай белізной.

 

Ты ідзеш лясною сцежкай.

Промняў сонечных ярчэй

Белы цвет… А ў ім – усмешка

Чорных ласкавых вачэй.

 

Больш няма нідзе на свеце

Гэткай светлай пекнаты:

У сунічным белым цвеце

Сосны, травы, я і ты.

 

Пахне лета белым цветам…

Казкі дзіўнае працяг:

За табой пайшоў я следам,

Як маленькае дзіця.

 

Зачарованы, нясмелы

Так і йду, нібыта ў сне.

І здаецца, белым цветам

Абсыпаеш ты мяне.

1927

(пераклад Хведара Жычкі)

Канверт з выявай Ізі Харыка. «Белпошта», 1998, мастак Мікола Рыжы.

Снежная песня (Shnej-lid)

Лашчыцца снег, выстылы снег.

Іду я – самы шчаслівы на свеце.

Вецер за мной недалёка прабег,

Мусіць, стаміўся задыханы вецер.

 

Чую:

Валтузіцца недзе за мной,

Нібы яго я спіхнуў са сцяжынкі.

Сняжынкі мігцяць над маёй галавой,

Роем бялюткім іскрацца сняжынкі.

 

А вецер пад ногі мне кідае снег –

Ні ветру, ні снегу зусім не баюся.

Так лёгка,

Што я набіраю разбег,

Здаецца,

Вось-вось ад зямлі адарвуся.

1926

(пераклад Юрася Свіркі)

 

* * * («Ikh hob plutsling hajnt dem tojt derfilt…»)

Мне здалося,

Што смерць падышла да мяне,

І, нібы ад змяі,

Я ад смерці адскочыў.

Не магу ў цемнаце я маўчаць

І марнець,

Так, як вёска,

Што снегам засыпана ўночы.

 

Асалоды такой

Не хачу і на дзень,

Каб нічога не бачылі

Быстрыя вочы.

Да вяроўкі тугой

Не цягнуўся нідзе,

Як малы да грудзей

Дацягнуцца так хоча.

 

З той пары,

Як самога сябе я пазнаў,

У грудзях,

Як вясной у плаціне, напята.

Мне здаецца,

Што ў дужыя рукі я ўзяў

Існавання свайго

І канец і пачатак.

 

Можа, нехта ў мяне

Будзе ноччу страляць,

Але хіба са мною

Спаткаецца куля?

Небяспечна са смерцю

У жмуркі гуляць.

Аж няёмка мне стала

За гэткія гулі.

Люты, 1926

(пераклад Юрася Свіркі)

 

Старая ў палярыне (Kniendik)

Насустрач мне яна ідзе здалёк –

Старэнькая ў злінялай палярыне.

Сцішае крок

Каля мяне знарок

І хрысціцца, сышоўшы трошкі ўбок,

І туліцца ў злінялай палярыне.

 

Дадому прыйдзе, шэрая, як моль,

І прыпадзе ціхмяна да іконы,

Ўтаропіць вочы выцвілыя ў столь

І будзе плакаць, пакуль сэрца боль

Не выплача да рэшты ля іконы.

 

Старая ўкленчыць: «О святы айцец!..»

Пакорная і кволая такая…

Ідзе Масквой бунтоўны маладзец,

Санлівай цішы надышоў канец, –

Ён галавой блюзнерскай прадракае.

1924

(пераклад Артура Вольскага)

Асабовы лісток Ізі Харыка, маскоўскага студэнта (1923)

Туга па чалавеку (In benkshaft nokh a mentshn)

Стэп і стэп… Палыновае поле.

Сонца зыркае плавіць дарогі.

Толькі сонцу і ветру прыволле.

І палын і туга – да знямогі.

 

Травы вострыя, ў вострым паветры

Ціха дыхае мята спрадвеку.

Цішыня тут крычыць, і – павер ты! –

Кліча скрозь цішыня чалавека.

 

Цішыня тут вісіць медным звонам –

Гулка рэха адклікнецца дзесьці.

Быццам вол, ты захочаш, стамлёны,

На рагах цішыню гэту несці.

 

Дзікі стэп… Паглядзіш – і здаецца

Вёска даўно забытаю выспай.

Дрофа тлустая ў травах прачнецца –

Цішыня прагучыць, нібы выстрал.

 

Ані дрэўца… Не ўзрадуе вока

Роснасць сытая стомленай нівы…

Стэп – у мроіве шызым навокал –

Чалавека чакае тужліва.

Еўпаторыя, 1926

(пераклад Анатоля Вялюгіна)

 

Цвіце жыта (Es blit shojn der korn)

Іду праз палі, а навокал

Красуюць жытнёвыя нівы,

А цёплы вятрыска здалёку

Пагладжвае іх палахліва.

Па хвалях густых пахаджае,

І пахне зямля ураджаем.

 

Іду я па ўзмежках і чую,

Як поіць зямля буйны колас;

Нібы акіянам вяслую,

І птушкі вітаюць мой голас;

Мяне на палосах жытнёвых

Цалуюць калоссяў галовы.

1927

(пераклад Міколы Хведаровіча)

 

* * * («Majn lid, vos hot tomid gehilkht…»)

Мой верш, што заўсёды звінеў,

Як вецер звініць у трысці,

Задумаўся раптам і сціх

І туліцца да мяне.

 

Каб з гэтай расстацца тугой,

Я пальцы кусаю: крычы!

А голас пачую ўначы,

Ўсё думаю: мой ці не мой?

 

Вось так і на свеце жывеш,

І сталі зайздросціш, і зноў

Ты верыш, што будзе твой верш,

Як рукі у бурлакоў.

1929

(пераклад Рыгора Бярозкіна)

Шыльда на вуліцы Ізі Харыка ў Зембіне Барысаўскага раёна

ДАДАТАК

Ізі Харык. Лейзер Шэйнман – бадхен з Зембіна

Дзед Лейзер нарадзіўся ў Зембіне прыблізна ў 1839 г. Яго бацька быў шаўцом, і сам Лейзер да шлюбу быў шаўцом, а потым стаў шамесам у сінагозе. З першай жонкай ён развёўся, узяў другую. Стаў музыкантам-цымбалістам, а пакрысе авалодаў і майстэрствам бадхена. Яго ведалі і любілі не толькі ў Зембіне, а ва ўсёй акрузе, шмат у якіх мястэчках. Калі людзі даведваліся, што бадхен Лейзер будзе выступаць на якім-небудзь вяселлі, то імкнуліся патрапіць туды і паслухаць яго. Лейзер ездзіў па мястэчках са сваёй капелай. Часцей за ўсё бываў на бедных вяселлях, бо лічыў богаўгоднай справай выдаць замуж бедную нявесту.

Лейзер быў чалавек каржакаваты і плячысты, з заўсёды ўсмешлівым тварам. Вельмі любіў дзяцей. У свята Сімхас-Тойрэ ён браў заплечнік, склікаў бядняцкіх дзяцей, вёў іх у мікву, каб яны хоць трохі адмыліся, потым выстройваў у рад – і яны разам хадзілі па заможных дамах. Гэтая хеўра ўрывалася ў хату, Лейзер змятаў у мех усё, што бачыў на стале, а потым раздаваў пачастункі бедакам. На вяселлях ён, як і ўсе іншыя бадхены, выступаў з рыфмаванымі віншаваннямі, якія часам мелі сатырычны характар. Разам з музыкамі са сваёй капелы (дый з іншымі) Лейзер даваў спектаклі, якія сам і прыдумляў. Сярод іх былі пантаміма «Голем», сцэнка «Поп». У апошняй Лейзер загортваўся ў абрус, як у расу, вешаў на грудзі замест крыжа цымбальны малаточак і ўсаджваўся, а музыкант Ішая Мураванчык пераапранаўся сялянкай. Сцэнка заключалася ў наступным: сялянка прыходзіць да папа на «споведзь» і каецца за свой грэх: яна, маўляў, атруціла мужа і стала жыць з каханкам. Поп адказвае: «Так, тое грэх, але Бог табе даруе – бо цяжка ж было ўстояць перад спакусай». Сялянка дадае, што скрала ў суседкі нейкую ежу. Поп гаворыць: «Бог даруе – напэўна, табе вельмі хацелася есці!» Яна пералічвае іншыя грахі, а поп кожны раз знаходзіць для іх апраўданні. Нарэшце яна прыпамінае такі ўчынак: выпіла ў пятніцу малака (у пятніцы хрысціянам няможна спажываць малочнае і мясное). Вось тут поп абураны да глыбіні душы – такі грэх ён ужо не можа адпусціць.

Лейзер паказваў яшчэ сцэнку «Яўрэй з краіны Ізраіля». Яна завяршалася незвычайным трукам: бадхен станавіўся на хадулі і выглядаў высокім, прывязваў да жывата падушку і рабіўся таўсцейшым, апранаў доўгі балахон, які закрываў хадулі – і ў такім выглядзе прымудраўся танчыць.

Абшчына выбрала бадхена «мяшчанскім старастам», на гэтай пасадзе ён пратрымаўся да самай смерці ў 64 гады (1903 г.). Быўшы бадхенам, ён ніколі не адмаўляўся кульнуць чарку, а ў апошнія гады жыцця праславіўся як горкі п’яніца. Аднак народ у мястэчку яго любіў і не адбіраў пасаду старасты.

Пасля смерці Лейзера некаторыя бадхены выступалі з яго вершыкамі і спрабавалі паказваць «Голема», але публіка штораз з жалем казала: «Ат, куды ім да Лейзера…»

(пераклад Вольфа Рубінчыка паводле альманаха «Цайтшрыфт», Менск, 1926)

* * *

Ты мне Изи Харика читала –

Сколько раз читал его потом!

Словно ты со мной его листала –

Вот стоит на полке этот том.

 

И любая нежная страница

Голосом твоим оживлена,

Для меня навеки в ней хранится

Маминого голоса страна.

 

Говорят, влюбленный не однажды

Автор это всё читал тебе,

И осталось в них томленье жажды

И его раздумья о судьбе.

 

Чуть начну читать – всегда бывает,

Слышу голос твой – его строку

Прошлое волшебно оживает,

Будущее сбито на скаку.

 

Эту книжку в тяжкую минуту

От костра пятидесятых спас,

Спрятал я под шарф ее, закутал,

И тепло хранит она сейчас.

 

В жизни ничего не пропадает –

Даже голос и тепло сердец,

Слышу, как больная и седая

Харика читаешь под конец.

(стихотворение Михаила Садовского; публиковалось, к примеру, здесь)

* * *

P.S. У бліжэйшы чацвер, 28 верасня, у Мінску мае адбыцца адкрытая лекцыя Вольфа Рубінчыка пра жыццё і творчасць Ізі Харыка – у межах праекта «(Не)расстраляная паэзія», пры ўдзеле спявачкі і акцёркі Светы Бень. Уваход вольны. Падрабязнасці на агульнадаступнай старонцы ў фэйсбуку.

Апублiкавана 25.09.2017  17:02